Папярэдняя старонка: Валянцін Акудовіч

Разбурыць Парыж 


Аўтар: Акудовіч Валянцін,
Дадана: 26-11-2005,
Крыніца: BelIntellectuals.eu.



два няспраўджаныя эсэ


1. Беларусь як постмадэрновы праект Бога

Пара нашага цярпення ў самым росквiце. I не трэба нiчога прыспешваць. Трэба ўсё яшчэ паранейшаму чакаць, не спакушацца чужым авантурным духам, а выхоўваць свой i не зневажаць сябе, атаясамляючы мудрае цярпенне з авечай пакораю... I калi мы сапраўды адстаём ад сваiх суседзяў на сто, дзвесце цi нават на больш гадоў, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гiсторыяй шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены !) вельмi блiзкае да той вiдавочнай рознiцы, якая некалi iснавала памiж пакутнай хадою босых галiлейскiх рыбакоў i зладжаным крокам абутых рымскiх легiянераў.

Леанiд Дранько-Майсюк, "Стомленасць Парыжам"

Ад самага пачатку Бог заклаў у логацэнтрычную канцэпцыю быцця адзiн постмадэрновы праект - Апакалiпсiс. Пазней Ён дадаў сюды яшчэ адзiн - Беларусь. Вось чаму ўсе цэнтрапалеглыя (не дыскурсiўныя) кампазiцыi, улучна з "Адраджэннем", аблудныя на Беларусi, вось чаму тут апынулася да месца iдэя Беларусi як "лiючайся" формы/субстанцыi (прапанова Iгната Абдзiраловiча), вось чаму метафара "балота" апошнiм часам набрыняла ў нас канцэптуальным кшталтам i ўжо нават пачала набываць вартасцi эстэтычнага iдэалу.

Балота - ландшафтны сiнонiм дыскурса. Яно мае сярэдзiну, але не мае цэнтра i канцуецца не межамi, а сутнаснымi разрывамi з зямлёй цi сушай. I хаця балота можа улучаць у сябе выспы, хмызы i азёрцы, аднак яны iснуюць тут не самi па сабе (i не дзеля самiх сябе), а толькi ў якасцi фармалiзацыi i структурызацыi балота як феномена цэлага. Гэтаксама i дыскурс ўтрымлiвае нешта, што ўмоўна можна пазначыць словам "структура", толькi ягоная структура змацаваная не на статыцы iерархii, а на iнэрцыi вiртуальных актуалiяў, латэнтна сашчэпленых мiж сабой чаканнем апрычонага моманту дынамiкi...

Бадай адзiнае разрозненне дыскурса i балота палягае на тым, што дыскурс не мае гiсторыi, бо заўсёды адбываецца аднойчы, а балота гэтую гiсторыю мае. Зрэшты, цi не блытаю я штосьцi з нечым, нагружаючы балота ўласнай гiсторыяй?.. Цi не ёсць гiсторыя балота адно суплётам сюжэтаў, якiя здаралiся з людзьмi, што жывуць на балоце?..

Прыкладна гэтак я распачынаў эсэ пад назовам "Беларусь як постмадэрновы праект Бога", якое быў наладзiўся пiсаць досыць даўно, калi ў нас на само слова "постмадэрн" многiя яшчэ здзiўлена азiралiся, як на мурына ў вёсцы. Цяпер ужо нават i не памятаю, чаму тады не разгарнуў той пачатак у заканцаваны тэкст (сэнс не зробленага - заставацца не зробленым?), але на саму задуму i па сёння не забыўся, бо дасюль застаюся ўпэўненым, што прачытаць Беларусь адэкватна сiтуацыi яе натуральнага ладу i наканавання магчыма адно ў катэгорыях постмадэрна i з узгляду на постмадэрновы светагляд. Дарэчы, гэтае перакананне сфармавалася не столькi з уласнай заангажаванасцi постмадэрнам, колькi з аналiзу шматлiкiх спробаў нашых iнтэлектулаў, якiя ў сваiх рэфлексiях над Беларуссю абапiралiся на самыя розныя цэнтрапалеглыя фiласафемы, але ў вынiку атрымлiвалi аднолькава заблытаныя сюжэты... Гэта ўсё роўна тычылася як беларускага унiверсуму ўвогуле, так i асобных яго аспектаў: метафiзiчнага, гiсторыяграфiчнага, геапалiтычнага, этналагiчнага, культуралагiчнага, лiнгвiстычнага... Нiдзе нiшто адно з адным не сашчэплiвалася, не задзiночвалася ў нейкую агульнасць, не вымяралася той самай мерай - карацей кажучы, быццё гэтага логатопу, як нi круцi, не сiстэматызавалася хоць у якiх унiверсалiсцкiх кардынатах. Куды аналiтычныя глузды не навярнi - усюды кавалкi, шматкi, аскепкi, друз, пыл...

Дзiўная сiтуацыя! Адныя i тыя ж людзi жылi на гэтых землях спрадвеку i нiколi нiкуды адсюль не сыходзiлi, i ўсе рэкi, якiя цяклi тут за памяццю хоць каго, цякуць i сёння, i азёры ад пары апошняга ледавiка застаюцца на сваiх месцах, i календарны год не мяняецца з сiвой даўнiны, а значыць арыенцiры, што маркiруюць прастору часу i побытавага ладу (сонца, зоры, месяц) заўсёды трымалiся на гэтых нябёсах аднойчы абраных каардынатаў... Дык чаму, з чаго тады замест трывалай i выразнай фiгуры быцця - кавалкi, аскепкi, шматкi, друз?..

Ды ўжо ж пэўна таму i з таго, што быццё дзеiцца не на зямлi пад сонцам i зорамi, а ў нашых галовах, дзе няма месца нi святлу, нi цемры, нi прасторы, нi часу, - i дзеiцца па сваiх адмысловых законах, якiя абапiраюцца на iдэальныя сутнасцi, а не на рэальныя феномены.

Верагодна, гэтая рассунутасць (хутчэй нават - разарванасць) бытнага i быцця не сталася б для чалавека ўвогуле ( i беларуса ў прыватнасцi) фатальнай дылемай, калi б ён у свой час зразумеў яе як несуладную падвоенасць самога сябе, наканаваную яму ўласнай iнтэлiгiбельнай канстытуцыяй, i адсюль не намагаўся (з манiякальнай упартасцю) пераносiць абстрактныя канструкцыi, утвораныя там, дзе няма нi святла, нi цемры, сюды, дзе ёсць гасцiнец i небакрай, дзе падае снег i гудуць пчолы, дзе жанчына гадуе дзiця, а мужчына будуе жытло i цярэбiць шлях.

Аднак чалавек гэтага ў свой час чамусьцi не зразумеў i таму не проста пераносiў на разлогi бытнага абстрактныя схемы, утвораныя ў iнфернальным кантыныўме, скажам, з прыкладной мэтай iнтэлектуальнай аблямоўкi фактурных падзеяў рэальнасцi, а накладваў iх на жывое жыццё, як лекала, па форме якога з вiрлiвай плоцi бытнага выцiнаў кавалкi, стасоўныя да iдэяў, намысленых у а-рэальнасцi i гэтую бясконцую крывавую вiвiсекцыю лiчыў той галоўнай справай, дзеля якой ён як бы i быў паклiканы аб'явiцца на белы свет.

Вядома, нiякiмi iнтэлектуальнымi абстракцыямi не перайначыць бытнае, якое без астачы трымаецца адной меры - быць у наяўнасцi, тоеснай толькi самой сабе, але, вынікае, магчыма праз шматлiкiя механiзмы адцягненых унiверсалiяў фармаваць i трансфармаваць нашыя ўяўленнi пра гэтае бытнае.

Мiж iншым, менавiта праз сваю здольнасць падпадаць пад уплыў абстракцыяў, вымкнутых з iнфернальнага кантыныўма быцця, чалавек спакваля развучыўся бачыць бытнае ў яго канкрэтна-рэальнай самоце, урэшце, як i ўвогуле бачыць вокам. Ён ужо даўно толькi глядзiць вокам, а бачыць розумам...

Чалавек глядзiць на малпу - а бачыць эвалюцыю, глядзiць на крыж - а бачыць Хрыста, глядзiць на серп i молат - а бачыць пралетарскую рэвалюцыю, глядзiць на Пазняка - а бачыць апостала нацыi ( цi фашыстоўскага калабаранта)...

Мы мерым тапаграфiю рэальнасцi не яе ўласнай мерай, а маштабамi, напрацаванымi ў "прасторы" а-рэальнасцi. I калi ў рэальным бытным мы не знаходзiм адпаведнасцяў, зададзеных маштабам iдэальнага быцця, то альбо кiдаемся падганяць бытнае пад гэтыя маштабы, альбо гiбеем у роспачы.

У той цi iншай ступенi праблема несупадзення iдэальных фiгураў быцця ландшафту рэальнага бытнага знаёмая кожнаму грамадству. Але калi для бальшынi еўрапейскiх краiнаў драма неадпаведнасцi iдэальнага рэальнаму была аптымiзаваная тым фактам, што самi гэтыя краiны пераважна паўставалi як вынiк сацыяльнай фармалiзацыi iдэальных унiверсалiяў, то для Беларусi, iдэалагемна не ахопленай хоць якой цэнтрапалеглай канструкцыяй (з прычыны самых розных гiстарычных абставiнаў, што ў сваю пару зашкодзiлi ёй аформiцца ў нешта самадастаткова цэлае i тым самым набыць статус суб'екта еўрапейскай цывiлiзацыi) - гэтая драма выявiлася гранiчна востра; i разам з тым з падставы, прынамсi на здаровы клёк, увогуле парадаксальнай.

Як толькi што зазначалася, чалавек у нашай прасторы быў пазбаўлены заканцэнтраванай улады iдэальнага i з гэтага, атрымлiваецца, меў магчымасць ацэньваць свет i ладзiць жыццё ў маштабах, тоесных самой рэальнасцi. Але наш чалавек замест таго, каб цешыцца незалежнасцю ад эйдэтычнага гвалту, успрыняў выпадзенне Беларусi з Вялiкага еўрапейскага наратыву як адзнаку непаўнавартасцi, аўтсайдэрства, iнтэлектуальнай i сацыяльнай занядбанасцi.

Каб хоць трохi паправiць сваё нягеглае становiшча, ён нi да чаго лепшага не змог даўмецца, як толькi ў кожны спрыяльны момант (калi такi надарваўся) лiхаманкава перацягваць на абшары свайго рэальнага бытнага розныя iдэальныя канструкцыi, якiмi нявечылi уласную сапраўднасць больш прасунутыя ў а-рэальнасць еўрапейскiя супольнасцi.

Праўда, увесь папярэднi час геапалiтычныя перарухi на еўрапейскiм кантыненце адбывалiся гэткiм чынам, што не паспявалi мы прыбраць рыштаваннi ад вежы iдэальнага з святочным вяночкам на вiльчыку i ўзяць з гэтай нагоды па добрай чарцы, як чарговы землятрус абрушваў нашу канструкцыю i мы зноў апыналiся на руiнах некалi запазычаных абстракцыяў, паныла адзначаючы, што парэшткi высокiх iдэяў у каторы раз пакрысе зарастаюць дробным чарналессем бытнага...

Прыйсце постмадэрна на Беларусь супала з чарговым штукаваннем над абстрактнай канструкцыяй - цяпер ужо паводле фармату Нацыянальнай Iдэi. У сiтуацыi агульнага энтузiазму, скiраванага на сцягванне да купы выцерабленых з чарналесся аскепкаў былых iдэальнасцяў, постмадэрн быў i не да часу i не да месца. У тую пару, калi ўсе задзiралi галовы, з радасцю ў вачах вiтаючы кожную падвышку гары падпарахнелага ламачча, пiянеры беларускага постмадэрна блыталiся пад нагамi апантаных дойлiдаў Адраджэння i няўцямна мармыталi, што дарэмна задзiраць галовы, бо нiякiх гораў няма (i няма нiякiх глыбiняў), а ёсць толькi роўнядзь дыскурса, з чаго бессэнсоўна аднаўляць былыя ўзвышшы ды ладзiць новыя - хутчэй наадварот, трэба расцягваць па цаглiнках ацалелыя муры тых унiверсалiсцкiх вежаў, што яшчэ дзе-нiдзе засталiся, бо калi iх не дэканструяваць да рэшты, то за iмi мы нiколi не ўбачым сэнсу i прыгажосцi сапраўднага бытнага.

Натуральна, пiянераў беларускага постмадэрна нiхто не слухаўся, а дойлiды Адраджэння iх нават лаялi за тое, што яны блытаюцца пад нагамi i кухталямi гналi прэч, каб не замiналi святой справе. Гiцлi ўжо здалёк голасна блюзнерылi, што Беларусь ад пачатку задуманая Богам як постмадэрновы праект i таму ў адраджэнцаў i розных iншых логацэнтрыстаў тут нiколi нiчога вартага не атрымаецца, колькi б яны не завiхалiся ля сваiх прывiдаў. А калi нястомныя працаўнiкi на нiве Адраджэння разыходзiлiся па хатах, каб хоць трохi адпачыць, нахабныя дэканструктары выкрадалi з купы наноў сабранага ламачча парэшткi iдэальных каштоўнасцяў i раскiдвалi iх абы куды наўсцяж постмадэрновага дыскурсу.

Магчыма гэткiм злодзейскiм чынам гiцлi пакрысе параскiдалi б усё, што дрэнна ляжала, але тут надарыўся чарговы землятрус, бел-чырвона-белыя вяночкi паападалi з высокiх крокваў на дзiрван топаса i постмадэрнiсты патрапiлi ў досыць няёмкае становiшча, бо ўсё тое высокае, што яны мерылiся абрушыць на роўнядзь дыскурса, асыпалася не з iхняга мазаля.

Постмадэрнiсты апынулiся ў няёмкiм становiшчы, а ўсе шчырыя беларусы ў глыбокай роспачы, паколькi iм зноў не дазволiлi ўпляжыць сваю прастору пад унiверсалiсцкую пiрамiду. Малаверагодна, што блiжэйшымi часамi хоць у каго атрымаецца пераканаць нас, што для вялiкай роспачы няма асаблiвых падставаў, бо гэты землятрус адбыўся адно ў нашых галовах, а насамрэч ад яго не зварухнулася нiводнае калiўца бытнага... Марныя будуць словы, а бадай што i абразлiвыя як для пакрыўджаных чарговай паразай беларусаў... Тым болей, крый Божа каму звягнуць, што так яно можа нават i да лепшага ў пару камунiкатыўна адкрытых прастораў, якiм усе гэтыя унiверсалiсцкiя ўзвышшы адно замiнаюць вольна расхiнацца ў чатыры бакi ( ужо не кажучы пра наследаванне усёй папярэдняй гiсторыi Беларусi, утворанай самiм панам Богам як дыскурс, вольны ад эйдэтычнага прымусу)... Пра нешта такое лепей маўчаць, бо мала не падасца. I тут ужо нiчога не паробiш: прасцей ушчэнт разбурыць Вялiкi кiтайскi мур, чым выламаць хоць адну штыкецiну з таго ментальнага плоту, якiм мы адгарадзiлiся ад сапраўднай явы бытнага...

Пэўна, як немагчыма пабудаваць камунiзм без Сусветнай Рэвалюцыi, дык гэтаксама нельга ўсталяваць постмадэрновы светагляд у адной асобна ўзятай краiне. Хаця нам тут на Беларусi, як мала дзе каму, належала б вiтаць прыйсце постмадэрна, паколькi праз яго мы, здаецца, нарэшце можам праяснiцца для сябе ды iншых у панятках, не заслоненых запазычанымi iдэалагемнымi каштоўнасцямi i з гэтага тоесных натуральнай рэальнасцi бытнага, якое не ведае нi вялiкiх нi малых народаў, нi гiсторыi, нi iдэалогii, нi свабоды, нi незалежнасцi, - бо ў натуральным бытным пануюць адно актуальнасцi, кожная з якiх iснуе толькi як момант адбывання самой сябе.

Зрэшты, нiколi нiчым iншым бытнае i не было, як толькi вось гэтым адбываннем актуальнасцяў у спосабе татальнага калейдаскопа фiзiчных i соцыакультурных феноменаў. Але адно цяпер плён колькi тысячагадовай iерархiчнай структуралiзацыi гэтых актуальнасцяў ды унiверсалiзацыя iх у якасцi канцэптуальных iдэяў пачынае ўсведамляцца намi як глабальны Сiмулякр, што гiганцкім бяльмом засланiў нашыя вочы ад белага свету.

Уласна, постмадэрн i быў паклiканы, каб вызвалiць нашыя зрэнкi ад гэтага бяльма i наноў прызвычаiць вачыма не толькi глядзець, але i бачыць: у малпе бачыць жывую iстоту, у крыжы - ссечанае дрэва, у сярпе - вострае лязо, у Пазняку - моцна пакрыўджанага цэнтрапалеглым лёсам i з гэтага злоснага на ўвесь свет беларуса...

Толькi ў казках i святарных кнiгах цуды вiдушчы адбываюцца ў адначассе i не патрабуюць высiлкаў самiх знядужэлых, а жывое жыццё лякуе марудна i пераважна праз нашыя ўласныя вымогi. Таму ў нас нiчога не атрымаецца, калi мы самi не будзем упарта сячы i карчаваць пабiты шашалем часу i даўно пасохлы лес логацэнтрычных сiмулякраў, каб вялiчыць i вялiчыць ляда адкрытых святлу i вачам дыскурсаў бытнага. Але найперш i перадусiм нам трэба з каранём выкарчаваць iдэю Беларусi, бо, не прарабiўшы гэтай справы, мы нiколi не зразумеем усю каштоўнасць дыскурса як менавiта боскага дарунка беларусам.

Беларусь як дыскурс Беларусi i Беларусь як iдэя Беларусi - гэта дзьве канцэптуальна варожыя рознiцы, два рашуча не-сумесныя бачаннi як рэальнага, гэтак i а-рэальнага светаў.

Iдэя Беларусi - гэта звычайны платонаўскi сiмулякр, якiм не пазначаецца нiшто рэальна яўнае i якi мае сэнс адно ў а-рэальнасцi, да таго ж толькi ў яе логацэнтрычным закутку...

Дыскурс Беларусi - гэта пэўны вымер вечна рухомага бытнага, якi ахоплiвае ўсе соцыакультурныя феномены, што могуць быць паасобку цi ў вязьме актуалiзаваныя (вымкнутыя з сваёй латэнтнай утоенасцi) хоць якой апрычонай сiтуацыяй.

У адрозненне ад iдэi Беларусi, што выяўляецца праз нейкую суму адсарбаваных, сiстэматызаваных i статычна зафiксаваных знакаў, дыскурс Беларусi наперад нiчым не зададзены (акрамя як самiм фактам наяўнасцi дыскурса), гэта чыстая магчымасць белага аркуша паперы, якi спелiцца пазнакамi актуальных феноменаў адно ў кожны асобны момант запатрабаванасцi гэтага дыскурса i ў маштабах, тоесных гэтай запатрабаванасцi.

Беларусь як дыскурс, варагуючы з уласна iдэяй Беларусi, разам з тым не адмаўляе ўсяго таго, што мы ўцялеснiваем у гэтую iдэю, чым яе падмацоўваем i забяспечваем - ён адмаўляе толькi сам панятак iдэi i метадалогiю яе функцыянавання.

Дыскурсiўнае мысленне, гэтаксама як i логацэнтрычнае, фiксуе i тыя падзеi (акрамя ўсiх iншых), якiя карэктна ахапiць iдэяй Беларусi, але яно менавiта толькi фiксуе iх як прысутныя ў адпаведным часе i месцы, нават у помысле не маючы анiякага намеру натыркваць ужо збытае i толькi што яўленае ў нейкай лiнейнай паслядоўнасцi на ражон той цi iншай абстрактнай прыдумкi (i найперш - iдэi Беларусi).

Постмадэрновы светагляд вызваляе нас ад блуднай патрэбы штучна-прымусовага задзiночання несумерных ды несуладных феноменаў з розных часоў i розных прастораў у адной задушлiвай цэлi. Вiдаць мы сапраўды вачамi адно глядзiм, а бачым, як пэўна сказаў бы Юрась Барысевiч, патылiцай, калi нам падаецца цалкам абгрунтаваным сашчэплiваць iдэяй Беларусi ў нейкую вектарна паслядоўную i трывалую еднасць Усяслава Чарадзея i Цiшку Гартнага, Кiрылу Тураўскага i Стэфана Баторыя, Сымона Буднага i Пятра Машэрава, Полацкае княства, Рэч Паспалiтую i БССР, крэваў, лiцвiнаў, русiнаў, яцьвягаў, вялiкалiтоўцаў, тутэйшых, крэсавякаў, беларусаў, мы-рускiх...

Колькi не адно iдэалагiчна, а i iдэалагемна амаль нiякiм чынам не стасоўных сусветаў спрадвеку табарылася ў нашай прасторы i з якiм дзiвам, абурэннем цi рогатам успрыняла б бальшыня герояў тых размаiтых i ўжо даўно прамiнулых сусветаў звестку з будучынi, што яны, атрымлiваецца, працавалi, змагалiся, пакутавалi i ахвяравалi сваiмi жыццямi на карысць iдэi Беларусi i таму цяпер фiгуруюць адныя ў пантэоне, а другiя ў iканастасе змагарных ваяроў i святых пакутнiкаў гэтай iдэi.

Шаноўныя спадары логацэнтрысты, пабойцеся свайго Бога! Усе тыя людзi жылi ( нi сном нi духам ведаць не ведаючы пра нейкую там Беларусь), а падзеi здаралiся дзеля зусiм адрозных i ў кожным разе апрычоных задачаў i мэтаў, мiж iншым, арганiзаваных ды iдэалагiчна забяспечаных таксама нейкiмi логацэнтрычнымi стратэгiямi, што робiць ужо зусiм непрыстойным бясконцае перацягванне нябожчыкаў за вушы з адных iдэалагемаў ў другiя... I на якую такую халеру нам гэтыя не вельмi далiкатныя i не надта плённыя некрафiльскiя мiтрэнгi?! Вунь ужо колькi ўсяго панацягвалi, а сэнсу? Няўжо не бачна, што унiверсалiсцкi ўцэнтраваная iдэя Беларусi так i не змагла (i не магла i не зможа - тым болей у кантэксце сучасных светаглядных тэндэнцыяў) ахапiць, злагодзiць i жыццедайна дапасаваць да свайго эйдычнага фантома ўсе тыя шматлiкiя дыскурсы рэальнага бытнага, што разгортвалiся ў гэтым логатопе цягам тысячагоддзяў.

Зрэшты, апошняе запытанне было звычайнай рыторыкай. Крызiс iдэi Беларусi навiдавоку, як навiдавоку i спробы пераадолець яго праз замену адной збанкрутаванай логацэнтрычнай ўявы на такую самую, але iншую. Сярод "iншых" сёньня найперш мiжсобку канкуруюць за лiдэрства канцэпты крываў i лiтвiнаў. Малаверагодна, што адзiн з гэтых двух канцэптаў цi нейкi яшчэ трэцi хоць у якой аддаленай перспектыве пераможа хай сабе ўжо i збанкрутаваную iдэю Беларусi ды зойме цэнтрапалеглае месца ў iдэалагемнай кампазiцыi нашага бытнавання. Аднак калi падобнае i здарыцца, то з гэтага вялiкага гармiдару мы будзем мець раўнютка тое самае, што маем i цяпер. Усяго толькi i з'явяцца навiны, што ў той пераможнай кампазiцыi на месцы ўжо звыклых лакальных фiгураў будуць упiсаныя раней занатаваныя адно на маргiналiях альбо тады ўвогуле адсутныя. Бо паводле сваёй логацэнтрычнай сутвы iдэя Крываў (як i Лiтвiнаў) нiчым не рознiцца ад iдэi Беларусi i гэтаксама як апошняя ахоплiвае толькi адно з вымярэнняў дыскурса Беларусi, адсякаючы i марнуючы ўсе шматлiкiя iншыя.

Урэшце трэба прызнаць, што ў сваёй абсалютнай бальшынi ўсе логацэнтрычныя iдэi - неверагодна марнатраўчыя, i я не выключаю, што iхнi сыход з "гiстарычнай арэны" абумоўлены найперш малой эфектыўнасцю i вельмi нiзкiм каэфiцыентам карыснага дзеяння, асаблiва як да найноўшай сiтуацыi, калi тэхналогii адбывання быцця прынамсi iмкнуцца разгортвацца ў накiрунку, так бы мовiць, "безаткiднай вытворчасцi".

I што з усяго гэтага вынiкае? Ды тое, што як па-добраму, то ўжо пара было б нам неяк пакрысе пераставаць займацца марнатраўствам уласных энэргii i часу. Сэнс не зробленага (паўтаруся) - заставацца не зробленым. I паколькi ў свой час нам не было наканавана выштукаваць для сябе ўсялякiя цэнтрапалеглыя канструкцыi i абстракцыi, у тым лiку i такiя, як, скажам, нацыянальная iдэя i нацыянальная дзяржава, то i не трэба сёння жыць прамiнулым днём, згодна прымаўкi: лепей позна, чым нiколi... Нi халеры не лепей позна, хаця часам i вельмi карцiць, каб у нас ўсё хоць калi было, як у суседзяў было некалi. Тае бяды. Не станем лiшне нурыцца з таго, што ў гiсторыi нашага логатопа адсутнiчае колькi там эпохаў сацыяльнай фармалiзацыi iдэальных унiверсалiяў. Бо, здаецца, праблема палягае зусiм ў iншым, а менавiта ў тым, што i цяпер мы ўсё яшчэ глядзiм на свет праз бельмы унiверсалiсцкiх сiмулякраў i таму не бачым Беларусь як дыскурс шматлiкiх i разнастайных сусветаў, якiя без калецтва кожнага з iх не могуць быць паяднаныя ў нейкую агульнасць нiчым яшчэ, акрамя як дыскурсам Беларусi, мiж iншым, дараваным нам самiм панам Богам.


2. Як запыніць сонца над Беларусьсю


Парыж хутка будзе разбураны
Леанiд Дранько-Майсюк, "Стомленасць Парыжам"

Чаму заможнасць грамадства мерыцца колькасцю кампутараў на душу насельнiкаў, а не колькасцю вячыстых дрэваў, рэсурсамi iнтэлектуальнай iнфармацыi, а не рэсурсамi пiтной вады? Хаця кожнаму зразумела, што для падставовага iснавання чалавека вада i дрэвы - рэчы куды больш iстотныя за iнфармацыю i кампутары...

Чаму спеласць iнтэлекта апазнаецца праз веданне Рыльке i Вiтгенштайна, а не праз веданне спрадвечных песень i показак свайго народу? Хаця не цяжка здагадацца, што спеўны досвед вясковай бабулькi не менш каштоўны для прасветы сутвы быцця, чым кафедральны досвед прафесара...

Чаму велiч нацыi вызначаецца памерамi народаў, апалоненых яе войскамi i яе культурай, а не здольнасцю праз стагоддзi трымаць чужынны палон, упарта чакаючы пары свайго выбаўлення? Хаця ўжо дзьве тысячы гадоў мы жывем у цывiлiзацыi Хрыста, якi агалосiў цярпенне i пакору сярод вышэйшых каштоўнасцяў чалавека...

Падобных "чаму", як грушаў з дзiчкi, можна натрэсцi безлiч, але нават згаданыя тут у апазiцыi "вада", "дрэвы", "рэальная культура", "цярпенне" i "пакора", калi з iх выбудаваць адпаведную сiстэму каштоўнасцяў, явяць свету (i нам самiм) Беларусь, як адну з самых заможных краiнаў Еўропы, а беларусаў - як вялiкую еўрапейскую нацыю...

Дык у чым праблема?

Ды ў тым, што нават калi мы праробiм гэтую працу i змайструем тоесную сваiм багаццям сiстэму ацэнак, то анi свет, анi мы самi - нiхто не заўважыць нi нашай велiчы, нi нашай раскошы...

Нiхто (i мы самi) не ўбачыць нас, бо тая карэкцыя зроку, што стагоддзямi фармавала каштоўнасную перспектыву бачання еўрапейскага чалавека, якраз i адбывалася праз высячэнне на паперу лясоў, атручванне мануфактурамi рэкаў, штукаванне спекулятыўных абстракцыяў, зваяванне плямёнаў i народаў... Праз усё тое, чаго ў нас амаль не было i што ў нас лiчы не рабiлася.

Таму натуральна, што сонца гэтак скарэктаваных каштоўнасцяў запынiлася не над намi, а над Парыжам, а мы апынулiся ў яго глыбокiм ценю, дзе марудна сноўдаемся з вечна задранымi да асвечанай гары бародамi, спатыкаемся на кожным кроку i паныла нэндзiм: калi гэта "загляне сонца ў наша вакенца"?

- Дык няўжо нам да скону зябнуць у гэтым золкiм сутоннi, няўжо адсюль няма нiякага выйсця на ясны белы свет? - неяк ращуча запытаўся я сам у сябе.

I сам сабе рашуча адказаў:

- Няма!

- Але ж нешта трэба рабiць.

- Трэба,- пагадзiўся я сам з сабою.

- А што трэба?..

I тут раптам вымавiлася, як выдыхнулася:

- Разбурыць Парыж.

...Тады я адразу i вырашыў, што мушу спехам напiсаць эсэ з назвай Разбурыць Парыж, каб было дзе разгарнуць сваю эўрыстыку ў шыхты лагiчна сашчэпленых сiлагiзмаў i тым самым давесцi ўсiм занураным у паныласць беларусам, што ў нас няма альтэрнатывы: альбо мы разбурым Парыж, альбо Парыж, урэшце рэшт, сваiм цяжкiм ценем спляжыць нас - дашчэнту.

Дарэчы, я люблю Парыж, але... Але Беларусь я люблю болей. I таму калi пытанне паўстала рубам: каму знiкнуць, а каму быць заставацца, то я, натуральна, выбраў Беларусь.

Мэта была вызначаная, са сродкамi таксама асаблiвых праблемаў не прадбачылася: мы маем адно з самых моцных войскаў у Еўропе, а калi ўлiчыць, што наш вялiкi саюзнiк заўсёды гатовы ваяваць дзе заўгодна i з кiм заўгодна (да таго ж ён кагадзе набыў у Чачне мадэрновы досвед бурэння гарадоў), то, ясная рэч, Парыжу ўжо нядоўга заставалася зiхацець у промнях нахабна запыненага iм сонца.

Я нават ведаў, што мы зробiм перадусiм, як толькi руiны Парыжа хоць трохi астынуць... Найперш мы сфармуем калону трактароў "Беларусь" з прычэпамi, насыпем у прычэпы бульбы i выправiм калону да Парыжа, каб засадзiць Элiзейскiя палi беларускай бульбай. Было ў мяне i шмат iншых цiкавых подумак, якiя я збiраўся выкласцi ў тым эсэ, што мусiла папярэднiчаць рэальным дзеям. Але не выклаў, i эсэ не паспеў напiсаць, бо якраз пад той момант даведаўся ад свайго знаёмца, алжырскага габрая з прозвiшчам Дэрыда, што Парыж, вохцi мне, ўжо даўно разбураны i цяпер усе французскiя постмадэрнiсты займаюцца дэканструкцыяй ягоных руiнаў.

Вядома, габраi разумныя i дасведчаныя людзi, але вядома i тое, што цалкам даваць iм веры нiколi нельга. Таму я далiкатна справiўся яшчэ ў iншых вядомых мне французаў (Льётара, Барта, Дэлёза...) наконт лёсу Парыжу i ўсе яны запэўнiлi, што хоць Дэрыда i габрай, аднак гэтым разам ён сказаў самую што нi ёсць чысцюткую праўду i таму нам няма нiякай патрэбы скiдваць на Парыж расейскiя бомбы i садзiць на Элiзейскiх палях беларускую бульбу.

Неўзабаве я трымаў у руках кнiгу Льётара "Перапiсаць сучаснасць", у якой ён якраз i распавядаў пра гiсторыю бурэння Парыжу i пра таго, хто гэткае змог прарабiць без грукату i пылу, а менавiта - пра Постмадэрн.

Сёння пра збаўцу беларусаў ад прыгнёту Вялiкага еўрапейскага наратыву (сталiцай якога i быў Парыж) усе хоць нешта ды чулi. Але раўнуючы з тым, што зрабiў Постмадэрн дзеля нашай шматпакутнай бацькаўшчыны, якая да гэтага гiбела, упляжаная ў глебу цяжкiм ценем Парыжа (а цяпер пакрысе выпростваецца пад лагодным сонейкам, што вiсiць проста над намi), мы ведаем да прыкрага мала i да таго ж нашае веданьне цьмянае, як замурзанае дымам шкло, праз якое дзецi спрабуюць глядзець на сонца. Таму я, вызвалены ад абавязку агiтаваць беларусаў за iнтэрвенцыю Еўропы, вырашыў скарыстаць лiшак часу на ўслаўленне героя, дзякуючы якому мабыць упершыню ў гiсторыi людства быў дасягнуты парытэт памiж авечкамi i ваўкамi: першыя засталiся цэлымi, а другiя прынамсi не надта галоднымi...

Маё крэмзанне паперы не падаецца мне марным яшчэ i таму, што нават тутэйшыя (i адданыя!) заўзятары Постмадэрна досыць часта блытаюць яго з кiмсьцi iншым цi надаюць яму якасцi, якiх ён не мае. А гэта нам, постмадэрнiстым, не да гонару. Дык не лянуйся, сказаў я сам сабе, i кiнь колькi жменяў святла на ўсё яшчэ скутыя каланiяльнай цемрай розумы...

Вось хаця б, на пачатак, наступны прыклад: постмадэрн у нас чамусьцi ўпарта залiчваюць да авангарду. Але гэта непамыснасць... Авангард усiм цяжарам свайго вектару кiнуты наперад: авангард - авантурны ар'ергард iдэалагемы прагрэсу (як у мастацтве, так i ў светабачаннi наогул), а постмадэрн (калi карыстацца катэгорыямi не ягонага вымеру - а ў абычаёвых гаворках адно такiмi мы i карыстаемся) спрэс "рэгрэсiўны". Уласна, постмадэрн рэгрэсiўны a priori, ён i паўстаў з усведамлення, што прагрэсiўныя тэндэнцыi, вектарна скiраваныя "уперад", на разгортванне новых (метафiзiчных, эстэтычных, этычных...) прастораў болей немагчымыя, калi, натуральна, не заплюшчваць вочы на яўлены досведам ХХ стагоддзя скрай iнтэлiгiбельнага патэнцыялу чалавека.

Разам з тым было б недарэчна бачыць у нашым героi антытэзу авангарду, хаця адной з галоўных стратэгiяў постмадэрна i з'яўляецца дэканструкцыя, гэта значыць тое, што дэмантуе сучаснасць як бы у накiрунку мiнуласцi. Аднак постмадэрн не ёсць антытэзай авангарду (як i мадэрну ўвогуле), бо на постмадэрне лiнейна-паслядоўная сiстэма вымярэння скончылася па той простай прычыне, што якраз у гэты момант час раптам спатыкнуўся ды знерухомеў... З чаго атрымаўся несусветны вэрхал, паколькi ўсё, што раней на iм надзейна палягала, скранулася са сваiх месцаў, пападала i пераблыталася. Каб хоць трохi разгрэсцi гэты тыктанiчны сметнiк, замест часу (i у ролi iлюзii часу) падхапiлася дзеiць дэканструкцыя, якая цяпер фармуе рэальнасць не праз будучае, сучаснае цi мiнулае, а праз дэмантаж збуцвелых руiнаў быцця i спантанную гульню ахвочых з фрагментамi паўсюдна разбэрсанага буцвення.

Паводле папярэдняга як быццам выглядае, што постмадэрн - гэта спрэс бурэнне i нiштажэнне... Так, бурэнне, але не спрэс, а толькi стасоўна унiверсалiсцкiх сiмулякраў. А што як да сiтуацыi дыскурсiўных практыкаў - дык нi ў якiм разе i нават зусiм наадварот. Постмадэрн - гэта спроба стварэння з розных лiнейна-пляскатых канструкцыяў (захаваных ад здэвальваванага трохмернага свету з цэнтрапалеглай дамiнантай у сярэдзiне) нелiнейных кампазiцыяў, як патэнцыйна больш багатых для адбывання гульнi ў быццё.

Той, хто надзяляе постмадэрн функцыямi татальнага анiгiлятара, зазвычай тоеснiць яго i з апакалiптычным дэгуманiзатарам - што таксама непамыснасць. Гэта мадэрн (улучна з авангардам) быў "антычалавечай" з'явай, прынамсi, у тым сэнсе, што праз розныя "прагрэсiўныя iдэi" iмкнуўся мадэрнiзаваць чалавека насуперак яго ўласнай патрэбы. Здаецца, мадэрн заняпаў так i не паспеўшы зразумець, што ў чалавека няма iншай "iдэi", акрамя як абсалютна бесперспектыўна быць заўсёды аднолькава чалавекам i аднолькава заставацца сам-насам ў сiтуацыi наўзбоч альбо пасля ўсяго, што хоць калi адбывалася з iм раней цi адбываецца цяпер.

Постмадэрн - гэта сум на тэму вяртання туды, дзе ўсё ўжо ёсць як сiтуацыя пасля: пасля гiсторыi, культуры, рэлiгii, iдэалогii, чалавека... пасля усяго, што адбылося.

Аднак ва ўсялякую пару адбывання чалавекам быцця заўсёды нешта адбывалася ў сваiм канцавым значэннi, адбывалася як завершвалася. Мiж тым нiхто i нiколi раней не фармуляваў як быццам такое ж самае "пасля" ў значэннях, тоесных постмадэрну. Прычына тут, бадай, у тым, што раней кожная сiтуацыя "пасля" таго, што адбылося, мела свой антонiм, якi паралельна i адначасна фармуляваў гэтую сiтуацыю, як сiтуацыю "перад" тым, што адбудзецца (адзiнае выключэнне - апакалiпсiс, праўда, i ў выпадку з апакалiпсiсам мы маем хутчэй сiтуацыю татальнага "канца", а не сiтуацыю "пасля канца"). У гэтым прынцыповая рознiца памiж усiмi ранейшымi "пасля" i "пасля" постмадэрновай пары.

Але чаму менавiта цяпер сфармавалася i нават сярод аптымiстых наўсцяж запанавала разуменне, што ўсё ўжо "пасля" i нiчога "перад", што ўсё ўжо было i нiчога больш не будзе, хаця жыццё доўжыцца, яно як нiколi раней насычанае iдэямi, падзеямi, праектамi, катастрофамi?

Верагодна, адказаў на гэтае запытанне шмат, але я ведаю толькi адзiн з iх...

Час - гэта Вялiкая Iдэалагема (а не мера злiчэння дынамiкi бытнага цi нешта яшчэ). Цягам апошняй эры ў гэтай Вялiкай Iдэалагеме дамiнуючай была канцэпцыя руху наперад, iншымi словамi - прагрэса, што абапiралася на двухскладовую структуру часу, якую фармавалi iдэалогiя i храналогiя.

Iдэалогiя - гэта пераважна "перад" (скажам, "светлым будучым"), хаця фармальна вектар спадзяванняў мог быць завернуты i ў адваротным кiрунку ("залаты век").

Храналогiя - гэта пераважна "пасля"; гэта рахункаванне мэтавых спадзяванняў у iдэалагiчна адсарбаваных лiчбах, фактах i падзеях.

З якога боку не падступiся, але потым усё роўна давядзецца пагадзiцца, што ва ўсю "гiстарычную" пару бытнавання чалавека час найперш прыдаваўся ў якасцi iнструмента Iдэалогii (урэшце, спачатку ён i быў паклiканы аб'явiцца выключна з iдэалагiчных патрэбаў, а непасрэдна храналагiчную ролю прыдбаў сабе потым, значна пазней). Але ў ХХ стагоддзi Iдэалогiя патрапiла ў сiтуацыю жорсткага крызiса, скуль, нягледзячы на ўсе вымогi, так наноў i не вылузнулася ў кшталт канцэптуальнай з'явы камунiкатыўна адкрытай цывiлiзацыi (цяпер, згорнутая ў лакальныя ды маргiнальных вымеры, яна пакрысе гiбее, чакаючы скону).

З гэтага татальнага крызiсу Iдэалогii час застаўся без свайго базавага апiрышча, а значыць i без хоць якой уцямнай перспектывы. Ён яшчэ сяк-так трымаецца на раней сфармаванай храналагiчнай iнэрцыi, але ягонае рушэнне ўперад ужо выглядае як абыякавае падзенне ў нiкуды.

I што мы з гэтага маем? А тое, што эпоха постмадэрна, у адрозненне ад папярэднiх эпохаў, не можа дадаць да скрушнага "пасля ўсяго" аптымiстычны антонiм "перад чымсьцi iншым", бо "перад", як i ўсялякi вектар руху, магчымы толькi пры ўмове мэтавага забеспячэння iдэалагiчна актыўным (а не храналагiчна пасiўным, як гэта ёсць цяпер) часам.

Адным словам, разам са стратай Iдэалогii мы страцiлi i час, як магчымасць апынуцца "перад" нечым прынцыпова новым ад таго, што ўжо было. Адсюль чалавеку надалей толькi i застаецца ўсюды i заўсёды апынацца ў сiтуацыi "пасля" усяго.

Дарэчы, я тут неабачлiва прамiнуў адзiн iстотны момант, якi нельга пакiнуць па-за увагай ў звязку з праблемай крызiса i змарнення Iдэалогii. А ўласна, з чаго гэта яна знямоглася? Як нi дзiўна, але адказ, прынамсi яго ладная частка, палягае на вiдавоку: цягам Новай пары Iдэалогiя прайграла ў канкурэнтнай барацьбе Тэхналогii. Усе апошнiя эпохi Тэхналогiя актыўна мадэрнiзавалася i разгортвалася ў накiрунку да чалавека - i не толькi элiтарнага, але i масавага. Лiтаральна штогод, i ў дынамiчнай прагрэсii, яна дадавала нешта новае да ўтульнасцi i зручнасцi чалавечага бытавання. Прынцыпы i механiзмы, праз якiя Тэхналогiя з усё большай мерай грунтоўнасцi i якасцi забяспечвала чалавека iснаваннем, настолькi пераўзыходзiлi магчымасцi Iдэалогii, што лёс апошняй ўжо быў прадвырашаны даўно, i толькi назапашаны ў тысячагоддзях неверагодна магутны патэнцыял дазволiў ёй iнерцыйна пратрымацца да нашых дзён.

Нельга сказаць, што Iдэалогiя зусiм не супрацiўлялася тэхналагiчнаму нашэсцю, што яна без барацьбы скарылася скрушнаму лёсу... Рэнесанс, Рэфармацыя i Контррэфармацыя, Асветнiцтва, Камунiзм - усё гэта яе вялiкiя войны з Тэхналогiяй, у якiх яна спрабавала перамагчы ворага ягонай жа зброяй - сацыяльнасцю. Зброя была ладнай, але здабытыя гэткiм чынам перамогi мацавалi не Iдэалогiю, а ейнага ворага - Тэхналогiю...

I калi Iдэалогiя знямоглася да рэшты, тады i паўстаў Постмадэрн як першая, калi можна так сказаць, iдэалогiя без iдэалогii. Пры ўсёй таўталагiчнасцi гэтага выслоўя, яно мне падаецца досыць дакладным, бо нягледзячы на прынцыповую антыiдэалагiчнасць постмадэрна, ён, па вялiкаму рахунку, спраўдзiў самыя патаемныя iдэалагемныя спадзевы ўсiх пакрыўджаных цэнтрапалеглым лёсам, паколькi ў адначассе разбурыў маналiтную iерархiю духоўнай арыстакратыi, якая цягам тысячагоддзяў манапольна фармавала "пад сябе" ўсю сiстэму каштоўнасцяў.

У пэўным сэнсе постмадэрн - гэта светаглядная рэвалюцыя пралетарыяў духа. Ён не толькi зруйнаваў усе замкi i палацы iнтэлектуальных магнатаў мiнуўшчыны, але, што куды больш iстотна, увогуле скасаваў рознiцу памiж вялiкiм i малым, памiж Гамерам i Гiлевiчам, Парыжам i Нясвiжам, Джамалунгмай i Лысай гарой, Атлантычным акiянам i калюжынай узбоч майго кроку...

Усё, што з' яўляецца як бытнае, аднолькава значнае памiж сабой, раўнуючы з нябытным... Гэтая iдэальная адзiнка ( ёсць у наяўнасцi) вымярэння кожнага прысутнага ў бытным была згамаваная паўставаннем логацэнтрычных iдэалагемаў, якiя i абумовiлi феномен вектарна скiраванага часу i тым самым сфармавалi найбольш дыскрымiнацыйную з катэгорыяў - "вялiкае". Механiзм паўставання хоць якога "вялiкага" якраз i палягаў на сiмуляцыi руху ўперад, бо нiшто не з'яўляецца адразу "вялiкiм", такiм яно становiцца ў дынамiчным разгортваннi самога сябе адносна пэўнай iдэалагемнай перспектывы. У сiтуацыi адсутнасцi гэтай перспектывы i, адпаведна, знерухомленасцi часу, ужо нiшто не ёсць нi малым нi вялiкiм. Але адсюль зусiм не вынiкае, што постмадэрн татальна адмаўляецца ад катэгорыi меры - ён толькi прынцыпова мяняе яе каардынаты: на месца бiнарнай апазiцыi "вялiкае" - "малое" постмадэрн прапаноўвае апазiцыю "актуальнае" - "не-актуальнае". Такiм чынам, паводле постмадэрна, быццё - гэта перманентная пульсацыя актуальных феноменаў быцця, дзе у якасцi актуальных феноменаў могуць выступаць самыя малыя велiчынi, калi карыстацца вымерам логацэнтрычных пазнакаў i ацэнак. Бо у постмадэрне iстотны найперш сам высверк актуальнасцi, а не яе параметры, як гэта было ў сiстэмах статычных iерархiяў, дзе ад памераў падзеi залежала яе месца i час прысутнасцi ў актыўным архiве быцця.

Безумоўна, значнасць актуальнасцi ў пэўнай меры таксама залежыць ад уласных параметраў, але паколькi актуальнасць не замацаваная нi ў часе нi ў прасторы, то яе дамiнаванне доўжыцца толькi да высверка новай актуальнасцi, якая заслонiць папярэднiцу, незалежна ад памераў як першай так i другой.

Актуальнае (а не вялiкае цi малое) у якасцi базавай адзiнкi вымярэння бытнага цалкам перайначвае карцiну свету, робiць непатрэбнымi ўсе старыя мапы (засмечаныя, як шыбы мушыным экскрэментам, кропкамi розных сталiцаў) i статычныя падручнiкi па гiсторыi ды культуры, у якiх размаiтыя феномены i падзеi несупынна рухомага мiнулага выкладзеныя адпаведна карпаратыўных мэтаў iнтэлектуальных магнатаў.

Постмадэрновая карцiна свету - гэта стос белых аркушаў паперы, на якiх кожны пад уласны густ i наяўную пажаду раз пораз накрэслiвае ўсё iншыя контуры быцця. Але нi фiгуры гэтых контураў, нi тое, што мы малюем у сярэдзiне (Белую цi Эйфелеву вежу) - нiшто тут не мае iстотнага значэння. Iстотным для ўсiх гэтых маляванак ёсць адно тое, што ўсе яны пазбаўленыя перспектывы (здаецца, так бачаць i малююць свет дзецi).

Нарэшце чалавек, якому спрадвеку было наканавана абсалютна бесперспектыўна заставацца ў сiтуацыi самога сябе, выбаўлены постмадэрнам ад прымусовага пошуку далягляду ў прасторы, часе i сэнсе свайго iснавання, а калi казаць папросту i груба, то нарэшце чалавек апынуўся свабодным ад iдэалогii пракаветнага дурноцця - аптымiзму. Цяпер, вольны, ён можа быць тым, кiм ёсць - самотным, як сонца...

I яшчэ вось пра што (патрэбнае не столькi дзеля самога сябе, колькi дзеля таго, каб вярнуць чытача на пачатак гаворкi i тым заканцаваць тэкст)...

Постмадэрн, скасаваўшы дыскрымiнацыйную рознiцу памiж "вялiкiм" i "малым" i ўшанаваўшы ўсё прысутнае ў бытным аднолькава роўнай мерай " ёсць у наяўным", тымсамым вырашыў i адвечную праблему "гiстарычна" абумоўленага аўтсайдэрства беларусаў у цывілізацыйным рушэнні еўрапейскіх народаў, ад чаго нас у цэнтрапалеглых iдэалагемных кампазiцыях ужо нiколi не пазбавiў бы нi ўдалы збег гiстарычных абставiнаў нi ўласныя ахвярныя i нават змагарныя вымогi. Апынуўшыся ў сiтуацыi панавання актуалiяў i аднолькава з усiмi ўганараваныя сiмулякрам "ёсць", мы больш не маем патрэбы ў мары пра "пачэсны пасад мiж народамi", як i ў жаданнi разбурыць Парыж, каб вылузнуцца з-пад яго даўжэзнага ценю ды акрыяць у промнях жывога сонца ўласнай вартасцi - мы ўсё гэта цяпер ужо маем з ласкi Постмадэрна.

Таму болей не пытайцеся ў мяне: "Як запынiць сонца над Беларуссю?"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX