Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Мілаш Ч. Канец Вялікага Княства Літоўскага Милош Чеслав. Конец Великого Княжества


Аўтар: Мілаш Чэслаў,
Дадана: 10-04-2011,
Крыніца: Мілаш Ч. Канец Вялікага Княства Літоўскага // Спадчына №3-1998. С.3-30.



Пра Юзафа Мацкевіча

Друкуецца паводле: Kultura, Paryż, № 5/500, 1989 r.

Прушыньскі, Івашкевіч. A цяпер да мяне ў думках прыходзіць i зусім іншы за ix чалавек i пісьменьнік, Юзаф Мацкевіч. Да вайны ён быў супрацоўнікам віленскага "Słowa", рэдактар якога, ягоны брат Станіслаў Мацкевіч, рабіў шмат шуму, палемізаваў артыкуламі, займаўся палітыкай, біўся ў двубоях (на шаблях), за апазыцыйнасьць лучыў y лягер y Бярозе Картускай. A Юзаф сядзеў недзе ў рэдакцыі i больш пра яго нічога не было вядома. Пазьней усё перамянілася. Станіслаў y гісторыі польскага прыгожага пісьменства застаўся публіцыстым, a Юзаф - раманістым.

(27KB) Чэслаў Мілаш.

Юзаф Мацкевіч y 1938 годзе выдаў "Бунт тваняў". Гэта былі ягоныя рэпартажы зь Віленшчыны, сабраныя ў падарожжах на аўтобусе i на конным вазку па дарогах Беларусі. Калі я цяпер y Каліфорніі разважаю пра гэную краіну, яна падаецца мне захапляльнай, з рэдкім багацьцем пераплеценых нацыянальных, канфэсійных, клясавых стыхіяў, a гэтак-сама надзеленай багацьцем свае гісторыі. Я магу ацаніць гэта ўжо таму, што чытаў сёе-тое пра гісторыю калёніяў, напрыклад, карыбскіх абтокаў. Экзотыка, пальмы, трапічнае мора - i жуда поўнай гістарычнай пустэчы, хцівасьці, эксплюатацыі, пераважна крымінальная кроніка белых авантурнікаў i піратаў. Міжваенная Віленшчына, хоць шэрая, паміж сасновым лесам i тваньню, мусіла б i сваёй мінуўшчынай i цяпершчынай натхніць шмат пісьменьнікаў. Чамусьці тады ix не было. Напэўна, яны зьявіліся б, прамежак часу ў дваццаць гадоў проста закароткі. Апрача таго, існавалі перашкоды. Тыя, хто пісаў па-польску, расьлі ў традыцыях шляхоцкага двара, i ім даводзілася б вырывацца з гэтай заклятай арбіты, каб пабачыць шырэйшую запраўднасьць. Беларусы, зацыкленыя ў сваім нацыянальным супраціве, яшчэ нічога не дасягнулі, апрача паэзіі (Максім Танк); віленская група "Jungę Wilno" таго ж пакаленьня i схільнасьцяў, што i "Żagary" [1], пісала на ідыш i была паэтычнай. Вільня дала славутага празаіка Хаіма Градэ, храністага малых жыдоўскіх мястэчак Летувы i Беларусі, але ён атрымаў прызнаньне пасьля вайны, y Амэрыцы, як i Ісаак Башэвіс Зінгер.

Юзаф Мацкевіч y "Бунце тваняў" укладаў свае рэпартажы зь незалежнасьцю i непакорай, што неўзабаве спрычыніла яму адно няшчасьці. Ён выйшаў за звычную польскую арбіту i заміж двароў заняўся правінцыяй "тутэйшых", што ўдому гаварылі па-польску або па-беларуску і, упаасобку зьявай папулярных y гэтай правінцыі рэлігійных сэктаў, варожых як да каталіцызму, так i да праваслаўя. Гэтак-сама ў кнігу патрапіла шмат штодзённасьці краю. Па добная Віленшчына паўстае ў рамане Флярыяна Чарнышэвіча "Chłopcy z Nowoczyszek", напісаным y Аргентыне. Ягонай галоўнай тэмай ёсьць сутыкненьне паміж каталікамі i праваслаўнымі, y абсягу адной i той жа вёскі, што азначала ня столькі выбар на карысьць польскай ці беларускай нацыянальнасьці, кслькі дзяржаўны выбар за Польшчу або за Саветы. Як бы канчаткова сэктанцкая Віленшчына ўлілася ў гэты гармідар, мы ніколі не даведаемся.

Падчас маёй віленскай маладосьці я амаль зусім ня ведаў Юзафа Мацкевіча. Буркатлівы, з тых, чый крыху крывы нос заглядвае ў чарку, y фуражцы, часта ў палатняных строях i ў даўгіх ботах, яго маглі б палічыць за шарачковага шляхціца проста зь вёскі. Ён любіў уночы папіць y віленскіх рэстарацыях, як i іншы супрацоўнік "Słowa" Ежы Вышамірскі, але ў адваротнасьць ад яго, літаратурай не цікавіўся. A ўжо пра паэзію зь ім зусім ня варта было гаманіць. Хоць меў, здаецца, вялікую эрудыцыю ў нярэдкім y нас тады кірунку: y расейскай літаратуры дзевятнаццатага стагодзьдзя.

Я б ня змог уявіць яго як літаратара Варшавы або Кракава. Ён жыў y горадзе, які i надалей заставаўся для яго сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, i ён быў патрыётам гэтага краю. Я мяркую, што ўжо сёньня малодшым пакаленьням цяжка сабе ўявіць, пра які суплёт ляяльнасьці тут ішла гаворка i чаму такія, як ён, аднолькава варожа ставіліся як да польскіх патрыётаў, так i да патрыётаў летувіскіх або беларускіх. Нядаўна я ізноў перачытаў артыкулы i эсэ Мацкевіча, выдадзеныя ў Лёндане, дзе ён гаворыць аб "нутраным падзеле" Вялікага Княства, зьдзеяным палякамі, летувісамі i беларусамі. "Пераможца ўсіх не аб'явіўся. Папросту гэткага не было. Кажны хацеў толькі ўрваць для сябе кавалак". Я ўважаю яго за найбольш праўдалюбнага пісьменьніка i мяркую, што ён зусім не перабольшвае, калі піша: "Адсюль узьнікла спрэчка, якая перарасла ў адкрытую бойку за мову, за культуру, за традыцыю, інтэрпрэтацыю гісторыі, за рэлігію. Бойка адбывалася таксама i на кулакох, на аглоблях, на пісталетах, a напрыканцы, падчас апошняй вайны, на даносах y гестапа ці НКВД. Нянавісьць, паводле ўсіх законаў прыроды, нараджала нянавісьць".

Паводле Мацкевіча, польскі бок нясе можа найболыпую адказнасьць, бо "пераможцы ў бойцы за спадчыну ўсіх земляў Вялікага Княства" былі спольшчаныя i культурна i палітычна, так што ўзьнікаючым нацыяналізмам яны ўзумелі супрацьставіць толькі польскі нацыяналізм. "У выніку яны апынуліся ў собскай краіне ў драматычнай сытуацыі прадстаўнікоў іншае дзяржавы, a адсюль да залічэньня ix y агенты чужога ўплыву абсалютнай балыпынёй жыхароў быў ужо толькі адзін крок".

Прыклад мае сям'і? Мой браценьнік Оскар Мілаш быў першым прадстаўніком незалежнае Летувы ў Парыжы, што для палякаў было раўназначна зрадзе. Бацькі мае матулі, Кунаты, былі ляяльнымі грамадзянамі Летувы польскае нацыянальнасьці, па-летувіску не гаварылі. Мая матуля мела два грамадзянствы, летувіскае i польскае, заўсёды залічала сябе да польскае нацыянальнасьці, летувіскую ведала слаба. Адылі ейная сястра гаварыла па-летувіску бегла. Мой бацька быў абвешчаны ў Летуве зраднікам з прыклёпу свае прыналежнасьці да POW [2]. Ён быў зьмешчаны ў чорным сьпісе, якім забараняўся ягоны ўезд y краіну свайго нараджэньня. Тым ня менш 17 верасьня 1939 году, калі яму ўдалося дабрацца да летувіскай мяжы зь мястэчка Глыбокае, дзе ён працаваў павятовым інжынэрам, летувісы праявілі да яго высакароднасьць, як i да мноства ўцекачоў з Польшчы, i нягледзячы на тое, што ведалі, кім ён ёсьць, упусьцілі яго ў Летуву. Там ён не перасьледаваўся за свае даўныя грахі.

На думку Мацкевіча, адзіным сьвядомым патрыётам Вялікага Княства быў Людвік Абрамовіч, рэдактар i выдавец "Przeglądu Wileńskiego". Ён выстаўляў прэтэнзію на перамогу, пры поўным раўнапраўі народаў, што асяляюць гэтыя землі. Ягоная праграма розьнілася ад усіх фэдэрацыйных падумак, y тым ліку i ад фэдэралізму Пілсудзкага, бо яны кіраваліся перадусім польскімі інтарэсамі i шукалі выгадаў для Польшчы. 3 гэтай пэрспэктывы як аднабаковая адмова палякаў выконваць Сувальскі трактат i захоп Вільні, так i фікцыйнасьць "Сярэдняй Літвы" клаліся цяжарам на плечы прыхільнікаў "ягелонскай ідэі". Ня ведаю, як Мацкевіч ставіўся да ксяндза Валяр'яна Мяйштовіча, які ўважаў Вялікае Княства за створ сваіх продкаў, амаль за собскасьць вялікапанскіх радоў i ўслаўляў патрыярхальныя стасункі паміж дваром i селаком. Відаць, ён залічаў яго да тых, "самазразумелая" польскасьць якіх несла адказнасьць за недавер да ідэі Хаўрусу з боку летувісаў i беларусаў, таму што яны нават аддавалі перавагу мець дачыненьні з адкрытымі нацыяналістымі.

* * *

Перадваенная Вільня вярнулася, калі я цяпер чытаў (у карэктуры) мэмуары Люсі С. Давідовіч "From That Place and Time". Узгадаваная ў Нью-Ёрку, яна правяла 1938-39 год y Вільні, ужыцьцяўляючы дасьледаваньні ў тамашнім Жыдоўскім Навуковым Інстытуце. Гэта вельмі карысная кніга, бо яна нагадвае аб іншай важнай Вільні, жыдоўскія традыцыі якой здабылі ёй імя "Ерусаліму Поўначы". Збольшага трэцяя частка яе люднасьці мела няшмат супольнага зь дзяржавай, y якой яна апынулася, гаварыла на ідыш i часткова, y сваім верхнім слаі, па-расейску. Мэмуары Давідовіч, якая ня ведала польскай, закранаюць перадусім падзел на "мы" i "вы", a таксама перасьледы. Адзін зь ейных віленскіх прыяцеляў, журналісты, страціў вока падчас студэнцкіх антысэміцкіх забурэньняў y 1931 годзе (гэта я памятаю). Апошні перадваенны год азначыўся поўнай перамогай эндэцкай праграмы, увасобленай y жыцьцё OZON (23KB) Юзаф Мацкевіч.[3]: пікетаваньне жыдоўскіх крамаў, праекты закону, які забараняў бы рытуальныя забойствы, мноства распараджэньняў наконт прымусовай палянізацыі і, апроч усяго гэтага, антысэміцкая прапаганда, y якой супаравалі паміж сабой урадавая прэса i прэса пазьнейшага сьвятога, Айца Максыміліяна Кольбэ. Вільня, згодна з паведамленьнямі Давідовіч, была небясьпечным горадам: паўтараліся напады хуліганаў, узброеных палкамі, так што кажная сустрэча з маладымі палякамі пагражала зьбіцьцём. Давідовіч прызнае: жанкі i дзеці ня білі, што, аднак, не зьмяншала адмоўнага эфэкту гэткіх здарэньняў.

Гэтую Вільню, мусіць, варта прыгадаць, калі кажацца аб канчальным канцы Вялікага Княства. Бравая польская моладзь, што каламі цяла сваіх калегаў па ўнівэрсытэце i чыніла паляваньні на мінакоў, неўзабаве магла пабачыць савецкія танкі, аточаныя радасным грудам жыдоўскае моладзі, хаця сумнеўна, што ў ейных развагах спалучыліся прычына i насьледак. Сцэны гэтага радаснага вітаньня на вуліцах Вільні ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе апісвае Хаім Градэ ("My Mother's Sabbath Pays", пераклад зь ідыш), a паколькі ён быў рупатлівым пісьменьнікам i дбаў пра аб'ектывізм, y яго таксама апавядаецца, як y той жа самы дзень ён пайшоў y катадральны касьцёл i як шкада яму было сабранага там, сьмяротна сумнага груду вернікаў.

Маё бліжэйшае знаёмства з Мацкевічам адбылося ў 1940 годзе, калі Юозас Калюот'іс, рэдактар "Naujojji Romuva", дапамог мне дабрацца да летувіскай тады Вільні, што, зрэшты, я лічыў пераходным этапам. Мацкевіч рэдагаваў тады адну зь дзьвюх выходзячых польскіх газэтаў y Вільні, "Ga­zetę Codzienną". Заступнікам рэдактара быў мой калега з "Żagarów", Тэадор Буйніцкі. Я стаў супрацоўнікам гэтай газэты, як i шмат літаратараў, мясцовых i ўцекачоў, y тым ліку Сьвятаполк Карпіньскі i Януш Мінкевіч. Палемізую- чы пасьля доўгіх гадоў з маім эсэ пра Буйніцкага, Мацкевіч ("Аб пэўнай апошняй спробе i застрэленым Буйніцкім", 1954) не згаджаўся з маім вызначэньнем ягонай праграмы як абароны "польскага кантону" ў абсягу Летувы. I, бясспрэчна, ні "польскі кантон", ні Польшча, ні Летува не маглі задаволіць гэтага пасьлядоўніка Вялікага Княства, калі ён хацеў ісьці сьлядамі Людвіка Абрамовіча. На практыцы, аднак, праграма "Gazety Codziennej" зводзілася да гэтага, i гэта адрозьнівала яе ад "Kuriera Wileńskiego", які стаўся голасам польскай артадоксіі, вызнаванай бальшынёй польскай Вільні: для яе прыналежнасьць Вільні да Летувы была папросту летувіскай акупацыяй.

З Мацкевічам я так бліжэй не пасябраваў, бо гэта было іншае пакаленьне i іншы склад розуму. Я паважаў яго як пісьменьніка, a таксама чалавека добрай волі, які робіць, што можа, i гэтай пашаны я не пазбыўся i дасюль. Што не замінала разважаць мне над ягоным пакручастым конам. Спасярод шляхты Вялікага Княства было ці мала адчайных авантурнікаў, да якіх я б залічыў ягонага брата Станіслава, але быў ведамы таксама тып ціхага, але заўзятага авантурніка, які свайго ня ўпусьціць. Акурат такім я ўяўляю сабе Юзафа. Насоўваецца пытаньне, y якой ступені самадыйны i свавольны індывід, перакананы, што справядлівасьць на ягоным баку, мае абавязак або права выступаць супраць грамадзкай думкі. Каб забыцца, што гэтая думка рэпрэзэнтуе i нашую сымпатыю або антыпатыю да яе, трэба вялікае намаганьне, але толькі тады пытаньне пра грамадзкую ролю канфармізму набывае сэнс. Мацкевіч абарачаўся ў сваім віленскім шляхоцкім асяродзьдзі колішніх кавалерыстых вайны 1920 году, такіх жа самых, як i ён, цяпер зазвычай ураднікаў, але таксама дуэлянтаў i паляўнічых, як, напрыклад, ягоны прыяцель Міхал Паўлікоўскі зь Меншчыны, які рэдагаваў паляўнічы дадатак да "Słowa" пад назвай "Дзе гэта, дзе зайгралі паляўнічыя ражкі..." (з трыма кропкамі, так!). Тым ня менш ён вылучаўся на гэтым фоне. На яго вельмі моцна паўплывала расейская гімназія i ягонае, y школьных гадох, фанатычнае зацікаўленьне кнігамі з абсягу заалёгіі i арніталёгіі (у чым мы былі падобныя), з адукацыі i здольнасьцяў назіраць ён быў прыродазнаўцам. Можа, гэтая нібыта пазытывісцкая пастава прышчапіла яму скептыцызм да "польскай Вільні". Ён заатакаваў гэтую Вільню зь першых нумароў "Gazety Codziennej", публікуючы артыкулы, y якіх роспач i гнеў з прыклёпу верасьнёўскае паразы распружваліся ў зацятых нападах на ўсю міжваенную Польшчу, не пакідаючы камень на камені. Ён не любіў ні Пілсудзкага, ні санацыі (дарма што працаваў y санацыйным "Słowie"), але, каб знайсьці цяпер супрацоўніка ў асобе Пятра Каўнацкага, "нацыяналістага", i разам зь ім высьмеяць аддзелы "палкоўнікаў", дарма што яго нічога апрача гэтага з Каўнацкім ня лучыла, гэта ўжо было занадта. Гэта выглядала на глум з паваленай Польшчай, каб спадабацца летувіскім гаспадаром. Несупынна ўцісканая цэнзурай i абвінавачаная летувісамі ў падрыўных тэндэнцыях (бо што гэта за падступная балбатня аб Вялікім Княстве?) "Gazeta Codzienna" дала пачатак бурлівым сваркам, y якіх няяўным аргумэнтам супраць яе была "калябарацыя з акупантам". Іншымі словамі, Мацкевіч выявіў талент трапляць y такую сытуацыю, каб быць бітым абодвума бакамі. Гэта мелася паўтарыцца пасьлей, Бясспрэчна, пачуцьці гневу i гаркоты пасьля паразы былі паўсюднымі, i ён даваў ім выражэньне, будучы агорненым згрызотамі, a не таму, каб некаму дагадзіць. Але бальшыня, хоць адчувала тое ж самае, стрымлівала сябе, бо неяк нядобра мыць брудныя хусты ў гэткую сумную часіну.

Вільня гэнага кароткага пэрыяду, калі яна была прылучаная да незалежнай Летувы, перацяжараная ўцекачамі, паддадзеная пахутчанай літуанізацыі, законам i палкай, калі трэба (тыя, хто нядаўна біў жыды, цяпер былі бітыя, хаця ня толькі яны, можна было атрымаць i за сьпеў y касьцёле па-польску), сплывала малаком i мёдам, як гэта ўмеюць абладзіць гаспадарлівыя летувісы, мела знакамітыя рэстарацыі i кавярні, y якіх гандаль вёўся за валюту, купляліся пашпарты i візы, плянаваліся падарожжы на Захад, a перад-усім была горадам самых розных чутак i заўсёды непамысных ведамак. Летува, аточаная варожымі гаспадарствамі, прыцягвала, маўляў, абток збаўленьня няшчасных, якія гатовыя былі апрастаць ногі ў вандроўцы празь мяжу, але, апынуўшыся ў пункце сваіх летуценьняў, заўважалі, што патрапілі ў пастку. Летакі з Коўні на Захад, праз нэўтральную Швэцыю, нейкі час курсавалі. Я нават сам зьвярнуўся з просьбай да неафіцыйнага польскага прадстаўніцтва ў Коўні, быў залічаны, ужо меў месца, калі вылетам быў пакладзены канец.

Ня думаю, што польска-летувіскія напружанасьці мяне вельмі закраналі. Хаця прыязнасьць з Калюот'ісам, які арганізоўваў польска-летувіскія сустрэчы, г.зн. польскіх i ле тувіскіх рэпрэзэнтацыйных постацяў, каб гэтыя напружанасьці зьняць, павінна была мяне ангажаваць y гэтым кірунку. Nota bene Калюот'іс, з Коўні, ня ведаў польскай ня толькі падчас майго візыту ў Коўню ў 1938 годзе, але i цяпер, i мы гаварылі па-француску. (Ягонае навучаньне ў Парыжы ака- залася благім прыгатаваньнем для будучага доўгагадовага зьняволеньня ў ГУЛАГу). Маштабнасьць i пагрозьлівасьць падзеяў пазбаўляла вагі польска-летувіскія церці, i я хіба папросту паціскаў плячыма. Мацкевіч y згаданым ужо эсэ закідае мне дэфармацыю праўды, калі я кажу, што "шмат нянавісьці паміж летувісамі i палякамі адышло ў невараць". Як ён заўважае, y Вільні, y выніку нацыяналістычнай i нямудрай палітыкі летувіскіх уладаў, варожасьць польскамоўнай люднасьці расла. Лякальна, так. Аднак, незалежна ад абапольных прэтэнзіяў, існаваў фундамэнтальны факт лібдзкіх паводзінаў Летувы ў дні верасьнёўскае паразы, a гэтаксама, як я гаварыў, неадпаведнасьць i нават сьмяхотнасьць нацыянальных сварак.

Я не ўзумею ўзнавіць сваіх тагачасных думак. Гэта адна з маіх фазаў такой вялікай, амаль псыхапатычнай зьнясіленасьці, a зь іншага боку дзеяньняў, падпарадкаваных аднэй абсэсіі. Я ня мог пісаць вершаў, што, як для мяне, дастатковы довад хваробы, i ўсю энэргію я баёдаў, намагаючыся вывесьці Янку з Варшавы i ўспамагчы ёй дабрацца на Захад, але адныя межы пасьля другіх аказваліся надта небясьпечнымі або немагчымымі. Было досыць шмат заняткаў, каб унікаць яснага зразуменьня. Хто, зрэшты, яго меў. Шок верасьня 1939 г. быў такім дужым, што гэтае перажываньне вымагала часу, перш як належна асесьці.

* * *

Вось жа, справа зь Вільняй няясная. Ня тое, каб я адрокся ад сваіх палітычных перакананьняў. Маё супрацоўніцтва з "Gazetą Codzienną" ў значнай меры тлумачыцца асобай Буйніцкага, бо ён пераважна займаўся ў газэце літаратурай. Апроч таго, мне насамрэч былі бліжэйшымі "краёўцы", чымся прававерныя патрыятычныя палякі, a як сваяк Оскара Мілаша, які хацеў Вільні для Летувы, я ня мог гадаваць y сабе варажнечу да "летувіскай акупацыі".

Урад летувіскага гаспадарства не даваў нам, аднак, ніякай палёгкі, наадварот, ён праводзіў y Вільні неразумную палітыку, дзеючы супраць собскіх інтарэсаў. Падзел жыхароў на розныя катэгорыі прадугледжваў залічэньне бальшыні зь ix да "некарэннага насельніцтва" або "ўцекачоў" - якраз y гэткіх групах апыналіся нават спаконвечныя віленчукі. Права на летувіскія пашпарты было адно ў прапісаных y акрэсьленых пунктах, бадай, пачынаючы з 1920 году, але зьмешчаная ў гэтых пашпартох рубрыка "Нацыянальнасьць" мела на мэце абмежаваньне колькасьці паўнапраўных грамадзянаў. Я аддаў перавагу пашпарту, чымся паперцы ўцекача, але ж якую нацыянальнасьць я мог заявіць, як ня польскую? Зрэшты, я мусіў неўзабаве зьнішчыць гэты пашпарт падчас пераправы з Зофіяй Раговіч y General Gouvernement [4], бо ён не адпавядаў фальшываму пропуску жыхара Сувалак.

З тымі колішнімі "жагарыстымі", якія пайшлі ў камунізм, я не шукаў кантактаў. Пакт Молатаў-Рыбэнтроп ix цалкам выкрываў. Адным з апошніх маіх выступаў наконт ix на бачынах "Po prostu" была просьба аб прыняцьці ў Народны Фронт y 1936 годзе, але кіслым, i я шмат бы даў, каб перачытаць яго сёньня. Праўда, я быў запрошаны на сход, дзе абмяркоўвалі новую назву пэрыёдыка пасьля закрыцьця "Po prostu" цэнзурай. Гэтая назва "Karta", мой унёсак, бо, як i "Żagary", яна паходзіла з майго сьціплага запасу летувіскіх словаў. "Karta" значыць пакаленьне, "viena karta" азначае ўдар, зусім інакш па-польску, з чаго паўстае жаданая шматзначнасьць. Пасьля пары нумароў пэрыёдык быў забаронены i зьнік.

Палітычна найбліжэйшымі мне былі цяпер y Вільні сацыялістыя. Гэта была група, якая ўтварыла собскую арганізацыю "Wolność", якая складалася з уцекачоў i мясцовых. З прыхадняў: Уладыслаў Маліноўскі i ягоная жонка Галіна, Стэфан Сальман (ведамы пасьлей як Стэфан Арскі) з жонкай Магдай Гэрц, Зьбігнеў Мінцэр, Зофія Раговіч, Вацлаў Загурскі, зь мясцовых Рэната Маянова, Уладыслаў Рыныда. Я трымаўся зь імі. "Wolność" мела ўплывовага апекуна за мяжой, Оскара Ланге, тады прафэсара эканомікі Чыкагскага ўнівэрсытэту. Дзякуючы яму радзіны Маліноўскіх i Сальманаў дабраліся да Амэрыкі, праз Расею i

Японію, здаецца, з швэдзкімі пашпартамі. Мінцэр, Загурскі, Зофія Раговіч i я нелегальна прывандравалі ў Варшаву, я з Зофіяй, якая ўжо пару разоў выконвала місію кур'ера па маршруце Сувалыпчына, Усходняя Прусія, Райх, General Gouvernement. Яна была жонкай Вацлава Раговіча, i тады мела каля пяцьдзесяцёх. Я згадваю яе як добрага кампаньёна.

У кавярні Рудніцкага насупраць катадральнага касьцёлу раптам даносіцца гучны грукат зялезьзя - уезд савецкіх танкаў. Гэта дасюль для мяне адно з найсумнейшых здарэньняў майго жыцьця, бо я добра ўсьведамляў незваротнае i меў брыдкае пачуцыдё, што я сьведка ступтаньня безабаронных народаў, якім дарма спадзявацца на якое-колечы права. Якраз так выглядае досьвед няшчасьця. Акурат тады пала Францыя. Два монстры дзялілі здабычу, распачынаючы тысячагадовае, як ім здавалася, панаваньне над Эўропай.

Што б сталася, каб жа я ня ўцёк зь Вільні? Я б апынуўся ў "Prawdzie Wileńskiej", як Буйніцкі, або зь белымі мядзьведзямі. Хоць Януш Мінкевіч i іншыя ўратаваліся, арганізаваўшы літаратурнае кабарэ. Пра зьмест іхных тэкстаў мне нічога, зрэшты, не вядома. Toe, што тады наступіла, было верна апісана ў рамане Мацкевіча "Дарога ў нікуды".

З Мацкевічам я ня бачыўся, такім парадкам, зь лета 1940 да лета 1944 году, калі ён зьявіўся ў Варшаве. Інакш кажучы, я ня быў сьведкам ягоных пачынаньняў y акупаванай немцамі Вільні. Абвінавачаньні ў калябарацыі паходзілі з тых самых колаў, якія мелі зуб на Мацкевіча яшчэ ў пэрыяд 1939-1940 гг., г.зн. прэцэдэнт быў ужо створаны. Калі над адным з найлепшых польскіх раманістых чыніцца негалосны суд, бяз права абароны, варта, відаць, задумацца, якія погляды ён абвяшчаў y сваіх творах, a таксама, кім былі ягоныя абвінавачвальнікі. Мацкевіч y тым, што ён пісаў, ніколі не выкручваўся. Яму можна верыць, калі ён вытлумачвае непаразуменьне вакол прозьвішча - y артыкуле ("«Рэдактар» Багдан Мацкевіч"). Яму можна таксама верыць, калі ён y сваіх раманах i пасьляваенных эсэ без засьцярогаў выкладае сваю пазыцыю. Бо, на маю думку, ягоная пазыцыя была нагэтулькі абсалютна ня-польскай, г.зн. адваротнай той, якая лічылася аксыёмай y мазгох агромністай бальшыні палякаў, што, калі б ён быў нават беззаганным, яму б належала прышчапіць віну. Артадаксальны польскі пагляд на адбываную вайну прадугледжваў вернасьць заходнім хаўрусьнікам, вяртаньне польскае дзяржавы ў межы 1939 году. Так верыла "польская Вільня" i ейнае войска, АК [5]. Для Мацкевіча гэта былі мроі аднэй нацыянальнай меншыні, якая часовы стан міжваенных гадоў хацела зрабіць сталым. У гэтай частцы Эўроды перамогу магла атрымаць або Нямеччына, або Расея, i як летувісы, так i беларусы ды ўкраінцы ведалі, што нельга ставіць на Захад. Насельніцтва земляў колішняга Вялікага Княства (за выняткам палякаў i жыдоў) вітала немцаў з энтузіязмам, і, як ведама, толькі невытлумачальнае нямецкае вар'яцтва прывяло да зьмены настрояў. Заставаўся камунізм, які Мацкевіч уважаў за вялікае ліха. Барацьбу зь ім ён стаўляў на першае месца, вышэй за нацыянальныя інтарэсы, i закідаў АК, што, дзеючы нібыта на карысьць заходніх дэмакратыяў, яна ў існасьці дапамагае перамозе іхнага хаўрусьніка, г.зн. Масквы. Пасьля таго, як мінуліся дзесяцігодзьдзі, трэба прызнаць, што гэтая ацэнка добра адлюстроўвала лёс Польшчы, якая, супраціўляючыся адным i другім, пакладала надзеі на далёкіх i абыякавых трэціх. На жаль, гэтая рэалістычная ацэнка добра служыла толькі Мацкевічу-раманістаму, дазваляючы бязьлітасна паказаць тупікі гісторыі. Ніхто, нават сам Мацкевіч, не падтрымаў бы ўдзелу ў нямецкай крыжовай выправе, дастаткова самымі немцамі скампрамэтаванай.

Зь ягоных твораў вынікае, што ён калі б мог уваскрасіць царскую Расею, то б уваскрасіў, бо ўважаў яе за дзяржаву, дзе ў пашане быў закон i талеранцыя, асабліва ў параўнаньні з тым, што паўсюль усчалося пасьля Першае сусьветнае вайны. Тут ён таксама ішоў абсалютна супраць польскага гледзішча, якое паміж Расеяй i камунізмам ахвотна стаўляла знак роўнасьці, чаму, зрэшты, цяжка дзівіцца, паколькі, напрыклад, савецкая палітыка масавага вывазу палякаў зь беларускіх i ўкраінскіх земляў, распачатая адразу пасьля рэвалюцыі, была далейшым працягам царскай палітыкі ў

XIX ст., з той розьніцай, што сяродкі тарнаваліся яшчэ больш жорсткія. Мацкевіч катэгарычна супярэчыў таму, каб прызнаць камунізм за спэцыфічна расейскі твор, i не адчуваў ніякай варожасьці да расейцаў, на якіх папросту спала няшчасьце камуністычнай улады.

Чым ён займаўся ў Вільні пад нямецкай акупацыяй, цяжка сказаць. Калі б вайна была паміж Расеяй i Нямеччынай, ён, напэўна, не вагаючыся, стаў бы на бок Расеі, але, калі вялася вялікая гульня за вывальненьне народаў ад камунізму, яму, тэарэтычна, даводзілася быць прыхільнікам нейкага пярэдыху або пагадненьня зь немцамі, што, шчыра кажучы, ня розьніцца ад калябарацыі. Акурат гэтулькі можна выснаваць зь ягоных пасьляваенных твораў, бо тады ў Вільні дзейным калябарантам ён ня быў.

Адным з галоўных аргумэнтаў, ужываных тымі, хто рашуча асуджае Мацкевіча, ёсьць артыкул Паўла Ясяніцы "Маральныя згрызоты крэсовага шляхціца", напісаны кімсьці, хто тады быў y Вільні, i як сам кажа: "Служыў y Арміі Краёвай, y аддзеле прапаганды, i пільнае чытаньне жоўтай прэсы ўваходзіла ў мае абавязкі". Я задаў сабе працы i адшукаў кнігу Ясяніцы "Сьляды сутычак", y якой фігуруе гэты тэкст. Ясяніца, як вядома, псэўдонім. Пад ім выступаў мой калега з "Акадэмічнага клюбу валацугаў" y Вільні, тады студэнт гісторыі, Лех Бэйнар, які ў нас меў мянушку Бахус. Прозьвішча зусім не жыдоўскае, як спрабавалі шаптаць, a татарскае. Бэйнар паходзіў з татарскае шляхты, хаця, наколькі я ведаю, ужо ня быў магамэтанінам. A імя Лех i пасьлей набытае прозьвішча Ясяніца сьведчаць пра каталіцка-пястаўскія прыхільнасьці яго i ягонай радзіны.

Калі спаважны гісторык i сьведка падзеяў піша нагэтулькі легкадумную рэч, то ўжо што гаварыць аб іншых. Бэйнар быў чалавекам сумленным i бясстрашным, ён ня мог згадзіцца з тым, што для Мацкевіча было зразумелым, змагаўся да канца ў аддзеле "Łupaszki" i пасьля вайны быў засуджаны на сьмерць. Уратаваў яго, здаецца, Балеслаў Пясецкі, шэф "PAXu" [6]. Я не прыгадваю сабе, каб Бэйнар y нашым клюбе валацугаў выяўляў свае палітычныя перакананьні. Зацяты эндэк быў y нас адзін, Казімеж Галабурда, які быў высланы i памёр y ГУЛАГу ад дызэнтэрыі. Зь іншых сяброў клюбу наш сэньёр Гасюліс быў расстраляны савецкімі ўладамі за зрываньне плякатаў; Буйніцкі застрэлены за супрацоўніцтва з тымі ж самымі ўладамі; Ендрыхоўскі быў "выбраны" ў Сойм Летувы i галасаваў за ўлучэньне Летувы ў Саюз.

Маральнае абурэньне Бэйнара шчырае, і, паўтараючы за "Эпіцэнтрам цямрэчы" Конрада "агіда! агіда!", я, напэўна, выкажу пачуцьці шмат якіх сваіх равесьнікаў. Угледзеўшыся, аднак, бліжэй y ягоны артыкул, ня знойдзеш y ім амаль нічога, апроч пачуцьцёвай экзальтацыі.

Першы закід датыкаецца да характару Мацкевіча, якога Бэйнар абвінавачвае ў баязьліўстве, бо калі ён пасуляў супраціў камунізму нават коштам зьнішчэньня ўсяго польскага народу, то чаму ён не пайшоў y лес (як ён сам, Бэйнар)? Для тых, хто знаў Мацкевіча, гэта адно дэмагагічны прыхватак. Другі закід датыкаецца да раману "Дарога ў нікуды", які Бэйнар называе нікчэмным. Чаму? Таму што іншыя нацыянальнасьці паказаныя ў ім прыхільна, a палякі ачэрненыя i што ім няма згадкі аб ZWZ [7] , зь якога пасьлей нарадзілася AK. A таксама таму, што ў гэтай кнізе няма любосьці да роднае зямлі, як y "Пану Тадэвушу"(?). Адылі "Дарога ў нікуды" існуе i абароніць сябе сама. Атака на яе навядзе, можа, на прычыны, зь якіх цяжка быць польскім раманістым. Калі б нехта ў мінулым стагодзьдзі выявіў б Польшчу так, як Гогаль Расею ў "Мёртвых душах", то абавязкова заслужыў бы найменьне нікчэмніка. Трэці, зрэшты, закід - што Мацкевіч друкаваўся ў бульварнай прэсе. Безумоўна, ён не павінен быў гэтага рабіць. Але што ён друкаваў? Якраз некалькі разьдзелаў "Дарогі ў нікуды", якую Бэйнар палічыў пасквілем.

У цкаваньні Мацкевіча брала ўдзел дзіўная грамада - i патрыёты, i сукрытыя агенты вінаватых забойства ў Катыні. Гэтыя апошнія i былі найбольш зацікаўленыя ў тым, каб абвесьціць сьведку фашыстым i калябарантам. Якраз цяпер я зазірнуў y тэчку зь лістамі Мацкевіча да мяне 1969-1970 гг. Яны тычацца захадаў, якія я рабіў, каб паабяцаць ягоныя кнігі амэрыканскім i нямецкім выдаўцам, з малым дасьпехам, бо кажны раз трапляўся нехта з палякаў, аруплены, каб перашкодзіць выданьню кнігі. Мацкевіч i ягоная жонка Барбара Тапорска, таксама знакамітае дараваньне, жылі ў крайняй беднасьці. Мушу пагадзіцца з тым, што Мацкевіч піша ў адным зь лістоў, - y параўнаньні зь імі Гамбровічу дужа пашчасьціла.

Мацкевіч паплаціўся за сваё падарожжа ў 1943 г. y Катынь на запросіны нямецкіх уладаў. З польскіх пісьменьнікаў туды яшчэ езьдзіў Фэрдынанд Гётэль. У Варшаве памяталі яго перадваенныя адкрытыя пахвалы фашызму, a ў 1940 годзе ў яго пракінуліся нясьмелыя схільнасьці да калябарацыі, бо ён зарэгістраваўся як прадстаўнік вольнае прафэсіі, літаратар, i намаўляў калегаў да гэтага ж самага. Шмат хто зарэгістраваўся, бо нібыта так больш бясьпечна. Але Гётэль меў добрае пачуцьцё грймадзкай кан'юнктуры i загадаў патрыятычнага кодэксу, a таксама больш не пасоўваўся ў згодніцтве да немцаў. I дарма што ён паехаў y Катынь, ніхто яго пасьлей на эміграцыі не абвінавачваў y калябарацыі. A Мацкевіч, які з усімі быў на нажох, не лічыўся з грамадзкай думкай i быў паводле ўдачы чалавекам сварлівым, выехаўшы ў Катынь, узмацніў непрыхільныя да ягонай асобы настроі, i нікога не цікавіла, што паехаў ён з згоды польскіх падпольных уладаў.

Ці павінны былі палякі, y імя вышэйшых дыпляматычных інтарэсаў, удаваць, што яны нічагусенькі немцам ня вераць i дадаць катынскія могілкі да іншых гітлероўскіх злачынстваў? Гэта б запатрабавала здушэньня ў сябе маральнага пратэсту, нечалавечай амаль дысцыпліны. Савецкая дзяржава прыкладала велічэзныя намаганьні, каб пераканаць увесь сьвет y сваёй нявіннасьці, i ейныя хаўрусьнікі ўважалі гэта за чыстую манэту або ўдавалі, што ўважаюць, i палякі заставаліся сам-насам з праўдай, якую абвяшчалі іхныя ворагі. I хто б паверыў, бо ўсім былі вядомыя іхныя антысавецкія "крыўды". Вось парадаксальнае раўнаньне, годнае філязофскага аналізу.

Нядаўна, адведваючы знаёмых, я выпадкова ўзяў з паліцы тоўстую кнігу амэрыканскага карэспандэнта ў Маскве Гарысана Э. Сэльсбэры "Journey For Our Times" (1983) i натрапіў на ўрывак, дзе адлюстроўваецца падарожжа заходніх дыпляматаў i журналістых y Катынь. Я чытаў гэта, i мяне ледзьве не пацягнула на ваніты:

"Кэці Гарыман жыла ў Маскве з сваім бацькам, цяпер паслом y Маскве. У яе была пасада y "Office of War Information", i адначасна яна спаўняла функцыі гаспадыні дому, уносячы жыцьцё i весялосьць y банальныя сцэнары. Яна перарабіла банкетную залю пасольства ў корт для гульні ў бадмінтон i знайшла запас старых галівудзкіх фільмаў на страсе. Яны былі такія крохкія, што лопаліся штохвіліну падчас паказу, аднак мы пушчалі ix i так".

"Кэці была ў Маскве, калі абвесьцілі навіну пра Катынь, i сказала, што хоча паехаць. Расейцы неўзабаве запрасілі яе i Джона Мэльбі, маладога attaché пасольства. Яны падрыхтавалі спэцыяльны цягнік - міжнародныя wagon-lits, вагон-рэстарацыя, абніцаваная чырвоным дрэвам, з мноствам ікры, шампанскага, масла, белага хлеба, вэнджанай ласосі, букатак, бэф-строганаў, катлетаў па-кіеўску - i мы вырушылі, каб пабачыць адну зь вялікіх трагедыяў вайны".

"Расейцы адбілі Смаленск y верасьні 1943 году i памкнуліся цяпер запусьціць сваю прапагандысцкую бомбу. Заходнія карэспандэнты былі запрошаныя як частка дэкарацыі. Мне ня думаецца, каб удзел Кэці Гарыман i Джона Мэльбі быў санкцыянаваны палітыкай U.S. Я мяркую, што гэта зьдзеялася як прадыктаваны імгненьнем рэфлекс, дарма што Эвэрэл Гарыман насамрэч бачыў досыць "лёнданскіх" палякаў i калі вярнуўся з Катыні, сказаў мне, што ад пачатку быу перакананы ў тым, што палякі купіліся на нямецкую вэрсію злачынства i тое, што яму паказалі, умацавала яго ў гэтым перакананьні".

"Я глыбока ўдзячны савецкаму дэпартамэнту прэсы за арганізацыю гэтай выправы. Гэта была (і застаецца) добрая навука савецкіх мэтадаў. Захапленьне выклікала раскоша гэтага цягніка, зь яго беласьнежнымі пасьцелямі, пярынкамі, духмяным мылам, з ахайна апраненымі афіцыянтамі, раскоша як для цара".

"Зрэшты, гэта мог быць адзін зь цягнікоў, прызначаных спэцыяльна для цара. Сядзець y вагоне-рэстарацыі за поўным бутэлек, крышталю i срэбра, талерак, на якіх нагрувасьціліся закускй, сталом i з-за ўпрыгожаных карункамі фіранак назіраць побач, на суседняй каляіне, драўляныя таварныя цягнікі, скуль параненыя чырвонаармейцы з галовамі ў крывавых бінтох, рукамі ў гіпсе, ампутаванымі нагамі, прыглядаліся да нас, трасучыся наўкола сваіх печак, было амаль нязносна".

Аўтар гэтых успамінаў, як i іншыя журналістыя, ня быў перакананы тымі ўяўнымі довадамі, якія ім былі прадстаўленыя. Ён гэтаксама ўстрымаўся ад высновы, хто быў віноўнікам падзеяў y Катыні. Але амэрыканскі пасол y Маскве Эвэрэл Гарыман даў сябе пераканаць. A мець амэрыканскага пасла сваім ворагам, безумоўна, адно паглыбляла катастрафічную сытуацыю польскага ўраду ў Лёндане.

Юзаф Мацкевіч бачыў катынскія пахаваньні i напісаў, што ўгледзеў. Ён выпадкова таксама стаўся сьведкам, як адбывалася масавае вынішчэньне жыдоў немцамі ў Панарах, i таксама склаў падрабязны рапарт. I дакуль будзе існаваць польскае пісьменства, гэтыя два запісы жудасьці ХХ ст. трэба несупынна прыгадваць для таго, каб захоўваць меру тады, калі літаратура надта аддаляецца ад запраўднасьці.

Мацкевіч быў пісьменьнікам-рэалістым, i ў параўнаньні зь ягонай зацятасьцяй y адлюстраваньні "як напраўду было", іншыя варыянты рэалізму выяўляюць сваю бледасьць або фальш. Яму была чужая ўся высокая сафістыка літаратурных дыскусіяў, i ён не задумваўся над непераадольнай дыстанцыяй паміж словам i запраўднасьцяй. Як, зрэшты, i над заўсёды прадказальным канцом раману. Старасьвецкі да ўпорыстасьці, ён паслугаваўся мовай як інструмэнтам, не дазваляючы стылю набыць самастойнае існаваньне i атрымаць перамогу над пішучай рукой. Раман i надалей быў для яго "люстрам, пастаўленым на гасьцінцы", i ён дбаў пра абсалютную вернасьць дэталі.

"Дарога ў нікуды" i "Ня трэба гучна гаварыць" разам утвараюць эпас канца. Гэта канец Вялікага Княства Літоўскага ці ягоных рэштак, якія дажылі да 1939 году, канец гэтаксама Вільні як гораду з польскай i жыдоўскай люднасьццю. Іншай, чымся гэтыя раманы, хронікі няма. Далей, гэта карціна жыцьця пры савецкай уладзе з чэрвеня 1940 да чэрвеня 1941 г., да нападу Нямеччыны на свайго папярэдняга хаўрусьніка, i пры нямецкай уладзе. Апошнія разьдзелы другога раману даюць карціну Варшавы 1944 году, дзе ён апынуўся тады як уцякач зь Вільні.

Твор Мацкевіча пра вайну - гэта абсалютнае выключэньне ў багатай польскай літаратуры на гэтую тэму. У ёй пануе патрыятычны ўзор, барацьба палякаў зь немцамі. Мацкевіч да гэтага ўзору заставаўся больш ці менш абыякавым, y чым можна ўгледзець ягоную ўласную нелюбосьць да зацяганых уяўленьняў i ўплыў шматнацыянальнай Вільні. Дзьве падставовыя польскія пазыцыі сутыкнуліся ў гэтым стагодзьдзі між сабой: незалежнасьць Польшчы як мэты ўсіх змаганьняў ды высілкаў i ахвяраваньне гэтай незалежнасьцяй y імя камуністычнага інтэрнацыяналізму. Ніводная зь ix не знайшла падтрымкі ў Мацкевіча, болльш таго, ён ставіцца да ix варожа. Тыя, хто адкінуў незалежнасьць y імя камунізму, як y Вільні Дэмбіньскі або Ендрыхоўскі, для яго былі ня столькі зраднікамі Польшчы, колькі агентамі дзяржавы, якая несла няшчасьце людзям розных нацыянальнасьцяў. У сваю чаргу, незалежнікі - адсюль ягоная нэгатыўная ацэнка АК - былі асьлепленыя сваёй канцэнтрацыяй на барацьбе зь нямецкімі захопнікамі i не здавалі сабе справы з таго, што, разьлічваючы на перамогу заходніх дэмакратыяў, яны рыхтавалі перамогу хаўрусьніка гэтых дэмакратыяў - Расеі. Мацкевіч y сваіх раманах i ў сваёй публіцыстыцы выступае як прыхільнік антысавецкага інтэрнацыяналізму ці, калі інакш, антыкамуністычнага інтэрнацыяналу. Адсюль вынікаюць спаважныя насьледкі, y тым ліку i мастацкія, бо ягоныя героі не падзеленыя паводле крытэру нацыянальнасьці. Сярод тых, каго ён абдорвае сымпатыяй, - палякі, летувісы, беларусы, немцы, белыя расейцы, ублытаныя ў розныя падпольныя рухі, патэнцыйныя ўдзельнікі калектыўнага, міжнароднага супраціву сыстэме.

Ня варта падыходзіць спаважна да ўсяго, што пісаў Мацкевіч-антыкамуністы. Некаторыя ягоныя артыкулы запраўды прасякнутыя абсэсіяй i мяжуюць з паранояй, паводле вядомага ўзору выкрыцьця паўсюль агентураў, нават y Ватыкане. Таму, укладаючы зборнік ягоных публіцыстычных твораў, належыць памятаць, што фантазіямі i нават вар'яцтвам ён заплаціў за сталасьць сваіх паглядаў. Адсеў відавочных абмылак адбываецца пасьля сьмерці блізу ўсіх пісьменьнікаў, i думка пра гэта павінна ўстрымацца ад выступаньня ў тозе суровых судзьдзяў.

* * *

Два атрыманыя ўчора лісты збудзілі ўва мне перажываньні: адзін ад Ю., другі ад М. Гэтыя мае равесьніцы i каляжанкі зь юрыдычнага факультэту ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры ў Вільні ня толькі сьцежкай сантымэнтаў скіроўваюць мяне ў мінуўшчыну, існуючы як асобы нагэтулькі каштоўныя, што я лічу сябе шчасьлівым, могучы аб ix думаць. Бо ў нашым горадзе былі надзвычайныя дзяўчаты, i якімі ж беднымі павінны быць усе тыя, памяць якіх ня можа заапэляваць да такіх каштоўных чалавечых наўзораў. Кажучы гэта цяпер, калі яны сівыя i гадуюць унукаў, я больш-менш ведаю іхнае жыцьцё, поўнае абмылак i трагедыяў.

З М. я ніколі ня быў блізка, але прыглядаўся да яе. У свой рахунак я запісваю тое, што ейныя пукатыя шклы нізкавокай асобы не перашкодзілі мне ацаніць ейнае прыгаство. Яна была пазаркой, з добрай фігурай, і, відавочна, y яе галаве не было капрызаў, бо яна заўзята перасьледавала вялікія мэты. Яна i ейная сястра належалі да нутранога кола Ендрыхоўскага i Дэмбіньскага або "Po prostu" i "Karty", a пасьлей y пасьляваеннай Польшчы да прыкметных фігураў зь "віленскай групы". Яны паходзілі зь вельмі каталіцкай радзіны, a ў камунізьме знайшлі новую рэлігію, як i Зося Вэстфалевіч, жонка Дэмбіньскага, сястра якой была манашкай.

Ліст М., напісаны ў сьмелай i рашучай манэры, камэнтаруе перадусім мой верш пра парушэньне табу кідком каменя ў вужаку, які яна знайшла ў польскім выданьні "Сьведчаньня паэзіі" i дадае: "Але калі мы ўжо затрымаліся на вужацы, напішу табе аб рыбах. У маленстве я ўвайшла ў кухню, дзе скакалі жыўцом абшкрэбленыя гаспадыняй рыбы. Мне заўсёды былі блізкімі гэтыя стварэньні. Таму я пачала забіваць ix (ад літасьці), пляжачы ix галовамі аб сьцяну. Я ўся была ў іхнай крыві. Гэта была сытуацыя, зь якой не было добрага выйсьця. Але я ўсё думаю, ці потым, ужо дарослай, я б не была як тыя гадунцы Сарбоны".

У некалькіх словах М. (наш юрыдычны факультэт разьвіваў выдатны інтэлект) дае гісторыю сябе i сваёй групы. Літасьць над людзьмі прыводзіць да захадаў, якія не былі добрым выйсьцем. A гадунцы Сарбоны, узгадаваныя на філязофіі Сартра, практыкавалі генацыд y Камбоджы.

Далей М.:

"Каб было весялей, напііцу, якім я цябе памятаю. Гэткі вісус з Залі Сьнядэцкіх, ты ляціш на чале групы работнікаў i студэнтаў, ганяючы эндэцкіх баевікоў, якія хацелі сарваць вечар паэзіі розных народаў. У цябе такая міна ваўкалака, якую ты ўмееш рабіць, зубы ашчэраныя, вочы вырачаныя, y руках трымаеш аскепкі крэсла. I выеш.

Другі абразок: мы стаім край стала ў клюбе юрыстых i пра нешта спрачаемся, не памятаю пра што, відаць, пра палітыку, бо ты злосна кажаш мне: ты заўсёды была i застанешся ханжой. Ты, безумоўна, мяне зачапіў, калі я гэта памятаю. Я двойчы ставалася ханжой, i ў трэці раз мне ёй ужо ня стаць. Гэта насьледак ня толькі старасьці, але i літаратуры, якая суправаджае мяне ад маленства".

У іншай частцы ліста М. гаворыць аб прамоўленай Іосіфам Бродзкім y Стакгольме Нобэлеўскай лекцыі: "Іосіф Бродзкі пры прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі сказаў тое, што я хацела табе напісаць, толькі нашмат прыгажэй".

Маё мысьленьне пра ix, гэтых дзяўчатаў зь Вільні, a сёньня старых жанок, фактычна нельга пераказаць прозай, яно нагэтулькі напоўйенае скаротамі i нагэтулькі шматузроўневае, што вымагала б нейкага адмысловага роду любаснай паэзіі. Час y ёй, відаць, не пасоўваўся з тае пары, калі мы былі ў ніжэйшых клясах гімназіі, калі М. забівала рыбы на кухні, a Ю. насіла матроскі каўнерык мундзеру школы сясьцёр назарэцянак. Праўдападобна, y гэтых упарта ўзьнікаючых абразох супольнасьці скрозь маленства выражаецца мая туга па вяртаньні, па apokatastasis [8] па аднаўленьні i, значыцца, па часіне, калі нічога ня мусіла быць так, як пасьлей сталася, калі яшчэ (уяўляючы сабе нейкую зусім іншую эпоху, іншыя ўзвычаеньні etc.) мы ня мусілі быць падзеленыя. A хто ведае, ці не нараджаецца такая любасная паэзія зь летуценьня аб "анёльскай сэксуальнасьці" Свэдэнборга, з жаданьня абсалютнай ідэнтыфікацыі, амаль поўнага ператварэньня ў другога, не бяспола, a таксама з пранікненьнем y ягоную іншую плоць.

Пра ліст Ю., заклапочанай станам майго здароўя, валей я б агулам не пісаў. Бо мне давялося б выцягнуць адразу шмат ніцяў. Мяне зьдзіўляе яе заўсёды мінорная схільнасьць прымяншаць сябе, аж да таго, што калі ёй верыць, то няпраўда, што ў яе сьветлы розум i характар. Заўжды пра сябе, пра сваю хваробу i верагодную хуткую сьмерць, зь нядбаласьцю, з пацісканьнем плячыма.

Вечар паэзіі розных народаў, пра які згадвае М. Супраціўляючыся "нацыянальнай" Вільні, мы мелі розныя кантакты, i я мяркую, што некаторыя іхныя сьляды прыгадаліся, напрыклад, y 1972 годзе ў цягніку Ротэрдам-Парыж, калі, вяртаючыся зь зьезду паэтаў, мы расьпілі наліўку з Абрамам Суцкевэрам, які перажыў віленскае гета i пасьля напісаў фундамэнтальную кнігу пра нямецкія злачынствы ў Вільні. Я гэтаксама мяркую, што гэтыя кантакты вытлумачвалі, прынамсі, часткова, сакрэт Уладыслава Рыньцы. Бо як стаць міліянэрам падчас вайны, заснаваўшы транспартную фірму? Рыньца (мянушка "Рэнка") паходзіў з Сылезіі. У Вільні апынуўся студэнтам - яшчэ адзін мой калега-юрысты. У палітыцы сымпатызаваў "Strzelcu" [9], тым часам як i іншыя (Ендрыхоўскі) - "Legionu Młodych" [10], бо гэта быў пэрыяд "палявеньня" гэтых санацыйных арганізацыяў. Ува ўнівэрсытэце ён быў адным з галоўных дзеячоў нашага антыэндэцкага блёку падчас выбараў да "Brat­niej Pomocy" [11], дзе вылучыўся i як знакаміты прамоўца. Пасьлей ён апынуўся на ўскрайку групы i не наблізіўся да камунізму. Што ён рабіў y 1934-1939 гг., я не змагу сказаць (адвакатура?), i пагатове я, відаць, не дацямлю, як ён зь беднага сына шахтара зрабіўся фінансавым магнатам, апэруючы з 1941 году, дзе? - на лініі Вільня-Менск-Варшава, на тэрыторыях мяшаных нацыянальна, якраз тых, якія Юзаф Мацкевіч апісаў y рамане "Ня трэба гучна гаварыць". Мне здаецца, што адным зь ягонай увагі дзейнікаў была велічэзная колькасьць наяўных грошай y Вільні, y золаце i далярах, якую можна было лёгка інвэставаць. Сулольнік Рыныды, Крывіцкі, быў жыдам з Рыгі і, мабыць, мабілізоўваў гэтыя капіталы. Крывіцкі працаваў y бюро фірмы ў Вільні i Менску, якія былі лікрідаваныя ў меру набліжэньня фронту, i ў 1944 годзе зьявіўся ў Варшаве, дзе я зь ім пазнаёміўся. Бясьпеку яму гарантавалі добрыя арыйскія паперы, наагулам Вільня мела адну з найбольш дасканалых фабрык фальшывых дакумэнтаў. З Варшавы, не чакаючы, пакуль прыйдуць расейцы, ён выехаў y Чэскую Прагу i там зьнік пры нявысьветленых абставінах. Іншым дзейнікам пасьпяховасьці Рыньцы быў, відаць, ягоны дыпляматычны гені i адсутнасьць нацыянальных забабонаў. Фірма мела прыкрыцьцё, бо нібыта яна займалася пастаўкамі для войска і, апрача таго, давала за "дах" грошы высокапастаўленым немцам. У існасьці яна праводзіла маштабныя валютныя апэрацыі на чорным рынку. I цяжарнікі ішлі, напоўненыя ўсім, толькі не пастаўкамі для войска, зброяй, рэч ясная, але не прызначанай для немцаў. Рыньца належаў да нашай сацыялістычнай "Wolności" (ён гэтаксама быў сувязным паміж Бундам y віленскім гета i Бундам y варшаўскім гета) i дзеля гэтага да "лёнданскага" падпольля, для якога магчымасьць карыстацца такой транспартнай сеткай была важнай. Ён вазіў грошы i зброю для аддзелаў АК, але, думаецца, шлях да Менску, які праходзіў церазь лясы, падкантрольныя савецкай партызанцы, быў адкрыты для яго дзякуючы адпаведным дамовам i таемным паслугам. Ягоныя цяжарнікі перавозілі таксама ўратаваных зь віленскага гета жыдоў, не за грошы, калі меркаваць па выпадку Севярына Троса. Трос папісваў перад вайной y газэту "Orka na ugorze", як i мой брат Анджэй, i апынуўся ў Вільні як уцякач з Варшавы. Мой брат хаваў гэтага свайго калегу пэўны час y кватэры нашых бацькоў y Вільні, на Зарэччы, на вуліцы Папоўскай. Пасьля Трос i ягоная жонка былі пасаджаныя ў цяжарнік Рыньцы i высаджаныя ўжо ў Варшаве, дзе я знайшоў для ix добры прытулак. На жаль, яны загінулі падчас варшаўскага паўстаньня, але ня як жыды, a папросту як цывільнае насельніцтва. Уся дзейнасьць фірмы была, зь нямецкага пункту гледжаньня, кры мінальнай, i цяжка скеміць, як не адбылося ніводнага правалу. Гені Рыньцы выявіўся i тут, бо ён стварыў калектыў (памятаю яго шафёраў), на які мог абсалютна пакладацца, сцэмэнтаваны на больш здаровых падставах, чымся стасункі шэфа з падначаленымі. "Сямейная" атмасфэра ўсярэдзіне гэтай групы "сваіх хлопцаў" зь Вільні выключала данос, найболыы частую прычыну катастрофы.

Я пісаў пра Ўладка Рыньца ў "Роднай Эўропе", называючы яго літарай W., але ўзноў вяртаюся да яго, бо насамрэч ён мне імпанаваў i я дагэтуль стараюся зразумець, як ён гэта ўсё рабіў. Пасьля вайны ён заснаваў, як i плянаваў, выдавецкую фірму i стаўся б напэўна лідарам выдавецкага рынку, але неўзабаве прадпрыемства было згорнутае ў рамках барацьбы з прыватнай ініцыятывай. Тады ён стаў адвакатам i спэцыялізаваўся ў справах спадчын, y тым ліку i амэрыканскіх, карыстаючыся тым, што дзякуючы сувязям зь "віленскай групай" мог даставаць пашпарты на замежныя падарожжы.

* * *

Абвінавачаньне Мацкевіча паводле палітычных крытэраў не вядзе далёка. Так, ён быў маньякам, донкіхотам, утадістым, але гэтая палітычная пасія сілкавала ягоны пісьменьніцкі талент, які быў строга рэалістычным i адначасна хацеў служыць ці, калі інакш, быць літаратурай на тэму дня. Апошняе паходзіла зь ягонай сумленнасьці i маральнага абурэньня. Ён пастаянна пытаўся: "як гэта магчыма?" i хацеў быць голасам гукаючага ў пустыні, калі ўсе іншыя маўчалі. На шчасьце, ён ня быў палітыкам.

Апошнія разьдзелы "Ня трэба гучна гаварыць" даюць шанец параўнаць аўры Вільні i Варшавы, як ix адчуваў прыбылызь Вільні ўлетку 1944году Мацкевіч. Іабраз Варшавы, павар'яцелай, легкадумнай, абыякавай да страляніны дзе-нідзе, пыхлівай ад свайго геройства, вясёлай, бо блізкая перамога, y яго праўдзівы. Для Мацкевіча гэта была бесклапотнасьць дзяцей, якія ня хочуць ведаць, што яшчэ хвіліна, i нічога не застанецца ад іхных забавак, як нічога не засталося ў Вільні.

Мацкевіч, прыехаўшы ў Варшаву, выявіў жаданьне спаткацца з мной i зь Янушам Мінкевічам. Мы правялі доўгую гутарку. Зь ягонага боку гэта было паўтаранае на розныя лады пытаньне "як гэта магчыма?". I цяпер, калі ясна для кажнага, што заходнія хаўрусьнікі далёка, нічога? Ніякай спробы дамовіцца, хаця б y апошні момант, зь немцамі, якія дазнаюць паразу i ўжо схіляюцца да саступак? Бо цяпер можна было б выдаваць газэту, каб гучна апавесьці праўду пpa савецкую акупацыю, зацісканую польскім падпольлем на службе Лёндану, a ўскосна Масквы. Мы слухалі яго зь недаверам, як слухаюць разумова непаўнавартага чалавека. I высьмеялі яго. Мы сказалі яму, што ў яго няма ніякага ўяўленьня пра тутэйшыя настроі, што ніхто б не супрацоўнічаў з такой газэтай, што калябарантам, Эмілю Скіўскаму i Фэліксу Рыбіцкаму, ніхто не падае рукі, i яго, калі б ён пачаў выдаваць такую газэту, абвінавацілі б y зрадзе. Мацкевіч нічога нам не сказаў аб газэтцы "Alarm", тры нумары якой былі, відаць, выдадзеныя вясной 1944 году ім супольна з жонкай.

Апавядаючы гэта, я не ўважаю, што павялічваю віну Мацкевіча, які ў гэтым выпадку выяўляўся калябарацыяністым, скуль магло б i вынікаць, што такім ён быў i раней. Але не вынікае. Ён быў тады чалавекам, які перажываў роспач, і, можа, роспач яго была большая за Мінкевічавую ці маю, бо мы захоўвалі нейкія надзеі.

* * *

Добра, што я згадаў Уладыслава Рыньцу i ягоныя акцыі ў трохкутніку Вільня-Менск-Варшава, бо яны даюць пэўнае паняцьце аб нечуванай гусьціні i заблытанасьці тамашніх людзкіх лёсаў падчас нямецкай акупацыі. Іхны абраз мусіць запярэчыць польскія ўяўленьні, моцна перакручаныя патрыятычнай канвэнцыяй. Запраўднасьць гадоў вайны на гэных тэрыторыях таксама была цалкам прыхаваная i пераробленая афіцыйнымі гісторыкамі. Гэта факт, што немцы віталіся там як вызваляльнікі, i калі б ня іхнае шаленства, гэтыя народы былі б поўніцай на іхным баку. I абставіны склаліся так, што схема змагароў i калябарантаў ухоплівае ледзьве дробную частку праўды. Гэта была трохбаковая гульня, прычым вялізная бальшыня люднасьці лявіравала, шукаючы бясьпекі ў адных i другіх, a існавалі так-сама незалежныя анклявы, нешта накшталт асобных дзяржавак, заснаваных узброенымі важакамі. Веда аб гэтым усім зьмяняла пэрспэктыву Мацкевіча, добра служачы ягонаму аб'ектывізму.

Раманы Мацкевіча схіляюць да скептыцызму да літаратуры, несупынна гатаванай ува ўсё іншым соусе, y соусе абавязковай y дадзены момант моды, ідэалёгіі, палітыкі i так далей. Яны вылучаліся жвавай нарацыяй, зацікаўляючы так, што "нельга адарвацца", і, такім чынам, адпавядаючы ўсім умовам, неабходным тады, калі раман займаў месца, занятае пасьлей фільмам i тэлевізіяй. Відаць, заўсёды існавала прафэсійная i непрафэсійная літаратура. У любасьці да Мацкевіча ніхто не хацеў прызнавацца i таму, што ён такі літаратурна адсталы, i таму, што ён жудасны рэакцыянэр, але чыталі, ажно ix вушы трашчалі. I, на маю думку, ён пераўзышоў сваіх калегаў па пяры, якія пісалі больш вышуканую прозу. Пераўзышоў мастацкасьцю. Можна ўжыць да ix выказваньне савецкага жаўнерыка: "Французы в шелках, но войну проиграли" (Французы ў ядвабах, але вайну прайгралі). Ягоная проза сьціслая, ашчадная, бачыць тое, што апісвае, i пагатоў краявід яго ных ваколіцаў. Спасярод вядомых мне польскіх літаратаpaў ніхто так не пісаў. Але Прус i Жэромскі былі ў параўнаньні зь ім прафэсійнымі літаратарамі. Шарачковы шляхціц, як я яго назваў, з тых упорыетых, пыхлівых, заўзятых маўкліўцаў, пісаў на злосьць. На злосьць усяму сьвету, які чорнае называе белым, i няма нікога, хто наклаў бы вэта. Якраз y гэтай пасіі сакрэт ягонага стылю.

Пераклаў Валерка БУЛГАКАЎ.


Заўвагі й камэнтары

Чэслаў Мілаш - сусьветна вядомы польскі пісьменьнік, эсэісты, перакладнік "вялікалітоўскага" паходжаньня. Нарадзіўся ў 1911 г. У міжваенны пэрыяд быў адным зь вядучых паэтаў віленскага згуртаваньня "Żagary". Падчас гітлераўскай акупацыі браў чынны ўдзел y польскім падпольным культурным жыцьці. У 1945-1950 гг.- на польскай дыпляматычнай службе, з 1951 г.- на Захадзе. Пачынаючы з 1960 г. - выкладчык польскай i расейскай літаратуры ва ўнівэрсытэце Бэрклі (ЗША).

У паэзіі перажыў эвалюцыю ад праграмнага катастрафізму (зборнік "Паэма аб застылым часе", 1933) i сымбалічна-эстэтычнага бачаньня сьвету ("Тры зімы", 1936) празь іранічна-трагічнае бачаньне чалавечых лёсаў y часе вайны ("Ацаленьне", 1945) да гістарыязафічнай i культурнай праблематыкі, y якой дамінантавай тэмай ёсьць канфрантацыя ўнівэрсальных маральных вартасьцяў з досьведам гістарычнага чалавека XX ст.

У сваёй паэтычнай творчасьці, праграмна інтэлектуалізаванай, Мілаш апэлкэе да розных традыцыяў (Т.С.Эліёт), a таксама польскай рамантычнай традыцыі (паэмы "Маральны трактат", 1948, "Паэтычны трактат", 1957; зборнікі вершаў "Горад безь імя", 1969, "Дзе ўсходзіць сонца i куды яно заходзіць", 1974. Мілаш - аўтар шматлікіх эсэ "Скуты розум" (1953), "Родная Эўропа" (1959), "Чалавек сярод скарпіёнаў" (1962, пра С.Бжазоўскага), "Зямля Ульра" (1977), "Сад навук" (1979). Напісаў раман-успамін "Даліна Ісы" (1959). Займаецца перакладамі эсэістыкі i паэзіі, асабліва англасаксонскай (ад Шэкспіра ды Мільтана i па Эліёта i Р.Джэфэрса), кнігаў Сьвятога Пісьма, a таксама польскай паэзіі на ангельскую мову. У 1973 г. атрымаў прэмію польскага Пэн-Клюбу, y 1980 - Нобэлеўскую прэмію.

Беларускі пераклад кнігі роздумаў Мілаша над дэвальвацыяй этыка- маральных вартасьцяў y сучасным сьвеце "Скуты розум" падрыхтаваны да друку ў менскім выдавецтве "Эўрофорум".

[1] "Żagary" - літаратурнае згуртаваньне маладых польскіх пісьменьнікаў y Вільні, узьніклае наўкола часапіса з аднайменным найменьнем, заснаваным y 1931 годзе. У якасьці назову згуртаваньня было выкарыстанае летувіскае слова, якое ў перакладзе азначае "сухое гальлё", "трусак". Сярод праграмных прынцыпаў дасьледнікі адзначаюць "антыэстэтызм", "нэасымбалізм", "поўная свабода творчасьці". Да згуртаваньня ў розны час належалі Тэадор Буйніцкі (1907-1944), Ежы Загурскі (1907-1984), Ежы Путрамэнт (1910-1986), Аляксандар Рымкевіч (1913-1983) i аўтар дадзенага эсэ Чэслаў Мілаш.

[2] POW - Polska Organizacja Wojskowa (Польская вайсковая арганізацыя). Таемная вайсковая арганізацыя, створаная зь ініцыятывы Ю. Пілсудзкага ў кастрычніку 1914 году ў Варшаве, аб'яднаўшы "Polskie Drużyny Strzeleckie" i "Związek Strzelecki". Дзеяла ў Каралеўстве Польскім, пасьля таксама ў Галіччыне, Украіне, Расеі, Летуве (гэтым i тлумачыцца рэзка адмоўнае стаўленьне новых летувіскіх уладаў да гэтага прапольскага ўтварэньня. Спачатна галоўнай мэтай POW было ажыцьцяўленьне выведча-дывэрсійнай дзейнасьці супраць Расеі; y 1915-1917 гг., пасьля нямецкай акупацыі Каралеўства Польскага, перайшла на напаўлегальны стан; y 1915 г. частка чальцоў POW уступіла ў I Брыгаду Легіёнаў Польскіх. Займала варожую пазыцыю да кастрычніцкага перавароту ў Расеі; удзельнічала ў перайманьні ўлады ў Галіччыне i раззбраеньні немцаў y Каралеўстве Польскім. Галоўнакамандуючы - Ю. Пілсудзкі, a пасьля ягонага арышту (ліпень 1917) - Э. Рыдз-Сьміглы.

[3] OZON - Obóz Zjednoczenia Narodowego (Лягер нацыянальнага задзіночаньня) - польская санацыйная палітычная арганізацыя. Існавала з 1937 па 1939 гг. Асноўнай мэтай абвяшчала спробу задзіночаньня элемэнтаў, што падтрымлівалі санацыю. Вызнавала лёзунгі мілітарызацыі краіны, засяроджаньня грамадзтва вакол войска i Э. Рыдз-Сьміглага.

[4] General Gouvernement - адм.-паліт. утварэньне нямецкіх акупацыйных уладаў на частцы польскіх земляў, ня ўлучаных y III Рэйх (дата фармальнага ўзьнікненьня - 26 кастрычніка 1939 г.); y жніўні 1941 г. да General Gouvernement былі далучаныя тэрыторыі Львоўскага, Станіслаўскага, Цярнопальскага i Валынскага ваяводзтваў; General Gouvernement падзялялася на г.зв. дыстрыкты. Генэральны губэрнатар, Г.Франк меў рэзыдэнцыю ў Кракаве.

[5] АК - Армія Краёва - кансьпірацыйная вайсковая арганізацыя, падпарадкаваная польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лёндане. Узьнікла 14 лютага 1942 г., распушчаная 19 студзеня 1945 г.

[6] "PAX"- польская грамадзкая арганізацыя сьвецкіх каталіцкіх дзеячоў, заснаваная ў 1945 г.

[7] ZWZ - Związek Walki Zbrojnej (Зьвяз збройнай барацьбы) - кансьпірацыйная вайсковая арганізацыя, створаная польскім эміграцыйным урадам напачатку 1940 г. Галоўнай мэтай прызнавалася дывэрсійна-сабатажная дзейнасьць. Галоўнакамандуючы - генэрал К. Сасноўскі (з чэрвеня 1940 г.). У 1942 годзе перайменавана ў Армію Краёвую.

[8] apokatastasis (грэц. - узнаўленьне, вяртаньне ў папярэдні стан, колазварот) - y нэатамісцкай філязофіі паймо, якое сымбалізуе адраджэньне ўсяго i ў пэўнай меры выступае хрысьціянскім адказам на пытаньне аб цярпеньні ўсяго жывога.

[9] "Strzelec" - Związek Strzelecki (Стралецкі Зьвяз) - польская дзяр- жаўная грамадзка-выхаваўчая арганізацыя, створаная ў сьнежні 1919 г. Засяроджвала перадусім працоўную моладзь, рыхтуючы яе да войска.

[10] Legion Młodych - афіцыйны назоў Związek Pracy dla Państwa (Зьвяз працы для дзяржавы) - польская санацыйная маладзёвая арганізацыя, якая існавала ад 1930 па 1939 гг.

[11] "Bratnia pomoc" (Братняя дапамога) - студэнцкая арганізацыя, што мела на мэце матар'яльную ўзаемадапамогу i кіраваньне жыцьцём студэнцкага асяродзьдзя. Першая ў Польшчы Bratnia pomoc узьнікла ў 1889 г. пры Варшаўскім унівэрсытэце як напаўлегальная арганізацыя - як заангажаваная ў палітыку, змагаючыся з русыфікацыяй унівэрсытэту i ведучы асьветную працу.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX