Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Далідовіч Генрых. БНР - БССР 


Аўтар: Далідовіч Генрых,
Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: Наша слова № 10 (696) 16 САКАВIКА 2005 г.; № 11 (697) 23 сакавіка 2005 г.



Сёння ўжо нібыта даўняе мінулае такія перыяды нашай гісторыі, як і БНР, і БССР. Але...

Тут, у нас, Беларуская Народная Рэспубліка народзілася зусім мала, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка савецілася значна больш, да фармальнага альбо юрыдычнага распаду СССР у 1991 годзе, хоць, здаецца, у многім - толькі ў падпраўленым выглядзе, пад уплывам знешніх фактараў - існуе яшчэ і цяпер. Гаворка ідзе не толькі пра былыя сімвалы, назвы, помнікі, якія спрэс на кожным кроку. Хіба, можа, толькі дзеці ўжо не зусім савецкія, дык ім прыйдзецца ў будучыні вызначаць наша аблічча. Зразумела, з вялікім спазненнем у параўнанні з нашымі суседзямі.

Пра перыпетыі ўтварэння БНР і БССР напісана нямала. За межамі Беларусі і тут, у нас. Літаральна да 1990-х гадоў, бадай, усё гэтае мела супрацьборны характар: адны нападалі на адных, у некаторым сэнсе - свае ж на сваіх. Асаблівай заўзятасцю, фальсіфікацыяй, варожасцю вызначаліся нашы, савецкія, ідэолагі і іхняя абслуга - многія так званыя вучоныя-гісторыкі. Тых, хто жадаў пісаць пра тое сумленна, можна пералічыць на пальцах, а тых, хто хоць у падтэксце рабіў гэта, - на пальцах адной рукі.

У 1980-1995 гадах і я - у прозе - далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР і БССР, выклаў сваю версію ў раманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" і "Свой дом". На аснове асэнсавання амаль усяго надрукаванага і ў нас, і ў Заходняй Беларусі, і за мяжой (меў такі-сякі доступ і да спецсховішчаў), у сілу сваіх здольнасцяў і, на вялікі жаль, часамі хаваючыся за псеўданімы герояў, заблытваючы іхнія біяграфіі і г.д., каб надрукаваць творы не толькі ў белых і чорных, а ў шматколерынх фарбах, не ганьбіць шчырых і высакародных, не ўзвышаць непрыяцеляў. За апошняе дзесяцігоддзе з'явілася шмат новых і, галоўнае, ужо спакойных, разважлівых, слушных даследаванняў, самых розных публікацый раней нам невядомага ці знанага мала, дык, мабыць, агульная карціна таго былога праяснілася і ўжо ацэнена больш-менш справядліва і дакладна. Але хоць у агульных рысах вядома шырокаму колу нашай грамадскасці пра аднаўленне нашай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя? Пра нюансы, нават зігзагі гэтай справы? Пра лёс яе натхніцеляў, стваральнікаў і сапраўдных непрыхільнікаў, а то і ворагаў? Урэшце, пра тое, каго мы ўжо калі не бэсцім, то замоўчваем, а каго па-ранейшаму ўшаноўваем?

Ні ў якім выпадку не пасягаю на думку ў апошняй інстанцыі, як не варта прэтэндаваць на гэта і іншым, проста хочацца сказаць сваё слова, слова чалавека, грамадзяніна, які пра вышэйзгаданае нямала чытаў, думаў-разважаў, пісаў і каго ўсё тое зноў хвалюе, не дае спакою.

Слова першае. 1917 год.

1917-ты - пераломны і лёсавызначальны. Падзеі, што выбухнулі тады ў Расійскай імперыі, абумовіла першая сусветная вайна. У бойню ўцягнулі каля 40 краін з 1,5 мільярда насельнікаў і, канечне ж, не з-за нейкага аўстрыйскага прынца Фердынанда, каго пазбавіў жыцця серб-студэнт Прынцып. Мільёны маладых і здаровых мужчын паслалі ваяваць, гніць у акопах, калечыцца, гінуць "за веру, цара ( караля, імператара, прэзідэнта, кайзера і г.д.) і Айчыну", а на самай справе - пановаму перадзельваць свет, багатых і вяршыцеляў людскіх лёсаў рабіць яшчэ багацейшымі і больш уладнымі.

Як і раней з удзелам Расіі ў войнах з Вялікім Княствам Літоўскім, з Рэччу Паспалітай, са шведамі, французамі і іншымі, нашаму краю зноў "пашанцавала": са жніўня 1915 года ён стаў арэнай баёў велізарных германскай і расійскай армій.

Кайзераўцы акупавалі чвэрць беларускіх зямель, фабрыкі і заводы разбуралі, абсталяванне і моладзь вывозілі ў Германію, спалілі ці разабралі больш за 140 тысяч будынкаў, у тым ліку шмат помнікаў гісторыі і культуры, рабавалі сялянскія хлявы і гумны. Царскія дывізіі таксама прынеслі не дабрабыт: збывалі ўглыб імперыі прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, абіралі сялян для патэб звыш 2 мільёнаў салдат і афіцэраў Заходняга і Паўночнага франтоў. Наш край да ўсяго панёс і іншыя агромністыя людскія страты (яшчэ да вайны не адну сотню тысяч люду спакусілі з'ехаць у Сібір, у вайну не адну сотню тысяч змусілі падацца ў бежанцы, апрануць вайсковую форму. Не выпадкова, што ў 1914-1917 гадах, лічы, не было каму абрабляць зямлю, сеяць і садзіць, дагледжвалася толькі чвэрць палёў, мелі крыху больш трэці збожжа з таго, што збіралі раней.

Яшчэ воблік краю змянілі прыезджыя з цэнтральных губерняў - мноства рабочых і чыноўнікаў; сюды, як аваднёў у спякоту, наляцела процьма "патриотов", а таксама канспіратараў-падпольшчыкаў. Ніхто з іх не зважаў і не думаў клапаціцца пра гаротны наш народ, які апынуўся на мяжы духоўнага і фізічнага вынішчэння, наезджыя трымалі ў полі зроку расійскую армію: адны - каб з ёю дабіцца перамогі для Расійскай імперыі, іншыя - каб з ёю Расійскую імперыю разгайдаць, падарваць знутры (з апошніх у розны час па заданні прыбылі Ландар, Любімаў, Кнорын, Фрунзе, Позерн, Берсан, Алібегаў, Крывашэін і інш.)

Для таго, каб скалануць калі не ўсю Расійскую імперыю, то хоць бы яе цэнтр, патрэбна было "маленькое, но очень серьезное дельце" Знайшлі. Шматгадовая вайна з нястачай і смерцю пачала надакучваць простаму народу, салдатам, пазбаўляць пакланення "вере, царю и Отечеству", дык вось менавіта ў адным з сэрцаў імперыі, у Петраградзе, як пазней стала вядома, пачалі прыхоўваць, нават марнаваць за горадам муку і мяса, змушаць жанок і дзяцей суткамі пакутаваць у чэргах. Гаспадыні забунтавалі, тут як тут заявіліся агітатары, хлебны бунт перавялі ў палітычны, узбудзілі рабочых і салдат - у Петраградзе ўспыхнула лютаўская рэвалюцыя. Цар занепакоіўся, але цяпер ужо не асмеліўся праліць кроў, ды значна большую, чым у 1905 -м, папрасіў падтрымкі ў камандуючых усіх франтоў. Надзейнай помачы ніхто яму не паабяцаў, і Мікалай ІІ пад націскам асобных думцаў палічыў выйсцем з сітуацыі сваю адмову ад трона, які перадаваў брату. Але той не захацеў штыхамі змагацца за высокі пасад.

Царызм упаў; у Петраградзе публічна і закулісна пачала фармавацца новая ўлада. У Менску, здавалася, усё паранейшаму ціха; камандуючы фронтам і ўладныя цывільныя чакалі "распоряжений", але на самай справе ўсё было іначай: на паверхню вынырнулі затоеныя дасюль сілы. Яны пачалі браць Менск у свае чэпкія рукі.

Тут варта нагадаць прарочыя перасцярогі Ф. Дастаеўскага пра небяспеку змены ўлады рэвалюцыйным шляхам. Ён папярэджваў: у час пераломных, гвалтоўных змен разгубліваюцца кансерватыўныя і сумленныя, наперад выскокваюць не толькі ідэалісты, а найперш фанатыкі, авантурысты, хціўцы, розныя нячаеўцы, якія намагаюцца ў зручныя, як мага карацейшыя часіны ўсеагульнага анямення імгненна дабіцца жаданай мэты - улады і захопу чужога багацця. Для такіх сіл нават у першыя хвіліны лютаўскай рэвалюцыі займелася спрыяльная магчымасць яшчэ і ў тым, што было за што нападаць на царызм з яго прагнілым чыноўніцкім і жорсткім карным апаратам, за "тюрьму народов". А тут яшчэ - зацягнутая вайна, зручная магчымасць паспекуляваць на народным горы.

Дык вось з затоеных сіл на самым пачатку лютаўскай рэвалюцыі ў Менску нечакана, нібы з-пад зямлі, заявіўся новы, рэвалюцыйны лідар. Земскі службовец Міхайлаў. Яшчэ малады, гадоў трыццаці, каржакаваты. Сімпатычны, вясёлы і таварыскі. Ён трапіў у наш край, у ціхае мястэчка Івянец, у красавіку 1916 вольнанаёмным у артылерыйскую частку, затым неяк вельмі ж хутка і ўдала перавёўся ў Менск. Чаму "вельмі ж хутка і ўдала?". Ды таму, што царская ахоўня і вайсковая контрвыведка не зацікавілася: а хто гэты невядомы Міхайлаў? А каб паднялі яго дассе, то аж за галаву схапіліся б: ды тэта ж той, хто нарадзіўся ў Пішпеку, скончыў гімназію, у 1904-м паступіў у Пецярбургскі палітэхнічны інстытут, з таго ж года і член бальшавіцкай партыі. За ўдзел у студэнцкіх і рабочых "антиправительственных" гуртках выключаны з інстытута. Ладзіў у Іванава-Вазнясенску забастоўкі, адпрацоўваў тактыку стварэння Саветаў, падрыхтоўваў штурмавікоў і баевікоў, якіх у 1905-м прывёў на паўстанне ў Маскву, абвінавачваўся ў забойстве паліцэйскага. Арыштоўваўся, двойчы прысуджаўся да пакарання смерцю як "государственный преступник", восем гадоў правёў у турмах і на катарзе, адкуль уцёк, і вось ужо тут - спачатку на фронце, а затым у земстве. Так, гэта быў спрактыкаваны агітатар і баявік, чалавек з жалезнай хваткай - Фрунзе. Фрунзе са штурмавікамі не стаў вычэкваць ні хвіліны "новых распоряжений", а адразу ж пачаў распраўляцца "со старым режимом" у Менску: абяззбройвалі, знявольвалі разгубленых гарадавых, займалі паліцэйскія ўчасткі, жандарскае і ахоўнае аддзяленні, нават больш чым смела арыштавалі губернатара: армейскія патрулі, менчукі-разявякі глядзелі на ўсё гэта з пацешкай, паколькі недалюблівалі "апору" царызму. Старшыня Менскай губернскай земскай управы Самойленка спрабаваў суцішыць калегу па земстве, заклікаць да "законности", але для ахмялелых ад поспеху фрунзенцаў гэта было пустое слова. У рэвалюцыі адзін закон, гаварыў Бухарын, пераможа той, хто каму першы праломіць чэрап.

Маючы досвед і спрыт, Фрунзе і аднадумцы ў лічаныя дні борзда ўтварылі Менскі Савет (апроч бальшавікоў туды трапілі меншавікі і бундаўцы). У выканкаме гэтага Савету не знойдзецца месца ніводнаму беларускаму дзеячу, увогуле беларусу. Але тым не менш Менскі Савет будзе дзейнічаць "от имени народа". Калі сюды, у Менск, прыедуць вайсковы і марскі міністр Гучкоў і член Дзярждумы Шчэпкін, каб вайскоўцам і ўладным цывільным расказаць пра палітыку новых петраградскіх уладаў, пазнаёміць з іхнімі першымі дакументамі, то ўжо на сустрэчы ў гарадскім тэатры Фрунзе крыху раскрыецца ў сваёй прамове, але яго ўсё роўна прызначаць начальнікам менскай міліцыі. Пазней вышэйзгаданы Самойленка будзе ў роспачы хапацца за галаву: "Как же он (Шчэпкін), будучи здесь в первые дни революции, мог участвовать в этой "складчине", которая подарила нашему городу в начальники милиции г. Фрунзе (Михайлова)?".

Фрунзе, спрытна скарыстаўшы сітуацыю, дапамагае ўтвараць Менскую аб'яднаную арганізацыю РСДРП, рыхтаваць пршыя з'езды вайсковых і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту, сялянскі з'езд Менскай і Віленскай губерняў. Нават сёння цяжка ўявіць, як яму ўсё гэта ўдавалася? Чаму так, калі не патуралі, то не заміналі генералы, цывільныя ўладцы? У іх жа пад носам спакушалі, зводзілі армію, рабочы люд! Ці баяліся апошніх, міжволі саступалі новым дырыжорам, яшчэ не ведаючы, што гэта за асобы? У гэтым сэнсе газета "Правда" за 15 сакавіка 1917 года, сапраўды, не магла не без адкрытай радасці напісаць: "Переворот в Минске прошел быстро і безболезненно. Минск принял всё готовое. Наиболее туго воспринимала происшедшее высшая военная среда, но и ей пришлось быстро и предупредительно заявить себя сторонницей новой власти..."

Генералы разгубіліся, вычэквалі і гэтым самым яшчэ больш ініцыятывы аддалі ў рукі Фрунзе і ягоных памагатым. Гэтыя на першым з'ездзе вайсковых і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту 7-17(20-30) красавіка 1917 -га, іграючы на пачуццях салдацкіх і рабочых мас, на іхнім суме па доме і сям'і, не толькі ў значнай меры авалодалі настроем маладасведчанага люду, але і хітра ды паспяхова пасварылі салдат і рабочых з афіцэрамі ды генераламі, падаўшы апошніх як рэакцыянераў-старарэжымнікаў, тых, хто абараняе інтарэсы буржуазіі і супраць народнага шчасця. Гэта яшчэ больш аддаліла генералітэт ад арміі, засцерагло, каб яна, армія, па загадзе зверху цяпер і пазней не рушыла на Петраград, на "новую народную власть". Энергіі, поспеху прапаганды, што часамі была звычайным папулізмам, дэмагогіі, і далей праяўленых Фрунзе нельга не здзіўляцца: ён павёў рэй і на першым з'ездзе сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту (салдат-сялян), дзе, дарэчы, было шмат эсэраў, якія лічылі сябе выказнікамі сялянскіх дум. Можа, удачліва спрацавала і тое, што Фрунзе пачалі ствараць славу новага чалавека, лідэра, народнага героя, барацьбіта за светлае будучае. Сяляне, у тым ліку і беларусы, эсэры згадзіліся з яго рэзалюцыямі, што яны супраць аўтаномі Беларусі і супраць увядзення беларускай мовы ў школах. Болей за тое - нібы аслеплыя, абяруць яго на чале выканаўчага камітэта сялянскіх дэпутатаў і дадуць права ад імя беларускіх сялян (лічы, усяго народа, да якога яго занёс вецер з год таму), выступаць на Усерасійскім сялянскім з'ездзе. Аморфныя Менск і правінцыя працягвалі прымаць "всё готовое". "Переворот" замацоўваўся нібыта законна, "быстро" і "безболезненно!"

На травеньскім Усерасійскім сялянскім з'ездзе (Ленін, вярнуўшыся ў Расію, ужо даў указанне бальшавікам выйсці з "аб'яднанак" і ўзяць курс на самаасобны захоп улады) Фрунзе выступіў ад імя нашых сялян, заклікаў адхіліць ад улады Часовы ўрад і даць паўнамоцтвы Усерасійскаму Савету. Галасавалі за 17, супраць - 800.

Значыць, тут "белорусский эксперимент» не прайшоў, чым Беларусі далі аплявуху за тое, што яна фактычна свой лёс неабачліва ўручае выпадковаму люду, які першнаперш займаецца палітыканствам, дабіваецца сваіх мэт.

Пра аморфнасць нашых сялян гаварылася ўжо. А што ўласна "шчырыя", "свядомыя?"

На пачатку артыкула спецыяльна падкрэслівалася цяжкая сітуацыя, што напаткалася з першай сусветнай вайною. Варта дадаць і тое, што царскі ўрад пільна сачыў за развіццём нацыянальнай свядомасці беларусаў, найбольш адукаваных і пасапраўднаму патрыятычна настроеных проста прыбраў з Беларусі: хтосьці з іх пакутаваў на сібірскай катарзе (Лёсік, Гарун), некаторыя былі параскіданыя па расійскіх прасторах (Зм. Жылуновіч, А. Чарвякоў, Б. Тарашкевіч), хтосьці гібеў у акопах (Я. Купала, Я. Колас), а хтосьці застаўся ў акупаванай немцамі Вільні (браты Луцкевічы, В. Ластоўскі, і яны, апошнія, дарэчы, рабілі там шмат для беларускай справы, у тым ліку і прыцягвалі ўвагу Еўропы да такога цяжкога лёсу беларускага народа). І яшчэ. Як бачылі вышэй, тады. У 1917-м, даволі ціхі губернскі Менск раптам ажывіўся, на яго пачалі глядзець з цікавасцю, бо ён (лепш сказаць, царскі генералітэт у ім, як і ў Магілёве) мог рашыць лёс рускай рэвалюцыі ў той ці іншы бок. Пакуль што, як казалі, тут удала дзейнічалі бальшавікі, якія рэвалюцыйны працэс спажывалі на сваю карысць. Паўторым, на сваё сённяшняе і будучае.

Нават з рэвалюцыяй у тым жа Менску беларуская справа проста не магла падаць свой голас дружна, рэзка і моцна. Да вышэйпералічаных абставін у ім у час першай сусветнай вайны варта дадаць і яшчэ адну немалаважную акалічнасць - нацыянальны склад горада. Імперская палітыка склалася так, што, скажам, перапіс 1897 года выявіў, што ў тагачасным Менску было недзе каля 80 тысяч насельнікаў, з іх каля 50 тысяч яўрэяў, звыш 15 тысяч рускіх, звыш 10 тысяч палякаў і ўсяго каля 9 тысяч беларусаў у асноўным у ролі "обслуги". Найбольшая доля беларусаў была ў Магілёве, каля 30 працэнтаў. Значыць, асноўная беларуская маса была ў вёсцы, яшчэ раз скажам, знясіленай эміграцыяй, бежанствам, вайсковымі наборамі, дзвюмя агромністымі ваенным армадамі, а да ўсяго, як і многія вёскі ў свеце, кансерватыўнай па характары.

У Менску тады дзейнічалі культурна-асветны цэнтр "Беларуская хатка", Таварыства помачы ахвярам вайны, дзе жменька прыстойных, але небагатых інтэлігентаў (пісьменнікі Ядвігін Ш.., Зм. Бядуля, А. Паўловіч, Ф. Шантыр, артысты У. Галубок і У. Фальскі, асветніца З. Верас з сем'ямі, а ў 1916-17 гадах і паэт М. Багдановіч), як маглі, дапамагалі сіротам, абяздоленым кавалкам хлеба і цяплом роднага слова. Каб пайсці ў палітыку, у іх не было не толькі сродкаў, але ні досведу шматгадовай падпольнай работы, ні сувязяў ды загадзя падрыхтаваных баевікоў, тым больш, што ва ўспомненай сітуацыі ўласна беларускія клопаты не цікавілі ні вайсковыя і цывільныя ўлады, ні партыйныя групоўкі. Але паколькі новая ўлада побач з амністыяй палітвязням і рознымі свабодамі абвясціла і "отмену всех сословных, вероисповедальных і национальных ограничений", то не мог не загучаць і беларускі голас. Беларускіх дзеячаў у новыя органы ўлады не дапускалі, але ім з ухмылкай часамі давалі слова на розных сходах - гаварыце, выяўляйцеся, - і тут жа выступоўцаў абсмейвалі, абражалі, абвінавачвалі ў самых розных "антинародных" грахах. Сцягнуць у такіх умовах надмагільную пліту з усяго беларускага было надзвычай цяжка. "Не было, няма і не будзе ніякай Беларусі!" дык і не блытайцеся пад нагамі! Не май і далей свайго дома, быў, ёсць і далей будзь нечая рабсіла! Як тая ж жывёла. Вол альбо конь!

Ды ўсё ж нават пры нешматлікай сіле "шчырых" і "свядомых" не ўдалося "быстро" і "безболезненно" пахаваць "белорсский вопрос", не ўсе ўбачылі ў гэтым ужо "готовое". Наадварот, пачало пашырацца кола тых, хто зажадаў самім вырашаць свой лёс, дбаць пра адраджэнне гістарычнай памяці, дзяржаўнасці, мовы і культуры. Паўсталі беларускія сілы ў Петраградзе (ужо ў красавіку там было болей за 1000 сяброў БСГ - Беларускай сацыялістычнай грамады) і ў іншых гарадах, на франтах, вярнуліся са ссылак ветэраны беларускага руху. Апошнія хутка адрадзілі ў Менску камітэт БСГ і нечакана для многіх праявілі аператыўныя арганізацыйныя здольнасці - 25.3(7.4) 1917-га склікалі даволі прадстаўнічы з'езд беларускіх дзеячаў (каля 150 дэлегатаў), ход якога ўзялі ў свае рукі Зм. Жылуновіч, А. Гарун, Б. Тарашкевіч, А. Бурбіс і іншыя вядомыя людзі. На гэты з'езд мусілі прыйсці і запрошаныя ад новых улад і партый, усе яны мелі слова, але некаторыя з іх выступілі альбо з нафталінна-шавіністычнымі, альбо з антыбеларускімі прамовамі, у тым ліку і супраць увядзення беларускай мовы ў школах. Адпаведна, на з'ездзе не маглі не закіпець жарсці, была правакацыйная спроба сарваць яго, ды ўсё ж працавалі розныя камісіі, былі прынятыя рэзалюцыі. Праўда, апошнія былі сціплыя: аўтаномія ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі, адкрыццё беларускага ўніверсітэта, пераход навучання ў пачтковых школах на родную мову і г.д. але і супраць гэтага той жа Фрунзе з аднадумцамі, якія ўжо адчулі смак улады, а з імі і іншыя, паднялі сапраўдны вэрхал, нахабна ўжываючы дэмагогію, фальш, абразы і абвінавачванні, скажам, за тое, што на чале ўтворанага БНК - Беларускага нацыянальнага камітэта - абралі чалавека, які меў навыкі дзяржаўнага кіравання, сувязі ў Петраградзе, дэпутата 1-й Дзярждумы, землеўласніка Р. Скірмунта: "помещищья, буржуазная интрига", "польские происки" , "контрреволюция!". Супрацьстаяць шквалу атак з усіх бакоў, вераломнай лексіцы, папулярным тады прысудам было вельмі нялёгка. Ды трэба было шукаць нейкае выйсце. Не знайшоўшы шырокай дапамогі ў родным Менску, беларускія дзеячы падаліся з "челобитной" - слязніцаю - у Петраград, да новай улады, што публічна, высакамоўна аб'явіла "отмену национальных ограничений". Керанскі беларускую дэлегацыю не прыняў, а новыя міністры сустрэлі холадна, іх зусім не ўсцешыла яшчэ такая і беларуская ўвішнасць: ім паддалі ўжо клопатаў фінляндскі, польскі, літоўскі і ўкраінскі "вопросы". Пачуўшы штосьці неакрэсленае, туманнае, беларускія дзеячы яшчэ і яшчэ раз пераканаліся: трэба не столькі спадзявацца на "добрага дзядзьку", колькі самім дбаць пра сябе.

З падачы фрунзенцаў на тыя з'езд, БНК у БССР навешвалі самыя розныя ярлыкі да самага апошняга часу, толькі ў 1995-м у энцыклапедычным даведніку "Беларусь" (галоўны рэдактар Б. Сачанка) ім далі спакойную і справядлівую ацэнку, прызнаўшы, што яны мелі станоўчае значэнне для фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці і дзяржаўнасці. Апошняму, безумоўна, паспрыяла яшчэ і тое, што тады ў Менску пачало працаваць Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (кіраўнік Ф. Ждановіч, 24 красавіка ў гарадскім тэатры паставілі "Паўлінку"), з'явіліся газеты "Вольная Беларусь" - орган БНК, "Грамада" - орган БСГ (з-за правакацый і рознагалоссяў гэтая партыя ледзь не развалілася, але ў чэрвені на канферэнцыі ў Петраградзе захавалася, абрала свой ЦК на чале з Зм. Жылуновічам). З'яўленне свайго друку дапамагло прапагандаваць гісторыю і культуру, нацыянальныя і дзяржаўныя ідэі, весці палеміку з апанентамі і ворагамі беларушчыны. У выніку паволі, але ўпэўнена мацнелі беларускія сілы (да канца лета ў іхніх шэрагах налічвалася болей як 25 тысяч свядомых асоб, здаецца, 23-х палітычных кірункаў), але расло і заўзятае супраціўленне ім. Часовы ўрад ужо мусіў канкрэтней звярнуць увагу на нацыянальнае пытанне, але пакуль што толькі на даволі бурнае фінляндскае, польскае, украінскае і літоўскае, на яго думку, самыя вострыя, з моцнымі незалежніцкімі тэндэнцыямі. Беларусь паранейшаму яго непакоіла не столькі як такая, колькі найперш як месца супрацьстаяння гераманскай і расійскай армій; асмакаваныя ўладай, прагныя да новых поспехаў фрунзенцы не дапускалі і думкі нават пра супрацоўніцтва, рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб замацаваць надмагільную пліту на беларускасці, дзеля чаго не грэбавалі ніякімі сродкамі, каб абылгаць, дарэшты знішчыць яе, за што беларускія дзеячы папікалі іх у працягу антынацыянальнай палітыкі царызму, клікалі на трацейскі суд; а тут яшчэ польскія сілы на чале з Доўбар-Мусніцкім і іншымі, якім Часовы ўрад дазволіў утварыць на нашых землях польскае войска і многія з якіх пачалі патрабаваць не проста аднаўлення польскай дзяржаўнасці, але адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, дзе, зразумела, літоўцы, беларусы і частка ўкраінцаў бачыліся як іхнія падуладныя, а землі апошніх - як польскія абшары, "крэсы". Гэтыя, на вялікі жаль, шавіністычныя заявы прадстаўнікоў таксама прыгнечанага царызмам народа не маглі не занепакоіць: некаторыя з афіцэраў, генералаў-беларусаў, хто служыў у царскай арміі, ваяваў і цяпер адчуў сябе беларусам, таксама пачалі для падмацунку ствараць свае баявыя сілы (полк у Менску, эскадрон пад Оршай і інш.), і іх, вайскоўцаў, за гэта тады і пазней асуджалі, але хіба самыя свядомыя, разважлівыя, клопатныя з іх за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў не мелі рацыю, калі лічылі, што і ім трэба абараняцца не толькі ўпрослівым словам?! Лічыліся, лічацца і будуць лічыцца і з духоўнай, і з фізічнай моцаю!

Калі стрымаўшы ў Петраградзе бальшавіцка-меншавіцкія Саветы, прыйшоў да адзінаўладдзя Часовы ўрад (некаторыя меншавікі засупрацоўнічалі з ім) і пачаў шырока дэклараваць, што будучыня ўсёй былой царскай Расіі будзе вырашацца на хуткім Устаноўчым сходзе, на які будуць абраныя прадстаўнікі ўсіх нацый, нацыянальных меншасцяў, палітычных партый і г. д., то ў Менску беларускія дзеячы ўспрынялі гэта з надзеяй - калі не ўсе, то многія: усклалі спадзяванне на парламент і законнасць, чаго сродкамі Дзярждумы дагэтуль у Расійскай імперыі дабівацца не вельмі выпадала, бо часамі дэпутаты-палемісты ператваралі парламентарызм у агітацыйна-дыскусійны клуб прапаганды сваіх поглядаў, з-за чаго цар, бывала, і распускаў Дзярждуму. Каб удакладніць сваю пазіцыю, беларускія дзеячы ўлетку склікалі свой другі з'езд, якім таксама кіравала БСГ: левае крыло нашых землякоў (Зм. Жылуновіч з Петраграда, А. Бурбіс з Масквы), правае (Лёсік і іншыя менчукі). Былі на з'ездзе і пасланцы ўсіх нацыянальных партый і многіх усерасійскіх. Як і раней, не абышлося без спрэчак, у асноўным па вызначэнні статусу Беларусі. Зусім нечакана саюзнікам стаў адзін з вядомых эсэраў, заявіўшы, што ім і беларускім дзеячам тут замінае бальшавік Міхайлаў-Фрунзе, і заклікаў сумесна змагацца супраць таго. Урэшце прыйшлі да згоды, адхілілі ад кіраўніцтва Скірмунта і абралі Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. І, трэба сказаць, своечасова (тлумачэнне крыху пазней). На 2-й сесіі гэтай Рады, 28.10-6.11, будзе ўтвораная Вялікая беларуская рада, якая пацвердзіць ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, развіцця нацыянальнай мовы і культуры, разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай будзе весці работу па стварэнні беларускага нацыянальнага войска, а пазней будзе рыхтаваць снежаньскі з'езд.

Часовы ўрад вырашыў працягваць вайну да "победного конца", для чаго адмяніў многія свае ж дэклараваныя "свободы": увёў на франтах смяротную кару за "дезертирство" і "предательство", загадаў вайсковаму міністру і міністру ўнутраных спраў закрываць усе малыя, вялікія сходы і з'езды (18 ліпеня выдалі нават "Манифест о роспуске финляндского сейма"). Прыціхлыя генералы павесялелі, а Карнілаў зажадаў стаць ваенным дыктатарам Расійскай імперыі, дык ужо прыйшлося мабілізоўваць агульныя сілы супраць яго.

Ды мы - пра Менск і Фрунзе. Увосень бальшавіцкі цэнтр адкліча яго з нашага краю для іншай дзейнасці. І трэба сказаць, пазней, у грамадзянскую вайну, ён Фрунзе, вызначыцца яшчэ больш. Кемнасцю, загартаванасцю ў дыскусіях, ваеннымі здольнасцямі неверагоднай жорсткасцю (было, што па яго загадзе палонных белых афіцэраў вывозілі ў мора і тапілі жывымі). Пасля адстаўкі Троцкага ён узначаліць Чырвоную Армію, выб'ецца ў вышэйшую савецка-бальшавіцкую эліту, ягоны голас будзе нямала значыць - адпаведна, ён стане небяспечны для кіраўнічых вярхоў, і яго без ніякай патрэбы пакладуць на аперацыйны стол і загубяць (крыху пазней нібыта ў аўтамабільнай катастрофе загіне Мяснікоў). З-за таго, што яшчэ маладога, поўнага энергіі і сіл Фрунзе подла знішчылі, яго па-чалавечаму шкада, але ўсё роўна прыкра, што і ягоным іменем не толькі названая вуліца ў Менску, але менавіта на ёй знаходзіцца наш Дом літаратара. Справа тут не толькі ў тым, што ў пераломным, цяжкім, а ў нечым і спрыяльным 1917-м Міхайлаў-Фрунзе не даваў падняць галавы беларускаму ў Беларусі (И что за диво?... издалека, Подобный сотням беглецов, на ловлю счастья и чинов заброшен к нам по воле рока; смеясь, он дерзко презирал земли чужой язык и нравы; не мог щадить он нашей славы; не мог понять в сей миг кровавый, на что он руку поднимал!...", а ў тым, што ён надоўга, па сённяшні дзень, заклаў традыцыю усё нацыянальнае разглядаць як нацыяналізм, як штосьці самае варожае і злачыннае, даў натхненне антыбеларускасці, і гэта, апошняе не толькі жывучае, але і па-ранейшаму для нас ядавітае.

Фрунзе з'ехаў з Менска; цяпер тут пачне ўзвышацца роля Мяснікова, Ландара, Кнорына і іншых, і ўжо яны радасна 25 кастрычніка абвесцяць "Приказ № 1. К населению г. Минска и окрестностей" пра тое, што ў Петраградзе ўлада перайшла да Саветаў, і што яе шырока прызнаюць - адпаведна, і ў Менску ды паза ім улада таксама пераходзіць да Саветаў. Далей аб'яўлялася, што Менскі Савет прыняў "самые решительные меры к охране революционного порядка и установлению полезной дисциплины повсюду", а так-сама ўсталёўваецца "революционная цензура" над усімі газетамі, што тут выпускаюцца ці сюды прыходзяць. Са зняволеных улетку, а цяпер вызваленых вайскоўцаў быў утвораны 1-ы рэвалюцыйны полк імя Менскага Савета.

Новы (з 4 жніўня) камандуючы Заходнім фронтам (сімпатызаваў Карнілаву і яго рокашу) аказаўся больш рашучым за папярэдніка: 27 кастрычніка ўвёў у Менск войскі і артылерыю. Запахла разбурэннямі і крывёю.

Як успамінаў пазней В. Кнорын, сутыкненне, а то і баі прадухілілі "героі адзінага сацыялістычнага цэнтра (?) на чале з А. Б. Штэрнам (?)".

Патальнікі, пастаўленыя ў цытату, азначаюць, што асабіста я не маю пад рукой кнкрэтных фактаў, хто такія тыя выратавальнікі-штэрнаўцы. Зрэшты, ніхто з нас не шмат дакументаў, скажам, "жывых" пратаколаў знойдзе і з бальшавіцкіх пасяджэнняў, сходаў, канферэнцый, з'ездаў у Менску і па-за ім, як у 1917-м, так і пазней: ці тыя пратаколы не вяліся, ці згубіліся альбо вывезеныя і схаваныя, але цяпер ясна адно: бальшавікі заўсёды старанна засакрэчвалі сваю сапраўдную дзейнасць, на публіку, у друк давалі толькі адрэдагаванае і ім выгаднае. Асноўныя крыніцы, што раней былі даступныя, пра той час - тагачасныя газетныя публікацыі і пазнейшыя ўспаміны, дзе, зразумела, вернаадданніцкае ўсхваленне партыі, сябе і яраснае абвінавачванне ўсіх, "кто был не с нами".

Але калі набрацца цярпення і дапытліва прааналізаваць мемуары 20-30-х, а таксама ў 50-я рэдкіх ацалелых (многія нашы гісторыкі менавіта па іх, "готовых" ацэнках, "навукова" абгрунтоўвалі перамогу бальшавікоў), то ўсё ж, як кажуць, з сотні арэхаў можна знайсці некалькі, дзе ёсць калі не захаваны плод, то хоць уяўленне, якім ён мог быць. Дык вось, калі расшчапіць тыя "арэхі" - успаміны сведак - бальшавікоў у індывідуальных і калектыўных зборніках, - то пэўным чынам вымалёўваецца тагачасная сітуацыя.

Каб прадухіліць кровапраліцце ў Менску, на парытэтнай, г.зн. роўнай, аснове ад вайскоўцаў і палітычных партый утварылі Камітэт ратавання рэвалюцыі: па дамове штаб фронта не павінен быў умешвацца ў падзеі, займацца аператыўнай баявой дзейнасцю, а палітычныя партыі, у тым ліку і бальшавікі (яны, як і іншыя, паслалі ў Камітэт двух сваіх чалавек) павінны захоўваць спакой. Апошняе не вельмі задавальняла Ландара - старшыню Менскага Савета, і Мяснікова. Каб замацаваць пазіцыі Саветаў і не дапусціць войскі на Петраград, яны пачалі ўтвараць свой Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняй вобласці і фронта, але пакуль што не асмельваліся з сілай ісці насуперак Камітэту ратавання.

Апошні (пад патранажам камісара Часовага ўрада на Заходнім фронце) пасля гарачых дыскусій і спрэчак прыняў рэзалюцыю з шасці пунктаў, дзе галоўнымі, бадай, былі два: Камітэт не прызнае ўтворанага ў Петраградзе Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта і не падпарадкоўваецца яму, часова бярэ ўладу на Заходнім фронце. Утварылі камісію па назірку за дасягнутымі дамовамі. Варта зазначыць, што, здаецца, упершыню афіцыйна ў новыя структуры ўлады былі запрошаныя і беларускія дзеячы: адзін - ад Вялікай беларускай рады, другі - як "відны нацыянальны дзеяч".

Пасланцы розных палітычных партый пільна сачылі адны за аднымі, уздымалі шум-бурум нават з-за розных дробязяў; час паказаў, што бальшавікі ў Менску не пайшлі ні на які кампраміс, яны проста прыкідваліся саюзнікамі, выйгравалі час, бо на самай справе тайна рынуліся ў вайсковыя часткі збіраць сілу. Іх падлоўлівалі на гэтым, патрабавалі распусціць іхні Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, але яны адмахваліся. Пазней член Камітэта ратавання, старшыня Менскага камітэта РСДРП(б), член выканкама Менскага Савета і бюро яго бальшавіцкай фракцыі І. Алібегаў ва ўспамінах "Под знаменем большевиков" прызнаецца: "Канешне, мы выдатна ведалі пра паездку таварышаў на фронт па ўзброеныя сілы і намагаліся ўтаіць гэты факт".

Бальшавікі прывялі ў Менск бронецягнік у ноч з 1 на 2 лістапада; яго кулямёты і гарматы змусілі панікнуць Камітэт ратавання, а калі стала вядома, што Часовы ўрад не здолеў сабраць вайсковую сілу і павесці яе на Петраград, яны, бальшавікі, з хіхіканнем пакінулі Камітэт, абвінавацілі яго ў здрадзе рэвалюцыі і далейшы ход падзей узялі ў свае рукі. Над рэўкамам вобласці, над фронтам пачаў узвышацца Мяснікоў. Ён паспрыяе сілай скінуць у Магілёве Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала Духоніна, які не падпарадкаваўся загаду Леніна весці перамовы з немцамі, і паставіць на гэтую пасаду бальшавіка Крыленку. В. а. Камандуючага Заходнім фронтам таксама назначылі бальшавіка, чым зусім было забяспечана "триумфальное шествие Советской власти".

Бальшавікі ў Петраградзе абвясцілі тое, чаго чакалі ледзь не ўсе: мір і зямля. І яшчэ пачалі аслабляць нацыянальнае напружанне:

"1. Равенство и суверенность народов России.

2. Право народов России на свободное самоопределение, вплоть до отделения и образования самостоятельного государства» і г. д., і да т. п.

Новыя лозунгі цёпла падтрымалі левыя беларускія дзеячы, якія ўжо сталі бальшавікамі (Зм. Жылуновіч, А. Чарвякоў і інш.), у парыве эмоцый ці не пазважаўшы, ці не ўбаачыўшы, што ў "Декларации прав народов России" ёсць абяцанак правоў, але зусім няма механізму, як гэтыя правы рэалізаваць. Гэта быў хітры ход ці, лепш сказаць, прывабны падман. Абы выйграць час! Абы набраць уплыў і моц!

Лістапад-снежань 1917 года вельмі эмацыянальныя і бурлівы. 7 лістапада Рада ў Кіеве абвясціла самастойную Украінскую рэспубліку (6 снежня анезалежніцца Фінляндыя, 11 снежня яшчэ больш амацуецца літоўская Тарыба, пайшоўшы на саюз з Германіяй). У Менску, усё больш падпарадкоўваючы сабе Заходні фронт, больш учэпіста ўладу бяруць бальшавікі, надаючы ёй "заканадаўчыя" і "выканаўчыя, функцыі (Аблвыкамзах і Саўнаркам), дзеляць партфелі народных камісараў, дзе зноў жа тутэйшых няма. Мяснікоўцы пачалі раззбройваць польскія, украінскія і беларускія вайсковыя фармаванні, як і раней, заціскаючы ўсё мясцовае, марачы пра сусветную рэвалюцыю, гэта значыць - Беларусь для іх усяго толькі плацдарм для ўварвання ў Еўропу.

Беларускі грамадоўскі рух у Расіі "залявеў" - больш за тысячу рабочых, маракоў Балтыйскага флота ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю на чале з А. Чарвяковым. Яны - за Саветы, як і петраградскі гурт на чале з Зм. Жылуновічам. Гэтыя лідары становяцца членамі Петраградскага Савета, а Жылуновіч у наркамаце па нацыянальных справах (наркам І. Сталін) займаецца беларускімі клопатамі, пазней узначаліць Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) як аддзел усерасійскага і газету "Дзянніца", пра якую, забягаючы наперад, трэба сказаць самае лепшае слова.

У Петраградзе пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў зусім нечакана ўзнікае Беларускі абласны камітэт (БАК). Яго лідары дыскутуюць і з менчукамі-беларусамі, і з Жылуновічам ды Чарвяковым, патрабуюць прызнання і ўлады. Тым не менш у Менску ідзе спроба захаваць свае вайсковыя сілы (да высілкаў Езавітава і Рак-Міхайлоўскага далучаюцца і некаторыя генералы-беларусы), а на 5 снежня плануецца правесці новы нацыянальны з'езд, але на гэты раз больш прадстаўнічы і з больш акрэсленай праграмай. Пасля перамоў менчукоў і петраградцаў лідары БАКа, якія дагэтуль не прызнавалі нікога, апроч сябе, раптам пайшлі да Сталіна з прызнаннем Савецкай улады і з просьбай пад іхняй эгідай правесці (здаецца, у Магілёве) 15 снежня з'езд наконт беларускага пытання. Паколькі Саўнаркам на чале з Леніным рыхтаваўся прызнаць права ўкраінцаў на самавызначэнне (зразумела, на савецкай платформе), то Сталін даў згоду, але з умовай: краявы з'езд Беларусі праводзяць БАК і Саветы ў Менску. Выбранаму на гэтым з'ездзе Савету і павінна належаць краявая ўлада на ўзроўні аўтаноміі. Чарвякоў і Жылуновіч пайшлі на кампраміс. Такім чынам, беларускія дзеячы ў Менску не дапускался вырашаць лёс Беларусі як такой.

Ленін выдзеліў БАКу грошы, тэлеграф, радыё, дапусціў, каб пры Саўнаркаме былі пасланцы ад БАКа, але калі апошні паспрабаваў трапіць на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўск, то яму рашуча адмовілі. Значыць, не прызнавалі і за ім ніякіх урадавых функцый.

Абураныя беларускія дзеячы ў Менску не сталі чакаць 15-га, а адкрылі свой запланаваны з'езд (на яго з'ехаліся яшчэ не ўсе дэлегаты).

З'езд да канца не давялі: БАК тэлеграмай загадаў "сход ад 5 снежня лічыць сходам, ніякіх рашэнняў не прымаць, іначай будуць пагібельныя вынікі", а па-другое, мяснікоўцы дарэшты раззброілі ўкраінскія, беларускія часткі і прыгразілі прымяненнем сілы. У гэтай сітуацыі Менск паспрабаваў узяць у свае рукі Доўбар-Мусніцкі; ягоныя часткі таксама раззброілі, штаб арыштавалі. Але асцерагаючыся варожасці з палякамі (у часцях Доўбар-Мусніцкага было нямала і беларусаў), міжнароднай рэакцыі, цэнтр загадаў доўбарчыкаў вызваліць, вярнуць ім зброю і ўсіх выслаць пад Бабруйск.

Я нідзе не бачыў і стэнаграмы пра тое, пра што і як перамаўляліся ў Менску прыезджыя лідары БАКа і Менскага Савета на чале з Ландарам пра намечаны "савецкі" беларускі з'езд, але ёсць ускосныя звесткі, што бакаўцы мелі спробу хоць крыху ды пазбавіць ландарцаў-мяснікоўцаў узурпацыі ўлады (да слова, праз прадстаўніцтва ў будучым краёвым Савеце, дзе, апроч сябе, бачылі і пасланцоў ад менскіх беларускіх дзеячоў, што Ландару-Мяснікову было косткай у горле, а па-другое, апошнія зусім не мелі намеру дзяліцца ўладай і, як пакажа час, маючы тайныя гарантыі цэнтра, зноў дасведчана загулялі ў "дэмакратыю).

Той, апошні ў снежні нацыянальны з'езд, які пазней назавецца Усебеларускім і які ўрачыста, з нацыянальнымі сімваламі, адкрыўся ў сённяшнім тэатры імя Янкі Купалы (сакратарыла на з'ездзе Зоська Верас; яна ўпотай паказала мне шмат тагачасных дакументаў), быў не толькі дазволены цэнтральнымі і менскімі ўладамі, але быў і цалкам законны ды паўнамоцны. Былі дэлегаты і запрошаныя. Са стэнаграмы вынікае, што вызначыліся чатыры кірункі: беларуская незалежнасць, аўтаномія, саюз з Саветамі і нейкі "адзіны непадзельны беларускі сацыялістычны фронт".

Мандатная камісія па прычыне, што неўзабаве назавецца, не паспее абнародаваць дакладную колькасць дэлегатаў, іхнія сацыяльнае становішча і партыйнасць і г.д. Было распісана недзе толькі 360 анкет. З іх вынікала: сацыялістаў-рэвалюцыянераў (правых) - 78, сацыялістаў-рэвалюцыянераў (левых) - 57, БСГ - 33, сацыял-дэмакратаў - 7, з Беларускай партыі сацыялістаў-народнікаў - 6, трудавікоў - 4, сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыялістаў - 2, беспартыйных - 79, тых, хто спачуваў бальшавікам ці эсэрам - 70, бальшавікоў - 30, "ідэйных бальшавікоў" - 2 і г.д. З "помещиков" ці "буржуа" трапіў... толькі адзін!

Канешне, за гэтым з'ездам быў самы пільны назірк. Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, палітычных кірункаў павінны былі законна вырашыць сённяшняе і будучае былога Паўночна-Заходняга краю, ужо не на с ловах, а на справе пераканацца ў сапраўднасці савецка-бальшавіцкай "Деклорации" аб правах народаў.

Вядома ж , зноў не магло не абысціся без спрэчак і правакацый, але здаровыя сілы не дапусцілі зрыву і роспуску з'езду. Ён ішоў сваім ходам, набліжаўся да прыняцця агульных кампрамісных рэзалюцый і пастаноў.

Ды з усіх пунктаў фактычна быў як след выпрацаваны і прыняты толькі адзін. Але які! Прызнаць Саветы ў Петраградзе, супрацоўнічаць з імі, а вось што да ўлады ў Менску, то тут трэба стварыць Усебеларускі Савет (Раду) сялянскіх, рабочых, салдацкіх дэпутатаў і ўсталяваць рэспубліканскі лад. Краёваму Савету (Радзе) павінна перайсці дзяржаўная ўлада.

Што з гэтага вынікае? Першае: з'езд не быў антысавецкім, а з адным буржуа - буржуазным. Другое: не грашыў нацыяналізмам, бо, змагаючыся за нацыянальную незалежнасць, аніяк не распальваў нацыянальнай варожасці. Трэцяе: яшчэ і яшчэ раз трэба паўтарыць, на законнай аснове афармлялася беларуская дзяржаўнасць і мірны пераход да ўлады ў ёй. Ды гэты кангрэс стане і "антисоветским", і "националистическим", і "буржуазным", і г.д. Найперш з-за таго, што ён не цалкам прызнаў чужародныя, створаныя сілаю Аблвыкамзах і Саўнаркам.

Ледзь толькі зацвердзілі вышэйназваны першы пункт, як у залу ўварваліся ўзброеныя ландарцы-мяснікоўцы і, як расказвала мне адна з удзельніц тых падзей, тагачасны ваенны менскі камендант, нехта п'яны Крывашэін у хромавых ботах і ў скураной куртцы, трасучы ў паветры наганам, загадаў спыніць з'езд. І запынілі. Прэзідыюм з'езду арыштавалі і зняволілі. А гэтым самым і сваю "Декларацию» аб правах народаў. Зразумела, гэты гвалт учынілі не толькі па волі Ландара-Мяснікова. Ім, гэтым гвалтам, беззаконнасцю закладваўся грунт для новай, Савецкай, улады, якая ўсіх пагоніць у "светлую будучыню" з дубінай у руцэ, праз мора чалавечых слёз і крыві.

Што да Усебеларускага з'езда, то пазней адзін з кіраўнікоў Савецкай Беларусі А. Чарвякоў нясмела зазначаў, што ўлады ў Менску паспяшаліся разганяць яго, бо там была моцная і бальшавіцкая плынь. В. Кнорын, хто, як і Фрунзе, Мяснікоў, Ландар і іншыя, упіўся ў Менску ўладаю і рабіў усё магчымае, каб не дапусціць да яе беларусаў, таксама прызнаваўся, што з'езд можна было давесці да канца. Не, Кнорын не прызнаваў сваіх памылак, ён мысліў іначай: той з'езд усё ж можна было раскалоць адабраць самых надзейных, прадажных і далучыць да сябе, г. зн. у іхнія Аблвыкамзах і Саўнаркам Заходняга фронта, і беларускае пытанне магло б быць паціху патушанае, гэтак бы не абвастрылася пазней.

... Толькі ў 1995 годзе ў гістарычнай навуцы ("Беларусь, энцыклапедычны даведнік") і таму, Усебеларускаму, з'езду далі адну з першых справядлівую, без ярлыкоў, начэпленых ландара-кнорына-мясніковымі і іхнімі пазнейшымі падпяваламі, ацэнку. Ды каго з фальсіфікатараў гісторыі і беларускга руху яна прысароміла? Што вельмі змяніла ў абліччы таго ж Менска, дзе ў 1917-м шмат што вырашалася, наш лёс у тым ліку?..

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX