Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Грыцкевіч Валянцін. Як мёсіянісцкі міф насаджаўся ў Беларусі


Аўтар: Грыцкевіч Валянцін,
Дадана: 22-09-2015,
Крыніца: Грыцкевіч Валянцін. Як мёсіянісцкі міф насаджаўся ў Беларусі // Спадчына №3-1996. С. 124-136.



"Заўважаючы, што беларуская народнасць з'яўляецца неадлучнаю часткаю расейскай нацыі i што па-за саюзам з іншымі расейскімі плямёнамі не можа мець самастойнай будучыні - гістарычнай i палітычнай, адзіным для яе шляхам з'яўляецца злучэнне з іншымі расейскімі плямёнамі для супольнай працы над атрыманнем грамадзянскай вольнасці".
З рэзалюцыі "Белорусского общества". 1911г.

"Міф нічога не хавае i нічога не афішуе, ён толькі дэфармуе; міф не ёсць ані хлуснёю, ані шчырым прызнаннем, ён толькі скажэнне".
Р.Барт


Палітолаг Ф.Хаек трапна адзначыў, што пакуль сацыялізм застаецца тэорыяй, ён інтэрнацыяналістычны. Але калі толькі яго пачынаюць ажыццяўляць на практыцы ці то ў Расеі, ці то ў Германіі, ён становіцца ашалела нацыяналістычным.

З Ф.Хаекам не ва ўсім можна згадзіцца. У Германіі нацыянал-сацыялізм быў адразу нацыяналістычным. Сацыял-дэмакратычныя ўрады ў краіне перад нацызмам сацыялізму не будавалі i не абвяшчалі ягонай пабудовы сваёю мэтаю.

Бальшавіцкі месіянізм стаў толькі новай экстрапаляцыяй расейскае месіяністычнае ідэі. Гэта праявілася не адразу. У гістарычнай навуцы i адукацыі Савецкага Саюзу гэта выявілася з напісаных улетку 1934г., а надрукаваных у "Правде" ў студзені 1936г. "Замечаний тов. Сталина, Жданова и Кирова по поводу конспектов учебника "История СССР" и учебника "Новой истории". А да таго?

Да таго існавала класічная схема Маркса, Энгельса i Леніна ў нацыянальна-каланіяльным пытанні. Паводле гэтай схемы расейскія цары захопніцкімі войнамі ператваралі сваю краіну ў "турму народаў". Схема была развітая ў шэрагу артыкулаў "марксіста, але гісторыка" (паводле трапнай характарыстыкі М.Гелера) М.Пакроўскага, напісаных у 1907-1910гг. i выдадзеных асобна ў 1923г. пад назовам "Дипломатия и войны царской России в XIX столетии".

Выказванняў Маркса, Энгельса, Леніна наконт захопаў тэрыторый Рэчы Паспалітай, г.зн. беларускіх, летувіскіх i ўкраінскіх земляў, наконт задушэння нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863гг., наконт нацыянальна-вызвольнага характару ўдзелу часткі беларускага i летувіскага жыхарства на баку Напалеона ў 1812г., дастаткова. Але гэтых выказванняў як агню баяліся беларускія марксісцка-ленінскія гісторыкі 40-80-х гг. Яны ніколі не прыводзілі гэтых цытатаў, паколькі апошнія ўшчэнт разбуралі іхную схему ўзаемадачыненняў царскай Расеі й Беларусі "ў святле ўказанняў" расейскіх манархісцка-клерыкальных i савецкіх гісторыкаў.

Сталін, скінуўшы са свайго шляху супраціўнікаў, канкурэнтаў, выкарыстаўшы адных сваіх саюзнікаў, а потым адкінуўшы ix, узяўшы ў гэтых былых саюзнікаў, а потым ворагаў, іхныя ж "трацкісцкія" i "бухарынскія" ідэі, пачаў выкарыстоўваць гісторыю для ідэалагічнага выхавання ў сваім кірунку. Вялікі Правадыр лічыў, што шырокія колы народу можна выхаваць не на адцягненых догмах i паняццях, а на канкрэтных гістарычных фактах, на дзейнасці канкрэтных пстарычных асобаў. Толькі такія гістарычныя веды можна было зрабіць жывымі. Ідэалогія для якой выкарыстаныя адабраныя, працэджаныя, здэфармаваныя гістарычныя факты, становіцца зразумелаю, дасягальнаю. Яна запамінаецца i ўваходзіць у гістарычную памяць народу.

Сталін адмовіўся ад ранейшай ленінска-трацкісцкай ідэі сусветнае рэвалюцыі пад лозунгамі інтэрнацыяналізму, калі пабачыў, што ў СССР не хопіць фінансаў, каб яе падтрымаць i развязаць пад выглядам яе падтрымкі новую сусветную вайну. Былы асабісты сакратар Сталіна i адначасова сакратар ЦК ВКП(б) Б.Г.Бажанаў, які перабег за мяжу, сведчыў у 1928г. у сваім аглядзе "Большевики и грядущая война", што ў 1927г. Палітбюро ЦК ВКП(б) было вымушана прыняць да ведама аналітычны даклад фінансавых экспертаў, у якім савецкую краіну на трэцім месяцы такой вайны напаткала б фінансавая катастрофа. Фінансавай нежыццяздольнасцю савецкага рэжыму можна растлумачыць тую ваенную стрыманасць, якую Сталін прадэманстраваў (разам з ідэалагічнай агрэсіўнасцю) у наступныя некалькі гадоў.

Менавіта тады Сталін заклікаў да рыўка наперад у эканоміцы. Пры гэтым Сталін ганіў царскі імперыялізм не за заваявальныя войны з суседзямі, а за ягоную ваенную слабасць: "История старой России состояла, между прочим, в том, что ее непрерывно били за отсталость. Били монгольские ханы. Били турецкие беки. Били шведские феодалы. Били польско-литовские паны. Били англо-французские капиталисты. Били японские бароны. Били все за отсталость. За отсталость военную, за отсталость культур­ную, за отсталость государственную, за отсталость промышленную, за отсталость сельскохозяйственную... Вот почему нельзя больше отставать".

Надалей Сталін ніколі не ўспамінаў, што Расею калісьці хтосьці біў, бо гэта не адпавядала новай ягонай палітычнай лініі. Ён падхапіў у Бухарына ідэю немагчымасці адначасова правесці сусветную наскрозь дагматычных савецкіх або царскіх падручнікаў, дык не ўбачыш у ёй нічога асобнага ад вялікарускай гісторыі, бо першая падаецца вылучна з пункту погляду другой.

Да гісторыкаў тыпу В.Сураева блізкія тыя гісторыкі, якія хочуць бачыць у навучальных курсах ВНУ i школ, апроч гісторыі Беларусі, "историю отечества". Менавіта такую прапанову вылучылі ўдзельнікі семінару, ладжанага ў канцы 1991г. на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманітарных дысцыплін пры Беларускім універсітэце Міністэрствам адукацыі i навукі Беларусі.

Прачытаўшы гэта, я спачатку аслупянеў. Каб у школе самастойнай дзяржавы, апроч яе нацыянальнай гісторыі, прапаноўвалі асобны курс "гісторыі Бацькаўшчыны"? Гэта значыць, не Беларусі, а іншай краіны, якую ўдзельнікі семінару, нават іхная бальшыня лічыць сваёй Бацькаўшчынай? Значыцца, прыхільнікі гэтай прапановы Беларусь бацькаўшчынаю не лічаць, не прызнаюць? Што гэта, як не каланізатарская маральная шкала, якая ўзнікла з коснай духоўнай адукацыі, з паслушэнства голасу закарэлай інерцыі ўнутры чалавека? А ў беларускай часткі выкладчыкаў, якія прысутнічалі на семінары, гэта сведчанне іхнага адмаўлення ад прыналежнасці да беларускага этнасу. Падобная прапанова магла вынікнуць толькі з апрыёрнага прызнання безумоўнай няроўнасці Расеі i нейкай там Беларусі.

На маю думку, такія прапановы з боку выкладчыкаў ВНУ адлюстроўваюць імкненне пакінуць у Беларусі даўнюю русацэнтрычную структуру гістарычнай адукацыі ў інтарэсах "зліцця нацыяў" - хрушчоўска-брэжнеўскага лозунга старых дзён. Гэта прапануецца ў інтарэсах кансервацыі агульнай ідэалагічнай прасторы на тэрыторыі былой імперыі, каб ускласці i на новыя пакаленні жыхароў Беларусі ярмо другаснасці, упусціць у вакно тую ідэю, якую з вялікай цяжкасцю прыходзіцца выштурхоўваць за дзверы.

Пашырэнне гэтай ідэі, згодна поглядам сучаснага пецярбургскага гісторыка Яўгена Анісімава, ужо ў XVII ст. прадугледжвалася сістэмай захадаў, накіраваных на сціранне гістарычнай памяці этнасаў, якія траплялі пад уладу Расейскай імперыі. Русіфікатарскую палітычную дактрыну царызму часткова выклала Кацярына II у 1764г. у дачыненні да заходніх, у тым ліку беларускіх частак сваёй імперыі, яшчэ за дзесятак гадоў да першага падзелу Рэчы Паспалітай. У лісце да генерал-пракурора князя А.Вяземскага (з характэрнаю пазнакаю: "Трэба [дакумент] знішчыць") яна пісала:

"Малая Расея, Ліфляндыя i Фінляндыя ёсць правінцыі, якія правяцца канфірмаванымі [пацверджанымі найвышзйшым наказам. - В.Г.] прывілеямі, парушаць ix адмаўленнем усіх разам вельмі непрыстойна было б, але ж i назваць ix іншаземнымі i абыходзіцца з імі на такой аснове ёсць больш чым памылка, а можна сказаць з пэўнасцю - i глупства. Гэтыя правінцыі, як i Смаленскую [падкрэслена мною. -В.Г.], належыць найлягчэйшым спосабам прывесці да таго, каб яны абруселі i пакінулі б глядзець як ваўкі да лесу". Шляхі ажыццяўлення гэтага імператрыца бачыла ва ўмелай адміністрацыйнай палітыцы: "Да таго прыступ вельмі лёгкі, калі разумныя людзі выбраныя будуць у тых правінцыях".

Нават праз стагоддзе пасля далучэння Смаленшчыны да Расеі Кацярына II добра разумела, што гэта не вялікаруская, а беларуская "правінцыя", гэта добра разумелі падчас першага Усерасейскага перапісу насельніцтва 1897г. (пра што добра піша аўтар артыкула "Смоленская губерния" ў Энцыклапедычным слоўніку выдавецтва Ф.Бракгаўз - І.Ефрон, але што добра было вытручана з свядомасці сучасных беларусаў). Бо ў Беларусі хапіла тых "разумных людзей" у кіраўніцтве, якіх згадвала Кацярына II i якія за два стагоддзі правялі ў жыццё прапанаваныя ёю планы.

Вярнуся да прапановы чытаць у ВНУ асобна гісторыю Беларусі i гісторыю Бацькаўшчыны. Уявіў сабе на хвіліну, як бы я, працуючы ў Пецярбургу, набраўся б нахабства i прапанаваў бы, апроч гісторыі Расеі, вывучаць школьнікам i студэнтам гісторыю Беларусі пад назваю "Гісторыя Айчыны". Ці не палічылі б расейскія калегі аўтара такой прапазіцыі душэўна хворым, а самую прапазіцыю абразаю для сябе? А беларускія гісторыкі - ім нічога, пракаўтнулі гэтую абразу.

Калі нехта ў адной краіне лічыць сваёй Бацькаўшчынай іншую зямлю, хай сабе лічыць. Гэта ягоная асабістая справа. Але калi ён прапануе вывучаць у Беларусі гісторыю іншай краіны як гісторыю Айчыны, то можна дзівіцца такім, мякка кажучы, дзіўным паводзінам (калі гэта толькі не правакацыя, каб паглядзець, як на яе адрэагуе грамадскасць Беларусі).

Чаму я надаю такое значэнне згаданай прапанове? Таму, што, на мой пункт погляду, ёсць этнічнае паняцце "беларускага народу" - беларусаў паводле паходжання. Але калі Беларусь становіцца самастойнаю дзяржаваю, то ў паняцце народу дзяржавы Беларусь уваходзяць прадстаўнікі ўсіх этнасаў, што насяляюць Беларусь. I для ix Беларусь - адзіная айчына, адзіная бацькаўшчына. I менавіта яе, гісторыю, як мне здаецца, трэба ведаць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь. Прапанова ўдзельнікаў семінару выкладчыкаў разыходзіцца 3 гэтай заканамернай патрэбай.

Не магу сабе ўявіць жаўнера незалежнай Беларусі, які не будзе ведаць, якую айчыну, якую бацькаўшчыну яму трэба бараніць, калі ён вывучаў іншую "историю Отечества" - СССР, ці СНГ, ці што яшчэ? Або як грамадзянка Беларусі - матка або настаўніца - выхоўвае дзяцей на традыцыях абагульненага "Отечества". Гэта што: "беларускія кураняты - кыш зноў да маскоўскай хаты"?

Яшчэ адзін прыклад дзівацкіх паводзінаў, калі можна так ix назваць. Менскі настаўнік М.Сянькевіч выказвае прэтэнзіі да "Канцэпцыі гістарычнай адукацыі ў сярэдняй школе Беларусі", якую склала група гісторыкаў на чале з доктарам гістарычных навук М.Бічом. За што? А за тое, што ў канцэпцыі "няма месца для гістарычнай адукацыі ў нацыянальнай школе рускім i ўкраінцам, палякам i яўрэям, літоўцам i латышам, татарам i ўсім тым, [...] каго беларуская дзяржава [...] павінна бараніць ад дэнацыяналізацыі, максімальна набліжаючыся да таго, як гэта робяць, напрыклад, у Швецыі. Тут вельмі клапоцяцца аб тым, каб кожнае дзіця вучылася роднай мове [падкрэслена мною - В.Г.], каб у яго было пачуццё сваёй нацыі i сваёй сям'і. Калі ў школу трапіў хлопчык, які размаўляе на якой-небудзь зкзатычнай мове, яму будуць шукаць настаўніка i вучыць яго аднаго".

Я не зразумеў, якое дачыненне мае прыведзены М.Сянькевічам прыклад Швецыі да тэмы. Згодна прыкладу, там навучаюць дзяцей не гісторыі этнасу, да якога тыя належыць, а ягонай мове.

Гэта ж істотная розніца - забеспячэнне навучання мове i гісторыі. Намер М.Сянькевіча добры. Але ці да выканання ён у Беларусі, дзе найбольш занядбаная беларуская гісторыя, калі ў болей развітых i матэрыяльна, і, не баюся сказаць, i духоўна Швецыі i Нямеччыне ён наўрад ці выконваецца?

Я не з'яўляюся прыхільнікам канцэпцыі М.Біча. Ёсць за што яе крытыкаваць, што я i зрабіў у свой час у артыкулах у "Настаўніцкай газеце" i "Літаратуры i мастацтве". Але аднаго ў канцэпцыі не адбярэш - жадання адвесці ў нашай адукацыі для занядбанай гісторыі Беларусі i яе этнасаў (без ніякай дыскрымінацыі іншых, чым беларусы, этнасаў) тое месца, якое ёй належыць па праву.

М.Сянькевіч жа пад вонкава дэмакратычнымі заклікамі, па сутнасці, адмаўляе гэтую станоўчую тэндэнцыю канцэпцыі М.Біча. Ён прапануе стварыць падручнікі, дзе б вывучэнне пэўнага перыяду гісторыі ажыццяўлялася б у рамках аднаго падручніка. Скажам, для беларускай школы - гісторыя Беларусі, гісторыя народаў Беларусі i ўсеагульная гісторыя, для расейскай школы - гісторыя Расеі [падкрэслена мною. -В.Г.], гісторыя Беларусі i ўсеагульная гісторыя, для польскай школы - гісторыя Польшчы [падкрэслена мною. - В.Г.], гісторыя Беларусі i ўсеагульная гісторыя. I г.д.

М.Сянькевіч лічыць, што гэткім чынам у падручніку гісторыі кожнага класа будзе гісторыя адпаведнага этнасу, гісторыя Беларусі i ўсеагульная гісторыя.

Але каму ж невядома, што між гісторыяй дзяржавы i гісторыяй этнасу існуе розніца? Падручнікі гісторыі Расеі (у нас на іхнай вокладцы надрукавана "История СССР") i гісторыя Польшчы - гэта падручнікі не гісторыі этнасаў, а гісторыі іхных дзяржаваў, як правіла, з падкрэсленымі вялікадзяржаўніцкімі тэндэнцыямі.

Зазірніцё нават не ў падручнік, а ў выданне "Nasza Ojczyzna. Szkolny atlas historyczny" (4-е выд, Варшава, 1988). Вы убачыце там карты Рэчы Паспалітай з памылковым надпісам "Rzeczpospolita Polska" на абсягах беларускіх i літоўскіх тэрыторыяў на картах з XVII ст., а таксама характэрную карту "Змены межаў Польшчы на прасторы гісторыі". Там нашыя землі, насуперак фактам, уведзеныя у межы Польшчы. Пра падручнікі i карты з гісторыі СССР я ужо не кажу. Яны добра вядомыя тым, што беларускія землі там належаць Расеі.

Што з гэтага вынікае? А тое, што згодна прапанове М.Сянькевіча у расейскіх школах, якіх у Беларусі пераважная бальшыня, зноў будуць вывучаць гісторыю не расейскага этнасу, тым больш не ягонай часткі у Беларусі, а гісторыю вялікай Расейскай дзяржавы, адзінай i непадзельнай. Гэта у той час, калі у нас суцэльна навокал выкладаецца расейская гісторыя, у якой не застаецца месца для гісторыі іншых этнасаў.

У польскай жа школе будзе выкладацца не гісторыя польскага этнасу - тым больш не гісторыя палякаў у Беларусі (якая б выкрыла ілюзорнасць уяўлення аб нібыта масавай міграцыі палякаў у Беларусь), а гісторыя Польскай дзяржавы, якая толькі ў 1920- 1939гг. валодала часткаю Бёларусі i да астатняй часткі Беларусі мела ўскоснае дачыненне.

Асобы, выхаваныя на гісторыі суседніх дзяржаваў [не этнасаў - В.Г.], што выкладалася апошнія дзесяцігоддзі ў Польшчы, а ў Расеі - ужо стагоддзі, хутчэй за ўсё i будуць складаць новыя падручнікі для расейскіх і польскіх школаў. А дзе ўзяць іншых? Нават калі б яны i зыходзілі з лепшых намераў, мімаволі яны апынуліся б у палоне вышзйзгаданых тэндэнцыяў.

Надта цікава прасачыць, як М.Сянькевіч паволі вызваляецца ад ідэі забяспечыць падручнікамі гісторыі сваіх народаў прадстаўнікоў іншых, чым расейцы i палякі, этнасаў. I гэтым ён хоча "бараніць нацыянальныя інтарэсы прадстаўнікоў іншых нацыяў у Рэспубліцы Беларусь", а па сутнасці прадстаўнікоў толькі двух этнасаў?

Як тут не прыгадаць дэкларацыю Ўсебеларускага Славянскага Сабору, у якой гаворыцца аб імкненні Сабору "противодей­ствовать любым попыткам дискредитировать славянскую духовную, этническую, государственную [падкрэслена мною. - В.Г.] общность, вызвать вражду между славянскими народами, вовлечь их в политические блоки, чуждые коренным интересам славянского сообщества".

Пры гэтым нехта сам бярэ на сябе права прадстаўляць як "коренные интересы славянского сообщества" інтарэсы ўладаў таго этнасу, якія ўвесь час дыскрымінавалі беларускі этнас. Атрымліваецца, згодна прапанове М.Сянькевіча, што крый Божа паддаваць сумневу такую славянскую агульнасць, выкладаючы гісторыю Беларусі. Хай лепей будзе прапагандавацца тэза з казкі Оруэла: "Усе жывёлы роўныя, але некаторыя жывёлы раўнейшыя за ўсіх".

Зусім не да прыняцця мною прапанова М.Сянькевіча скараціць у адукацыі выкладанне ўсеагульнай гісторыі, каб даць болей часу іншым раздзелам гісторыі. Незразумела, прычым тут памянёныя М.Сянькевічам "пазіцыі агульначалавечых каштоўнасцяў i здаровага сэнсу". Бо менавіта агульначалавечыя каштоўнасці i здаровы сэнс падказваюць ні ў якім разе не адмаўляцца ад адпаведнага ў адукацыі месца агульнай гісторьіі. Славутыя папярэднікі сучасных адраджэнцаў В.Ластоўскі, А. i І.Луцкевічы, Б.Тарашкевіч, А.Смоліч, А.Уласаў ды іншыя дасягнулі шмат чаго менавіта таму, што яны былі выхаваныя ў добрым веданні ўсеагульнай гісторыі ды іншых сапраўдных, а не ўяўных агульначалавечых каштоўнасцяў. За семдзесят апошніх год мы так скарацілі выкладанне ўсеагульнай гісторыі, што страцілі ў адукацыі менавіта агульначалавечыя каштоўнасці - міжземнаморскага i ў тым ліку антычнага свету, свету Блізкага i Далёкага Усходу, каштоўнасці заходняй цывілізацыі з яе прынцыпамі свабоды асобы. Гісторыю ў адукацыі звялі да русацэнтрычнай яе мадэлі. У гэтай мадэлі сёння, напрыклад, сцвярджаецца, што Расея (з Беларуссю як яе дадаткам) была б самай шчаслівай, магутнай i цывілізаванай, калі б не татарамангольскае ярмо, іван Жахлівы, Пётр Вялікі, нямецкае засілле, прыгнёт самаўладства, змовы масонаў i гэбраяў, пераварот бальшавікоў, перабудова, дэмакратыя (патрэбнае падкрэсліваецца ў залежнасці ад сімпатыяў). Словам, вінаваты ва ўсіх бедах хтосьці іншы, а не мы самі.

I гэта ў той час, калі іншыя этнасы зусім іначай мяркуюць пра свой лёс. Напрыклад, у японцаў існуе добрае правіла: "Прычынаю няшчасця лічы самога сябе".

Расейскія імператары ды імперскія ідэолагі - Уваравы, Пабеданосцавы i іншыя - былі дылетантамі. Іx перасягнулі Сталін i сталіністы, іхныя спадкаемцы пры Хрушчове, Брэжневе, Гарбачове, якія заўсёды былі вялікарускімі ідэолагамі ў сваёй нацыянальнай палітыцы. Розніца між царскай i савецкай Расеяй палягае на тым, што цары ды іхныя міністры ў замежнай i ўнутранай палітыцы былі шчырымі. Яны называлі рзчы сваімі імёнамі. А бальшавіцкія лідэры маскавалі сваю імперыялістычную сутнасць інтэрнацыяналістычнай фразеалогіяй. Класічны прыклад. Паводле словаў Б.Кармаля, савецкая армія вяла ў Афганістане не каланіяльную вайну, а выконвала "інтэрнацыянальны абавязак". Або, яшчэ болей цынічна, аказвала афганцам "брацкую дапамогу", насампраўдзе практыкуючы там варварскае чалавекагубства.

Мала таго. Сваіх герояў у беларускага этнасу адбіралі, а чужых накідалі. Словам, тое, што дазволена i нават прызначана "старэйшаму брату" (апяваць князёў Ігара, Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, палкаводцаў Суворава, Кутузава, флатаводцаў Ушакова, Нахімава), не дазволена "малодшаму брату" (успамінаць Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага ды іншых). Затое Чапаеву ў Горадні помнік ставіць можна, хоць ён да гэтага горада ніякага дачынення не меў. Дзякуй Богу, што актыўнаму праціўніку адраджэння беларускай дзяржаўнасці Мяснікову не паспелі ўзвесці помнік. Але ж хацелі яго ставіць у Менску!

Сёння ідэя Трэцяга Рыму стала архаічным рэліктам. Але шмат чаго з гэтай ідэі застаецца ў побыце. Так, напрыклад, пра што маглі i могуць прачытаць беларусы ў русіфікатарскіх падручніках ці аднатомніку "История БССР"?

З аднаго боку, у гэтых выданнях апяваецца класавая барацьба як галоўны матор шляху чалавецтва ад горшых умоваў жыцця да лепшых. З другога боку, прапагандуецца русацэнтрычны месіянізм. У святле апошняга Беларусь - i як бліжэйшы сусед, i як славянскі сусед, i як сусед з надобным да Pacei імем - стала выпрабавальным палігонам, эксперыментальнай лабараторыяй для ажыццяўлення ідэі рускага месіянства.

Гісторыя Беларусі разглядаецца ў такіх кніжках толькі з аднаго гледзішча - гледзішча гісторыі Расеі, параўноўваецца толькі з гісторыяй Расеі, а не з гісторыяй краін, што праходзілі падобны да Беларусі шлях гістарычнага развіцця.

Міф надта спрошчана падае мінуўшчыну. У ім для спрашчэння прысутнічае мадэрнізацыя гістарычных падзеяў, амаль абавязковае штучнае атаясамленне падзеяў даўніны з сучаснасцю: напрыклад, Івана Жахлівага i ягонага апрычнага тэрору са Сталінам i 37-м годам, Пятра I i ягоных рэформаў з Ленінам i ягонай рэвалюцыяй, Айчыннай вайны 1812г. з Айчыннай вайной 1941 - 1945гг., планамернага адыходу расейскай арміі за Маскву ў 1812г. i незапланаванага адступлення Чырвонай Арміі да Масквы ў 1941г., руху партызанаў з ліку войска ў 1812г. i зусім іншага партызанскага руху ў 1941-1944гг., паўстанняў сялян у Нямеччыне ў 1525г. i сялянскіх войнаў у Pacei ў XVII-XVIII ст., рэвалюцыяў 1789-1794гг. i 1917г. у розных краінах, Парыжскай Камуны 1871г. i стварэння саветаў у Pacei ў 1905 i 1917гг. i г.д.

Усё простае i даходлівае заўсёды знаходзіць прыхільнікаў. Але "иная простота хуже воровства". Добрая тая прастата, якая выцякае з разнастайнасці фактаў, але не з іхнага відавочнага спрашчэння.

Чаму ж такі жывучы міф? Паспрабуем звярнуцца да Ф.Хаека, які пісаў: "Лёгка зразумець (i гэта неаднойчы пацвярджалася досведам), што ў дысцыплінах, якія непасрэдна займаюцца чалавечым грамадствам, а таму наўпрост закранаюць палітычныя погляды, - напрыклад, у галіне гісторыі, эканомікі ці права, - таталітарны лад не можа дапусціць бескарыслівага імкнення да ісціны, i адзінай задачай гуманітарных навук становіцца пацверджанне афіцыйных поглядаў. Сапраўды, гэтыя дысцыпліны ва ўсіх таталітарных краінах пераўтварыліся ў фабрыкі афіцыйных міфаў [падкрэслена мною. - В.Г.], з дапамогаю якіх уладары кіруюць розумамі ды імкненнямі сваіх падданых. Нічога дзіўнага няма ў тым, што ў гэтых галінах ніхто не робіць выгляду, што знаходзіцца ў пошуках ісціны, а што публікаваць i якія дактрыны выкладаць - вырашаюць непасрэдна ўлады".

Вось чаму такі жывучы гістарычны міф.

Яго перадавалі ў надта спрошчаным выглядзе - у падручніках, папулярных кніжках i артыкулах, мастацкіх творах, праз радыё, у тэлеперадачах. Гэтым аамацоўвалі ў чалавечай памяці.

"Нацыяналістычныя ды імперыялістычныя прыхільнасці сустракаюцца значна часцей, чым здаецца", - пісаў Ф.Хаек у сваім "Шляху да рабства". Ён спасылаецца на гісторыка Э.Галеві, які сведчыў, што сацыяліст Бэрнард Шоў заяўляў падчас імперыялістычнай вайны англічан супраць бураў: "...Светам валодаюць натуральна вялікія i моцныя дзяржавы, малым жа лепей не вылазіць са сваіх межаў, інакш ix расціснуць...".

Згодна меркаванню французскага культуролага Раляна Барта, сярод некалькіх рытарычных фігураў міфу існуе "пазбаўленне гісторыі". Гэта значыць, што міф пазбаўляе предмет, пра які ён апавядае, усялякай гістарычнасці: "Гісторыя ў міфе выпарваецца [...]. Зразу мела, ад чаго дапамагае пазбавіцца гзтая ўдалая рытарычная фігура: ад дэтэрмінізму i ад свабоды. Нішто не вытвараецца, нішто не абіраецца. Застаецца толькі валодаць гэтымі новенькімі рэчамі, у якіх няма найменшага следу іхнага паходжання ці адбору. Гэтае цудоўнае выпарэнне ёсць адна з формаў канцзпту [...] "безадказнасці чалавека".

Р.Барт піша: "Міф жывучы яшчэ таму, што ён знішчае складанасць чалавечых учынкаў, надае ім прастату сутнасцяў i элімінуе ўсялякую дыялектыку, перапыняе ўсялякія спробы пранікнуць па той бок непасрэднага назіранага, ён стварае свет без супярэчнасцяў, таму што ў ім няма глыбіні, i размяііічае яго перад нашым зрокам ва ўсёй ягонай відавочнасці, ціхамірнай яснасці, здаецца, што рэчы азначаюць нешта самі па сабе".

Навуковец падкрэслівае, што міф пераважна карыстаецца беднымі, няпоўнымі вобразамі.

Адсюль робіцца выснова: "Міф ёсць найбольш выніковым сродкам утрымання існага парадку, найбольш пэўным сродкам дысцыплінавання масаў".

Так, сапраўды. Калі масы беларускага жыхарства праз сродкі масавай інфармацыі прывучылі да ідэі непарушнай сувязі беларусаў з Расеяй i абавязковасці класавай барацьбы за гэтую непарушнасць, імі можна кіраваць у былым кірунку i працягваць паспяхова адвучваць ад сваёй мовы, сваёй гісторыі, сваёй культуры i ўвогуле ад усяго свайго.

Міфы ў гісторыі былі створаныя бальшавіцкімі ідэолагамі.

А што такое ідэалогія ўвогуле?. На гэтае пытанне трэба адказаць, 6о нам увесь час дзяўблі, што тэта "сукупнасць ідэяў i поглядаў, якія адлюстроўваюць у тэарэтычнай сістэматызаванай форме дачыненні людзей да навакольнай рэчаіснасці i адзін да аднаго ды якія служаць замацоўванню i развіццю гэтых дачыненняў".

Але існуе іншае, супрацьлеглае гэтаму меркаванне, што ідэалогія - гэта фальшывая, ілюзорная, перакручаная свядомасць, якая адарваная ад аб'ектыўных заканамернасцяў i на справе абслугоўвае эгаістычныя інтарэсы асобных сацыяльных груп, якія, як правіла, іграюць рэакцыйную ролю ў грамадска-палітычным працэсе.

Паводле меркавання філосафаў А. i Д.Пахмёлкіных, ідэалагізацыя навукі - сведчанне яе стагнацыі, лёкайскага перараджэння, яскравая праява антыдэмакратычнай арганізацыі палітычнай улады. Навука i ідэалогія - адносна самастойныя, прынцыпова не зводныя адно да аднаго ўзроўні грамадскай свядомасці.

Для навукоўца найвышэйшай каштоўнасцю ёсць ісціна, для ідэолага - карпаратыўньгя інтарэсы, якія той адстойвае. Сапраўдная навука ўсё паддае сумненню, паслядоўная ідэалогія паддае сумненню ўсё, што супярэчыць яе зыходным пастулатам. Галоўная для навукі супярэчлівасць - між сапраўдным i фальшывым - у ідэалагічнай плоскасці трансфармуецца ў супярэчлівасць між "карысным" i "шкодным", "сваім" i "чужым". Навука пераконвае фактамі i доказамі, звернутымі да розуму. Ідэалогія ж уздзейнічае на свядомасць людзей, апелюючы да аўтарытэту ("партыя ўказала"), карпаратыўнай маралі, урэшце, да сілы i страху ("хто не з намі, той супраць нас", "калі вораг не здаецца, яго знішчаюць").

Вось чаму А. i Д.Пахмёлкіны лічаць бессэнсоўным гаварыць пра навуковасць якой-небудзь ідэалогіі ці ненавуковасць іншай. Кожная ідэалогія абапіраецца на навуку, але толькі ў той ступені, у якой навуковыя веды не супярэчаць яе асноўным ідэалагічным каштоўнасцям.

Кожная ідэалогія ў сілу сваёй прыроды мае "прыроджаныя заганы". Да ix ліку адносяцца аднабаковасць i абмежаванасць, "комплексы непаўнавартасці" i "экспансіянізм", схільнасць да дагматызацыі й перараджэння.

Філосафы лічаць, што ў ідэалагізаванай свядомасці ўзнікаюць ненатуральныя паняцці кшталту "пралетарскага гуманізму", "рэвалюцыйнай законнасці", "сацыялістычнага рэалізму", "планаварынкавай эканомікі". У гэтых словазлучэннях асноўную сэнсавую нагрузку нясуць прыметнікі, якія фіксуюць непаўнату, абрэзанасць азначаных з іхнай дапамогай назоўнікаў, а то i пераход апошніх у сваю процілегласць. Ідэалагічны падыход утылізуе, "выпроствае" працэс пазнання, вырывае i абсалютызуе асобныя бакі грамадскіх супярэчнасцяў.

Ідэалогія не можа прымірыцца з сваёй натуральнай абмежаванасцю ды імкнецца закамуфляваць яе. Для гэтага яна апранаецца ў тогу навукі. Пэўная ідэалогія абвяшчаецца адзінаю навуковаю. Адначасова адбываецца масаваная ідэалагізацыя навукова-даследніцкай дзейнасці. Імкненне пераадолець практычную абмежаванасць вядзе да экспансіі ідэалогіі ў чужародныя ёй сферы грамадскага жыцця, да спробы ўсталяваць сваю ўладу над усімі формамі дзейнасці людзей.

Схільнасць ідэалогіі дагматызавацца i перараджацца непасрэдна звязаная з яе абмежаванасцю i празмернымі прэтэнзіямі. Ідэалогіі ўвесь час бракуе канкрэтных аргументаў, таму яна шукае апору ў веры. А менавіта вера, некрытычнае ўспрыманне ідэяў стварае фундамент дагматызму. Яна прадукуе бюракратычныя інстытуты i ўстановы, пакліканыя яе культываваць i распаўсюджваць. Але, сфармаваўшыся, гэтыя ўтварэнні набываюць уласныя інтарэсы, часам нават супрацьлеглыя інтарэсам тых сацыяльных групаў i пластоў, чыю ідэалогію яны павінны вызначаць.

Вось так ідэя беларусізацыі ў СССР пад уплывам таталітарных бюракратычных уладаў перайшла ў русіфікацыю, а прыязнае стаўленне да гэбраяў - у дзяржаўны нібыта неафіцыйны антысемітызм пад вонкавым выглядам антысіянізму i антыізраэлізму.

У выніку ідэалогія пераўтвараецца, выраджаецца, адрываецца ад сваіх сацыяльна-класавых каранёў i поўнасцю падпарадкоўваецца інтарэсам бюракратыі. "Экспансіянісцкія схільнасці", якія нікім не стрымліваюцца, пераўтвараюць ідэалогію у адзін з самых грубых палітычных інструментаў. Камуністычная ж ідэалогія служыць інструментам замацавання i асвячэння таталітарнага рэжыму.

г. Санкт-Пецярбург.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX