Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Інтэрв"ю з Зыгмунтам Баўманам


Аўтар: Галіна Жарко,
Дадана: 20-07-2011,
Крыніца: pawet.net.



Не бойцеся страху

Дзіўным чынам кніга Зыгмунта Баўмана "Цякучы страх" (Płynny łęk), у якой аўтар разглядае гэту з'яву сыходзячы з пазіцыі, што перамагчы страх немагчыма, дазваляе паглядзець на шмат што спакойна, г.зн. менш баяцца. Зрэшты, ангельскі сацыёлаг польскага паходжання лічыцца парадаксальным аўтарам. Напрыклад ён, сцвярджаючы, што "адзіная кропка, на якую можна абапірацца, гэта індывідуальнасць", праз гэта хоча вярнуць людзям здольнасць да калектыўных дзеянняў.


Зыгмунт Баўман -- адзін з самых буйных у свеце сацыёлагаў, прафесар універсітэта ў Лідсе (Вялікабрытанія). На просьбу адказаць на некалькі пытанняў пра страх прафесар, якому ўжо 86 гадоў, адгукнуўся ахвотна і вельмі хутка даслаў ліст з адказамі.


Галіна Жарко: Беларусы імкнуцца да свабоды, да адкрытага грамадства ў тым ліку і ў спадзяванні, каб назаўжды пазбыцца страху. Але ці апраўдаюцца гэтыя надзеі, бо вольны свет сам жыве ў несупынным страху?

Зыгмунт Баўман: Сапраўды, Еўропа сама баіцца шмат чаго, напрыклад, наплыву эмігрантаў на рынкі працы, якія не могуць ужо змясціць усіх "мясцовых"…

Паўтараю, паўтараю і паўтараю… На тое, што мы назаўжды пазбудземся страху, надзеі амаль няма. Варта памятаць, што падставаю ўсіх страхаў ёсць страх смерці (мы, людзі, з'яўляемся адзіным відам жывёл, які ведае ад нараджэння, што мусіць памерці), і не падобна, каб гэты страх знік. Мы толькі збываем яго, канцэнтруючы сваю ўвагу не на тым, каб прадухіліць смерць (гэта немагчыма), а на барацьбе з чарговымі яе прычынамі (кепскае харчаванне, тытунь, недахоп фізічнага высілку, вар'яты кіроўцы на дарогах, падазроныя тыпы па суседству і г.д.). А перад усім, каб абараніцца ад "касцюміраванай рэпетыцыі смерці" , г.зн. ад таго, каб не страціць сваю пазіцыю ў грамадстве, каб не было дэградацыі, прыніжэння, баімся быць непрызнанымі, застацца без партнёра, баімся самотнасці… Паўтараю яшчэ раз, няспынны, нявызначаны страх пастаянна шукае аб'ект, на якім можна было б сканцэнтраваць дзейнасць "супраць страху"! Кожная такая дзейнасць прыносіць палёгку, але часовую. Страх не знікае, ён толькі пераносіцца на іншы аб'ект. Пра гэта сведчаць і агароджаныя з усіх бакоў двары з ахоўнікамі, і ледзьве не браніраваныя аўтамабілі, гэтак модныя цяпер на Захадзе… Страх перад чужымі, педафіламі, маньякамі, рабаўнікамі… Каб іх не было, трэба было б іх выдумаць. Яны патрэбныя, як сцёкавыя канавы, па якіх сплываюць нечыстоты, або як сметнікі. Без іх мы б атруціліся гнілымі выпарэннямі.

Страх - гэта з'ява, якая знаходзіцца па-за межамі грамадскага ладу. Толькі віды страху, якія даймаюць нас удзень або ўночы, залежаць (прынамсі, часткова) ад грамадскага ладу. Ён можа прытаіцца "зверху" або "збоку". Можна баяцца ўлады і яе сілавых структур, а можна таксама баяцца той небяспекі, пра якую нагадвае рынак, прапануючы, як правераны сродак для барацьбы са страхам, напрыклад, відэакамеры пры кожных дзвярах, замкі, якія немагчыма зламаць.

Галіна Жарко: Пачуццё страху дапамагала людзям выжываць, а якая карысць ад яго ў сучаснасці?

Зыгмунт Баўман: Імкненне да пачуцця бяспекі ўласцівае ўсім людзям і, вядома, не толькі людзям. Гэта даўно назвалі інстынктам выжывання. На пытанне, чаму яно існуе, адказу няма, але ўжо само пытанне -- доказ яго існавання, бо іначай не было б каму задаваць пытанне і адказваць на яго… Але для людзей "выжыванне" мае сэнс большы, чым для іншых жывых істот. Апрача ўласна захавання жыцця, гэта яшчэ і захаванне сацыяльнай пазіцыі, пашаны і прызнання, засцярога ад краху і прыніжэння, гэта яшчэ і стасункі з блізкімі ды сябрамі. Усё патрабуе клопату.

Цяпер настаў час, калі капрызы прыроды ўжо не так, як раней, страшныя для фізічнага выжывання (ваўкі зніклі з навакольных лясоў, на невылечныя колісь хваробы ёсць лекі, каб не пакутаваць, ёсць сродкі для абязбольвання…), затое значна ўзрос страх страціць пазіцыю, старанна выпрацаваную "ідэнтыфікацыю ў грамадстве", згубіць пачуццё самапавагі і г.д. Усё - і спосаб, якім мы зарабляем сабе на жыццё, і ступень нашай кваліфікацыі, і ацэнка нашых заслуг ды дасягненняў, і партнёрскія сувязі, і набытыя намі правы - усё гэта крохкае, нетрывалае, зменлівае. Немагчыма прадбачыць, адкуль чакаць удару, а ўнікнуць яго нам цяпер цяжэй, чым некалі нашым продкам зграі галодных ваўкоў або бандытаў на дарозе.

Галіна Жарко: Што ж рабіць са страхам?

Зыгмунт Баўман: Страх не пытае дазволу. Ён нападае знянацку, і толькі дзякуючы сур'ёзнай трэніроўцы, загартоўцы характару, мастацтву валодання сабой, можна не паддацца яму, або, калі ён усё ж намі завалодае, пазбыцца яго, ці прынамсі, ігнараваць. Гэта мы ведаем, бо ўсе маем падобны досвед. Аднак далёка не заўсёды мы ўсведамляем, што каб панікаваць, баяцца, высочваць кругом няшчасці, палохацца цёмнай вуліцы і г.д. таксама патрэбная трэніроўка… Людзей можна навучыць баяцца і навучыць чаго менавіта ім баяцца. Упартай прапагандай можна дабіцца, каб людзі дрыжэлі ад страху перад нечым такім, што ім, прынамсі, не пагражае, а на тое, чаго сапраўды варта баяцца, не звярталі ўвагі. Можна маніпуляваць пачуццём страху, а напружанне ад пагрозы скіроўваць туды, дзе сапраўдных прычын, каб баяцца, вельмі мала, або зусім іх няма. Такая "пластычнасць" чалавечай баязлівасці спрыяе, каб на маніпуляцыях страхам скалаціць дужы палітычны або камерцыйны капітал. І шмат ёсць ахвотных.

Каб праілюстраваць камерцыйныя прыбыткі, выціснутыя з людскіх страхаў, далучаю два даследаваныя мною прыклады ў,у тым выглядзе, як яны былі напісаныя год таму.

Свіны грып і іншыя повады да панікі.

Я моцна сумняваюся, што калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, вы ўсё яшчэ будзеце дрыжэць ад страху, баючыся віруса "свінога грыпу", які з Мексікі праз Атлантыку ірвецца да нас. Сумняваюся, што вам гэтак жа страшна, як людзям (пад ціскам медыяў) вакол мяне сёння, калі я пішу гэтыя словы. Я нават няўпэўнены, што вы будзеце яшчэ памятаць тую паніку. Зрэшты, газетныя загалоўкі імкнуцца, каб чытачы выкінулі з памяці навіны мінулага тыдня і вызвалілі месца на новыя. А калі казаць пра выбухі панікі, дык чым больш яна інтэнсіўная, чым мацней напачатку адчуванне пагрозы, тым хутчэй слабне яе здольнасць марозіць кроў у жылах і псаваць нервы, тым хутчэй будзе вычарпаная здольнасць перажываць.

Для павялічэння накладаў газет і пашырэння аўдыторыі тэлегледачоў пастаянна трэба новыя жахлівыя навіны. Цікава, што цяпер, калі вы чытаеце гэтыя словы, выклікае ў вас панічны страх? Мяркую, вы нават скажаце, быццам я прыгадваю старую гісторыю, даўно закрытую справу (ці была яна калі адкрытаю?), нешта такое, на што не варта губляць часу і забіваць сабе галаву. Хапае, напэўна, ужо новых прычын баяцца, дык няма ні жадання, ні часу прыгадваць старыя.

Ужо зараз, калі я пішу гэтыя словы, на першых старонках газет -- іншая інфармацыя, якая перасцерагае, б'е трывогу і сее паніку. Навіны пра свіны грып адышлі далей і друкуюцца меншым шрыфтам.

І тон гэтых навін (гэтага не было яшчэ некалькі дзён таму) змяніўся, з'явіўся недавер, іронія, скепсіс. Барт Лэўс (Bart Laws), кіраўнік Tufts Medical Centre у Бостане, напрыклад, меланхалічна заўважае, што ўлады, якія абвясцілі пагрозу пандэміі, "зрабілі тое, што павінны былі зрабіць. Магчыма, але малаверагодна, што вірус наробіць сур'ёзнага клопатаў". І дадае: "падобна, праз пару тыдняў паніка сціхне, бо сезон грыпу заканчваецца і нішто не паказвае, каб вірус паводзіў сябе незвычайна".

Падвядзенне вынікаў апошніх падзеяў, зробленае Сімонай Джэнкінс (Simona Jenkinsa) у " Guardian ", яшчэ больш скептычнае і саркастычнае, але яно сягае сутнасці праблемы: "Мутацыя віруса непакоіць. Нішто, аднак, не абгрунтоўвае тую пандэмію, якую разгарнулі ўлады разам з медыямі".

Мы ўжо ведаем, што ў Мексіцы ахвяр новай мутацыі віруса грыпу не больш, чым звычайна ад звычайнага сезоннага грыпу. Але нашмат менш, чым ахвяр аўтакатастроф. Штогод на свеце ад грыпу памірае каля 12 тысяч чалавек, у ЗША -- каля 150 дзяцей. Для параўнання: толькі ў 2003 годзе ў ЗША 7 677 дзяцей загінула ў аварыях на дарогах, а 3 001 сталі ахвярамі злачынстваў. Людзі, якія наведалі Мексіку, калі там была выкрыта новая мутацыя вірусу грыпу, і трапілі у каранцін з падазрэннем, што яны патэнцыяльныя распаўсюднікі сусветнай пандэміі, у большасці мелі харчовае атручванне, што пасля наведвання Мексікі не дзіва.

Таксама мы ведаем, што брытанскі ўрад замовіў 32 мільёны масак, якія ляжаць на складах, і хутка іх трэба будзе выкінуць, каб вызваліць месца для іншых матэр'ялаў, неабходных у чарговай "надзвычайнай сітуацыі". Урад добра разумее, што для перамогі ў наступных выбарах трэба трымацца жалезнага правіла: "папярэджаны заўсёды ўзброены", і з мільёнаў тэлеэкранаў гледачы мусяць бачыць "энергічныя дзеянні ўраду", які пільна выкрывае тайныя змовы, пагрозы і нябачныя воку небяспекі.

Патрачаныя мільёны фунтаў стэрлінгаў, каб забяспечыць шпіталі і паліклінікі запасамі Oseltamiviru , лекаў, якія выпускае дужы фармацэўтычны канцэрн Hoffmann -La Roche пад назваю Tamiflu . А 6 верасня 2009 году Робін МакКэй (Robin McKie), галоўны рэдактар навуковага аддзелу "Guardian", паінфармаваў, што акцыя "назапашвання мільярду доз лекаў, неабходных у выпадку выбуху эпідэміі свінога грыпу прынесла прыбытак у дзесяткі мільёнаў фунтаў стэрлінгаў фармацэўтычным фірмам, якія атрымалі замовы на забеспячэнне адпаведных запасаў пеніцыліну, морфію, діазэпаму і інсуліну на той выпадак, калі б нечаканы выбух эпідэміі свінога грыпу спыніў фабрыкі, дзе робяць гэтыя лекі ды паралізаваў іх дастаўку". Рашэнне аб назапашванні лекаў было прынятае без уліку меркавання дасведчаных медыкаў, дарадцаў Міністэрства аховы здароўя, якія сцвярджалі, што хваля свінога грыпу не будзе такою грознаю.

Былі патрачаны грамадскія грошы, сабраныя пад пагрозаю пакаранняў у выглядзе падаткаў і ад тых, хто паддаўся паніцы, і ад тых, хто ёй не паддаўся. Гэта змова палітыкаў з бізнесоўцамі? Магчыма. А ўрад павінны дэманстраваць выбарцам, што кожны дзень ахоўвае іх жыццё і дабрабыт ад неверагодных катаклізмаў, ад смяротных пагрозаў і пастак. Таму сэр Лэйм Дональдсан (sir Liam Donaldson), галоўны ўрач Вялікабрытаніі, папярэдзіў, што радавацца рана, што "можам ізноў зімою чакаць вяртання свінога грыпу".

Абвяшчэнне фальшывай трывогі пра глабальныя эпідэміі, стала асноваю функцыянавання медычна-прамысловага комплексу ў такой ступені, што ўжо не хапае розуму адрозніць, што тут праўда, а што цынічны разлік. Запалоханыя мы да стану поўнай запалоханасці… У каго з тых, хто чуе хор панурых прарокаў пагібелі, хопіць адвагі, наіўнасці і неразважлівасці, спыніць гэта і сказаць: "праверым" ды ўпэўніцца, што рызыка выдуманая і раздзьмутая да абсурдных памераў?

Каб заткнуць рот нязгодным і прымусіць маўчаць голас розуму, вірус падыходзіць найлепш, бо яго не відаць, нават моцная оптыка не дае пэўнасці, што яго няма ў паветры. У нас, каму адрасаваныя перасцярогі, тым, хто лёгка паддаецца ўмела раздзьмутаму страху, няма доступу да лабараторый, з якіх паходзяць весткі пра зласлівыя мутацыі віруса. У нас ёсць толькі выбар: або даверыцца экспертам, "людзям, якія ведаюць", або… Ну менавіта, або што?..

Сімон Джэнкінс заканчвае свае разважанні перакананнем, што "калі страх міне і ўсё будзе падлічана, мусіць быць расследаванне прычын гэтага фіаска"

Джэнкінс не верыць, аднак, што такое расследаванне дапаможа ў будучым стрымліваць выбухі панікі. Таму ён кажа, што трэба, паводле старой парады Вальтэра, забіваць час ад часу якога-небудзь вірусолага, каб астатнія не сеялі паніку… Калі пакінуць без увагі нялюдскі характар гэтай парады, не верыцца ўсё ж, каб яна была карысная. Вірусолагі робяць сваю справу. Запалохване вынікамі іх працы (або тым, што прадстаўляецца нам вынікамі іх працы) справа іншых - моцных і заможных. Гэта яны выкарыстоўваюць адкрыцці вірусолагаў у сваіх палітычных і камерцыйных мэтах. І гэта яны маюць прыбытак, атрымліваючы каштоўныя пункты у рэйтынгах.

Лекі і хваробы.

Панятак "'хвароба" ёсць ва ўсіх культурах і мовах. З пракаветных часоў у мовах свету існуюць аднолькавыя па значэнні словы, якія, як слова "нездаровы", маюць сэнс "недахоп здароў'я", "дысфункцыя цела або псіхікі", "немач", "недамаганне". Гэта слова інфармуе, што самаадчуванне не такое, якім павінна быць, не адпавядае норме . Хвароба азначае не нармальнасць стану, у якім знаходзіцца не здаровая асоба.

Аднак сучасны тэрмін "хвароба" часта ўжываецца ўзамен панятку "стан, які вымагае медычнай інтэрвенцыі" ( ' medical condition ' ). Гэты панятак толькі здаецца адпаведнікам першага. Бо паціху ён прыўносіць дадатковае, але вельмі істотнае, значэнне, якое пытанне пра "недахоп здароўя" пераносіць у зусім іншае вымярэнне. Цяпер з хваробаю мы маем справу, калі на сцэне з'яўляюцца лекары.

Панятк "стану, які патрабуе медычнай інтэрвенцыі" ( ' medical condition ' ) без ваганняў вырашае тое пытанне, якое магло б стаць прадметам дыскусіі ці нават спрэчкі, а менавіта, ці стан аж такі сур'ёзны, што сапраўды патрабуе медычнай інтэрвенцыі. Гэты панятак закладае (як "рэч відавочную"), што трэба ісці да лекара або выклікаць яго, зрабіць аналізы, атрымаць рэцэпт, купіць лекі і прымаць іх ды выконваць усе прадпісанні.

Марсія Анджел (Marcia Angell), рэцзуючы ў "New York Review of Books" 15 студзеня 2009 г. некалькі прац, прысвечаных гэтай тэматыцы, заўважыла, што "у апошнія гады фармацэўтычныя фірмы знайшлі новы і вельмі эфектыўны метад пашырэння свайго рынку. Замест таго, каб рэкламаваць сродкі, якія служаць для лячэння хвароб, яны пачалі рэкламаваць хваробы, якія пасуюць да тых сродкаў, што яны выпускаюць". Новая стратэгія маркетынгу засноўваецца на тым, каб "пераканаць амерыканцаў, што існуюць толькі дзве катэгорыі людзей: тыя, якім патрэбнае лячэнне фармакалагічнымі сродкамі, і тыя, якія яшчэ пра гэта не ведаюць".

Аднак заўважу, што не фармацэўтычныя фірмы вынайшлі і першыя выкарысталі гэту стратэгію. Яны толькі падтрымалі сучасную маркетынгавую тэндэнцыю. Цяпер рэклама новага тавару ўжо не адказвае на існуючыя патрэбы, яна мусіць выпрацоўваць попыт на тыя тавары, якія ўжо трапілі на рынак, і яе задача дастасавацца да логікі фірмы, якая жадае атрымаць зыск, а не да логікі людзей, якія жадаюць задаволіць свае патрэбы. Гэта новая тэндэнцыя паспяхова развіваецца дзякуючы прышчэпленаму нам перакананню, што імкненне да самаўдасканалення і пачуцця самазадаволенасці, не маюць і не могуць мець межаў. Нават калі мы адчуваем сябе выдатна, мы можам і павінны адчуваць сябе яшчэ лепш…

Калі наш стан здароўя можна ўявіць схематычна з ніжняю і верхняю мяжою, дасягненне якой дае нам хвіліну адпачынку, дык фізічная спраўнасць (якая заняла месца здароўя, а прынамсі, сапхнула яго на другарадную пазіцыю), не мае ўжо ніякіх межаў. Барацьба за фізічную спраўнасць, у адрозненні ад клопату пра здароўе -- у традыцыйным значэнні гэтага слова, якое мы атрымалі ў спадчыну ад нашых продкаў -- ніколі не закончыцца. Твае адчуванні могуць быць яшчэ больш інтэнсіўныя і прыносіць больш задавальнення, чым зараз, прыемнасці -- яшчэ больш прыемныя, а асалода -- больш салодкая. Дзякуючы вынаходлівасці фармацэўтычных фірм, наш натуральны клопат пра здароўе цяпер выкарыстоўваецца для фізічнага ўдасканалення і павелічэння пачуцця самазадаволенасці . Нам, спажыўцам у спажывецкім грамадстве, застаецца толькі прыстасоўвацца. Часткаю нашай жыццёвай філасофіі (ці агульнавядомым фактам) стала перакананне, што шлях да фізічнай дасканаласці і глыбокай самазадаволенасці вядзе да прылаўкаў, а што купляць падкажа рэклама. Гэта перакананне іграе ролю асноўнага і невычарпальнага капіталу, з якога фірмы маюць усё большыя прыбыткі.

Не істотна, ці немач, на якую з'яўляюцца новыя лекі, сур'ёзная і мае небяспечныя наступствы. Важна, як шырока яна распаўсюджана, колькі ў шэрагах патэнцыяльных пакупнікоў лекаў, якіх чакаць прыбыткаў. Паводле гэтага прынцыпу, недамаганні, з якімі большасць лёгка радзіць сабе без дапамогі лекара (такія як пякучка, перадменструальнае напружанне, або такі распаўсюджаны брак веры ў сябе, вядомы як сарамлівасць) сталі ў апошні час лічыцца хваробамі. Іх навуковыя, часта дзіўныя і незразумелыя назвы, гучаць злавесна. Напрыклад, пачцівую пякучку лекары або фармацэўты называюць "gastroesophageal reflux disease". Недамаганні сталі хваробамі, якія патрабуюць неадкладнага ўмяшання медыкаў.

Хрыстфер Лэйн (Christopher Lane) прасачыў цудоўную медычную і фармацэўтычную кар'еру аднаго з самых распаўсюджаных чалавечых адчуванняў -- пачуцця сораму (хто з нас ніколі не адчуваў сябе прысаромленым або збянтэжаным?). Гэта ўсім вядомае непрыемнае адчуванне называецца цяпер лекарамі вельмі паважна: " social anxiety disorder ". У 1980 годзе пра гэту немач (якая выступала тады пад неактуальнай ужо назвай "грамадская фобія") у прафесійным выданні Амерыканскага псіхіятрычнага таварыства Diagnostic and Statistic Manual of Mental Disorders (дзе класіфікуюцца псіхічныя адхіленні) пісалі як пра "рэдкую". У 1994 годзе яна ўжо лічылася "выключна частаю". У 1999 годзе дужы фармацэўтычны канцэрн GlaxoSmithKline пачаў вартую мільёнаў даляраў кампанію застрашвання, каб падрыхтаваць рынак для лекаў пад назваю Paxil , якія мусілі лагодзіць і нават здымаць праявы гэтай "сур'ёзнай хваробы" (як акрэсліваюць яе цяпер у рэкламе). Лэйн цытуе словы Бэрры Бранда (Barry Brand), адказнага за ўвядзенне на рынак " Paxil ": "Кожны гандляр марыць знайсці новы рынак і загаспадарыць там. І гэта атрымалася з сіндромам грамадскіх страхаў".

Вядома, плацім мы ў такіх выпадках за абяцанне вызваліць нас ад канкрэтнага страху або ад канкрэтнай трывогі. Але купленыя лекі рэдка (калі яны ўвогуле здольныя гэта зрабіць) пазбаўляюць нас страху. У выніку таго, што існуе агульнае меркаванне, быццам на кожную жыццёвую праблему або немач мусяць быць адпаведныя лекі ў бліжэйшай аптэцы, аграмадны патэнцыял гэтак званых лекаў, "якія робяць шчаслівымі", становіцца крыніцаю бясконцага расчаравання для тых, хто іх ужывае, і бясконцых прыбыткаў для тых, хто іх рэкламуе і прадае. Іронія лёсу, што мы самі фінансуем свае расчараванні. Кожныя новыя лекі, якія з'яўляюцца на рынку ўзамен ранейшых, звычайна больш дарагія, хоць павелічэнне кошту рэдка абумоўлена большаю эфектыўнасцю.


Пераклад з польскай.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX