Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Данцоў Дзьмітро. Культура распаду


Аўтар: Данцоў Дзьмітро,
Дадана: 22-09-2015,
Крыніца: Данцоў Дзьмітро. Культура распаду // Спадчына №3-1996. С. 205-225.



Дмитро Донцов. Культура розкладу. Паводле публікацыі ў часопісе "Украінськи проблеми", 1995, № 1.

Ніколі праблема Расеі не была такой актуальнай, такой жахліва актуальнай, як цяпер. Для ўсіх народаў Заходняй Эўропы, - як для тых, што жывуць па-за межамі расейскай дзяржавы, гэтак i для тых, што маюць няшчасьце належаць да яе, гэтая праблема існавала й раней i нават прымала часам вострыя формы (як за часы першага Мікалая), але ўсё ж гэта была хутчэй небясьпека in futuro [1], чымся вонкавая; хутчэй цікавая шарада для пустадомкаў, "тэарэтыкаў", чымся балючае пытаньне дня. У момант вострых палітычных канфліктаў разьвязваць гэтую шараду даводзілася на баявішчах або за зялёнымі сталамі венскіх, парыскіх ды бэрлінскіх дыпляматычных канфэрэнцыяў. Але ж сутнасьць праблемы з таго не зьмянілася: "Расея" была паймом адвеку чужым для заходнеэўрапейскага сьвету - сваімі ідэямі, сваёй культураю, сваімі інстытуцыямі "Ўсход" i "Захад" не былі тады словамі бязь зьместу. Іx падзяляў вялікі, узьведзены на працягу стагодзьдзяў, здавалася, непраломны мур. Па адным баку быў няпэўны, хоць, можа, i цікавы сьвет хаосу, іншы бок уяўляўся ў сваіх скончаных формах вяршыняй усяго, што дала сьвету чалавечая думка й праца, усьведамленьне свайго гістарычнага пасланьніцтва. Асьвечаная бляскам вялікіх гістарычных традыцыяў, замкнёная ў сваім унівэрсалізьме, што ня ведае сабе роўных ад заняпаду Рыму, гордая за тую прывабнасьць, што зыходзіла ад самога ейнага ймя - "Эўропа", - як сонечнае праменьне, да найдалейшых закуткаў чужых кантынэнтаў. Для яе, для гэтай Эўропы, увесь сьвет i ўсе ягоныя землі быў адной плянэтнай сыстэмай, а цэнтрам сыстэмы, яе сонцам - Эўропа.

З пачаткам XX ст. гэты вобраз пачаў больш адпавядаць жаданьням тых, хто бачыў яго як рэальны стан рэчаў. Туманныя, часта па-дзіцячы наіўныя меркаваньні першых славянафілаў пра "загніласьць захаду" ды "рэгенаваны" ўплыў расейскай культуры, якія й цяпер падаюцца чымсьці бясконца сьмешным - былі, аднак, зьвестунамі калясальнай вагі гістарычнага факту. Гэтыя ідэі сьведчылі, што Расея ня хоча ўжо даць зацягнуць сябе ў эўрапейскую плянэтную сыстэму, што зь першаснага хаосу на ўсходзе Эўропы гатовыя былі выкрышталізавацца свае цэнтры новых, яшчэ нязнаных сыстэмаў, якія ня толькі рэклямавалі для сябе поўную раўнавартасьць зь іншымі, але й спрабавалі паказаць атракцыйную сілу далека па-за межамі расейскага сьвету. Гэтая атракцыйная сіла, што яшчэ 20 гадоў таму была досыць дасьціпнай вьцумкай пары мэгаляманаў, робіцца ў нашыя дні страшэннай рэальнасьцю. Паводле Талстога ды Горкага, па 1905-м, а асабліва па сакавіцкіх днёх 1917 году нібы нейкі цень упаў на Эўропу - гэтую, калісь такую ўпэўненую ў сабе, залітую бляскам свае непараўнанае цывілізацыі Эўропу. Гэты цень быў ценем Расеі. Яго відаць было адусюль. Уплывы, што йшлі з калісьці так пагарджанага Ўсходу, адгукаліся паўсюль. Выяўляліся яны ў зьдзіўленьні перад геройскімі постацямі расейскіх тэрарыстаў, перад рабскімі героямі рабскіх часоў. Іншы раз у захапленьні сантымантальна-сацыяльным эвангелізмам Талстога, які сваім старазапаветным патасам падаваўся такім арыгінальным, такім адрозным ад кабарэтна-парлямантарскай цывілізацыі Захаду; то зноў у зачытваньні творамі Арцыбашава ("Санін"), гэтай - як яе геніяльна ахрысыціў Бржазоўскі - "філязофіяй спэрматаісізму"; то зноў у нястрымных ухвалах для безаглядна-бандыцкіх мэтодаў царскае дыпляматыі, у зьдзіўленьні перад выбрыкамі расейскіх магнатаў у Onchy або Verey, або перад ix дэманічнымі таварышкамі (а lа гр. Тарнаўская) - сталымі пэрсанажамі сусьветнае "chroniąue scandaleuse" [2]; то зноў у паталягічным раскашаваньні ў няздарна хамаватым, квазіхарэаграфічным мастацтве Няжынскага, нарэшце - last, but not least [3] - у захапленьні кучмамі, каптурамі і... густамі афіцэраў акупацыйнага войска...

Праўда, у гэтым хаосе ўражаньняў, паняцьцяў ды пачуцьцяў, што зьнянацку хлынулі на Эўропу, не было сыстэмы, прапорцыі, а галоўнае стылю. Розныя элемэнты расейскай культуры часта не падыходзілі адзін да аднаго, як маскоўскія "гандлёвыя рады" - велізарны, наскрозь мадэрновы будынак - да "Васілія Блажэннага", што стаіць поруч, - гэтага нясмачнага выпладня бізантыйска-манастырска-маскоўскага стылю. Але гэта ўласна i надавала расейскім уплывам рысу арыгінальнасьці, нейкую прывабнасьць, што дражніць нэрвы. Расеяй зацікавіліся, як цікавяцца сэнэгальцамі заінтрыгаваныя чытачкі элегантна-парнаграфічнай "Vie Parisienne" [4]. Унармаваную ды ўраўнаважаную ў сваім жыцьці Эўропу вабіла гэтая "шурпатасьць", гэты хаос, гэтая невыразнасьць, гэтае бязмэтавае хістаньне паміж скрайнасьцямі, што так характарызуе расейскую "душу", ёй імпанавала сіла, якая ня здолела яшчэ стварыць анічога пэўнага, нічога аформленага, але над якою, як над перадсусьветным хаосам, кружыу Боскі Дух, хаваючы ў сваей стваральнай правіцы безьліч мажлівасьцяў i безьліч формаў. Усё, што было правілам тут, у Эўропе, - праца, абавязак, маральная адказнасьць, - было там выняткам; усё, што было выняткам тут, - асновай там, у той дзіўнай краіне, дзе народ, што налічвае 80% непісьменных, стварыў сусьветную дзяржаву, дзе найрадыкальныя тэорыі мірна суіснавалі з барбарскай рэальнасьцю, дзе п'яныя манахі панавалі ў царскіх палатах, дзе цар быў папам, а папа царом, - там, у той краіне неабмежаваных магчымасьцяў i немагчымых абмежаваньняў усялякай свабоды.

Усё гэта вабіла знуджаны, адвеку сьціснуты ў азначаных межах мозак культурнага эўрапейца, як няпэўныя ўспаміны ягонай уласнай далёкай маладосьці. У страшэннай маскоўскай какафоніі адчуваў ён зь першага ўражаньня нейкія напаўзабытыя, але знаёмыя таны. У расейскай літаратуры адшукаў ён даўкі гумар Санча Пансы й халопскую парнаграфію "Дэкамэрону", у гасьціннасьці маскалёў - вульгарызацыю Люкула; у іхнай вонкавай шчырасьці й нутраной брутальнасьці рэмінісцэнцыі першых стагодзьдзяў хрысьціянства й Калігулы; у гістэрычна-аскетычных казанях яснапалянскага "мудраца" - зьнішчальныя прамовы Саванаролы; у Распуціне каралеўскіх блазнаў Шэксьпіра; у расейскім кульце Агулу i ў расейскім паломніцтве - водгук крыжовых паходаў, у расейскім сэктанцтве - рэлігійныя рухі найцямнейшае пары Сярэднявечча; у рэвалюцыйным тэроры - эпоху Мак'явэлі й Раваляка. Эпоха даўно забытая, ахутаная легендамі i паэзіяй мінуўшчыны, здавалася, аднаўлялася ў новай, вялікай культуры Ўсходу, дзе ўздымалі голаў сілы супярэчлівыя й неакрэсьленыя, але, здавалася, родныя тым, з барацьбы якіх на руінах Рыму паўстала калісь уся сучасная цывілізацыя Эўропы...

Гэтае спалучэньне розных, супярэчных сабе элемэнтаў расейскай культуры i ўтварыла той кшталт маскоўшчыны, які са зьдзіўленьнем даводзіцца нам назіраць. На жаль - i сярод нас саміх! Гэтае "москвобесие", якое яшчэ да вайны мела сваіх адэптаў, начало хаваць свае сапраўдныя мэты i погляды, i цяпер зьвязваюцца ў нас з размаітымі "арыентацыямі", з палітычнымі пытаньнямі дня. Вобразу нацыянальнага гонару, трактаваньня нас як парыяў, пра што ўжо казалі ня так даўно нашыя амбасадары ў парляманце (зьлітуйся Божа - як!), агульнае незадаволеньне, насаджаныя надзеі, - усё гэта стварыла надта ж спрыяльную глебу для зьявы, пра якую гаворка.

Пры гэтым у нас адыгрывалі яшчэ сваю ролю зычайная наша некрытычнасьць i прымітыўнасьць у думаньні. Як магло быць іначай. Тая ж Расея, між тым, была - або стала - "дэмакратычнай краінаю"! Расея была краінай, дзе жылося найбольш імпульсіўна, дзе паўставалі й разьвязваліся "вялікія" праблемы, куды зносіліся "вялікія клічы"! Пра "дэмакратызм" Расеі пісалі Кастамараў i Мардовец, перад рэвалюцыяй адкрыліся такія аўтарытэты, як Mackensy Walles або Seton Watson [5]. Тая акалічнасьць, што ў Расеі не было такога яскравага падзелу супольнасьці на клясы й станы, як на Захадзе, што ў ёй ажно да апошніх часоў не было панаваньня аднае палітычнае клясы - надавала цэнтральнай (царскай) уладзе нейкі дэмакратычны характар, - як сіле, што стаіць quasi панад клясамі i незалежна ад ix. Роўнасьць рабоў перад іхным супольным дэспатам i панам сыходзіла за раўнапраўнасьць вольных гараджанаў - i легенда пра "дэмакратычную Расею" фармальна рабіла спусташэньне сярод масаў, што думалі вульгарна. Потым да таго далучылася новая легенда - пра Расею, як носьбітку палітычнага й грамадзкага поступу. Імпульсіўная гульня сілаў у барбарскай, неўнармаванай супольнасьці, прыродны выбух незадаволеньня ў краі, які кіруецца дэспатычна, лічыліся за праявы велізарнай духовай энэргіі; сутаргі зламанага дэспатычнай хваробай арганізму - за адзнаку ягонай адпорнасьці й вялікай жыцьцёвае сілы. На Захадзе зь ягоным усталяваным ладам кожная праца для ягонай перабудовы мусіла прыстасоўвацца (як, напрыклад, у Маркса) да зялезных правоў грамадзкага развою, што дыктавалі нават ейны характар i тактыку. У Pacei гэтыя правы не абавязвалі, бадай, для сацыяльных рэфарматараў, якімі там пачынаюць быць ад гімназічнае лаўкі. Там мроілася пра раптоўны скачок з царства пугі ў царства сацыялізму, там двойчы два магло быць (ня так, як на "гнілым Захадзе") не чатыры, а тры, а іншы раз i пяць, нават дзесяць!

Азартнай псыхіцы заходняга славяніна, што ня звыкла шукаць паратунку толькі ва ўласных сілах i дысцыпліне (гэтым займаюцца "пэданты" - немцы!), Расея ўяўлялася краінай мрояў, а можа й зямлёй абяцанаю... Дзікасьць i некультурнасьць там цягнулі, як магнэс зялеза, да сябе дзікія й некультурныя элемэнты тут...

Як мы мусім ставіцца да гэтае зьявы? Сусьветная вайна й расейская рэвалюцыя, што паставілі нас сам-насам ня з царствам, а толькі з расейскім народам, вымагаюць неадкладнага адказу на гэтае пытаньне. Я ня думаю тут падаць дэталёвы досьлед на тэму "расейская культура". Рамкі часопіснага артыкулу завузкія, а тэма заглыбокая, каб яе можна было тут вычарпаць. Хачу даць хіба колькі намінкаў, колькі скандэнсаваных меркаваньняў, якія чытач можа сам сабе разгарнуць i якія склаліся ў мяне па доўгім роздуме з таго надзвычай цікавага сацыялягічнага факту, які найдакладней можна азначыць нямецкім словам das Russenthum [6].

Што ж такое гэтае Russenthum? Дзе шукаць аб'ектыуныя прычыны, што стварылі яго? Як ацаніць ягоную сацыяльнакультурную вартасьць?

Бязьмежная прастора зямлі, ахопленая дзяржавай, невычэрпнасьць ейных прыродных багацьцяў i людзкага матар'ялу - вось першы (геаграфічны) чыньнік, уплыў якога быў вырашальным у стварэньні расейскай культуры. Абмежаванасьць i бяспраўе супольных станаў i клясаў - ейны другі (палітычны), а той культ Агулу (субстанцыі), што як змора душыць кожную праяву чалавечага "я" (суб'екта) у Расеі, - трэці (сацыяльны). З гэтых трох прычынаў бярэ свой пачатак уся размаітая гама найдзіўных настрояў, перакананьняў, поглядаў i адхіленьняў гуртовае псыхікі маскаля, якая гэтак уражвае эўрапейца i застаецца пры гэтым для яго досыць дзіўнай, незразумелай музыкай, якая й дагэтуль робіць з маскаля нейкага этнічнага Геракліта-Цёмнага, зразумець якога нікому не наканавана.

Абмежаванасьць асобы й культ Агулу ня ёсьць нешта адмыслова маскоўскае. Яны агульныя з усімі патрыярхальньімі, першаснымі групамі. Становішча індывіда ў гэтых групах мае характар нездыфэрэнцаванасьці. Індывід рашчыняецца ў масе, ён не адасоблены ад яе ані сацыяльна, ані духова. Асоба страчвае тут сваю асабістую псыхіку, якая замененая гуртовай псыхікай. Але ў Эўропе няможна, здаецца, назіраць гэтага факту ў такім клясычным варыянце, як уласна ў Расеі. Вартасьць асобы ацэньваецца там не паводле яе самой, а толькі паводле значнасьці яе для Агулу. Старажытны Рым стварыў паняцьце civis Romanus [7] які ў зьмененых формах існуе й дагэтуль на Захадзе; Расея стварыла тэрмін "русский человек", які ня ёсьць паняцьцем аб'екту, а толькі прыметніка ("русский"), што паказвае не на права асобы, а толькі на абавязкі ды ейную прыналежнасьць да Агулу. Агул у Расеі зьяўляецца Богам. Ён пануе скрозь: у грамадзкім жыцьці ("абшчына"), у палітыцы (цэнтралізм), у рэлігіі (цэзара-папізм) i нават у сфэры ідэйнага жыцьця (дагматызм). Асоба ў гэтай сыстэме бяспраўная. Агул распараджаецца паводле свайго густу прыладамі працы асобы, аддаленай ад яго часта на дзесяць тысячаў кілямэтраў, як на загад Рыму ўкрыжавалі калісь назарэцкіх гэбраяў i пасьціналі галовы скіфскім бунтаўніком. Агул ёсьць усім i ў рэлігійнай сфэры, дзе ўладная царква лічыць сябе адзіна прававернай (артадаксальнай) i дзе кожнае выйсьце з-пад ейнай духовай (сэкты) або адміністрацыйнай (аўтакефальнай царквы) улады вьцаецца за бунт супраць народу, найвышэйшы рэпрэзэнтант якога йшчэ да нядаўна быў адначасова ахоўнікам царкоўных догмаў. Гэты самы Агул укладае таксама палітычны й маральны катэхізм для асобы, верыць у які ёсьць абавязкам кожнага расейца. Гэты цяжар Агулу, прычыну якога Глеб Усьпенскі бачыць ва "ўладзе зямлі", зводзіць жыцьцё асобы ў Расеі (асабліва ў сялянскай Расеі) да жыцьця расьліны або жывёліны. Праўда, асоба дзейнічае нібы й разум­на, але гэты розум традыцыйны, падобны да інстынкту пчолаў. "Нават у чачугаў, - піша Ўсьпенскі ў сваёй "Уладзе зямлі", паводле сьведчаньняў рыбакоў, існуюць "дзясяткі", якія высылаюцца чачужнай грамадой на пошукі месца для нераставаньня. Волская рыба сазан, што таксама жыве сваімі вясковымі грамадамі, мае выбарных, хадакоў i паручнікаў; яны звычайна йдуць папярод грамады; як падыходзяць да загарадкі, якую ставяць рыбакі ўпоперак ракі, спрабуюць носам, ці моцная яна, затым намагаюцца яе пераскочыць; калі гэта ўсё не ўдаецца, паручнікі павяртаюць назад: аддаюць справу грамадзе; тады грамадзкае веча сазанаў са страшэннаю сілай кідаецца на загарадку i б'е ў яе сваімі велізарнымі "рыламі". Пры гэтым многія гінуць, а іншыя ратуюцца праз адтуліну". Што ў такім чыста фізыялягічным арганізьме мусіць гінуць усялякая свабода асобы, усялякая спроба ўзьнесьціся па-над "традыцыйным розумам" - цалкам зразумела. I праўда, разгледзім у Расеі надзвычай слабы - у параўнаньні з Эўропай развой індывідуальнай ініцыятывы, які так навязьліва прымушае сябе адчуваць у грамадзкай эканоміцы, у палітыцы, навуцы, мастацтве, у кожнай грамадзкай акцыі (за тым часам у спосабе весьці войны) у Расеі, i які ёсьць таксама прычынай, чаму Расея аддала параўнальна мала людзей. Прыбітая Агулам, прывучаная да рэглямантаваньня кожнага свайго кроку i нават думкі - асоба робіцца там непаваротнай, інэртнай, млявай. Ня маючы ўласных - апроч указаных i выпрабаваных Агулам - мэтаў, асоба ў Расеі хутчэй падобная да бездапаможнага дзіцяці, чымся да мэтанакіраванага, пэўнага ва ўласных сілах i ўласным розуме, змалку прывучанага да самастойнасьці жыхара Захаду. Гэта адбіваецца нават у вонкавым выглядзе й звычках маскаля. Пэўна, не аднаму даводзілася назіраць групы маскалёў на вуліцах Вены або Жэнэвы, ці ў флярэнтыйскіх карцінных галерэях: бессыстэмнае хістаньне з боку ў бок, няўменьне арыентавацца ў новым месьце, бязладзьдзе ў выразе, няпэўнасьць у рухах, імкненьне зьбіцца ў купы - як конскі статак у стэпе, калі ён чуе ваўкоў, мяккія, расплывістыя, неакрэсьленыя рысы твару. Вось які гэта вобраз! Падобна выглядаюць адпушчаныя па доўгім сядзеньні ў турме вязьні. Звыклы нікуды ня йсьці й нічога не рабіць іначай, як з загаду й пераважна ў прысутнасьці жандара, такі вызваленец нагадвае ўпершыню выпушчанага са стайні на панадворак маладое цяля, якое ўсё трапляе як ня ў тын галавой, дык у яму нагой. Як мала падабенства мае гэты тып з тыпам шараговага эурапейца (хоць бы з Бродаў). Сьцісла й шырока акрэсьленае кола свабоднай асобы, па-за які ня сьмее пераступіць аніякая ўлада ("my house - my castle" [8]) надаюць ягоным рысам i паставе пэўнасьці, а рухам мэтанакіраванасьці й энэргіі.

Яшчэ больш яскрава (і фатальна) адбіваецца цяжар Агулу на духовай культуры маскаля. Расея ня ведала эўрапейскага гуманізму й Рэнэсансу. Вялікі зьмест гэтых рухаў - абвешчаньне поўнай свабоды чалавечага "ego" (у гэтым ягоная думка), ацэнкі яго паводле ўласнай ягонае вартасьці, а не ягонае вартасьці для кагосьці (для дзяржавы, для царквы) - застаўся чужым расейскай псыхіцы. Меркай усіх рэчаў стаўся на Захадзе суб'ект, а ў Расеі субстанцыя. У духовай творчасьці быў прызнаны аўтарытэт розуму - там, аўтарытэт бальшыні - тут. Нічым не абмежаваны пачатак бальшыні ўвогуле зьяўляецца ўладным у прымітыўных супольнасьцях. Ужо пазьней, у дарозе доўгае эвалюцыі, зазнаваў гэты пачатак разнастайныя абмежаваньні што да меншасьці ды асобы (прапарцыйныя выбары, забесьпячэньне прадстаўніцтва меншасьці, кваліфікаваная бальшыня, права сэцэсіі, votum separatum [9]). У першых часох развою чалавецтва меншасьць ігнаравалася, яшчэ больш - паасобных момантаў. Гэткую ж неталерантнасьць знаходзім у духовым жыцьці маскаля. Людзей, якія выходзілі з-пад уладнае (у пэўнай групе) догмы, анатамізавалі. Найяскравы прыклад гэтай ідэйнай неталерантнасьці даюць расейскія рэвалюцыйныя партыі, дзе чальцы аднае групы адчужаюць адзін аднаго ад сацыялізму з прычыны розных поглядаў на месца, дзе мае адбыцца перадвыбарны сход, або з прычыны супярэчнасьці думак што да выгляду сацыялістычнай дзяржавы. Кожны, хто меў нагоду бытнавацца ў расейскіх студэнцкіх колах пачатку XX ст., ведае, якім атрутным духам нецярплівасьці заражаны тыя колы. Студыяваць эсэраўскую літаратуру лічылася для сацыял-дэмакрата грахом - i наадварот; цытаваць рэакцыйнага пісьменьніка - рэччу небясьпечнаю; а чытаць "Новое время" - недаравальным злачынствам! Характэрна, што на так званых "сходках" (студэнцкіх вечах) права голасу мелі выключна рэпрэзэнтанты скрайніх партыяў, кадэтаў сустракалі зьдзекам, а зьяўленьне на трыбуне рэпрэзэнтанта "акадэмістаў" ("залатой моладзі"), асабліва калі ён чапурыста прыбраны, выклікала гучны рогат... Колькі цікавых людзей з арыгінальнымі думкамі i з розумам дасьледнікаў паламалі сабе карак у Расеі на гэтай тупой непадступнасьці Агулу для новых думак, пра гэта мы аніколі не даведаемся! Гэтая нецярплівасьць застрашальная, асабліва ў дачыненьні да іншых нацыянальнасьцяў. Дастаеўскі ненавідзіць немцаў усёй сваёй вялікай душой, гэтак жа як палякаў, якія ў яго ўсе або злодзеі, або шулеры (гл. "Браты Карамазавы"). Тургенеў i Купрын лічаць "хахлоў" за ніжэйшых істотаў, Пушкін спэцыялізаваўся ў насьмешках з французаў (гл. "Яўгені Анегін", "Дуброўскі"), Л.Талстой - зь немцаў i г.д. Прычына гэтае немца-француза i іншай фобіі згаданая ўгары: абсалютная няздольнасьць прызнаць рацыю існаваньня за чымсьці, што розьніцца ад агульнапрызнанага, пашыранага тыпу.

Гэты культ Агулу знаходзіць сваё вытлумачэньне ў адной характарыстычнай асаблівасьці расейскага жыцьця - у матар'яльнай нэндзы масаў, што ня ведае сабе роўні. Гэтая матар'яльная нэндза з розных прычынаў (брак найпрымітыўных вымогаў гігіены, рудымантарнасьць сацыяльнага заканадаўства ды інш.) страшэнная. Дапамагчы ёй сталася suprema lex [10] грамадзкай ды індывідуальнай чыннасьці. Эканамічнае ўзвышэньне масы (народу) зрабілася лёзунгам палітычных партыяў, credo літаратурных школаў, прадметам сацыялягічных i філязофскіх тэорыяў. Панятак "народ" набраў у Расеі містычных рысаў; гэта слабы панятак, пра які можа даць уяўленьне францускі "łe peuple" [11] у часе першай рэвалюцыі. Гэты панятак стаўся ў Расеі чымсь ірацыянальным. "Народ" зрабіўся меркай усіх рэчаў i ўсіх вартасьцяў. Слугаваньне яму было найвышэйшым шчасьцем, якое ў маскаля межавала з рэлігійным экстазам слугаваньня Хрысту. Як для вызнаўцаў Хрыста ўсялякая іншая чыннасьць i накірунак думкі апроч слугаваньня Богу й думаньня пра яго ёсьць грахом, так i для маскоўскага вызнаўца новага бога - Народу, Агулу - было грахом усё, што ня йшло беспасярэдна на задавальненьне патрэбаў гэтага абсалюту. У выніку кожнаму ўчынку ці думцы, што не хацелі вызнаваць новай рэлігіі, абвяшчалася анатэма. Той, хто перадрэвалюцыйныя ды рэвалюцыйныя часы (прыблізна 1900 - 1908 гг.) перабыў у Расеі, пэўна адчуў на сабе ўвесь маральны цяжар, маральны тэрарызм валхвоў бога - Народу (найзаўзятымі зь ix зноў жа былі рэвалюцыянэры). Усе праявы індывідуальнасьці безаглядна асуджаліся. Амбіцыя была грахом, сэксуальнае жыцьцё гэтаксама, разнастайныя эстэтычныя кірункі - злачынствам, пільнасьць i працавітасьць у дасягненьні асабістых мэтаў - дактрынарствам, сацыяльнае, матар'яльнае i нават маральнае ўзвышэньне над масаю - сорамам. Навука, мастацтва, тэатар, літаратура высьмейваліся й адкідаліся з тупой фанабэрыяй сярэднявечнага манаха, бо яны так ці йначай не слугавалі культу "Народу" i не ўсхвалялі ягоных "страданий". Вершаваная прапаганда заступіла месца паэзіі, "гражданские мотивы" - ейны зьмест; сярод аповесьцяў найбольшым посьпехам карысталася наймарнейшая макулятура (накшталт твораў нашае Натальлі Рамановіч), пазбаўленая ўсялякага таленту, але затое ажно перанасычаная наіўнай грамадзянскаю ці рэвалюцыйнаю тэндэнцыйнасьцю. Мастацтва дзеля мастацтва прыраўноўвалася да гульні ў "цюцюбабку", як занятак для "Народу" непатрэбны, а таму й асуджаны на сьмерць. Зачытваліся няздарнымі вершаплётамі (накшталт Тана-Багараза) за тое, што апявалі пралетарыят, "русского мужика" або трагедыю якогась няўдалага п'яніцы-лекара - сымбаль "русского интеллигента", - які гіне ад непаразуменьня з навакольнай "средой". I наадварот, недаўменна паціскалі плячыма, калі ў бібліятэцы студэнта выпадкова знаходзіліся паэмы Пшыбышэўскага, Оскара Ўайльда ці іншага паэта dei gratia [12]. Тэатар таксама лічыўся - як за цара Аляксея Міхайлавіча - "бесовским игрищем", бо зноў жа, ён не слугаваў узьвелічэньню таго самага боства - "Народу". Найвышэйшым валхвом, сайго роду Крыва-Крывейцісам гэтага культу быў граф Леў Талстой. Ягонае адмаўленьне эўрапейскай навукі й мастацтва (гл. артыкул "Что такое искусство?") саміх па сабе, якія ня ў стане беспасярэдна дапамагчы людзкай нядолі, ягоная чыста халопская нялюбасьць да мэдыцыны й лекараў ёсьць праявай i вяршыняй гэтае самае зьявы. Гэтае адмаўленьне ўсяго, што не слугавала беспасярэдна задавальненьню матар'яльных патрэбаў людзей часта прымае ў маскаля проста карыкатурныя формы, да якіх належыць перадусім прыроджаная ў кожнага маскаля агіда да ўсялякіх канвэнцыйных формаў i найпрымітыўных вымогаў эстэтыкі ("косоворотка" рэвалюцыянэра, лапці й блюзка графа Л.Талстога). Гэтыя астатнія, як асобы, якія, можа, i належалі да культуры, але на ўсялякі выпадак не спрычыняліся да ўлагоджваньня цярпеньня Агулу, безаглядна асуджаліся. I наадварот, усялякія прыпадабненьні да "Народу" (чобаты, нястрыжаныя валасы, грубасьць манэраў) "ладзіліся" у Расеі сыстэматычна, як абавязковыя цырымоніі, якія належаць культу, якія ядналі асобаў з "Найвышэйшай істотаю" - Народам.

Імкненьне судакрануцца з сваім богам - Агулам - прывяло да безагляднае барацьбы з праявамі ўсялякага індывідуалізму, які ў Расеі лічыцца за бацьку ўсіх грахоў. У патрыярхальнай стадыі духовай культуры маскаля няма месца аніякаму ўзвышэньню асобы па-над галовамі масы, як імкненьню зраўняцца з Богам сярод першых хрысьціянаў. Гэтае адмаўленьне індывідуалізму знайшло сваё выяўленьне i ў літаратуры. Горкі быў першым паэтам уласна індывідуалізму ў Расеі, хоць i скарыкатурызаванага індывідуалізму. Да яго расейская літаратура або займалася абагаўленьнем мужыка (бэлетрыстыка народнікаў, Л .Талстой), або трагедыяй "лишних людей" (Чэхаў) - гэтых растаптаных доляй асобаў, якія перад рэвалюцыяй усьцілалі дарогу расейскага інтэлігента, як птушыныя трупы ў полі па арабінавай ночы. Тыпу моцнага індывідуаліста, які актыўна ўмешваўся ў навакольнае жыцьцё, расейская літаратура да Горкага ня ведала. Калі няшчасныя аўтары й хацелі вывесьці такі (няісны) тып, дык звычайна з таго выходзіла карыкатура (як тып Штольца ў "Абломаве"). Звычайна ж такія "моцныя індывідуальнасьці" ў расейскай літаратуры - калі яны ёсьць - нерасейцы (баўгары ў тургенеўскім "Напярэдадні"; "Хаджы Абрэк", "Ізмаіл-Бэй" Лермантава; цыганы ў Пушкіна) або, калі ўжо расейцы, дык такія, якія не на расейскай глебе шукаюць задавальненьня сваіх патрэбаў (Рудзін Тургенева, які памірае на парыскай барыкадзе). На расейскай глебе такія тыпы не сустракаліся.

Тое, што ў згаданых аўтараў было звычайнай пісьменьніцкай інтуіцыяй, канстатаваньнем факту, тое робіцца ў графа Л.Талстога пастулятам. Пісьменьнікі XIX ст. сьцьвярджалі брак модных індывідуальнасьцяў у расейскім жыцьці, Талстой выяўляе перадузятую нянавісьць да вялікіх людзей, i нават да ўсіх тых, хто праз сваё сацыяльнае становішча ўзьнёсься (horribile dictu! [13]) - па-над "Народам"! - да адвакатаў, сьвятароў, лекараў, ураднікаў i ўвогуле "бар", для якіх Л .Талстой не шкадуе найцьмянейшых фарбаў. Сваю асаблівую нянавісьць зьвяртае гэты лісьменьнік на Напалеона (гл. "Вайну i сьвет") за тое, што той пасьмеў стаць па-над Агулам, навязваючы яму сваю волю (між іншым, цалкам памылковы й наіўны погляд на Напалеона!). Ідэя, зразумелая й натуральная для кожнага эўрапейца, а менавіта, што вялікія людзі зьяўляюцца хіба прыладамі гісторыі, або, як сказаў бы Гегель, - "Geschaftsfuhrer des Weltgeistes" [14] для Талстога, як i для кожнага маскаля, чужая. Узаеміны паміж субстанцыяй i суб'ектам у Pacei яшчэ таго роду, што кожнае ўзвышэньне апошняга з гледзішча першае лічыцца правакацыяй Агулу. Гегель гаворыць, што "der freie Mensch ist nicht neidisch, sondern anerkennt das gern, was gross und erhaben ist" [15] незалежна ад зьместу гэтае велічы. Маскаль прыўносіць у ацэнку індывіда павучальны элемэнт i асуджае кожную "гордыню духа", што паўстае супраць Агулу. Бунтаваць супраць законаў гэтага Агулу можа бясьпечна дазволіць сабе хіба mocny człowiek або "dzieci szatana" [16] Пшыбышэўскага. У Pacei такога зухвала напаткае заслужанае пакараньне, як Раскольнікава ў "Злачынстве i кары", прычым вымяраць гэтае пакараньне мае права Агул або Бог (што ў маскалёў часта адно й тое ж) - выключна яны: "Мне отмщение и аз воздам" - ёсьць motto-м Талстоўскага раману ("Анна Карэніна"), - памфлету супраць бунтоўнага раба-асобы. Бранды, дактары Штокманы ("Вораг народу" Ібсэна) i майстры Гайнрыхі ("Yersunkene Glocke" [17] Гаўптмана) малазразумелыя для расейскае псыхікі. Ёй бліжэйшыя "Дзядзька Ваня" Чэхава або "Антон Гарамыка" ці "Няшчасная Ліза" Карамзіна - героі цярпеньня й пакоры. Яе ідэальны індывід іншы. "Праўда нашых дзядоў", якая, паводле Ібсэна, за дваццаць год робіцца маной, ёсьць i застаецца для маскаля праўдай так доўга, як доўга за ёю стаіць бальшыня. Ідэалам асобы ёсьць для яго Платон Каратаеў ці Кутузаў з "Вайны i сьвету" - асобы, у якіх працэс іхнага адасабленьня ад Агулу паўстае на першых стадыях свайго разьвіцьця. Гэты ідэал ёсьць ідэалам Усходу, par ехеііепсе [18] Кітаю, Пэрсіі, Індыі і... Расеі. Ва ўсіх гэтых краёх няма йшчэ яскравага супрацьпастаўленьня суб'екту да субстанцыі, першы дарэшты паглынаецца другім. Гэта ня значыць, што ў расейскай культуры знайшлі сваё выяўленьне найвышэйшыя формы калектыўнага жыцьця - ідэі салідарызму (як гэта думалі старыя прыхільнікі "абшчыны" i новыя носьбіты ідэі расейскага мэсіянства). Трыюмф гэтых ідэяў вымагае такога ўсебаковага ўдасканаленьня i ўсамастойненьня асобы, якіх Расея ня ведае. Псыхіка сярэдняга маскаля ня ёсьць псыхікай trade union-a, ані нават Адама Сміта - бацькі эканамічнага й палітычнага індывідуалізму. Гэта псыхіка звычайнага Івана або Пятра, якіх гняце, як змора, права "мира", толькі дадаткам якога яны зьяўляюцца. Калі гэтую псыхіку можна назваць псыхікай калектывізму, то хіба калектывізму статкавага. Тым часам, як мэта асобы на Захадзе унезалежненьне, "Selbstbe-haiiptung" [19] свайго "я" - хаця б коштам сьмерці (Кармэн, Камброн над Ватэрлё), мэта маскаля расплысьціся, распусьціцца ў субстанцыі, зь якой ён выйшаў i якая гняце кожнае ягонае "слово, дело и помысел". Да "зьліцьця з народам" заклікалі так званыя "почвенники" з Апалонам Грыгор'евым на чале. Да гэтага заклікала расейская інтэлігенцыя сярэдзіны сямідзясятых гадоў - эпохі масавага "хождения в народ", да гэтага заклікаў Л.Талстой, да гэтага заклікаў яшчэ нядаўна знаны расейскі сацыяліст А.Луначарскі, які выдумаў адмысловую рэлігію, богам якой быў "весь народушко", да таго ж заклікалі славянафілы, якія бачылі ў пераходзе да народнага сьветагляду i звычаяў у жыцьці адзіны шлях да выратаваньня й скіраваньня адарваных ад "народнага карэньня" вышэйшых клясаў; тую самую праўду абвяшчаў Дастаеўскі, які паклікаў "гордого" інтэлігента зьмірыцца й без нараканьня прынесьці сябе ў ахвяру Агулу дзеля выкананьня тае вялікае місіі, што стаіць перад Расеяй - пашырыць ва ўсім сьвеце ідэі "праўдзівага хрысьціянства"; нарэшце, не чужыя былі падобныя ідэі Горкаму, які прымусіў цэлы дзясятак гадоў усю інтэлігенцкую Расею кленчыць перад сваёй басотай.

Кожная падзея тут ёсьць не выладаваньнем уласнай энэргіі, а толькі выкананьнем чыйгосьці прымусу. Гісторыя Заходняй Эўропы ведае мноства выпадкаў сьмерці за ўласныя, асабістыя перакананьні, а ў Расеі пераважная частка пакутнікаў (палітычных ці рэлігійных) - пакутнікі натоўпу: "На миру и смерть красна" - гаворыць расейская прыказка. Улада гэтага "мира" над асобай такая моцная, што нават учынак, варты асуджэньня, папоўнены масай, робіцца дабрачыннасьцю: абрады сэкты хлыстоў, якія надта суворыя што да індывідуальнага сэксуальнага "граху", грунтуюцца на густах калектыўнага "граху", на хаатычным сэксуальным унясеньні ў грамаду вернікаў.

Ідэя прымяншэньня асобы што да масы, распыленьня ў ёй, зьліцьця зь ёю вядзе ў сваёй лягічнай пасьлядоўнасьці да культу сьмерці, будыйскай Нірваны. Гегель у сваёй "Philosophie der Geschichte" [20] гаворыць пра кітайцаў: "Там, дзе ніхто ня мае асаблівых правоў перад іншымі, усьведамленьне ўласнага прыніжэньня становіцца дамінантай; гэтае пачуцьцё пераходзіць у пачуцьцё ўласнай нікчэмнасьці. Адчуваньне маральнай нікчэмнасьці выяўляецца гэтаксама ў пашырэньні рэлігіі Фо, якая за абсалютны, найвышэйшы пачатак лічыць Нішто (das Nichts), а за найвышэйшую дасканаласьць - пагарду індывіда". Гэтае абстрактнае Нішто называецца Найвышэйшаю Існасьцю. Гэта прынцып вечнага спакою, ягоная сутнасьць у тым, каб быць бязьдзейным i бязвольным. Гэтай "Найвышэйшай Істоце", гэтаму Нішто пакланяюцца i ў Pacei, хоць агульнапрызнанай рэлігіяй гэты культ пакуль што ня зьведаны. Разнастайныя "изуверские" сэкты ў Pacei, якія, дзеля выратаваньня ад "граху", спальваюць сябе ці жыўцом закопваюць у зямлю, i ёсьць гэтыя вернікі. Схіляўся да гэтых ідэяў i Л.Талстой, які ў "Кройцаравай санаце" так i гаворыць: "I гэта праўдзівя думка, што людзкае шчасьце ў тым, каб сябе ператварыць у нябожчыка". I чым жа ж, як не "ператварэньнем сябе ў нябожчыка", былі знакамітыя ўцёкі Л.Талстога, калi вялікі пісьменьнік, шукаючы свайго бога Нірваны, пакінуў за месяц да сьмерці свой дом i сваю радзіму, каб ісьці куды вочы глядзяць?..

Нэгатыўны пачатак Арыенту - супрацьлегласьць да сьцьвярджальнага прынцыпу Захаду - выяўляецца ў Pacei таксама ў культуры цярпеньня. "На Усходзе, - піша Гегель, - людзкі боль робіцца рэччу культу й павагі, бо ў болю адчувае чалавек, што ён суб'ект, ён можа i мусіць спазнаваць сябе самога, быць сьведкам свайго існаваньня". Тут, хіба ў гэтым раскашаваньні болем, індывід можа выяўляць сваё "я", актыўнасьць якога мае такія вузкія межы. Дзеля гэтага тое цярпеньне было ўзьнесена ў расейскай літаратуры да роду культу, якому аддаваліся з раскошай, зь нейкай амаль сэксуальнай асалодай. Хто чытаў "Зьняважаных i абражаных" ці "Злачынства i кару" Дастаеўскага, або народныя вершы Някрасава ("Зялёны шум"), або філязофскія артыкулы Л.Талстога на тэму "непротивления злу", таму зразумелая гэтая хваравітая, амаль паталягічная раскаханасьць у цярпеньні, што мяжуе з адмаўленьнем самога прынцыпу жыцьця. Да якой ступені калектыўная псыхіка маскалёў пасіўная, паказвае разуменьне каханьня - гэтай адной з найбольш выбуховых i найбольш сьцьвярджальных здольнасьцяў чалавечага "я" - у расейскай літаратуры. Тымчасам, як Amor Мапасана ці Гамсуна перадусім дзеяньне, шуканьне й барацьба, што, як у зьвярыным сьвеце, часта заканчваецца сьмерцю ("Пан" Carmen), расейскі Amor - штосьці пасіўнае, не закладзенае ў самой існасьці чалавека, а толькі староньняя сіла, што, як вясновая навальніца, падае аднекуль яму на голаў.

Я ня ведаю болей характарыстычных прыкладаў з сусьветнай літаратуры, якія гэтак яскрава адлюстроўвалі б супярэчнасьці паміж эўрапейскімі й маскоўскімі поглядамі, паміж асобаю i агулам, як два вобразы: адзін з "Homo Sapiens" Пшыбышэўскага, другі з "Уваскрэсеньня" Л.Талтога. Ва "Ўваскрэсеньні" аўтар малюе сцэну ў вясковай царкве на Вялікдзень, калі ўзрушаны ўрачыстасьцю хвіліны князь Няхлюдаў "хрыстосуецца" (г.зн. цалуецца) з адным мужыком сыфілітыкам і зь сьлядамі агіднай хваробы на бязносым твары. У мяне, як, спадзяюся, i ў кожнага з хоць крыху разьвітым эстэтычным пачуцьцём чытача, гэтая сцэна, у якой аўтар хацеў падаць прыклад найлепшага хрысьціянскага ўчынку, выклікала агіду. У кожнага чытача-маскаля гэтая сцэна выклікала адваротнае ўражаньне, як сымбаль таго распушчэньня індывіда ў масе, таго містычнага "приобщения" суб'екта да субстанцыі, якое - як "приобщение" да цела й крыві Хрыстовай - ёсьць найвышэйшай жыцьцёваю мэтай сярэдняга маскаля. У адной ca сцэнаў "Homo sapiens" мы сустракаем падобны, але крыху іншы эпізод, дзе Фальк папракае Марыю ў ейнай набожнасьці. "Як ты можаш хадзіць у касьцёл, - пытаецца ён у яе, - дзе ўсё гэтак прасякнута пахам чалавечага цела?" Гэта ж так "zespala z tłumem" [21]. Зрашчэньне з натоўпам - гэта тое, чаго не выносіць кожная, якая выбіваецца ўгору, асоба на Захадзе, не праз пагарду да натоўпу ўвогуле, а з інстынкту самазахаваньня, з жаданьня хутчэй узьнесьці яго да сябе, чымся самому апусьціцца да яго. I гэтае самае "zespolenie z tłumem" уласна i ёсьць тое, да чаго імкнецца хаатычная, арганічна яшчэ не адасобленая ад свае субстанцыі, статкавая душа сярэдняга маскаля.

Гэтае ймкненьне патануць у натоўпе дасягае ў Леаніда Андрэева ў адным зь ягоных апавяданьняў (назоў якога выпаў у мяне з галавы) чыста паталягічных формаў. Герой апавяданьня - рэвалюцыянэр, - шукаючы ў чужым месьце прытулку ад магчымага арышту, хаваецца ў публічным доме, дзе ўпершыню мае нагоду спазнаць гэты бруд. Узрушаны сілаю новых уражаньняў, герой Андрэева прыходзіць да перакананьня, што "стыдно быть хорошим", тымчасам як мільёны гінуць у багне прымусовай распусты. Рэвалюцыянэры адмаўлялі права чалавека насіць белыя каўняры ды хадзіць на балет, пакуль "народ страдает". Андрэеў ступае на адну прыступку вышэй i адкідае права асобы быць маральнай, пакуль існуе масавая прастытуцыя, бо нават з маральнага гледзішча ня сьмее асоба выходзіць з-пад улады субстанцыі, падобна да той самай хлыстоўшчыны, пра якую я ўжо згадваў, толькі што наадварот!

У гэтай нявызваленасьці асобы ад Агулу з гледзішча матар'яльнага, інтэлектуальнага, палітычнага i маральнага, якая зьяўляецца асноўнай рысай расейскай культуры, што збліжае яе з культурамі Арыенту, i ляжыць найбольшая небясьпека расейскай культуры для Захаду; для таго Захаду, які ўсёй сваёй цывілізацыяй i поступам абавязаны нічому іншаму, як уласна вызваленай індывідуальнасьці. Паводле Дарвіна, увесь поступ сьвету адбываецца шляхам адбору найбольш прыстасаваных. Але гэты адбор мажлівы толькі там, дзе ёсьць выбар, дзе ёсьць мільёны розных формаў, розных індывідуальнасьцяў, зь якіх потым маці-прырода вышуквае найбольш вартых, найбольш адпорных. У Расеі гэты працэс затрыманы, бо дыфэрэнцыяцыя асобаў ані ў сфэры матар'яльнай, ані ў духовай не пайшла далёка наперад. Адсюль яе беднасьць i ўбогасьць з культурнага гледзішча. Таму мы мусім гэтую культуру безаглядна адкінуць, як культуру прымітывізму, што, прышчэпленая раз на Захадзе, адкінула б яго з культурнага гледзішча на тысячу год назад...

Унівэрсальнае становішча агулу ў грамадзкім i духовым жыцьці Расеі - толькі адзін з чыньнікаў расейскай культуры. Другім зьяўляецца абмежаванасьць i бяспраўнасьць грамадзкіх клясаў i станаў, якія найноўшая Расея ўспадкавала ад старой Масквы. Тут мы можам абстрагавацца ад прычынаў гэтага факту. Досыць яго толькі канстатаваць. Тымчасам, як на Захадзе самаарганізацыя i свабода станаў (а пазьней клясаў) сустракаецца ўжо на досьвітку гісторыі (рамесныя цэхі, самаўправа гарадоў, кліру, фэўдалізм, хуткая адмена паншчыны), у Расеі мы бачым якраз супрацьлеглае. Царква была там нямой прыладай у руках цэнтральнае ўлады. Такою ж яна засталася й дагэтуль. Сялянства вызвалілася з кайданоў прыгоньніцтва i ўступіла на шлях эканамічнага індывідуалізму за няпоўных дзесяць год да Парыскай камуны 1871 году, трэцяга стану данядаўна амаль не йснавала, гарады ня мелі жаднае самаўправы, фэўдалізм не пасьпеу сфармавацца, а што да шляхецтва, дык яно было вольным станам хіба што на першы позірк. Спачатку абавязанае да вайсковае службы, пазьней яно атрымала пэўныя прыватныя, некарпаратыўныя правы, як права валоданьня "душамі", свабода ад кары на целе й да т.п. Правы карпаратыўныя (i тое надта абмежаваныя) атрымала яно ажио ў канцы XVIII ст., - г.зн., калі на Захадзе яны былі ўжо надзейна абароненыя.

Гэтае рабства, брак самастойнасьці клясаў (i станаў) мелі для духовай культуры Расеі найфатальнейшыя наступствы. Гэтыя наступствы былі: 1) скрайняя неразьвітасьць прававой псыхікі (пачуцьцё сваіх правоў i ўсьведамленьне сваіх абавязкаў) i 2) поўная няздольнасьць да калектыўнай, карпаратыўнае дзеі. Уплывам гэтага апошняга факту ёсьць перакручанае значэньне, якое набыла ў расейскім грамадскім жыцьці дзея, чын індывідуальны: па-першае, казань самаўдасканаленьня, несупраціў злу i цярпеньне, па-другое, прапаганда анархізму.

Спачатку што да першага пункту. Нормы людзкіх паводзінаў можна падзяліць на такія, што толькі загадваюць (imperare) нешта аднаму боку ("любі блізкага свайго"), i такія, што да ўсяго іншага надаюиь другому, як штосьці яму належнае (aeri attributiim), тое, што вымагаецца ад першага (абавязак сплочваньня доўгу). Першыя нормы - нормы маральныя ці імпэратыўныя, другія - нормы прававыя ці атрыбутыўныя. Для грамадзкага жыцьця i для ўсяго поступу чалавецтва пытаньне, якая псыхіка ў гэтым грамадзтве ўладная, мае велізарную значнасьць. Там, дзе пераважная частка правілаў, што нармуюць узаеміны, разумеюцца як атрыбутыўныя (а гэтак ёсьць на Захадзе), ix парушэньне выклікае рэзкі пратэст, выбух абражанага пачуцьця права; насупраць, пры парушэньні нормаў імпэратыўных, выкананьне ці невыкананьне якіх пакінута добрай волі "абавязанага", гэты выбух не наступіць; у грамадзтве зь перавагаю чыста імпэратыўных нормаў няма здаровых падставаў для поступу ані асобы, ані агулу - такая супольнасьць пасіўная, малаадпорная ўсялякаму гвалту. І ўласна такою супольнасьцю ёсьць Расея. У ёй, як у кожным прымітыўным грамадзтве (Gemeinschaftу проціпастаўленьні да Gesellschaft [22]), дзе пануе патрыярхальнасьць адносінаў паміж уладаю i народам, паміж станамі (прыгоньніцтва ажно да 1861 году!), дзе 80% жыхарства кіруецца звычаёвым правам, дзе сьцісла не акрэсьленыя правы, адных i абавязкі іншых, - у гэтай Расеі безьліч нормаў, што ў Эўропе зьяўляюцца ўжо нормамі права, i да сёньня маюць характар чыста маральных (імпэратыўных). Яшчэ болей! Ix - гэтыя нормы - узьнесьлі нават да рэгулятара сацыяльнага жыцьця! Там старыя славянафілы сьцьвярджлі, што тымчасам, як заходнія дзяржавы ўтварыліся разбойствам i гвалтам, расейская - добраахвотным прызнаньнем улады. Паводле такога разуменьня, безумоўна, непатрэбныя былі аніякія папяровыя гарантыі паміж уладай i нацыяй, бо "ніякая дамова не стрымае людзей там, дзе няма нутраной згоды". Найдакладней выказаў гэтую думку Аксакаў: "Узаеміны паміж народам i ўладаю абапіраліся - асабліва за дапятроўскіх часоў - на двухбаковы давер. Нехта мо скажа: народ i ўрад могуць ашукваць адзін аднаго. Патрэбныя гарантыі! На гэта адкажам: гарантыяў ня трэба, бо гэта ліха. Дзе патрэбныя гарантыі, там дабра няма". У Расеі, дзе йшчэ нядаўна кожная найпрымітыўная калектыўная дзея (дапамога галодным) лічылася за злачынства супраць дзяржавы, асабістая дзея магла стацца ідэалам. На тым самым тле (абмежаванасьці масаў) паўсталі й цяпер дамарослыя кветкі расейскага "духу", перадусім страх перад арганізаванаю калектыўнаю дзеяй. У сваім апавяданьні "Люцэрн" Л. Талстой апісвае вулічнага сьпевака, які марна спрабуе адкрыць для сябе сэрца й кішэні шаноўнай гатэльнае публікі. Абураны аўтар пытаецца: Чаму гэтыя інтэлігентныя гуманныя людзі, увогуле здатныя да ўсялякай сумленнай агульнае справы, ня маюць людзкіх пачуцьцяў да асабістае добрае справы? Чаму гэтыя людзі ў сваіх палатах, вілах ды таварыствах горача дбаюць пра пашырэньне хрысьціянства ў Афрыцы, але не знаходзяць у сваей душы й найпрасьцейшага спачуваньня да чалавека?" Прынцып сацыяльнай пасіўнасьці, прынцып індывідуальнае дзеі знаходзяць у гэтым апавяданьні сваё найлепшае выяўленьне. Нядзіўна, што Гамсун называе Л.Талстога (у сваім рамане "Містэрыі") "найактыўнейшым дурнем нашага стагодзьдзя"; для эўрапейца, які ніякага ўчынку дзеля паправы долі асобы не ўяўляе сабе іначай, як толькі празь зьмену сацыяльных стасункаў (параўнайце з усімі рэфарматарскімі рухамі Эўропы: Цьвінглі, Кальвін, Лютар), прапаганда індывідуальнай дабрачыннасьці, як рэгулятара сацыяльнага жыцьця, мусіць уяўляцца ні чым іншым, як ідыятызмам. Гэтак жа й Дастаеўскі прыйшоў да адмаўленьня актыўнага ўмяшальніцтва ў грамадзкае жыцьцё. Першы прапагандаваў "несупраціў злу гвалтам", другі выдумаў тэорыю маральнага ачышчэньня празь цярпеньне, што, уласна, адно й тое ж, бо чым жа ж і мае выяўляцца несупрашў злу, як не спакойным цярпеньнем?! Ад гэтай прынцыповай пасіўнасьці ў грамадзкім жыцьці быў толькі адзін крок да казані самаўдасканаленьня асобы, як панацэі ад усіх сацыяльных няшчасьцяў. Гэты крок робяць абодва названыя аўтары - Л.Талстой і Дастаеўскі. Самаўдасканаленьне лічыў і Гогаль (ахвяра расейскай "культуры") за панацэю ад сацыяльных хваробаў, думаючы, што прыгоньніцтва само сабой зьнікне, у меру таго, як усе дзедзічы прасякнуцца "духом благочестия"; таксама й Пісараў меркаваў, што на зямлі запануе рай, як толькі чалавецтва ператворыцца ў цьвярозых рэалістаў "базараўскага" тыпу: сацыяльны поступ ён інакш i не разумеў, як мэханічна, праз памнажэньне носьбітаў гэтага ідэалу. Да таго самага ідэалу самаўдасканаленьня й міласэрнасьці спрычыняліся й бэлетрысты-народнікі (літаратура "кающегося дворянина" й любові да "меншага брата"). Найталенавіты i найбольш дзікі ўзор гэтага архаічнага разуменьня прыроды сацыяльнае нэндзы i спосабаў ёй дапамагчы знаходзім мы ва "Ўваскрэсеньні" Л.Талстога, дзе маральнае "просветление" асобы рэкамэндуецца як адзін зь сродкаў барацьбы... з прастытуцыяй! Да ўсіх гэтых ідэалёгіяў (самаўдасканаленьне, несупраціў злу, сацыяльная пасіўнасьць, імпэратыўная псыхіка) спрычыняецца неўмяшальніцтва ў жыцьцё, прынцыповае вызнаньне існага сацыяльнага ладу, да якога (не рэфармуючы яго самога) асабісты чын індывіда меўся б прыўнесьці пэўныя карэктывы, гэтак жа, як хрысьціянская навука, што прыйсьце Боскага Царства на зямлі ставіла ў залежнасьць ад удасканаленьня асобы ў маральным сэнсе, ад любога ўмяшальніцтва ў існыя інстытуцыі ("аддайце Богу богава, а цэзару цэзарава"). Такая псыхалёгія магла паўстаць хіба ў супольнасьці рабоў (якой Расея па сваіх трох рэвалюцыях ёсьць i цяпер); дзе асоба ня мае правоў, там, натуральна, можа выратаваць толькі міласэрнасьць; дзе грамадзкі чын задушаны, ратунку трэба шукаць у чыне індывідуальным, у сацыяльнай пасіўнасьці, самаўдасканаленьні й дабрачыннасьці. "Не супраціўляйся злу!" - адзіна мажлівая для запрыгоненага чалавека мараль, якая зможа забясьпечыць яму сякое-такое супрацьстаяньне неабмежаванай прыхамаці ягонага пана...

Калі адным бокам неразьвітасьці прававой псыхікі й немажлівасьці ўмяшальніцтва ў грамадзкае жыцьцё ў Расеі былі толькі што згаданыя тэорыі, то іншым бокам немажлівасьці творчага ўплыву на хаду падзеяў сталася прапаганда анархізму. Гэты апошні кірунак нідзе ня быў i ня ёсьць так моцна рэпрэзэнтаваны, як у Расеі. Як тэарэтычна (князь Крапоткін, Бакунін, Міхаеў, праф. Баравой, Горкі, часткова Л.Талстой, Андрэеў), гэтак i практычна (нігілісты, сацыял-рэвалюцыянэры - максымалісты, экспрапрыятары, тэрарысты). У супольнасьці, дзе ўсялякая творчая грамадзкая праца йшчэ данядаўна забаранялася, легка мог здабыць уплыў прынцып "дух разру­шения есть в то же время созидающий дух" (дэвіз анархістаў); там не ўяўлялі сабе аніякага "созидания" іначай, як "разрушение". У супольнасьці, дзе натыкаўся на непераадольныя перашкоды кожны калектыўны чын, натуральна перамагчы меўся чыста асабісты, індывідуальны чын. У супольнасьці зь неразьвітай прававой (атрыбутыўнай) псыхікай свабода індывіда іначай не магла быць зразуметая, як свабода ад усіх загадаў Агулу. Гэтым анархічным духам, як я ужо згадаў, прасякнутая й расейская літаратура; назіраць яго можна i ў прыватным, таварыскім жыцьці, i ў жыцьці духовым, г.зв. расейскае інтэлігенцыі (дагматызм). Дзеля таго так мала сустракаем мы сярод гэтае інтэлігенцыі г.зв. Forschergeist-аў [23]; расейскія рэвалюцыянэры звычайна нічога ніколі грунтоўна не вывучаюць, а толькі ўсю сваю мудрасьць чарпаюць з капейкавых брашураў, што маюць ужо звыш складзеныя адказы на ўсе сацыяльна-палітычныя пытаньні; уцёкі ад усялякай творчае працы, страх перад прадуктыўным умяшальніцтвам у жыцьцё адбіваюцца й на чыста духовай сфэры маскоўскага жыцьця.

Нічым іншым, як бяспраўнасьцю й рабствам клясаў можна патлумачыць i тую нядбаласьць (расейскі "авось") i поўную адсутнасьць маральнай адказнасьці, што так зьдзіўляе нас у маскалёх. Раба нішто не ўратуе ад прыхамаці ягонага пана - дык навошта ж быць абачлівым? Навошта складаць якіясь там пляны? Навошта стала імкнуцца да нейкае мэты? Хіба ня можа любы плян быць перагорнутым дагары нагамі з аднаго слова пана? Шляхі жыцьця (як i законы панскае прыхамаці) неспасьцігальныя! Толькі хапай момант! Зусім як у "Пікавай даме" сьпявае Герман:

Что наша жизнь? Игра!

Добро и зло - одна мечта

Труд, честность - сказки для бабья.

Кто прав, кто счастлив здесь друзья?

Сегодня ты, а завтра я

Так бросьте же борьбу, ловите миг удачи!

Лавіць момант шчасьця ў той азартнай гульні, што называецца жыцьцём, - закон жыцьцёвае мудрасьці маскаля. Псыхалёгія азартнага гульца - ягоная псыхалёгія, якая імпануе шматлікім наіўным прыхільнікам расейскай "душы".

Ня меншы ўплыў на фармаваньне маскоўскай калектыўнай псыхалёгіі меў трэці чыньнік расейскай культуры - той, які я назваў этнічна-геаграфічным. Расея ёсьць краем невычэрпных прыродных багацьцяў, невычэрпнага чалавечага матар'ялу й бясконцай прасторы. На фармаваньне расейскай душы ўплывае гэта ў такой жа ступені, як палітычнае рабства i сацыяльная недыфэрэнцаванасьць. Гэтым трэцім чыньнікам тлумачыцца страшэнная непавага да часу, людзкае працы i чалавека самога па сабе у Расеі, а таксама абсалютная няздольнасьць дбаць пра заўтра. Часу яму шанаваць ня трэба, бо страту яго яму кампэнсуе багатая прырода; ня мусіць ён шанаваць i людзкага матарялу для "гнілога" Захаду могуць адыгрываць розьніцу два ці тры палкі, маскаль можа ўсьцяліць палі сотняй тысячаў чалавек, а заўтра на іхным месцы мець дзьве. Ня ведае ён таксама, што такое эканомнае ужываньне энэргіі, дасягненьне максымальнага выніку пры мінімальных высілках. Гэта толькі у Эўропе мусіць кожны чацьверты разьлічваць кожны крок; гэта толькі там прырода так бедна надзяліла чалавека зямлёй, што кожнае неразважнае збочаньне з раз абранай дарогі пагражае скінуць яго у бездань. У Расеі зямлі дастаткова, i найбольш каркаломныя salto mortale ніколі ня маюць там фатальнага канца. Разьлічваць на сэкунды, будаваць посьпех нейкае дзеі на апераджэньні супраціўніка на дзесяць хвілінаў, матэматычна ўзважваць усе "за" i "супраць" - усе гэтыя прыкметы, за якімі відаць станаўленьне i заняпад эўрапейскай цывілізацыі, незразумелыя i глыбока несымпатычныя маскалю. Адсюль хаатычнасьць усіх ягоных учынкаў, брак трываласьці, няспыннае хістаньне ад параксызму энэргіі да апатыі, духовая, палітычная i маральная лянота - прыкметы мо' каму й сымпатычныя, але, тым ня меней, шкодныя з гледзішча сацыяльнага, сьмяротныя для ўсялякага грамадзкага поступу. Шырыня расейскай зямлі, невычэрпнасьць ейных багацьцяў i чалавечага матар'ялу сталі праклёнам ддя Расеі, што аніяк не дае ёй выйсьці духова ca стадыі прымітыўнае грамады...

Якія высновы можна вывесьці з гэтай кароткай характарыстыкі расейскай культуры? Толькі адну: гэтая культура прымітывізму, гэтак блізкая да ўсіх культураў Усходу, сьмяротная для нас - паўнапраўнае часткі Эўропы. Толькі Расея з сваімі невычэрпнымі багацьцямі можа дазволіць сабе раскошу мець такую "культуру", якую ўжо мае. Нават такія дзяржавы, як Нямеччына й Аўстрыя, калі б i хацелі прышчапіць яе да свайго арганізму, мусілі б загінуць. Гэтак жа й мы. Каб выжыць у гэтай страшэннай барацьбе за йснаваньне, што вядзецца паміж нацыямі, мы мусім завесьці ў сябе нямецкую дакладнасьць, энэргію i здольнасьць да працы. Цалкавітае распыленьне "я" ў вялікай цэласьці, культ Нірваны, Агулу, абмежаванасьць індывідуальнасьці, рабства духу - як ідэал, узьнясеньне інстынктыўнага, традыцыйнага статкавага розуму масы да рол i рэгулятара грамадзкага жыцьця, антысацыяльная прапаганда самапакоры, самаўдасканаленьня i анархізму гэта ўсё элемэнты, якія нельга назваць інакш, як элемэнтамі культуры раскладаньня. Ад яе, ад гэтай культуры, як ад пошасьці, мусім мы пільнавацца, каб не струпяхлець дашчэнту. Таму ў нас, зважаючы на гэта, ня можа быць двух меркаваньняў. Або-або! Або Расея зьнішчыць нас, а тыя задаткі эўрапейскай культуры, якія мы маем (прыватная ўласнасьць на зямлю, унія, індыідуалізм), зьвядзе да ролi камічных, пакінутых ад мінуўшчыны экстравагантнасьцяў, якія, як смушкавую шапку ўлетку ці шырокія "як Чорнае мора" шаравары, змушаныя будзем здаць у музэй. Або павінныя гэтыя рэшткі культываваць і, супраць волі Расеі, сьцьвердзіць i замацаваць, вывесьці ix у моцную будову, навязваючы абарваную нітку даўняй гістарычнай традыцыі. Дакуль таго ня зробім, будзем мо мець "Энэіду", пераніцаваных сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (існаваньне якіх на Ўкраіне, дзе няма "міру" лічу за чысьцюткі ідыятызм i рабскае малпаваньне маскалёў), як маем пераніцаванае праваслаўе, пераніцаваную літаратуру (Віньнічэнка - украінскі Арцыбашаў) i г.д. Думаць, што ў гэтым пераніцаваньні няма бяды, памылкова. Кожная інстытуцыя нясе з сабою дух, які яе стварыў i якім яна прасякнутая. Узяць, прыкладам, унію - тэма, што робіцца ў нас надта актуальнаю. Тут гаворка не пра голеныя ці няголеныя вусы. Унія, як i ўся каталіцкая тэалёгія, паўстала зь сярэднявечнае схалястыкі, а гэтая схалястыка збудаваная на поглядах Арыстотэля. Што б там ні было, гэтая схалястыка абуджала калісьці дух творчае працы. Яна зьберагла рэшткі антычнай традыцыі, зрабіла пазьней магчымым Рэнэсанс i Рэфармацыю, рабіла прадметы веры прадметамі думаньня, узносіла чалавека із сфэры абсалютнае веры ў сфэру сумневу, досьледу, ведаў. Імкнучыся дайсьці розумам да царкоўных догмаў, яна ўмацоўвала - можа, мімаволі - аўтарытэт розуму, вольнае навуковае творчасьці. Яна сталася прычынай перамогі новага прынцыпу - прынцыпу розуму. Яна зьберагла антычную павагу да чалавека як чагосьці самадастатковага, як меры ўсіх рэчаў для наступных стагодзьдзяў. I гэта ўсё мы дарэмна шукалі б у расейскім праваслаўі i ў ягонай копіі - украінскім. Падобна й іншыя інстытуцыі, гвалтам зьнішчаныя ў нас Масквой, меліся быць у нас задаткам самастойнага разьвіцьця ў духу заходняе культуры. Ці наш культурны развой ішоў бы тым шляхам, што цяпер, калі б у нас Расея не насадзіла прыгоньніцтва, калі б яна ня зьнішчыла самаўправу гарадоў (магдэбурскае права), кал i б не задушыла палітычную самаарганізацыю шляхты, калі б ня вынішчыла "рымскага" духу ў нашых школах, ніжэйшых i вышэйшых, калі б ня выпхала на другі плян лаціну, гэтую асаблівасьць навукі ажно да канца XVIII ст., лаціны, якая была - як i унія - ня толькі формай, але й пэўным зьместам?

Той дух, які калісьці натхняў усю нашу культуру, быў духам Захаду: чалавек быў там каштоўны (як тое было ў Расеі) не сваей ужытковасьцю для дзяржавы, для царквы, для "Бога", для Агулу, а толькі як увасабленьне ў целе несьмяротных здольнасьцяў духу, навязанага нічым i нікім, - ні традыцыйным розумам продкаў, ні тыраніяй "кампактнае бальшыні" (ібсэнаўскі выраз), ні ўтылітарным тэрорам некультурных масаў, не абмежаванага нідзе, ні ў духовым, ні ў палітычным жыцьці, ні ў навуцы, ні ў мастацтве. Гэты дух заходняй цывілізацыі мы маем зноў адщукаць у сабе, маем уваскрасіць забытыя традыцыі нашай старой культуры, калі мы ня хочам распусьціцца ў маскоўскай псэўдакультуры, што ёсьць перадусім культурай застою. "Ляці - i збавіш сябе" - "Сядзі - i будзеш збавёны" - у такой формуле бачыць знаны (i таленавіты) расейскі пісьменьнік Розанаў розьніцу дзьвюх культураў - эўрапейскай i маскоўскай. Мы мусім імкнуцца, каб цень Расеі ня лёг на нас. Не дапусьціць гэтага - сьвяты абавязак кожнага, для каго ідэалёгія "скапецтва" i "басоты", ідэалёгія "абуджанага" i зрэвалюцыянізаванага статку ня сталася йшчэ апошнім словам поступу.



[1] у будучыні (лац.)

[2] "скандальная кроніка" (фр.)

[3] апошняе, але істотнае (анг.)

[4] "парыскае жыцьцё" (фр.)

[5] Макэнзі Ўэлс i Сэтан Ўотсан - ангельскія вучоныя, культуролягі й славісты, якія пісалі пра Расею

[6] расейства (ням.)

[7] рымскі грамадзянін (лац.)

[8] мой дом - мая фартэцыя (анг.)

[9] права на адасабленьне (лац.)

[10] найвышэйшы закон (лац.)

[11] народ (фр.)

[12] З Боскае міласьці (лац.)

[13] страшна сказаць (лац.)

[14] галоўны рухавік сусьветнага Духу (ням.)

[15] вольны чалавек не зайздросьлівы, але з ахвотай вызнае тое, што вялікае i ўзьнёслае (ням.)

[16] моцны чалавек i "дзеці сатаны" (польск.)

[17] "Затанулы звон" (ням.)

[18] асабліва (фр.)

[19] самасьцьверджаньне (ням.)

[20] "Філязофія гісторыі" (ням.)

[21] яднае з натоўпам (польск.)

[22] суполка (ням.)

[23] духау пошуку (ням.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX