Вярнуцца: Філасофія, роздумы

Мэмфард Левіс. Міф машыны


Аўтар: Мэмфард Левіс,
Дадана: 12-06-2014,
Крыніца: Мэмфард Левіс. Міф машыны // Спадчына №2-1995. С. 205-223.



НОВАЯ САЦЫЯЛЬНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ

Друкуецца са скаротамі, паводле кнігі: «Утопия и утопическое мышление». М. «Прогресс», 1991 г.

На працягу III тыс. да н. э. у культуры чалавецтва адбыліся глыбокія змены. Узнікла гісторыя ў выглядзе пісьмова зафіксаваных падзеяў, што перадавалася з пакалення ў пакаленне; у некаторых мясцінах у далінах вялікіх рэкаў утварылася новая сетка грамадскіх інстытутаў, якую мы i называем цывілізацыяй. Археолагі спрабавалі патлумачыць гэтую трансфармацыю галоўным чынам як вынік тэхналагічных зменаў - вынаходніцтвам пісьма, ткацкага станка, плуга, счосабаў вырабу зброі i прыладаў працы з металу, буйнамаштабнай культывацыяй зерневых на адкрытых палях. Гордан Чайлд увёў нават паняцце «гарадская рэвалюцыя», якое абазначала кульмінацыйны момант развіцця папярэдняй аграрнай рэвалюцыі».

Тэхнічныя ўдасканаленні мелі надзвычай важную ролю, але за імі хавалася яшчэ важнейшая сіла прагрэсу, на якую вучоныя не звярнулі ўвагі: вынаходніцтва магутнай сацыяльнай арганізацыі новага тыпу, здольнай павысіць чалавечы патэнцыял i выклікаць змены ва ўсіх аспектах існавання - змены, якія наўрад ці маглі б уявіць сабе дробныя, прывязаныя да зямлі абшчыны ранняга неаліту.

Спрабуючы гіпатэтычна рэканструяваць перадгісторыю, я імкнуўся паказаць, што кожнае тэхнічнае дасягненне было шчыльна звязана з неабходнымі псіхасацыяльнымі трансфармацыямі, якія папярэднічалі тэхналагічнаму прарыву дый ішлі за ім; з эмацыянальным яднаннем i абавязковым захаваннем рытуалаў, з пачаткам камунікацыі ідэяў у мове, з маралізатарскім упарадкаваннем усіх відаў дзейнасці пад кантролем табу i строгіх звычаяў, якія забяспечвалі супрацоўніцтва групаў.

На трох названых фундаментальных камянях - яднанні, камунікацыі i кааперацыі - стваралася базавая вясковая культура. Але за межамі пэўнай тэрыторыі племені ці вёскі гэтыя асноўныя спосабы сацыялізацыі праяўляліся толькі спарадычна i неэфектыўна. Сама абшчынная культура была універсальная, але кожная група заставалася сацыяльным востравам, адрозным ад іншых групаў. Усюды, дзе вяскобая культура была самнасам, яна касцянела i калі потым зноў пачынала развівацца, дык дзякуючы прымусу з боку мацнейшага згуртавання, альбо шляхам асіміляцыі інстытутаў, якія праніклі ў яе з больш высокаразвітых цывілізацыяў.

З ранняга неалітычнага комплексу ўзнялася іншая сацыяльная арганізацыя, не рассеяная на дробныя адзінкі, але злучаная ў вялікую; ужо не «дэмакратычная», г. зн. заснаваная не на суседскай інтымнасці, звычаях i згодзе, але аўтарытарная, якая кіравалася з цэнтра, кантралявалася пануючай меншасцю; не прыкаваная больш да абмежаванай прасторы, але якая знарок пераходзіла межы, каб захапіць сыравіну, зняволіць слабейшых, паціырыць свой кантроль, накласці даніну на скораных. Гэта новая культура спрыяла не толькі росту багацця, але й экспансіі калектыўнай улады. Удасканаліўшы новыя прылады прымусу, паноўныя гэтага грамадства да III тыс. да н. э. дасягнулі такой індустрыйнай i ваеннай магутнасці, маштабы якой заставаліся непераадольнымі аж да нашага часу.

У названы перыяд чалавечыя намаганні пераходзяць з гарызантальнай плоскасці вёскі i сям'і ў вертыкальную плоскасць грамадства ў цэлым. Новая супольнасць сфармавала іерархічную структуру, сацыяльную піраміду якая ахоплівала ад асновы да верхавіны мноства сем'яў вёсак, заняткаў, часам мноства рэгіёнаў, i, вядома, багоў Гэтая палітычная структура была базавым вынаходніцтвам новай эпохі: без яё ні ейныя манументы, ні ейныя гарады не маглі быць пабудаваныя - варта дадаць - без яе не было б іхнага дачаснага знішчэння... (...)

ЦАРЫ ЯК ПЕРШАРУХАВІКІ

На жаль, пра царскую ўладу бальшыня нашых звестак узятая з дакументаў, пісаных праз стагоддзі, нават тысячагоддзі пасля пачатных падзеяў. Самыя ніжэйшыя пласты раскопаны ў Іерыхоне сведчаць, што яшчэ да з'яўлення нейкіх бачных прыкметаў царскай улады эканоміка забяспечвала лішак сродкаў, дастатковы дзеля будаўніцтва вялікага горада i падтрымання сталагa занятку ягоных насельнікаў. Такім чынам, «першабытная дэмакратычная супольнасць», як называў яе Фрэнкфарт, дасягнула надзвычай высокага ўзроўню развіцця тэхнічнай кааперацыі i майстэрства без удзелу царскай улады, магчыма, пры нейкай мякчэйшай форме кіравання, што апіралася на перакананне i якая магла ўзнікнуць, паводле гіпотэзы Кетлін Кеніён, у спрыяльнейшых кліматычных умовах у гэтым рэгіёне. Нядаўняе адкрыцце Чатал-Хююка ў Турцыі пацвярджае гэтую гіпотэзу. Новая форма магла стварыцца як сацыяльная мутацыя. У сельскіх абшчынах, дзе яшчэ не было хоць нейкага сталага падзелу працы ці падзелу на касты. Эканамічная дыферэнцыяцыя чальцоў супольнасці ў звязку з іхнай спецыялізацыяй, прыватнай уласнасцю i зняволеннем заставалася мінімальнай i ўзнікла да таго, як цалкам сфармаваліся ўласныя спецыялізаваныя інстытуты царскай улады, заснаваныя на прымусе i пакараннях. Такі стан больш-менш адпавядае гесіёдаўскаму «залатому веку». Калі сказанае праўдзівае, дык гэтым можа тлумачыцца ўстойлівая рыса ранніх царстваў, што выразна выявілася у больш познюю эпоху ў культуры Новага Свету, напрыклад, у інкаў: а менавіта іхны аўтарытарны камунізм, кантраляваны дзяржаваю, аднак дабрачынны, дзе ў вялікай супольнасці была сумесная праца i сумеснае размеркаванне прадуктаў вытворчасці, што ўласціва вёсцы. Тыя ж добрыя намеры i тая ж прымусовая арганізацыя ляжаць у аснове сучаснага камунізму.

Калі царская ўлада замяніла ўладу сельскіх абшчынаў, іхныя лакальныя функцыі апынуліся скупленыя ў храме ці ў палацы. Грамадская ўласнасць заставалася грамадскай уласнасцю, але цяпер яна належала богу, увасобленым у вобразе цара. I калі кіраўнік размяркоўваў уласнасць ці новую здабычу між сваімі набліжанымі, яна станавілася «прыватнай уласнасцю» ў арэоле царскай, калі не боскай, святасці на працягу ўсёй гісторыі. «Божая доля» зямнога плёну перш прызначалася храмам - старажытны звычай, які ў форме дзесяціны перайшоў у сярэднявечнае хрысціянства. Аднак i кожны чалец супольнасці меў вызначаную паводле звычаю долю. Пакуль ён служыў багам i слухаўся цара, дык быў у бяспецы i карыстаўся пэўнаю доляю велічных дароў. Цяперашняя «дзяржава дабрачыннасці» захавала - ці дакладней, «аднавіла» - шмат якія памянёныя тут характарыстыкі.

Гэты дзяржаўна-адміністрацыйны камунізм уласцівы, відаць, найбольш ранняй стадыі царызму: зямля, агульныя функцыі i агульныя правы перайшлі пад кантроль цара, i на выпадак неабходнасці ягоныя эдыкты i законы замянялі старажытныя звычаі мясцовай суполкі. Бо менавіта праз цара суполка карысталася міласцінай багоў, i пакуль народ плаціў падаткі зернем i працай, ягоны спакой быў забяспечаны. Гэты базавы камунізм засведчаны ў Егіпце i Месапатаміі, а пазней у Перу. Відавочна, царызм, абапіраючыся на гэткія ўзоры, пашыраючы i ўмацоўваючы ix, забяспечваў лаяльнасць да жорсткіх элементаў сваёй сістэмы, куды над та ж хутка пранікла няроўнасць паміж нявольнікамі, вольнымі i вяльможамі, якая ішла поруч з ростам прыватнай уласнасці. (...)

Салідарнасць між царом i абшчынаю ставілася вышэй за лаяльнасць да клану, сям'і i суседзяў. Гэтая дэталь тлумачыць, чаму цары, нават самазванцы, тыраны, гэтак часта мелі народную падтрымку, прыкладам, у барацьбе супраць другарадных прэтэндэнтаў на ўладу - магнатаў i вяльможаў. Пад містычнай аўрай абсалютнай улады ейныя унікальныя інстытуты ажыццяўлялі функцыі, якія потым перайшлі да «машыны».

Перш такая ўлада асацыявалася з ідэяй намесніцтва i адказнасці перад богам. Да 2000 г. да н. э. ніводзін фараон не мог спадзявацца на неўміручасць, калі ён не служыў справе праведнасці i праўдзівасці (Ma'at). У адным з тэкстаў эпохі Сярэдняга Царства Атон гаворыць: «Я стварыў вялікі разліў, каб бедны меў з яго сваё, як i багаты. Я загадаў кожнаму любіць свайго бліжняга». У гэтай дэкларацыі - прызнанне сталага ціску з мэтаю не толькі легалізаваць, але i маралізаваць уладу: кантраляваць яе i даводзіць ёй навагу да чалавечага існавання.

Гэтак вярнуўся, прынамсі ў прынцыпе, боскі кіраўнік іерархіі ўлады да эгалітарных сацыяльных i маральных ідэалаў вёскі. Праўда, гэтая салідарнасць заўсёды вызначалася дваістасцю: дабрыня кіраўніка, апісаная ў егіпецкіх тэкстах, ішла поруч з асаблівай здольнасцю выклікаць жах i сеяць смерць. Але памяць пра старажытныя абшчынныя атрыбуты царызму, магчыма, змякчала часткова штрдзённыя згадкі пра асабісты дэспатызм i калектыўную жорсткасць. I ўсё ж занадта часта, як сведчаць дакументы, чыноўнікі, якія выконвалі загады цара, атаясамлівалі сябе з крыніцаю ўлады i, дэманструючы царскую ганарыстасць, не кампенсавалі яе праявамі царскай літасці.

Больш прымітыўныя тыпы супольнасцяў эфектыўна дамагаліся адзінства дзеянняў, моцна трымаючыся ўстойлівых звычак i даўнейшых абрадаў: коштам узаемнай цярплівасці быў канфармізм, а самым жорсткім пакараннем - астракізм. Але каб забяспечыць выканацне царскіх загадаў праз доўгую чалавечую трансмісію, царызм меў патрэбу ў больш надзейных сродках, якія маглі б гарантаваць пакору. Каб дзяржаўная арганізацыя працавала зладжана, як адно цэлае, канфармізм мусеў быць аўтаматычны i поўны. (...)

Але разам з ідэямі пакорлівасці i абсалютнай паслухмянасці, якія важныя дзеля арганізацыі чалавечай машыны, рэальнымі становяцца i непаслушэнства, здрада, мяцеж. Каб забяспечыць патрэбную павагу да асвечаных нябёсамі санкцыяў царскай улады, царызм урэшце мусеў быць напагатове прымяніць сілу, але сілу лютую, садысцкую, што даходзіла да кашмарных эксцэсаў жорсткасці, гэткую бесчалавечную, якую выкарысталі «цывілізаваныя» ўрады ў Варшаве, Асвенціме i Вьетнаме. (...)

Першабытнае грамадства прызнае ў асноўным толькі два сур'ёзныя злачынствы: парушэнне табу на інцэст i забойства. Але ў новай сістэме кіравання i кодэксах законаў, што ўвёў царызм, лік магчымых злачынстваў узрос, а пакаранні набылі яшчэ страшнейшы характар. Невыкананне загаду начальніка сталася найгоршым з грахоў, нават пярэчанне залічалася да сур'ёзных злачынстваў. Калі меркаваць паводле практыкі індзейцаў-чаенаў, - гэта характэрная рыса паляўнічых плямёнаў палеаліту: у ix адно з трох злачынстваў - невыкананне загаду правадыра падчас палявання на бізонаў. (...)

Калі не браць пад увагу забойствы i згвалтаванні, дык самыя жахлівыя злачынствы, што карае цывілізаваная ўлада, узыходзяць да «недаравальнага граху» эпохі царызму - непакорнасці ўладару. Бесчалавечны прымус быў формай усталявання царскай у лады, забеспячэння пакоры, збору аброку, падаткаў i даніны. Любы царскі рэжым у сваёй аснове ёсць рэжым тэрору. З пашырэннем царызму гэтая тэрарыстычная аснова сфармавала нейкую інтэгральную частку новай тэхналогіі i новай эканомікі дастатку. Словам, за цудоўным сном хаваўся кашмар, ад якога цывілізацыя i дагэтуль няздольная пазбавіцца. (...)

НАРАДЖЭННЕ МЕГАМАШЫНЫ

НЯБАЧНАЯ МАШЫНА

Аддаючы належнае вялізнай магутнасці i размаху абагаўлёнай царскай уладзе як міфу i грамадскаму інстытуту, я пакінуў дзеля падрабязнага даследавання адзін ейны важны аспект, ейны найвялікшы i найтрывалейшы ўклад у гісторыю - вынаходства архетыповай машыны. Гэтая экстраардынарная вынаходка сталася самай ранняй мадэллю ўсіх пазнейшых складаных машынаў, хоць дэталі з плоці i крыві паступова замяняліся больш надзейнымі механічнымі дэталямі. Сабраць у адно працоўную сілу i дысцыплінаваць арганізацыю, якая выконвала працы ў нябачаных дагэтуль маштабах,- гэткая была унікальная дзейнасць царскай улады. Дзякуючы вынаходніцтву, пяць тысячаў гадоў таму былі вырашаныя грандыёзныя інжынерныя задачы, што не саступяць лепшым сучасным дасягненням у масавай вытворчасці, стандартызацыі i дэталёвым праектаванні.

Гэтая машына заставалася неразгаданаю і, натуральна, безыменнаю аж да нашых дзён, пакуль на свеце не ўзнік значна магутнейшы i сучасны ейны эквівалент, які выкарыстоўвае мноства падпарадкаваных яму машынаў. Дзеля зручнасці я буду называць архетыповую форму машыны рознымі найменнямі, у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі.

Паколькі кампаненты гэтае машыны, нават калі яна функцыянавала як інтэграванае цэлае, былі разряднаныя ў прасторы, я буду ў пэўных кантэкстах называць яе «нябачнаю машынаю»; калі гутарка зойдзе пра ўжыванне яе дзеля высокаарганізаваных калектыўных прадпрыемстваў, буду менаваць «працоўнаю машынаю»; у дачыненні да актаў калектыўнага прымусу i разбурэння яна заслугоўвае наймення «вайсковая машына». Але на той выпадак, калі ў паняцце ўваходзяць усе кампаненты - палітычныя, эканамічныя, вайсковыя, бюракратыя i царская ўлада - я буду называць яе «мегамашынай», спрошчана - вялікай машынай. Тэхнічныя сродкі, узятыя з такой мегамашыны, становяцца «мегатэхнікай», у адрозненне ад сціплейшых i спецыфічных тэхналогіяў, якія забяспечвалі аж да нашага стагоддзя выкананне (часам з дапамогаю энергетычных машынаў) большай часткі штодзённых працаў у майстэрнях i на фермах.

Людзі сярэдніх здольнасцяў, спадзеючыся толькі на мускульную сілу i традыцыйныя навыкі, маглі выконваць шырокую праграму разнастайных задачаў без якога-небудзь кіравання звонку ці навуковых парадаў, апроч тых, што браліся з традыцыяў супольнасці. З мегамашынаю ўсё было інакш. Толькі цары, абапіраючыся на рэлігійную санкцыю i з дапамогаю астранамічнай навукі, выйшлі здольнымі пабудаваць такую машыну i кіраваць ёю. Гэта была нябачная структура, складзеная з жывых, але моцных чалавечых элементаў, кожнаму між якімі наканоўваліся асаблівыя абавязкі, роля i задача, што i прывяло ў выніку да магутнай вытворчасці i грандыёзных праектаў гэтай вялікай калектыўнай арганізацыі.

Падчас узнікнення мегамашыны ніводзін другарадны правадыр не змог бы арганізаваць яе i прывесці ў рух. I хоць абсалютызм царскай улады грунтуецца на звышнатуральнай санкцыі, сама ўлада не дасягнула б гэткай шырокай перавагі, калi б ейныя дамаганні не былі б падмацаваныя каласальнымі дасягненнямі мегамашыны. Вынаходка яе была найвышэйшым дасягненнем ранняй цывілізацыі, тэхналагічнай дасканаласцю, якая сталася ўзорам для ўсіх пазнейшых формаў механічнай арганізацыі. Гэтая мадэль перадавалася - часам поўнасцю i ў рабочым стане, часам у спрошчанай, прыстасаванай да ўмоваў форме - праз пасярэдніцтва выключна чалавечых агентаў цягам пяці тысячы гадоў, перш чым увасобілася ў матэрыяльнай структуры, што лепей адпавядала ейным характарыстыкам, i ва ўсеабдымнай інстытуцыйнай структуры, што ахоплівала ўсе бакі жыцця.

Зразумець паходжанне мегамашыны i ейную спадчыну - значыць кінуць новае святло як на паходжанне нашай сучаснай звышмеханізаванай культуры, гэтак i на лёс i долю сучаснага чалавека. Мы пабачым, што першапачатны міф машыны праецыраваў у будучыню экстравагантныя надзеі i жаданні, якія з лішкам ажыццяўляліся ў нашую эпоху. Але ж разам з гэтым міф прынёс нам абмежаванні, нягоды, прыгнёт i нявольніцкую пакору, якія непасрэдна i ў выніку рэакцый, выкліканых імі, пагражаюць нам сёння яшчэ больш шкоднымі наступствамі, чым у часы пірамідаў. Мы бачым, нарэшце, што ўсе дабрачыннасці масавай вытворчасці ад пачатку падрываліся масавым знішчэннем, якое сталася магчымым дзякуючы мегамашыне.

Хоць упершыню мегамашына была пабудаваная ў перыяд, калі дзеля вырабу прыладаў вытворчасці i зброі пачала ўжывацца бронза, яна была незалежным ад ix новаўтварэннем; механізацыя паводзінаў людзей у старажытных рытуалах значна папярэднічала механізацыі прыладаў працы. Як толькі ўзнік, новы механізм хутка пашырыўся, але не толькі шляхам імітавання i не выключна ў мэтах самаабароны. Ен гвалтоўна ўносіўся царамі, якія дзейнічалі так, як могуць дзейнічаць толькі багі ці іхныя намеснікі. Усюды, дзе стваралася мегамашына, яна шматкроць памнажала энергію i выконвала дагэтуль недасяжныя працы. Разам ca здольнасцю канцэнтраваць вялізныя механічныя намаганні да гульні далучыўся новы дынамізм, які ўжо адным імпульсам сваіх дасягненняў разлічыўся з мёртваю руцінаю i дробязнымі забаронамі дробнамаштабнай вясковай культуры.

Энергія, якая стала даступная дзякуючы новай царскай машыне, шырока адкрыла межы прасторы i часу; працы, якія раней былі б няскончаныя за стагоддзі, цяпер выконваліся менш чым за перыяд жыцця аднаго пакалення. На раўнінах узняліся, падпарадкоўваючыся царскаму загаду, тварэнні рук чалавека - горы з каменя i абпаленай гліны - піраміды i зікураты. Увесь ландшафт быў пераўтвораны i адгэтуль нёс у сваіх выразных межах i геаметрычных формах пячатку касмічнага парадку i нязломнай чалавечай волі. Ніякіх складаных энергетычных машынаў, хоць трохі параўналыіых з гэтым механізмам, не існавала ў свеце аж да XIV ст. н. э., калі ў Заходняй Еўропе сталі з'яўляцца гадзіннікі, ветракі i вадзяныя млыны.

Чаму гэты новы механізм застаўся па-за ўвагаю археолагаў i гісторыкаў? Па адной простай прычыне - ён складаўся выключна з чалавечых дэталяў i захоўваў пэўную функцыянальную структуру датуль, пакуль рэлігійная экзальтацыя, магічная абракадабра i царскі загад, што яго стваралі, успрымаліся ўсімі чальцамі грамадства як нешта дадзенае бясспрэчна. Калі з-за смерці цара ці паразы ў бітве, пашырэння скептыцызму ці паўстання сіла царскай у лады слабела, развальвалася i ўся машына. Пасля ейныя часткі альбо перагрупоўваліся, утвараючы драбнейшыя адзінкі - феадальныя ці гарадскія, альбо цалкам знікалі, як знікае разбітае войска, калі падае іерархія каманднага тыпу.

Зрэшты, гэтыя першыя калектыўныя машыны часта ламаліся, былі гэткія ж кволыя i ўразлівыя, як i тэолагамагічныя канцэпцыі, - жыццёва неабходныя дзеля іхнай працы. Дзеля гэтага тыя, хто меў уладу над машынамі, былі ўвесь час у смутку i трывозе, баючыся, небеспадстаўна, адшчапенства ці здрады падпарадкаваных i набліжаных, мяцяжоў i пометы прыгнечаных масаў. Без пакорлівай веры i безумоўнага пасдушэнства царскай волі, якая забяспечвалася губернатарамі, генераламі, бюракратамі, наглядчыкамі, машына ніколі не змагла б працаваць. Калі гэткія ўстаноўкі нельга было ўжо болей падмацоўваць, мегамашына развальвалася.

Чалавечая машына ад моманту стварэння мела два чыннікі: адзін - негатыўны, прымусовы i надта часта разбуральны; другі - пазітыўны, жыццядзейны, канструктыўны. Але другія чыннікі не маглі належна функцыянаваць, калі хоць неяк не выяўляліся чыннікі першае групы. I хоць вайсковая машына ў прымітыўнай форме, верагодна, узнікла раней за працоўную, менавіта апошняя дасягнула непараўнальнай дасканаласці выканання, не толькі ў дачыненні да колькасці працаў, што яна выконвала, але й якасці i складанасці сваіх арганізаваных структураў.

Калі менаваць машыну больш-менш адпаведна класічнаму азначэнню Франца Рэло - як камбінацыю спецыялізаваных i здольных да супраціўлення частак, якія функцыянуюць пад кантролем чалавека дзеля выкарыстання энергіі i выканання працы, дык гэтая вялікая працоўная машына заставалася праўдзівай машынай ва ўсім, тым больш што ейныя кампаненты, хоць i ўтвораныя з чалавечых цела, нерваў i мускулаў, былі зведзеныя да чыста механічных элементаў i жорстка стандартызаваныя дзеля выканання абмежаваных задачаў. Пуга наглядчыка забяспечвала пакорлівасць. Такія машыны ўжо былі пабудаваныя - калі не вынайдзеныя царамі ў ранні перыяд эпохі пірамідаў, напрыканцы чацвёртага тысячагоддзя.

Менавіта з-за адсутнасці звязку з якімі-небудзь фіксаванымі знешнімі структурамі гэтыя працоўныя машыны валодалі не на шмат большай здольнасцю да адаптацыі, чым іхныя жорсткія механічныя аналагі - сучасныя канвееры. У будаўніцтве пірамідаў мы знаходзім не толькі першыя бясспрэчныя сведчанні існавання машыны, але й доказы ейнай здзіўляючай эфектыўнасці. Усюды, дзе пашыралася царская ўлада, «нябачная машына», у сваёй разбуральнай, калі не стваральнай форме, ішла за ёю. Гэта таксама праўдзіва для Месапатаміі, Індыі, Кітая, Юкатана, Перу, як i для Егіпта.

На момант прыняцця мегамашынай закончанай формы ўсе ейныя папярэднія стадыі сцерліся, дзеля гэтага можам толькі гадаць як адбіраліся, прызначаліся на месцы i навучаліся абавязкам ейныя чальцы. У нейкі момант у гэтым працэсе вынаходлівы чалавек ці, дакладней, шэраг вынаходлівых людзей, мусеў улавіць сутнасць праблемы - мабілізацыю вялікай масы людзей i строгую каардынацыю іхнай дзейнасці ў часе i прасторы дзеля дасягнення наперад вызначанай, ясна бачнай i разлічанай мэты.

Цяжкасць была ў пераўтварэнні выпадковага зборышча чалавечых істотаў, адарваных ад сям'і, супольнасці i звыклых заняткаў, якія мелі ўласную волю ці, прынамсі, памяць, у механізаваную групу, якою можна было б маніпуляваць з дапамогаю камандаў. Сакрэт механічнага кантролю ў тым, каб паставіць на чале арганізацыі адзіны мозг з выразна вызначанай мэтаю, а таксама ў спосабе перадачы загадаў аж да драбнейшых ейных адзінак падзелу праз шэраг прамежкавых функцыянерау. Надзвычай істотнай была дакладная перадача загадаў i абсалютнае паслушэнства.

Гэткая грандыёзная задача цалкам магла быць упершыню распрацаваная ў квазівайсковых арганізацыях, дзе адносна невялікая група падручных, якая прывучаная груба падпарадкоўвацца правадыру, вырашала пытанні ка^тролю над вялікай масай неарганізаваных сялянаў. Зрэшты механізм гэткага тыпу ніколі не працаваў без прымусовай сілы, што стаяла за словам загаду. Ягоныя метады i структура перайшлі амаль без зменаў ва ўсе вядомыя нам цяпер вайсковыя арганізацыі. Праз войска стандартная мадэль мегамашыны перадавалася ад культуры да культуры.

Калі i мелася адзінае вынаходніцтва, неабходнае, каб зрабіць гэты механізм прыдатным не толькі дзеля знішчэння, але й стварэння канструктыўных задачаў, дык ім, верагодна, было вынаходніцтва пісьма. Метад пёрадачы мовы графічнымі сымбалямі не толькі зрабіў магчымым перадачу імпульсаў i загадаў праз сістэму, але і дазволіў дакументальна фіксаваць выпадкі невыканання ,загадаў. Дакументаванне i пісьмовае слова гістарычна супадаюць з авалоданнем аперацыямі з вялікімі лікамі; i невыпадкова самае ранняе выкарыстанне пісьма звязана не з перадачай ідэяў, рэлігійных , ці інпіага кшталту, але з улікам зерня, скаціны, посуду, рамесных вырабаў, што здхоўваліся i ўжываліся. Гэты працэс адбыўся рана: надпіс на дадынастычнай лясцы Нармера з Ашмалеанскай калекцыі ў Оксфардзе паведамляе пра захоп 120 000 палонных, 400 000 быкоў i 1 422 000 козаў. Гэты арыфметычны падлік - лічы што большы подзвіг, чым сам захоп здабычы.

Уздзеянне на адлегласці, праз пісараў i хуткаходаў, было адной з адметных прыкметаў новай мегамашыны, i прывілеяванасць пісараў тлумачылася тым, што машына не магла эфектыўна працаваць без іхных сталых паслугаў па - кадзіраванні i дэкадзіраванні царскага слова. «Пісар кіру'е кожнай працай на гэтай зямлі»,- гаворыцца ў адным творы эпохі егіпецкага Новага Царства. Па сутнасці, пісары, верагодна, спраўлялі ролю.

досыць блізкую да ролі палітычных камісараў у Чырвонай Арміі. Яны захоўвалі сталую сувязь з палітычным штабам, надзвычай важную для цэнтралізаванай арганізацыі.

Ці вайсковая, ці працоўная машына ўзнікла першай, але ўтвораныя яны былі паводле аднаго ж прынцыпу. Якімі былі егіпецкія i месапатамскія банды, што кралі скаціну, i аддзелы гарнякоў - вайсковымі ці грамадзянскімі ўтварэннямі? Гэтыя функцыі перш не розніліся, але былі ўзаемазамяняльныя. Асноўнай адзінкай тут быў узвод пад камандаю ўзводнага. Паводле Эрмана, узводы злучаліся ў роты, маршуючы ці праводзячы агляды пад уласным штандарам. На чале кожнай роты быў галоўны, што меў званне правадыра роты. Можна сцвярджаць, што ў ранняй неалітычнай вёсцы нічога падбнага ніколі не было. «Егіпецкі чыноўнік, - піша Эрман, - не мог успрымаць людзей інакш, як у калектыве; асобны працоўны існаваў для яго не больш, як асобны жаўнер існуе для нашых вышэйшых вайсковых афіцэраў». Дакладна, што гэта быў першапачатны ўзор архетыповай машыны, i ён ніколі радыкальна не змяняўся. (...)

Адзначаючы розніцу між старажытнай чалавечай машынай i ейнымі больш эфектыўна дэгуманізаванымі сучаснымі суперніцамі, пакажам розніцу як у метадзе, гэтак i ў мэце, што ляжыць у іхнай аснове. Якія б ні былі рэальныя вынікі іхнага ўжытку, усе сучасныя машыны - працазбіральныя ўтварэнні: гутарка ідзе пра выкананне максімальнага аб'ёму працы пры найменшых выдатках непасрэдных чалавечых намаганняў. Але падчac заснавання старажытных мегамашынаў эканомія працы не мела ніякай ролі. Наадварот, яны былі працавыкарыстальныя ўтварэнні, ды іхныя вынаходнікі мелі падставы радавацца з прычыны ліку працоўных, які павялічваўся i якіх яны маглі - дзякуючы эфектыўнаму праектаванню i арганізацыі - прыцягнуць да выканання любой задачы, толькі б яна была ўсеабдымнай.

Агульная прадукцыйнасць абодвух тыпаў машынаў была адной i той жа: яны праектаваліся так, каб эфектыўна i выключна дакладна выканаць задачы, якія ніколі не маглі б выканаць асобныя працаўнікі, што ўжывалі інструменты, але былі арганізаваныя больш свабодна. Абодва тыпы машынаў дасягнулі ўзроўню эфектыўнасці, які дагэтуль быў недасягальны. Але заміж вызвалення працы мегамашына цароў яе заняволіла i гэтым ганарылася.

Калі б перамаглі чыста чалавечыя метады працы, якія б людзі дабрахвотна ўжывалі дзеля задавальнення сваіх непасрэдных патрэбаў, дык каласальныя дасягненні ўлады цара. Першарухавіком быў цар, ці, дакладней, царызм. I грандыёзны, кідкі поспех царскіх мерапрыемстваў пацвярджаў гэтую ўладу.

У гіганцкіх калектыўных працах, гэтак i ў храмавых цырымоніях, менавіта цар патрабаваў абсалютнай пакорлівасці i караў нават дробязнае непаслушэнства. Менавіта цар меў богападобную ўладу ператвараць людзей у механізмы i збіраць у адно гэтыя механізмы ў машыне. Парадак, што перадаваўся на зямлю з неба праз цара, даводзіўся да кожнай дэталі машыны i з часам ствараў механічнае адзінства, што легла ў падмурак іншых інстытутаў i відаў дзейнасці: у ix начала выяўляцца тая ж рэгулярнасць, якая характарызавала рух нябесных целаў. (...)

МАНАПОЛІЯ ЎЛАДЫ

Каб змусіць машыну працаваць, былі неабходныя два сродкі: надзейная арганізацыя ведаў i развітая сістэма аддання, выканання i праверкі выканання загадаў. Першае ўвасаблялася ў святарстве, без актыўнай дынамікі якога. інстытут царызму не змог бы існаваць; другое - у бюракратыі. Абедзве арганізацыі іерархічныя, на вяршыні іерархіі стаялі першасвятар i цар. Без іхных з'яднаных намаганняў інстытут улады не змог бы эфектыўна функцыянаваць. Гэтая ўмова застаецца праўдзівай i сёння.

Тое, што цяпер назвалі б навукай, ад пачатку было інтэгральнай часткаю новай машыннай сістэмы. Упарадкаваная веда, заснаваная на класічнай рэгулярнасці, расцвіла адразу пасля культу Сонца: назіранне за зоркамі i стварэнне календара супалі з усталяваннем царскай улады ды ўмацавалі яе, хоць шмат сілаў святароў i прадказальнікаў было аддадзена i тлумачэнню унікальных падзеяў - з'яўленню каметаў, сонечным i месяцавым зацямненням альбо гэткім зменлівым прыродным з'явам, як палёт птушак ці стан нутраных органаў ахвярных жывёлаў.

Ніводзін цар не мог бы дзейнічаць эфектыўна i ўпэўнена, каб не меў падтрымкі арганізаванай «вышэйшай веды», - не большую за Пентагон сёння з ягонай падтрымкай экспертаў: вучоных i інжынераў, спецыялістаў па тэорыі гульняў i кампутарах - новай іерархіі, тэарэтычна надзейнейшай за варажбітоў па нутру, але практычна, мяркуючы па ейных грубых праліках,- не надта.

Каб мець эфект, гэткія веды мусяць заставацца таямніцай жрацовай манаполіі. Калі б усе мелі роўны доступ да крыніцы ведаў i сістэмы іхнае інтэрпрэтацыі, ніхто не паверыў бы ў іхную бязгрэшнасць, бо нельга было б схаваць памылкі. Дзеля гэтага шокавы пратэст Іпувера супраць паўстанцаў, якія знішчылі Старажытнае Царства, грунтаваўся на тым, што «таямніцы храма ляжалі адкрыта», г. зн. паўстанцы абнародавалі «закрытую інфармацыю». Да вынаходніцтва кнігадрукавання пісьмовае слова заставалася пераважна класавай манаполіяй.

Не апошнім было, што родавая звязь царскай улады з культам Сонца выяўлялася ў тым, што цар, як Сонца, прымяняў сілу на адлегласці. Упершыню ў гісторыі ўлада мела эфект за межамі дасяжнасці рукой ці голасам. Ніякая зброя не магла даць такой улады. Быў неабходны нейкі трансмісійны механізм: войска пісараў, вешчуноў, наглядчыкаў, кіраўнікоў, чыноўнікаў, само існаванне якіх залежала ад дакладнага выканання загадаў цара ці ягоных магутных міністраў i генералаў. Дакладней, добра арганізаваная бюракратыя - інтэгральная частка мегамашыны: група людзей, здольная перадаваць i выконваць загады з рытуалістычнай пунктуальнасцю жраца i бяздумным паслушэнствам жаўнера.

Думаць, што бюракратыя - параўнальна нядаўні інстытут, значыць ігнараваць аналы старажытнай гісторыі. Першыя дакументы, якія сведчаць пра існаванне бюрократыі, належаць да часоў пірамідаў. У надпісе на абідоскім кенатафе нейкі чыноўнік Пэпі I, фараона VI дынастыі, бліау 2375 г. да н. э. паведамляе: «Яго вялікасць паслаў мяне на чале войска, тады як начальнікі акругаў, хавальнікі пячатак цара Ніжняга Егіпта, чыноўнікі Палаца, намархі (губернатары) i старэйшыны, кампаньёны i галоўныя перакладчыкі Верхняга i Ніжняга Егіпта, галоўныя прадказальнікі Верхняга i Ніжняга Егіпта, Галоўныя Бюракраты стаялі (кожны) на чале аддзела войскаў Верхняга i Ніжняга Егіпта альбо вёсак i гарадоў, якімі яны кіравалі».

Гэты тэкст не толькі пацвярджае наяўнасць бюракратыі, але й паказвае, што падзел працы i спецыялізацыя функцыяў, неабходныя дзеля эфектыўных механічных аперацыяў, ужо тады былі.

Развіццё бюракратыі распачалося, прынамсі, на тры дынастыі раней i невыпадкова, што менавіта ад будаўніцтва буйной каменнай піраміды Джосера ў Сахары. У кнізе «Непераможны горад» Джон Уілсан піша: «Мы прыпісваем Джосеру не толькі пачатак манументальнай каменнай архітэктуры ў Егіпце, але й стварэнне новай пачвары - бюракратыі». Гэта не было простым супадзеннем. У. Олбрайт зазначае, што «шматлікія тытулы, знойдзеныя на пячатках I дынастыі... бясспрэчна, сведчаць пра існаванне складанай сістэмы чыноўніцтва пэўнага роду».

Як толькі была заснаваная іерархічная структура чалавечай машыны, зніклі i тэарэтычныя межы колькасці рабочых, якіх яна магла кантраляваць, таксама ўлады, якую яна магла ўжываць. Сваёй прадукцыйнасцю яна абавязаная непамернаму фізічнаму прымусу, які прымяняўся дзеля пераадолення чалавечай ляноты ці фізічнай стомы. Неабходным крокам падчас запуску чалавечай машыны сталіся строгая спецыялізацыя; толькі інтэнсіўнай скупленасцю майстэрства на кожным этапе працэсу можна было дасягнуць звышчалайечай дакладнасці i дасканаласці вынікаў. Буйнамаштабны падзел i спецыялізацыя працы ў сучасным індустрыяльным грамадстве ідуць менавіта ад гэтага.

Рымская максіма, якая гаворыць, што закон не займаецца штодзённымі дробязямі, прымяняльная i да мегамашыны. Сілы, што прыводзіў у рух цар, патрабавалі калектыўных прадпрыемстваў сувымернага кшталту: грандыёзных земляных працаў дзеля павароту рэкаў, пракладкі каналаў, узвядзення сценаў. Як x ў сучаснай тэхналогіі, гэтая машына ўсё трывалей усталёўвала свой дыктат мэты i адкідвала больш сціплый чалавечыя патрэбы. Першапачатна чалавечыя машыны былі вялікія i безаблічныя (калі не знарок дэгуманізаваныя); яны павінны былі працаваць у вялікіх маштабах альбо зусім не працаваць, бо ніякая бюракратыя, нават самая эфектыўная, не магла нават марыць пра непасрэднае Kipaванне тысячамі дробных майстэрняў i фермаў, дзе кожная вылучалася ўласнымі традыцыямі, рамеснай кваліфікацыяй, сваім асабістым гонарам i пачуццём адказнасці. Дзеля гэтага жорсткі кантроль, уласцівы калектыўнай машыне, быў да нашага часу абмежаваны рамкамі грандыёзных масавых прадпрыемстваў i буйнамаштабных аперацыяў. Гэты прыроджаны дэфект абмяжоўваў пашырэнне мегатэхнікі датуль, пакуль не былі вынайдзеныя механічныя заменнікі жывых аператараў.

Важнасць бюракратычнай звязі паміж крыніцаю ўлады - абагаўлёным царом - x чалавечымі машынамі, якія будуюць i знішчаюць, наўрад ці можна перабольшыць, тым больш што менавіта бюракратыя штогод збірала падаткі i даніну, што падтрымлівалі новую сацыяльную піраміду i прымусова вербавалі працоўную сілу, якая складала новы механізм. Бюракратыя была трэцім відам «нябачнай машыны» - яе можна менаваць камунікацыйнай машынай, якая суіснавала з вайсковай i працоўнай машынамі i ўваходзіла як інтэгральная частка ў таталітарную структуру. Адна з асаблівых якасцяў класічнай бюракратыі ў тым, што яна нічога не стварае: ейная функцыя - перадаваць без зменаў i скажэнняў загады зверху, з галоўнага штабу. I толькі карупцыя ці паўстанне могуць мадыфікаваць гэтую жорсткую арганізацыю. Гэткі адміністрацыйны метад вымагае, у ідэале, шчырага задушэння ўсіх аўтаномных функцыяў асобы, гатоўнасці выканаць штодзённыя задачы з рытуальнай дакладнасцю. Не ўпершыню, як бачым, рытуальны парадак уваходзіць у працоўныя працэсы. I таму занадта сумніцельна, каб падпарадкаванне шэрай манатоннасці магло быць дасягнута менавіта ў гэты перыяд, калі б яму не папярэднічала тысячагадовая дысцыпліна рэлігійнага рытуалу.

На справе бюракратычная регламентация была часткаю шырэйшай рэгламентацыі жыцця, уведзенай гэтай сканцэнтраванай на ўладзе культурай. Тэксты пірамідаў высвятляюць каласальную здольнасць выносіць манатоннасць: здольнасць, якая прадказвала пік усеагульнай нудоты, што маем цяпер. Гэтая вярбальная прымусовасць - псіхічны бок сістэматычнага агульнага прымусу, які паклікаў да жыцця працоўную машыну. Толькі людзі, досыць пакорлівыя, каб выносіць рэгламентацыю, альбо досыць інфантыльныя, каб мець ад яе задавальненне, на кожным этапе - ад загаду да выканання - маглі стаць эфектыўнымі кампанентамі чалавечай машыны.

УЗВЫШЭННЕ АСОБЫ

Прыкметы гэтагa класічнага механічнага парадку распазнаць цяжка. Найперш, змяніўся маштаб дзеинасці. Звычка мысліць вялікімі катэгорыямі з'явілася разам з першай чалавечай машынай, бо знішчала маштаб збудаванняў, які ўзвышаў вярхоўную ўладу.

Парадаксальным чынам манаполія ўлады прынесла манаполію асобы, бо толькі цар меў усе атрыбуты асобы, як інкарпараваныя ў супольнасці, гэтак i тыя, якія, відаць, менавіта. ў гэтую эпоху пачалі павольна зараджацца ў чалавечай душы, што прабівалася цяпер праз сацыяльную абалонку, дзе праходзіла ейнае эмбрыянальнае існаванне.

На гэтай, самай ранняй, стадыі асоба i ўлада выступаюць непадзельна ў вобразе цара. Бо толькі ён мог прымаць рашэнні, мяняць старадаўнія мясцовыя звычаі, узносіць гмахі i дамагацца калектыўных поспехаў, якія раней былі не толькі недасягальныя, а нават i не ўяўныя. Ен меў магчымасць рацыянальнага выбару, ён быў вольны ад выканання пляменнага абраду, мог, калі таго вымагала сітуацыя, адхіліць канфармізм, узаконіць адхіленні ад вызначанага продкамі шаблону. Як i першасная манаполія цара - манаполія на бессмяротнасць, некаторыя а гэтых прэрагатываў муселі з часам - пад ціскам нізоў - перайсці на ўсю супольнасць. Але цяпер важна сказаць пра ўзвышэнне: пераўзыдзеныя былі ўсе старыя нормы вялікасці, пашыраныя фізічныя межы вясковага кругагляду i маленькай групы. З гэтага часу неба стала мяжою, а горад - усім светам, што быў ва ўсім бліжэй да нябёсаў.

У фантазіі, яшчэ больш, чым на практыцы, гэтае ўзвышэнне пашыралася да казачных часавых i прасторавых маштабаў, Крамер зазначае, што ў ранніх дынастыях легендарным царам прыпісваўся неверагодна доўгі перыяд царавання: на васьмярых цароў да патопу прыпадае лічы чатыры мільёны гадоў; на першыя дзве дынастыі пасля патопу - дваццаць пяць тысячаў гадоў. Нават у плане чыстай фантазіі гэта вялікія лікі. Новая культурная характарыстыка дасягнула піку ў абстрактных вылічаннях мая. Томпсан паведамляе: «На адной стэле ў горадзе Квірыгуа дакладныя вылічэнні вяртаюць нас на 90 мільёнаў гадоў таму, на другой дата, што дайшла да нас, вяртае прыблізна на 400 мільёнаў гадоў».

Аднак гэтая расцягнутая храналогія была толькі свецкім бокам агульнай экспансіі ўлады, сімвалізаванай у царскіх прэтэнзіях на бяссмерце. Ад моманту ўзнікнення ў Егіпце яно лічылася выключным атрыбутам абагаўлёнага цара, хоць у Шумеры, дзе ўсе прыдворныя былі ахвяраваныя ў царскай грабніцы ў Уры (відаць, каб спадарожнічаць уладару на той свет), слугі i міністры цара таксама маглі спадзявацца на неўміручасць.

У шумерскім міфе пра патоп цара Зіусудра (эквівалент Ноя) узнагароджваюць багі Ан i Энліль не сымбалічнаю вясёлкаю, але вечным жыццём, - «як бога». Імкненне да бязмежнага жыцця сталася часткай агульнага пашырэння межаў, да якога прывяла першая вялікая канцэнтрацыя ўлады з дапамогаю сродкаў, што стварыла мегамашына. Чалавечыя слабасці i перадусім смерць былі аспрэчаныя i адкінутыя.

Але калі біялагічная непазбежнасць смерці i распаду смяецца з інфантыльных фантазіяў абсалютнай улады, якія абяцала рэалізаваць чалавечая машына, жыццё з ix смяецца яшчэ зласней. «Вечнае жыццё», дзе няма ні зачацця, ні росту, ні выспявання, ні распаду - існаванне, гэткае ж застылае, марнае, пазбаўленае любові, бязмэтнае i нязменнае, як у царскай муміі,- i ёсць не што іншае, як смерць, толькі смерць у іншай форме. Што ж гэта, калі не вяртанне да нерухомасці i застыласці стабільных хімічных элементаў, якія яшчэ не злучыліся ў малекулы, досыць складаныя, каб стварыць новае i творчасць? З гледжання чалавечага жыцця, ды i любога арганічнага існавання, гэтыя прэтэнзіі на абсалютную ўладу былі прызнаннем псіхалагічнай няспеласці, поўнай няздольнасці зразумець натуральныя працэсы нараджэння i росту, выспявання i смерці.

Культ старых багоў урадлівасці ніколі не баяўся смерці, ён не будаваў з каменя манументальную пародыю на жыццё, але абяцаў адраджэнне і ўзнаўленне ў рытмічным природным парадку. Царская ўлада абяцала толькі пыхлівую вечнасць смерці. Калі б багі ўлады не перамаглі, калі б царская ўлада не знайшла спосабу пашырыць маштабы дзейнасці чалавечай машыны i гэтым узвысіць царскія прэтэнзіі на абсалютнае паслушэнства, увесь наступны шлях цывілізацыі мог быць іншы. (...)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX