Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Эмерсан Ралф. Давер да сябе 


Аўтар: Эмерсан Ралф,
Дадана: 31-10-2013,
Крыніца: Эмерсан Ралф. Давер да сябе // Спадчына №6-1994. С. 129-139.



Ралф Уолдо Эмерсан (1803-1882) - амерыканскі філосаф, пісьменнік, публіцыст, Эсэ Эмерсана «Давер да сябе» мела вялікі поспех сярод сучаснікаў i наступных пакаленняў, шматразова перавыдавалася. Яно атрымала неафіцыйную назву «Евангелля буржуазнага індывідуалізму» i сапраўды моцна паўплывала на станаўленне псіхалогіі амерыканцаў.

Бліскучы стыль, трапныя фармулёўкі, ідэал маральнага самаўдасканалення не даюць эсэ «Давер да сябе» трапіць на паліцу напаўзабытых літаратурных помнікаў. Яно мае цікавасць i для нашага чытача, які, здаецца, супроць сваёй волі, вымушаны асвойваць сцяжыны індывідуальнай чыннасці.

Пераклад эсэ друкуецца з неістотнымі скарачэннямі.

Ne te quasiveris extra [1]

Хоць не давяраем мы голасу сваёй душы, але ўсё ж у Майсеі, Платоне, Мільтане нас больш за усё захапляе тое, што яны ўмелі пагарджаць кніжнай мудрасцю i абыходкавымі думкамі i казалі тое, што думалі самыя, а не людзі, якія ix абкружалі. Чалавеку неабходна навучыцца распазнаваць i лавіць блікі святла, якія асвечваюць ягоную душу з сярэдзіны, а не прамяні ад сузор'яў бардаў i празарліўцаў. А мы абыякава даем загаснуць нашым думкам толькі таму, што гэтыя думкі прыйшлі ў галаву нам самым, У кожным слове генія мы пазнаем потым гэтыя выпушчаныя намі думкі; яны вяртаюцца да нас у ідэале халоднай велічы. Самы павучальны ўрок, які могуць падаць нам вялікія творы мастацтва, заключаюцца менавіта ў гэтым: яны вучаць нас без саманадзейнай упартасці, але непахісна трымацца ўражання, якое стварылася ў нас інстынктыўна, - ды асабліва Ў тых выпадках, калі іншыя хорам гавораць нешта процілеглае. Калі ж мы адмовімся ад гэтага ўражання, дык заўтра нехта не вядомы нам надзвычай пераканаўча давядзе дакладна тое ж самае, што i мы нейкага дня падумалі ці адчулі, i нам не без сораму прыйдзецца з той хвіліны трымацца ўласнай думкі, якую, аднак, зацвердзіў іншы.

У духоўным жыцці кожнага чалавека настае такі момант, калі ён прыходзіць да пераканання, што зайздрасць спараджаецца невуцтвам, што перайманне - самазабойства; што чалавек, жадае ён гэтага ці не, мусіць змірыцца з сабою, як i з прызначанай яму доляй; што як бы ні быў багаты сусвет, хлеба надзённага не знайсці, калі чалавек не будзе старанна ўрабляць належны яму лапік зямлі. Сілаў, што закладзеныя ў ім, няма падобных у прыродзе, i толькі яму самому дадзена ведаць, на што здольны, а гэта не высветліцца, пакуль ён не выпрабуе сябе. Невыпадкова ж яго моцна ўражваюць некаторыя асобы, характары, падзеі, а іншыя не кранаюць. Выразны адбітак, які застаецца ад ix у памяці, - гэта i ёсць выяўленне гармоніі, што ўжо i раней існавала ў чалавеку. Вока павінна было апынуцца якраз там, куды трапіў прамень. Мы выяўляем сябе толькі напалову i саромеемся той боскай ідэі, якая захоўваецца ў кожным з нас. Яе можна без асцярогі прыняць як ідэю дабратворную i адпаведную, інакш яе нельга было б даверыць нам; аднак баязлівец не заслужыў таго, каб Бог раскрыў у ім свае прадвызначэнні. Чалавеку весела i лёгка на сэрцы, калі ён уклаў душу ў працу i зрабіў усё, што мог; але калі ён зрабіў наадварот, яму не знайсці спакою. Гэта вызваленне, якое не вызваляе. Геній пакідае чалавека, i муза застаецца да яго халодная; ніводнай смелай думкі, ніякай спадзеі.

Давярай сабе! Прымі тое месца, якое было знойдзена для цябе боскай сілай, прымі супольнасць сваіх сучаснікаў i сувязь падзеяў. Так заўжды рабілі вялікія людзі. Як дзеці, яны аддаваліся пад уладу генія сваіх юнацкіх гадоў, міжволі тым прызнаючы, што іхнае сэрца - ёмішча ісціннага i надзейнага, што ісціна дзейнічае праз ix i прасякае іхнае існаванне. Мы ж - дарослыя людзі i мусім цалкам свядома прыняць той жа трансцэндэнтны лёс; i зробімся мы не беднымі духам, не калекамі, што забіліся ў закрыты ад вятроў куток, не баязліўцамі, што панічна палохаюцца ўзрушэнняў, але павадырамі чалавецтва, ягонымі выратавальнікамі i дабратворцамі.

Паўсюль грамадства знаходзіцца ў змове, скіраванай супроць мужнасці людзей, якія складаюць яго. Грамадства - гэта акцыянерная кампанія, дзе трымальнікі акцыяў, каб больш надзейна забяспечыць лусту хлеба кожнаму пайшчыку, пагадзіліся ахвяраваць дзеля гэтага свабодай i культурай - і ўласнай, i тых, дзеля каго яны стараюцца. Несамастойнасць духу - тут дабрачыннасць, на якую самы вялікі попыт, а давер да сябе - аб'ект агіды. Грамадства не любіць праўды i творчасці, яно аддае перавагу нязначным словам i ўмоўнасцям.

Хто прагне стаць чалавекам, павінен мець самастойнасць духу. Той, каму наканавана пажынаць нявянучыя лаўры, не мусіць слепа верыць у дабро толькі таму, што яно лічыцца дабром; ён прызваны сам пераканацца, ці сапраўды гэта дабро. У рэшце рэшт, святое толькі адно - непаўторнасць твайго ўласнага духоўнага свету. Даруй трохі самому сабе, i ты атрымаеш права дараваць усяму свету.

Дабро i ліха - не больш чым пустыя словы, якія без усялякага намагання можна прыкласці да чаго хочаш; правільна толькі тое, што адпавядае майму складу, памылкова - усё, што проці яго. З чым бы ні сутыкаўся чалавек, няхай ён паводзіць сябе так, быццам усё неістотнае i эфемернае, апроч яго самога. Мне сорамна думаць пра тое, з якой лёгкасцю капітулюем мы перад знакамі адрознення i пазбаўленымі сэнсу тытуламі, перад грамадствам i коснымі інстытутамі. Усялякі чалавек, які ўмее сябе паводзіць i складна гаварыць, уздзейнічае на мяне, выбівае з каляіны болей, чым дапушчальна. Я павінен жыць чэсна, быць поўным жыцця, заўжды i ўсім казаць праўду. Калі ў апратцы зычлівасці выступаюць злосць i пыхлівасць,- няўжо мірыцца з гэтым? Калі раз'юшаны фанатык прыкрываецца служэннем гэтакаму вартаму пачынанню, як абаліцыянізм, i з'яўляецца да мяне з апошнімі весткамі з Барбадоса, хіба я не маю права адказаць яму: «Брат мой, навучыся любіць уласных дзяцей, любіць парабка, якога ты наняў пілаваць дровы, навучыся сціпласці i добразычлівасці, узбагаці сябе гэтымі вартасцямі i не імкніся прыхарашыць сваю занадта яўную i бязлітасную ганарлівасць гэтай ужо вельмі падазронай пяшчотай да чарнаскурых, што жывуць за тысячы міляў ад нас. Твая любоў да чужога i далёкага патыхае злосцю ў адносінах да свайго i роднага». Так, гэта прагучыць злосна, непрыемна, але ісціна больш прыгожая, чым фальшывая любоў. Дабрыня не павінна быць пазбаўленая цвёрдасці, інакш гэта не дабрыня.

Звычайна лічаць, што дабрадзейнасці - больш выключэнне, чым правіла. Існуюць чалавек, а таксама яго дабрадзейнасці. Выдатныя ўчынкі, як гэта прынята называць, праявы смеласці ці спачування часцяком прадыктаваныя толькі імкненнем займець спакой; гэта прыкладна тое ж, што купіць за пэўную суму права не з'яўляцца кожны дзень на агляд публікі ці, як робяць калекі,- заплаціць у гасцініцы больш за адасоблены нумар. Гэтыя ўчынкі разглядаюць як апраўданне, няхай i частковае, таго, што чалавек існуе на зямлі. Дабрадзейства ператваіраецца ў пякельную пакуту. Я ж хачу не прасіць прабачэння за тое, што жыву, а жыць. Я жыву, каб жыць, а не каб рабіць з сябе нейкае відовішча. Мне не трэба, каб мае жыццё было бліскучым i разнастайным; больш істотна, каб я жыў, як загадвае душа. Я хачу, каб гэта было здаровае, радаснае жыццё, без дыеты i кровапусканняў. Я адмаўляюся прызнаць тую прыцягальнасць, якую надаюць чалавеку асобныя яго ўчынкі.

Мяне займае толькі адно: тое, што лічу патрэбным рабіць, а не тое, што лічаць патрэбным іншыя. Гэтае правіла, якога неабходна старанна трымацца i Ў побыце, i ў духоўным жыцці, вычэрпвае ўсе адрозненні паміж узвышаным i нізкім. Яно тым больш важнае, што заўжды знойдуцца людзі, упэўненыя, што яны лепш, чым ты, ведаюць твой абавязак. У грамадстве лёгка жыць, падзяляючы ягоныя погляды, а ў адзіноце - трымаючыся ўласнай думкі, але вялікі той, хто i сярод натоўпу захоўвае ў поўнай недатыкальнасці загартаваную адзіноцтвам незалежнасць.

Калі ж ты падпарадкоўваешся звычаям, што страцілі сэнс у тваіх вачах, ты робіш няправільна найперш таму, што гэтым дарэмна растрачваеш нададзеныя табе сілы. Ты губляеш час i дазваляеш сцерціся своеасаблівым рысам твайго характару. Дапусцім, што ты застаешся вернікам царквы, якая зжыла сябе, ці нешта ахвяруеш пазбаўленай жыцця біблейскай суполцы, ці галасуеш за ўрад альбо супраць яго толькі таму, што так галасуе бальшыня, ці накрываеш на стол, як прыцісклівая эканомка, - за ўсімі гэтымі маскамі мне ўжо няпроста разгледзець, кім ты, па сутнасці, ёсць як чалавек. Але займіся сваёй працай, i я буду ведаць, хто ты. Даўно пара зразумець, што, капітулюючы перад звычаямі, ты паказваеш не больш зоркасці, чым гуляючы ў хованкі. Калі я ведаю, да якой партыі ты належыш, мне наперад вядома любое тваё меркаванне. Вось святар абвяшчае, што сваю Казань ён прысвеціць доказам неабходнасці таго ці іншага царкоўнага інстытута. Хіба ж я не ведаю яшчэ да той хвіліны, як ён пачне гаварыць, што няма аніякай надзеі пачуць ад яго адзінае новае, небанальнае слова? Хіба не ведаю, што пры ўсёй ягонай паказной крытыцы дадзенага інстытута пра сапраўдную крытыку ў гэтым казанні гутаркі не будзе? Хіба не ведаю, што ён даў сабе зарок глядзець толькі ў адным кірунку - які лічыцца дазволеным для яго не як для чалавека, але як прыходскага святара. Ен - наёмны адвакат, i ўся ягоная патэтыка - усяго толькі нізкапробнае фіглярства.

Дык вось, бальшыня людзей прыдумала сабе тую ці іншую павязку на вочы i як наймацней прывязала сябе да нейкай групоўкі, што трымаецца толькі аднаго пункту гледжання. Чалавек, пераможаны духам несамастойнасці, не проста крывіць душой у пэўных выпадках; ён не мае рацыі не толькі ў нечым адным, а ва ўсім. Любая ісціна, калі яна выказваецца ім, ужо не зусім ісціна; калі ён гаворыць «два» - гэта на справе не два, i чатыры - не чатыры. Прырода, не марудзячы, апранае нас у арыштанцкае адзенне, на рукаве якога напісана назва партыі, да якой мы належым. Раптам высвятляецца, што усе мы аднолькавыя з твару i апранутыя ў сурдуты аднаго крою; ną твары нащым з часам узнікае выраз тупой лагоднасці, як у аслоў.

Калі ж ты не падпарадкоўваешся звычаям свету, ён помсціць табе сваім незадавальненнем. Вось чаму трэба навучыцца правільна ўспрымаць незадаволеныя твары. Цябе пачынаюць неўразумела разглядаць на вуліцы i ў гасцёўнях. Калі б прычынай гэтага была шчырая нязгода з табой, дух супярэчнасці, падобны да твайго ўласнага, мелася б дастатковая падстава засмуціцца i закрыцца ў сваіх чатырох сценах. Але калі ты маеш справу з натоўпам, тут няма месца шчырасці; ягоны твар можа адлюстроўваць задавальненне ці незадавальненне, але гэта залежыць толькі ад таго, у які бок дзьме вецер i што пішуць у газетах. Ды ўсё ж, калі табой незадаволены натоўп, да гэтага трэба паставіцца сур'ёзней, чым да абурэння вучоных дзеячоў i настаўнікаў з каледжаў. Для чалавека з цвёрдымі перакананнямі, які ведае свет, не мае вялікага клопату захаваць спакой, калі асвечанае саслоўе адрасуе яму лаянку. Гэтая лаянка з аглядкай, асцярожная; людзі, якія лаюцца, самыя вельмі ўразлівыя i таму не надта храбрыя. Але калі да іхнай нядужай злоснасці дадаецца гоман масаў, калі супраць цябе выходзяць прафаны i бедныя духам, калі падае свой голас невуцтва, гэтая жывёльная сіла, што тоіцца ў глыбінях грамадства, спатрэбяцца велікадушнасць i нязломная вера, каб захаваць вартую багоў агіду да ўсёй гэтай шуміхі як да не вартага ўвагі глупства.

Другое, што перашкаджае нам даверыцца сабе, - боязь апынуцца ў супярэчнасці з самым сабой, заняволенасць тым, што мы раней рабілі i гаварылі; бо судзіць пра нас могуць толькі па нашых учынках, а калі думка пра нас , ужо склалася, дык не вельмі хочацца яе абвяргаць.

Але нашто ўвесь час глядзець праз плячо? Нашто цягнуць за сабой цяжар памяці i трэсціся ад боязі, каб не вымавіць нешта процілеглае таму, што казаў раней у прысутнасці тых ці іншых людзей. Дапусцім, гэта адбылося - што з таго? Адзін з законаў мудрасці, відаць, у тым, каб ніколі, нават у тых выпадках, калі справа заходзіць мінуўшчыны, не спадзявацца выключна на памяць; але судзіць мінулае праз шматаблічны цяперашні час, заўжды жыць новым днём.

Неразумныя намаганні пазбегнуць супярэчнасці з самым сабой - самы вялікі клопат нікчэмных душаў, мізэрных палітыкаў, філосафаў, багасловаў. Вялікая душа яго не ведае; гэта - ж тое самае, што старацца надаць элегантнасць свайму ценю на сцяне. Кажы, без вагання, тое, што сёння думаеш, а заўтра, зноў жа без вагання, гавары, што станеш думаць у гэты дзень, i няхай гэта будзе цалкам супярэчыць папярэдняму выказванню. «Значыць, асуджаць сябе на тое, каб цябе не разумелі?» А калі i так, ці вялікая гэта трагедыя? Піфагора таксама не разумелі, як i Icyca, i Лютара, i Каперніка, i Галілея, i Ньютана, як i ўсіх мудрых i чыстых душой, каго ведала гісторыя. Быць вялікім - значыць быць незразумелым.

Думаю, няма чалавека, які мог бы зрабіць гвалт над сваёй прыродай. Усе капрызы ягонай волі ў рэшце рэшт так падуладныя закону яго быцця, як няроўнасці зямлі, тыя ж Анды i Гімалаі, мізэрныя перад сферычнай формай зямной кулі. Як ні ацэньваць, як ні выпрабоўваць чалавечую прыроду, яна ўсё роўна застанецца падобная да акраверша ці да александрыйскага станса - можна чытаць яго звычайна ці наадварот, ці мяняючы парадак строфаў, сутнасць не зменіцца: змест заўсёды будзе той жа. Людзі думаюць, што нейкае іхнае дзеянне сведчыць пра дабрачыннасць ці разбэшчанасць, i не прыкмячаюць, як гэтыя якасці выяўляюцца без усялякага дзеяння, кожную хвіліну.

Але можна так спалучаць самыя разнастайныя дзеянні, што кожнае з ix будзе ў сваю хвіліну i натуральным, i правільным. Прасякнутыя адзінай воляй, дзеянні, наколькі б супярэчлівымі яны ні здаваліся, у рэальнасці будуць гарманічныя. Трэба толькі зірнуць на ix збоку, з мысленнай аддаленасці, i супярэчнасць знікне. Адно імкненне знітуе ix усе. Нават самы лепшы карабель плыве да месца прызначэння не проста, а кружыць у акіяне. Але паглядзіце на ягоны маршрут, i вы пабачыце гэтае ўпартае імкненне да мэты. Калі твой учынак прадыктаваны шчырым намерам дуты, ён растлумачыць сябе сам i апраўдае твае іншыя шчырыя ўчынкі. Калі ж у сваіх дзеяннях ты падпарадкоўваешся толькі агульнапрынятаму, растлумачыць нельга нічога. Рабі самастойна, i тое, што ўжо рабіў самастойна, апраўдае цябе цяпер. Веліч звяртаецца да будучыні. Калі сёння ў мяне стане характару зрабіць правільна, не звяртаючы ўвагі на меркаванні іншых, значыць я дзейнічаў правільна i раней, i гэта апраўдвае мой сённяшні ўчынак. Не мае значэння, што ты распачынаеш,- імкніся зрабіць правільна цяпер. Ты заўсёды можаш дзейнічаць правільна, калі паставіш сабе законам не трымацца правілаў прыстойнасці. Сіла чалавечай прыроды сукупная па сваім характары; усё добрае, што ты зрабіў у мінулым, застаецца з табой i прымнажае тваё маральнае здароўе.

Кожны сапраўдны чалавек - гэта першапрычына, гэта краіна, гэта эпоха; яму неабходныя незлічоныя велічыні, прастора, час, каб ажыццявіць сваё прызначэнне, i нашчадкі быццам ідуць па ягоных слядах, як чарада кліентаў. Нараджаецца чалавек з імем Цэзар - i доўгія стагоддзі існуе Рымская імперыя. З'яўляецца Хрыстос - i мільёны душаў настолькі падпарадкоўваюцца ягонаму генію, што ён выступае як сама дабрадзейнасць, як мяжа чалавечых магчымасцяў, Усялякі грамадскі інстытут - толькі працяг ценю, які адкідваў нейкі чалавек: манаства - цень святога пустэльніка Антонія, Рэфармацыя - Лютара, квакерства - Фокса, метадызм - Уэслі; абаліцыянізм - Кларксана; Сцыпіёна Мільтан назваў «вяршыняй Рыма»; i ўся гісторыя без цяжкасцяў зводзіцца да жыцця нешматлікіх людзей, што разумелі сваё прызванне.

Нашае чытанне невялікае i выпадковае. У гісторыі мы кіруемся ўяўленнем, якое вядзе да падману. Каралі, лорды, улада, саслоўі - усё гэта прыцягвае нас куды больш, чым нейкі шараговы салдат Джон ці Эдвард, што з дня ў дзень робіць на ўласнай маленькай гаспадарцы; але калі паглядзець на істотнае ў жыцці, яно аднолькавае i ў тых, i ў гэтых. Скуль жа такое пакланенне перад Альфредам, перад Скандэрбегам ці Густавам? Дапусцім нават, што яны папраўдзе былі людзі дастойныя, але хіба вартасць - іхны прывілей? Ад учынкаў, якія зробіш сёння ты, што жывеш простым жыццём, агульная справа залежыць не менш, чым ад дзеянняў вялікіх, пра якія ведаюць i якія ўслаўляюць усе. I калі звычайныя людзі навучацца дзейнічаць, кіруючыся сваімі ўласнымі поглядамі, ззянне будзе абкружаць не ўчынкі манархаў, а ўчынкі ўсіх высакародных людзей.

Неадольная прыцягальнасць усялякага небанальнага ўчынку паддаецца тлумачэнню, калі мы задамо сабе пытанне, на чым трымаецца давер да сябе. Хто Той, каму давяраюць? Што такое спаконвечнае Я, якому можна выказаць давер. Развага вядзе нас да той крыніцы генія, дабрадзейнасці самога жыцця, якую мы называем Непасрэднасцю ці Інстынктам. Мы надалі гэтай першаснай форме мудрасці імя Інтуіцыя, а ўсе пазнейшыя дактрыны можна назваць прадуктам разумовасці. Вось у гэтай глыбіннай сіле, далей якой немагчыма працягваць аналіз, тоіцца агульнае паходжанне з'яваў, бо тое адчуванне быцця, якое няведамым чынам узнікае ў нашай душы ў хвіліны спакою, не толькі роднае ўсім рэчам, прасторы, святлу, часу, чалавеку, але i адзінае з імі, i выток яго - той жа самы, што i выток іхнага быцця. Мы пачынаем з таго, што дзелім жыццё, якое вядуць рэчы вакол нас; толькі потым прыходзіць разуменне, што яны - незалежныя ад нас з'явы прыроды; мы забываем, што самыя падзяляем іхнае жыццё. Вось дзе крыніца думкі i дзеяння.

Узаемадачыненні паміж душой i вышэйшым духам гэтак чыстыя, што наіўнымі будуць спробы дапамагаць ix зносінам. Павінна быць так, што Бог сваім словам адкрывае не адну ісціну, але ўсе ісціны, i голас ягоны запаўняе увесь свет; i ён адзіны - не святло, не прырода, не час, не душа, але вымаўленае ім валодае нашай думкай, i ён дае новы пачатак, новы пункт адліку ўсяму.

Калі душа недасведчаная i адкрытая для боскай мудрасці, усё, што засталося ад мінулага, - жыццёвыя сродкі, дактрыны, вучэнні, цэрквы - страчвае каштоўнасць; душа жыве імгненным, i наступнае імгненне паглынае для яе i мінулае i будучыню. Для яе ўсё робіцца святым, i нешта адно не свяцейшае за іншае. Усё перайначваецца да самай асновы, i асобныя маленькія цуды знікаюць у сусветным цудзе. Значыць, не вер таму, хто мяркуе пра сябе, што ведае Бога i гаворыць ад ягонага імя i вяртае нас да пустых словаў, якія прыдумаў даўно зніклы народ, які жыў у іншай краіне, у іншым свеце. Хіба жолуд лепш за дуб, які развіўся з яго да вышэйшай, закончанай формы? Чаму ж у такім выпадку мы павінны пакланяцца мінуламу? З цягам стагоддзяў падрываецца непадзельны аўтарытэт душы, узнікаюць сумнівы ў здаровым сэнсе яе меркаванняў. Час i прастора - толькі фізіялагічныя абалонкі, створаныя вокам, але душа - гэта святло; там, дзе яна ёсць, ззяе дзень, там, дзе яна была, стаіць ноч; i гісторыя ператворыцца ў ману i абгавор, калі яна паспрабуе стаць нечым большым, чым вясёлым аналагам майго станаўлення i быцця.

Чалавек - істота баязлівая, заўжды схільная апраўдвацца; ён болей не ўмее ганарыцца, не асмельваецца сказаць «я думаю» i «я перакананы», але прыкрываецца аўтарытэтам якога - небудзь святога ці знакамітага мудраца. Ен павінен саромецца, бачачы атожылак травы ці квітнеючай ружы. Вось гэтыя ружы, што растуць пад маім акном, не апраўдваюць свайго існавання ні тым, што да ix тут таксама раслі ружы, ні тым, што здараюцца i больш прыгожыя экземпляры; яны тое, чым ёсць, яны жывуць цяпер.

Але чалавек паглыблены ва ўспаміны, ён заўжды нешта адкладвае, ён не жыве ў цяперашнім, але, адводзячы ад яго позірк, аддаецца жалю пра мінулае ці, не прыкмячаючы россыпу багаццяў вакол сябе, устае на дыбкі i выцягвае шыю, каб разгледзець будучыню. Але ён не будзе ні шчаслівы, ні дужы, пакуль таксама не пачне жыць з прыродай у цяперашнім.

Гэта мусіць быць відавочным, але зірніце на людзей з дастаткова модным розумам, якія, аднак, не асмельваюцца адкрыць слых для Бога, калі толькі ён не гаворыць мовай якога - небудзь Давіда, ці Ярэміі, ці Паўла. Не варта ва ўсіх выпадках лічыць такімі ўжо каштоўнымі некалькі тэкстаў, прыклады жыцця некалькіх людзей. Мы быццам дзеці, што зазубрылі на памяць i бяздумна гаворым пропісы нашых настаўнікаў i класных дамаў; з узростам мы замяняем гэтыя пропісы думкамі незвычайных таленавітых людзей, якіх нам давялося сустрэць, i намагаемся даслоўна запомніць тое, што яны гаварылі ці пісалі... Пры зручным выпадку на языку ў нас ужо будзе гатовая фраза.

Калі дабро побач з табой, калі жыццё ў самым табе, ты разумеш гэта шляхам незвычайным i нязведаным; ты не знойдзеш слядоў тых, што прайшлі гэтай дарогай раней за цябе; не сустрэнеш іншых падарожнікаў, не пачуеш у далечыні іхных галасоў; шлях, якім ты ідзеш, зусім новы, ён падасца табе дзіўным - як i думка, як i само дабро. Пакінь думаць пра досвед i прыклад іншых. Ты ідзеш не да чалавека, а ад чалавека. Усе людзі, што калі - небудзь жылі на зямлі, - пазабытыя вандроўнікі, што ішлі гэтай дарогай. Ты Ў роўнай ступені зведаеш надзею i жах. Не маюць значэння ні вялікія прасторы ў прыродзе - Атлантыка, Паўднёвыя моры, - ні вялікія інтэрвалы ў часе, хоць бы вымяраліся яны гадамі ці стагоддзямі. Тое, што я думаю i адчуваю, прасякае ўсе папярэднія станы жыцця, усе мінулыя абставіны - накшталт таго, як гэтым пранікнутае маё цяперашняе, i тое, што называюць жыццём, i тое, што мянуюць смерцю.

Узбагачае толькі жыццё, а не перажытае. Сіла згасае, калі перадыхнуць хоць на імгненне; сілу даруе неспыняльны пераход ад мінулага да новага стану, вечнае пераадольванне праліва, што аддзяляе адно ад аднаго, імкненне да мэты. I вось той факт, што душа заусёды ў станаўленні, выклікае самую вялікую непрыхільнасць, бо гэтым абясцэньваецца мінулае, ператвараецца ў пыл усялякае багацце, кампраметуецца любая рэпутацыя; святы ўраўноўваецца з ашуканцам, для Хрыста не знаходзіцца месца таксама, як i для Юды. Але нашто тады несці ўсю гэтую бязглуздзіцу пра давер да сябе? Да таго моманту, пакуль прысутнічае душа, ёсць i сіла - не пасіўная, але стваральная. Калі мы гаворым пра давер, мы выказваем толькі самае знешняе. Лепш будзем гаварыць пра тое, што выклікае давер, бо гэта існуе i дзейнічае.

Самаіснаванне - атрыбут Вышэйшай Прычыны, i межы дабра акрэсліваюцца мерай яго пранікнення ва ўсе ніжэйшыя формы. Усё па - сапраўднаму каштоўнае робіцца каштоўным толькі ў меру заключанай у ім дабрачыннасці. у прыродзе сіла - самае істотнае вымярэнне дабра. Прырода не зносіць у сваім царстве ніводнага стварэння, няздольнага пастаяць за сябе.

Утварэнне i выспяванне планеты, ейны спакой i арбітальны рух, дрэва, што нахілілася пад ціскам ветру, а потым паступова выпрасталася, запасы жыцця, якімі адораныя ўсялякая расліна i жывёліна,- усё гэта праявы самастойнай душы.

Чалавек не адчувае глыбокай пашаны да іншага, i яго не пераканаць, што трэба застацца ў хаце i шукаць зліцця з адвечным акіянам; не, ён абавязкова вырушыць у далёкія вандроўкі i будзе выпрошваць шклянку вады з крыніцаў, што належаць іншым. Мы павінны жыць у адзіноце. Ніводная Казань не прыцягвае мяне так, як пусты касцёл да пачатку імшы. I людзі, заходзячы за касцельную браму, быццам усе да аднаго мяняюцца, здаюцца такімі незямнымі, такімі спакойнымі, такімі чыстымі. Так што ўвойдзем у касцёл i пасядзім на лаўцы. Чаму мы павінны трымаць адказ за недахопы, якія маюць нашыя сябры, жонкі, бацькі, дзеці? Толькі таму, што яны дзеляць з намі вечары ля каміна? Ці, як кажуць, у іхных жылах цячэ родная нам кроў? Мая кроў цячэ ва ўсіх людзях, i ўва мне кроў усіх людзей. Ці не таму я прымаю на сябе іхныя капрызы i глупствы, прычым у такой ступені, што саромеюся за ix! Але адзіноцтва павінна быць не фізічнае, а духоўнае, гэта значыць весці да ўзвышанасці.

Калі нам не па сілах адразу дасягнуць святых вяршыняў паслухмянасці i веры, паспрабуем хоць бы супроцьстаяць спакусам; абвесцім ім вайну i разбудзім у сваім сэрцы Тора i Одына, мужнасць i нязменнасць у нашых саксонскіх грудзях. Дзеля гэтага трэба выбраць хвіліну неазмрочанасці, а каб зрабіць гэта, варта казаць праўду. Хопіць фальшывай гасціннасці i фальшывай любові. Хопіць жыць, імкнучыся не падмануць чаканняў тых падманутых i не надта чэсных людзей, з якімі выпадае мець справу.

Людзі пасрэдныя палічаць, што, адмаўляючы абыходкавыя паняцці пра тое, як трэба жыць, ты наогул адмаўляешся прыняць любыя паняцці па гэтай галіне, што ты проста хочаш здзівіць усіх арыгінальнасцю, а які - небудзь смелы сенсуаліст не пасаромеецца прыкрыць філасофскай дактрынай свае грахі. Але закон сумлення заўжды ў сіле. Можаш выбраць адну з дзвюх спавядальняў, каб ачысціць душу: гэта робіцца ці непасрэдна, ці апасродкавана. Падумай, ці выканаў ты свой абавязак у дачыненні. да маці, бацькі, сваякоў, суседзяў, у дачыненні да свайго горада, свайго сабакі i ката? Ці ёсць у каго - небудзь з ix прычына быць незадаволеным табой? Але я магу i не выбіраць такі шлях; я магу сам адпусціць сабе свае грахі. У мяне ёсць уласныя строгія патрабаванні, сваё закончанае кола абавязкаў. У гэтае кола не трапіла шмат з таго, што лічыцца абавязковым, але, калі я здолею выканаць тое, што сам лічу сваім доўгам, мне няма справы да агульнапрынятых уяўленняў. А калі хто - небудзь палічыць, што я прыдумаў для сябе няцяжкія запаведзі, няхай ён паспрабуе хоць бы адзін дзень выконваць любую з ix.

Ад чалавека, які вырашыў адмовіцца ад звычайных матываў чалавечых паводзінаў i давяраць самому сабе, калі размова ідзе пра тое, што ён мусіць рабіць, сапраўды патрабуюцца якасці, вартыя багоў. Якой жа высокай павінна быць ягоная душа, якой стойкай воля, якім незамутненым позірк, каб мог без ваганняў прызнаць самога сябе сваёй філасофіяй, грамадствам, законам, каб простая мэта была для яго такая ж важкая, як жалезная неабходнасць для іншых.

Аднак кожны, хто паразважае над сучасным характерам грамадства, называнага гэтак з адсутнасці лепшага слова, зразумее пільную патрэбу ў такой этыцы. Падобна, што сіла цела i духа нёвядомая сучаснаму чалавеку, i мы ператварыліся ў цынікаў, баязлівых i заўсёды прыгнечаных. Мы баімся праўды, баімся лёсу, баімся смерці, баімся адзін аднаго. Наш час не вылучыў ніводнага вялікага дасканалага чалавека. Нам патрэбныя мужчыны i жанчыны, якія б абнавілі жыццё i нашую грамадскую сістэму, але мы бачым, што ў большасці людзі сталі банкрутамі, што яны няздольныя задаволіць свае ўласныя патрэбы, што іхныя прэтэнзіі ў вялікай

супярэчнасці з іхнымі сіламі, што яны робяць нізкае i выкленчваюць падачкі дзень за днём. Наш стол збяднеў, нашыя мастацтвы, заняткі, шлюбы, рэлігія - усё гэта абралі не мы самыя, але грамадства выбрала для нас. Мы салдаты, храбрыя толькі у гасцёунях. Нас палохае суровая бітва з лёсам, а толькі гэтая бітва даруе сілы.

Дастаткова першай няўдачы, i нашая моладзь ужо зусім няздольная рызыкаваць. Галее добры гандляр, i людзі гавораць, што ён загінуў. Магчыма, у нейкім з нашых каледжаў навучаецца вялікі талент, але калі праз год пасля заканчэння курса навукаў ён не ўладкуецца ў якую - небудзь кантору ў Бостане, Нью - Йорку ці іхных прыгарадах, ніхто з ягоных сяброў не ўсумніцца, што ён мае падставы апусціць рукі i праліваць слёзы над сваім лёсам рэшту жыцця. Але ж сотні такіх гарадскіх марыянетак не вартыя аднаго дужага хлопца з Нью - Гэмпшыра ці Вярмонта, які паспрабаваў усе рамёствы, які арэ, сее i прадае, адкрывае ў сваёй вёсцы школу, сам чытае казані, выдае газету, прабівае сабе шлях у кангрэс, купляе зямельны абшар для пасёлка i, колькі б ні кідаў яго лёс, падае, як кот, заўжды на чатыры лапы. Вось ён i крочыць у нагу з эпохай, i яму ніколі не сорамна, што ён, бачыце, «не вывучаў справы свайго жыцця»; ён не адкладвае сваё жыццё на будучыню, а жыве. У яго не адзін - адзіны канец, а сотні магчымасцяў. Дык няхай жа з'явіцца які - небудзь стоік i адкрые людзям, якія сілы захаваныя ў ix. Няхай ён пераканае, што яны не ніцая вярба, а могуць i павінны лунаць у надхмар'і, што ім неабходна даверыцца сабе, i тады прыйдуць новыя сілы; што чалавек - гэта слова, якое стала плоццю, што ён нараджаецца дзеля таго, каб прыдаць народам здароўе, што павінен саромецца спачування, што ён i не выкліча жаласных словаў, а толькі ўдзячнасць i павагу, калі будзе дзейнічаць адпаведна сваёй натуры.

Дык давайце больш давяраць сабе: няцяжка пабачыць, што гэта мусіць прывесці да перавароту ва ўсёй дзейнасці, ва ўсіх узаемадачыненнях людзей, у іхнай веры, адукацыі, мэтах, якія яны сабе вызначаюць, іхнай чыннасці жыцця i знаёмствах, іхных стаўленнях да ўласнасці, у філасофскіх поглядах.

1. Якія малітвы ўзносяць людзі! Тое, што яны называюць святым, на справе не назваць нават проста смелым i вартасным. Малітва накіраваная ў іншыя краі i просіць звонкавага дадатку, які павінен з'явіцца разам з нейкай звонку пазычанай дабрадзейнасцю; малітва знікае ў бясконцых лабірынтах меркаванняў пра натуральнае i звышнатуральнае, пра адкрытае з нечай дапамогаю ці цудатворнае. Калі ў малітве просяць дамагчыся той ці іншай прыватнай мэты, просяць чаго заўгодна, апроч сусветнага дабра, гэта загана. Малітва - сузіранне фактаў жыцця з самага высокага пункту. Малітва - маналог душы, якая сузірае i радуецца. Малітва - голас Бога які гаворыць, што ўсё, створанае ім, добра. Але калі яе робяць сродкам дасягнення нейкага дабра для сябе, дык мы маем справу з нізкасцю i махлярствам. Ілжывыя i тыя нашыя малітвы, якія напоўненыя нараканнямі i скаргамі. Незадавальненне вынікае з недастатковага даверу да сябе, гэта хвароба волі. Наракай на бедствы, калі гэтым можна дапамагчы пакутнаму, калі ж нельга, дык займайся ўласнай справай, i бяда ад гэтага зробіцца не такой ужо непапраўнай. Столькі ж недарэчнасці i ў сімпатыі. Мы бачым людзей, што праз глупства льюць слёзы, i спяшаемся далучыць да іхных рыданняў нашыя, замест таго, каб зрабіць ім рэзкі, як удар электрычнасці, прачуханец, вярнуць ix на шлях ісціны i здароўя. Тайна шчаслівага жыцця - уменне трымаць радасць у сваіх руках. I багі, i людзі заўсёды i ўсюды ветліва сустракалі чалавека, які не мае патрэбы ні ў чыёй дапамозе. Для яго шырока адчыненыя ўсе дзверы, яго ўхваляюць на ўсіх мовах, яму аддаюць найвялікшую пашану, усе позіркі скіраваныя на яго з захапленнем i зайздрасцю. Нашая любоў аддадзеная яму, i ён купаецца ў ёй - паколькі не адчувае ў ёй патрэбы. Мы асабліва горача i быццам з прабачэннем за сябе праслаўляем i песцім яго, бо ён ішоў сваім шляхам i пагардліва не прыкмячаў нашае неўхваленне. Яго любяць багі за тое, што любілі людзі. «На покліч настойлівага смяротнага, - казаў Заратустра, - шчаслівыя несмяротныя адгукаюцца хутка».

2. Недахопам уласнай культуры тлумачыцца тое, што культ Вандравання, ідаламі якога сталіся Італія, Англія i Егіпет, усё яшчэ моцна трымаецца сярод усіх асвечаных амерыканцаў. Тыя, хто змусіў нас з паважлівым захапленнем глядзець на Англію, Італію i Грэцыю, дамагліся гэтага таму, што трымаліся за родную зямлю моцна, быццам глыбокія карані. Калі мы бываем сапраўды людзьмі, дык адчуваем, што краіна, дзе мы мусім жыць, мае назву доўг. Душа - не вандроўніца, i чалавек мудры застаецца дома; калі неабходнасць ці абавязак заклікаюць яго пакінуць родны прыстанак i вырушыць у чужыя краіны, ён усё роўна працягвае быць дома, i нават па выразе твару зразумела, што ён выправіўся ў дарогу з місіяй дабра i мудрасці; ён прыязджае ў іншыя гарады як асоба суверэнная, а не як контрабандыст ці лёкай.

Я не збіраюся з чыстай супярэчнасці адмаўляць карысць кругасветных падарожжаў, калі гутарка ідзе пра тое, каб пазнаёміцца з мастацтвам, нечаму навучыцца, умацаваць дух зычлівасці; я не супроць падарожжаў, калі чалавек моцна прывязаны да дому i выпраўляецца вандраваць, не падманваючы сябе спадзеяй, быццам на чужыне можна адкрыць для сябе нешта больш значнае, чым тое, што ўжо вядомае.

3. Але гэтая прага падарожжаў - толькі сімптом больш глыбокага захворвання, якім пашкоджаны ўвесь наш інтэлект. Па сваёй сутнасці інтэлект - бадзяга, i наша сістэма адукацыі падтрымоўвае няўрымслівасць Розум вандруе ў далёкіх краінах, пакуль наша фізічная абалонка вымуша ная заставацца дома. Мы пераймаем, а што такое перайманне як не вандроўкі розуму? Мы будуем свае дамы па замежных узорах; паліцы ў нашым пакоі аздабляе замежны арнамент; нашыя меркаванні, густ, схільнасці - усё скіравана да Мінулага i Далёкага. Але ж паўсюль, дзе квітнела мастацтва, яго стварала Душа.

Трымайся толькі свайго, ніколі не пераймай. Свой дар ты заўсёды можаш выявіць ва ўсёй сіле, назапашанай за цэлае жыццё, але, імітуючы талент іншага, ты дзейнічаеш без належнай падрыхтоўкі i здольны авалодаць ім толькі часткова. Што менавіта кожны з нас лепш за ўсё можа стварыць, адкрые нам толькі Бог. Ніхто не ведае наперад, што зробіць мастак. Дзе ён, майстра, які меў бы здольнасць нечаму навучыць Шэкспіра? Дзе настаўнік, які мог бы навучыць Франкліна, Вашынгтона, Бэкана ці Ньютана? Кожны вялікі чалавек выключны. Сцыпіён вялікі якраз тым, што ён ані ў кога не мог пазычаць, Шэкспірам не зробішся, колькі б ні вывучаў творы Шэкспіра. Рабі тое, што прызначана табе, i калі ў гэтым пашанцуе, на большае нельга спадзявацца, большай смеласці нельга ўявіць. Табе, які жыве цяпер, выпала стварыць карціну не менш вялікую i дзёрзкую, чым тыя, што былі створаныя выдатным разцом Фідзія, рукой Майсея i Дантэ, але якая розніцца ад усіх іншых. Неймаверна, каб папраўдзе багатая душа, якая адораная вялікім талентам самавыяўлення, якая гаворыць тысячамі вуснаў, апусцілася да таго, каб пачала паўтараць сама сабе. Жыві ў сціплых i вартасных межах свайго жыцця, слухайся свайго сэрца, i ты зноў дасі магчымасць нам перажыць Дзень Тварэння.

4. Падобна да таго, як нашыя Рэлігія, Адукацыя, Мастацтва прасякнутыя перайманнем чужога, дух пераймання пануе i ў нашым грамадстве. Кожны з усіх сілаў намагаецца паказаць сябе прыхільнікам удасканалення грамадства, але ніхто яго не ўдасканальвае.

Грамадства ніколі не прасоўваецца наперад. Ледзь набыўшы нешта ў адным кірунку, абавязкова губляе нешта ў іншым. Яно безупынна зазнае змены; было грамадства варварскае, на змену яму прыйшла цывілізацыя, потым хрысціянства, узнікла грамадства заможнае, грамадства навукі, але гэтыя перамены не азначалі паляпшэння. За ўсё, што набываецца, даводзіцца нешта аддаваць. Грамадства набывае новыя мастацтвы i страчвае старыя інстынкты.

Прагрэс роду чалавечага вымяраецца не часам. Факіён, Сакрат, Анаксагор, Дыяген - людзі вялікія, але яны пакідаюць пасля сябе падобных сабе. Той, хто сапраўды варты быць прылічаным да гэтай катэгорыі, не прыме іхнае імя, але будзе цалкам самастойным чалавекам i ў сваю чаргу пакладзе пачатак новай катэгорыі людзей. Мастацтвы, практычныя поспехі таго ці іншага перыяду гісторыі - толькі яго вонкавая абалонка, не яны даюць чалавеку сілу жыць. Галілей, карыстаючыся тэатральным біноклем, раскрыў мноства нябёсных таямніцаў, больш уразлівых, чым усе сакрэты сусвету, разгаданыя пасля яго.

Грамадства падобнае да хвалі. Хваля набягае на бераг, але вада, якая яе ўтварае, не рухаецца. Часцінка не можа ўзняцца з глыбіні да вяршыні i застаецца той жа самай. Агульны рух - толькі ілюзія. Людзі, з якіх сёння складаецца нацыя, заўтра сканаюць, i іхны досвед памрэ разам з імі.

Таму давер да ўласнасці, у тым ліку i давер да ўрада, які вартуе яе, таксама гаворыць пра недахоп даверу да сябе. Людзі так доўга аддаваліся сузіранню з'яваў i рэчаў, не бачачы самых сябе, што прызвычаіліся высока ацэньваць інстытуты рэлігіі, асветы, грамадства, прымаючы ix як захавальнікаў уласнасці, i сустракаюць у штыхі ўсялякудо пагрозу гэтым інстытутам, бо ім здаецца, што гэта пагроза ўласнасці, Іхныя думкі адзін пра аднаго вызначаюцца не тым, чым чалавек ёсць, а тым, што ён мае. Але чалавек прасветлены саромеецца сваёй уласнасці, бо ён пранікаецца павагай да сваёй прыроды. Багацце асабліва прыгнятае яго, калі ён разумее, што яно дасталося выпадкова, што ён атрымаў яго па тастаманту, ці як дарунак, ці зрабіўшы нешта нізкае, - i тады ён пачынае асэнсоўваць, што, па сутнасці, гэтае багацце яму не належыць, што ён не валодае ім, бо не злучаны з ім сваімі каранямі, i яно проста захоўваецца ў яго, пакуль не адбудзецца які - небудзь грамадскі пераварот ці ў ягоны дом не ўварвецца рабаўнік.

Але тое, чым ёсць чалавек на самай справе, ён з неабходнасцю заўсёды набывае сам, а набытае самым сабою - гэта жывая ўласнасць, якой не пагражаюць няласка ўладароў, пераварот у грамадстве, пажар, банкруцтва, бо яна заўсёды аднаўляецца, пакуль чалавек не сканае. «Тваё наканаванне, твая доля жыцця сама шукае цябе, - казаў халіф Алі, - не абцяжарвай сябе пошукамі яе». Нашая залежнасць ад гэтых чужых нашай прыродзе дабротаў прыводзіць да рабскага пакланення перад лічбамі. Мяркуецца, што з'езд палітычнай партыі меў большы поспех, калі больш назбіралася народу, ды часцей i ўрачысцей абвяшчалася з'яўленне новай дэлегацыі. Юнаму патрыёту здаецца, што ягоныя сілы ўтысячараюцца, калі ён чуе: «Дэлегацыя Эсэкса!», «Дэлегацыя дэмакратаў Нью - Гэмпшыра!», «Дэлегацыя вігаў Мэна!» Дакладна таксама праводзяць канвенцыі сацыяльныя рэфарматары, каб натоўпам прагаласаваць i прыняць рашэнне. Сябры! Як памыляецеся вы, думаючы, што Бог аднясецца да вас паблажліва, калі будзеце дзейнічаць такім чынам. Дзейнічаць трэба якраз наадварот. Толькі тады, калі чалавек адмаўляецца ад любой падтрымкі чужых яму людзей i абараняе сваю справу сам, я прызнаю, што ён адораны дастатковымі сіламі, каб перамагчы. Кожны новы рэкрут пад ягоным сцягам толькі паменшыць запас ягоных сілаў. Ды хіба чалавек не лепшы за людское зборышча? Не прасі нічога ў людзей, i сярод бясконцых пераменаў сам будзеш адзінай надзейнай апорай, якая трымае на сваіх плячах усё, што цябе абкружае. Той, хто ведае, што сіла даецца пры нараджэнні, што ён слабы, калі шукае падтрымкі па - за сабой, без вагання прыме гэтую думку, i яна адразу дапаможа яму выпрастацца, адчуць сілу i дамагацца свайго.

Такім чынам, пастаў сабе на службу ўсё, што называюць Лесам. Бальшыня людзей іграе з ім у азартную гульню, i з кожным паваротам кола лесу нехта ўсё набывае, а нехта ўсё губляе, але ты навучыся лічыць гэтыя набыткі незаконнымі i не імкніся да ix, ты аддайся служэнню Справе i Карысці, гэтым канцлерам Усявышняга. Аддайся Волі, працуй, набывай, i здолееш скаваць рух кола Выпадку i не будзеш баяцца новага ягонага павароту. Калі табе ўдаецца атрымаць перамогу на палітычай арэне, калі дамагаешся павышэння сваіх прыбыткаў, калі нехта хварэў у цябе дома i ачуняў, калі пасля працяглай адсутнасці вярнуўся сябра, калі адбылася якая - небудзь іншая прыемная падзея, цябе ахоплівае радасць, табе здаецца, што наперадзе цябе чакае выдатная пара. Не вер гэтаму. Ніхто не дасць тваёй душы спакою, апроч цябе самога.

1841 г.

ЗАЎВАГІ

Акраверш - верш, у якім пачатковыя літары радкоў складаюць слова ці фразу. Развіўся з магічных тэкстаў, быў пашыраны ў паэзіі антычнасці i ў сярэднявеччы.

Мільтан Джон (1608-1674) - англійскі паэт, грамадскі дзеяч, аўтар эпічных паэмаў «Страчаны рай», «Вернуты рай», «Самсон - змагар».

Антоні Вялікі (250-356) - пустэльнік, пачынальнік манаства, паходзіў з егіпецкіх хрысціянаў, духоўны аўтарытэт свайго часу.

Абаліцыянізм - грамадскі рух у Амерыцы ў XVIII-XIX стст. за адмену рабства неграў.

Квакерства - адзін з кірункаў пратэстанцтва, узыік у XVII ст. у Англіі, распаўсюджаны ў ЗША. Квакеры адмаўляюць царкоўную арганізацыю, абрады, таінствы, прапануюць пацыфізм.

Фокс Чарлз Джэймс (1749-1806) - англійскі палітычны дзеяч, асуджаў вайну Англіі супроць налоній у Паўночнай Амерыцы.

Метадысты - кірунак пратэстанцтва. Узнік у XVIII ст. у Англіі. Ягоныя прыхільнікі лічаць неабходным паслядоўна (метадычна) выконваць рэлігійныя прадпісанні. У сферы культу не розніцца ад англіканства.

Уэслі Джон i Чарлз - браты, пачынальнікі метадызму.

Кларксан Томас (1760-1846) - англійскі грамадскі дзеяч, які выступаў за адмену рабства неграў.

Сцыпіён (235-183 да к. э.) - дзяржаўны дзеяч, выдатны палкаводзец рэспубліканскага Рыма, належаў да патрыцыянскага роду Карнеліяў.

Сенсуалізм - філасоўскае вучэнне, якое прызнае пачуццё i адчуванне адзінай крыніцай пазнання.

Факіён (402-318 да н. э.) - афінскі дзяржаўны дзеяч.

Алі бен Абу Таліб (каля 600-661) - сваяк прарока Мухамеда, адзін з першых яго паслядоўнікаў.



[1] Не шукай нічога па-за сабой (лад.).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX