Папярэдняя старонка: Філасофія, роздумы

Чаадаеў Пётр. Філязафічныя лісты. Ліст першы 


Аўтар: Чаадаеў Пётр,
Дадана: 02-10-2016,
Крыніца: Чаадаеў Пётр. Філязафічныя лісты. Ліст першы // Спадчына №1-1997. С. 69-90.



Пётр Якаўлевіч Чаадаеў (27.5.(7.6.)1794, Масква 14(26.)4.1856, тамсама), - расейскі мысьляр i публіцыст. З дваранскай сям'і. У 1808-1811 гг. вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце. Удзельнік Айчыннай вайны 1812 г. З 1816 г. чалец масонскай лёжы "Задзіночаных сяброў" i блізкі сябра А.С. Пушкіна. У 1819 г. быў прыняты ў "Саюз дабрабыту", у 1821 - у Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, але дзейсным чальцом тайных таварыстваў ня быў i ставіўся да ix стрымана-скептычна. У 1823- 1826 гг. падарожнічаў за мяжою (Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя). Пасьля вяртаньня ў Расею жыў у Маскве. У 1829-1831гг. напісаў свой галоўны твор - "Лісты пра філязофію гісторыіі" (на францускай мове), за якімі замацаваўся назоў "Філязафічных лістоў". Першы ліст быў апублікаваны ў 1836 г. у часопісе "Телескоп" (№ 15). За гэтую публікацыю часопіс быў закрыты, а Чаадаеў абвешчаны вар'ятам. Напісаная ў адказ на вінавачаньні ў браку патрыятызму "Апалёгія вар'ята" (1837) прыжыцьці Чаадаева надрукаваная не была. Пазбаўлены магчымасьцяў вытлумачыцца ў друку, Чаадаеў заставаўся ўплывовым мысьляром (меў інтэлектуальнае ўзьдзеяньне як на "заходнікаў", гэтак і на славянафілаў).

У "Філязафічных лістох" жорстка характарызаваў расейскую мэнтальнасьць. Абвесьціў сябе прыхільнікам шэрагу прынцыпаў каталіцызму, аднак Гэрцэн называў ягоны сьветагляд "рэвалюцыйным каталіцызмам". Чаадаеў спадзяваўся зьдзейсьненьня зямных чаканьняў народу як звышразумнага цэлага, што пераадольвае эгаізм і індывідуалізм як несумяшчальныя з усеагульным прызначэньнем чалавека быць рухавіком сусьвету пад кіраўніцтвам усявышняга розуму й сусьветнай волі. Прагрэс Расііі бачыў у маральным абнаўленьні краіны.

Восем "Філязафічных лістоў" Пятра Чаадаева характарызуюцца нутраной лёгікай разьвіцьця думкі й складаюць адну непарыўную сэрыю. Імпульс для афармленьня выказаных у ix ідэяў дало адно з пасланьняў Кацярыны Дзьмітрыеўны Пановай, сястры сучасьніка Пушкіна, ведамага музыказнаўцы А. Улыбышава. Асабістае пасланьне да Пановай у працэсе работы ператвараецца ў знакаміты першы філязафічны ліст, які ўяўляе сабою фактычна ўводзіны да ўсіх астатніх. У ім аўтар паступова адыходзіць ад асабістых праблемаў i зьвяртаецца, паглыбляючы параўнальную характарыстыку Расеі й Эўропы, да гісторыі, якая выступае, паводле ягоных словаў, "ключом да разуменьня народаў", адкрываючы розным народам іхную ролю ў сусьветным працэсе.

ЛІСТ ПЕРШЫ

Няхай прыйдзе валадарства Тваё

Спадарыня,

Мяноўна вашая чыстасардэчнасьць i вашая шчырасьць падабаюцца мне больш за ўсё, мяноўна ix я больш за ўсё цаню ў вас. Мяркуйце ж, як павінен быў зьдзівіць мяне ваш ліст. Гэтымі прыўкраснымі якасьцямі вашага характару я быў зачараваны зь першае хвіліны нашага знаёмства, i яны падахвочвалі мяне гaвapылі з вамі пра рэлігію. Усё наўкола нас магло змусіць мяне толькі маўчаімэ. Памяркуйце ж яшчэ раз, якім было маё здумленьне, калі я атрымаў ваш ліст!

Вось усё, што я магу сказаць вам з прычыны думкі, якую, як вы дапускаеце, я склаў сабе пра ваш характар. Але не гаварэма больш пра гэта i пяройдзем зараз жа да сур'ёзнае часткі вашага ліста.

Па-першае, адкуль гэтая смута ў вашых думках, якая вас так хвалюе й так зьнясільвае, што, паводле вашых словау, адбілася на'т на вашым здароўі? Няўжо яна - сумны наступак нашых гутарак? Заместа міру й супакаеньня, якія мела б прынесыу вам новае пачуцьцё, абуджанае у вашым сэрцы,- яно спрычыніла вам тугу, непакой, амаль дакоры сумленьня. І, адылі, ці павінен я з гэтага дзівіцца? Гэта натуральны вынік таго сумнага парадку рэчау, пад абладаю якога знаходзяідда у нас усе сэрцы i усе розумы. Вы толькі паддаліся ўпльіву сілаў, якія пануюць тут над усімі, ад найвышэйшых вяршыняў грамадзтва да раба, што жыве адно для ўцехі свайго валадара.

Дый як маглі б вы ўстояць супраць гэтых умоваў? Самі якасьці, што розьняць вас ад натоўпу, павінны рабіць вас асабліва даступнаю шкоднаму ўплыву паветра, якім вы дыхаеце. Тое нямногае, што я дазволіў сабе сказаць вам, ці магло даць трываласыць вашым думкам сярод усяго, што вас абкружае? Ці мог я ачысьціць атмасфэру, у якой мы жывем? Я мусіў прадбачыць наступствы, i я ix напраўду прадбачыў. Адсюль тыя частыя змоўчаньні, якія, ведама, менш за ўсё маглі ўнесьці ўпэўненасыдь у вашую душу i натуральна мелі зьбянтэжыць вас. I ня буду я ўпэўнены, што, якімі б моцнымі ні бьілі пакуты, што можа спрычыніць не да канца абуджанае ў сэрцы рэлігійнае пачуцьцё, такі стан усё ж лепшы за поўную летаргію, - мне заставалася б толькі раскаяцца ў маім рашэньні. Але я спадзяюся, што аблокі, якія засьцілаюць цяпер вашае неба, ператворацца зь цягам часу ў жыватворную расу, што аплодніць зерне, кінутае ў вашае сэрца, а ўзьдзеяньне, учыненае на вас колькімі нязначнымі словамі, служыць мне надзейнаю запарукаю тых яшчэ важнейшых наступкаў, да якіх без сумневу прывядзе праца вашага ўласнага розуму. Аддавайцеся бязбоязна душэўным парываньням, якія абуджацьме ў вас рэлігійная ідэя: з гэтае чыстае крыніцы могуць выцякаць толькі чыстыя пачуцьці.

Што да вонкавых умоваў, то задаволіцеся пакуль усьведамленьнем, што вучэньне, угрунтаванае на найвышэйшым прынцыпе адзінства й беспасярэдняй перадачы ісьціны ў бесьперапынным радзе яго служнікаў, ведама, больш за ўсё адпавядае праўдзіваму духу рэлігіі; бо ён цалкам зводзіцца да ідэі зьліцьця ўсіх існых у сьвеце маральных сілаў у адну думку, у адно пачуцьцё i да паступовага ўсталяваньня такой сацыяльнай сыстэмы або царквы, якая мусіць увесьці валадарства ісьціны сярод людзей. Усякае іншае вучэньне ўжо самым фактам свайго адпадзеньня ад пачатнае дактрыны загадзя не прымае дзеяньня высокага запавету Збаўцы: Ойча наш, захавай ix у імя Сваё, тых, якіх Ты Мне даў, каб яны былі а дно, як i мы, i ня мкнецца да ўсталяваньня валадарства Божага на зямлі. З гэтага, аднак, не вынікае, каб вы былі абавязаныя вызнаваць гэтую ісьціну перад сьветам: ня ў гэтым, ведама ж, вашае пакліканьне. Наадварот, сам прынцып, зь якога гэтая ісьціна выходзіць, абавязвае вас, з прычыны вашага становішча ў грамадзтве, прызнаваць у ёй толькі нутраны сьветач вашае веры, i нічога больш. Я шчасьлівы, што спрыяў схіленьню вашьіх думак да рэлігіі; але я быў бы вельмі нешчасьлівы, калі б разам з тым нагнаў на вашае сумленьне зьбянтэжанасьці, якая б з цягам часу немінуча ахаладзіла б вашую веру.

Я, здаецца, гаварыў вам аднаго разу, што найлепшы спосаб захаваць рэлігійнае пачуцьцё - гэта выкананьне ўсіх абрадаў, прадпісваных царквою. Гэта практыкаваньне ў пакоры, якое залучае ў сабе больш, чымся зазвычай думаюць, i якое найвялікшыя розумы ўскладалі на сябе сьвядома й абдумана, ёсьць сапраўдным служэньнем Богу. Нішто так не мацуе духу у яго вераньнях, як строгае выкананьне ўсіх аднесеных да ix абавязкау. Прытым бальшыня абрадаў хрысьціянскае рэлігіі, якім навучыў найвышэйшы розум, валодае сапраўднаю жыватворнаю сілаю для ўсякага, хто ўмее прасякнуцца залучанымі ў ix ісьцінамі. Існуе толькі адзін вынятак з гэтага правіла, якое мае ўвогуле безумоўны характар, - якраз калі чалавек адчувае ў сабе вераньні найвышэйшага парадку ў параўнаньні з тымі, што спавядае маса, вераньні, якія ўзносяць дух да самой крыніцы ўсякай верагоднасьці i ў той жа час ані не супярэчаць народным вераньням, а, наадварот, ix падмацоўваюць, тады й толькі тады дазваляецца пагарджаць вонкаваю абраднасьцю, каб свабадней аддавацца важнейшай працы. Але гора таму, хто ілюзіі сваёй пыхлівасьці або аблуды розуму свайго прыняў бы за найвышэйшае прасьвятленьне, якое нібыта вызваляе яго ад агульнага закону! Вы ж, спадарыня, што вы можаце зрабіць лепшага, як не ўбрацца ў адзеньне пакоры, якое так пасуе вашаму полу? Паверце, гэта хутчэй за ўсё супакоіць ваш усхваляваны дух i праліе малую ўцеху ў вашае існаваньне.

Дый ці ўяўляем, скажэце, нават з гледзішча сьвецкіх паняткаў, больш натуральны лад жыцьця для жанчыны, разьвіты розум якой умее знаходзіць прыгажосьць у пазнаньні i ў велічных эмоцыях сузіраньня, чымся жыцьцё, засяроджанае й прысьвечанае ў значнай меры роздуму й справам рэлігіі. Вы гаворыце, што пры чытаньні нішто не ўзбуджае так моцна вашага ўяўленьня, як карціны мірнага й сур'ёзнага жыцьця, якія таксама, як краявід цудоўнай сельскай мясцовасьці на схіле дня, уліваюць у душу мір i на хвілю нясуць нас ад горкай ці апрыклай рэчаіснасьці. Але гэтыя карціны - ня творы фантазіі; ад вас адной залежыць ажыцьцяўленьне кожнай з гэтых чароўных выдумак; i для гэтага ў вас ёсьць усё неабходнае. Вы бачыце, я прапаведую ня надта суровую мараль: у вашых схільнасьцях, у найпрывабных крозах вашага ўяўленьня я стараюся знайсьці тое, што здатнае даць мір вашай душы.

У жыцьці ёсьць пэўны бок, які датычыць не фізычнага, а духоўнага быцьця чалавека. Ня варта ім пагарджаць; для душы дакладна гэтаксама існуе пэўны рэжым, як i для цела; трэба ўмець яму падпарадкавацца. Гэта- старая ісьціна, я ведаю, але мне думаецца, што ў нашай айчыне яна шчэ вельмі часта мае ўсю каштоўнасьць навіны. Адна з найбольш сумных рысаў нашай своеасаблівай цывілізацыі палягае ў тым, што мы шчэ толькі адкрываем ісьціны, якія даўно ўжо сталі зьбітымі ў іншых месцах i на'т сярод народаў, шмат у чым асталых ад нас. Гэта адбываецца ад таго, што мы ніколі ня йшлі поплеч зь іншымі народамі; мы не належым ні да адной зь вялікіх сем'яў чалавечага роду; мы не належым ані да Захаду, ні да Ўсходу, i ў нас няма традыцыяў ані першага, ні другога. Стоячы як бы па-за часам, мы не былі закранутыя сусьветным выхаваньнем чалавечага роду.

Гэтая дзіўная сувязь чалавечых ідэяў цягам стагодзьдзяў, гэтая гісторыя чалавечага духу, што ўзьнесьлі яго да той вышыні, на якой ён стаіць цяпер ува ўсім засталым сьвеце, - не зрабілі на нас ніякага ўплыву. Тое, што ў іншых краінах ужо даўно складае саму аснову супольнага жыцьця, для нас - толькі тэорыя й абстракцыя. I вось прыклад: вы, валодаючы нагэтулькі шчасьліваю арганізацыяй для ўспрыманьня ўсяго, што ёсьць праўдзівым i добрым у сьвеце, вы, каму самой прыродаю наканавана спазнаць усё, што дае найсаладзейшыя й найчысьцейшыя радасьці душы,- кажучы шчыра, чаго вы дасягнулі пры ўсіх гэтых перавагах? Вам даводзіцца думаць на'т не пра тое, чым напоўніць жыцьцё, а чым напоўніць дзень. Самі ўмовы, што складаюць у іншых краінах неабходную рамку жыцьця, у якой так натуральна разьмяшчаюцца ўсе падзеі дня й без чаго немагчымае здаровае маральнае існаваньне, як здаровае фізычнае жыцьцё безь сьвежага паветра,- у вас ix i заваду няма. Вы разумееце, што йдзецца шчэ зусім не пра маральныя прынцыпы й не пра філязафічныя ісьціны, а проста пра упарадкаванае жыцьцё, пра тыя прывычкі й навыкі сьвядомасьці, якія перадаюць нязмушанасьць розуму i ўносяць правільнасьць у душэўнае жыцьцё чалавека.

Зірнеце наўкол сябе. Ці не здаецца вам, што ўсім нам не сядзіцца на месцы. Мы ўсе маем выгляд падарожнікаў. Hi ў кога няма пэўнай сфэры існаваньня, ні для чога ня выпрацавана добрых звычак, ні для чога няма правілаў; няма на'т дамовага агмяню; няма нічога, што прывязвала б, што абуджала б у вас сымпатыю або каханьне, нічога трывалага, нічога сталага; усё мінае, усё адыходзіць, не пакідаючы сьледу ні вонках, ні ўсярэдзіне вас. У сваіх дамох мы быццам на пастоі, у сям'i маем выгляд чужаземцаў, у гарадох выдаем качэўнікамі, i на'т больш як качэўнікамі, якія пасьвяць свае статкі ў нашых стэпах, бо яны мацней прывязаныя да сваіх пустэльняў, чымся мы да гарадоў. I ня думайце, калі ласка, што прадмет, пра які йдзе гаворка, ня важны. Мы й без таго пакрыўджаныя лёсам,- ня станем жа мы дадаваць да іншых нашых бедаў памылковага ўяўленьня пра самых сябе, ня будзем прэтэндаваць на чыста духоўнае жыцьцё; навучымся жыць разумна ў эмпірычнай рэчаіснасьці. Але сьпярша пагаворым яшчэ крыху пра нашую краіну; мы ня выйдзем з рамак нашае тэмы. Бяз гэтага ўступу вы не зразумелі б таго, што я маю вам сказаць.

У кожнага народу бывае пэрыяд бурнага ўзрушэньня, гарачага непакою, дзейнасьці неабдуманай i бязмэтнай. У гэным часе людзі становяцца бадзякамі ў сьвеце, фізычна й духоўна. Гэта - эпоха моцных адчуваньняў, шырокіх задумаў, вялікіх жарсьцяў народных. Народы мітусяцца тады ўзбуджана, без прыкметнае прычыны, але не без карысьці для прыйдучых пакаленьняў. Праз такі пэрыяд прайшлі ўсе грамадзтвы. Яму абавязаныя яны найярчэйшымі сваімі ўспамінамі, гераічным элемэнтам свае гісторыі, сваёю паэзіяй, усімі найбольш моцнымі й плённымі сваімі йдэямі; гэта неабходная аснова ўсякага грамадзтва. Іначай у памяці народаў не было б нічога, чым яны маглі б даражыць, што маглі б любіць; яны былі б прывязаныя толькі да пылу зямлі, на якой жывуць. Гэтая захапляльная фаза ў гісторыі народаў - гэта іхнае юнацтва, пара, у якую іхньія здольнасьці разьвіваюцца наймацней i памяць пра якую складае радасьць i павучаньне іхнага сталага веку. У нас нічога гэтага няма. Спачатку - дзікае барбарства, пасьля грубае невуцтра, затым лютае i прыніжальнае чужаземнае панаваньне, дух якога пазьней успадкавала нашая нацыянальная ўлада,- гэткая сумная гісторыя нашага юнацтва. Гэтага пэрыяду бурнае дзейнасьці, кіпучага граньня духоўных сілаў народных у нас не было зусім. Эпоха нашага сацыяльнага жыцьця, адпаведная гэтаму веку, была ;запоўненая цьмяным i змрочным існаваньнем, пазбаўленым сілы й энэргіі, якое нішто не ажыўляла, апрача ліхадзействаў, нішто не зьмякчала, апрача рабства. Ані цудоўных успамінаў, ані грацыёзных вобразаў у памяці народу, ані моцных павучаньняў у яго паданьнях. Акіньце паглядам усе пражытыя намі стагодзьдзі, усю займаную намі прастору,- вы ня знойдзеце ніводнага прывабнага ўспаміну, ніводнага значнага помніка, які ўладна гаварыў бы вам пра мінуўшчыну, які ўзнаўляў бы яе перад вамі жыва й карцінна. Мы жывем адною цяпершчынаю ў найцясьнейшых яе межах, безь мінуўшчыны й будучыні, пасярод мёртвага застою. I калі мы часам хвалюемся, то зусім не у надзеі або разьліку на якое-колечы агульнае дабро, а зь дзіцячага легкадумства, зь якім малое намагаецца ўстаць i працягвае рукі да бразготкі, што паказвае яму няня.

Сапраўднае разьвіцьцё чалавека ў грамадзтве шчэ не пачалося для народу, кал i яго жыцьцё не зрабілася больш упарадкаваным, больш лёгкім i прыемным, чым у няўстойлівых умовах першабытнае пары. Як вы хочаце, каб зярняты дабра высьпявалі Ў якім-колечы грамадзтве, пакуль яно шчэ хістаецца безь перакананьняў i правілаў нават узглядам штодзённага клопату, i жыцьцё шчэ зусім не ўпарадкавана? Гэта - хаатычнае брузаваньне ў сьвеце духоўным, падобнае да тых пераваротаў у гісторыі зямлі, якія папярэднічалі сучаснаму стану нашае плянэты. Мы дагэтуль знаходзімся ў гэтай стадыі.

Гады раньняга юнацтва, праведзеныя намі ў тупой нерухомасьці, не пакінулі ніякага сьледу ў нашай душы, i ў нас няма нічога індывідуальнага, на што магла б абаперціся нашая думка; але, адасобленыя дзіўным лёсам ад сусьветнага руху чалавецтва, мы таксама нічога не ўспрынялі й зь пераемных ідэяў чалавечага роду. Між тым, якраз на гэтых ідэях грунтуецца жыцьцё народаў; з гэтых ідэяў вьінікае будучыня народаў, выходзіць іхнае маральнае разьвіцьцё. Калі мы хочам заняць становішча, падобнае да становішча іншых цывілізаваных народаў, мы павінны нейкім чынам паўтарыць у сябе ўсё выхаваньне чалавечага роду. Для гэтага да нашых паслугаў гісторыя народаў i перад намі плады руху стагодзьдзяў. Ведама, гэтая задача цяжкая, і, мабыць, у межах аднаго чалавечага жыцьця ня вычарпаць гэтага вялікага прадмета; але перадусім трэба дазнацца, у чым іста, штоўяўляе сабою гэтае выхаваньне чалавечага роду й якое месца займаем мы ў агульным шыхце.

Народы жывуць адно магутнымі ўражаньнямі, якія пакідаюць у іхнай душы мінулыя стагодзьдзі, ды сумоўем зь іншымі народамі. Вось чаму кожны асобны чалавек прасякнуты ўсьведамленьнем свае лучнасьці з усім чалавецтвам.

Што такое жыцьцё чалавека, гаворыць Цыцэрон, калі. памяць пра мінулыя падзеі ня зьвязвае цяперашняга зь мінулым! Мы ж, прыйшоўшы ў сьвет, нібы незаконныя дзеці, бяз спадкаў, бяз сувязі зь людзьмі, што жылі на зямлі раней за нас, мы не захоўваем у нашых сэрцах нічога з тае навукі П. Чаадаеў. якая папярэднічала нашаму ўласнаму існаваньню. Кожнаму з нас даводзіцца самому зьвязваць парваную ніць роднасьці. Тое, што ў іншых народаў стала звычкаю, інстынктам, нам даводзіцца ўбіваць у галовы ўдарамі молата. Нашыя ўспаміны ня йдуць далей за ўчорашні дзень; мы, так бы мовіць, чужыя самым сабе. Мы так дзіўна рухаемся ў часе, што з кожным нашым крокам наперад мінулае мгненьне зьнікае для нас беззваротна. Гэта - натуральны вынік культуры, цалкам угрунтаванай на пазычаньні й насьледаваньні. У нас зусім няма нутранога разьвіцьця, натуральнага прагрэсу; кожная новая йдэя бясьсьледна выцясьняе старыя, таму што яна не вынікае зь ix, а зьяўляецца да нас Бог ведае адкуль. Мы ўспрымаем заўсёды толькі гатовыя йдэі, дык жа ў нашым мозгу не ўтвараюцца тыя глыбокія барозны, якія пасьлядоўнае разьвіцьцё праводзіць у розумах i якія складаюць іхную сілу. Мы расьцем, але не высьпяваем; рухаемся наперад, але па крывой лініі, то бок па такой, якая не вядзе да мэты. Мы падобныя да тых дзяцей, якіх не прывучылі думаць самастойна; у пэрыяд сталасьці у ix не аказваецца нічога свайго; уся іхная веда - у іхным вонкавым быце, уся іхная душа - вонках ix. Акурат такія мы.

Народы - у такой самай меры істоты маральныя, як i кожная асоба. Іx выхоўваюць стагодзьдзі, як паасобных людзей выхоўваюць гады. Але мы, можна сказаць, нейкім чынам - народ выключны. Мы належым да ліку тых нацыяў, якія як бы не уваходзяць у склад чалавецтва, а існуюць толькі для таго, каб даць сьвету якое-колечы важнае павучаньне. Навука, якую мы закліканыя выкласьці, ведама, ня будзе згубленая; але хто можа сказаць, кал i мы знойдзем сябе сярод чалавецтва i колькі бедаў лес судзіў нам дазнаць, перш як спраўдзіцца нашае наканаваньне?

Усе народы Эуропы маюць агульную фізіяномію, пэўнае сямейнае падабенства. Насуперак татальнаму падзелу ўсіх на лацінскую й тэўтонскую расы, на насельнікаў поўдня й поўначы - усё ж ёсьць агульная сувязь, што яднае ўсіх у адно цэлае й добра відаць усякаму, хто глыбей унік у іхную агульную гісторыю. Вы ведаеце, што шчэ параўнаўча нядаўна ўся Эўропа называлася хрысьціянскім сьветам, i гэты выраз ужываўся ў публічным праве. Апрача агульнага характару, у кожнага з гэтых народаў ёсьць яшчэ свой прыватны характар, але i той, i другі цалкам сатканыя з гісторыі й традыцыі. Яны складаюць пераемную ідэйную спадчыну гэтых народаў. Кожны паасобны чалавек карыстаецца там сваёю доляю гэтых спадкаў, бязь цяжкасьці й празьмерных высілкаў ён набірае сабе ў жыцьці запас гэтае веды й навыкаў i бярэ зь ix карысьць. Параўнайце самі й скажэце, ці шмат мы знаходзім у сябе ў штодзённым абыходку элемэнтарных рэчаў, якімі б маглі з грахом папалам кіравацца ў жыцьці? I заўважце, тут ідзе гаворка не пра набыцьцё веды й не пра чытаньне, не пра што-колечы, датычнае літаратуры або навукі, а проста пра ўзаемнае сумоўе розумаў, пра тыя йдэі, якія ахапляюць дзіця ў калысцы, абкружаюць яго сярод дзіцячых гульняў i перадаюцца яму з матчынаю ласкаю, якія ў форме розных пачуцьцяў пранікаюць да мозгу яго касьцей разам з паветрам, якім ён дыхае, i ствараюць яго маральную істу шчэ раней, чымся ён уступае ў сьвет i грамадзтва. Ці хочаце ведаць, што гэта за йдэі? Гэта - ідэі абавязку, справядлівасьці, права, парадку. Яны нарадзіліся з самых падзеяў, якія стварылі там грамадзтва, яны ўваходзяць неабходным элемэнтам у сацыяльны уклад гэтых краінаў.

Гэта i складае атмасфэру Захаду; гэта - больш, чымся гісторыя, больш, як псыхалёгія. Гэта - фізіялёгія эўрапейскага чалавека. Чым вы заменіце гэта ў нас? Ня ведаю, ці можна са сказанага цяпер вывесьці што-колечы зусім безумоўнае i здабыць адсюль які-небудзь бясспрэчны прынцып; але нельга ня бачыць, што такое дзіўнае становішча народу, думка якога не мяжуецца ні зь якім шэрагам ідэяў, паступова разьвітых у грамадзтве й паволі вырослых адна з адной, i ўдзел якога ў агульным паступовым руху чалавечага розуму абмяжоўваўся толькі сьляпым, павярхоўным i часта няўмелым перайманьнем іншых нацыяў, павінна магутна ўплываць на дух кожнага паасобнага чалавека ў гэтым народзе.

З прычыны гэтага вы прызнаяце, што ўсім нам нестае ўпэўненасьці, разумовай мэтадычнасьці, лёгікі. Заходні сылягізм нам незнаёмы. Нашыя найлепшыя розумы хварэюць на нешта большае, чымся простая негрунтоўнасыдь. Найлепшыя йдэі праз адсутнасьць сувязі або пасьлядоўнасьці заміраюць у нашых мазгох i пераварочваюцца ў бясплённыя здані. Чалавеку ўласьціва губляцца, калі ён не знаходзіць спосабу прывесьці сябе ў сувязь з тым, што яму папярэднічае, i з тым, што за ім надыходзіць. Ён пазбаўляецца тады ўсякай цьвёрдасьці, усякай упэўненасьці. Не кіраваны пачуцьцём бесьперапыннасьці, ён бачыць сябе заблудным у сьвеце. Такія разгубленыя людзі сустракаюцца ва ўсіх краінах; у нас жа гэта агульная рыса. Гэта зусім ня тая легкадумнасьць, якою некалі папікалі французаў i якая фактычна ўяўляла сабою ня што іншае, як здольнасьць лёгка засвойваць рэчы, а здольнасьць гэтая не выключала ані глыбіні, ані шырыні розуму i ўносіла ў абарачэньне незвычайнае хараство й вытанчанасьць; гэта - бестурботнасьць жыцьця, якое, пазбаўленае досьведу й прадбачаньня, не прымае ў разьлік нічога, апрача мімалётнага існаваньня асобіны, адарванай ад роду, жыцьця, што не даражыць ані гонарам, ані посьпехамі якой-колечы сыстэмы ідэяў i інтарэсаў, ані на'т тою родаваю спадчынаю i тымі незьлічонымі заўгадамі й пэрспэктывамі, якія ва ўмовах быту, угрунтаванага на памятаньні мінуласьці й прадугледжаньні будучыні, складаюць i грамадзкае, i прыватнае жыцьцё. У нашых галовах няма абсалютна нічога агульнага; усё ў ix індывідуальна i ўсё хістка й няпэўна.

Мне здаецца на'т, што ў нашым паглядзе ёсьць нейкая дзіўная нявызначанасьць, нешта халоднае й няўпэўненае, прыпамінаючы часткова фізіяномію тых народаў, якія стаяць на ніжэйшых прыступках сацыяльнай лесьвіцы. У чужых краінах, асабліва на поўдні, дзе фізіяноміі такія выразныя й такія ажыўленыя, ня раз, параўноўваючы твары маіх суайчыньнікаў з тварамі тубыльцаў, я дзівіўся з гэтае нематы нашых твараў.

Іншаземцы ацэньваюць як добрую якасьць своеасаблівую безаглядную адвагу, сустраканую асабліва ў ніжэйшых пластох народу; але, маючы магчымасьць назіраць толькі паасобньія праявы нацыянальнага характару, яны няздольныя рабіць высновы пра цэлае. Яны ня бачаць, што той жа самы пачатак, дзякуючы якому мы часам бываем нагэтулькі адважныя, робіць нас заўсёды няздольнымі да паглыбленьня й настойлівасьці; яны ня бачаць, што гэтай абыякавасьці да жыцьцёвых небясьпекаў адпавядае ў нас такая ж самая поўная абыякавасьць да дабра й зла, да ісьціны й да маны i што якраз гэта пазбаўляе нас усіх магутных стымулаў, якія заахвочваюць людзей на дарозе дасканаленьня; яны ня бачаць, што якраз дзякуючы гэтай бестурботнай адвазе на'т найвышэйшыя клясы ў нас, на вялікі жаль, несвабодныя ад тых заганаў, якія ў іншых краінах уласьцівыя толькі найніжэйшым пластам грамадзтва; яны ня бачаць, нарэшце, што, калі для нас характэрныя сякія-такія дабрадзейнасьці маладых i маларазьвітых народаў, мы ня маем затое ніводнае з вартасьцяў, што вызначаюць народы сталыя й высокакультурныя.

Я не хачу сказаць, ведама, што ў нас адны заганы, а ў эўрапейскіх народаў адны дабрадзейнасьці; барані Божа! Але я кажу, што для правільнага меркаваньня пра народы трэба вывучаць агульны дух, што складае іхны жыцьцёвы пачатак, бо толькі ён, а ня тая ці іншая рыса іхнага характару, можа вывесьці ix на шлях маральнага дасканаленьня й бясконцага разьвіцьця.

Народныя масы падпарадкаваныя пэўным сілам, што стаяць уверсе грамадзтва. Яны ня думаюць самі; сярод ix ёсьць пэўная колькасьць мысьляроў, якія думаюць за ix, перадаюць імпульс калектыўнаму розуму народу й рухаюць яго наперад. Тым часам як невялікая група людзей мысьліць, астатнія адчуваюць, i ў выніку адбываецца агульны рух. За выняткам некаторых атупелых плямёнаў, якія захавалі толькі вонкавае аблічча чалавека, сказанае будзе справядлівым узглядам усіх народаў - насельнікаў зямлі. Першабытныя народы Эўропы - кельты, скандынавы, германцы - мелі сваіх друідаў, скальдаў i бардаў, якія былі па-свойму моцнымі мысьлярамі. Гляньце на плямёны Паўночнай Амэрыкі, якія так старанна намагаецца вынішчыць матэрыяльная культура Злучаных Штатаў: сярод ix сустракаюцца людзі надзвычайнае глыбіні.

І вось я пытаюся ў вас, дзе нашыя мудрацы, нашыя мысьляры? Хто калі-небудзь мысьліў за нас, хто цяпер за нас мысьліць? А стоячы паміж дзьвюма галоўныМі часткамі сьвету, У сходам i Захадам, упіраючыся адным локцем у Кітай, другім у Нямеччыну, мы павінны былі б злучыць у сабе абодва вялікія пачаткі духоўнае прыроды: уяўленьне й розум, i сумяшчаць у нашай цывілізацыі гісторыю ўсёй зямной кулі. Але не такая роля вызначаная нам Божаю воляю. Больш за тое: найвышэйшая сіла як бы зусім не была заклапочаная нашым лёсам. Выключыўшы нас ca свайго дабратворнага дзеяньня на чалавечы розум, яна цалкам аддала нас самым сабе, адмовілася як бы ні было мяшацца ў наш клопат, не пажадала нічому нас навучыць. Гістарычнага досьведу для нас не йснуе; пакаленьні й стагодзьдзі прамінулі без карысьці для нас. Гледзячы на нас, можна было б сказаць, што агульны закон чалавецтва адменены ў дачыненьні да нас. Адзінокія ў сьвеце, мы нічога не далі сьвету, нічому не навучылі яго; мы ня ўнесьлі ніводнай ідэі ў масу ідэяў чалавечых, нічым не паспрыялі прагрэсу чалавечага розуму, i ўсё, што нам дасталося ад гэтага прагрэсу, мы сказілі. Зь першае хвіліны нашага грамадзкага існаваньня мы нічога не зрабілі для агульнага дабра людзей; ніводная карысная думка не нарадзілася на бясплоднай глебе нашае бацькаўшчыны; ніводная вялікая ісьціна ня выйшла з нашага асяродзьдзя; мы не парупіліся нешта выдумаць самі, а з таго, што выдумалі іншыя, мы пераймалі толькі падманлівую вонкавасьць i бескарысную раскошу.

Дзіўная рэч: на'т у сьвеце навукі, які абымае ўсё, нашая гісторыя ні да чога не прымыкае, нічога не ўразумявае, нічога не даводзіць. Калі б дзікія орды, што ўзбурылі сьвет, не прайшлі па краіне, у якой мы жывем, перш як памкнуцца на Захад, нам наўрад ці была б адведзеная старонка ў сусьветнай гісторыі. Калі б мы не раскінуліся ад Бэрынгавага праліву да Одэру, нас i не заўважылі б. Некалі вялікі чалавек [1] захацеў прасьвятліць нас, i для таго, каб прыахвоціць нас да адукацыі, ён кінуў нам плашч, але мы не дакрануліся да асьветы. Другі раз іншы вялікі гаспадар [2], далучаючы нас да свайго слаўнага прызначэньня, правёў нас пераможна з аднаго канца Эўропы ў другі; вярнуўшыся з гэтага трыюмфальнага шэсьця праз найадукаваныя краіны сьвету, мы прынесьлі з сабою толькі йдэі й памкненьні, плёнам якіх было вялікае няшчасьце, што адкінула нас на паўстагодзьдзя назад. У нашай крыві ёсьць нешта, варожае ўсякаму сапраўднаму прагрэсу. I ўвогуле мы жылі й працягваем жыць адно на тое, каб паслужыць нейкаю важнаю навукаю для аддаленых пакаленьняў, якія здолеюць яе зразумець; цяпер жа мы, ва ўсякім разе, - прагал у маральным сьветапарадку. Я не магу ўдосталь надзівіцца з гэтай надзвычайнай пустаты й адасобленасьці нашага сацыяльнага існаваньня. Ясна, у гэтым вінаваты часткова неспазнаны кон, але, як i ва ўсім, што дзеецца ў маральным сьвеце, тут вінаваты часткова й сам чалавек. Зьвернемся шчэ раз да гісторыі: яна - ключ да разуменьня народаў.

Што мы рабілі ў тую пару, калі ў змаганьні энэргічнага барбарства паўночных народаў з высокаю думкаю хрысьціянства складалася будыніна сучаснае цывілізацыі? Слухаючы наш злы лес, мы зьвярнуліся да вартай жалю, глыбока пагарджанай гэтымі народамі Бізантыі па той маральны статут, які меў легчы ў аснову нашага выхаваньня. Воляю аднаго славалюба [3] гэтая сям'я народаў кагадзе была адарваная ад сусьветнага брацтва, i мы ўспрынялі, значыцца, ідэю, скажоную чалавечаю жарсьцю. У Эўропе ўсё натхняў тады жыватворны прынцып адзінства. Усё выходзіла зь яго i ўсё зводзілася да яго. Увесь разумовы рух тае эпохі быў скіраваны на задзіночаньне чалавечага думаньня; усе пабудкі карэніліся ў той уладнай патрэбе адшукаць сусьветную йдэю, якая ёсьць геніем - натхняльнікам новага часу. Непрычынныя да гэтага цудатворнага пачатку, сталіся ахвяраю заваяваньня. Калі ж мы зрынулі чужаземнае ярмо i толькі нашая адарванасьць ад агульнае сям'і замінала нам скарыстаць ідэі, узьніклыя за гэны час у нашых заходніх братоў, мы падпалі над яшчэ больш жорсткае рабства, асьвячонае прытым фактам нашага вызваленьня.

Колькі зыркіх промняў ужо асьвечвала тады Эўропу, з выгляду ахутаную цемрай! Большая частка ведаў, якімі цяпер ганарыцца чалавек, ужо былі адгаданыя паасобнымі розумамі; характар грамадзтва ўжо вызначыўся, а, далучыўшыся да сьвету паганскае старажытнасьці, хрысьціянскія народы знайшлі й тыя формы прыгожага, якіх ім неставала. Мы ж замкнуліся ў нашай рэлігійнай адасобленасьці, i нішто з адбыванага ў Эўропе не дасягала нас. Нам не было ніякага клопату да вялікае сусьветнае працы. Высокія якасьці, якія рэлігія прынесла ў дар новым народам i якія ў вачох здаровага розуму нагэтулькі ж узвышаюць ix над старажытнымі народамі, наколькі апошнія стаялі вышэй за гатэнтотаў i ляпляндцаў; гэтыя норавы, якія з прычыны падначаленьня няўзброенай уладзе сталi нагэтулькі ж мяккія, наколькі раней былі грубыя,- усё гэта нас абсалютна мінула. Тым часам як хрысьціянскі сьвет велічна йшоў па дарозе, прадвызначанай яго божым заснавальнікам, ведучы за сабою пакаленьні,- мы, хаця й насілі імя хрысьціянаў, ня рушылі зь месца. Увесь сьвет перабудоўваўся нанова, а ў нас нічога не стваралася; мы па-ранейшаму мадзелі, пазашываўшыся ў свае халупы, складзеныя зь бярвеньня й саломы. Знакам тым, новыя лёсы чалавечага роду зьдзяйсьняліся без нашага ўдзелу. Хаця мы й называліся хрысьціянамі, плод хрысьціянства для нас не высьпяваў.

Пытаюся ў вас, ці не наіўна меркаваць, як гэта зазвычай робяць у нас, што гэты прагрэс эўрапейскіх народаў, які зьдзейсьніўся гэтак паволі й пад беспасярэднім i яўным узьдзеяньнем адзінае маральнае сілы, мы можам засвоіць зразу, на'т не парупіўшыся даведацца, якім чынам ён ажыцьцяўляўся?

Абсалютна не разумее хрысьціянства той, хто ня бачыць, што ў гм ёсьць чыста гістарычны бок, які выступае адным з найістотнейшых элемэнтаў догмату й які залучае ў сябе, можна сказаць, усю філязофію хрысьціянства, таму што паказвае, што яно дало людзям i што дасьць у будучыні. З гэтага гледзішча хрысьціянская рэлігія - гэта ня толькі маральная сыстэма, залучаная ў мінучыя формы чалавечага розуму, але й вечная божая сіла, унівэрсальна дзейная ў духоўным сьвеце, выразнае выяўленьне якой мусіць служыць нам заўсёднаю навукаю. Якраз такі праўдзівы сэнс догмату пра веру ў адзіную царкву, уключанага ў сымбаль веры. У хрысьціянскім сьвеце ўсё абавязкова павінна спрыяць - i насамрэч спрыяе - усталяваньню дасканалага ладу на зямлі; іначай не апраўдалася б слова Госпада, што Ён будзе перабываць у царкве Сваёй да канца, да сканчэньня веку. Тады новы лад,- валадарства Божае,- які мае стацца плодам выкупленьня, нічым бы ня розьніўся ад старога ладу - ад валадарства зла,- які выкупленьнем мае быць зьнішчаны, i нам ізноў-такі заставалася б толькі тая прывідная мроя пра дасканаласыдь, якую песьцяць філёзафы й якую зьняпраўджвае кожная старонка гісторыі,- пустая гульня розуму, здатная здавольваць толькі матэрыяльныя патрэбы чалавека, падымае яго на пэўную вышыню адно дзеля таго, каб зараз жа зрынуць у шчэ глыбейшыя прадоньні.

Аднак, скажаце вы, хіба мы не хрысьціяне й хіба немагчымая іншая цывілізацыя, апрача эўрапейскай? Без сумневу, мы хрысьціяне; але ці не хрысьціяне й абісінцы? Ведама, магчымая й адукаванасьць, адменная ад эўрапейскай; хіба Японія не адукаваная, прычым, калі верыць аднаму з нашых суайчыньнікаў, на'т у большай ступені, чымся Расея? Але няўжо вы думаеце, што той парадак рэчаў, пра які я кадзе гаварыў i які ёсьць канчатковым прызначэньнем чалавецтва, можа быць зьдзейсьнены абісінскім хрысьціянствам i японскаю культураю? Няўжо вы думаеце, што неба зьвядуць на зямлю гэтыя недарэчныя ўхіленьні ад Божых i чалавечых ісьцінаў?

У хрысьціянстве трэба адрозьніваць дзьве зусім розныя рэчы: ягонае дзеяньне на паасобнага чалавека i ягоны ўплыў на ўсеагульны розум. Тое й другое натуральна зьліваецца ў найвышэйшым розуме й непазьбежна вядзе да адной i той самай мэты. Але тэрмін, за які зьдзяйсьняюцца вечныя прадвызначэньні божай мудрасьці, ня можа быць ахоплены нашым абмежаваным паглядам. I таму мы павінны адрозьніваць Божае дзеяньне, што праяўляецца ў які-небудзь пэўны час у чалавечым жыцьці, ад таго, якое зьдзяйсьняецца ў бясконцасьці. Taro дня, калі канчаткова зьдзейсьніцца справа выкупленьня, усе сэрцы й розу мы зьліюцца ў адно пачуцьцё, у адну думку, i тады падуць усе муры, што разьядноўваюць народы й веравызнаньні. Але цяпер кожнаму важна ведаць, якое месца адведзена яму ў агульным пакліканьні хрысьціянаў, то бок якія сродкі ён можа знайсьці ў самым сабе й наўкол сябе, каб спрыяць дасягненьню мэты, пастаўленай усяму чалавецтву.

Адсюль абавязкова вынікае асаблівы круг ідэяў, у якім i перабываюць розу мы таго грамадзтва, дзе гэтая мэта павінна зьдзейсьніцца, то бок дзе йдэя, якую Бог адкрыў людзям, павінна высьпець i дасягнуць усёй сваёй паўніні. Гэты круг ідэяў, гэтая маральная сфэра ў сваю чаргу натуральна абумоўліваюць пэўны лад жыцьця й пэўны сьветапогляд, якія, ня будучы тоеснымі для ўсіх, тым ня менш ствараюць у нас, як i ва ўсіх неэўрапейскіх народаў, аднолькавы бытавы ўклад - плён той вялічэзнай, цягам 18-ці стагодзьдзяў, духоўнае працы, у якой удзельнічалі ўсе жарсьці, усе інтарэсы, усе пакуты, усе мроі, усе высілкі розуму.

Усе эўрапейскія народы йшлі наперад у стагодзьдзях поплеч; i як бы ні стараліся яны цяпер разысьціся кожны сваёю дарогаю, яны безупынна сыходзяцца на адным i тым самым шляху. Каб пераканацца ў тым, якое блізкае разьвіцьцё гэтых народаў, няма патрэбы вывучаць гісторыю; прачытайце толькі Таса [4], i вы ўбачыце ix усіх распасьцёртымі ніцма пад Ерусалімскімі мурамі. Успомніце, што цягам пятнаццацёх стагодзьдзяў у ix была адна мова зьвяртацца да Бога, адна духоўная ўлада й адно перакананьне. Паду майце, што цягам пятнаццацёх стагодзьдзяў, штогод у адзін i той самы дзень, у адзін i той самы час, яны ў адных i тых самых словах узносілі свой голас да найвышэйшай істоты, праслаўляючы яе за найбольшае зь ейных дабрадзействаў. Дзіўнае сугучча, у тысячу разоў больш велічнае, чым усе гармоніі фізычнага сьвету! Значыцца, калі гэтая сфэра, у якой жывуць эўрапейцы i ў якой у адной чалавечы род можа спраўдзіць сваё канчатковае прызначэньне, ёсьць вынікам уплыву рэлігіі i калі, з другога боку, слабасьць нашае веры або недасканаласьць нашых догматаў дагэтуль трымалі нас убаку ад гэтага агульнага руху, дзе разьвілася й фармулявалася сацыяльная йдэя хрысьціянства, i зьвялі нас у мноства народаў, якім наканавана адно ўскосна й позна скарыстаць усе плацы хрысьціянства, то ясна, што нам належыць перадусім ажывіць сваю веру ўсімі магчымымі спосабамі й даць сабе сапраўды хрысьціянскі імпульс, бо на Захадзе ўсё створана хрысьціянствам. Вось што я меў на ўвазе, кажучы, што мы мусім з пачатку паўтарыць на сабе ўсё выхаваньне чалавечага роду.

Уся гісторыя найнавейшага грамадзтва адбываецца на грунце думак; такім чынам, яна ўяўляе сабою сапраўднае выхаваньне. Устаноўленае першапачатна на гэтай аснове, грамадзтва йшло наперад толькі сілаю думкі. Інтарэсы заўсёды надыходзілі там за йдэямі, а не папярэднічалі ім; перакананьні ніколі не вынікалі там зь інтарэсаў, а заўсёды інтарэсы нараджаліся зь перакананьняў. Усе палітычныя рэвалюцыі былі там фактычна духоўнымі рэвалюцыямі: людзі шукалі ісьціну й за адным разам знайшлі свабоду й дабрабыт. Гэтым выясьняецца характар сучаснага грамадзтва й яго цывілізацыі; іначай яго абсалютна нельга было б зразу мець.

Рэлігійныя перасьледы, пакутніцтва за веру, прапаведаваньне хрысьціянства, ерасі, саборы - вось падзеі, што напоўнілі першыя стагодзьдзі. Увесь рух тае пары, не выключаючы й нашэсьця барбараў, зьвязаны з гэтымі першымі, дзіцячымі намаганьнямі новага думаньня. Наступная эпоха была занятая стварэньнем ерархіі, цэнтралізацыяй духоўнай улады й бесьперапынным распаўсюджаньнем хрысьціянства сярод паўночных народаў. Далей ідзе высачэзны падым рэлігійнага пачуцьця i ўмацаваньне рэлігійнай улады. Філязафічнае й літаратурнае разьвіцьцё розуму i паляпшэньне нораваў пад дзяржаваю рэлігіі завяршаюць гэтую гісторыю новых народаў, якую з такім жа правам" можна назваць сьвятарнай, як i гісторыю старажытнага абранага народу. Нарэшце, новы рэлігійны паварот, новы размах, перададзены рэлігіяй чалавечаму духу, вызначыў i цяперашні ўклад грамадзтва. Такім чынам, галоўны і, можна сказаць, адзіны інтарэс новых народаў заўсёды палягаў у ідэі. Усе дадатныя, матэрыяльныя, асабістыя інтарэсы паглыналіся ёю.

Я ведаю замест таго каб захапляцца гэтым надзвычайным парывам чалавечае прыроды да магчымай для яе дасканаласьці, у ім бачылі толькі фанатызм i забабоны; але што б ні казалі пра яго, мяркуйце самі, які глыбокі сьлед у характары гэтых народаў павінна было пакінуць такое сацыяльнае разьвіцьцё, якое цалкам вынікала з аднаго пачуцьця, бяз розьніцы ў дабры ці ў зьле. Няхай павярхоўная філязофія лямантуе колькі хоча з прычыны рэлігійных войнаў i вогнішчаў, запаленых неталеранцыяй - мы можам толькі зайздросьціць долі народаў, што пастваралі сабе ў змаганьні думак, у крывавых бітвах за справу ісьціны, цэлы сьвет ідэяў, якога мы на'т уявіць сабе ня можам, ня кажучы пра тое, каб перанесьціся ў яго целам i душою, як у нас пра гэта мрояць.

Яшчэ раз кажу: ведама, ня ўсё ў эўрапейскіх краінах прасякнутае розумам, дабрадзейнасьцю й рэлігіяй, далёка ня ўсё. Але ўсё ў ix таемна падпарадкуеццца той сіле, якая ўладна пануе там ужо столькі стагодзьдзяў, усё спароджана тою доўгаю пасьлядоўнасьцяй фактаў ды ідэяў, што абумовіла сучасны стан грамадзтва. Вось адзін з прыкладаў, якія даводзяць гэта. Народ, фізіяномія якога выражаная найрэзка i ўстановы больш за ўсё прасякнутыя духам новага часу,- ангельцы,- ня маюць іншае гісторыі, апрача рэлігійнай. Іхная апошняя рэвалюцыя, якой яны абавязаныя сваёй свабодаю й сваім дабрабытам, гэтаксама як i ўвесь шэраг падзеяў, што спрычынілі гэтую рэвалюцыю, пачынаючы з Генрыха VIII, - ня што іншае, як фаза рэлігійнага разьвіцьця. Цягам усёй эпохі інтарэс уласна палітычны выступае толькі другарадным рухавіком i часам зьнікае зусім ці прыносіцца ў ахвяру йдэі. I ў тую хвіліну, калі я пішу гэтыя радкі, усё той жа рэлігійны інтарэс хвалюе гэтую браную краіну. Дый наагул, які з эўрапейскіх народаў не знайшоў бы ў сваёй нацыянальнай сьвядомасьці, калі б пастараўся разабрацца ў ёй, таго асаблівага элемэнту, што ў форме рэлігійнай думкі нязьменна быў жыватворным пачаткам, душою яго сацыяльнага цела, цягам усяго ягонага быцьця?

Дзеяньне хрысьціянства ані не абмяжоўваецца яго беспасярэднім уплывам на дух чалавека. Вялікая задача, якую яно заклікана выканаць, можа быць ажыцьцёўленая адно шляхам незьлічоных маральных, разумовых i грамадзкіх камбінацыяў, дзе павінна знайсьці сабе поўны прасьцяг безумоўная перамога чалавечага духу. Адсюль ясна: усё, што адбылося зь першага дня нашай эры або, праўдзівей, з тае хвілі, калі Збаўца сказаў сваім вучням: Ідзеце па ўсім сьвеце i абвяшчайце Эвангельле ўсякаму стварэньню, - уключаючы i ўсе нападкі на хрысьціянства, - бяз рэшты пакрываецца гэтаю агульнаю ідэяй яго ўплыву. Варта толькі зьвярнуць увагу на тое, як улада Хрыстова непарушна зьдзяйсьняецца ва ўсіх сэрцах, - сьвядома ці несьвядома, на добрую волю або з прымусу,- каб пераканацца ў выкананьні Ягоных прароцтваў. Таму, нягледзячы на ўсю непаўніню, недасканаласьць i заганнасьць, уласьцівыя эўрапейскаму сьвету ў яго сучаснай форме, нельга адмаўляць, што валадарства Божае да пэўнай ступені зьдзейсьненае ў ім, бо ён зьмяшчае ў сабе пачатак бясконцага разьвіцьця й валодае ў зародках i элемэнтах усім, што неабходна для ягонага канчатковага ўсталяваньня на зямлі.

Перш як закончыць гэтыя разважаньні пра ролю, якую адыгрывала рэлігія ў гісторыі грамадзтва, я хачу прывесьці тут тое, што гаварыў пра гэта некалі ў творы, вам няведамым.

Несумненна, пісаў я, што, пакуль мы не навучымся пазнаваць дзеяньне хрысьціянства скрозь, дзе чалавечая думка якім бы ні было чынам сутыкаеца зь ім, хаця б з мэтаю яму процістаяць,- мы ня маем пра яго яснага ўяўленьня. Ледзь вымаўлена ймя Хрыста, адно гэтае имя вядзе людзей, чаго б яны ні рабілі. Нішто не паказвае гэтак ясна божага паходжаньня хрысьціянскай рэлігіі, як гэтая яе безумоўная ўнівэрсальнасьць; гэта выяўляецца ў тым, што рэлігія пранікае ў душы ўсімі магчымымі спосабамі, апаноўвае розум безь яго ведама i на'т у тых выпадках, калі ён, відаць, больш за ўсё ёй супраціўляецца, падначальвае яго сабе й уладарыць над ім, уносячы пры гэтым у сьвядомасьць ісьціны, якіх там раней не было, абуджаючы адчуваньні ў сэрцах, дасюль ім чужыя, i пасяляючы ў нас пачуцьці, якія бяз нашага ведама ўводзяймэ нас у агульны шыхт. Так вызначае яна ролю кожнай асобы Ў агульнай працы i змушае ўсё спрыяць адной мэце. Пры такім разуменьні хрысьціянства ўсякае прароцтва Хрыста атрымлівае характар намацальнай ісыдіны. Тады пачынаеш ясна адрозьніваць рух усіх вагароў, якія яго ўсемагутная рука пускае ў ход, каб прывесьці чалавека да ягонае канчатковае мэты, ня квапячыся на ягоную свабоду, не зьмярцьвяючы ніводнай зь яго прыродных здольнасьцяў, а, наадварот, зьдзесяціўшы іхную сілу й даводзячы да бязьмернага напружаньня тую долю моцы, якая закладзеная ў ім самым. Тады бачыш, што ніводзін маральны элемэнт не застаёцца нядзейным у новым шыхце, што самыя энэргічныя намаганьні розуму, як i гарачы парыў пачуцьця, гераізм цьвёрдага духу, як i пакорнасьць рахманай душы, - усё знаходзіць у ім месца й выкарыстаньне. Даступная ўсякай разумнай істоце, спалучаючыся з кожным біцьцём нашага сэрца, пра што б яно ні білася, хрысьціянская йдэя ўсёвядзе за сабою, i самі перашкоды, сустраканыя ёю, дапамагаюць расьці й дужэць. З геніем яна падымаецца на вышыню, недасяжную для астатніх людзей; зь нясьмелым духам яна рухаецца навобмацак i йдзе наперад мерным крокам; у сузіральным розуме яна безумоўная й глыбокая; у душы, падуладнай фантазіям, яна паветраная й багатая вобразамі; у пяшчотным, поўным любові, сэрцы яна спараджае літасьцівасьць i любасьць; i кожную сьвядомасьць, якая аддалася ёй, яна ўладна вядзе наперад, напаўняючы яе запалам, яснасьцю й сілаю. Пагляньце, якія разнастайныя характары, якія множныя сілы, прыводжаныя ёю да руху, якія розныя элемэнты служаць адной i той самай мэце, колькі разнастайных сэрцаў б'ецца для адной ідэі! Але шчэ больш дзіўны ўплыў хрысьціянства на грамадзтва ў цэлым. Разгарнеце напоўніцу карціну эвалюцыі новага грамадзтва, i вы ўбачыце, як хрысьціянства ператварае ўсе інтарэсы людзей у свае ўласныя, замяняючы скрозь матэрыяльную патрэбу патрэбаю маральнаю і ўзбуджаючы ў сфэры думкі тыя вялікія спрэчкі, якіх да яго ня ведаў аніводзін час, ніводнае грамадзтва, тыя страшныя сутыкненьні думак, калі ўсё жыцьцё народаў ператваралася ў адну вялікую йдэю, адно бязьмежнае пачуцьцё; i вы ўбачыце, як усё становіцца ім, i толькі ім, - прыватнае жыцьцё й грамадзкае, сям'я й бацькаўшчына, навука й паэзія, розум i ўяўленьне, успаміны й надзеі, радасьці й смуткі. Шчасьлівыя тыя, што носяць у сэрцы сваім яснае ўсьведамленьне часткі, ім творанай, у гэтым вялікім руху, які перадаў сьвету сам Бог. Але ня ўсе - дзейныя прылады, ня ўсе працуюць сьвядома; неабходныя масы рухаюцца сьлепа, ня ведаючы сілаў, якія прыводзяць іхныя рухі, i ня ўгадваючы мэты, да якой яны цягнуцца, - бяздушныя атамы, косныя грамады.

Але час вярнуцца да вас, спадарыня. Прызнаюся, мне цяжка адарвацца ад гэтых шырокіх пэрспэктываў. У карціне, што адкрываецца маім вачам з гэтае вышыні, - усе маё суцяшэньне, i салодкая вера ў будучае шчасьце чалавецтва адна служыць мне прыстанішчам, калі, засмучаны ўбогаю рэчаіснасьцю, якая мяне атачае, я адчуваю патрэбу падыхаць чысьцейшым паветрам, зірнуць на ясьнейшае неба. Адылі я ня думаю, што злоўжыў вашым часам. Мне трэ было паказаць той пункт гледжаньня, зь якога належыць глядзець на хрысьціянскі сьвет i на нашую ролю ў ім. Toе, што я казаў пра нашую краіну, мела падацца вам перапоўненым горыччу; між тым, я выказаў адну толькі праўду, i на'т ня ўсю. Прытым хрысьціянская сьвядомасьць не трывае ніякай сьлепаты, а нацыянальныя забабоны - найгоршы від яе, таму што яны больш за ўсё разьядноўваюць людзей.

Мой ліст расьцягнуўся, і, думаю, нам абаім патрэбны адпачынак. Пачынаючы ліст, я меркаваў, што здолею ў нямногіх словах выкласьці тое, што хацеў вам сказаць; але, удумляючыся глыбей, я бачу, што пра гэта можна напісаць цэлы том. Ці па сэрцы гэта вам? Буду чакаць вашага адказу. Але, ва ўсякім разе, вы ня можаце пазьбегчы шчэ аднаго ліста ад мяне, таму што мы ледзьве ўзяліся за разгляд нашае тэмы. А пакуль я быў бы надзвычай удзячны вам, калі б вы зрабілі ласку шматслоўнасьцю гэтага першага ліста дараваць тое, што я так доўга змусіў вас чакаць яго. Я сеў пісаць вам таго ж дня, калі дастаў ваш ліст; але журботныя й цяжкія турботы паглынулі мяне тады напоўніцу, i мне трэ было пазбавіцца ix, перш чым пачаць з вамі размову пра гэткія важныя прадметы; затым трэ было перапісаць крэмзаньне, якое было зусім нечытэльнае. Гэтым разам вам не давядзецца доўга чакаць: заўтра ж зноў бяруся за пяро.

Нэкропаль[5], 1 сьнежня 1829 г.

Пераклад Юрася БУШЛЯКОВА.



[1] Пётр I.

[2] Аляксандар I.

[3] Фоці, царкоўны й палітычны дзяяч Бізантыі, канстантынопальскі патрыярх у 858-867 i 878-886 гг.

[4] Маецца на ўвазе эпічная паэма Тарквата Taca "Вызвалены Ерусалім".

[5] Аўтар мае на ўвазе Маскву як "горад мёртвых".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX