Вярнуцца: Віктар Дольнік

Эталагічныя экскурсіі па забароненых садах гуманітарыяў


Аўтар: Дольнік Віктар,
Дадана: 17.12.2006,
Крыніца: Спадчына № 2,3,4 -1994 г.



Пераклад з расейскай мовы паводле часопіса «Природа», № 1, 1993 г.

Professor V. Dolnik in his essay "Ethological Excursions on Non-Allowed Gardens of Humanitarians" investigates the ethology of human like a biological species. Social behaviour of people is motivated with innate programmes and philogenetics ancestors.

Прапанаванае навуковае эсэ этолага можа падацца чытачам трохі легкаважным. Але не крыўдуйце. Зразумелыя думкі ды простая мова дапамогуць, следам за аўтарам, разгледзець у кожным з нас, у розных групах людзей і нават у дзяржаўным ладзе тое, над чым ніколі не задумваліся, не імкнуліся да вытокаў. Разглядаючы натуральна-гістарычныя асновы сацыяльнай арганізацыі, аўтар знаёміць чытачоў з эталогіяй не самага вывучанага, але вельмі цікавага для нас біялагічнага віду -- чалавека -- і знаходзіць шмат агульнага ў паводзінах ды іерархічнай структуры яго філагенетычных продкаў.

Яшчэ старажытныя філосафы зразумелі, што па частачцы свету можна зрабіць некаторыя правільныя высновы пра ягоную недаступную частку. Дасціпны розум, змешчаны ў камеру з люстэркам, вывучаючы толькі сябе, можа здагадацца пра многае. Але значна прасцей выйсці ды паглядзець на свет. Слабае месца многіх навукаў пра чалавека -- іхная засяроджанасць на адным аб'екце, адным заалагічным відзе, тым часам як у прыродзе жыве некалькі мільёнаў відаў жывёлаў, і ўсе яны розныя. Адны з іх (напрыклад, чалавекападобныя малпы) падобныя да нас з-за блізкага генетычнага паходжання: 95 % тэксту ДНК у чалавека і шымпанзэ супадаюць! Пяціпрацэнтнае разыходжанне -- вынік незалежнай эвалюцыі на працягу 10 млн. гадоў. Другія -- з прычыны паралельнага з намі развіцця зыходна адных і тых генетычных праграмаў, а трэція -- канвергентна, г. зн. у падобных умовах і дзеля падобных мэтаў у іх і ў нас выпрацаваліся амаль аднолькавыя прыстасаванні, але іхная генетычная аснова розніцца. Цвыркун, прывабліваючы самку, «пілікае на скрыпцы», утворанай нагой ды крыламі, дзяцел -- барабаніць дзюбаю па дрэве, а мы (як і ўсе прыматы) -- голасам, з дапамогаю лёгкіх, гартані ды губ.

Эталогія -- навука аб інстынктыўных (прыроджаных, маючых у аснове генетычныя праграмы) паводзінах жывёлаў. Вучоныя навучыліся распазнаваць гэтыя праграмы і назіраць за іхнымі ператварэннямі ў эвалюцыі. Этолагі спазнаюць агульную генетычную аснову знешне не вельмі падобных формаў паводзінаў жывелаў, таксама як параўнаўчыя анатамы знаходзяць агульнае між пярэдняй канечнасцю кожнай хрыбтовай жывёлы -- плаўніком рыбы, крылом птушкі, рукою чалавека.

Этолагі ведаюць, што дзеля дасягнення адной і той мэты ў жывёлы маецца не адна праграма, а набор розных варыянтаў, многія з якіх узніклі ў розны час. Праграмы паводзінаў ствараюцца натуральным адборам гэтак жа марудна і паступова, як генетычныя праграмы марфалагічных прыкметаў, і марудна адміраюць. Пра гэта забываюцца нават некаторыя біёлагі: нам чамусьці здаецца, што паводзіны -- нешта эфемернае. Праграмы, што сталі непатрэбныя, могуць не знікаць, а захоўвацца ў якасці рудыментаў ды атавізмаў, але прывыпадку выяўляюць сябе. Кожны з нас можа выклікаць з задворкаў генетычнай памяці праграму варушэння вушамі (яна не патрэбна мільён гадоў), але аднаму дзеля гэтага давядзецца моцна папрацаваць, а ў другога вушы заварушацца па першым патрабаванні.

Праграмы паводзінаў спрацоўваюць у адказ на пэўны сігнальны стымул, прыкметы якога закладзеныя ў праграму. Задача распазнавання ў навакольным свеце прыроджанага сігнальнага стымулу для мозгу складаная, таму інстынктыўныя праграмы часцяком памыляюцца, запускаюцца на сігналы, што выпадкова нясуць прыкметы стымулу. Набор праграмаў дзеянняў ды вобразаў прыроджаных стымулаў утвараюць сістэму ведаў пра навакольны свет ды правілы паводзінаў у ім, што перадаюцца ў спадчыну. Жывёла нараджаецца на свет не «tabula rasa», і чалавек тут не выключэнне. Без праграмаў мозг не здатны працаваць. Калі няма адпаведнай праграмы -- няма хоць якіх складаных ды эфектыўных паводзінаў.

Сіла этолагаў -- у веданні паводзінаў шматлікіх відаў жывёлаў. Чалавек для этолагаў -- адзін з відаў: многія асаблівасці ягоных паводзінаў, што падаюцца унікальнымі ці загадкавымі, не выглядаюць такімі, калі ведаеш цэлы букет падобных і блізкіх узораў паводзінаў іншых відаў. Прычым аказваецца, што прыроджанай матывацыі сваіх паводзінаў чалавек, як правіла, не адчувае (яму здаецца, што ён сам гэтак вырашыў, гэтак хоча, гэтак трэба), а тлумачыць іх зазвычай блытана і няправільна. Этолаг не можа пагутарыць са сваімі аб'ектамі пра іхныя паводзіны, таму ўсе метады эталогіі зарыентаваныя на знешнія выяўленні паводзінаў. Прымяненне гэтага метаду да чалавека (мяне не цікавіць, што ты думаеш, мяне цікавіць, што ты зрабіў і ў адказ на які стымул) пасвойму плённае, асабліва тым, што ўдала дапаўняе дасягненні гуманітарыяў, якія аналізуюць найперш думкі й пачуцці.

У нашай краіне з эталогіяй змагаліся, як маглі. Адсюль -- не толькі недасведчанасць, але і непрызнанне эталагічнага падыходу да паводзінаў чалавека. Гэтая рэакцыя выпрацаваная і ў людзей, у іншых адносінах непрадузятых, цікаўных і добразычлівых.

Маючы намер распавесці пра тое, што ведаюць этолагі аб прыроджаных праграмах, якія матывуюць сацыяльныя паводзіны людзей, добра ўсведамляю гэтую цяжкасць і заклікаю чытача-суайчынніка паспрабаваць пераадолець у сабе навязанае яму на працягу ўсяго жыцця меркаванне пра недапушчальнасць параўнання ягоных паводзінаў з паводзінамі жукоў, рыбаў, птушак ды малпаў.

Першая частка публікацыі -- уводзіны да дзвюх наступных.


1. Агрэсіўнасць, дамінаванне ды іерархія - пачатак усяму

Першыя прыкметы агрэсіўнасці ў дзіцяці выяўляюцца задоўга да таго, як навучыцца размаўляць. Малыя (асабліва хлопчыкі) пачынаюць усталёўваць між сабою іерархічныя адносіны на пачатку жыцця; потыя яны гуляюць у іерархічныя гульні, а ў 7--15 гадоў утвараюць жорсткую пірамідальную структуру супадпарадкавання. Калі гэтым працэсам не кіраваць, барацьба за ўладу ў групоўках падлеткаў набывае бязлітасныя формы, часцяком крымінальныя.

На жаль, схільнасць да гульняў з узростам не знікае. Больш таго, некаторыя людзі гуляюць у іх да сталага веку, гэта сэнс іхнага жыцця. Прычым робяць гэта сур'ёзна, зацягваюць у гульню і нас з вамі, і грамадства, і дзяржаву, і ўвесь свет.

Агрэсіўнасць

Тэма агрэсіўнасці, як і шмат іншых, у нашай краіне была забароненая: чалавека -- цалкам, жывёлаў -- напалову. Незразумела, чаму афіцыйная ідэалогія вызнавала класавую нянавісць ды бязлітасную барацьбу, і тая ж ідэалогія вельмі неахвотна дазваляла навукова-папуларныя артыкулы аб агрэсіўнасці сініцаў ці мышэй?

У сапраўднасці ж дасягненні эталогіі ў разуменні прыроды агрэсіўнасці якраз і трэба ведаць усім. І гаворка не толькі пра тое, што чалавек -- вельмі агрэсіўная істота, а і пра тое, што агрэсіўнасць падпарадкоўваецца сваім законам, своеасаблівым і а ргіогі непрадказальным. Гэтыя законы ўплываюць і на паводзіны кожнага чалавека, уключаючы палітыкаў ды вайскойцаў, і на паводзіны грамадства, краіны. Калі дзяржава трапляе пад уладу інстынктаў, створаных натуральным адборам для статка накшталт павіянавага, і да таго ж абзаводзіцца атамнаю зброяй, гэта вельмі небяспечна. А калі такіх дзяржаваў некалькі, будучыня свету будзе на валаску.

Пабытовае разуменне і тэрмін не супадаюць. У побыце пад агрэсіяй мы разумеем напад, прычым зазвычай несправядлівы. У эталогіі тэрмін «агрэсіўнасць» азначае злосць, нянавісць, раз'юшанасць. ён ніяк не афарбаваны --ні негатыўна, ні пазітыўна. Ён нейтральны.

Так вызначыў агрэсію К. Лоранц у вядомай кнізе «Злосць: натуральная гісторыя агрэсіўных паводзінаў», і з гэтым трэба пагадзіцца. Агрэсія часта выяўляецца ў нападзе, але этолагі не называюць яго агрэсіяй без злосці. Неразуменне (ці нежаданне зразумець) навуковага тэрміну і пабытовага значэння слова вельмі дапамагала прыхільнікам «адзінага правільнага вучэння» палохаць людзей эталогіяй, абвяшчаючы яе людаедскаю навукай, якая ўхваляе і спраўджвае жорсткасць ды захопніцкія войны (эталогія гэтым, канечне, ніколі не займалася).

Міжвідавая агрэсія. У прыродзе віды непазбежна нападаюць адзін на аднаго. Але не ўсякі напад этолаг называе агрэсіяй. Калі воўк ловіць зайца -- не агрэсія, а паляванне. Гэтак жа, калі паляўнічы страляе ў качак ці рыбак ловіць рыбу,-- не агрэсіўныя паводзіны. Бо яны не зведваюць да ахвяры ні варожасці, ні страху, ні гневу, ні нянавісці. Агрэсіўныя паводзіны выклікаюцца гэтымі эмоцыямі. Сабака праганяе з двара незнаёмага чалавека -- агрэсія. Калі ён у адказ кідае ў яго камень -- таксама агрэсія, у гэты момант яны баяцца і ненавідзяць адзін аднаго. Дрозд адганяе ад гнязда ката -- агрэсія з боку птушкі. Жывёла паводзіць сябе агрэсіўна таму, што супляменнік нечым раздражняе ці пагражае яму самому (ці ягонай тэрыторыі, гнязду, дзіцянятам), ці проста незнаёмы падазрона выглядае.

Аб'ект агрэсіі можа быць буйнейшы за суб'ект, а можа быць і меншы. Выбух агрэсіўнасці ў нас выклікае і карова пасярод дарогі, і надакучлівая муха. Карысць міжвідавай агрэсіі быццам бы зразумелая: дразду зручней атакаваць кошку, чым дазволіць ёй з'есці птушанятаў. Гэткая агрэсія суправаджаецца страхам: кошка ж не безабаронная, і атака можа скончыцца для дразда трагічна. Ловячы муху ці камара, мы таксама пабойваемся -- яны ўкусяць.

Унутрывідавая агрэсія. Здавалася б, прырода без яе абыдзецца. Але гэта не так. Асобіны аднаго віду непазбежна канфліктуюць. Бывае не падзеляць ежу ці зручнае для адпачынку месца. Кожны від жыве на сваёй тэрыторыі і мусіць праганяць з яе канкурэнтаў. Непазбежныя канфлікты з-за самкі, дупла, нары, іншых прычынаў.

З'яўленне ці набліжэнне другой асобіны з незразумелымі намерамі зазвычай выклікае насцярожанасць (гэта лёгкая форма страху). Калі намеры не вядомыя, часта нічога не застаецца, як ці нападаць, ці даваць лататы. Тое ж адчувае жывёліна, якая набліжаецца. Падчас канфлікту яны абедзве зведваюць страх. І разам з ім -- прыступ агрэсіўнасці.

Агрэсія і страх -- блізняты. Мы з літасцю і бясстрашшам забіваем куслівага камара, смела адпіхваем ад сябе ці праганяем якую-небудзь большую жывёліну, ведаючы, што яна бяскрыўдная. Але пры сустрэчы з істотай незнаёмай ці здольнай сябе абараніць, не кажучы пра сапраўды небяспечную, нашая агрэсія суправаджаецца прыкметным для нас прыступам страху. Напрыклад, як нервова людзі праганяюць павука ці ловяць у пакоі мыш. А вось пчалу ці асу адганяюць з ужо бачным страхам. Канфлікт з маленькім сабачкам можа выклікаць сэрцабіццё. Чытач, відаць, пагодзіцца з высноваю этолагаў, што агрэсія ды страх узаемазвязаныя. Агрэсіі заўсёды спадарожнічае прыступ страху, а страх можа перарасці ў агрэсію. Пра гэта сведчаць шматлікія доследы на жывёлах. Калі іх настрашыць, яны робяцца больш агрэсіўнымі. Тое ж адбываецца і з гуртам людзей ці нават грамадствам. Агрэсіўна-баязлівы стан --самы небяспечны.

Агрэсіўнасць узнікае ўсярэдзіне і назапашваецца. Раней псыхолагі меркавалі, што агрэсію выклікаюць знешнія прычыны і калі ад іх пазбавіцца, яна не будзе праяўляцца. Этолагі сцвярджаюць, што гэта не так. Пры адсутнасці раздражняльнікаў агрэсіўнасць, патрэба здзейсніць агрэсіўны акт узрастае, нібыта назапашваецца. А мяжа запуску агрэсіі зніжаецца, і дастаткова дробных зачэпак, каб тая вырвалася вонкі. У рэшце рэшт, яна адбываецца і без прычыны.

Гэта высветлена са шматлікіх цікавых доследаў. Пра адзін з іх распавядае Лоранц. Да пары сямейных рыбак -- цыхлідаў, змясціце ў акварыум крыніцу канфліктаў -- трэцюю цыхліду ці іншую задзірлівую рыбку. Цыхліды будуць біцца з ёю, а між сабою падтрымліваць добрыя адносіны. Цяпер забярыце аб'ект агрэсіі -- праз пэўны час самец пачне нападаць на самку. Падзяліце акварыум шклом напалам, у другую палову запусціце яшчэ пару цыхлідаў. Рыбкі будуць варагаваць праз шкло, але між сабою пары ладзяць. Калі ж паставіць напаўпразрыстае шкло -- цыхліды будуць канфліктаваць.

Тая ж назапашаная агрэсія ўзрушвае знутры маленькія замкнёныя калектывы людзей. На зімоўку ці ў экспедыцыю выязджаюць некалькі чалавек, якія паважаюць і дружалюбна ставяцца адзін да аднаго, добра ведаюць, што ў такіх умовах канфліктаваць нельга. Мінае час, і калі няма знешняга аб'екта дзеля выяўлення агрэсіўнасці, людзі пачынаюць ненавідзець адзін аднаго, і агрэсія, што стрымлівалася, урэшце знаходзіць дробязную нагоду дзеля вялікае сваркі. Вядомыя выпадкі, калі трапіўшы ў такі «эксперымент» добрыя сябры даходзілі да бяссэнсавага забойства.

У штодзённым жыцці агрэсіўнасць знаходзіць выйсце праз шматлікія нязначныя канфлікты між людзьмі. Мы можам навучыцца трохі кіраваць сваёй агрэсіўнасцю, але цалкам зліквідаваць яе не можам, бо гэта адзін з мацнейшых інстынктаў чалавека. Варта памятаць, калі мы абараняем агрэсіўную асобу ад раздражняльнікаў, ейная агрэсіўнасць не зніжаецца, а толькі назапашваецца. Яна ўсё роўна выйдзе вонкі, прычым адразу вялікай порцыяй. Несуцешна, але справядліва.

Агрэсія пераадрасуецца. Назапашаная агрэсіўнасць абавязкова вырываецца вонкі, нават калі няма ніякага раздражняльніка. Яна пераходзіць на які-небудзь іншы аб'ект. Птушкі дзяўбуць зямлю ці лісце, капытныя боруць кусты. Мы грукаем кулаком па стале, а некаторыя лічаць за лепшае біць посуд. Агрэсія пераадрасуецца і тады, калі раздражняльнік рэальны, але страшнаваты. У гэтым выпадку яна адначасна дэманструе праціўніку: «Глядзі, што я магу з табою зрабіць».

Часцяком агрэсія пераадрасуецца як на аб'екты іншага віду, так і свайго, абы яны не маглі даць здачы. Раз'юшаны гаспадар можа штурхнуць нагою свайго сабаку. Раззлаваны на працы муж -- насварыцца на жонку; засмучаная жонка -- на дзіця; дзіця -- шпурнуць кацяня. Пераадрасаваная агрэсія на слабейшага і невінаватага іграе важную ролю ў падтрыманні іерархіі.

Дэманстратыўныя паводзіны

Дэманстрацыя заміж нападу. Перадусім агрэсія мяркуе напад на аб'ект, каб прынесці яму фізічную страту ці нават забойства. Назіраючы за дзіцем, мы бачым, што першыя праявы агрэсіі ў яго жорсткія: ён б'е рукамі маці па твары, штурхаецца, нечакана кусае. Але ж яно малое ды слабое, і мы не заўважаем ягоных грозных намераў. Потым малое заміж замахаў дэманструе: махае рукамі, тупае, крычыць, але б'ецца ды кусаецца радзей. У эвалюцыі жывёлаў адбывалася амаль гэтак жа: агрэсіўны напад замяняўся на дэманстрацыю пагрозы -- магчымасць нападу. Асабліва, калі сутыкаліся асобіны аднаго віду. Дэманстрацыя выклікае ў праціўніка страх і такім чынам дазваляе перамагчы, не распачынаючы бойкі, вельмі небяспечнай для абодвух бакоў. Фізічнае супрацьборства змяняецца псіхічным супрацьстаяннем. Таму развітыя агрэсіўныя паводзіны абымаюць шмат пагрозаў, палохаючых дзеянняў, што карысныя віду. А добра ўзброеным відам гэта нясе выратаванне. Вось чаму Лоранц сцвярджаў: добра аформленыя агрэсіўныя паводзіны -- адно з цудоўных стварэнняў натуральнага адбору. Па сутнасці, яны гуманныя. Кожны пагодзіцца, што аблаяць каго-небудзь, прыстрашыць з-за нейкай дробязі лепш, чым біцца, асабліва, калі праціўнікі ўзброеныя нажамі ці пісталетамі.

Што і як дэманструецца. Праціўнік напалохаецца хутчэй, калі паказаць яму сродкі аховы ды нападу, якія мае дадзены від жывёлаў. У рыбаў гэта шыпы ў плаўніках. Таму рыбы, пагражаючы, рассоўваюць плаўнікі і ўздыбваюць шыпы; некаторыя ўстаюць у вадзе стаўбунком, выстаўляючы іх насустрач праціўніку.

У паўзуноў, птушак і млекакормячых сродкі нападу да абароны часцяком знаходзяцца на сківіцах, і яны палохаюць, раскрываючы пашчу. Такая форма пагрозы зручная ў міжвідавых канфліктах, бо яна ўсім зразумелая. Чалавек жа, як і малпа, у такім выпадку шчэрыць зубы. Зацемім, размаўляючы з незнаёмым чалавекам, мы ўважліва глядзім не толькі ў вочы («люстэрка душы»), але і ў рот. Здавалася б, што нам да чужых зубоў. Але ж не. Роўны шэраг белых, бліскучых зубоў уздзейнічае на нашую падсвядомасць. У праціўніка яны выклікаюць павагу, у прыемнага нам чалавека -- узмацняюць прыхільнасць да яго.

Але толькі разяўленая пашча не адлюстроўвае ўсіх адценняў пагрозы, таму ў шматлікіх відаў яна суправаджаецца зменай знешняга выгляду галавы: пашыраюцца ці звужаюцца вочы, прыціскаюцца вушы, наморшчваецца нос, сціскаюцца губы, насупліваюцца бровы. Гэта скарачаюцца мышцы твару ды галавы. Калі ж на скуры ёсць да таго ж нарасці ці пучок пёраў, поўсці, ды ўсё гэта расфарбавана ў некалькі колераў, атрымоўваецца код сігналаў пра стан ды памеры жывёлы як сапраўдных, так і ўяўных.

Прыматы, прыкладам, добра бачаць, таму яны натуральным адборам надзеленыя складанай мімікай. Твары многіх малпаў занадта аголеныя, а скура расфарбаваная. Чалавек таксама мае багатую міміку, але частка мышцаў твару аслабленая, твар не такі рэльефны і менш расфарбаваны. Недахопы мімічнай інфармацыі ён кампенсуе моваю.

Але прыроджаныя праграмы ўспрымання мімікі ў чалавека працуюць.Таму, калі важак размалёўвае твар, ён лепш кіруе супляменнікамі. Баявая расфарбоўка ваяроў, накшталт рэльефу твару малпы, робіць іх грознымі і вядзе да паразы ворага.

Бяскрыўдная вушастая круглагалоўка, сустракаючы праціўніка, уздымае тулава над зямлёю, разяўляе пашчу і разварочвае складкі скуры вакол яе такім чынам, што ствараецца ўражанне вялікай зубатай ды ярка расфарбаванай пашчы.

Пагроза пашчаю часцяком суправаджаецца гукамі -- ад сыкання многіх паўзуноў да рову млекакормячых. Інстынктыўна чалавек, пагражаючы, крычыць. Падчас бою крык заўжды быў важнай зброяй псіхалагічнага ўздзеяння на праціўніка. Гамер у «Іліядзе», апісваючы паядынкі, абавязкова адзначае тых, хто адным страшным крыкам бянтэжыў ворага. Крычаць «ура» у рукапашным баі патрабавалі і сучасныя статуты пяхоты. Па развіцці мовы ўціхамірванне ворага знявагамі зрабілася такім эфектыўным, што бальшыня нашых агрэсіўных кантактаў лаянкай і заканчваецца. Сапраўды, язык страшнейшы за стрэльбу.

Паставы «перабольшання». Некаторыя жывёлы растуць усё жыццё. Хто старэйшы, той магутнейшы, мацнейшы і больш спрактыкаваны. Бойку з ім маленькі праціўнік заведама прайграе. Таму ў рыбаў, земнаводных, паўзуноў прыроджаная праграма, якая сведчыць «той, хто большы за цябе -- мацнейшы», адпавядае сапраўднасці. Гэтую праграму папярэдняй ацэнкі сілы праціўніка маюць і млекакормячыя птушкі, рост якіх прыпыняецца ў пэўным узросце, таму і розніца ў памерах дарослых асобінаў нязначная.

Калі ж ёсць такая праграма, дык можна яе ашукаць: пабольшыць свае памеры. І робяць гэта хто як можа. Прыкладам, надзьмуцца, набраць у сябе паболей паветра, як мармуровая жаба ці квакша. Сустракаючы суперніка, мы таксама надзімаем грудзі. Многія народы з павагаю ставіліся да таўстуноў, таму зверхнікі ды начальнікі харчаваліся вельмі добра. Птушкі пабольшваюць сябе, распушаючы пёры, млекакормячыя, уздыбліваючы поўсць. Чалавек рэагуе на гэта атавістычна, але ў некаторых падчас канфлікту «варушацца валасы на галаве».

Другі прыклад пабольшання памераў -- выпрастаць ногі, падцягнуцца, высока ўзняць галаву. Некаторыя чатырохногія жывёлы ўстаюць на заднія лапы. Той, хто вышэйшы, атрымлівае псіхалагічную перавагу над супернікам. Тая ж праграма захавалася і ў бязногіх змеяў: два самцы ўздымаюцца адзін перад адным, намагаюцца выцягнуцца як найвышэй, пакуль нехта не страціць раўнавагі і не прынізіць сябе ў вачах суперніка. Павялічыць сябе можна і ўздыбленым над галавою грэбенем. Гэтак робяць і рыбы і птушкі. Верхаводы ды ваяры таксама яго скарыстоўваюць: надзяваюць на голаў высокія шапкі, шлемы, часцяком увенчаныя грабянямі, пёрамі, па сутнасці, нязручнымі падчас бою. Праграма спрацоўвае аўтаматычна.

Нарэшце, пабольшыць памеры можна знайшоўшы найбольш высокую кропку ў прасторы. Праграма такая простая, што дастаткова прымусіць суперніка глядзець знізу ўверх, і ён будзе пачувацца ніжэйшым за цябе. Птушкі ляцяць на дрэва, дамінанты сядаюць на высокія галіны, а за вяршаліну, бывае, б'юцца. Усялякія ўзвышэнні -- абавязковы атрыбут улады ва ўсе часы. Ніводны цар ці правадыр не прыдумаў у якасці месца дзеля сваёй асобы заглыблення.

Прымусіць падначаленых глядзець на сябе знізу ўверх -- просты ды дзейсны сродак даць адчуць сваю перавагу.Мэта -- «прынізіць» праціўніка. Падчас агрэсіўнай сутычкі жывёла, якая ацэньвае праціўніка як большага, церпіць псіхалагічную паразу, і барацьбы можа не быць -- адзін саступае другому. Калі ж бойка адбываецца, то шматлікія віды маюць на мэце прынізіць ворага ў літаральным сэнсе: паваліць ці кінуць на зямлю. Паданне можа быць з фізічным пашкоджаннем і зусім бязбольнае, як, прыкладам, у змеяў. Але гэта -- параза, і той, хто прайграў, саступае. Чалавек мае прыкладна той жа набор праграмаў (згадайма, што малыя болей барукаюцца, чым б'юцца), але яны слаба рытуалізаваныя. У спорце барацьба ўзнаўляецца па правілах, а падчас звычайнай мужчынскай бойкі парушаюцца прыроджаныя забароны, і выглядае гэта ў параўнанні з паядынкамі некаторых жывёлаў ды спартыўнай барацьбой агідна. Чалавек у натуры -- слаба ўзброеная жывёла, і ягоная мараль, адпаведна, слабая. Мы павінны ведаць: чалавек навыдумляў шмат зброі дзеля забойства ды зрабіўся вельмі ўзброеным, застаўшыся па сваіх інстынктах тым, чым былі ягоныя продкі. Бяда чалавека ў агрэсіўнасці, у слабай маралі.

Паставы падпарадкавання, пакорлівасці ды супакаення. Што робіць той, хто прайграў? Найперш ён складае зброю -- шыпы, чубы, кіпцюры, зубы, рогі -- хавае, каб не палохаць ворага, змяншае свае памеры. Маленькі, сагнуты, бяззбройны праціўнік зусім не страшны, і агрэсія пакідае пераможцу. Многія жывёлы пераварочваюцца пузам дагары -- прыніжаючы сябе як мага. Чалавек па-рознаму выказвае пакорлівасць: апускае голаў, шапкуе, укленчвае, кідаецца ў ногі.

Калі пройгрыш бачны загадзя, жывёла, сустракаючы мацнейшага, адразу прымае паставу падпарадкавання, і праціўшк не выяўляе агрэсіі, калі яе не назапасілася зашмат.

Раўнавага між узбраеннем і мараллю

Існуе шмат відаў, узбраенне якіх такое знішчальнае, а прыёмы маланкавыя, што сутычка між спаборнікамі скончылася б смерцю аднаго з іх калі не абодвух. Прыкладам, (46KB) image001.jpgатрутныя насякомыя ці змеі. Таму нядзіва, што натуральны адбор выпрацоўвае ў гэтых відаў забарону ўжываць зброю падчас унутрывідавых боек. Сістэму інстынктыўных забаронаў, што абмяжоўваюць паводзіны жывёлаў, этолагі, услед за Лоранцам, мянуюць натуральнай мараллю.

Чым больш узброена ад прыроды жывёліна, тым яна мацнейшая. Калі надараюцца тэрытарыяльныя сутычкі, змеі павялічваюць сябе, выцягваюцца, хістаюцца, піхаюцца, але ніколі не толькі не кусаюць, а нават не дэманструюць зброі. Некаторыя віды пагражаюць адзін аднаму, адварочваючы галовы. Нездарма нават заолагі турнірныя бойкі лічылі за шлюбныя танцы.

Добра ўзброеныя жывёлы могуць доўга пагражаць адна адной, а калі нехта з іх стоміцца, дык хутка мяняюць паставу ды падстаўляюць праціўніку дзеля галоўнага баявога ўдару самае неахаванае месца. Маральная забарона спрацоўвае ў пераможцы накшталт току: гнеў знікае, ён адварочваецца і хавае зброю. Так, хлапчаня, калі раптоўна адчувае, што церпіць паразу, раптоўна хавае рукі за спіну, выпростваецца й крычыць: «На, бі!» Чалавек, не раўнуючы з ваўком ці з гадам, можа і стукнуць.

Больш як пяцьдзесят гадоў таму Лоранц прааналізаваў шмат відаў і зрабіў ашаламляльна простую выснову: моцная жывёліна -- моцная мараль, слабая -- слабая мараль. Чалавек паводле сваёй натуральнай гісторыі -- кепска ўзброеная істота, нават укусіць (у адрозненне ад малпаў) як след не ўмее. Таму ў чалавека спрадвеку слабыя інстынктыўныя забароны, слабая натуральная мараль. Бяззбройны падчас сутычкі не зробіць істотнай шкоды другому: адзін стоміцца біць, другі заўсёды можа даць лататы. Але бегам часу чалавек стварыў ды ўдасканаліў зброю й зрабіўся самым узброеным відам на Зямлі. Мараль жа амаль не змянілася. Бо зброю мы ўдасканальваем з дапамогаю розуму, здольнага шпарка рухацца наперад, а прыроджаныя забароны ўдасканальваюць натуральны адбор, які працуе марудней. Бяда чалавека не ў ягонай высокай агрэсіўнасці, а ў недастатковай першапачатнай маральнасці.

Вытокі «агульначалавечай маралі». Апроч забароны «не забі», шматлікія жывёлы падпарадкоўваюцца забаронам «не біць ляжачага», г. зн. спаборніка, у пакорлівай паставе, не чапаць дзіцянят, не рабіць замахаў на чужыя абшары, гнёзды, самку, не нападаць нечакана ці ззаду, не адбіраць ежы, не красці ды г. д. Гэта стварае і г. зв. «агульначалавечую мараль» (у сапраўднасці -- агульна-біялагічную). Безумоўна, у розных відаў гэтыя забароны могуць быць як моцныя, гэтак і вельмі слабыя. Чалавек не нараджаецца «tabula rasa», паводле якой грамадства піша свае маральныя нормы. Ён нараджаецца з мараллю, на жаль не надта моцнай, дачалавечых продкаў. Рэлігія ды культура толькі развіваюць у нас тое, што маецца першапачатна.

Абходныя шляхі. Калі які-небудзь від з вельмі моцнай мараллю няўхільна выконваў усе запаведзі, ён быў бы прыстасаваны да асяроддзя, якое зусім не ідэальнае, каб выконваліся маральныя забароны. Таму ёсць абходныя шляхі: здараецца, што забарону можна парушыць (інстынкт нібы гаворыць: «Нельга, але ж калі вельмі трэба, дык можна»). Таму поруч з забаронамі жывёлам ведама, як украсці чужое, адабраць, як біць і нават забіць слабейшага.

Агульны з такіх абходных шляхоў -- падзел усіх на «сваіх» ды «чужых». Што да першых, дык забароны дзейнічаюць вельмі моцна, што да другіх -- слабей ці наагул здымаюцца. Жывёла зазвычай добра ведае «сваіх» -- гэта бацькі, браты, сёстры, супольнікі ды г. д.

Чалавек праграму «вучыся пазнаваць сваіх» зазнае вельмі рана. Немаўля, прыкладам, усміхаецца «сваім», на «чужых» насуплівае бровы, махае рукой, крычыць. Падзелім дзяцей на колькі дзён на два гурты -- паплечнікаў яны лічаць «сваімі», другую групу -- «чужой». Адразу ж да чужых выяўляецца агрэсіўнасць ды парушаюцца маральныя забароны. На жаль, гэтая праграма ўздзейнічае на нас усё жыццё, вылучаючы «сваіх» -- аднакласнікаў, суседзяў, супрацоўнікаў, землякоў і г. д. На гэтай праграме нас падлоўліваюць дэмагогі, сутыкаючы з людзьмі іншага аблічча, класа, культуры, нацыянальнасці, веравызнання, поглядаў. Кожны з нас штодня бачыць па тэлевізіі, як слушна сцвярджаюць этолагі, што падзел людзей на «нашых» і «нянашых» -- злачынны, бо ён пазбаўляе чалавека інстынктыўных забаронаў не рабіць шкоды блізкім, а выслабанены ад іх чалавек вельмі жорсткі.

Іерархія

Турнірная табліца. У чарадзе галубоў, прыкладам, пасля сутычкі хутка ўсталёўваюцца адносіны дамінавання -- падпарадкавання, і колькасць боек зніжаецца. Спачатку галубы наладжваюць нешта накшталт спартыўнага першынства, ізноў спрабуючы ўзяць верх над спаборнікам. Пасля ўдалай сутычкі яны пачуваюцца пераможцамі над іншымі птушкамі ці, наадварот,-- перавага на баку праціўнікаў. Становішча галубоў у табліцы не сталае, бо раптоўная агрэсія кожнага прымушае часам ці каго-небудзь дзеўбануць ці бараніцца ад суседа. Зазвычай аб'ектыўная розніца ў сіле між найболей агрэсіўнымі галубамі нязначная, але суб'ектыўна яна дзеля іх вельмі важная. Гэтак жа розніцу ў сіле гульні між Каспаравым ды Карпавым спецыялісты па шахматах ацэньваюць як мінімальную, але псіхалагічная перавага ў турніры першага -- значная. Дамінантнасць -- гэта «настырнасць». У сутычках перамагае не заўсёды той, хто мацнейшы, а той, хто актыўна агрэсіўны: распачынае канфлікт, шмат і з умельствам пагражае, сам жа лёгка вытрымлівае чужыя пагрозы, хутка ачуньвае пасля паразы. Яму часцяком саступаюць, бо «няма ахвоты звязвацца».

Утварэнне іерархічнай піраміды. Калі, прыкладам, галубоў у чарадзе няшмат, між імі ўсталёўваецца супадпарадкаванне. Пераможца заўсёды будзе дамінантам, затым размесціцца субдамінант і г. д. да найнізшага рангу. Калі-нікалі дамінант дзеўбане субдамінанта (падчас раптоўнага выбуху агрэсіі), той пера" дасць агрэсію наступнаму супляменніку, што стаіць ніжэй на іерархічнай лесвіцы, агрэсія ўрэшце дойдзе да галуба, якому няма каго дзеўбануць, і ён пераадрасуе яе зямлі. Па ланцужку нібы прабег сігнал. ён нічога не паведаміў, а толькі пацвердзіў іерархію. Па гэтым жа ланцугу можна паслаць і каманду. Напрыклад, калі ўзляціць дамінант, дык за ім рушаць і астатнія. Можна даваць складаныя загады, як гэта адбываецца ў людзей.

Разгледзім яшчэ адну чараду галубоў -- большую. Наверсе зноў дамінант, але субдамінантаў не адзін, а два ці тры. Кожны адступае перад дамінантам і не баіцца астатніх галубоў, акрамя двух субдамінантаў, якіх не ўдаецца перамагчы. Пад субдамінантамі можа быць яшчэ большая колькасць галубоў. Такім чынам, утвараецца іерархічная піраміда. Ніжні пласт утвараюць галубы, якія пасуюць перад усімі. Гэта «падонкі». Іх, безумоўна, вельмі шкада, але зацюканае жыццё зрабіла іх непрыемнымі. Яны назапасілі шмат нерэалізаванай агрэсіўнасці, якая хаваецца за падлашчваннем да моцных галубоў.

Пакінутыя на волю лёсу людзі збіраюцца ў падобную іерархічную піраміду. Гэта закон прыроды, і супрацьстаяць гэтаму нельга. Можна толькі памяняць самазбор на заалагічным узроўні на пастраенне, заснаванне на разумных правілах.

Хто валадар на пірамідзе. Этолагаў цікавіла, хто трымае вяршэнства на пірамідзе? Аказваецца, дамінант, апроч агрэсіўнасці, здольнасці вытрымліваць націск ды хутка ачомвацца пасля паразы, можа мець любыя іншыя якасці. Ён бывае і фізічна моцны і слабы; і злосны і адыходлівы; і кемлівы і тупаваты; і клапатлівы і абыякавы да сваёй групы. Здольнасць жа вытрымліваць націск не заўсёды прыроджаная, часцяком гэта звязана з удалымі абставінамі.

Этолагі любяць вывучаць іерархію на вельмі агрэсіўных маладых пеўнях, што хутка ўсталёўваюць іерархію. Падчас аднае працы лавілі самага нягеглага пеўніка, прыклейвалі яму на галаву вялікі чырвоны паралонавы грэбень --сымбаль высокага іерархічнага рангу -- ды зноў выпускалі ў загон. Пеўнік не ведае што на ягонай галаве і напачатку паводзіць сябе па-ранейшаму. Але іншыя птушкі, калі бачаць аграмадны грэбень, адступаюць. Кожны раз, заўважаючы іхную няўпэўненасць, пеўнік надзімаецца, узнімае галаву, выпружвае грудзі і крок за крокам узыходзіць на вяршыню іерархічнай лесвіцы без усялякага супраціўлення. Міне колькі дзён, знімуць з яго грэбень, і ён апынецца на дне піраміды.

Падчас падобных доследаў натуральным дамінантам заклейвалі грабяні і, нягледзячы на ўсе свае якасці, яны апыналіся на дне. Птушкі, «прызначаныя» эксперыментатарамі з дна, больш жорсткія, чым натуральныя дамінанты, бо яны баязлівыя і болей тэрарызуюць супляменнікаў. Мяняючы дамінантаваму пеўню памер грэбеня, можна дазавана змяняць паўнамоцнасць ягонае ўлады. Выявілася, чым больш даследнікі надаюць яму ўлады, тым агрэсіўней ён паводзіць сябе і болей тыраніць падначаленых. Калі грэбень не дае ўлады і певень вымушаны адбівацца ад субдамінантаў, становішча ў чарадзе спакойнае. Нехта калісьці сказаў: «Улада псуе чалавека; бязмежная ўлада псуе яго зусім».

Шмат зведалі даследнікі падчас вывучэння ўлады, таму забарона эталогіі ў таталітарных грамадствах была непазбежная. Нацысты ды камуністы пераследавалі гэтую навуку не таму, што этолагі чалавеканенавіснікі, а таму, што яны бязлітасна анатамавалі механізм узнікнення таталітарызму.

Няўжо «хто палку ўзяў, той і капрал»? На жаль, так. Браць на веру, што той, хто захацеў улады над намі, робіць гэта дзеля нашае карысці ці сцвярджаць, быццам нам усё адно, хто возьме ўладу,-- недапушчальна.

Іерархічнае ўтварэнне людскіх груповак непазбежнае, бо ніякіх іншых прыроджаных праграмаў у нас няма, і нічога не можам мы тутака зрабіць (згадайма: «няма праграмы -- няма больш-менш эфектыўных паводзінаў»). Кожным разам, калі мы хочам навесці парадак у групе, пачынаючы з двух чалавек (прыкладам, пілотаў ці касманаўтаў), аднаго прызначаем старэйшым, г. зн. зазвычай у аснову пакладзены прынцып супадпарадкавання.

Чалавек, які стыхійна атрымаў уладу, калі ён не толькі дамінант, але й разумны, таленавіты, прыстойны, клапатлівы, забяспечыць усёй групе вялікі поспех. Прычым у людзей уклад гэткага дамінанта можа стацца (у адрозненне ад жывёлаў) неабмежавана магутным. Згадайма' выдатных лідараў-вучоных, стваральнікаў, трэнераў. Продкі чалавека ды ён сам эвалюцыянавалі дзякуючы моцнаму кантролю групавой формы натуральнага адбору, калі спаборнічаюць не столькі асобіны, колькі групы (гэтая форма адбору стварыла за дзесяткі мільёнаў гадоў у некаторых кузурак дасканалыя сацыяльныя структуры, што значна пераўзыходзяць чалавечыя).

Але бяда ў тым, што дамінантам можа стацца чалавек небяспечны, амаральны й нават псіхічна хворы. Часцяком надараецца, што невялічкага росту, слабы хлапец цярпеў паразу сутычак (бо між дзецьмі вельмі важная сіла). У выніку ён назапасіў зашмат нерэалізаванае агрэсіўнасці ды жадання як-небудзь апынуцца наверсе. Па часе ён распачынае барацьбу за свой ранг «па-даросламу»; інтрыгамі, цкаваннем ды г. д. Калі надараецца захапіць уладу, кіруе ён абуральна. Людзі даўно зацемілі, што многія тыраны невялікага росту, а ў дзяцінстве іх шмат білі.

Гэткаму тыпажу нават адпаведніка няма ў літаратурнай мове, але ёсць у крымінальнікаў -- «пахан». Таму скарыстаем слова як тэрмін (гэта не грэх у краіне, дзе адны караюць, другія сядзяць, трэція ладзяць «беспредел» на волі).

Ужо шмат тысячагоддзяў таму чалавецтва разумела гэтую небяспеку. Розум падчас барацьбы з інстынктам супрацьстаўляў яму ідэю -- роўнасць усіх людзей у групе. Ажыццяўлялі яе па-рознаму. Шмат дзе людзей, што вылучыліся, натоўп ці выганяў, ці забіваў іх. У другіх месцах прапаноўвалі наагул забараніць усялякае супадпарадкаванне, у выніку атрымлівалі анархію, і да ўлады непазбежна прарываўся «пахан». Адзіна дапушчальны той шлях, па якім непазбежнасць іерархічнага супадпарадкавання людзей (як патрабуе біялагічная сутнасць чалавека) прымаецца, але замест стыхійных іерархаў кіраванне атрымліваюць людзі, абраныя ці прызначаныя групаю з улікам не толькі настырнасці, а й дастатковай колькасці станоўчых якасцяў.

Некаторыя этнографы мінулага стагоддзя першабытнае грамадства ўяўлялі як грамадства роўных. Але цяпер мы ведаем, што гэта не так. Яно мелася будавацца дый будавалася па іерархічным прынцыпе, і жыццё ў ім было рознае, бо залежала ад іерархаў ды якімі яны былі -- разумнымі, моцнымі правадырам» ці лютымі граміламі, вар'ятамі ведзьмакамі. Чалавек пайшоў шляхам розуму ды гуманізму, значыцца, першыя пераважылі іншых, забяспечылі поспех генам сваіх групаў. Але й агрэсіўнасць чалавечая толькі ўзрастала, бо мудрыя павадыры не мелі права саступаць супернікам. Сапраўды, этнографы даўно зацемілі, што адсталыя народы меней агрэсіўныя, чым тыя, што абагналі іх. Перадавыя народы заўсёды былі агрэсіўныя. Таму не высокая агрэсіўнасць бяда чалавецтва, а слабая мараль.

Дно піраміды. На жаль, на дне самазборнае піраміды жывёлы значна дэградуюць. «Падонкі» -- гэта не нешта простасупрацьлеглае па сваіх якасцях дамінантам, а малапрыемныя істоты, якія церпяць ад боязі, зайздрасці, нерашучасці ды прыглушанай агрэсіўнасці, якую яны могуць пераадрасоўваць толькі на неадушаўлёныя прадметы.

Чалавеку, які трапіў на дно, таксама вельмі цяжка не дэгрэдаваць, захаваць сябе. Міф пра «неразбэшчаныя нізы грамадства» -- небяспечны міф. Людзі, маючы патрэбу ў разрадцы, таксама пераадрасуюць агрэсію на неадушаўлёныя прадметы ды ўчыняюць «бессэнсоўны вандалізм».

Па назіраннях, колькі ў розных краінах разбітых вітрынаў, сапсаваных ліфтоў, абарваных тэлефонаў, зламаных вагонаў, перакуленых сметніцаў, падрапаных сценаў, знявечаных помнікаў, апаганеных могілак ды храмаў, я ўмомант уяўляю, ці вялікае «дно» ў грамадстве, ці кепска пачуваюцца тамака людзі. Бо этолагі сцвярджаюць; вандалізм -- тое ж, што дзюбанне пеўня ў зямлю,-- пераадрасаваная агрэсія. Дэмагогі ведаюць, як лёгка скіраваць агрэсію дна на бунт, разбуральны, крывавы. Складаней дапамагчы такім людзям ізноў адчуць сябе паўнавартаснымі істотамі. Даўно ведама, што самы эфектыўны сродак,-- асабістая воля ды задавольванне інстынктыўных патрэбаў прыдбаць дзялянку зямлі, жытло, завесці сям'ю.

Найпростыя спантанныя іерархіі

Вывучэнне паводзінаў чалавека й бліжэйшых да яго відаў пацвярджае: яму ўласціва ўтвараць мужчынскія (самцовыя) іерархіі. Яны групуюцца не толькі ў выніку сведамай дзейнасці, але й самаадвольна, спантанна.

Падлеткавыя іерархіі. Яны ўзнікаюць усюды, дзе ёсць некалькі хлапчукоў. Падлеткавыя іерархіі вельмі жорсткія: паспрабуй не выканаць загаду ці не падпарадкавацца павадыру. Напачатку ў гульні яны трэніруюць свае праграмы; потым сувязі робяцца вельмі жорсткія, і парушыць іх складана. Затым адны іерархічныя структуры ператвараюцца ў банды, другія знаходзяць больш цывілізаванае скарыстанне. У дрэнных дзіцячых дамах і школах «выхавальнікі» таемна падтрымліваюць неафіцыйную іерархію падлеткаў, падтрымліваюць сувязі з лідарамі групаў і кіруюць выхаванцамі праз іх. Макаранка ўхваліў гэтую няхітрую методу.

Неафіцыйная іерархія ў арміі. Добрая армія -- свядома пабудаваная па іерархічным прынцыпе сістэма. Моладзь -- асноўны ейны кантынгент, таму непазбежна ўзнікаюць «нестатутныя» іерархіі. Верхаводаў п'яніць неабмежаваная ўлада і мажлівасць ужываць яе ў самай агіднай форме, мэта якой -- прыніжаць тых, хто апынуўся на дне піраміды. Як і ў дрэнных дзіцячых дамах, у разбэшчаным войску малодшыя камандзіры знаходзяцца ў звязе з завадатарамі.

Неафіцыйная іерархія ў вязніцах. Яна ўтвараецца гэтак жа, як у дзетдоме, садку ці арміі, але ў іерархічныя гульні, не абмяжоўваючы і не стрымліваючы сябе, гуляюць дарослыя дзядзькі, да таго ж крымінальнікі. Верхаводзяць .тутака «паханы» -- людзі з крымінальнымі схільнасцямі ды прагай неабмежаванае ўлады, якая патрэбна ім дзеля самазадавальнення, а не дзеля росквіту групы. «Пахану» зазвычай прыслугоўваюць «шасцёркі» -- па дамінантавай сіле людзі слабыя, якія маюць псіхалогію дна, але вылучаныя павадыром дзеля выканання ягонай волі, падслухоўвання ды падхалімажу. Асведамляльнікі ёсць усюды, але ў іерархіі паўнацэнных падлеткаў ім, як правіла, волі не даюць.

Іерархія бандаў, разбойнікаў, піратаў, мафіі ды г. д. Гэтыя групоўкі з давёндаўна ўтвараліся як іерархічная структура, стыль паводзінаў якой -- ад жорсткіх да прыстойных -- залежаў ад асабістых якасцяў павадыра.

Слаба выяўленыя пабытовыя іерархіі. Па сутнасці, мадэль мужчынскай іерархіі й сёння перадаецца праз стыхійна ўтвораныя групоўкі падлеткаў, банды, але й рацыянальна сфармаваныя структуры арміі, царкоўнай іерархіі, манаскія ордэны ды г. д. Ва ўстановах субардынацыя задаецца нейкім законным чынам. Але гэтым будова групоўкі не вычэрпваецца. Поруч у ёй існуюць яшчэ дзве неафіцыйныя структуры. Адну ўтвараюць людзі разумныя, адкрытыя, прыстойныя. У іх свой правадыр, але зазвычай няма дакладнай сістэмы, яўнага супадпарадкавання, шмат унутранай свабоды. Да іх звяртаюцца, калі трэба рашыць складаную задачу, неадназначна нешта вырашыць, здзейсніць смелы ўчынак. Існуе й другая структура, на чале з «паханамі» ды ягонымі «шасцёркамі». Яна складаецца з усялякіх прайдзісветаў, зайздроснікаў, гультаёў, буянаў, зваднікаў, плеткароў, баламутаў. Гэтыя зазвычай супадпарадкаваныя адно аднаму, дзейнічаюць супольна. Адначасна рэалізаваліся тры іерархічныя будовы -- афіцыйная ды дзве стыхійныя -- найлепшая й найгоршая. Людзі навыдумлялі безліч складаных, мудрагелістых тэорый, якія растлумачваюць некаторыя асаблівасці чалавечых паводзінаў. А разгадка простая: паводзіны матывуе прыроджаная праграма, вельмі простая ды рацыянальная, правераная на шматлікіх відах натуральным адборам. А ці скарыстаем мы яе на карысць сабе й іншьім, ці будзем злоўжываць ёю -- залежыць ад нашае маралі ды розуму.


* * *


Прызнаць непазбежнасць дзеля чалавека іерархічнае будовы -- яшчэ не азначае спраўдзіць усялякія ейныя формы, а тым болей сцвярджаць: чым магутней створаная намі іерархія, тым лепш. Бо гэтая праграма прызначалася дзікаму статку прыматаў, а не цывілізаваным людзям. Наадварот, ведаючы, куды вядзе бескантрольнае ўтварэнне іерархіяў, мы павінны скіроўваць яго на аптымальны шлях. Адзін з іх -- імкнуцца, каб вакол нас існавала шмат маленькіх іерархіяў з канкрэтнымі разнастайнымі справамі ды каб мы самі ўваходзілі ў некалькі груповак. Гэта азначае імкнуцца да паўсюднага грамадскага жыцця, незалежнасці груповак да пазбягаць аб'яднання ў суперіерархіі. Чалавек пачуваецца вольным, не прыгнечаным іерархічнаю структураю, калі ён, па-першае, ведае, што можа ў ніводнай з іх не браць удзелу; па-другое, удзельнічаць у многіх ды займаць у кожнай розны іерархічны ўзровень, па-трэцяе, пакідаць кожную, калі захоча; па-чацвёртае, сам утворыць новую групоўку, адпаведную ягоным уяўленням пра мэту, характар адносінаў ды склад. Грамадскае жыццё развітае ў дэмакратычным жыцці. Таталітарныя ж сістэмы імкнуцца абмежаваць колькасць ды разнастайнасць людскіх аб'яднанняў, стварыць суперструктуры ды кантраляваць іх адміністратыўна.


2. Прырода ўлады

Чалавекападобныя малпы

Колькасна іхныя групы невялікія і простыя па складзе, але розныя ў розных відаў -- ад сямейных арангутанаў, што жывуць на дрэвах, да невялікага статка шымпанзэ з паўназемным спосабам жыцця. Заолагі шмат вывучалі гэтых жывёлаў. Вьіявілася, што ў чалавекападобных самцы цалкам дамінуюць над самкамі, а між сабою ўтвараюць іерархічную лесвіцу.

У гарылаў -- патрыярхальная аўтакратыя. Гарылы жывуць пад аховаю лесу, спажываюць раслінную ежу, вялікія, магутныя, узброеныя ікламі. Натуральных ворагаў амаль не маюць. У гэткіх умовах у іх сфармавалася простая структура групы, якую можна менаваць патрыярхальнаю (г. зн. на чале са старым самцом) аўтакратыяй (г. зн. кіраваннем аднаго). Найвышэйшы ранг належыць старэйшаму самцу з сівою спінай. Астатнія самцы -- іх болей і яны маладзейшыя -- утвараюць простае іерархічнае супадпарадкаванне. Дружалюбных звязаў між імі няма, і калектыўна супрацьстаяць іерарху яны не могуць. Сівы самец няўстанна нагадвае пра свой ранг, прымушае падуладных саступаць яму ежу, зручныя месцы ды г. д. Устойлівасць іерархіі ў групе падтрымліваецца лёгка, боек няма. Дамінант абмяжоўваецца ў сваёй пагрозе адпаведнай мімікай ды рухамі. Калінікалі ў паставе пагрозы ён падыходзіць да вінаватага. Той адразу прымае паставу падпарадкавання, а дамінант паляпвае яго па спіне, паказваючы рытуальнае пакаранне.

Гэткія дачыненні існуюць і між людзьмі: і ў вялікай патрыярхальнай сям'і і ў маленькай канторы. Але ж мадэллю гарылаў нашыя іерархічныя сістэмы не вычэрпваюцца.

Статкавыя малпы адкрытых абшараў

Заолагі звярнулі ўвагу на віды не надта блізкія па роднаснасці да чалавека» але якія жывуць ва ўмовах падобных да тых, што мелі нашыя продкі ў саванне Усходняй Афрыкі. Тутака наземным малпам без складанае арганізацыі не выжыць. Паасобку яны ненадзейна ўзброеныя дзеля абароны ад леапардаў, леваў, гіенавых сабакаў, ды й бегаюць павольней за іх. Наземныя сабакагаловыя малпы -- павіяны, бабуіны, гамадрылы -- жывуць у саванне. У падобных да продкаў чалавекаўмовах яны маглі выпрацаваць і падобныя прыстасаванні й паводзіны.

Саюзы роўных па рангу анубісаў. Сабакагаловыя малпы могуць утвараць складана арганізаваны вялікі статак. Барацьба за іерархічную ступень, авалоданне самкамі -- ці не самае галоўнае ў жыцці самца. Барацьба гэтая жорсткая, з бойкамі, а параза ў ёй азначае заўсёднае прыніжэнне, страх, неабходнасць аддаваць дамінантам лепшыя кавалкі. Павіяны, што на ніжэйшай прыступцы, маюць стрэсы, часцей хварэюць, менш жывуць. Павіяны анубісы афрыканскай саванны «вынайшлі» вось што: найбольш агрэсіўнага ды моцнага самца можна прынізіць, аб'яднаўшыся з супляменнікам, гэткім жа слабаватым, як і сам. Калі надарыцца стварыць саюз з некалькіх самцоў, можна замахнуцца на асобіну, што стаіць вышэй. Дзеля згуртавання адзін самец абходжвае другога, не канфліктуе з ім. У маладых самцоў нізкага рангу гэтыя саюзы нетрывалыя, бо яны здраджваюць адзін аднаму, асабліва калі распачынаецца бойка з самцом вышэйшага рангу і за яго заступіцца саюзнік. Але паступова нейкая частка самцоў аднаго ўзросту стварае больш трывалы гурт і яны могуць скінуць супляменнікаў вышэйшага рангу. Зазвычай статак павіянаў засноўвае іерархічную піраміду па ўзроставай адзнацы. Але яна можа памяняцца шляхам «рэвалюцыі знізу».

Фармаванне піраміды па ўзросце, без сумлеву, уласцівае чалавеку. У традыцыйных грамадствах узроставая іерархія захоўваецца вельмі строга. Але й утварэнне саюзу падпарадкаваных з мэтаю скінуць дамінанта -- справа звычайная. У людзей гэткія згуртаванні таксама няўстойлівыя. Здрада ўчарашняга саюзніка -- норма паводзінаў палітыкаў. Інакш страціла б сэнс рымская пагаворка «падзяляй ды ўладар». Да ідэі лучнасці, каб скінуць прыгнятальнікаў, можна дайсці шляхам інтэлектуальнага роздуму ці кампутарных мадэляў, не звяртаючыся да інстынкту. Але ён гатовы дзейнічаць і на загад розуму, і насуперак яму,

У павіянаў -- герантакратыя. Хто ж трымае вяршэнства ў павіянавай пірамідзе? Патрыярх з сівою грывай? Не! Аказваецца, патрыярхаў некалькі. Дружалюбнымі дачыненні між імі не назавеш, даверу таксама няма, але й варожасці не назіраецца. Некалі ў юнацтве яны доўга і зацята змагаліся за дамінаванне ў сваёй узроставай групе, даўно згуртаваліся і высветлілі, што адзін аднаму ні ў чым не саступяць. Утварыўшы саюз, яны біліся за кожную іерархічную прыступку ў статку. Іхныя горш арганізаваныя і менш настырныя аднагодкі загінулі, у тым ліку і ад стрэсу. І вось яны вяршэнствуюць. Галоўны клопат цяпер -- стрымліваць націск субдамінантаў, якіх болей і якія набіраюць сілу ды настойлівей імкнуцца да верхняй прыступкі піраміды. Старым па адным не ўтрымацца, таму яны гуртуюцца.

Групавое дамінаванне старэйшых па ўзросце этолагі называюць герантакратыяй -- уладаю старых. Часцяком яна фармуецца і між людзьмі: ствараецца ў невялікай групе, а можа і на вяршыні дзяржавы. Зазвычай герантакратыя ўзнікае, калі афіцыйны лідэр не ўпэўнены ў сабе ды баіцца маладзейшых. Схіляючы на свой бок гэткіх жа старых, як і сам, дзелячы з імі ўладу, ён фармуе старэчыя вярхі, дзеля якіх страх страціць уладу пераважае над імкненнем уладарыць аднаму. У паўсядзённым жыцці паводзіны геронтаў падаюцца нам прадуманымі й хітрымі. Папраўдзе ж гэта хітрасць інстынкту. Дзякуючы гэтаму, некаторыя захоўвалі ўладу нават у стане старэчага маразму. У традыцыйных грамадствах агульнапрызнаная ды палепшаная законамі ўлада старэйшай узроставай групы -- усіх гэтых радаў старэйшынаў, геронтаў, сенатараў -- прымальная для людзей.

Па дасягненні вяршэнства павіян не мае палёгкі ў сваім жыцці. Яму падаецца, што ў статку няма належнага парадку. Даводзіцца і кулак паказваць, ашчэрваць зубы, паляпваць сябе па геніталіях, клікаць па чарзе самцоў ды прымушаць прымаць адну з паставаў падпарадкавання: схіліць галаву, упасці ніц. Калі нехта выкапаў нешта смачнае ці знайшоў што-небудзь цікавае -- патрабаваць сабе. Геронты лічаць самак сваёй уласнасцю і не дазваляюць ім спароўвацца з самцамі ніжэйшых рангаў, але яны хітрыя і сачыць за імі нялёгка. Іерарх не мае ні гнязда, ні маёмасці. Яго хвалюе толькі захаванне ды прырост тэрыторыі статка, утрыманне самак і ўлада.

Чым цікавыя макакі! Між павіянамі герантакратыя непазбежная, бо іерарх адзін не можа захаваць уладу. Падпарадкаваныя яму самцы не дапамогуць прыгнятаць кожнага з іх паасобку. Наадварот, яны здольныя на калектыўнае змаганне. Але звернемся да макакаў -- малпаў невялікіх ды слаба ўзброеных. Яны таксама шмат часу бавяць на адкрытай прасторы і ўтвараюць менш арганізаваны ды больш шматлікі статак. Барацьба за кіраванне -- важная ў жыцці самцоў, але не надта жорсткая. Іхным дамінантам не патрэбны саюз, бо макакі валодаюць адной вельмі гнюснай інстынктыўнай праграмай (яна ўласцівая і некаторым статкавым жывёлам, прыкладам, сабакам). Як толькі дамінант пачне караць аднаго, астатнія кідаюцца яму дапамагаць: крычаць, намагаюцца парнуць ды г. д.

Этолагі сцвярджаюць, што гэта пераадрасаваная агрэсія, якая назапасілася ў страху перад дамінантам. Па іерархічным прынцыпе яна пераносіцца на слабейшага. Менавіта такім выглядае падчас пакарання вінаваты. Гэтак робяць усе макакі, асабліва «падонкі», што займаюць дно піраміды: яны ж усіх баяцца і пераадрасоўваюць агрэсію толькі на нежывыя прадметы. А якая з гэтага радасць? І раптам знаходзіцца слабейшы, яго можна беспакарана стукнуць. У самцовых іерархічных гульнях самкі зазвычай удзелу не бяруць (іхнае становішча ніжэйшае за ранг любога самца), але тутака стараюцца лепш за самцоў. Гэты просты механізм дазваляе дамінанту без рызыкі дзеля сябе прыніжаць іншых.

Пагадзіцеся, падобная праграма спрацоўвае і ў нас. Напрыклад, прадавец (дамінант у нашай падсвядомасці -- яна ж нешта размяркоўвае, нечым кіруе) падбухторвае амаль усю чаргу супраць пакупніка, які патрабуе прадаваць хутчэй, не аблічваць, не хаміць. Найлягчэй у сварку ўцягнуць тых, хто пачувае сябе слабейшым за іншых: жанчын прасцей, чым мужчынаў, сталых, чым маладых. Гэткаму псіхалагічнаму прыёму прадаўшчыцу ніхто не вучыў -- ён падсвядомы.

У людзей гэтая праграма разнастайная. Прабіранне на сходзе. Вымова ў загадзе. Паказальны працэс. Прылюднае пакаранне. Чалавек розніцца ад макакі яшчэ адным: калі другі не падтрымлівае тых, хто спаганяе сваю агрэсіўнасць на слабейшым, дык першы самых заўзятых можа вылучыць, наблізіць ды ўзвысіць. Утвараецца вельмі небяспечная структура -- іерарх у атачэнні падонкаў. У гуртах падлеткаў гэта -- моцны завадатай, з ім некалькі гнюсных ды нікчэмных падпявалаў, а ніжэй -- больш моцныя хлопцы.

У стыхійных бандыцкіх шайках ля «пахана» зазвычай аціраюцца «шасцёркі». Тое ж спрацоўвае й на дзяржаўным узроўні: тырана акружаюць злачынныя, амаральныя, баязлівыя, подлыя ды агрэсіўныя да іншых сатрапы. Старажытныя грэкі менавалі гэткую будову ахлакратыяй -- уладаю найгоршых.

Мы высветлілі, што праграма ўтварэння звязаў у межах аднаго рангу не дазваляе аднаму ўтрымліваць уладу. Калі ж ёй супрацьстаіць праграма нападаць гуртам на тых, каго атакуе дамінант, з'яўляецца мажлівасць утрымаць уладу аднаасобна: невялікі звяз не вытрымае націску дамінанта, падтрыманага ўсімі прыгнечанымі ў статку. Вось ён механізм, што стварае тырана, які абапіраецца на «народ». Усе тыраніі трымаюць моцных асобаў у падпарадкаванні, пагражаючы хуткай расправай нізоў.

Сымбалі служаць уладзе

Галоўны сымбаль перавагі ў прыматаў (як і ў іншых млекакормячых) -- узвысіць сябе, заняць высокае месца ды не дапускаць сюды іншых. Стальцы, прэзідыюмы, трыбуны -- даніна гэтай старадаўняй праграме. Геронты і дзеці. Адзіная радасць старых павіянаў -- дзеці сярэдняга ўзросту. Пакуль павіян узнімаўся ўгору па іерархічных прыступках, яны яго не цікавілі. (Хіба што пагуляе з малымі дзецьмі сваёй маці.) Але зараз у яго абудзілася прыроджаная праграма вучыць іх жыццю.

Кожны павіянчык мае тры прыроджаныя праграмы на самца-дамінанта з сівою грывай: «гэтак выглядае той, каму трэба падпарадкоўвацца», «гэтак выглядае твой бацька», «вучыся ў таго, хто гэтак выглядае». Іншымі словамі, гэта Правадыр, Бацька, Настаўнік.

У сталым узросце праграма вучыць моладзь спрацоўвае і ў нас, вельмі патрэбная праграма. Але ж павіяны жывуць у свеце вечных ісцінаў, якія паўтараюцца, а мы -- у свеце, які хутка мяняецца, дзе веды ды погляды старых часцяком падаюцца ўстарэлымі. Усё па той жа прыроджанай праграме, быць у атачэнні дзяцей -- адна з прыкметаў іерарха. Партрэты лідара з адной-дзвюма дзяўчынкамі на руках -- звычайны элемент тыраніі. Здавалася б, танны эталагічны трук, а як моцна ўздзейнічае на масавую падсвядомасць!

І асобы, што яго суправаджаюць... У наш час зверхнікі дзяржаваў сустракаюцца не на мяжы, а прыпыняюцца ў сталіцы. Госць не вязе з сабою вайсковы эскорт. Але ж гаспадар чамусьці сустракае яго не чым-небудзь прыемным -- парадам прыгажуняў, скажам, а вядзе паўз шарэнгі панурых салдатаў. Людзі даўно, мабыць, адмовіліся б ад гэтае працэдуры, калі б яна не цешыла іхныя інстынкты.

Быць зрынутым ці загінуць. У геронтаў-павіянаў адзін канец: або іх скінуць, або яны загінуць у сутычцы з леапардам. А ён -- вельмі небяспечны драпежнік для ўсіх малпаў саванны. ён паляваў і на нашых продкаў, палюе на людзей і цяпер. Павіяны баяцца яго заўсёды. Але можа надысці дзень, калі дамінанты перамогуць у сабе страх ды распачнуць бойку з леапардам.

Загінуць на вачах у статка ды подлых баязліўцаў -- субдамінантаў -- ці ж не гераічная смерць? І з нашага гледзішча таксама. Падабенства праграмаў? Этнаграфія дае этолагу шмат фактаў, вартых параўнання. У шматлікіх плямёнаў правадыры да ўступлення на пасаду мусілі ўласнымі рукамі забіць драпежніка сям'і кашэчых -- леапарда, лева ці тыгра ў Старым Свеце, ягуара ці пуму ў Новым Свеце. А шлем з галавы кашэчых або скура на плячах -- заўсёдны ды паўсюдны атрыбут правадыра. Стальцы, засланыя скурамі тых жа жывёлаў. Іхныя выявы ля ўвахода ў рэзідэнцыю. Скульптуры галоў (адсечаных?) -- у архітэктуры царскіх палацаў на абодвух паўшар'ях Зямлі. Заўважце, некашэчыя драпежнікі (ваўкі, мядзведзі), якіх не спажывалі нашыя продкі ў Афрыцы, гэткай папулярнасці не маюць. Хіба што там, дзе буйныя кашэчыя не жывуць. Усё гэта прыгожа ды высакародна. Але ёсць і іншае: даўно заўважана, што старыя тыраны баяцца страціць уладу, таму распачынаюць бессэнсоўныя войны. Ці варта думаць, быццам адна з прыхаваных прычынаў гэткага ірацыянальнага канца жыцця падобная да канца геронтаў-павіянаў?

Вольнае месца наверсе. Піраміда, дзе вяршэнствуюць некалькі асобінаў, успрымаецца незавершанаю: над іерархамі бачыцца яшчэ адзін узровень, месца звышіерарха. У свеце жывёлаў магчымасць ягонага існавання не рэалізаваная. Ён ёсць толькі ў сабачых зграях -- ездавых, пастухоўскіх ці паляўнічых: гэта іхны гаспадар. Калі ж яму не выпадае кіраваць, гэта робяць іерархі, але піетэт да гаспадара не змяншаецца.

Няма геніяльнасц» ў тым, што паўсюль між людзьмі ўзнікала думка змясціць на вольнае месца звышдамінанта нешта ўяўнае, надзеленае ўсімі звышдамінантавымі якасцямі ў іхным бязмежным выяўленні. Варта зрабіць гэта, і іерархі робяцца нібы субдамінантамі звышіерарха, ягонымі жрацамі, а ён -- магутным абаронцам ад астатняга статка. Па ўзнікненні мовы абудзіць павагу да ўяўнага боства -- вельмі проста. Але й дагэтуль можна было выклікаць пашану падпарадкаваных, паказваючы свае дачыненні да нечага страшнага -- незвычайнай з'явы прыроды, небяспечнага месца ці раз'ятранай жывёлы. Беспрытульны сабака пачуваецца горш за сабаку, што крочыць з гаспадаром. Дзеля падвышэння свайго рангу маладому шымпанзэ варта было асмеліцца падысці да каністры, гэтага небяспечнага прадмета, узяць яго рукамі ды навучыцца грукаць, прыстрашваючы іншых.

Без сумлеву, рэлігійнае пачуццё мае складаную прыроду, ды мы й не збіраемся яе абмяркоўваць. Згадайма толькі, што ў нашых прыроджаных праграмах пабудовы групы наверсе ёсць вольнае месца. Яго можа займаць ці ўяўнае боства, ці зусім рэальны тыран.

Калектыўная агрэсія

Існуе шмат відаў, якія не маюць праграмы калектыўнай агрэсіі. Чалавек да іх не належыць. Дзеці змалку гуляюць у вайну, а пасталеўшы, распачынаюць тэрытарыяльныя войны амаль сур'ёзна; дарослыя ж ваююць насмерць. Некаторыя гуманітарыі сцвярджаюць, быццам войны -- жаданне людзей і што жывёлы не ваююць. Гэта не так.

Павіяны любяць хадзіць шыхтом. Статак павіянаў налічвае некалькі дзесяткаў асобінаў. Яны жывуць на пэўнай прасторы, дзе ёсць месцы на корм ды адпачынку. Статак размяшчаецца асаблівым парадкам -- лагерам. Калі павіяны пераходзяць з месца на месца, яны рухаюцца шыхтом. У сярэдзіне статка ідуць старыя самцы -- дамінанты. Адсюль ім зручна аглядаць статак ды кіраваць ім. Адначасна гэта і самае бяспечнае месца на выпадак нечаканага нападу драпежніка.

Поруч з дамінантамі знаходзяцца маладыя самкі, самкі з немаўлятамі ды малыя дзіцяняты. Самастойная моладзь размяшчаецца па краях. Наперадзе статка крочыць авангард з самцоў другога рангу (субдамінантаў). Яны тутака па зразумелых прычынах: адносіны з іерархамі ў іх напружаныя, яны лічаць за лепшае трымацца далей ад дамінантаў. Тыя ж, наадварот, увесь час назіраюць, за субдамінантамі, бо падазраюць іх у двух грахах: блудадзействе з самкамі ды замаху на ўладу. Пры сутычцы з драпежнікам авангард разгортваецца паўмесяцам ды імкнецца затрымаць яго, а статак гэтым часам уцякае. Драпежнікі зазвычай не б'юцца з моцнымі самцамі, а тым больш, калі яны разам.

Ззаду знаходзіцца ар'ергард -- самцы трэцяга іерархічнага рангу. Калі статак рухаецца па перасечанай мясцовасці і абгляд недастатковы, ён вылучае адну ці дзве групы бакавой аховы.

Кожны, хто знаёмы з арміяй, скажа: «Дык гэта ж перадбаявы парадак пяхоты». Так, падобнае шыхтаванне на маршы ведамае даўно, гэтак шыхтуюцца баявыя атрады сучасных «першабытных» народаў. Верагодна, гэтак шыхтаваліся першабытныя людзі ды іхныя двуногія продкі -- аўстралапітэкі.

Абарона тэрыторыі -- святы абавязак кожнага павіяна. Сустрэўшы на сваёй дзялянцы прышэльцаў, павіяны атакуюць іх ды праганяюць. Барацьба за абшары -- вельмі важная функцыя самцоў. Без добрае тэрыторыі статак не можа існаваць, ягоны росквіт залежыць ад памераў ды якасці. Таму тэрытарыяльныя сутычкі між групамі непазбежныя.

Тэрытарыяльныя войны суправаджаюць усю ведамую нам гісторыю чалавецтва на ўсім свеце, а ў некаторых плямёнаў яны сталіся галоўным заняткам. Этмографы вывучалі такія плямёны ды прыйшлі да высновы: падобныя войны страцілі ўсялякі сэнс і бескарысныя для змагароў. Гэтыя ваякі не растлумачаць сваёй ваяўнічасці. Вельмі падобна да панавання інстынктыўных праграмаў над звычайным групавым мысленнем.

На гэткім грунце лёгка ўтвараецца група ваяроў, якая, з аднаго боку, існуе нібыта дзеля абароны грамадства, з другога -- дзеля сябе. Бальшыню часу яны бавяць у вайсковых практыкаваннях, а калі-нікалі надараецца нагода паваяваць з суседзямі. Там, дзе грамадства корміць ваяроў, занятых «ратнаю працай», зазвычай утвараюцца паразітычныя вайсковыя касты. Здаўна дзейнічае механізм залішняй мілітарызацыі, які шмат у чым вызначыў хаду гісторыі чалавецтва.

Б'юцца поплеч, а паміраюць паасобку. Самцы статкавых малпаў саваннаў узаемадзейнічаюць між сабою ў двух выпадках: калі б'юцца з драпежнікам ды абараняюць тэрыторыю. А так яны адзін аднаму не дапамагаюць. Часцяком можна назіраць, як за статкам, кульгаючы, брыдзе паранены павіян. Кожны дзень ён адстае ўсё болей, слабее і ўрэшце памірае. І ніхто яму не дапаможа, не падзеліцца ежаю. Ачуняў -- пашанцавала, не здолеў -- загінуў. Між гіенавымі сабакамі, прыкладам, інакш. Яны не толькі ўзаемадзейнічаюць падчас палявання, але клапоцяцца пра тых, хто пацярпеў: ахоўваюць іх, прыносяць ежу. Мы разумеем паводзіны гіенавых сабакаў, бо робім гэтак жа. А нашыя продкі?

Відаць, яны доўга паводзілі сябе як павіяны. На абследаваных шкілетах продкаў чалавека, што жылі мільёны, сотні, нават дзесяткі тысячаў гадоў таму, няма слядоў паспяхова залечаных ранаў, калі чалавек часова не можа хадзіць. Значыцца, людзі з такімі траўмамі не выжывалі. Магчыма, дапамагаць параненым пачалі не раней эпохі вялікіх загонных паляванняў, г. зн. 12--6 тыс. гадоў таму. Цяжка меркаваць без спецыяльных даследаванняў, ці з'яўляецца прынцып «сам гінь, а сябра выратоўвай» нашай прыроджанай праграмай (тады гэта адзін з маладых інстынктаў) ці ён трымаецца толькі на выхаванні. Дарэчы, канібалізм -- таксама набытак, 10 тыс. гадоў таму яго яшчэ не было.

На што працавала помслівасць. Розныя віды па-рознаму рэагуюць на выкраданне каго-небудзь са статка. Звычайна траваедныя млекакормячыя, птушкі ставяцца да гэтага як да нечага непазбежнага ды нязначнага: адбеглі, супакоіліся, і жыццё працягваецца. Падчас нападу драпежнік таксама можа быць атакаваны, але, схапіўшы ахвяру, ён ужо нічым не рызыкуе. Іншыя віды спрабуюць адбіць субрата. Але варта драпежніку адбегчы ці адляцець, статак спыняе пераслед. А ёсць віды, якія гадзінамі ганяюцца за драпежнікам ды даймаюць яго. Прыкладам, калі нехта схапіў варону, ейныя сяброўкі склікаюць усіх навакольных супляменнікаў, і тыя гоняцца за драпежнікам, не дазваляючы яму з'есці здабычу. Часцяком той кідае труп вароны ды дае лататы. Але на гэтым ягоныя непрыемнасці не канчаюцца. Цяперака, дзе б ён ні з'яўляўся, злятаюцца вароны ды ўзнімаюць страшэнны гвалт. Жыццё драпежніка робіцца няўтульнае, а паляваць наагул немагчыма. Такім чынам, варону, можа, і лёгка злавіць, але з'есці няпроста. Лепш з імі не звязвацца. Некаторыя малпы таксама пераследуюць нападніка і доўга помсцяць яму.

Чалавек дзейнічае гэтак жа. Вось што распавядалі ангельскія даследнікі пра паводзіны індыйскіх вясковых жыхароў, на якіх напаў тыгр-людаед. Калі тыгр з'яўляецца ў ваколіцах, усе хаваюцца па хатах ды пасіўна чакаюць. Нахабны тыгр можа хадзіць па вуліцы ды зазіраць у вокны. Здараецца, ён выкрадае чалавека. Тады ўсе выходзяць на двор з тазікамі, бразготкамі ды, моцна грукаючы, гоняцца за людаедам. Тыгр валачэ яшчэ ахвяру, спрабуе схавацца. Але яго знаходзяць ды зноў пераследуюць. У рэшце рэшт звер кідае труп, а людзі нясуць яго ў вёску. Гарадскі чалавек гэткіх паводзінаў не разумее: ці не лепш апярэдзіць тыгра і даймаць яго перад тым, як ён каго-небудзь схопіць ды задушыць? Так, але духу ў людзей на гэта не стае. Патрэба адпомсціць мацнейшая і мабілізуе калектыўныя паводзіны. Верагодна, тактыку пераследу ахвяры скарыстоўвалі й продкі чалавека.

Помслівасць з'ядноўвае людзей не толькі супраць драпежніка, але і ў барацьбе між рознымі групамі людзей. Напрыклад, два войскі стаяць насупраць і незацята змагаюцца. Але раптам адзін ваяр забіты. Адразу ж усчынаецца гарачая бойка, гінуць людзі. Яна доўжыцца, пакуль хто-небудзь не завалодае трупам. А ўцячы з поля бою, пакінуўшы «ворагу забітых сяброў, заўсёды было -- ганьбай і паразай. 3 гледзішча халоднага розуму, страта трупаў неістотная хаця б супраць смерці ваяроў. Другое выяўленне той жа праграмы -- кроўная помста, што часам перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Якім мог быць першабытны статак?

Афарскі аўстралапітэк, які жыў у Афрыцы 3--4 млн. гадоў таму, меў рост каля метра; ягоны наступнік, што вырабляў каменныя прылады, быў гэткага ж росту. Наступны від, што з'явіўся блізу 1,6 млн. гадоў таму, ужо ў паўтара раза вышэйшы.

Раннія гамініды не ўмелі паляваць на буйных жывёлаў. Яны займаліся збіральніцтвам, лавілі дробных жывёлаў, а таксама шукалі ды спажывалі трупы. Хутчэй за ўсё, нават маючы ў руках завостраны камень, забіць ім драпежніка па адзіночцы не маглі.

Праўдападобна, гэта невялікія, па прыродзе слаба ўзброеныя істоты, бегалі яны павольна (нават у параўнанні з макакамі ці павіянамі), зусім няжвавыя, няздольныя ўскараскацца па ствале на дрэва. А жылі ў саванне, вельмі небяспечным для прыматаў асяроддзі. Выходзіць, меркаванне, быццам яны жылі сем'ямі ці невялікімі. слаба арганізаванымі гуртамі (як гарылы ці шымпанзэ), не адпавядае сапраўднасці.

У той жа час вельмі моцная па заалагічных мерках агрэсіўнасць чалавека, вялікая (нават у параўнанні з малпамі) сексуальнасць, рэўнасць, падазронасць, што вядуць да забойства суперніка, ды, нарэшце, імкненне мужчынаў ад дзяцінства да сталага веку змагацца за іерархічны ранг -- усё гэта для этолагаў бясспрэчнае сведчанне, што стрыжнем статка гамінідаў была жорсткая іерархічная піраміда, утвораная палаваспелымі самцамі. Між многімі жывёламі, што жывуць групай ці невялікім статкам,-- арангутанамі, левамі, коньмі,-- самец-дамінант, каб пазбегнуць бясконцых канфліктаў, праганяе са статка іншых самцоў і нават уласных сыноў. Але гэта жывёлы, што жывуць у бяспецы ці добра ўзброеныя, ці хутка бегаюць. Продкі чалавека, мажліва, пайшлі 6 гэткім шляхам, каб былі добра ўзброеныя.

У адзін час ды на адным і тым жа месцы жыло пяць відаў «позніх» аўстралапітэкаў -- нашых мажных стрыечных прапрадзедаў, што мелі моцныя сківіцы і зубы. Яны маглі скарыстаць гэты шлях. Але дробныя, зграбныя, драбна-зубыя продкі мелі дрэнную абарону, і ўсе дарослыя самцы былі патрэбныя ім дзеля калектыўнае аховы самак ды дзяцей.

Падобная праблема напаткала ў саванне некалькі відаў макакаў ды сабакагаловых. Яны таксама ўтварылі статак, пабудаваны на іерархіі дарослых самцоў. Заолагам ведама, што продкі чалавека пераадолелі канвергентна гэткі ж шлях. Такім чынам, мы мусім прыглядацца не толькі да сацыяльнага ўладкавання чалавекападобных малпаў, але й да ўладкавання статкавых малпаў саванны, што бегам часу захавалі мадэлі сацыяльнага ўладкавання продкаў чалавека. Вось чаму этолагі, якія рупліва вывучаюць сабакагаловых ды макакаў, знайшлі ў іх шмат аналагаў.

Роўнасць ці іерархія? 3 усяго бачна, што ў першабытным статку продкаў чалавека раўнапраўя не было. «Першабытны камунізм» -- выдумка кабінетных вучрных мінулага стагоддзя. На той час этнографы выявілі ў плямёнаў, што дэградавалі паўторна і жылі ў неспрыяльных прыродных умовах, розныя «выкрутасы». Адных турбавала, каб ні ў кога не было нічога свайго, другіх -- складаны рытуал дзяльбы здабычы між усімі, трэція сачылі, каб усе адну і тую працу выконвалі супольна, чацвёртыя душылі ў суродзічаў усялякую ініцыятыву, пятыя вельмі захапляліся рознымі напоямі ды наркотыкамі, і племя трымалася на жанчынах. 3 гэтага некаторыя аўтары зляпілі вобраз першабытнага райскага жыцця -- «першабытнага камунізму», а іншыя -- тэорыю матрыярхату. Навука хутка разабралася ў памылках. Але некаторыя кабінетныя філосафы мінулага стагоддзя паклалі іх у аснову тэорыяў пра мінулае ды будучае чалавецтва. У XX ст. на ўсіх мацерыках на прадстаўніках усіх расаў зрабілі эксперымент увасаблення гэтых тэорыяў у жыццё ды пабудовы на іхным грунце камунізму. Эксперымент, аб якім фізіёлаг I. Паўлаў сказаў, што пашкадаваў бы на яго нават адну жабу. У выніку доследу ўсюды заміж грамадства роўных узніклі жорсткія іерархічныя піраміды, дзе вяршэнствуюць тыраны.

Калі супаставіць прыроджаныя праграмы паводзінаў, што выяўляюцца ў чалавека, з паводзінамі статкавых прыматаў, можна аднавіць пабудову статка нашых продкаў. Бясспрэчна, што асноваю яго была мужчынская іерархія..

Іерархічная піраміда самцоў фармавалася найперш па ўзросце. У кожнай узроставай групе самцы змагаліся за іерархічны ранг як па адным, гэтак і аб'яднаныя ў няўстойлівыя групы. Калі згуртаванне самцоў моцнае, дык магло прабіцца да вяршыні ўлады, тады ўзнікала герантакратыя. Калі ж прарываўся адзін агрэсіўны самец -- утваралася аўтакратыя. Поруч з аўтакратам заўжды «шасцёркі» -- асобіны невялікіх асабістых магчымасцяў, але паслужлівыя, вераломныя ды жорсткія. Іерархі прыніжалі субдамінантаў. Тыя пераадрасоўвалі агрэсію на падпарадкаваных, апошнія на тых, хто ніжэй, і гэтак да дна піраміды.

Статак, асабліва ягоная прыгнечаная частка, падтрымліваў аўтакрата і геронтаў, калі тыя каралі каго-небудзь, асабліва субдамінантаў. Самкі таксама бралі ўдзел у гэтых расправах. Аўтакрат ды геронты нацкоўвалі тых, хто на дне, на небяспечных для ўлады самцоў. У статку панавалі прынцыпы: «дзе суд, тамака і расправа», «іерарх заўсёды мае рацыю».

Іерархаў любілі самкі, дзеці ды самцы нізкіх рангаў. Толькі субдамінанты адчувалі да іх прыглушаную агрэсіўнасць. Калі вам падалося, што гэта грамадства няшчасных, вы памыляецеся: задаволеных -- бальшыня.

АД СТАТКА ДА ІМПЕРЫІ

Звычайныя іерархічныя сістэмы між хрыбтовымі жывёламі не надта вялікія па складзе і не ахопліваюць значных абшараў. Яны пабудаваныя такім чынам, што ранг кожнага (22KB) image002.jpgведамы кожнаму, г. зн. усе пазнаюць адзін аднаго. Калі ж існуе інстынктыўная праграма падтрымліваць дамінанта, дык яму неабавязкова ўсіх ведаць. Дастаткова, каб ведалі яго ды ягоных «шасцёрак». А лепш -- не ведаючы, пазнавалі. Дзеля гэтага, прыкладам, чалавек, скарыстоўвае сымбалі ўлады. Беручы іх у рукі, надзяваючы на галаву ці плечы, можна кіраваць якой заўгодна колькасцю людзей, ствараць масавыя, з ахопам вялікіх тэрыторыяў іерархічныя структуры, аж да дзяржавы.

Калі б мы не мелі праграмы падпарадкавання сымбалям, дык ці слухалі б некалькіх распарадчыкаў, што начапілі на руку павязку, альбо прамовы тых, хто ўзлез на ўзвышша? Каб арганізаваць ды павесці некуды натоўп, патрэбны сымбаль -- сцяг. Мараль вучыць: «не стварай сабе куміра», г. зн. яна раіць не захапляцца сымбалямі. Розум таксама падказвае не падпарадкоўвацца слепа сымбалям.

Калі ж у небяспецы нешта дарагое нам, мы кідаемся абараняць ягоны сымбаль, забываючыся на перасцярогі розуму. За сымбаль людзі кідаюцца і ў полымя і ў ваду, гінуць без развагаў. Абы пагроза сыходзіла ад іншых людзей. Са сцягамі ідуць на ворага, зрынаюць уладу, але ніхто не ідзе пад сцягамі змагацца з паводкаю, засухаю, пажарамі й г. д.

Выскалы і ўсмешкі. Іерархічныя сутычкі між людзьмі адбываюцца часцей, чым мы думаем. Аднак натуральным адборам створана шмат праграмаў, што прыпыняюць іх. Дэманстрацыя выскалу -- інстынктыўная праграма, распаўсюджаная між хрыбтовымі. Ейная мэта -- папярэдзіць пры сустрэчы з кім-небудзь пра сваю ўзброенасць. Прыматы карыстаюцца ёю пры кантактах. Чалавек таксама вышчэрвае зубы падчас страху ці гневу.

Але праграма паказу зубоў мае два больш мяккія варыянты. Першы -- ліслівая ўсмешка. Гэтак усміхаецца чалавек, калі пабойваецца суразмоўцы. Другі -- прыязная ўсмешка. Гэтак усміхаецца спакойны, упэўнены ў сабе чалавек. Па сутнасці, ён таксама паказвае, што ўзброены і ў вашай паблажлівасці патрэбы не мае. Але гэткая дэманстрацыя страху не выклікае, а, наадварот, уздзейнічае прыязна і супакойвае. Даўно ведама: вандроўнік з таталітарнае краіны, калі наведвае край. дзе людзі пачуваюцца вольна, напачатку дзівіцца, чаго гэта ўсе ўсміхаюцца адзін аднаму і яму таксама.

Заўважана: схільны да аўтарытарнасці начальнік, калі бачыць у зале паседжанняў падначаленых, якія ўсміхаюцца адзін аднаму, пачынае хвалявацца і патрабуе спыніць усмешкі. Усё проста. Па-першае, ён прывык, што супрацоўнікі ўсміхаюцца яму інакш -- лісліва. Па-другое -- калі начальнік падсвядома адчувае, што між падначаленымі ёсць людзі, якія пачуваюцца вольна, ён насцярожваецца: «Вольныя ад каго? Ад начальніка? Не баяцца? Значыцца, не паважаюць?»

Чаму тырана любяць. Калі кіраўнік блытае словы «баяцца» і «паважаць», ён робіць гэтак таму, што ў ім спрацоўвае прыроджаная праграма, як кантраляваць узровень агрэсіўнасці ў падначаленых асобінаў. Праграма мае два варыянты -- мяккі і жорсткі. Падчас канфлікту падначаленыя мусяць адчуваць да дамінанта страх, а ён да іх -- сумесь страху ды гневу. Падобны стан гняце, таму не мае быць доўгім. Зазвычай дзеля захавання супадпарадкавання дастаткова, каб падначаленыя зведвалі лёгкі страх. Дамінант успрымае гэты нармальны ўзровемь страху як дадатны сігнал. Цяперака ён можа паказаць падначаленым самыя мяккія формы дэманстрацыі перавагі -- паляпаць па спіне (лёгкае пакаранне), насупіць бровы, нечым заахвоціць. Генералы, якія гадаваліся ў жорсткім іерархічным асяродку, нават у афіцыйнай абстаноўцы заяўляюць, што «без атамнае зброі нас паважаць не будуць». У іх «баяцца» й «паважаць» -- адно і тое, проста слова «паважаць» (прыемней і «паважанаму» і тым, хто «паважае»).

У падпарадкаванай асобіны (30KB) image003.jpgў дачыненні да дамінанта ёсць праграма, што дае чатыры варыянты адчуванняў. Самы рэзкі -- безвыходная нянавісць. Наступны варыянт -- страх. 3 гэткімі пачуццямі вельмі цяжка жыць. Шмат змяняецца праз трэці варыянт: асобіна ўспрымае паводзіны дамінанта як належнае і хутка, без выбуху эмоцыяў, выдае дакладна адмераную дозу спакойных паводзінаў. А чацвёрты варыянт увогуле дзіўны. 3 прычыны неўсвядомленага страху да дамінанта асобіна па ўласнай ініцыятыве падпарадкоўваецца і паводзіць сябе пакорліва. Гэткія дабрахвотныя паводзіны і ёсць любоў. Любоў да дамінанта можа стацца моцнаю й асляпляльнаю, а значыць перабольшвае ягоныя вартасці. Згадайма, як любіць сабака. У кожнага з нас эмацыянальны водгук на людзей, якія пераўзыходзяць нас, прымае адзін з памянёных варыянтаў.

Калі вы ненавідзіце ўсіх, хто нечым вышэй за вас -- старэйшых вучняў, артыстаў, вучоных, пісьменнікаў, роднага бацьку,-- у вашай інстынктыўнай праграме нешта зрушылася. Здараецца і адваротнае: чалавек перад усімі, хто дамінуе над ім ці мог бы дамінаваць, паводзіць сябе лісліва, а ўсіх начальнікаў любіць. 3 вышэйпададзенага бачна, «чаму тыранаў любяць». Тыранія стварае атмасферу страху. Чалавеку цяжка жыць у заўсёдным страху: дамінант заняты мною -- страх павялічваецца. Чым дапамагае інстынктыўная праграма чалавеку ў гэткім безвыходным становішчы? Адным: пераключыцца на варыянт любові да заўсёды страшнага дамінанта. Адразу жыццё палепшае. Цяперака чым мацнейшая любоў, тым глыбей сядзіць страх. Безумоўна, між тымі, хто «любіць» тырана, шмат хто прыкідваецца. Але ёсць і іншыя -- феномены адданай любові.

«Штурхнуць мёртвага лева». Колькі не жадаюць тыранам жыць вечна, яны ўсё ж паміраюць. Тады грамадства падзяляецца. Тыя, каго не здолеў дэфармаваць, ушаноўваюць яго гэтулькі, колькі ён заслужыў, з іхнага гледзішча. Тыя, хто яго вельмі любіў, смуткуюць. Тыя, каму зрабіў нешта благое, радуюцца. Усе паводзяць сябе як і паводзілі. Але некаторыя мяняюць паводзіны ды імкнуцца, як казалі даўней, «штурхнуць мёртвага лева», дакладней, леапарда.

Людзі ставяцца да падобных зменаў па-рознаму. Адным гэткія паводзіны падаюцца абуральнымі, другія іх ухваляюць. Мяркуюць, быццам гэтым яны «выціскаюць» з сябе па кроплі нявольніка. Нявольніка трэба было выціскаць, пакуль жыў тыран. А як чалавек гэтым не займаўся, дык пасля смерці тырана нявольніцкае з сябе ўжо не выціснеш. 3 эталогіі ведама: у малаагрэсіўнай ад прыроды асобіны любога віду жывёлаў на працягу доўгага часу ейнага прыгнечання агрэсіўнасць на каго-небудзь не пераадрасуецца. Адрасат адзін -- прыгнятальнік, але асобіна не адважваецца неяк яе выявіць. Калі ён гіне, страх знікае. І назапашаная агрэсіўнасць спаганяецца, але на нежывога адрасата. Зацемілі, што людзі, якія штурхаюць мёртвага лева, зазвычай добрыя людзі. Наадварот, «дно» ды вельмі дрэнныя людзі цкуюць, караюць скінутага зверхніка.

Звернемся да нашага генетычнага багажу, і пераканаемся, што ў ім ёсць спадчына, якая дасталася нам ад продкаў -- статкавых малпаў афрыканскае саванны. Што гэтыя праграмы паводзінаў спрацоўваюць і задаюць пэўны кірунак некаторых бакоў нашых сацыяльных паводзінаў, абмяжоўваючы магчымасць вольнага выбару. Што сляпое ці напаўсляпое выкананне іх вядзе да таго, што людзі лёгка фармуюць аўтакратычныя ці герантакратычныя (алігархічныя) іерархіі, аж да вельмі вялікіх, у якіх бальшыня можа не ведаць адно аднаго. Што гэтыя структуры лёгка мілітарызуюцца ды шукаюць прычыны дзеля ўзброеных сутычак. (Зірніце, як падзяляюцца сацыялістычныя краіны.)

Зразумець гэта не бескарысна, не толькі дзеля таго, каб лепш зразумець гісторыю ды падзеі, удзельнікамі якіх мы сталі. Галоўнае -- урокі на будучыню. Сведамы чалавек не спадзяецца на выратавальнасць стыхійнага прыходу да ўлады моцнай асобы: ён зараней ведае, які «парадак» гэтая асоба наладзіць. Не спадзяецца ён і на тое, што неяк будзе, бо ведае, будзе горш. Урэшце, ён не захапляецца заклікамі ні нацыстаў, ні рэлігійных фундаменталістаў, ні анархістаў, ні камуністаў. Бо першыя і другія вызнаюць жорсткую іерархію, пабудаваную на адпаведных інстынктах, а трэція і чацвёртыя аддаюць грамадства ва ўладу тых біялагічных інстынктаў, існаванне якіх яны зацята адмаўляюць у тэорыі.


3. Вандроўка па гісторыі з падручнікам эталогіі

Аўтакратычныя рэжымы абапіраюцца на інстынктыўныя праграмы

Багацце і галеча імперыяў. Гісторык і этолаг па-рознаму ўспрымаюць маГутныя аўтакратычныя ды таталітарныя дзяржавы мінулага й сучаснага. Гісторыку гэтыя шматпрыступкавыя іерархічныя ўтварэнні бачацца ў дасягненнях розуму, цудоўнай арганізацыі, геніяльных цароў і правадыроў. Яны ўзвышаюцца над арганізацыяй іншых плямёнаў і народаў, нібы егіпецкія піраміды ў барханах.

Для этолага -- гэта прымітыўныя самаўтвораныя структуры, што разрасліся да вялізных памераў. Іх стварылі не геніі, а «паханы». Самазбор геаметрычна дасканалых структураў бывае і ў нежывой прыродзе. Кожны мог назіраць, як у насычаным растворы самазбіраюцца прыгожыя крышталікі. Хто не захапляўся мудрагелістай формай сняжынак, што ўтвараюцца з пары вады ў паветры! Вада мае некалькі варыянтаў (праграмаў) самазбору, таму ў залежнасці ад знешніх умоваў утвараюцца розныя сняжынкі.

У выніку інстынктыўных праграмаў людзі самазбіраюцца ў іерархічныя піраміды, што амаль непазбежна, як і ўтварэнне крышталікаў. Калі задзейнічаць увесь шэраг іерархічных праграмаў, людзі могуць стварыць вялізных маштабаў, але прымітыўную структуру супадпарадкавання -- аўтарытарную імперыю. Гэтая структура зусім не самая лепшая для кожнага чалавека і ўсіх разам ці самае эфектыўнае ды правільнае з таго, што маглі стварыць людзі. Яна -- самае простае. 3 эталагічнага гледзішча, стварыць аўтакратычную дзяржаву -- гэта не ўзняцца на вяршыню, дзеля чаго патрэбныя дакладна скіраваныя намаганні, а скаціцца ў лейку, калі можна ці нічога не рабіць, ці дзейнічаць няправільна, боўтацца. Думка нечаканая, але прадуктыўная.

«Чалавек - жывёла палітычная»,-- напісаў некалі Арыстоцель, знаўца жывёлаў ды стваральнік заалогіі. Палітычнае -- гэта поліснае, што ўтварае структуру іерархічна сфармаванага паселішча, як мурашка -- жывёла мурашкавая, азёрная чайка -- каланіяльная, мядзведзь -- тэрытарыяльная, бусел -- сямейная.

Калі падсвядомасць вызначае свядомасць. Мы пазнаёміліся з уладаю як праявай іерархічных законаў. Але між людзьмі існуюць яшчэ і матэрыяльныя дачыненні. Як жа было ў продкаў? У калектыўных насякомых складана арганізаваны, з падзелам працы, вытвар ежы ды будаўніцтва значаць усё. У прыматаў жа інакш (чалавек -- выключэнне). Але некаторыя матэрыяльныя стасункі між імі існуюць. Яны маюць інстынктыўную аснову, якая, без сумлеву, зрабіла сваё, калі чалавек распачаў вытвар матэрыяльных дабротаў.

Колішнія ўяўленні пра доўгія сотні тысячаў гадоў паляванняў на буйных звяроў, а таксама і спрэчкі гуманітарыяў пра тое, як дзялілі продкі чалавека здабычу, цяперака сталі анахранізмам. Перыяд Вялікіх Паляванняў быў кароткім шчаслівым імгненнем, яго прайшло не ўсё чалавецтва, і паляўнічыя амаль паўсюль вымерлі, а не ператварыліся ў земляробаў. Падчас тых больш чым паўтара мільёнаў гадоў, пакуль адбывалася біялагічная эвалюцыя продкаў разумнага чалавека, тушы жывёлаў не здабывалі, а знаходзілі. Што робяць у такім выпадку звяры ды птушкі ў добра вывучанай саванне, ведама: яны ахоўваюць знаходку, хутка яе разбіраюць, расцягваюць кавалкамі і ядуць, колькі ўлезе. Захоўваць ці цягаць з сабою няз'едзенае няма сэнсу. Тамака нават прайду (устойлівай групе) леваў ды леапарду не заўсёды ўдаецца ўсцерагчы здабычу ад гіенаў ды гіенавых сабакаў. А грыфы ды сіпы бачаць усё зверху. Слабым, невідушчым у цемры людзям (нам цяперака ведама, што ні вогнішчаў, ні сабакаў яны не мелі) цярпець дзеля рэшткаў ежы напады зграяў гіенаў ці нават лева-адзінца, які таксама харчуецца чужымі недаедкамі, было б глупствам.

Вялікія запасы харчу ўпершыню, відаць, з'явіліся ў раслінагадоўчых папуляцыях па зборы ўраджаю. 3 прычыны разнароднага размеркавання прыдатных на сяўбу дзялянак ды прывязкі да іх, у такіх групах мусела слабнуць абарончая структура. Вось тады імі, разам з уласнасцю, і магла завалодаць іерархічна з'яднаная група людзей, якія нічога не вырабляюць. Яна магла выступіць як захопнік, а магла як дабрахвотна-прымусовы абаронца ад іншых захопнікаў. Яна магла быць тутэйшаю, з гэткай жа гаворкаю, а магла быць і прышлаю. 3 якімі ж прыроджанымі праграмамі людзі маглі ўступаць у эканамічныя ўзаемадачыненні? 3 тымі, што мелі іхныя продкі заўсёды.

Шэсць спосабаў прысвоіць чужое. Амаль усе віды калектыўных жывёлаў маюць шэсць прыроджаных праграмаў здабывання чужога дабра.

Першая -- захоп крыніцы дабротаў: разнастайнага на корм месца, пладаносных раслінаў, статка маларухомых жывёлаў, трупа, вады ды г. д. Захопленае дабро трымаецца сілай: і ўсіх, каго здолеюць прагнаць, праганяюць. Дзеянне гэтай праграмы можна назіраць, калі сініцы змагаюцца за кармушку. Пасля некалькіх сутычак ёю авалодвае самы настырны самец і нікога не падпускае да ежы. Сініцы -- прыклад усім ведамы, але вельмі просты. Некаторыя віды маюць больш вытанчаныя прыёмы ўтрымання крыніцы дабротаў, асабліва калі гэта робіцца гуртам. У чалавека такая праграма выяўляецца яшчэ ў дзяцінстве. Зазвычай крыніцу дабротаў утрымлівае моцная асобіна, і ўжо сам факт валодання ёю -- прыкмета сілы ды ўлады.

Другая -- адбіранне чужой уласнасці сілком, скарыстоўваючы сваю фізічную перавагу (рабаўніцтва). Дзеці рабуюць раней, чым пачынаюць гаварыць.

Трэцяя-- адбіранне дабротаў у ніжэйшых рангам без сутычак, «па праву» дамінавання. Гэта -- адзін са спосабаў усталявання іерархіі (некаторыя віды так робяць заўжды, хаця 6 сымбалічна). Гэтак паводзяць сябе і калектыўныя малпы. Падпарадкаваныя асобіны не толькі пакорліва аддаюць усё дамінанту, але й апярэджваюць ягоны гнеў, "кожны сам яму прыносіць ды дзякуй гаворыць". Адразу нават не даўмеешся, даніна гэта ці падарунак. Шмат цікавага ды прыкрага ўзнікла на гэтай глебе ў людзей. Заўсягды начальнікі вымагалі «падарункі». Колькі стэлаў захавалася з пералікам ды выявамі пддданых, што стаяць доўгім гужам з данінай тырану.

Нам важнае іншае: перадача дароў знізу ўверх па іерархічнай пірамідзе «натуральная» для людзей у тым сэнсе, што мае добра адпрацаваную інстынктыўную аснову.

Чацвёртая праграма раздабывання чужой уласнасці -- крадзеж. Ён прынцыпова адрозніваецца ад рабавання, бо робіць гэта асобіна ніжэйшага рангу. Таму жывёлы крадуць таемна, строяць розныя хітрыкі, а потым уцякаюць ды хаваюць здабычу ці з'ядаюць. Калі ў жывёлы запускаецца праграма зладзейства, дык яна адразу папярэджвае пра забарону: зловяць -- адлупцуюць. Зладзейства ў малпаў з прычыны жорсткай структуры квітнее на ўсю моц. Чалавек -- таксама істота памаўзлівая.

Пятая праграма -- папрашайніцтва. На гэта здольныя амаль усе жывёлы. Згадайма заапарк: гэта збор папрашаек розных відаў. Часцяком пастава папрашайніцтва імітуе паставу дзіцяняці, якое выпрошвае ежу. Малпы -- заўзятыя папрашайкі, гэта ўсім ведама. Просяць яны вельмі настойліва і з такою жальбою, што не даць ім немагчыма. Папрашайніцтва заўсягды адрасаванае наверх: ці звернута да таго, хто захапіў крыніцу дабротаў, ці да больш моцнай асобіны, ці роўнай па рангу. Без сумлеву, выпрошваюць у асноўным малпы, якія знаходзяцца ўнізе. У чалавека папрашайніцтва развіта мацней, ніж у малпаў: мы заўсёды просім што-небудзь ці вымушаныя прасіць.

Урэшце, шостая праграма -- абмен. Ён распаўсюджаны між малпамі ды груганамі. Мяняюцца жывёлы аднаго рангу. Малпы ды крумкачы заўжды імкнуцца схлусіць: яны маюць хітрыя праграмы, як абдурыць супольніка, падсунуць яму не тое, захапіць абодва прадметы, якімі мяняліся, ды г. д. У чалавека абмен таксама развіты, і падсвядомы ягоны бок -- выгада («не схлусіш -- не прадасі»), Сумленны ўзаемавыгадны абмен -- пазнейшае дасягненне розуму, што змагаецца з махлярскай інстынктыўнай праграмай.

Чыё аблічча мае сацыялізм? У мінулым стагоддзі, калі пра жыццё малпаў ведалі няшмат, звесткі пра тое, як яны дзеляцца ежаю, у некаторых выклікалі замілаванне. Варта развіць гэтую звычку -- і атрымаеш грамадства справядлівага размеркавання ў продкаў чалавека. У нашым стагоддзі некаторыя ўпрошвалі заолагаў: знайдзіце «зародкі», яны вельмі патрэбныя на падмурак Правільнага Вучэння! Але дарэмна. Не знайшлі. Затое выявілі іншае. Іерархі статкавых малпаў ніколі не дзеляцца з іншымі самцамі тым, што здабылі самыя. Яны раздаюць адабранае, прычым тое, што самому не патрэбна. Вандроўнае жыццё вымагае: калі не з'еў ці не схаваў за шчоку, кідай ці «размяркоўвай». Адорваюць «шэсцёрак» ды самых прыніжаных папрашаек, часцяком некалькі разоў даюць падачку і зноў адбіраюць. Гэткая працэдура -- не клопат, а яшчэ адзін спосаб прадэманстраваць іерархічную перавагу.

Этолагі правялі над малпамі шмат доследаў дзеля вывучэння матэрыяльных дачыненняў. Калі павіянаў у загоне навучыць замыкаць куфэрак, яны адразу сцямяць, як зручна захоўваць у ім пажыткі. Дамінант, маючы куфэрак, назапашвае адабранае і нічога не раздае. Калі ўсе атрымліваюць па куфэрку -- дамінант збірае іх ля сябе. Другі дослед: малпаў навучылі качаць пэўны час рычаг і мець за гэта жэтон, на які можна праз аўтамат купіць тое, што за шклом. Суполка адразу падзялілася: адны зараблялі жэтон, астатнія жабравалі ля аўтамата, а дамінанты -- рабавалі, прычым сцямілі, што адбіраць жэтоны, якія можна хаваць за шчакою, лепш, ніж куплены працаўніком харч. Апошнія таксама падзяліліся на два тыпы: адны працавалі на запас і збіралі жэтоны, іншыя, атрымаўшы іх, адразу праядалі. Бегам часу працаўнікі, якіх рабавалі дамінанты, адчаіліся ды таксама пачалі працаваць на адзін жэтон і адразу яго расходаваць. 3 доследаў вынікае: на грунце сваіх інстынктыўных праграмаў прыматы камунізму не будуюць. Яны будуюць заўсёды адно і тое -- «рэальны сацыялізм».

Правобраз «дзяржавы новага тыпу». Гісторыкі ды мысліцелі XIX ст. лічылі першымі дзяржавамі нявольніцкія дэспатыі Сярэдняга Ўсходу. Нам жа цяперака ведама, што дэспатыям папярэднічалі палацы-дзяржавы -- на Сярэднім Усходзе, у Міжземнамор'і, Індыі, Кітаі, а таксама на Амерыканскім кантыненце (што вельмі важна, бо гэта незалежныя цывілізацыі). На сёння яны самыя першыя дзяржавы ў гісторыі чалавецтва. Іхнае ўладкаванне напачатку падавалася дзіўным: у цэнтры -- вялікая будыніна, лабірынт нейкіх збудаванняў. Па часе выявілася, што гэта ўсялякія склады. Некаторыя дзяржавы мелі пісьмовасць, здабыткі якой займаюць частку памяшканняў -- архівы. Змест тэкстаў ведамы: парады -- што, дзе, калі сеяць, жаць, даіць, колькі чаго паставіць у засекі, калі, каму, якія будаўнічыя ды транспартныя работы выконваць. Рабілі ўсё гэта навакольныя паселішчы, дзе магло сяліцца тамтэйшае жыхарства, у якога адабралі права на ініцыятыву, напаўвольныя прыгонныя, заваяваныя абарыгены, здабытыя падчас вайны дзяржаўныя нявольнікі,-- не надта важна. Кіравала імі (дзеля іхнага шчасця, вядома), пабудаваная паводле іерархічнага прынцыпу, цэнтралізаваная сістэма чыноўнікаў. На вяршыні піраміды месцілася, мабыць, некалькі чалавек. Калі цар і быў, дык толькі вайсковым правадыром. Фармальна ўласнасць знаходзілася ў руках дзяржавы, чыноўнікі ж толькі вялі ўлік, збіралі ды... гнаілі (пра гэта сведчаць раскопкі складаў). 3 чатырох дзеянняў арыфметыкі ім хапала двух: адняць ды падзяліць. Гэткая эканамічная сістэма складаецца вельмі лёгка з тых інстынктаў-кубікаў, якія маюць прыматы, ды ім адпавядае, падобна да таго, як структура ўлады складаецца з іерархічных кубікаў.

Час сцёр дзяржавы-засекі. Але калі ў нашым XX ст., тэхнічна больш дасканалым, людзей прымусілі будаваць свае краіны паводле ўтапічнага, г. зн. невыканальнага праекту, яны пабудавалі тое, што змаглі. Гэта неэфектыўная звышцэнтралізаваная сістэма, у якой пазбаўленыя ўласнасці ды ініцыятывы «масы» дрэнна працуюць, жабрачаць, крадуць, а вялізная адміністратыўная піраміда, што ўзвышаецца над імі, рабуе ды паглынае шмат з адабранага ў засекі. Такая сістэма -- адпаведнік дзяржаваў-палацаў, пабудаваных на заранку гісторыі. Як бачым, інстынкты, што ператвараюць гэткую прывабную на паперы ідэю сацыялізму ў вырадка, захаваліся, нідзе не падзеліся за 3--5 тыс. гадоў.

«Рэальны сацыялізм», як усялякі нізкі стан, падобны да лейкі: туды проста скаціцца, але вельмі цяжка выкараскацца. Таму крах камуністычнай ідэалогіі ў сацыялістычных краінах хутка нічога не зменіць. Ім давядзецца яшчэ доўга боўтацца ў шчамлётках сацыялістычнай эканомікі. Усё адно, якімі «несацыялістычнымі» словамі будзе менавацца гэты стан.

Ведамы адзін спосаб супрацьстаяння гэтым інстынктам. Аснову грамадства павінны складаць незалежныя вытворцы, якія маюць нешта сваё (зямлю, хату, прылады працы, акцыі ды г. д.) дзе.ля таго, каб пачуццё ўласнай годнасці ды ўпэўненасць у сваёй сіле былі зыходным пунктам, калі мозг неўсвядомлена выбірае адпаведныя праграмы паводзінаў.

Менавіта грамадства свабоднага прадпрымальніцтва здольнае ажыццявіць у прымальнай людзям форме болей сацыялістычных ідэалаў, ніж грамадства «рэальнага сацыялізму».

Камуністычная ідэя нязбытная менавіта таму, што не адпавядае нашым інстынктыўным праграмам. Гэткае грамадства немагчымае для людзей нават на кароткі тэрмін. Дзеля яго патрэбны іншы чалавек. Але іншага няма.

Калектыўныя насякомыя (тэрміты, восы, пчолы, мурашкі) маюць інстынктыўныя праграмы, што дазваляюць утварыць «камуністычнае грамадства», дзе пануюць разумныя правілы паводзінаў, а ежа размяркоўваецца адпаведна патрэбам кожнага. Між імі магчымая камуністычная цывілізацыя. Але ж будаўнікі сацыялізму ці свабоднага прадпрымальніцтва пацярпелі б паразу, каб з'явіліся тамака. Бо мурашкі -- жывёлы мурашкавыя, а не палітычныя. Арыстоцель зразумеў, што паводзіны чалавека абумоўленыя ягоным першабытным, жывёльным мінулым. Шмат хто ў выразе «чалавек -- жывёла палітычная» шукаў таемны, алегарычны сэнс, абыходзячы літаральны.

Крытыка нячыстага розуму. Арыстоцель жыў, калі на Балканах дэмакратычныя дзяржавы знікалі адна за адной, саступаючы алігархіі, а македонскія цары Філіп ды ягоны сын Аляксандр пачалі ствараць аўтакратычную імперыю з замахам на сусветную. Так што Арыстоцелю было ведама, што аўтакратыя ды алігархія -- не адзіныя формы ўзаемадачыненняў, на якія здатная «таварыская прырода чалавека». Яна здольная стварыць і дэмакратыю. Але пра гэта потым. А зараз згадайма, да чаго дадумаліся за 2,5 тысячы гадоў тыя філосафы, якія лічылі дэмакратыю выпадковым тупіковым эпізодам антычнай гісторыі, а галоўным шляхам чалавецтва падавалася іерархічная дзяржава. А дадумаліся яны (I. Кант і іншыя нямецкія філосафы) да «арганічнай тэорыі». Паводле яе, дзяржава і права не плён чалавечага досведу і разумовай дзейнасці людзей, а нібыта нейкі надарганізм, створаны богам. Яна мае пірамідальную структуру на чале з манархам, пажадана адукаваным і абавязкова з неабмежаванаю ўладаю.

Гэтая тэорыя дае этолагам адно неакрэсленае ўсведамленне таго, што прынцыпы, паводле якіх збіраецца піраміда, і характар дзеянняў людзей (іхная мараль, этыка, права) імі не прыдуманыя, а закладзеныя нібыта першапачатна. Кім? Кант меркаваў, што богам, а этолагі -- што інстынктыўнымі праграмамі, атрыманымі намі ад продкаў, якія жылі ў іншых умовах.

Этолагам ведама, што гэтыя праграмы недасканалыя, не ўсе прыдатныя сучаснаму грамадству, а некаторыя нават гнюсныя; філосафы ж палічылі іх за ідэальныя, вельмі дасканалыя. 3 нашага з вамі гледзішча, кіруючыся гэтымі праграмамі, пабудуеш нешта агіднае ды крыважэрнае, а з гледзішча філосафаў -- ідэальную дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту.

Далейшы развой згаданага кірунку філасофскай «думкі» відавочны: дзеля паспяховага стварэння гэткай дзяржавы ёй трэба надаць (ці ўзяць самой) неабмежаваныя паўнамоцтвы над людзьмі, узвысіцца над законамі, нават уласнымі. У XX ст. Мусаліні ды Гітлер атрымалі мажлівасць праверыць на людзях тэорыю падобнай дзяржавы, а Ленін, Сталін ды іхныя шматлікія наступнікі ў многіх краінах стварылі таталітарныя дзяржавы. Аграмадныя доследы на сотнях мільёнаў людзей паказалі, што на грунце татальнага падпарадкавання грамадства іерархічнаму прынцыпу ўзнікае пачвара, што паглынае людзей.

На жаль, досвед мала дае чалавецтву. Таму таталітарныя рэжымы будуць узнікаць зноў і зноў, калі не змагацца з імі. Бо яны рэгенеруюць ды самазбіраюцца.

Дэмакратыя - плен розуму, але не толькі яго

На наша шчасце, іерархічныя праграмы зносінаў -- не адзіныя праграмы зносінаў, закладзеныя некалі ў нас натуральным адборам. Існуюць альтэрнатыўныя праграмы, на падставе якіх мы можам ладзіць іншыя стасункі.

Абдымкі ды ўсмешкі. Усе малпы лёгка ўзрушваюцца, яны зласлівыя, агрэсіўныя, крыўдлівыя, злапамятлівыя. Але пры гэтым вельмі таварыскія. Супярэчлівае спалучэнне. Нядзіва, што яны маюць шмат спосабаў аслабляць канфлікты. Між рытуалаў вітання, усмешак, паляпвання па спіне, выдавання ежы асаблівая роля надаецца абдымкам. Нашыя бліжэйшыя цяперашнія сваякі -- шымпанзэ -- вельмі любяць абдымацца. Яны могуць доўга сядзець у абдымку і атрымліваць ад гэтага задавальненне, супакаенне. Найчасцей шымпанзэ абдымаюць адно аднаго, каб папярэдзіць раздражненне, крыўду. І паспяхова. Чытачам ведамы адзін від гэтых малпаў, але існуе іншы від (ці падвід) -- карлікавы шымпанзэ. Ён вельмі лагодны і ўсміхаецца, як добразычлівае, шчаслівае дзіця. Карлікавыя шымпанзэ жывуць гуртам, захоўваюць іерархію, але ейнае высвятленне адымае няшмат часу. Аднак яны падоўгу супакойваюць, улагоджваюць адно аднаго ўсмешкамі, абдымкамі, чысцяць поўсць, «вышукваюць вошы» ў галаве.

Усе гэтыя праграмы супакойвання (і перабіранне валасоў на галаве) мае і чалавек, і ён умее імі карыстацца. Людзі, як і карлікавыя шымпанзэ, здольныя ладзіць адносіны, дзе агрэсіўнасці амаль няма, іерархія не перашкаджае дружалюбным прыемным сувязям. Адпаведныя традыцыі ды выхаванне да зваляюць шмат чаго дасягнуць. Некалі амерыканцы ўведалі магічны эфект адной з усмешак чалавека. Ейнае адлюстраванне было ўсюды, ёю ўсміхаліся самыя знаныя ў краіне людзі. Шыльдачкі «Усміхніся!» з'явіліся на дзвярах установаў касах крамаў. Мінуў час -- і Амерыка навучылася ды прызвычаілася ўсміхацца. Напачатку амерыканская задума еўрапейцам падалася дзіўнаю, нават крывадушнай. Калі ж пабачылі вынік -- змяншэнне агрэсіўнасці, і яны пачалі вучыцца магічнай усмешцы. Сакрэт у тым, што, калі два чалавекі ўсміхнуцца адно аднаму, іерархічная праграма кожнага ўспрымае ўсмешку як лагодную, але ўпэўненую гатоўнасць да адпору, а другая праграма -- як заахвочванне. У выніку «недзе тамака» прымаецца падсвядомае рашэнне: можна не баяцца, усё абыдзецца без высвятлення іерархічнага становішча, можна палічыць сустрэчнага за роўнага сабе.

Пра свой ранг можна не клапаціцца. Этолагі выявілі: у некаторых відаў калектыўных жывёлаў ёсць асобіны, якія ўхіляюцца ад іерархічных сутычак. Не таму, што баяцца -- ім гэта не цікава. Многіх людей іерархічная барацьба таксама не цікавіць. Дзеля іх існуюць іншыя каштоўнасці, іншыя спосабы самасцверджання. Між шымпанзэ, што жывуць на прыродзе, сустракаюцца асобіны, у тым ліку і мужчынскага полу, якія не займаюць ні самага высокага, ні самага нізкага становішча. Зазвычай у іерархічных сутычках яны ўдзелу не бяруць, а робяць свае справы ці імкнуцца памірыць, прычым паспяхова, ворагаў, абдымаюць іх. У гуртах шымпанзэ шмат увагі надаецца сімпатыям, на грунце якіх ладзяцца дружалюбныя сувязі, іншым разам прыязныя і працяглыя. Аказваецца, з самцамі, што не любяць пастаянна сцвярджаць сваё становішча, могуць сябраваць іерархічныя самцы, улучна і высокага рангу.

Апроч стасункаў «на роўных», шымпанзэ маюць заступніцкае сяброўства, калі старэйшы ды мацнейшы абараняе малодшага ды слабейшага, а той паводзіць сябе без падлашчвання. Назіраюцца і іншыя праявы альтруісцкіх паводзінаў: выдаванне ежы, суперажыванне чужых поспехаў, няўдачаў, пакутаў, узаемнае навучанне. Дарослыя сёстры клапоцяцца пра дзіцянят, старэйшыя дочкі дапамагаюць маці.

Мноства праграмаў дазваляе выбіраць. Антыагрэсіўныя ды альтруісцкія праграмы паводзінаў шымпанзэ, без сумлеву, блізкія да падобных праграмаў нашых паводзінаў. Даследнікі мяркуюць, што іх мелі і продкі чалавека. Але ў шымпанзэ няма набору праграмаў жорсткай іерархіі ды баявой арганізацыі, якія маем мы ды павіяны. Таму гурт шымпанзэ не здольны да складаных і дакладных абарончых дзеянняў і тэрытарыяльных войнаў. Ды яны ім не патрэбныя пры іхным ладзе жыцця ды ўмельстве лазіць па дрэвах, ад якіх яны зазвычай далёка не адыхадзяць. Начуюць шымпанзэ таксама ў бяспецы, ладзячы гнёзды на галінах дрэваў.

Падвойны набор праграмаў сацыяльных паводзінаў чалавека дазваляе разнастаіць варыянты, у выніку чаго мы можам утвараць розныя грамадскія структуры -- ад жорсткіх аўтарытарных бандаў да амаль пазбаўленых іерархіі клубаў.

Што такое «інстынкт свабоды»?

Пра гэты «інстынкт» часцяком пішуць гуманітарыі нібы пра нешта бясспрэчнае ды ўласцівае чалавеку. Этолагу цяжка зразумець, што яны маюць на ўвазе і з якімі сапраўды існуючымі ў чалавека інстынктамі яго можна звязаць. Калі «свабода» -- гэта магчымасць рабіць, што захочацца, быць незалежным, нікому не падпарадкоўвацца, мець усё, што хочаш, дык гэткай «свабоды» жывёла дасягне, калі зойме вяршыню піраміды, а чалавек -- маючы ўладу і багацце. Калі свабода -- гэта няўдзел у іерархічных сутычках, дык і такую праграму мы маем, але жыць адпаведна ёй хоча мала хто. Бо яна прадугледжвае, што я не толькі нікому не падпарадкоўваюся, але й нікога не падпарадкоўваю сабе. Дому, маёмасці, сям'і, дзяцей мне лепш не мець: па-першае, гэта ўсё трэба абараняць, а па-другое, яны абмяжоўваюць свабоду. Атрымліваецца свабода індыйскіх гімнапедыяў, старажытнагрэцкіх кінікаў, нядаўніх хіпі, сучасных панкаў ды бяздомных.

Ёсць яшчэ стан «волі» -- рабіць менавіта тое, што забаронена мараллю ды нормамі грамадства і не рабіць таго, што трэба. Схільныя да гэтага шмат якія жывёлы, асабліва маладыя ці якія апынуліся на дне піраміды. Яна выяўляецца ў выглядзе саманавучання ў малых, пратэсту -- у падлеткаў, у крымінальнай форме -- у зладзеяў, разбойнікаў і да т. п.

Хутчэй за ўсё, некаторыя, гаворачы аб інстынкце свабоды, аб'ядноўваюць усе тры імкненні. У гэткім выглядзе «свабода» недасягальная для ўсіх і разбуральная для грамадства. Калі ж «свабоду жыць, як мне хочацца» абмежаваць пэўнымі прававымі рамкамі, яна хаця б патэнцыяльна здзяйсняльная для бальшыні людзей у больш-менш прававой дэмакратычнай дзяржаве, што прызнае за пункт адліку для ўсіх законаў ды рашэнняў пэўны пералік правоўчалавека.

Адкуль узялася дэмакратыя? Дэмакратычная форма арганізацыі нават маленькага грамадства, супраць аўтарытарнага, немагчымая, калі складнікі гэтага грамадства не ўмеюць гаварыць. Толькі мімікай ды рухамі калектыўна не абмяркуеш складаных пытанняў, не выпрацуеш іхнага вырашэння. Таму нівод-- ную калектыўную арганізацыю жывёлаў, нават самую добразычлівую да кожнага ўдзельніка (прыкладам, дэльфіны), нельга менаваць дэмакратыяй у чалавечым разуменні.

Калі дэмакратыя немагчымая без слова, дык, зразумела, да ўзнікнення мовы яе ў нашых продкаў не было. Здаецца, групы загонных паляўнічых -- прыдатнае асяроддзе дзеля з'яўлення зародкаў дэмакратычных узаемадачыненняў. Адным з ейных наступнікаў была «ваенная дэмакратыя» напаўрабаўнікоў-напаўгандляроў, што плавалі на караблях. Старажытныя грэкі першыя ажыццявілі яе ў сваіх гарадах, стала змагаючыся з тыраніяй ды алігархіяй, г. зн. будовамі іерархічнымі. Грэкі вынайшлі просты механізм: тыя, хто свабодны, маюць дом, уласнасць, сям'ю, утвараюць сход, дзе прымаюцца законы па абароне гэтых каштоўнасцяў (а яны адпавядаюць інстынктыўным патрэбам чалавека). Гэтакі спосаб, без сумлеву, не дае ўлады самым кампетэнтным, але перашкаджае прарвацца да ўлады самым настырным. Усе спрэчныя пытанні на падставе законаў вырашае суд, дзе кожны мае мажлівасць абвінавачваць і абараняць. Суд ахаваны ад захопу напорыстымі грамадзянамі сваёй шматлікасцю: ён ахоплівае сотні грамадзянаў. Урэшце, людзей, што выявілі схільнасць да захопу ўлады ці набылі небяспечна вялікі ўплыў на грамадзянаў, народны сход паддае астракізму -- выгнанню па выніках таемнага галасавання. Сучасная дэмакратыя клапоціцца пра захаванне магчымасці займацца палітыкай тым, хто застаўся ў меншасці (толькі ў межах законных дзеянняў). Грэкі да меншасці гэтак не ставіліся, бо яна была супраць дэмакратычнага ладу, імкнулася яго скінуць.

Чаму дэмакратыю трэба ўвесь час абараняць? Ці можа гэткая сістэма з'явіцца сама па сабе, на падставе інстынктыўных праграмаў? Без сумлеву, не. Гэта вынік працы розуму, прадуманая сістэма калектыўнай перашкоды ўтварэнню іерархічнай пірамідальнай структуры з прагнымі да ўлады асобінамі. Яе неабходна падтрымліваць палітычнай актыўнасцю грамадзянаў. Старажытным грэкам не ўдавалася ўтрымаць поліс у стане стабільнай дэмакратыі. Іншым разам, абапіраючыся на падтрымку незадаволеных, уладу захопліваў чарговы важак ды наладжваў аўтарытарны парадак -- тыранію. Па ягонай смерці менш рашучыя наступнікі ўтваралі алігархію -- «калектыўную» ўладу «найлепшых», якая паступова слабела нагэтулькі, што ўдавалася аднавіць дэмакратыю. Арыстоцель вельмі дакладна апісаў гэты кругазварот: дэмакратыя змяняецца на тыранію, тая -- на алігархію, а яна -- зноў на дэмакратыю. Магчымасць «хады па арыстоцелевым коле» існуе і цяпер, але зусім не абавязковая, як у грэцкіх полісах, бо кожная форма кіравання навучылася сябе абараняць.

Дэмакратычнае грамадства з'явілдся і доўга існавала ў Старажытным Рыме, дзе было добра аформлена юрыдычна. Рымляне вынайшлі найбольш эфектыўны, чым жэрабя, метад займання кіроўных пасадаў -- выбары праз выбарчую кампанію; гэтакі ж спосаб ужываўся дзеля камплектавання прадстаўнічых калегіяльных органаў. Рымская дэмакратыя дэградавала з прычыны празмернага пашырэння межаў ўладаванняў гэтага горада-дзяржавы. Ва ўмовах падпарадкавання Рыму ўсё новых народаў дэмакратычная сістэма ператварылася ў цэнтралізаваную імперскую, а ў імперыі дэмакратыя неэфектыўная і таму немагчымая.

Дэмакратыя з'явіцца з павагі «натуральных правоў». Зніклая на сотні гадоу, дэмакратыя паступова, крок за крокам, пачала нараджацца ў Англіі, а потым і ў іншых краінах. 3 аднаго боку, яна скарыстоўвала дасягненні рымскага права, што стваралася блізу тысячу гадоў -- ад Законаў 12 табліцаў (450 г. да н. э.) да Кодэксу Юстыніяна (525 г. н. э.). А з другога -- грунтавалася на тэорыі пра «дагаворную дзяржаву» Т. Гобса і Дж. Лока. Згодна з гэтай тэорыяй, чалавек спрадвечна (у «натуральным стане») адчувае за сабою права на свабоду ды ўласнасць і хоча, каб яны былі абароненыя ад замахаў, а з другога боку, схільны квапіцца на свабоду і ўласнасць іншых.

3 гледзішча сучасных ведаў эталогіі гэта правільна. І тыя і другія прыроджаныя праграмы мае чалавек, але паводле тэорыі дамоўленасці, у выніку ўзнікае барацьба ўсіх супраць усіх, анархія ды хаос. Этолаг згодны толькі з першай часткай фразы (пра барацьбу). Барацьба сканчаецца не «першабытным хаосам», а іерархічнай структурай, што можа пераўтварыцца ў дзяржаву аўтакратычнага кшталту.

«Тэорыя дамоўленасці» разглядае іншы шлях: узаемазацікаўленыя людзі дамаўляюцца аб абмежаванні сваіх правоў такім чынам, каб права на свабоду ды ўласнасць было забяспечана ўсім. Падчас выпрацоўкі законаў і вырашэння спрэчных пытанняў яны бяруць за аснову маральныя пастулаты, якія мае кожны чалавек. Створаная гэтакім чынам дзяржава -- вынік барацьбы розуму супраць «натуральнага стану». Этолагу падабаецца найперш разуменне таго, што маральнасць маецца ў чалавека першапачатна. Яны называюць яе прыроджанай мараллю, прыроджанымі забаронамі. Дзяржава, пабудаваная дзеля абароны правоў чалавека і заснаваная на законах, што вышэй за дзяржаву ды чалавека,-- гэта дэмакратычная дзяржава. Жывучы ў ёй, чалавек можа выхоўвацца не ў духу барацьбы за ці супраць чаго-небудзь, а ў духу дабрачыннасці, пра важнасць чаго гаварыў яшчэ Арыстоцель.

Значыцца, дэмакратыя -- вынік барацьбы розуму з тымі жывёльнымі інстынктамі людзей, якія падштурхоўваюць іх самазбірацца ў жорсткія аўтарытарныя іерархічныя сістэмы. Дэмакратыя выкарыстоўвае і дазваляе бальшыні людзей рэалізаваць іншыя інстынктыўныя праграмы, таксама закладзеныя ў чалавеку -- жаданне быць свабодным (з зямлёю, домам, сям'ёю ўлучна), забарону забіваць, рабаваць, адбіраць, красці, прыніжаць слабых. Дэмакратыя выкарыстоўвае непазбежную для чалавека пірамідальную схему арганізацыі ды падпарадкавання, але шляхам выбарчай сістэмы, падзялення заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў ды незалежнасцю сродкаў інфармацыі. Гэта пазбаўляе іерархічную структуру яе антыгуманнай сутнасці і вымушае ў значнай ступені працаваць на карысць людзям, а не толькі тым, хто вяршэнствуе. Як сказаў некалі У. Чэрчыль, дэмакратыя не ёсць ідэальная форма кіравання, але яна самая лепшая з усіх формаў, што вынайшаў чалавек.

Чалавек, як і ўсе жывёлы, мае шмат прыроджаных праграмаў паводзінаў (мы нараджаемся з некаторымі ведамі пра навакольны свет ды правіламі паводзінаў у ім), і ў патрэбны момант яны спрацоўваюць.

Гэтыя праграмы ствараліся даўно і ў зусім інакшым асяроддзі, мала падобным да таго, у якім жывём мы. Таму іхнія паводзіны не заўсёды адэкватныя абставінам, рацыянальныя і нават жаданыя. (Не ўсё натуральнае -- добра).

3 прычыны першапачатнай запраграмаванасці, людзі не надта вольныя ў паводзінах, адзін сцэнарый яны ажыццяўляюць лёгка, іншы -- з цяжкасцямі, а некаторыя ўвогуле невыканальныя. (Не ўсе прыдуманыя розумам планы мы можам ажыццявіць).

Для бальшыні сітуацый маецца дастатковы набор альтэрнатыўных праграмаў, на падставе якіх можна пабудаваць некалькі варыянтаў паводзінаў. (Усе мы спрадвеку «ведаем», як красці, і ведаем, што гэта дрэнна; будзем мы зладзеямі ці сумленнымі, залежыць ад нас, а не ад нашае прыроды).

Наш мозг такі, што адказная за свядомасць частка не толькі не можа азнаёміцца са зместам прыроджаных праграмаў, але й не ведае пра іхняе існаванне. Таму, калі праграма пачынае рэалізоўвацца, свядомасць яе абслугоўвае, не заўважаючы гэта(-а. Яна шукае і знаходзіць нейкія свае тлумачэнні паводзінаў і іхніх матываў, не абавязкова правільныя. (Нельга давярацца ўласнай рэфлекцыі, г. зн. самааналізу на падставе суб'ектыўных адчуванняў ды ідэяў, і менталітэту -- уяўленню, што існуе, пра падзеі, бо яны падаюць бывае блытаны, тэндэнцыйны і алагічны малюнак).

Галоўная задача пададзенага эсэ -- каб чытач атрымаў задавальненне ад знаёмства з эталогій на прыкладзе не самага вывучанага, але надзвычай цікавага віду -- нас самых.

OCR: Leon

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX