Вярнуцца: Этнаграфія

Бунт тваняў


Аўтар: Мацкевіч Юзаф,
Дадана: 22-05-2011,
Крыніца: Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагодзьдзя (артыкулы і ўспаміны). «Беларускі кнігазбор», Мінск, 2006 г.



Фрагмент


Шукаем праўды ў Вілейскім павеце

Уначы запанавала густая імгла, а пазьней пасыпаў дождж. Яго было відаць праз палосы сьвятла на вокнах вагону. Нейкая дзіўная шэрасьць. Што гэта за пара году? Недакурак папяросы, кінуты ў паветра, закруціўся ад разгону як паралітык, і зваліўся на мокры мох, дыхаючы апошнім дымком. Не запаліць лесу. Ад досьвітку зноў ліе. Цягнік усё бяжыць і бяжыць па рэйках, а вакол лясы, ізноў балоты, дрыгва, верхавіны саламяных стрэхаў удалечыні і бедныя палі. Відаць, як ужо людзі ідуць на працу, да мокрай зямлі і мокрага збожжа. Апрануты ў дзяругу пастух, селянін у кажуху, хоць яшчэ лета. Згорблены ад празьмернай вільгаці ці недаспа най ночы.

Відаць зямлю, усю змучаную і высмактаную.

Часам яна выглядае як хворая. Ці ня можна прастудзіцца ад працяглых дажджоў і холаду? - А ў жабрацтве няма грошай на цёплую вопратку і лекі. Нават у сьвята немагчыма гнаць змарнелага каня шмат вёрстаў да касьцёла ці царквы. А «душа ноет», як кажуць расейцы. У прастудзе і гарачцы прыходзяць явы.

- Дохтар! Гдзе ён, дохтар той?!1

- Няма!

Але ёсьць знахары душы. І тады, як на хворае дрэва спадае караед, як на хворае збожжа нападае іржа і кукаль, так нападае на хворыя душы іржа адшчапенства, дзесьці далёка зь вёскі ў вёску. Яе нельга ўбачыць простым вокам, але ўжо вядома, дзе яна туляецца.

Браслаў, Мядзел, Вілейка, Даўгінаў, Дзісна, Уша, Вязынь, Хаценчыцы, Маладэчна, Радашковічы, Валожын, Стаўбцы і ўсё Палесьсе.

Сяляне нашых усходніх паветаў ідэалягічна адвярнуліся ад камунізму з таго часу, як калхозы разьвеялі рэшткі ілюзіяў. Але там кепска і тут кепска. - Тады ад вёскі да вёскі ідуць іншыя людзі, трымаюць у руках Сьвятое Эвангельле і абвяшчаюць нешта новае. Гэтае нешта новае, можа гэта ратунак? Гэта - прыцягальная моц навіны, зьмены: можа і праўду яны кажуць?!

Гэты змардаваны працай дзень пры дні селянін, зматэрыяліза ваны прымусам вонкавых варункаў, які прагне зямлі, грошай на падаткі, што дрыжачай рукой імкнецца да кала, калі ўбачыць сэквэстратара, бедны, забіты, замучаны, як ягоны ўласны конь - раптам адварочваецца ад гэтых праклятых жыцьцёвых справаў і блукае навобмацак, шукаючы Бога.

У вёсках: Касута, Рабунь, Габы, Ужуны, Жаўткі, Пецюлі, Рыбчына, Шчукі, Ярмолічы, Валодзькі, у Паташні, Асьцюковічах, Касьцяневічах, Валоках, Красоўшчыне, Куранцы, Лебедзеве і многіх, многіх яшчэ ўздоўж савецкай мяжы.

Сэктанцкі рух2 атрымаў шырокае поле для разьвіцьця якраз на падмурку матэрыяльнай нястачы, супрацьстаўляючы ёй духовую глыбіню. Можа быць у ім ёсьць трохі містычнай рэакцыі на блізкасьць бязбожнай савецкай мяжы.

Сэктанцтва пашыраецца галоўным чынам сярод праваслаўна га жыхарства. Таму некаторыя хочуць у ім бачыць праяву ўнутранай крызы, якую сёньня перажывае Праваслаўная Царква.

Варты пашаны пратаярэй Рагальскі зь Вільні, місыянэр, выпраўлены дзеля змаганьня з сэктанцтвам, які яшчэ перад вайной на Валыні быў у адпаведнай губэрнскай камісыі - бачыць у сэктанцтве вялікую небясьпеку як для праваслаўнай царквы, так і для каталіцкага касьцёлу, гэтаксама як і для дзяржавы. Да вайны, кажа, сэктанцтва лучылася з антыдзяржаўным рухам і несумнен на мела сваёй крыніцай пратэстанцкія нямецкія ўплывы. Ён прыводзіць ілюстрацыі, што ў сялянскіх хатах сэктантаў, дзе ўжо не было іконаў, на сьценах віселі партрэты імпэратара Вільгельма.

Далей, спасылаючыся на ўласныя назіраньні як вайсковага сьвятара падчас вялікай вайны, ён сьцьвярджае, што шмат сэктантаў былі шпіёнамі, што на іх часта базавалася нямецкая шпіёнская сетка. А сёньня - яны маюць грошы. Адкуль іх атрымалі? Здаецца з Амэрыкі, або таксама з Гданьску.

- Пан убачыць на месцы, ёсьць такі Нядзьведзкі каля Радашковічаў.

Дасьледуючы крыніцы і мэты сэктанцкага руху, трэба было б дзеля гэтага ехаць у цэнтры, у Варшаву, Гданьск, Бэрлін, Нью-Ёрк, г.зн. туды, адкуль разыходзяцца ніткі. Цікавыя, аднак, грунт і прычыны, дзякуючы якім сэктанцтва на гэтым грунце здабывае посьпех сярод цёмных масаў нашага сялянства, якое, здаецца, так далёка знаходзіцца ад рэчаў адарваных, нематэрыяльных, духоўных. У гэтую хвіліну я качуся па рэйках чыгункі, празь імглу і балоты Вілейскага павету, дзе, быццам, сэктанцтва найбольш пашыранае.

На Віленшчыне мы ведаем шмат рэлігійных сэктаў: мэтадыс ты - галоўным чынам у Ашмянах, місыянэры - у самой Вільні, сьведкі Еговы3 - таксама ў Ашмянах і Браслаўскім павеце, адвэнтысты - пераважна ў Вільні, а таксама найбольш шматлікія і распаўсюджаныя ў памежных паветах баптысты і пяцідзясятнікі. На Палесьсі - баптысты і штундысты. Стаўленьне ўладаў да гэтых рэлігійных сэктаў увогуле хутчэй ніякае, чым талерантнае, хоць талерантнасьць - гэта традыцыя Рэчы Паспалітай… У выніку адсутнасьці іншых законаў юрыдычнай асновай служыць яшчэ царскі «Указ» 1906 году4. На практыцы кіруюцца інструкцыямі аб сходах. Сэктанцкі малітоўны дом у такой Вілейцы павінны атрымаць звычайны дазвол на сходы, а заля павінна адпавядаць «санітарным нормам», напрыклад, прыбіральня ня можа знаходзіцца занадта блізка …

Па-за гэтым фармальным бокам стаўленьня да сэктанцтва трэба сказаць, што як у ацэнцы, так і ў ведах пра сэктанцкі рух у шырокіх пластах насельніцтва пануе свайго роду хаос і блытані на. Трэба прысьвяціць гэтаму шмат часу, каб добра разабрацца.

Рэлігія, кажуць мне, забараняе сэктантам насіць зброю. Вось, нейкага часу зьявіўся ў прызыўной камісыі селянін, які падаў дакумант зь пячаткай і подпісам Нядзьведзкага, што ён, належачы да сэкты пяцідзясятнікаў, ня можа браць зброю ў рукі, бо Хрыстос казаў: «не забівай». Такое памылковае тлумачэньне Сьвятога Пісьма несумненна прыводзіць да блытаніны і супярэчыць «дзяржаўным інтарэсам». Таму сэктанцтва шкоднае? Ці, напрыклад, пан староста Вілейскага павету ня мае права паліць люльку, таму што «пашырае згаршэньне» сярод сэктантаў, і, як тое мела месца некалькі год таму, фанатычныя сэктанткі напалі на яго на вуліцы і публічна папракалі яго ў граху!

- Бо баптыстам і пяцідзясятнікам не дазваляецца таксама паліць тытунь і піць гарэлку.

Вілейка - сядзіба баптыстаў. Некалькі год таму там адбыўся прыкры выпадак, калі фанатычныя жанчыны з кнігамі Сьвятога Эвангельля ў руках кінуліся ў натоўп працэсіі Божага Цела і ўчынілі разбуральнае замяшальніцтва. За гэта яны былі асуджаныя і адсядзелі невялікія тэрміны ў вязьніцы. Акрамя таго …

- Што акрамя таго? - пытаюся.

- Няхай пан сам паразмаўляе зь іх прапаведнікам, Мінайлам.

Мінайла - добры столяр, што прызнае сам вялебны ксёндз дэкан Сьнежка зь Вілейкі, і ён нават выконваў розныя работы для тамтэйшага прыгожага касьцёлу. Але хто ж такі Мінайла, рабочы, чвэрцьінтэлігент … Баптысты, як вядома, адкідаюць усю навуку касьцёлу, прызнаючы толькі адно Эвангельле 5. Але пакуль пытаюся думкі ксяндза Сьнежкі.

- Якая ж ім карысьць з Эвангельля. Сьвятое Пісьмо вымагае адукацыі, тэалягічнай веды. Што за тлумачальнік можа быць з такога Мінайлы! Напрыклад, напісана ў Сьвятым Пісьме «Браты і сёстры», яны гэта тлумачаць, быццам Хрыстос меў братоў і сёстраў, што ёсьць выразнай герэзіяй. Пастаянна ва ўсім спасыла юцца на Эвангельле, не разумеючы яго і туманячы розум людзям. У свой час Яго Эмінэнцыя арцыбіскуп загадаў быў нават чытаць Эвангельле ў касьцёле пасьля набажэнства. Але парафіяне, нават з інтэлігенцыі, яго не разумеюць, гэта складаная справа. Таму нічога дзіўнага, што сэктанты яго скажаюць.

- Чым ксёндз дэкан тлумачыць посьпех сэктанцтва?

- Вялікага посьпеху - гэтага яны ня маюць, але ёсьць розныя прычыны … Спадчына «цёці» YMCA6, незадаволенасьць праваслаўных высокімі коштамі духоўных паслугаў, якія выконва юць сьвятары, гэта вельмі важны козыр. Акрамя таго ёсьць грашовая дапамога, дапамога харчовымі прадуктамі і вопраткай. Напрыклад, я чуў, што такі Нядзьведзкі з Радашковічаў быццам бы плаціў ад 1 да 5 даляраў за далучэньне да сэкты.

Але зноў гэты Нядзьведзкі …

Цяпер размаўляю зь Мінайлам. Малы, паголеная галава з хуткімі, глыбока пасаджанымі вочкамі. Я адрываю яго ад сталярскай працы і пытаюся:

- У чым заключаецца вашая рэлігія?

- У навуцы Хрыста, - адказвае без запінкі. - Мы жывем так, як загадаў Хрыстос. Чытаем Эвангельле і згодна зь ім сябе паводзім.

- Відаць, вам ня можна служыць у войску?

- Гэта няпраўда. Бо сказана, што «ўсялякая ўлада ад Бога паходзіць» … Мы слухаемся ўлады. А калі трэба на вайне забіваць … То гэта залежыць ад сумленьня. Як хто адчувае, няхай так і робіць, калі ўлада загадвае.

Мінайла ня можа сказаць колькі баптыстаў у навакольных вёсках. Ён называе іх «веручымі». Кожны можа ўверыць, калі яго асьвеціць Сьвяты Дух.

- А там далей, у Вязынскай гміне, у Хаценчыцах?

- Там мяжа ўплываў Нядзьведзкага, там пяцідзясятнікі.

- Хто вамі кіруе, да каго вы зьвяртаецеся ў духоўных справах?

- Ёсьць пастар у Кобрыні, Пётра Ярашэвіч. Часамі ён прыязджае. Да нас таксама прыходзяць пяцідзясятнікі, слухаюць, і моляцца, толькі прычасьця разам не прымаюць.

Мінайла падазрона паглядае, не жадае шмат казаць.

На захад ад Вілейкі шырокім трактам, што бяжыць да Занарачы, да Мядзела, да краіны вялікіх азёраў, трэба ехаць у вёску Жаўткі. Пяшчаная дарога далей зварочвае з тракту ўлева і з боку могілак даходзіць да вёскі. Вёска бедная, ціхая.

- Эй, хлапец! Не ведаеш гдзе тут жывёць Мікалай Жултко?

- Якой Жултко, той бапціст? - там от.

Едзем разам адведаць Мікалая Жаўтка.

Ягоная хата на канцы вёскі, цяпер ён будуе склеп. Капае рыдлёўкай пясок для падмурку. Рука спэцканая ў зямлі і таму ня хоча яе падаць на прывітаньне. Па-сялянску, па-тутэйшаму, глядзіць недаверліва з-пад ілба. У хаце ніводнай іконы. Ён ужо не праваслаўны. Толькі гэтак, як у іншых, на стале хлеб у абрусе, на ложку шмат падушак. Цяжкія лавы, хата не праветраная, жонка зь цікавасьцяй пазірае з-за шафы.

Мікалай Жаўтко размаўляе па-беларуску:

- Жывём так, як загадаў Хрыстос. Гаворым праўду, ня п'ем гарэлкі, тытуню ня палім, не крадзём. Мы - хрысьціяне. Цяжка нам жыць … Ці любяць нас? Не, бо хто любіць жыць згодна з навукай Хрыста? - Жаўтко паціху запальваецца. Ягоны просты твар набывае выраз экстазу, вочы сьвецяць у цёмнай хаце, жонка стаіць моўчкі. - Ну, скажам, у бальшавікоў: гэта няпраўда, што яны змагаюцца з капіталам, яны змагаюцца з Хрыстом! А ці можна? - Цытуе Сьвятое Пісьмо, хутка перабіраючы губамі. - Ці Хрыстос казаў забіваць? Не, але сказаў, што ўлада - ад Бога. Чытаем Эвангельле. Тут, у вёсцы, я яго тлумачу і чытаю, мусіць жа быць нехта, хто кажа людзям праўду. Там, у Амэрыцы і ў вялікіх гарадах, ёсьць прафэсары, дактары, багатыя і разумныя, тыя яшчэ лепей умеюць тлумачыць. Хутка ўжо прыйдзе валадарства Хрыстовае, бо ёсьць тыя, якія абвяшчаюць Эвангельле. Мы, Сбор славянскіх соборов эвангелічэскіх хрысьціан.

Другая хата сьпераду чыстая і без хатняга рыштунку. У ёй стаяць лаўкі, пастаўленыя як у школе, на сьценах урыўкі са Сьвятога Пісьма. Іх шмат. Пасярэдзіне, на белым тле, - выразаныя літары з чырвонай паперы:

«Кровь Исуса Христа очищает нас от всякого греха».

Насупраць лаваў - невялікая катэдра. Не замінае, што ў рагу хаты стаіць посуд з малаком і сьмятанай. На вокнах - брашуры на расейскай і польскай мовах. На сьценах - штучныя кветкі і гірлянды. Так выглядае малітоўны дом у глухой заняпалай беларускай вёсачцы.

Нягледзячы на фанатычныя вочы, Жаўтко пакідае прыемнае і сымпатычнае ўражаньне. Сьцьвярджае, што яго асьвяціў Сьвяты Дух.

Я быў у Рыбчыне, у Ярмолічах, у іншых вёсках павету. Баптысты хрысьцяць дарослых вадою, цьвердзячы, што Хрыстос таксама ахрысьціўся ўжо дарослым. Я бачыў гэтых людзей, і кожны зь іх, асобна ўзяты, ёсьць станоўч ым тыпам чалавека. Усе казалі адно і тое ж: яны шукаюць Бога і праўды, і робяць дабро. У іх душы глыбока запала містычнасьць.

Няпраўда таксама, каб яны дапускалі нейкія выступы супраць маральнасьці, як пра гэта кажуць. А можа пяцідзясятнікі? Цяпер баптыстаў што раз меней, іх апанавалі пяцідзясятнікі. Чаму? Бо Нядзьведзкі …

Хто ж такі той таямнічы Нядзьведзкі, з прозьвішчам якога я сутыкаюся на кожным кроку, дзе жыве? Адны кажуць, што ў Пецюлях, іншыя - што ў Радашковічах, то знову ва Ўшы, ці Валоках.

Еду яго шукаць.

Радашковіцкі біскуп «пяцідзясятнікаў»

Ва ўсходніх паветах, ад Дзьвіны ўніз на поўдзень, упоперак Нёману й Прыпяці, далей на Валынь, жывуць тысячы людей, пра якіх мы нічога ня ведаем. Жывуць сваім і новым жыцьцём, прымаючы новую рэлігію, абвяшчаючы новыя лёзунгі.

Калі гэта пачалося? У кожным разе пасьля 1920 году. Больш менш у 1925 і 27-ым. Зрэшты, дакладны час, нават год, усталяваць немагчыма. Напачатку казалі толькі пра баптыстаў, якія самі сябе называюць эвангельскімі хрысьціянамі. Пазьней прыйшла іншая іх частка - пяцідзясятнікі. Менавіта так іх усе называлі. Яны кажуць, што гэта «на адзін крок уперад». Цяпер паміж імі вымалёўваецца выразны раскол.

Розьніца невялікая. Яна галоўным чынам заключаецца ў інтэрпрэтацыі таго ўрыўку Эвангельля, які кажа пра Зыходжаньне Духа Сьвятога і абдараваньні апосталаў цудоўным веданьнем моваў, каб маглі прапаведаваць Слова Божае сярод розных народаў. Баптысты кажуць, што калі ёсьць школы і магчымасьць навучаньня замежным мовам, то кожны павінны славіць Бога толькі на мове, для яго зразумелай.

Пяцідзясятнікі ж сьцьвярджаюць, што падчас малітвы на некаторых зыходзіць Сьвяты Дух, і тады адораныя Божай моцай здольныя маліцца чужамоўнымі словамі, зразумелымі толькі для Бога, але не для навакольных.

Я быў на такой малітве, дзе нічога заганнага не адбываецца. Людзі пераважна старога веку, мужчыны і жанчыны, сядзяць на лавах і слухаюць чытаньне і камэнтаваньне Эвангельля. Пасьля сьпяваюць. Сьпяваюць псальмы па-расейску, працяжна, сумна, на мэлёдыю павольнай беларускай песьні. Пасьля моляцца ўголас, хаатычна, адцягнена. У той момант іх апаноўвае экстаз. Стары, барадаты селянін нешта кажа, утаропіўшыся ў верш з Эвангельля на сьцяне, у яго трасецца галава, часамі стукае зубамі, атуляецца сьвіткай, быццам яму холадна, і раптам кажа: «алай, алай, алай!»

- Што гэта азначае?

- Бога праслаўляе.

- Чаму такім чынам?

- Бо Дух Сьвяты спаслаў яму такую мову.

- Дзіўна.

А пазьней той самы селянін выходзіць з малітоўнага дому, спакойны, ураўнаважаны і паважны. Працуе на зямлі як і іншыя, працуе добрасумленна і пачціва.

Таму суседзі ставяцца да яго хутчэй прыхільна. Кпіны і жарты здараюцца рэдка, часьцей цікавасьць і ўвага. Іншыя сяляне запрашаюць сэктантаў у сваю хату і просяць, каб ім тлумачылі надзвычайныя рэчы. Самі яны гуртамі наведваюць малітоўныя дамы, і часам рэгулярна.

Таму дакладную колькасьць сэктантаў немагчыма высьветліць, тым больш, што палітыка іхных прапаведнікаў праводзіцца спрытна, яны нікога не прымушаюць і не забараняюць хадзіць у касьцёл і царкву. Сэктанты могуць наведваць хрысьціянскія набажэн ствы7 і гэта ня лічыцца грахом. Паколькі ў тамтэйшай старане практыкуючыя каталікі і праваслаўныя перамяшаныя паміж сабой, яны разам ходзяць ў абодва храмы, асабліва, калі выпадаюць сьвяточныя фэсты, таму нідзе немагчыма намаляваць выразную мяжу, тым больш у дачыненьні сэктантаў.

- Колькі арганізаваных?

- Гэта ведаець хіба толькі сам Нядзьведзкі …

- Хто ж такі гэты знакаміты Нядзьведзкі - пытаюся ўжо раз дзясяты направа і налева.

«Злачынца, які ўцёк ад царскага суду ў Амэрыку», - кажуць мне ў праваслаўных колах. «Вор і жулік. Падазроны тып» - кажуць іншыя.

- Адкуль у яго грошы?

- Атрымлівае з Амэрыкі. - Няпраўда - з Гданьску! - Бярэ 220 даляраў на месяц. Не - 600! Падкупляе людзей, калісь плаціў па 5 даляраў за ўступленьне ў сэкту. - Гіпнатызэр. Загіпнатыза ваў нейкую настаўніцу і яна, молячыся скакала на мэтар ад зямлі- распавядала адна пані.

- Нямецкі шпіён. Мае пяць жонак, - распавядаюць некаторыя.

Вялебны ксёндз пробашч Францішак Цыбульскі з Радашкові чаў, сказаў мне толькі тое, што ён мае цёмнае мінулае, і пазьней я гэтую справу высьвятліў.

Пакуль, аднак, калі самай раніцай праз сьлёзы дажджавой заслоны зірнула першае сонца на нязграбнае каменьне Радашкові чаў, пусты рынак, сьмецьце, купіны гною і абшарпаную тынкоўку габрайскіх камяніцаў, якія памяталі лепшыя часы, устаю, праціраю вочы і пытаюся ў габрайкі пра Нядзьведзкага.

Габрайка кажа пра сэктантаў са злосьцяй і зайздрасьцю: яны маюць грошы. Ну і хто ён такі, Нядзьведзкі, ходзіць рукі ў кішэні, нічога ня робіць...

Але ў канцы я даведваюся, дзе ён жыве. Каля самых Радашковічаў, у вёсцы Валокі.

Пасьля начнога дажджу паўсюль стаяць лужыны. Мае боты захляпаныя балотам да паловы халяваў. Валокі разьмяшчаюцца ў лагчыне пры дарозе. Па той дарозе насустрач мне ідзе апрануты па-гарадзкому, просты, трохі паўнаваты ягамосьць у кяпурцы.

- Прабачце, дзе тут жыве Нядзьведзкі?

- Гэта я, - адказвае спакойна і ветліва ўсьміхаецца.

Даведаўшыся, што я хачу яго наведаць, ласкава запрашае да сябе. Малы домік, сярод зеляніны, сад і гародчык.

- У гэтым годзе шмат яблыкаў, аж ломяцца галіны, - кажа Нядзьведзкі і зноў усьміхаецца.

Усюды чыста, ахайна, узорны парадак.

- А гэта мая жонка, - паказвае на жанчыну, якая з кошыкам нейкай зеляніны зьнікае ў малым хлеўчыку. - Пан зойдзе ў хату?

Сенцы. Далей чыстая хата, якая зьяўляецца кухняй і сталоўкай адначасова. Адразу кідаюцца ў вочы ўрыўкі са Сьвятога Пісьма. Гэткія плякацікі вісяць над кожнымі дзьвярыма і над вялікім сталом. Другі пакой малы, з мэбляй у гарадзкім стылі. Крэслы, столік з вышыванай сурвэткай, поўна кветак, вялікі мэталёвы ложак, усюды шмат кнігаў, стол каля вакна, а на ім стаіць швейная мышынка, за якой сядзіць ужо немаладая жанчына ў зялёнай сукенцы, з чорнымі як сажа валасамі і маршчыністым тварам.

- Прабачце, што так цесна, - кажа Нядзьведзкі і ўсьміхаец ца трэці раз.

- Гэта - паказвае на жанчыну - «сястра», якая прыехала са Швэцыі, яна немка, размаўляе толькі па-нямецку і па-швэдзку.

Далей бачу малыя дзьверы, на якіх вісіць хустка з вытканым урыўкам з Эвангельля. Гэтыя дзьверы Нядзьведзкі адхіляе і кажа ўсярэдзіну:

- З дазволу «брата», у нас госьць.

Адтуль выходзіць малады габрайчык, з выразна сэміцкімі абрысамі твару, кучаравымі валасамі, чыстым каўнерыкам з чорнай мушкай, у добрым цёмна-сінім гарнітуры і стаптаных ботах. Ён вельмі ветлівы, размаўляе па-польску з замежным акцэнтам, а да Нядзьведзкага часта зьвяртаецца па-ангельску.

Гэта «брат» Ганцвайх з Гданьску.

Цяпер ён жыве ў Вільні, дзе таксама ёсьць малітоўны дом пяцідзясятнікаў. Да Нядзьведзкага прыехаў у справах рэлігійных. Пры сабе мае нейкае пасьведчаньне сэктанцкай грамады ў Лодзі, мае права распаўсюду брашураў.

Мы сядаем, і пачынаецца размова. Нядзьведзкі распавядае пра сябе. Выраз ягонага твару ніякі. На поўным абліччы вузкія вочы глядзяць зычліва. Толькі голас у яго дзіўны, нейкі плаўны і адначасова праніклі вы. Дзесяць гадоў як ён вярнуўся з Амэрыкі і пачаў «абвяшчаць Эвангельле». Ведае, што пра яго кажуць, гэта ўсё хлусьня.

- Няхай пан глядзіць сам. Праўда, я трохі зарабіў грошай, набыў гэтую маёмасьць, пабудаваў малітоўны дом, таму і іншаму дапамагаў, бо шкода ж людзей, паўсюль галеча. Грошы я ўжо выдаткаваў. Цяпер часамі дашлюць, а часам мы зьбяром, і я таксама высылаю. Цяжка жыць. Цяжка быць сапраўдным хрысьціянінам.

- У чым заключаецца вашае вучэньне?

- У Эвангельлі і добрых учынках. Мы - хрысьціяне. Астатнія толькі запісаныя хрысьціянамі ў мэтрычных кніжках і нічога больш. Ходзяць у царкву і п'юць, крадуць, забіваюць, гуляюць у карты, паляць, лаюцца. Ці ж гэта хрысьціяне? Скажыце самі. Ці я жыву сярод хрысьціянаў, калі мушу замыкаць пажытак на сем замкоў?! Не, гэта не хрысьціяне!

Гаворыць шыбка, нібы вывучаным прапаведніцкім голасам, часамі нагадвае мне гутарку цыганак, якія варожаць.

Кладзе мне на калені Эвангельле на польскай мове і кажа чытаць некаторыя ўрыўкі. Сам чытае яго па-расейску.

Кожнае хвіліны зьвяртаецца да габрайчыка, што сядзіць побач: «Няхай брат адчыніць пану «паводле Лукі», «Мацьвея» і г.д.» Габрайчык ведае Пісаньне выдатна. Імгненна знаходзіць у тоўстай кніжцы патрэбны разьдзел.

- Але, бачыць пан - кажа Нядзьведзкі, - вось што азначае гэты ўрывак.

І выкладае яго, навучае, тлумачыць, часамі прымружваючы вочы, часамі надаючы твару адухоўлены выраз і зноў хутка, хутка кажа:

- Тое, што пра нас гавораць, гэта няпраўда, ад войска нікога не адгаворваем, бо ўлада паходзіць ад Бога, мы ня ўлазім у грамадзкія справы, ані ў нацыянальныя, бо пра гэта нічога не сказана ў Эвангельлі, а мы жывем толькі паводле яго запаветаў. Нас асьвячае Сьвяты Дух, Ён можа асьвяціць кожнага, і пана таксама... Наш Бог жывы, мы Яго чуем, нават бачым.

- Я хачу ўбачыць храм.

Нядзьведзкі ўстае, і зноў ён звычайны чалавек, гасьцінны, салідны гаспадар, калі ідзе праз падворак і сад да збудаванай на ўласны кошт «сьвятыні», малога драўлянага доміку, зробленага падобна да іншых такога роду малітоўных дамоў. Дае дазвол сфатаграфаваць сябе і пытаецца:

- Гэтага габрайчыка таксама?

А пазьней раптам кажа, нібыта сам сабе:

- Хутка ўжо прыйдзе Валадарства Хрыстовае...

Ганцвайх усюды нас суправаджае і распавядае пра сваю місыю навярненьня габраяў. Нядаўна яны былі ў мястэчку Ільля, і там ён раздаваў брашуры. Сабраўся натоўп габраяў, які крычаў: «Скажы, ці шмат табе за гэта плоцяць?», «Чаму ня йдзеш да рабіна?». На гэта ім Ганцвайх адказаў: «А хіба рабіну таксама не патрабу ецца збаўленьне!»

Тады пайшлі да рабіна ў Ільлі і там завязаўся дыспут. Габраі не хацелі яго слухаць - «скажы, ці шмат табе плоцяць?» - казалі яны ўвесь час.

- Добра скажу, але ці паверыце? - адказаў «брат» Ганцвайх.

- Паверым.

- Нічога мне ня плоцяць.

- Гэтаму мы ня верым.

- Ну ці ж з такі людзьмі можна размаўляць пра Эвангель ле»- кажа мне габрайчык...

Нядзьведзкі зьяўляецца ў пэўным сэнсе гэтага слова «салёнавым», такім сабе напаўінтэлігентам, але як ён ведае Сьвятое Пісьмо! Па-просту напамяць. Кажа на лаціне ўсю Сьвятую Імшу, ведае літургію гэтаксама праваслаўную, як і каталіцкую. Аб іншых сэктах адгукаецца па-рознаму. Пра мэтадыстаў, адвэнтыстаў і баптыстаў кажа, што яны не захацелі зрабіць «яшчэ аднаго кроку наперад». Пра «сьведкаў Еговы» ў Ашмянах кажа, што гэта звычайныя «грэшнікі», як ўсе іншыя і што ўрад павінны зачыніць іхнюю сэкту. У дачыненьні да ўлады і ўраду ён дэкляруе найвялікшую ляяльнасьць і паслухмянасьць. Можа мяне палічыў за прадстаўніка ўлады...

Пра пяцідзясятніцкую арганізацыю я даведаўся ад яго, што ён- галоўны прапаведнік на Валожынскі, Маладзечанскі, Вілейскі, Пастаўскі і Дзісьненскі паветы. Задэкляраваных вернікаў ён налічвае 1017. Кожны зь іх плоціць па 20 грошаў месяцовых складак. Акрамя гэтага існуе Камітэт Сямёх, у якім ён старшыня. Да Камітэту належаць выбраныя асобы з навакольных вёсак. Камітэт Сямёх вядзе мэтрычныя кнігі сьмерці і народзінаў, а таксама шлюбаў, якія імкнуцца зацьвердзіць у адміністрацыйнай уладзе. Камітэт праводзіць духоўныя суды. Калі нехта зь пяцідзясятнікаў скрадзе, ці выявіцца п'яніцам, ці зьдзейсьніць іншае злачынства, то бывае пакараны адлучэньнем на пэўны адрэзак часу, аж да выключэньня з сэкты ўключна. Бывае таксама, што мясцовыя суды выклікаюць Нядзьведзкага дзеля падачы зьвестак пра злачынцаў, якія належаць да сэкты.

Нядзьведзкі не выпускае з дому без пачастунку. Сьняданак ужо пастаўлены. Хлеб, булкі, канфітуры, масла, яйкі, гарбата, цукар і нейкія салодкія сухарыкі... Гаспадар раптам устае і кажа малітву перад ежай. Малітва, як здаецца, зараз жа была складзеная і дастасаваная да моманту. Усе хатнія ў гэтую хвіліну таксама ўстаюць. У хаце робіцца цішыня. Дзяўчына, якая шыткуе капусту ў сенцах, перапыняе працу...

За вакном зноў пачынае ісьці дождж.

Ноч на Чорным Тракце

Да мяне прыехаў гаспадар, з выгляду салідны, хоць калёсы ў яго бедныя. Звычайная драбінка, напхнутае саломай сядзеньне, вупраж на кані расейская, уся раменная. Цмокнуў, торгнуў лейцамі і лёгкім трушком мы зьехалі з бруку мястэчка на пясчаную паверхню Чорнага Тракту. Таго самага, што ад Вільні праз Солы, Смаргоні, Маладзечна і Радашковічы бег калісьці да Менску і далей.

Цяжка заплюшчваюцца вочы дня і доўга стаіць вечаровы прыцемак. Ноч прыносіць санлівасьць.

- Но! пайшоў!

Конь жвавей пабег па мягкім грунце. З палёў пацягнула пахам перасьпелага пустазельля як мёдам. Адвечныя, двухрадовыя шэрагі бярозаў верхавінамі схіляюцца адна да адной, але засланіць неба над дарогай ня могуць, бо тракт вельмі шырокі. Над конскім ілбом калышыцца дуга, а вышэй - зоркі.

Добры тракт. Ён і добры, ён і выгодны. Дае цень, ёсьць дзе папасьвіць каня, і для людзей таксама ёсьць сьцежка паміж дрэвамі.

Мы паехалі ў цёмную ноч. Вакол была абсалютная ціша.

Я нічога ня ведаю пра чалавека, які мяне вязе, і ён пра мяне нічога ня ведае, хоць нас толькі двух на гэтай фурманцы, у гэтай пустцы, гэтай цішы і гэтай ночы. Я ўжо ня памятаю, з чаго пачалася размова, бадай што зноў зь Нядзьведзкага. Кажуць, што калісьці гэта быў кепскі чалавек?

Фурман мой, прозьвішча якога Крачкоўскі, чалавек гадоў каля 50-ці, тутэйшы, але бывалы, мацней пацягнуў каня, ляснуў лейцамі, паехаў шпарчэй. Я ўжо думаў, што ён ня хоча размаўляць. Але ён разважаў над адказам, бо пытаньне для яго было важнае і цяжкое.

- Кепскі, вы кажаце? Можа і кепскі, але калісьці. Праўда, я сам сказаць магу, памятаю, што гэта быў п'янюга і авантурнік, і скрасьці мог таксама. Але вось Бог захацеў і навярнуў. І бачыш пан, гэты чалавек цяпер абвяшчае Эвангельле! Ці ж гэта ня воля Божая?

Значыць Крачкоўскі таксама пяцідзясятнік?...

Павольна, вельмі павольна, у такт хрусту капытоў па пяску, пачынала раскручвацца размова і ішла паміж намі на ўсіх паваротах дарогі, а дарога была доўгая, як восеньская ноч.

Крачкоўскі змалку наведваў праваслаўную школу.

- З раньніх гадоў да мяне прыйшло такое разважаньне. Быў моцны перасьлед каталікоў. Поп усё пытаецца: а ці ня ходзіш ты ў касьцёл? Скажаш, што заходзіў, дык як накінецца, гэта вялікі грэх, кажа. Цяперашняй парой, як вы ведаеце, усё перамянілася і ксёндз цяпер з амбону ці на споведзі пытаецца: ці ня ходзіш у царкву? Ізноў - цяпер гэта грэх. А што ж там у касьцёле ці царкве благога! Людзі моляцца. Бога, можна сказаць, хваляць. Чаму не пытаецца, ці ходзіш у карчму?! Ці п'еш гарэлку!...

- Але і Хрыстос ператварыў ваду ў віно.

Крачкоўскі зноў торгнуў лейцамі, зноў паехалі хутчэй, я думаў, што ён унікне адказу, але ён праз хвіліну сказаў.

- Гэтак і ксяндзы, і папы кажуць. Ну і што гэта за гутаркі! Што Хрыстос быў п'янюга нейкі, ці што! Праўду кажучы, быў такі выпадак, што Хрыстос, запрошаны на вясельны баль, ператварыў ваду ў віно. Але гэта вада. З вады зрабіў віно, не са збожжа, ці з бульбы, як цяпер самагонку гоняць. Па-другое, віно - гэта не гарэлка. Ведаю, што віно і на лекі ўжываюць, бо яно якуюсьці сілу на падтрыманьне здароўя дае, калі чалавек хворы. А напівацца, гэта зусім іншае.

І Крачкоўскі распавядае далей, як яго расчаравалі вонкавыя рэлігійныя абрады, як бачыў навокал разбэшчанае жыцьцё суседзяў, «якія называюцца хрысьціянамі», а насамрэч жывуць як паганцы, і «такім парадкам далучыўся да пяцідзясятнікаў».

Ноч запанавала непадзельна. Заледзьве маячаць цені бярозаў па баках Чорнага Тракту. Ледзьве відаць дугу і конскія вушы, што калышуцца на тле зорак, якія мігацяць па-восеньску. Узьязджаем на гару. Дзесьці далёка асьвятляе гарызонт бляск лятарні.

- Вось калі далёка відаць, - кажа Крачкоўскі, паказваючы пугай на права - гэта Раёўка, паперня Багдановіча, сьвятло ідзе адтуль, а адлегласьць будзе вёрстаў дванаццаць, трынаццаць... Азьлева зноў бальшавіцкая мяжа, да яе таксама толькі дванаццаць, трынаццаць кілямэтраў...

Крачкоўскі адварочваецца і нацягвае лейцы. Цяпер глядзіць на ўсход.

- Менску не відаць, а часамі ноч бывае такая добрая... Але прыйдзе сьвятло Валадарства Хрыстовага, падумаўшы, дык хіба ўжо ў хуткім часе...

Зьяжджаем у дол. Цяпер ужо зусім цёмна. Праймае холадам вільгаці. Перад намі вёска Красоўшчына.

На ўскрайку яе, упоперак тракту, быццам сьвятлістыя шлягбаўмы, перагароджаваюць нам дарогу пасмы з асьветленых вокнаў... Вокны вялікія. Дому не відаць, бо сьвятло лямпы асьляпляе.

- Што там такой парой робяць людзі?

- Моляцца.

Конь спыніўся пад промнямі лямпы. Я злажу з фурманкі і іду навобмацак. Дзесьці мой бот апынаецца ў лужыне, недзе спатыкаецца аб камень. Сходы. Ціхенька адчыняю дзьверы, скідаю шапку. Не пазнаеш, хто гэта. На мне толькі дарожная бурка і з-пад яе ледзьве выступаюць канцы доўгіх ботаў.

- Можна паслушаць?

Малітоўны дом пяцідзясятнікаў. З катэдры нейчы твар глядзіць у мой бок і прыкрывае рукой лоб ад сьвятла. На пярэдніх лаўках адварочваюцца сяляне, бліжэй да ўваходу сядзяць жанчыны ў хустках.

- Нельзя - кажа цьвёрдым голасам стары з барадой.

- Чаму! - раптам адгукнулася жанчына - пушчай паслушаець .

- А вы адкуль? - пытаецца прапаведнік і ўвесь час намагаецца распазнаць госьця сярод ценяў, якія мільгаюць па хаце.

- Я з дарогі.

- Так відно ж што з дарогі - зноў падае голас маладая жанчына - нехай слушае, есьлі ахвота.

Я прысаджваюся на ражку задняй лавы і слухаю. Гэтыя людзі ўжо скончылі сьпяваць псальмы. Цяпер чытаюць Эвангельле. Праз хвіліну я выйшаў, бо перад намі яшчэ доўгая дарога.

- Не сьпявалі? - пытаецца Крачкоўскі.

- Не, ужо скончылі.

- А то няхай пан паслухае, калі ласка, якія цудоўныя ёсьць псальмы.

Цяпер едзем празь лес. Крачкоўскі, зьлёгку махаючы пугай, сьпявае ў цёмную ноч псальмы.

Дзіўны сон Ганны з Давыд-Гарадка

Сэкты падмываюць бераг як ціхая вада. Мне здаецца, што справа занадта важная, каб пра яе можна было хутка судзіць. Яна вартая вывучэньня і дыскутаваньня, і далікатнага, асьцярожнага, цэласнага падыходу.

Я дакладна ня ведаю, якія патаемныя намеры тых, далёкіх і недасягальных для нас, хто абвяшчае новае вызнаньне, шыраць на нашых землях сэктанцтва і раскол. Можа яны гэта робяць са злой, а можа з добрай воляй.

Аднак тыя, якія прыймаюць гэтае вызнаньне ў сваё сэрца, робяць учынкі з добрай волі, у тузе па незадаволеных рэлігійных пачуцьцях.

Бо памыляюцца як камуністы, так і нашы скептыкі ў тым, што беднасьць і галеча беларускай вёскі штурхае яе ў абдоймы матэрыялістычнай ідэі ці матэрыялістычнага эгаізму. Няпраўда. Сэктанцкія ўлёткі, брашуры рэлігійнага зьместу штораз выразьней выцясьняюць нелегальную камуністычную літаратуру.

Якая гэтаму прычына? Савецкія калхозы, якія адабралі сялянскую прыватную ўласнасьць за мяжой, ці ўнутраная крыза праваслаўнай царквы на гэтым баку мяжы? Магчыма, і першае, і другое, але таксама шмат іншых прычынаў.

Можна трактаваць сэктанцтва ў нас, і гэта на самай бальшаві цкай мяжы, як зьяву адмоўную, якая разьбівае адзіны рэлігійны фронт ці то каталіцкага касьцёлу, ці то праваслаўнай царквы. Але ня можна адмаўляць, што кожны асобны чалец сэкты ёсьць зьявай безумоўна дадатнай, як асоба пачцівая і супрацьстаячая бязбожнай бальшавіцкай агітацыі на мяжы, поўная незрасходаванай рэлігійнай энэргіі і жыцьцёвай этыкі.

Такім чынам, мне не ўяўляецца магчымым, каб нейкае змаганьне з сэктанцтвам дасягнула жаданага выніку. Затое, наадварот, можа адбыцца навярненьне.

Бо гэтыя людзі шукаюць Бога! Шукае Мінайла зь Вілейкі, і Крачкоўскі з Радашковіч, і Ганна Калошка з Давыд-Гарадка. Людзі на тванях таксама хочуць праўды. Пытаньне ў тым, хто ім яе ў больш пераканальнай форме данясе:

Эвагельле Нядзьведзкага ці цуды Пінскай праваслаўнай япархіі?

Падобна, што ў Давыд-Гарадку здарыўся цуд. Зараз жа я паехаў туды.

Я мінуў драўляны будынак магістрату, ідучы ў кірунку царквы, разьмешчанай высока на пагорку, калі маю ўвагу прыкаваў наступны відарыс - у вялікім садзе стаіць маленькая драўляная каплічка. Да яе тлумяцца людзі праз выламаную агароджу па добра ўжо стаптанай зямлі.

Гэта была прыгожая веснавая раніца. Давыд-Гарадок ляжыць дзесьці далёка, забыты ў пушчах Палесься, на ўсходніх рубяжах дзяржавы. Жыве жыцьцём уласным і тых некалькіх дзясяткаў навакольных паселішчаў, якія цягнуцца да яго. Лясы, рыба і птушкі. Людзі гэткія самыя, як і стагодзьдзі таму. Але што за нагода сабрала іх у гэтую ціхую раніцу каля старой каплічкі?

Пытаюся пра гэта ў сустрэчнай дзяўчыны. Адказвае мне:

- Ікона абнавілась.

Пасьля распавядае пра цуд.

Жанчыны прарэзьлівымі галасамі заводзяць у капліцы. Там гарыць некалькі сьвечак, дзьверы расчыненыя, навокал людзі.

- Сапраўды цуд?

- Паглядзіце самі…

Я скідаю шапку. Праз два вакны сочыцца дастаткова сьвятла, каб разабраць, што ў сярэдзіне. Насупраць - два сьвятыя абразы. Адзін, зьлева, счарнелы ад старасьці, другі - справа, падобна як адліваецца сьвежай алейнай фарбай. Па баках пазалочаныя іконы, таксама моцна пашарпаныя часам ці злой воляй людзкой.

- Ааа, Божа мой!

- А Господы помылуй!

- Ах, ах, ах - стогнуць жанчыны.

- Ах, праклятый жыдовін!

Я ня ў стане нічога зразумець. Адна праз адну, усе жанчыны гавораць адначасова. Адна другую перапыняе, урэшце спыняюцца на тым, што будзе казаць Ганна Калошка.

Гэта старая жанчына з пляскатым тварам, выдатнымі мангольскімі шчокамі, да таго ж шчодра пакрытымі тлушчам. Нос гэтаксама сплюснуты. Малыя вочкі неспакойна бегаюць пад насунутай хусткай. Кажа сьцішаным голасам, штохвілінна ўзносячы запалыя вочы ў блакітнае палескае неба, быццам бы чакала адтуль пацьверджаньня праўдзівасьці сваіх словаў.

Жанчыны ёй падтакваюць і таксама ўздымаюць твары ў неба. Вакол пачынае зьбірацца штораз болей народу. Вестка пра цуд ужо даляцела чаўном у дол і ўверх Гарыні, з плыняй Вятліцы сягнула да і за Прыпяць... Але шмат людзей у тых мясьцінах паблажліва ківаюць галовамі...

Шмат гадоў таму паўстала тут царква. Але зрабілі замену зямлі, царкву перанесьлі непадалёк на ўзгорак. Праваслаўны рытуал патрабуе, каб на месцы, дзе стаяла царква, а дакладней алтар, быў пастаўлены крыж. З добрай волі пабожных людзей часамі ў такім пункце ставіцца нават каплічка. Крыжа нельга рушыць, каплічкі таксама.

Некалі зямля дасталася ў рукі габра,я нейкага Мураўчыка. Сад, што калісьці атачаў царкву, застаўся, і з гэтага саду пан Мураўчык карыстаўся зямнымі дабротамі.

Відаць, доўгая была гісторыя звадкі пабожных людзей з Мураўчыкам. Дакуманты сьведчылі, што пры продажы зямлі быў абумоўлены доступ да каплічкі для праваслаўнага прыходу і сьцежка шырынёй тры мэтры.

Але Мураўчык не хацеў ні пра што чуць. Паставіў вакол саду агароджу і нікога не пускаў.

Вокны і дзьверы капліцы былі забітыя дошкамі. У сярэдзіне засталіся толькі ціхія іконы, перад якімі ніхто ўжо не запальваў лямпадак.

Гэтак прабыло шмат гадоў, паколькі каплічка была пабудава ная ў 1915 годзе. Паціху людзі пачалі на яе забывацца і напэўна забыліся б зусім, калі б не адна ноч, у гэтую ноч... прыйшоў памерлы.

Нудным, завучаным голасам распавядае мне асабіста Ганна Калошка пра бачанае ў сьне. Прыйшоў да яе папярэдні праваслаўны парах, які даўно памёр, і ўзяў яе за руку. «Ведаеш, - кажа- дзеля чаго я прыйшоў? Вось Багародзіца плача ў капліцы. Замураваў яе габрай дошкамі, цяпер яна нібы ў турме. Ані сьвету Божага, ані праваслаўных людзей ня бачыць».

- Ах, Божачка мой! - паўтараюць сьлёзна жанчыны.

«Хадзі - кажа да яе - пайшлі, укленчым на сьвятой зямлі». Пайшлі (у сьне). Завёў яе бацюшка за руку, аж да падмураку капліцы, там укленчылі на спарахнелай дошцы і пачалі маліцца. Ітады вялікая яснасьць выступіла на небе, і сонца пачало сьвяціць пасярод начы над адной беднай, закінутай каплічкай. Ганна Калошка прачнулася, было відна, але пасярод дня, бо сонца насамрэч узышло з-над далёкіх балотаў, з-над савецкай мяжы.

Калі назаўтра Калошка распавяла свой сон суседцы, а пазьней другой, а суседкі распавялі яшчэ шмат якім іншым жанчынам, усе прызналі, што гэта знак Божы, што Бог так хоча і так павінна быць, каб капліцу адчыніць для «пріхода ». Тады людзі пабралі сякеры, звалілі агароджу габрая Мураўчыка, пайшлі да капліцы, адбілі дошкі зь дзьвярэй і вокнаў і ўвайшлі ў сярэдзіну.

І вось што адбылося …

Той правы абраз, пра які я ўзгадваў і які быў такі чорны і брудны, зрабіўся новым.

- Бачыць пан, - паказваюць мне людзі - мы ведалі, што гэта спасланьне Сьвятога Духа, хутчэй толькі здагадаліся па рэштках язычкоў агню, якія былі. Але ні галоваў Апосталаў ня можна было распазнаць, ані тым больш Божай Маці. А цяпер глядзіце.

Абраз цудоўным чынам аднавіўся, набыў даўнія колеры, даўняе значэньне няўмелага малюнку.

Перад ім стаіць паднос, дзе ляжыць шмат бедных медных грошыкаў, і нават адна дзясятка. Я таксама зрабіў дробнае ахвяраваньне.

Я не тэоляг і не мастак. У ацэнцы цуду я не магу выказваць мастацкія веды.

Вось сьвятло падае з боку, праз вакно, і абраз ўжо ня цалкам хаваецца ў ценю. Вогненныя языкі над Апосталамі пакрытыя сьвежай алейнай фарбай, галовы саміх Апосталаў таксама трохі блішчуць сьвежасьцяй … Гэта, безумоўна, нічога не даказвае, а хутчэй даказвае толькі, што абраз са старога зрабіўся новым. Слушна людзі кажуць «Ікона абнавілась » … Але ці сама?

У кожным выпадку абраз намаляваны алеем.

Вялікі, параўнальны хіба з самім Раем, настрой пануе ў пушчах Палесься. Цяпер вясна і гоман, але гоман птушак і зьвяроў. Япаплыў уверх па Гарыні, а пасьля паплыў па рацэ Вятліцы, якая ўпадае ў Прыпяць з поўдня. Човен сунецца па цёмнай вадзе, але гэта зацемненасьць крышталю. Яна адбівае як у люстры дрэвы, кусты і чарот. З усіх бакоў крычаць качкі. Яны цэлымі статкамі кружляюць у небе. Цягнуцца шнуры гусей. Паважныя буслы сядзяць на дрэвах. Дзяцел дзяўбе хворае дрэва. Пралятае чародка шчыглоў. Калі надыходзіць вечар, пушча гукае, крычыць, пішчыць, сьпявае і глядзіць у люстэрка вялікіх водаў.

- Эх! - енкнуў мой вясьляр і зацягнуў акампануючы птушкам, - «А я лежу і думаю, што ліхую жынку маю…»

Так можна плысьці дзень і ноч, і другі дзень, і трэцюю ноч, зручна на саломе расьцягнуўшыся, глядзець, слухаць і думаць.

Вось у гэткім краі людзі шукаюць Бога.

На самай савецкай мяжы стаіць вёска Малешава, якая ўся, да аднаго чалавека, належыць «пяцідзясятнікам». Побач Альшаны, напалову агорнутыя сэктай. Усё далей і далей шыраць сваю веру баптысты, штундысты, пяцідзясятнікі ды іншыя сэкты. Без перабольшваньня можна сказаць, што вёска за вёскай пакідае праваслаўную веру бацькоў і пераходзіць у сэкты.

Я б далёка выйшаў па-за межы і мэты гэтай кніжкі, калі б пажадаў акрэсьліць сытуацыю, мэты і будучыню Праваслаўнай Царквы на нашых землях. Але патрэбна канстатаваць факт, што ейны аўтарытэт на гэтай тэрыторыі значна аслабеў. Тое, што нейкі праваслаўны сьвятар носіць у пушчах Палесься на расе срэбны «крыж за заслугі», зусім не ратуе сытуацыі, а некаторыя сьцьвярджаюць, што нават пагаршае. Бо справа не ў «заслугах» перад дзяржавай, а перад Богам.

Пераклад з польскае
Mackiewicz Józef. Bunt rojstów. Warszawa, 1990, s. 3-31.



1. Усе беларускамоўныя цытаты падаюцца ў арыгінальным напісаньні і вылучаюцца курсівам. - Пер.

2. Ю. Мацкевіч так называе пратэстантаў згодна з тагачаснымі ўяўленьнямі. - Рэд.

3. Сьведкі Еговы - гэта нехрысьціянская плынь. - Рэд.

4. Відаць маецца на ўвазе указ «Аб свабодзе сумленьня» з 17 красавіка 1905 г. - Рэд.

5. Баптысты, як і іншыя пратэстанцкія дэнамінацыі прызнаюць адзінай крыніцай веры ўсю Біблію, а ня толькі Эвангельлі. - Рэд.

6. Амэрыканская Моладзевая Хрысьціянская Арганізацыя. Цяжка сказаць, што маецца на ўвазе пад яе спадчынай. - Рэд.

7. Тут відавочная памылка аўтара, ён ужывае «хрысьціянскія набажэнства», тады як слушным ёсьць «каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы». - Рэд.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX