Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Народныя прыказкі, прымаўкі і песні жніва з вёсцы Пудзіна 


Аўтар: Урбановіч Уладзімір,
Дадана: 03-08-2016,
Крыніца: НАША СЛОВА № 31 (1286), 3 жніўня 2016 г.



Народныя прыказкі і прымаўкі

Запісана ў вёсцы Пудзіна Дакудаўскай гміны Лідскага павета

Першакрыніцы: Urbanowicz Włodzimierz. Przysłowia ludowe // Ziemia Lidzka 1939-№6. S. 181–183.; Urbanowicz Włodzimierz. Pieśni żniwne // Ziemia Lidzka 1939-№7-8. S. 206–208.

Абы - балота, то чэрці будуць.

Ад смерці ніхто ні выкупіцца, ні выкруціцца.

Адрэзанай лусты не прылепіш.

Бацька сахой так не дагодзіць дзеткам, як матка іголкай.

Бацькі падзяруць грудзіну дзецям носячы, а дзеці - ад бацькоў хаваючы.

Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца, а бедны зявае - дзе багаты дзявае?


Без Бога - ні да парога, а з Богам хоць - за мора.

Без гаспадара гумно плача, без гаспадыні - хата.

Без прыказкі і з лаўкі не валіцца.

Бог сірату любіць, але долі не дае.

Брахаў бы каток, ды язык караток.

Брат на брата, як кат на ката.


Хочаш, дачка, прадзі - хочаш гола хадзі.

Хваробу не трэба клікаць - сама прыдзе.


Ці аб пень савою, ці пнём па саве - саве ўсяроўна баліць.

Далікатнаму і ў небе раскашнейшае месца.

Да пары збан ваду носіць, як вуха ўрвецца, то збан паб'ецца.

Добрае далёка чуваць, а ліхое - яшчэ далей.

Добрых бацькоў - добрыя дзеці.

Добрыя жорны ўсё перамелюць.

Добры сабака лепшы за ліхога чалавека.

Дождж у пору - усяроўна як золата.

Дурню гаварю - дурань да гары.

Дурной галаве розуму і калом не ўб'ешь.

Дзіця і п'яны праўду скажа.

Дзіру дзірой не залатаеш.


Гаспадарка свет корміць.

Гора мучыць, гора вучыць, гора песенькі спяе.

Гострай галавы і меч не бярэ.

Грошы - круглая рэч: раскоцяцца.


І на гладкай дарозе прыпадак можа стацца.


Як цешчы зяць хлеба ўрэжа, дык кажа: "На, бяры, бо пераломіцца", - як жонцы: "На, бо рука самлела".


Як чалавек здароўе страціць, тады яго ацэніць.

Як да любага, то - сцежкі, дрожкі, як да нялюбага, дык - дробныя слёзкі.

Як з міленькім пастаяць, то і ножкі не баляць.


Каб чалавека пазнаць, трэба з ім бочку солі з'есці.

Каб конь ведаў аб сваёй сіле, то б яго ніхто ў рукі не ўзяў.

Калі боб цвіце, а сабака ліняе, то і добры гаспадар хлеба не мае.

Калі не поп, то не ўбірайся ў рызы.

Калі ўжо падаць, дык з добрага каня.

Каменю - хоць забіся, вады хоць заліся, дроў хоць спаліся, а прыкупіўшы хлеба - жыць можна.

Кожнай матцы свае дзеткі - мілыя.

Кожныя граблі да сябе горнуць.

Кожны млын на сваё кола ваду цягне.

Кожны праўду любіць, ды не кожны яе мае.

Крывое ды дзіравае трудна выпрастаць.

Куравыя раны дыму не баяцца


Лепей як харошы наб'е, чым брыдкі пацалуе.

Ліхі сабака і на Бога брэша.

Ліжучы не пад'ясі, а даганяўшы не паца-луешся.

Лазня чорна, а людзей мые.


Малыя дзеткі - малыя бедкі, а падрастуць дзеткі, падрастуць і бедкі.

Маладосць - буйнасць, а буйнасць - дурнасць.

Мужык жонку любіць здаровую, а брат сястру багатую.


На ўсякую рэч ёсць свая прыказка.

На злодзею і шапка гарыць.

Не хацела быць сабачая нага на стале, няхай будзе пад сталом.

Не хвалі каня запрагаючы, а дзеўку прыбіраючы.

Не кайся рана ўставаючы, а з моладу ажаніўшыся.

Няма гораў без далінаў.

Не слаўна хата вугламі, а пірагамі.


Паедзем, бабка, у чужую вёску, дык будзем ведаць, што робіцца ў нашай.

Панская хвароба - беднага здароўе.


Родная маці б'ючы ранаў не наробіць, а мачыха гледзячы параніць.

Розум - найлепшае багацце.


Слаўны бубен за гарамі, а як зблізіцца, то роўны з намі.

Сорам - не дым, вока не выб'е.

Свая маці наб'е і пашкадуе.

Сваіх многа, а як прыдзецца тапіцца, няма за каго ўчапіцца.


Шануй адзежу ўдома, адзежа цябе - у людзях.

Што край - то звычай, што старана - то навіна.


У бабы волас доўгі ды розум кароткі.

У каго дочак сем, то і доля ўсім, а ў каго адна, то і тая - жадна.

Усё можна купіць, толькі маткі за грошы не купіш.


Вялікай крыўды і чорт не любіць.

Бачыў Бог, што не даў свіні рог, але доўгія вушы, бо каб свіні рогі, то неба дастала б.


За добрым мужыком і чучала - жонка.

Дазволь дурню маліцца, то ён лоб разаб'е.

Здароўя за грошы не купіш.

Зямля - усіх нас маці: яна нас корме, яна і прыгорне.

Злодзей хоць вуглы пакіне, а агонь усё забярэ.

З лысага цяляці лысы вол будзе.


Жонка не рукаво - не адпораш.

Жонку, стрэльбу і каня ў чужыя рукі не давай.


Песні жніва

Ідучы ў вечары да дому, абымалі
жняі жальбою - песняй усё поле,
забывалі за ёю долю сваю, нядолю
і клікалі долю лепшую -
песняю.
А. Мацейчык.

Жніво - вынік цяжкай працы за цэлы год селяніна на зямлі. Да нашага часу яно ёсць вя-лікай містэрыяй у жыцці селяніна. Для гэтай містэрыі складаюцца адвечныя забабоны, абрады, звычаі, вершы, спевы і г.д., больш менш аднолькавыя ва ўсім краі, але ў кожнай гміне, вёсцы, амаль што ў кожнай хаце і сям'і яны маюць незлічоныя варыянты. Перадаць часткі гэтай містэрыі ў межах аднаго артыкула альбо нават кніжкі немагчыма. Рэдакцыя "Лідскай зямлі" з задавальненнем друкуе дасланыя артыкулы, у якіх расказваецца пра творчасць тутэйшага народа і адначасова з жалем адзначае, што да браку моўных навыкаў вясковых карэспандэнтаў (маецца на ўвазе няведанне польскай мовы - Л.Л. ) дадаецца адсутнасць ў тутэйшых друкарнях тэхнічных сродкаў графікі, каб публікаваць моўныя матэрыялы ў навуковай транскрыпцыі (адсутнасць неабходных літараў, каб лацінкай перадаць беларускую мову - Л.Л. ). Друкаваныя ніжэй песні жней запісаў ў вёсцы Пудзіна над Нёманам Уладзімір Урбановіч у 1939 г. са слоў сваіх суседак Л. і К. Кіеняў.

Песні жней характарызуе іх працяглая, аднастайная і нават жалобная мелодыя. Усе песні жніўнага сезону маюць у народзе адну назву "Лета". Апяваюць яны працу кабеты ў полі, і яе цяжкасці, і асабістае жыццё, каханне, нязгоды ў сям'і і г.д.

1

Маладая малодачка (bis)

Ў бару жыта жала,

Ой, у бару жыта жала (bis)

Ды на мяжы дзіцё клала.

Прыйшоў да яе Місютачка*: (bis)

- Бог памажы, малодачка!

Плача тваё дзіцятачка. (bis)

- Ды мой жа ж, Місютачка,

Пакалышы дзіцятачка. (bis)

- Рад я быў бы пакалыхаці

Ды баюся, каб не ўдраці. (bis)

2.

- За бор, сонейка, за дубраву,

За высокі горы!

Бо ўжо ж ты мне прыдакучыла,

Ды раненька выходзячы,

Ды позьненька западаючы!


- Я і раненька выходзіла -

Цябе ў полі знаходзіла,

Ды пазненька западала -

Цябе ў полі пакідала.


- Бо мне свякроў, не матачка,

Ды раненька пабуджала

І да позьняга выпраўляла.

3.

- Ой баліць, баліць сярэдзінка

Перабіла бярчынка.

Спячы, мама, яечаньку,

Буду лячыць сярэдзінку ...

4.

- За бор, сонейка яснае!

Нахадзіліся ножкі,

Насвяціліся вочкі,

Нарабіліся ручкі.


Каб ты, сонейка,

Бывала ў найме,

Спадабала б ты мяне:

Позненька ўзыходзіла б,

Раненька заходзіла б.


- Маладая малодачка,

Не дзіві на сонейка:

Я, сонейка, выходзіла -

Цябе ў полі знаходзіла,

Я і позна западала -

Цябе ў полі пакідала.

5.

Ой, пайду я дарогаю

Хораша ступаючы,

Два двары мінаючы,

Да трэцяга даходзячы,

Пана Бога просячы:


- Ой дай Божа, Пане Божа,

Мне мужа харошага,

Каб я за ім піла, ела

І хораша выглядала,

У аксаміце жыта жала,

У золаце пахаджала ...

* Місютачка - Мішутачка, мядзведзь.


Падрыхтоўка да друку і пераклад польскіх частак тэксту - Леанід Лаўрэш.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX