Вярнуцца: Этнаграфія

Аб славянстве да хрысціянства


Аўтар: Даленга-Хадакоўскі Зарыян,
Дадана: 05-09-2011,
Крыніца: Наша Слова № 14 (700) 13 Красавіка 2005 г.



24 снежня 2004 года споўнілася 220 год, верагодна з міфічнага, дня нараджэння ўнікальнай легендарнай асобы пачынальніка народазнаўчай навукі пра ліцьвінаў-беларусаў, вядомага ў славістыцы пад прыгожым сімвалічным псеўданімам Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, дзе Зарыян - ад зараніцы навуковага народазнаўства, а Хадакоўскі - фалькларыст-вандроўнік. Толькі цяпер нам удалося знайсці адкуль "Даленга" (з польскай літаральна "спрытны") - ад фамільнага герба любімага вучня і паслядоўніка вучонага Хрысціяна Лях-Шырмы з маёнтка Спорава на Бярозаўшчыне.

Будучы фалькларыст, гісторык, славяназнавец, археолаг, этнограф, дыялектолаг Хадакоўскі ў 1801 годзе скончыў Слуцкую павятовую навучальню. У 1801-04 гг. праходзіў юрыдычную практыку ў Наваградку. У 1805 здаў экзамены па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіравання маёмасцю. Працаваў аканомам у маёнтках, прыватным адвакатам у Менску. Арыштаваны царскімі ўладамі 24.3.1809 за выказаную ў прыватным лісце прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона. Пасля 7 месяцаў зняволення ў Петрапаўлаўскай цвердзі быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны салдатам у Омск. У 1811 у Бабруйску імітаваў утапленне, уцёк у Варшаву, уступіў у французскую армію. Менавіта пасля паражэння Напалеона мусіў хавацца пад псеўданімам.

Шырокую навуковую дзейнасць выдатны вучоны свайго часу, ураджэнец былога маёнтка Гайна на сённяшняй Лагойшчыне, а тады ў Барысаўскім павеце Адам Чарноцкі вёў з фінансавай дапамогай Расійскай акадэміі навук. Адпаведна выбранаму мнагазначнаму псеўданіму, Хадакоўскі многа вандраваў, збіраў археаграфічныя матэрыялы, запісваў абрады, песні і дыялекты, пераважна на Палессі, даследаваў гарадзішчы каля Бярэсця, Турава, Гомеля, Магілёва, у Бабруйскім павеце, Старым сяле Віцебскага павета, Віцебску і Полацку. Амаль два стагоддзі назад, папярэдне даследаваўшы Карпацкі рэгіён, "ў палатнянай світцы, з заткнутай сенам бутэлечкай самагонкі ў правай кішэні на ўсякі выпадак, босым ў летні час" гэты пачынальнік славянскай фалькларыстыкі прайшоў прарадзіму славян Палессе ад Карпат да Гомеля і сваімі шматлікімі грунтоўнымі працамі заклаў асновы славянскай фалькларыстыкі.

Большасць сабраных вучоным матэрыялаў, значная частка якіх знаходзіцца ў Тарнопальскім краязнаўчым музеі на Украіне, не апублікавана, таму выключную каштоўнасць мае выдадзены ў 1974 годзе ў Кіеве зборнік "Украіньскі народні пісьні в записах Зоріана Доленги Ходаковського", дзе шырока прадстаўлены запісы на Беларускім Палессі (тут, напрыклад, ўпершыню апублікаваны запіс карагода з радзімічаўскага абрада Ваджэння і пахавання стралы "Як пушчу стралу дай па ўсём сялу").

Археолаг Хадакоўскі абгрунтаваў тэорыю ўзнікнення гарадзішчаў, як фалькларыст і мовавед распрацаваў прыныпы збору фальклору і дыялектаў, акцэнтаваў увагу на вялікай каштоўнасці тапанімічных паданняў і назваў для гістарычных даследаванняў. Фальклорны архіў Хадакоўскага паралельна са зборам серба Вука Караджыча - першы і самы багаты збор фальклору славянскіх народаў па колькасці запісаў і па велічыні ахопленай тэрыторыі, а праца вучонага - пачатак сістэматызаванага запісу з навуковай пашпартызацыяй і сінкрэтычным навуковым даследаваннем фальклору славянскіх народаў. Яна стала стала асновай для вызначэння прарадзімы славян, славянскага этнагенезу, праграмай для навуковых аб'яднанняў Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы.

Найбольш актуальна і для нашага часу праца вучонага " Аб славянстве да хрысціянства" (1818), дзе упершыню паказана ўнікальнасць старажытнаславянскай абрадавай культуры і месца фальклору ў ёй у дахрысціянскі перыяд і распрацаваны кірункі комплексных даследаванняў гісторыі і культуры славянскіх народаў (далейшае развіццё яны атрымалі ў працах Хадакоўскага "Даследаванне адносна рускай гісторыі"(1819), "Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі" (1820) і "Гістарычная сістэма Хадакоўскага" (1838).

Мы ўпершыню друкуем гэтую працу ў перакладзе першаадкрывальніцы асобы вучонага вядомай беларускай фалькларысткі Леанілы Малаш. Яна ласкава прадстаўлена галоўным рэдактарам вядомага шматтомнага "Беларускага кнігазбору" Кастусём Цвіркам для падрыхтоўкі юбілейнай Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся".

Васіль Ліцьвінка.


Зніклі для навуковых ведаў гісторыя, абрад і нашы звычаі эпохі многабожжа. Еўрапейская асвета не спрыяла цэламу перыяду, у якім святы крыж пачаў узносіцца сярод разлеглай і падзеленай Славяншчыны. Першыя пасланцы да нас з сягонняшняй верай былі далёкімі ад успрымання, каб захаваць тоесёе для гісторыі і вякоў, і гэты непрыхільны запал у іх паслядоўнікаў дайшоў ледзь не да нашых часоў. У гэтым духу дзесяць або больш уладароў нашага племені па чарзе перакручвалі будову, якая была ўзведзена прыродным натхненнем, і побач з новымі правіламі неба не здолелі забяспечыць зямельнай уласнасці, якая праіснавала б да нас і была б саміх іх памяццю. Гэты выпадак з'яўляецца самым галоўным у Славяншчыне, бо ён ахапіў усю яе разлегласць, даваў права новым княствам, якія ствараліся, і штораз памнажаў іх. Звенні новай веры ўключалі нас, непадобных да рэшты народаў Еўропы. Славянін у мэтах набажэнства або па неабходнасці наведваў Рым або Царград і, блізка да сэрца прыняўшы ўзаемную нянавісць хрысціянскіх сталіц, запальваў паходню вечных войнаў на сваёй прасторы за тое, што не адной асвечанай галаве плаціў даніну. Бяда нам! Занадта доўга праіснавалі мы ў гэтай аблудзе. Можа не ўспомніў бы іх, калі б яны не мелі згубнага ўплыву на гэты перыяд нашай гісторыі і не былі б першым падкопам мілай нам заўсёды народнасці. Будучы час праясніць тую праўду, што ад ранняга аблівання нас вадой пачалі змывацца ўсе характэрныя асаблівасці, якія нас вызначаюць; аслабляў у многіх нашых краінах незалежны дух, і, фармуючыся на чужы ўзор, сталі мы нарэшце самі сабе чужымі.

Усім вядома, у чыіх руках было першае далато гісторыі Поўначы. Лёгка бачыць, што прызванне заўсёды штурхала іх рукой і рабіла шчарбіны ў вобразе радзімы. Таму не дзіва, што ў іх дахрысціянская эпоха, калі не абыйдзена цалкам і не запоўнена выдумкамі, выпукляе нам толькі грубыя звычаі, дзікунства і слепату нашых бацькоў. З аднолькавай лёгкасцю ў іх гэты пераход да веры робіцца і ў Пазнані, Кіеве і Ноўгарадзе. Згодна з імі дастаткова было прыкладу і волі, якія панавалі, каб адзін дзень або год выканалі гэтае прызначэнне. Так разважаючы, гэтыя летапісцы, тым самым, не ведалі ўпартай славянскай душы, не ведалі гісторыі роднага і першабытнага народа, у якога спосаб кіравання і жыцця, звычаі і сама мова былі цесна спаяныя з навукай аб багах.

Такім чынам, пераўтварэнне не магло быць раптоўным і нешчаслівым і, пасутнасці, не было. Ад Кіева на чатыры гады спазніўся Вялікі Ноўгарад, на 100 гадоў - Растоў, яшчэ больш у часе Шчэцін у прыняцці новай веры. Не прыводзячы нашых доказаў, успомнім, што гаворыць Нарушэвіч пасля 70 гадоў новай веры з нагоды пераследавання язычнікаў пра жахлівасці ў палякаў, якія замоўчваліся хранікёрамі. І нарэшце, жрацы з многімі багамі схаваліся пасярод глухой Літвы ў невядомай дагэтуль краіне і ў зручны момант да помсты ўзнялі меч на польскія і рускія сядзібы. Ятвязь пры вытоках Нарвы - як яна надакучыла аднаму і другому з сабраццяў? А што піша Нестар пра сучасных радзімічаў і вяцічаў, а жыццеапісанне святога Войцеха выказвае аб чэхах і жыцці Св. Бэна, біскупа Місненскага, а што тварылася на востраве раноўцаў? Усё паказвае, што чалавек, які жыве сярод сваіх суродзічаў, ніколі не змяняе сябе, ніколі адразу не пазбаўляецца ад перадузятай думкі і дурных звычаяў, якія доўга яму спадарожнічалі, бо нялёгка паўстаць супраць самога сябе, змяніць спосаб жыцця, здумення, занядбаць усё, што яму міла, а перадусім надаць іншы паварот звычнай роднай мове, шанаванню разнастайных бостваў і поўнай іх метафарычнасці, прыказак і прыроджаных устойлівых формул, якія складалі яго абрадавыя песні, прытчы, гутарковую мову і заўсёды дыхалі яго верай.

У забытых часах, даўно праслаўленых і сучасных, наш народ займае сваё месца . Не сабраўся ён з выгнаннікаў, ні з рэшткаў разбураных дзяржаў. Заўсёды быў народам спрадвечным, аўтэнтычным, аднамоўным . І невядомыя яшчэ час і прычыны, па якіх ён пакінуў суседства з Індыяй, як доўга заседзеўся ў гэтай вялікай дарозе, пакуль прыйшоў у Еўропу і заняў палову яе з боку Азіі. З'яўляецца пэўным толькі тое, што пасля таго, як асеў у новым месцы, займаў усе наваколіцы задунайскія аж да падножжа Балкан над Адрыятыкай, за Лабай і ўсю паміж імі прастору, а таксама поўнач з боку сцяны шведаў, якой кіравалі вялікія каганы да перасялення сталіцы ў Кіеў.

У выніку такой перамены на зямлі адбыліся некаторыя змены ў азначэнні асноў свяціл неба, якія ўшаноўваліся. Многія метафары натуральных істот пашырыліся да пазнаных на поўначы, і, падзяліўшы ўсю яе прастору на аднолькавыя ста , падлягалі адным і тым жа ўставам, абрадам і звычаям. У гэтую эпоху ўсюды відаць начальнікаў з харугвай, якая стаяла на чале міру, вайны і святых абрадаў. Спалучэнне ў адной асобе такой разнастайнай улады над шматлікім народам давала столькі спосабаў рашэння і выканання ўсяго, што славяне ў такім становішчы і кіраваныя прыроджанай рукой шаноўнага, не маглі быць ні народам дзейсным, ні ўсыпленым. Вайна была для пашырэння існавання, а час міру - ловаў, земляробства, пэўных рамёстваў, абрадаў, спалучаных з вялікімі гульнямі і бяседай, якія былі іх усеагульнай забавай, вартай увагі і заняткам для абодвух палоў.

У помніках гэтых вякоў часта трапляюцца словы : ралля, плуг, саха, каваль, каса, сталяр, цесля, тку, даўблю, долата , нават пісар і маляр . Усё гэта было патрэбным і ўжытным, набывала сваю вагу і перанесла ў пазнейшыя вякі высокую, але ўжо метафарычную пахвальбу* .


Нідзе не відаць следу, каб перад нашай эпохай паліроўкі на поўначы былі заўважаныя падданыя. Не маглі яны быць і ў час пераходу з Азіі ў Еўропу, і адсюль у другой частцы свету не відаць, што значыць працаваць на вячыстага пана, які ў вачах свайго манарха роўны яму.

Уласцівыя ад прыроды славянам прастата, весялосць, ветлівасць і шчырасць выразна праяўляліся нават у вачах непрыяцеляў, і гэта сведчанне набылі. Мужнасць, міласць і гэтая ўзорная гасціннасць, якія служылі старым саксонам на здзіўленне і пачуццё глыбокай пашаны, былі боствамі ўсёй нашай зямлі, якія ў аднолькавай ступені паважаліся і шчодрымі дарамі надзяляліся.

Калі будзем менш чакаць ад вешчых замежных пісьменнікаў, менш ім давярацца, а пачнём самі на ўласнай прасторы, у гняздзе нашых айцоў шукаць аб усім звестак, магчыма, знойдзем больш, чым дагэтуль дзенебудзь пісана. Угледземся толькі ў нашу зямлю. Магчыма, славяне пакінулі яе як самую трывалую кнігу, можа, яе заклялі, каб ніколі сама спадчына нашчадкаў не выходзіла, і з гэтай мэтай заваражылі тагачасным спосабам, каб магла служыць сведчаннем адвечнай уласнасці найпазнейшым унукам. Не смеем мы пярэчыць нашым заснавальнікам клапатлівай прадбачлівасці аб захаванні такой памяці, бо хто з людам прайшоў прастору паміж Індам і Балтыкай, той, відаць, набыў шмат досведу і ўважлівасці на будучае і мог быць як Майсей другім заканадаўцам свайго племені.

Такім чынам, пазнаёмімся з нашай зямлёй, падлічым яе ўсе найменні або ўрочышчы, будзем бачыць, што, нягледзячы на дзевяць вякоў, не ўлічваючы столькіх ваенных знішчэнняў, акрамя невядомасці і дарэмнага самахвальства ў адмене старых назваў, аднак, захаваліся і дайшлі да нас імёны багоў, якім належыла пакланяцца, імёны яе віноўнікаў і той зямной істоты, якая ў прасторы часу зарэкамендавалася вялікім дабром і злом і на славу роду людскога і нашай мовы была названа чолам вякоў** .

На гэтай жа зямлі мы будзем чытаць словы ўсіх звяроў і птушак, пакінутых як у Індыі, так і ў тутэйшым клімаце пазнаных, назвы ўсіх дрэў, лясных і пладовых, зёлак, якія вабяць прыемным пахам, і кветак, прыгодных для ўжываня, не ў меншай ступені і тых, што да лекаў і ўяўных чараў маглі служыць; азначэнне ўсіх вядомых у той час каштоўных металаў, назвы войнаў з усёй іх у тую пару зброяй, а таксама міру, які праходзіў доўгі час на сваім лоне забаў і працы; урочышча мораў з усімі падзеламі вады і караблёў, якія на ёй выкарыстоўваліся, усе паветраныя змены, пэўныя знакавыя лічбы або прысвечаныя багам, словы, якія абазначаюць супрацьлегласці, якія толькі чалавечае ўяўленне можа сабе ўявіць, усе прадметы злыя і добрыя, усе чэлесы, якія складаюць сукупнасць жывога цела, усе іх дзеянні, усе разумовыя здольнасці, усе назвы, агульныя і асобныя. Нарэшце, мысленне, памяць і слова як спружына і мэта гэтага вобраза, карацей кажучы, цэлая энцыклапедыя, сказаў бы, цэлы наш слоўнік у простым і пераносным значэнні, разгорнуты на нашай зямлі адзінакавым або складаным спосабам, дзелячы стары ста яе ў пэўным парадку. Няма і фута зямлі ў старой Славяншчыне, каб не належыла да гэтага слоўнага раду. У роўнай меры ахоплівае ён аседлыя і пустыя землі, карысныя і дзікія, узвышаныя і раўнінныя, ашчаціненыя горы, так і даліны і непераходныя балоты, чыстыя палі, як і дрымучыя лясы - , словам, цэлая паверхня зямлі была сталіцай нашых багоў і адной табліцай нашай веры.

Хто здолее на такой прасторы, амаль на кожнай квадратнай мілі палічыць былыя агароды, якія называліся градзіскамі і гарадзішчамі, навокал абнесеныя валам і блізкія да іх лысыя, або ясныя, горы, якія звычайна панавалі над гэтай мясцовасцю і звычайна ўзносіліся пры схілах і водах? На многіх месцах пры недахопе зямнога ўзвышша, на гладкай раўніне, сярод нізін і балот Палесся, аднак у больш падыходзячым месцы тое ж самае ўрочышча захоўваюць. Хто чуў, што Шчыгельскі*** пра яго гаварыў, хто прыпомніць агульнавядомае паданне пра ведзьмаў і чараўніц, якія кожны чацвер у час маладзіка наведваюць лысую гару, хто чуў пра кіеўскую гару, той здзіўляцца не будзе мноству памянёных назваў. Вялікая працягласць славянскай зямлі не дазваляла нашым айцам спыніцца толькі на дзесяці дасягненнях (набытках), дазволенных сумленнымі пісьменнікамі, зразумела, па гэтай прычыне, у залежнасці ад колькасці насельніцтва, вызначаюць Старыя ста і, змяшчаючы ў іх сто зямных назваў, выбіралі сярод іх найбольш віднае месца для лысай гары і святога агарода абода тых, якія стасавалі закругленню рэшты належачых назваў.

Мая праца яшчэ не завершана. Адкрыццё кожнай сістэмы не можа быць падцверджана ва ўсёй паўнаце, і цяжка на слабых крыллях пераляцець аддаленыя вякі і хутка пранікнуць у іх таямніцы. Толькі час і напружаная праца пасля ўважлівага перагляду многіх адлеглых аколіц могуць прынесці тлумачэнне, якім спосабам адно чуццё або чыя воля па такой прасторы ўмелі аснаваць тканіну паўсюды да сабе падобную або дадаць да яе тую разнастайнасць, якая праз пэўную адлегласць як бы зусім перанесеная паўтараецца і аднаўляецца.

Ходзячы ўсюды на фоне старажытнай навукі, на паваротах славянскага праўлення, колькі можна напаткаць Ноўгарадаў такіх даўніх, як і Стараградаў, Кіеваў, Кракаваў, Гнезн, Москваў, Крушвіц, Пазнаняў, Будзінаў, Пшэмыслаў, Белагорадаў, Варшаў, якія спалучаны з тымі ж самымі або адназначнымі імёнамі. Колькі ж адкрываецца набыцця і памылак у нашых апісаннях, якія з назваў паселішчаў або краёў столькі вывелі заснавальнікаў, якія не існавалі.

Абапіраючыся на такую шырокую і паўсюдна для мяне існую сістэму нашай пасівелай старэйшыны, гляджу спакойна, як у маіх вачах знікаюць роі прывабных мар, якія, маючы на ўвазе нейкую скрытную асобу, цьму герояў з назваў многіх асад намагаліся стварыць у чэшскіх кроніках. Можна сказаць, што ніводзін з сучасных і паліраваных не падумаў аб такой сістэме назваў зямлі, ніхто пры дапамозе падобнага слоўніка не гарантаваў сабе вечна існай памяці. Гэта не літанія ўсіх святых у іспанскай Амерыцы і на астравах, якая без ладу перамешана. Славянскі парадак арыгінальны, уласцівы толькі нашым заканадаўцам і продкам, што праз столькі вякоў у тысячах месцах зрабілі і захавалі. У гэтым была іх агульнасць, еднасць; адсюль усім належная павага, адсюль, хачу гаварыць, усе пакрыліся вянцом і назвай Славы.

Часта ўглядаючыся ў гэты вобраз, столькі разоў адчуваў унутраную павагу да сваіх прадзедаў, ушанаванне іх вялікай мыслі і заўсёды знаходзіў у сябе жаданне далейшага распазнання і ў меру магчымасцяў заканчэння гэтага вобраза.

Час сказаць што-небудзь пра песні славянскага люду. У першабытнага народа, які налічвае больш дзесятка вякоў на гэтай зямлі, якіясьці песні павінны быць. Пры недахопу пісьменннікаў або тагачасных сведчанняў яны здольны нам многа рэчаў адкрыць. Аднак, хто не накідаў сабе пэўных контураў, не прыгатаваў пэўных пытанняў, а яшчэ з прычыны шырокасці славянскай зямлі не мае запасу адвагі, вытрымкі і ведання некалькіх дыялектаў, той дарэмна будзе чакаць песень; самі яны берагу не прыплывуць і не наб'юцца. Трэба пайсці і схіліцца пад сялянскую страху ў розных аддаленых краінах, трэба спяшацца на яго бяседы, забавы і розныя прыгоды. Там у дыме, які ўзносіцца над галовамі, яшчэ выконваюцца старыя абрады, напяваюцца даўнія спевы і сярод скокаў прастаты адклікаюцца імёны забытых багоў. У гэтым горкім змроку можна заўважыць тры месяцы, якія свецяцца, тры зары дзявочыя, сем зорак мядзведзіцы. Так, зара Лялёва набліжаецца да маладога месяца, што прадказвае каханне маладажонаў і вяселле; там зара, агароджаная месяцам або пакрытая завойкай, тлумачыць шлюбную прысягу. Дагэтуль яшчэ тры ракі цякуць пад сені каханкаў, несучы святую ваду для каравая і калачоў. Да гэтай пары ў падольскіх напевах сустракаюцца варожбы на тых жа рэках, якія ўспамінаюць візантыйскія хронікі. Яшчэ ціхі Дунай, як той Ганг, поўны ачаравання, міласці і шчасця, з'яўляецца святой вадой, які на сваёй паверхні нясе чарвенны кораб з вясельным дастаткам. Яшчэ едуць у Львоў, каб пазалаціць стоўп. Дзяўчына, якая без боязні стаіць паміж двума львамі, аддае руку юнаку. Страусавы пер'і і пававыя хвасты аздабляюць вянкі і галовы павенчаных. Чэрвец, змешаны з малінай, з'яўляецца хвалой захаванай цнатлівасці. Русая каса пад Кіевам, а залатая каса ў Кракаве - самыя распаўсюджаныя. Алені, рысі, лебедзі і сокалы яшчэ не забыліся прыносіць закаханым вянкі і пярсцёнкі. Сіраце, якая збіраеца да шлюбу, спяваюць поўную пнёў дуброву без зелені. Яшчэ масты сцелюцца з трыснягу, калі дзеці павінны ўпасці да ног бацькоў, а другія, якія ўсланы пярсцёнкамі і перламі, ляжаць па дарозе каханых.

Наогул, гаворачы аб гэтых абрадавых спевах, сабраных у невялікай колькасці над Дняпром, Богам, Бугам, Санам і верхняй Віслай, усе яны павяваюць мілай журбой, прастатой, поўнай метафарычнасці і старажытных вобразаў. Неабходна прызнаць, што сялянскі люд, так даўно пазбаўлены свабоды, калі мог яшчэ захаваць падобныя напевы, то, відаць, яны ў эпоху свайго панавання на райскіх дварах і агародах, у гаях, на гарах і палях, асвечаных пал вокам князёў і ксяндзоў, каралёў, жрацоў, паноў і абрадавых стараст у час сабораў абодвага полу, былі непараўнальна больш знакамітымі. На жаль, наша зямля не была застрахавана морам з трох бакоў, каб, нягледзячы на вякі, захаваць столькі, як Шатландыя.

Аднак, чаго нямала трэба шкадаваць, дык гэта тое, што ў Чэхіі пры Карлу IV, а ў Польшы ў эпоху Жыгімонтаў, якія былі прыхільнікамі навук і айчыннай мовы, у век не так моцна збяднелых сялянскіх двароў, не падумалі аб поўным зборы песень. Дзіўна, што Ян Каханоўскі, які багата прыгожай прастаты зпад вясковай страхі, пераносячы ў свае вершы, не трапіў на падобную думку; яна тут жа за ім стаяла. Яна і ў Жыгімонта Аўгуста атрымала б шчодрую падтрымку і сталася б годным падарункам таго веку. Дзякуючы гэтаму быў бы з'эканомлены для нас час і больш цяжкая праца. І не было б прычыны наракаць на сандармірскага каноніка Марціна з Ужандова, архімандрыта Кіевапячорскага Гізеля, на дружыну Лаёлі і на незлічоны полк фанатыкў, якія з вялікім запалам тапталі ўсё тое, што сёння з'яўляецца прадметам нашай цікавасці. Поруч з гэтымі правіннасцямі з захаду аддаём мімавольную пахвалу рускаму духавенству. Грэчаскія і ўніяцкія (як мы называлі) папы былі братамі свайго народа, маліліся Богу на славянскай мове, вольныя ад высакамернасці і сварак сярод жыхароў сваімі рэформамі, мелі больш паблажлівасці і ласкавасці з гэтага боку. Вынік гэта засведчыў: рускія ваколіцы захавалі непараўнальна больш старых песень і мяне навучылі.

На паўночнай Русі ў канцы XVIII ст. сабраны і надрукаваны песні. Выдавец хваліць іх працяглую аднастайнасць па ўсіх акругах, але паэтычную перавагу надае маларускім, г. зн. спевам паўднёвай Русі. Згаджаюся з гэтым па ўласным перакананні, пасля таго, як праз Днепр крыху заглянуў у Палтаўскую акругу. Аднак, трэба сказаць праўду, што ў гэтым 12кніжным зборы не відаць сталай мэты. Больш за ўсё стараліся перадаць гучныя ноты або панурыя "калінушкі", чым саму рэч; займаліся гэтым невядомыя асобы, і не было зроблена ніякага выбару. Адносна сілезскіх, чэшскіх, мараўскіх і вянгерскаславянскіх песень, яшчэ не знаючы іх, нічога не магу сказаць. Аднак стараюся.

У даследаваннях нашай старажытнасці выяўляецца яшчэ больш своеасаблівая акалічнасць. Калі я яе тут назаву, ні адзін будзе ахоплены сумненнем і нават гатоў будзе пасмяяцца. Шчыра прызнаюся, што сам доўгі час знаходзіўся ў сумненні. Па сутнасці, як можна пагадзіцца, каб адзнакі шляхецкай гордасці, гэты помнік уяўных аповесцяў для нашых радапісцаў, гэта бяздонная крыніца панегірыкаў для айцоў езуітаў, асуджаных у сённяшняй асвеце на забыццё, каб, кажа, гербы нашы маглі мець старажытнае і пэўнае значэнне. Аднак, адкінем у бок усякія прадузятасці пра гэтыя знакі. Яны ў гэтым не вінаваты, што іх стараліся не разумець і зацямнілі казкамі

Нашы геральдычныя зборы з'яўляюцца вынікам прыватнага намагання, а не афіцыйнай справай. У апошнім зборы Пятра Малахоўскага прадстаўлена каля 10 000 сем'яў, а ўсіх гербаў, у тым ліку іх разнавіднасцяў, якія змешчаны там жа, будзе каля тысячы. Якая ж гэта лічба? Ці магчыма аднаму чалавеку ахапіць і вызначыць пачатак кожнага і прычыну невыдуманай высакароднасці? У гэтых кніжках, адпаведна довадам, якія каму падабалася напісаць для інфармацыі аўтара альбо з kwerendy па дзяржаўных актах, якія не выражаюць пачатку старажытнага шляхецтва, і мы такіх даўных папяровых збораў не маем. Зыходзячы з таго, што сам Нясецкі ў канцы 4га тома ў пратэсце выказвае аб гэтай старажытнасці шляхты і гербаў аб іх паходжані з крыві ўсходніх і заходніх цароў, якія ўзніклі ад арагонскіх каралёў і сіцылійскіх князёў, ад валадароў замкаў, а нават ад Алімпа і Акіяна, усё гэта не заслугоўвае якойнебудзь увагі. Тым не менш, застарэлай хваробай з'яўляецца ў нас шукаць славы, гордасці ў замежных рэчах, і таму вельмі частыя ў нас родаводы з Брытаніі, Даніі, Італіі, Францыі і іншых краін. У гэтай чужаземшчыне не мог быць ужо Слуп, толькі Калона, Крук апрануўся у corwina, мядзведзь, гэты бедны муж за пакорнасць сваёй жонцы ператвараецца часам ва Урсына. Вата знаёміўся са Старым Запаветам і прысвоіў Самсона. Белая гусь, пачуўшы пра славу капіталійскую, паднялася да Paparony, а ясны сокал, гэта некалі знакамітая птушка, якая дала столькі хлеба сакальнічым, будучы заўсёды адзнакай дзелавога молойца, зніжаны да Слепавароны. Гэты піша, што Барычка прыбыў з Паноніі ў Венгрыю, потым у Польшчу; той кажа, што гербавая рыбка Гляўбічаў, Пшэдслаўскіх і Рапасоўскіх была яшчэ да нараджэння Хрыста. Зара з месяцам мае сваё гняздо над Рэйнам у замку Манстэрн, паславянскаму Лелівай нібыты званым. Божы статак, які ёсць у Кромара, відаць, пры забыцці абраду, які быў у нас, змяніўся на стада, такім жа чынам божы дар поўнасцю перакручаны з небыліцай пра самае добрае пажаданне каралю, які ідзе пад Варну; гэты герб прынесла Шварцу шляхецтва. Вынік паходу вядомы. Кароль загінуў, і ніхто не ўратаваўся. Незабыўна здзейснілася пажаданне. Нягледзячы ні на што, Шварц ужываў для гэтага герб, аднак не першы, бо ён памёр без мужчынскага нашчадства; аднак больш дзесятка сем'яў ужываюць той жа самы знак.

Я ўспомніў пра вынік варнскай бітвы. Доўга яе аплаквала Польшча. Нашы радапісы, якія ўсё бачаць у вясёлкавым святле, хацелі ўказаць, што быццам пасля трыўмфу пад Варнай Рак ішоў з дыпломам шляхціца. Нясецкі, які пісаў у Львове, не ведаў прычыны, чаму "домб", які быў у гербе, папярэдне атрымаў назву "дуб".

Аднак сярод падобнага віру баек і гаворак усе нашы пісьменнікі згаджаюцца, што былі ў нас гербы з дахрысціянскіх часоў, і што ў памяць прыняцця хрысціянства былі даданыя толькі крыжыкі, а пералічэнне такіх гербаў па прычыне сумненняў, боязні апускаліся. Адзін Вацлаў Патоцкі ў 1696 г. асмеліўся сказваць, што герб Лада з'яўляецца старажытным помнікам куміра Лады. Нясецкі ж, часта яго прыводзячы, адносна гэтай думкі маўчыць і замест гэтага падсоўвае свой гістарычны вывад - ад вёскі ў Люблінскім ваяводстве. Адсюль можна лічыць, што нашым езуітам мнагабожжа было вядома лепш, калі яны цураліся яго, бо Кнапскі ў сваім слоўніку слова "іadna", "іadnoњж" не прывёў, а lelek паказваў варварызмам, які нічога не значыць.

Гаворачы пра гербы, якія на працягу вякоў клапатліва песціліся як шляхецкія каштоўнасці, тым не менш, праходзячы праз столькі фанабэрыстых, ілжывых і забабонных рук, паўставалі ў змененым выглядзе. Мы не павінны грэбаваць ніякімі крыніцамі звестак, асабліва айчынных. Давайце даследуем, падымем з іх заслону, аддзелім чужое, якое прыйшло разам з наданнем шляхецкага звання, і пазнейшае, згодна з табліцай Чацкага і згодна з канстытуцыяй; аддзелім на хвіліну крыжыкі як дадатак хрысціянскай руплівасці і ўсё разам пакажам у малюнку. Тады ўбачым пэўную паміж імі сістэму, пэўнае падабенства і часткі: тут адзінкавыя знакі, там - складзеныя і як бы суцэльныя. Тут усе нябесныя свяцілы, якія ўслаўляюцца ў вясковых песнях, і аснова навукі т. зв. Чараўніц; тут зара Ляліва дужа шчасліва, зара любоўная. Там каўчэг з львамі, увенчаны слупам - у адных, з дадаткам лялівы і сокала - у Дзяконскіх. Здаецца, той самы, на якім князь Мсціслаў Свет Уладзіміравіч плыў па возеру Ільмені да прыгожай Любавы. Дзеўкі з распушчанымі валасамі альбо з намёткай на галаве, ці не будуць яны тымі самымі княгінямі кракаўскімі і княгінямі рускімі, якіх бачым на вяселлях у наш час? Белы конь на чырвоным фоне, ці не той жа самы, аб якім Саксон Граматык у аблозе Архоны гаворыць? Герб пана Задоры - галава ільва, якая пылае полымямі, а таксама тры галавы, ці не нагадваюць яны нам Чарнабога, якога мы бачылі ў Вялікай Сірыі? Адкуль у нашай геральдыцы столькі звяроў і пташства, не адкідваючы ката, зайца, свіней, вожыка, качак і сарок? Якім чынам залацянкі ўвялі столькі палкіх сэрцаў і столькіх лебедзяў? А ў іншых месцах - дрэвы, кветкі, травы, грыбы, вужы, рыбы і жабы. Ці можна падумаць, каб усё гэта мела азначаць мужнасць, розум, цноту і заслугі?

На самай справе былі часы, калі гэтыя прадметы па гэтых знаках вычытваліся. І мы, магчыма, павінны быць найбольш удзячны шчасліваму ўвядзенню ў зман захаванню гэтых старажытных іерогліфаў. З Салюстам Езерскім, калі б той жыў на некалькі вякоў раней, загінуў бы несумненна наш шляхецкі задыяк. Напэўна ў радавым дрэве (starodrzewiu) давалі або выбіралі гэтыя знакі за якуюнебудзь дзейнасць і паслугу, аднак без адносін знакаў да асоб. Чэрпалі гэтя рысы з якойсьці кнігі, якая да нас не дайшла, альбо з прыроды, якой пакланяліся, і са славянскіх звычаяў, таксама нам невядомых.

Шкада, што ўжо спыніўся дух, які абараняў шляхецтва, і ніхто ўжо не думае аб дапаўненні збору гербаў, якія прынесены ў дванаццаць вывадовых камісій у заходніх губернях Рускай дзяржавы.

Геральдыка Паўночнай Русі, выдадзеная ў часы Паўла I, ні ў чым не заспакоіла маёй цікавасці; аднак ёсць сляды, што былі пячаткі з каштоўных металаў у часы Ігара, далёка раней да хрысціянства. Дахрысціянскія сцягі, непазбежна прываленыя цяжарам траістага крыжа ў часы Уладзіміра I; не ўратавана іх пазнанскім спосабам праз унію з крыжакамі. Адсюль таксама вялікі каган з'яўляецца нароўні з апосталамі ў ліку святых. Наш Мечыслаў за сем жонак пастарому яшчэ не адпакутваў. У наступных вяках Русь мае досыць пячатак, аднак на іх няма нічога славянскага. Зямля, паны і баяры не ўжывалі сталых і аднастайных гербаў. Дзяўчына з расчасанай па плячах рускай касой, з руцвяным або барвянковым вянком на галаве, якую ўслаўлялі на ўсёй поўначы і поўдні Русі, не мела шчасця стаць адзнакай сваіх прыхільнікаў. Двухгаловае цуда, невядомае славянам, прыляцела з Грэцыі пасля 1490 года і села над Масквойракой у часы Івана Васільевіча. Венгры перавярнулі тры знакамітыя ракі і шэсць лілеяў ператварылі на іншыя лічбы і вобраз. Справядліва сказаў наш Мікалай Рэй: "Гэты свет дзіўна калышацца ў сваіх справах".

Літва, прымаючы многае ад Русі у шанаванні багоў, пісьменстве і дзяржаўнай мове, яшчэ на пячатках Вялікага Вітаўта і харугвах пад Грунвальдам указвала такі знак: \_/\_/. Сапсавала яго і з часам зусім ад яго адмовілася.

Zrcadlo, slavne'ho markrabstvi moravske'ho, у Аламоўцу 1593, было для мяне дапаможнай кнігай. Чаго я не здолеў знайсці ў польскай геральдыцы, а моцна жадаў у адносінах да валынскіх песень, у гэтым люстэрку я набыў. Не ведаў я яшчэ геральдыкі чэшскай і вянгерскай, менавіта славянскіх сем'яў.

Гаспадары малдаўскія ваяводы, якія валодалі берагамі слаўнага у нас Дунаю, правячы краінай святога Багдана (г. зн. Малдавіяй), ужывалі ў дыпламатыі пісьмо і мову славянскую, у якіх была выказана прысяга на вернасць каралю Польшчы. У некаторых актах пулаўскай Сыбілі і ад XVXVI стст., відаць, сталае ўжыванне на пячатцы вялікай туравай галавы разам з Лялівай. У гэтым краі дагэтуль баяры душэўнасці славянскай, а знешнасці - турэцкай. Усюды можна знайсці нешта славянскае пасля вызвалення ад чужых уплываў і наноснага.

Многа шляхецкіх факелаў у руцэ згасла, і то яшчэ раней, чым падумалі аб іх здзяйсненні. Трэба прагледзець цэрквы, касцёлы, могілкі або па архівах старыя арыгіналы. Бязмерная праца. Лёгкі жарт адразу ад яе знікне, бо тут сцісласці нельга даваць патуранне. Трэба доўга ламаць галаву дзеля старажытных вякоў і не аднойчы злавацца.

Забяспечым сябе выпадковымі і дастаткова частымі адкрыццямі зямлі; гэта розныя малыя статуі, малюнкі і прылады з каштоўных металаў, посуд, начынне, гаршкі з попелам. Палічым і пазнаем пры дапамозе дакладнага вымярэння ўсе вялікія магілы, якія насыпаны ў гонар адной асобы і самотна перажылі вякі. Захаваем ад знішчэння ў падземных пячорах выбітыя на скале графічныя знакі, якія ў большасці нам невядомы. Здымем планы з распалажэнняў месцаў, якія вызначаюцца старадаўняй вядомасцю для тлумачэння старога ста, не дазваляючы ні аднаму ўрочышчу пайсці ў забыццё. Пазнаем усе назвы, якія вясковы люд або яго лякаркі ў розных месцах даюць прыродзе. Сабяром колькі можна песень і старажытныя гербы, апішам больш характэрныя абрады. Уключым усё гэта ў адну кнігу і несумненна пераканаем пра наша паходжане з Індыі, або Індастану, і займеем наша ўяўленне аб нашых продках. Злучым іх навуку V ст. з асветай і з удзячнасцю ўнукаў, якія ўжо адклікаюцца.

Ніколі не намерваўся пісаць аб гэтым, пакуль не сабяру ўсіх запісаў. Накідаў толькі некаторыя думкі, узятыя з чатырохгадовага майго падарожжа і працы дзеля далейшага яе прызначэння. Прадставіўшы сябе думкай, аддаленай за 9 валамі вякоў, перад абліччам пасівеўшай і паважнай барады нашых продкаў, не мог я ўжо гаварыць без пэўнай павагі для іх і як бы ў іх імя, без пэўнай смеласці, якая, засноўваючыся на добрасумленнай праўдзе, выведзена з адчувальных вынікаў, павінна заўсёды быць адзнакай паўночнай душы.

Пісаў у Сіняве над Санам 1818 г. у месяцы сакавіку


* Мікалай Рэй з Наговіц у сваіх вершах, хвалячы паноў Чорных Паўлаў за розум, дабрачыннасць, мужнасць, узорныя паводзіны, якія былі ўласцівыя ўсяму іх роду, у дадатак да гэтых пахвалаў пастарасвецкаму так заканчвае:
"А за іх звычаямі, за іх справамі, менавіта, кожны мог бы іх зваць канякоўкамі"

У рускіх святочных спевах кавальчыкі і каваленкі куюць коней пану вясельнаму старасце, якому сваненка або сваха дае залатыя і срэбныя падковы з такімі ж ухналямі. Вось і прычына, чаму ў нас столькі гербаў, якія напоўнены падковамі. Заўсёды яны азначаюць добрага юнака; тое ж самае ў многіх месцах гаворыць і Нясецкі.
Мужнасць, трываласць і спрытнасць у вядзенні вайны доўга параўноўваліся ў нас з натурай ваўка. Памяць аб гэтым захавалася ў песні пра паход на полаўцаў северскага князя Ігара. І Нясецкі ў "Koronie Polskiej" (t. I-IV, Lwуw, 1728-1743) змясціў некалькі падобных прыкладаў: "Эліязар, або на Русі звычайнай мовай Оліазар (Елізар), сляпы на адно вока, аднак вялікі ваяўнік, які, не даючы ніякай пра сябе весткі, напаў на татар і нанёс удар; таму яго, ўжо сляпога і глухога, называлі ваўчком (Т. II, с. 424, т. III, с. 453); "воўк мазавецкі, чалавек значны" (т. III, с. 234); "продак лугаўскі", названы "Вялікім", які мужна ваяваў пад кіраўніцтвам Лешкі Чорнага з Літвой і яцвягамі, і ва ўзнагароду за заслугі атрымаў вёску Лугі (т. III, с. 184); Ян з Шчалец герба Гжымала, арцыбіскуп гнезненскі, вялікі муж, паважаны Казімерам Вялікім, выканаўца яго апошняй волі, быў названы "Сухім Ваўком" (т. II, с. 335). Была ў нас прыказка: "Воўк яму за вухам вые", таксама: "Бегае быццам з воўчай скурай па калядзе". Тысяча метафар было ў нашай мове, яна ўзбагачалася веданнем і вобразамі прыроды, якія служылі нашым продкам вялікай кнігай. Адхіліўшыся ад іх далёка, пра ўсё забыліся і ўсяго пазбавіліся. Дваццаць гадоў належыла змагацца нашым, каб вярнуць страчаную айчыну; магчыма, не меншых спатрэбіцца нам намаганняў, каб вярнуць народнасць у нашай мове. Як прагоркла чужая слодыч, ужываная праз меру. Адчуваецца туга па простых і родных кармах. Збяром іх старанна, за час, віноўнік усяго, магчыма, выдасць нам новага Баяна, які ад выгладжанай сёння мовы, надаючы старажытныя вобразы і словы, стане стваральнікам народнай арыгінальнасці.

** Для нас было міла паказаць адначасова гэты трыумф славянскай мовы, калі б гэта справа не заключалася ў агульным для яе правіле складання і множання слоў. Так усё пайшло на невядомасць, што, жадаючы растлумачыць адну рэч, трэба закранаць усю так званую махіну. У гэтым можна пераканацца і са слоўніка П. Ліндэ пад словамі: чола, век і чалавек. У знойдзеным вельмі старажытным рукапісу аповесці аб Мсціславе I Уладзіміравічу, слаўным князю рускім, бачым вялікага пасадніка Гастамысла Бурывоіча. "Умомъ своимъ онъ веки обнималъ". Гэты выраз даволі позні, бо з XII ст., аднак, разам з тым якім высокім з'яўляецца, як нагадвае заканадаўцаў славянскай мовы? Трэба быць чужым, не належыць да нашага племені і быць там пазбаўленым усякіх ведаў у гэтай галіне, каб як Rulhiere, слаба ўхапіўшыся ў царкоўнае слова раб (якое абазначае па-славянску служэбнік, а па-руску - нявольнік), мог разумець, што ў гэтым краі чалавек і нявольнік называюцца аднолькава. Калі б сказаў, што дзеці: рабяты часта называюцца ад бацькоў, было б праўдай і сведчаннем натуральнага вяршынства бацькоў і пакорнасці ім дзяцей, якія пры дапамозе гэтага слова абазначаюць "падданасць без межаў".

*** У кніжцы, хоць пазней пісанай: Aquila Polono-Benedictina…/ Krakуw, 1663, s. 119 і наст. / і ў мясцовай легендзе: Krzyż Swięty na świętney góre Swiętokrzyskiej, łysiec nazwaney… Кс. Марцінам Квяткевічам… у Кракаве 1690.


Надрукавана: "Cwiczenia Naukowe", 1818, t. II, nr. 5, s. 3-27; "Pamientnik Lwowski" 1818, t. I, s. 17-48 (перадрук с папраўкамі і дапаўненнямі аўтара). Асобна выдаў: І. Р. Гельцаль: Кракаў, 1835. Змешчаны тут тэкст грунтуецца на "Pamientniku Lwowskim" і кн.: Zorian Dolenga Chodakowski. O Slawianszczyznie przed chrzescianstwem oraz inne pisma i listy. Opracowal i wstempem opatrzyl Julian Manlanka. Warszawa, PWN, 1967. S. 19-38.

На беларускай мове друкуецца ўпершыню.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX