Папярэдняя старонка: Этнаграфія

Каталіцкае Cвята Божага нараджэння ў Лідзе 


Аўтар: Лаўрэш Галіна, Лаўрэш Леанід,
Дадана: 27-01-2007,
Крыніца: 'Наша слова' № 52(788) 27 снежня 2006 г.

Спампаваць




Як сустракалі свята Божага нараджэння ў Лідзе на пачатку ХХ стагоддзя, больш за 100 гадоў таму? У артыкуле будуць выкарыстаны ўспаміны былой жыхаркі нашага горада прафесара Варшаўскага універсітэта Ірэны Стасевіч-Ясюковай і сямейныя архівы Януша Сегеня, зараз жыхара Варшавы.

1905 год. Каляды ў доме Стасевічаў - на вулiцы Віленскай ( цяпер мы ведаем гэтую вуліцу пад назвай Савецкая), што паблiзу яўрэйскага шпiталя i яўрэйскiх могiлак, недалёка ад узгорка, за якiм пачыналася поле, нiжэй - луг i рака Лiдзейка.

Каляды ў Лiдзе заўсёды былі снежныя, 24-га снежня - у Дзень Вiгiлii (на Куцю) круцiлiся за акном далiкатныя пласцiнкi белага снегу. Гэта стварала спецыфiчны непаўторны настрой перад святочнай вячэрай. У цёплым, нагрэтым вялiкай печчу, пакоi, стаяў вялікi авальны стол, за якiм магло сесці дваццаць асоб. На гэтым стале раскладалася духмянае сена - яно павiнна было напамiнаць аб стайнi ў мястэчку Бэтлеем, дзе нарадзіўся пан Езус, i было ў мясцовай традыцыi такое ж важнае, як i аплатка. Забыцца пра сена было нельга. Пасля вiгiлiйнай вячэры моладзь выкарыстоўвала гэтае сена для варажбы: даўжыня сцябла выцягнутага з-пад абруса, павiнна была акрэслiць працягласць жыцця. Сена трэба было занесці да стайнi цi аборы, каб жывёла, спажыўшы яго, прыдбала здороўя. Абрус на вiгiлiйным стале павiнен быў быць снежна-белы - найлепш iльняны, белы колер сімвалiзаваў чысціню Дзевы Марыі. На галоўным месцы стаяў сподачак з аплаткам (калядой). Самым галоўным дзеяннем пры святочным стале было дзялен-не аплаткам. Перажагнаўшыся, бабця , як старэйшая гаспадыня дому, выказвала ўсiм прысутным пры стале вiншаваннi i падыходзiла з аплаткам да кожнага асабiста, каб падзялiцца з iм гэтым каталiцкiм сімвалам сямяйнага звязу. Менавіта свята Божага нараджэння - гэта сямейнае свята, і абавязкова ў гэты дзень пры сямейным стале збіраліся ўсе родныя. Успамiналі тых, што былi далёка, і тых, што адышлi ад нас назаўсёды. Пры вiгiлiйным стале павiнна было быць вольным адно сэрвiраванае месца, якое прызначалася неспадзяванаму госцю. У гэты святы вiгiлiйны вечар кожны, хто мог пастукаць у дзверы, прымаўся гаспадарамi з адкрытым сэрцам. На вiгiлiйную вячэру запрашалi адзiнокiх сваякоў, блiзкiх знаёмых, каб разам падзялiцца аплаткам.

Вiгiлiя складалася з 12-цi посных страў. Забаранялася пiць алкагольныя напоi - папросту iх не ста-вiлi на стол. Але затое заўсёды на стале знаходзiлiся некалькi гатункаў селядцоў:

Смажаная рыба падавалася разам з хрэнам.

Затым прыносiлi вiгiлiйны боршч (буракі), таксама посны, празрысты i чырвоны, кiславата-салодкi, прыпраўлены воцатам, лiмонам цi вiшнёвым сокам, Да баршчу падавалiся вушкi з грыбамi i цыбулькай, смажаныя на алеі, хрусткiя, яны былi асаблiва выдатныя.

Галоўнай стравай вігілійнай вячэры была куця, радавод якой вёўся з тых даўніх часоў, калі пшаніцу малолі ў жаронках. Уласна пшаніца - сімвал багацця, мак - сімвал спакойнага сну і мёд - асноўныя складальнікі куці. Але прыгатаваць куцю так, каб была смачная вельмі няпроста. Вось рэцэпт гатавання галоўнай стравы вігілійнага стала:

Шклянку зерня пшаніцы вытрымаць у вадзе праз 2 дні, потым варыць да змягчэння, некалькі разоў змяняючы ваду. Абсушыць на сіце. Мак заліць кіпенем і варыць на малым агні. Тры разы прапусціць праз мясарубку (працерці ў лаханьцы, іначай, макатры). Дадаць да зваранай пшаніцы. Дабавіць ашпараныя кіпенем разынкі, пасечаныя міндальныя і лясныя арэхі. Паставіць на ноч у халоднае месца. Перад Вігіліяй размяшаць разам з мёдам, распушчаным у вадзе.

У 20-х гадах ХХ стагоддзя на Лідскай зямлі назва гэтай стравы вігілійнай вячэры - куці - была перанесена на назву самой вячэры. Паводле народнага падання куцю ела Божая маці вечарам перад нараджэннем сына, і таму гэтая страва павінна быць на вігілійным стале.

Страва, якую любілі ўсе - гэта сліжыкі з макам або з салодкім макавым малачком. Сліжыкі - гэта невялікія кавалачкі, злепленыя з поснага дражджавога цеста і запечаныя. Пазней іх высушвалі ў льняным мяшочку яшчэ месяц. Сліжыкі вымаюцца з мяшочка за 2 гадзіны да Вігіліі і дадаюцца да маку з мёдам і бакалеямі. Такая кампазіцыя мае цудоўны смак!

Гэтыя стравы: "сліжыкі з макам" і "вушкі з грыбамі" могуць лічыцца адмыслова лідскімі, бо як сцвярджаюць нашыя землякі, што пабывалі ў сталіцах розных краін: страў з такім дасканалым смакам там з'есці нельга, бо іх па-просту няма.

Адзінадцатай стравай былі кісялі: журавінавы і аўсяны - вельмі працаёмкі, зроблены з аўсяных платкаў, злучаных з бульбяным крахмалам. Пад час вігілійнай вячэры гэты кісель падаваўся з макавым малачком.

Дваннадцатай стравай быў кампот з сушаных сліў, яблыкаў, грушак або толькі са сліў.

Вігілійны стол - гэта свайго роду візітоўка гаспадыні дому. Так было сто гадоў таму, гэтак застаецца і цяпер. Праўда, працоўныя жанчыны маюць намнога меней часу, чым іх прабабці, і таму вельмі цяжка вытрымаць усе каноны. Аднак мы стараемся радаваць сваіх родных і трымаць традыцыі Лідчыны, якія прыйшлі да нас з даўніны.

Удзельнікі вігілійнай вячэры не абмяжоўваліся толькі ежай. Моладзь разнастаіла вечар калядкамі: "Бог нарадзіўся..." на мелодыю паланеза і словы тагачаснага паэта-лідчука Францішка Карпінскага.

На пачатку стагоддзя не было ні доўгагральных кружэлак, ні магнітаонных касетаў з музычнымі запісамі, ні CD дыскаў, таму па-просту спявалі: на некалькі галасоў або сольна пры акампанеменце мандаліны альбо фартапіяна, у залежнасці ад заможнасці гаспадароў.

Набліжалася пара выйсці на пастэрку да бліжэйшага кастёла Айцоў Піяраў, які знаходзіўся на вуліцы Віленскай (сёння гэта царква па вуліцы Савецкай). Асветлены піярскі касцёл, музыка аргана і прыгожыя калядныя песні... Блізіцца да канца Ноч Божага Нараджэння. "Ціхая ноч".

Пачынаючы ад першага дня Калядаў і да вячэры Трох Каралёў, моладзь ладзіла імпрэзы штодзённа. Дамы лідчукоў наведвалі калядоўшчыкі, што прыходзілі з Бэтлеемскай мігаючай зоркай і цэлым калядным рэпертуарам. Зычылі гаспадарам здароўя і розных даброт. Занатавана каля 600 розных калядных песень і пастаралек. Калі гаспадар дабра карміў-паіў калядоўшчыкаў, то яго хвалілі ў сваіх песнях і ладзілі цэлы канцэрт, калі ж, не дай бог, гаспадар не пускаў да дому, то маглі зняславіць злымі жартамі на ўсю ваколіцу.

Іншая моладзь амаль з акторскім талентам прадстаўляла групы "ірадаў". На чатырох слупках або жэрдках расцягваўся дыван і пад гэткім балдахінам выступалі адпаведна апранутыя Ірад, анёл, чорт, смерць з касой, а часта і служкі Ірада.

Святы Калядаў доўжацца да Трох Каралёў ( да 6-га студзеня). У лідскіх касцёлах спявалі песню, прыгожую мелодыю да якой напісаў ксёнз З. Адэльгевіч:


"Мудрацы свету,
каралі, куды спяшаецеся?
Скажыце нам, Тры каралі, ці хочаце убачыць дзіцятка?
Яно у ясельках ляжыць,
не мае ні трону, ні багацця,
А прароцтва аб ім
ужо разносіцца ў свеце..."

Мудрацы - каралі, аддаючы Езусу павагу, падносяць яму ў дар міру, кадзідла і золата. Дзеля ўвекавечання гэтай падзеі на дзвярах дамоў пісалі і пішуць да сённяшняга дня свянцонай крэйдай ініцыялы Трох каралёў +К+М+В падзеленыя крыжыкамі: Каспар, Мельхіёр, Бальтазар. Гэтыя знакі павінны ахоўваць дом і яго жыхароў цзлы год ад вялікага зла, як і высвянчэнне (абнясенне ўсіх памяшканняў моцна разагрэтай мешанкай з асвенчаных у гэты дзень у храме міры і кадзідла).

Прыгожа праходзіў на свята Трох Каралёў і дзіцячы баль у пачатковай школе. Дзеткі абавязкова былі ў казачных касцюмах. Гэта гномы і каралева Сне-жка, Ясь і Малгося, Хлопчык з пальчык (Кошалэк-опалэк) і іншыя казачныя героі. Па заканчэнні балю ўсіх частавалі пончыкамі і какавай. У адным з гэтых пончыкаў быў запечаны міндальны арэшак. А той, да каго трапіў пончык з міндалём, выбіраўся Міндальным Каралём і кіраваў балем надалей, а потым атрымоўваў якую-небудзь узнагароду.

У 1905 годзе ялінку не ўпрыгожвалі, Новы год не адзначалі, бо не ведалі такога свята. Затое ўрачыста адзначалася развітанне са старым годам у Сільвестравы вечар, які прыпадае якраз на 31-га снежня.

Вось як гэта адбывалася ў адным з гасцінных лідскіх дамоў у 20-я гады. Вялікая група моладзі збіралася ў Сільвестравы вечар у палкоўніка Малеўскага па вуліцы Каменскай (цяпер гэта вуліца Ленінская). Госці збіраліся перад поўначчу ў салоне. Пры дзвярах іх сустракалі адпаведна апранутыя Стары Год і Новы год. Абодва гаварылі прамовы: Адыходзячы Год пра тое, што добрага і пазітыўнага зрабіў падчас свайго кіравання, а Надыходзячы - якія мае планы і як будзе іх рэалізоўваць. Пазней у момант выбіцця 12-й гадзіны стралялі коркі ад шампанскага, узносіліся тосты і асабістыя віншаванні. Былі танцы, спевы і розныя прыемнасці да раніцы.

Звычай упрыгожваць яловыя дрэўцы на Каляды прыйшоў у Ліду, як і на ўсю Беларусь у 30-я гады ХХ стагоддзя з Нямеччыны. Традыцыйную ялінку ў дамах лідчукоў абавязкова набываў і ўпрыгожваў тата з дзецьмі. Дрэўца павінна было быць упрыгожана да з'яўлення на небе першай зоркі. А мама завіхалася ў гэты час каля стала. Цацкі з большага былі самаробныя: анёлы і птушкі, ланцужкі і паяцы рабіліся дзіцячымі рукамі з бліскучай паперы, якая набывалася ў краме Яўстаха Вярбіцкага, што знаходзілася вуліц Фалькоўскага (Перамогі) і Школьнай (Кірава) на гэтым месцы цяпер знаходзіцца ўпраўленне ЖКГ. Ялінку упрыгожвалі маленькімі чырвонымі яблыкамі (сорту папяроўка), доўгімі цукеркамі ў срэбных ці іншых бліскучых каляровых абгортках, лакіраванымі пернікамі ў форме сардэчак. Былі і шкляныя рознакаляровыя шарыкі і маленькія свечкі ў срэбных ліхтарыках. Ялінка заўжды была высокай аж да столі. У першы дзень Свят Божага нараджэння дзеці знаходзілі пад ялінкай падарункі. Іх прыносіў ноччу Святы Мікалай. Кажуць, што пад ялінкай непаслухмяныя дзеці маглі знайсці замест падарунка "ружачку" ці "казіную ножку" (бізун).

Што тычыцца Дзеда Мароза, то якраз Святы Мікалай і стаўся прататыпам сучаснага Дзеда Мароза і не ў часы сівой даўніны, а дзесьці ў першай палове ХХ стагоддзя. Ва ўсякім выпадку нашы землякі ў сваіх мемуарах раней гэтага часу яго не ўзгадваюць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX