Вярнуцца: Этнаграфія

Беларускі народны эпас Лідчыны ў сучасных запісах


Аўтар: Казлоўскі Руслан,
Дадана: 30-08-2013,
Крыніца: Лідскій Летапісец №2(62)-2013.



Багаты беларускі народ на песні, казкі, прымаўкі, загадкі. Яго гісторыя, побыт, містычныя ўяўленні адлюстраваны ў легендах, паданнях і сказах, вера ў магічную сілу слова - у замовах, дзеяння - у абрадах. Многа аўтэнтычных твораў вуснай народнай творчасці, абрадаў, прымхаў і забабонаў захавалася і да гэтага часу асабліва на Гарадзеншчыне. І сёння ў беларускай глыбіньцы на Лідчыне бытуюць разнастайныя эпічныя жанры, людзі на вёсках спяваюць каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні, не забываюцца на пазаабрадавую лірыку, сустракаецца дзіцячы фальклор.

Збіранне, захаванне і вывучэнне беларускага фальклору - адна з найважнейшых задачаў, якая стаіць перад айчыннай культурай, навукай і адукацыяй сёння. Ва ўмовах працэсу ўрбанізацыі і памяншэння колькасці вясковага насельніцтва звужаецца арэал бытавання аўтэнтычнага нацыянальнага фальклору, адыходзяць у нябыт жывыя носьбіты беларускіх народных песень, казак, легендаў і паданняў і іншых жанраў вуснай народнай творчасці. Выключна важным становіцца сабраць каштоўны нацыянальна-культурны матэрыял, перадаць багатыя духоўныя скарбы наступным пакаленням беларусаў.

Ужо пятнаццаць гадоў запар студэнты спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" штолета праходзяць у розных кутках Гарадзеншчыны фальклорна-краязнаўчую практыку, якая з'яўляецца неад'емнай часткай навучальнага працэсу ў падрыхтоўцы будучых настаўнікаў-філолагаў і служыць збіранню і захаванню народнай спадчыны. На працягу 1998-2000 гадоў увага маладых збіральнікаў была скіравана на Лідскі раён. Неабходна таксама адзначыць, што на працягу перыяду 1997-2012 гадоў экспедыцыйная праца праводзілася ў Ваўкавыскім, Воранаўскім, Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Лідскім, Мастоўскім, Наваградскім, Свіслацкім раёнах. За гэты час быў сабраны значны аб'ём твораў розных жанраў вуснай народнай творчасці, абрадаў, звычаяў; магнітафонныя запісы песень зафіксавалі старажытныя мелодыі ў арыгінальным выкананні. Лідчына - своеасаблівы край, дзе і сёння гучыць на вёсках сакавітая беларуская мова, чуюцца спевы аўтэнтычных народных песень, з вуснаў у вусны, як і сотні гадоў таму, перадаюцца казкі, легенды і паданні: ад дзядоў унукам, ад старэйшых малодшым... Як і спрадвеку.

Прапанаваныя ніжэй тэксты сістэматызаваны ў асноўным паводле жанравага і тэматычна-алфавітнага прынцыпаў, пасля кожнага падаецца пашпартызацыя запісу. З мэтай даступнасці фальклорнага матэрыялу і лягчэйшага ўспрымання тэксты падпалі пад нязначнае рэдагаванне, хаця пры гэтым у тканіне мастацкіх твораў захоўваюцца лексічныя, фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці мовы апавядальніка. Усе казкі, легенды, паданні і сказы (усяго 18 твораў народнага эпасу) былі запісаны студэнтамі філалагічнага факультэта УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" на працягу 1998-2000 і 2005 гадоў на Лідчыне. Фальклор як мастацтва народнага слова знаходзіцца ў пастаянным руху, таму ў падборцы твораў пададзены тэксты як старажытных пластоў народнай творчасці, так і ўзніклыя ў апошнія дзесяцігоддзі.

К А З К І

Лісічка-хітрычка

Ехаў дзед, вёз рыбу. Лісічка бяжыць ззаду і просіцца:

- Дзядуля, падвязі мяне.

А гэты кажа ёй:

- Калі ў мяне няма месца.

- Хоць маю адну лапку.

- Ну, тады сядай дзе-небудзь там, з канца.

Яна села і ўсю гэту рыбку з воза сцягае. Дзед едзе і не чуе, што яна ўзадзі гэту рыбку скідае. Скідала-скідала, наскідала амаль ўсю. Скочыла з воза, падабрала гэту рыбку, а дзед як ехаў, так і паехаў. Глядзіць потым, а яго рыбкі няма й пятай долі: ліса ўсё ўкрала. І вось так дзед прыехаў без нічога дахаты. Баба кажа яму:

- А дзе ж твая рыбка?

А дзед адказвае:

- Я ж вёз яе ўсю, дзе яна падзелася?

А потым і кажа:

- Гэта я лісічку падвозіў, і яна мяне абхітрыла - і я прыехаў ні з чым.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Радзівонішкі Лідскага р-на ад С.А. Місюкевіч, 1933 г.н.

Васілёк і ведзьма

Быў дзед і баба. У іх не было дзяцей. Баба бедавала, што няма. Дзед кажа:

- Ціха, баба, пайду ў лес, можа, што знайду там.

Узяў паленца, вычасаў, прынёс яго дахаты:

- Я знайшоў, у нас будзе хлопчык. Як мы яго назавём?

І рашылі назваць Васільком. Зрабіў дзед лодачку, паехаў Васілёк у рэку рыбу лавіць. А баба гэтым часам напякла бліноў і яек, прынесла тваражку, піражку і кажа:

- А, сынок Васілёк, прыплыві да беражку, паеш тваражку.

Ён прыплыў, аддаў рыбу бабцы і паплыў назад. Затым прыйшла ведзьма і кажа:

- Сынок Васілёк, прыплыві да беражку, паеш тваражку.

А ён кажа:

- Гэта не мая маці, бо ў маёй маці тонкі голас.

Ведзьма пайшла да каваля, той пракляпаў ёй язык, і зноў яна прыйшла да ракі і кажа:

- Сынок Васілёк, прыплыві да беражку, твая маці прыйшла, тваражку прынясла.

Ён і прыплыў, тады ведзьма яго схапіла і панесла, зачыніла ў хаце і дала яму гарэхаў. Прайшло паўмесяца, прарэзала ведзьма яму палец, кроў не ідзе яшчэ з Сушчыка-Лушчыка. Трэба карміць яго яшчэ арэхамі. Праз месяц зноў прыйшла да яго, прарэзала палец і пайшла кроў. Тады ведзьма кажа:

Дунька-Лунька, хадзі печ паліць, Сушчыка-Лушчыка варыць.

Прынесла лапату, Васілёк сеў на яе, але не ведаў, як правільна сесці. Тады Дунька-Лунька стала паказваць, як трэба сядзець, і села на лапату. Васілёк шух яе ў печ, а сам уцёк у явар. Прыляцела ведзьма і кажа:

- Пакачуся, Сушчыка-Лушчыка крыві наеўшыся, напіўшыся.

А Васілёк кажа, седзячы ў явары:

- Пакаціся, паваліся, Дунькі-Лунькі наеўшыся, яе крыві напіўшыся.

Пачуўшы гэта, ведзьма выбегла з хаты і пачала сячы явар. На тую пору ляцелі гусі, і Васілёк папрасіў у іх, каб яны скінулі яму пер'е. Гэтым пер'ем ён адзеў толькі ногі, тады ведзьма падыходзіць усё бліжэй і бліжэй. Зноў ляцелі гусі, і Васіль таксама папрасіў пер'я. І яны яму скінулі пер'е. Калі ведзьма канчала высякаць явар, Васілёк узляцеў над яварам і паляцеў з гусямі да роднай хаты. Баба насыпала ячменю, а дзед паставіў гарэлку, і пачалі гуляць.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Шпількі Лідскага р-на ад З.С. Карасцей, 1912 г.н.

Іванушка-дурачок

Быў дзед. У яго былі тры сыны, аднаго звалі Іванушкам-дурачком. Аднойчы бацька кажа:

- Вось, як я памру, каб кожны на ноч прыйшоў пераначаваць на маю магілу.

Старэйшыя браты не хацелі хадзіць, а ўсё пасылалі Івана-дурачка. Прыйдзе Іван на магілку, палачкаю стукне, бацька пытае:

- Хто там?

- Гэта я, Іван.

- А чаму старэйшы сын не прыйшоў?

- Вось ён мяне папрасіў, я і прыйшоў.

- Ну, кладзіся Іванка.

Іванка ляжа, паспіць, на другую ночку прыходзіцца сярэдняму сыну ісці. Зноў просяць Івана:

- Схадзі, Іванка, ты.

Зноў Іванка згадзіўся. Прыходзіць ізноў, стукае палачкай. Бацька пытае:

- Хто там?

- Гэта я, татачка, Іван.

- А чаму сярэдні сын не прыйшоў?

- Ён мяне папрасіў, я і прыйшоў.

- Ну, кладзіся.

Прыйшла трэцяя ноч. Яшчэ сонца не ўзышло, а Іван пайшоў на бацькаву магілу. Прыйшоў, ізноў палачкай пастукаў. Тады бацька кажа:

- Ну, кладзіся.

Паспаў зноў ночку Іванка, а на ранку бацька кажа:

- Там на даліне, Іванка, стаіць дуб, прыйдзеш да гэтага дуба і скажаш: "Дубе, дубе, адамкніся". Гэты дуб адамкнецца, а там тры кані стаяць. Вось вазьмі каторага, калі трэба будзе куды ехаць. А гэты дуб ізноў зачыні.

Іван схадзіў, паглядзеў коней і прыйшоў дахаты.

- Ну, што табе тата гаварыў?

- Нічога не гаварыў.

Не расказаў Іван пра коней. У тым царстве, дзе жыў Іван, у цара была дачка прыгожая. Цар аб'явіў: "Хто сарве пярсцёнак у яе з пальца, за таго аддам замуж". Старэйшыя браты вырашылі паехаць туды, пабралі коней, а Іван-дурачок кажа ім:

- Браткі вы мае, можа і мяне возьмеце?

- Сціхні, - кажуць, - дурань.

- Чорт вас бяры. Дай кошычак, я пайду ў грыбы.

Прыйшоў Іван да таго дуба, пастукаў палачкай, дуб адкрыўся, ён узяў аднаго каня і ўспомніў, што бацька яму казаў: "Калі будзеш браць каня, улезь у яго правае вуха, а з левага вылезь, і станеш ты тады прыгожым хлопцам". Так ён і зрабіў. Прыехаў Іван да царскага палаца, праязджае міма, аднаму брату па казырку палачкай трохі стукнуў, другому даў. Царэўна сядзіць на першым паверсе, руку паставіўшы праз акно. Ніхто не змог дастаць пярсцёнак з яе рукі. На другі дзень яна села на другім паверсе. На другі дзень пайшоў Іван зноў да другога каня і паехаў да палаца. Іван падскочыў на кані і амаль не сарваў пярсцёнак. Браты прыехалі дахаты і кажуць, што нейкі прыгожы хлопец на добрым кані прыязджаў.

- Можа я гэта быў?

- Сціхні, дурань.

На трэці дзень Іван узяў трэцяга каня і паехаў у палац. Царэўна была ўжо на трэцім паверсе. Конь падскочыў, і Іван сарваў пярсцёнак. Прыехаў Іван дахаты, паставіў коней, адзеў пярсцёнак на палец і завязаў трапачкаю. Залез на печ і ляжыць. Тады цар аб'явіў, каб усе, хто быў каля палаца, прыехалі да яго на абед, каб выявіць, у каго пярсцёнак. Калі браты ад'язджалі, Іван стаў прасіцца, каб і яго ўзялі, але тыя адмовілі яму. Пайшоў Іван зноў да дуба, узяў каня, але ў вуха не ўлазіў і паехаў. Селі ўжо ўсе за стол, і Іван разам з імі. А цар ходзіць ды на іх рукі глядзіць. Убачыў цар, што ў Івана рука завязана і пытае, што здарылася.

- Зрэзаў я крышку палец.

- Ну, пакажы.

Развязаў Іван анучку, а ў яго пярсцёнак на пальцы блішчыць. Цар аддаў дачку за Івана, нягледзячы на тое, што ён быў дураваты і брыдкі, і даў ім пакойчык невялікі, каб яны там жылі. Браты прыехалі і расказалі ўсё маці.

Так пажылі яны нядоўга, другі цар аб'яўляе вайну гэтаму. Ну, і паехалі ваяваць. Пайшоў Іван-дурачок да дуба, узяў лепшага каня, шашку і паехаў ваяваць. Як махне Іван шашкаю, то войска таго цара і падае. Так і разбіў ён варожае войска.

На другі дзень знайшоўся асілак на кані і стаў з Іванам на шашках біцца. Конь гэтага асілка, падскочыўшы, разбіў Івану нагу. Тады бацька царэўны завязаў нагу Івану сваім платком.

Прыехаўшы ў палац, Іван пайшоў у свой пакой спаць. Але у гэты момант Іван быў прыгожым, бо перад тым, як ехаць на вайну, улез каню ў вуха. Прыехаўшы з вайны, Іван быў самім сабой. Цар зайшоў у пакой да Івана і ўбачыў у таго на назе свой платок. Калі Іван устаў, цар кліча яго да сябе і кажа:

- Як да цябе мой платок трапіў?

- Вы мне ім на вайне нагу перавязалі.

Іван схадзіў да таго каня, улез яму ў адно вуха, вылез праз другое, зноў зрабіўся прыгожым. Так яны і сталі жыць.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Радзівонішкі Лідскага р-на ад У.А. Багуцкага, 1924 г.н.

Купецкі сын і панскі сын

Жыў купец і пан. У купца быў сын, і ў пана быў сын. Такія аднолькавыя, што не адрозніць. І касцюмы яны аднолькавыя насілі, і росту аднолькавага былі. Аднойчы выбраліся яны ў дарогу ехаць. Узялі ў бацькоў коней, пісталеты і паехалі. Прыехалі яны на скрыжаванне, а там стоўб стаіць. Яны кажуць:

- Вось давай выстралім у гэты стоўб па разу, калі з твае дзіркі будзе кроў цячы, значыць ты загінуўшы, а калі з маёй - значыць я. Калі будзеш ехаць дадому назад, да гэтага стаўба прыедзеш, будзеш ведаць, хто з нас загінуў.

Так яны і зрабілі. Адзін паехаў управа, другі - улева.

Прыехалі яны ў лес. Едуць лесам, выходзіць насустрач воўк. Панскі сын дастаў пісталет і хацеў стрэліць у ваўка, але той кажа:

- Не страляй, я табе яшчэ спатрэблюся.

Панскі сын так і зрабіў, не стаў страляць. Так жа сама выйшаў і да сына купца воўк, але і той страляць не стаў. І колькі яны ні ехалі, усю дарогу да іх жывёлы выходзілі. Потым выйшаў мядзведзь, пасля і да другога сына выйшаў леў. Ехалі яны, ехалі і прыехалі да невялічкай хаткі пры дарозе.

Заязджае панскі сын у гэтую хатку, а там стары сядзіць і дачка побач з ім. Вельмі прыгожая. Сталі яны з дачкою жаніцца. Ажаніліся, а ўвечары жонка і кажа:

- У нас такі лес ёсць, хто туды паедзе - ніхто не вяртаецца.

На ранку ўстаў панскі сын і кажа:

- Паеду на паляванне.

А сам сабраў усіх жывёл і паехаў у той лес. Едзе ён, едзе і бачыць навокал вельмі шмат каменняў, а побач старая сядзіць і жарок комкае палкаю. Пад'язджае панскі сын да яе і кажа:

- Бабулька, ці можна ў цябе пераначаваць?

- Можна, кладзіся, чалавеча.

Яны паклаліся, і панскі сын заснуў. А старая палачкаю па каню стукнула, ды конь каменем стаў. І па ваўку, і мядзведзю, і льву, і панскаму сыну палачкаю стукнула. Усе яны сталі камянямі. У гэты час праязджае купецкі сын каля стаўба на скрыжаванні. Бачыць, што з дзірачкі панскага сына паказваецца кроў. І падумаў ён, што панскі сын загінуў, і паехаў шукаць яго. Едзе-едзе, заязджае да гэтай хаткі. Жонка яго як убачыла, адразу кажа:

- Ну, што там у лесе, расказвай, што там было?

Яна думала, што са сваім мужам гаворыць, а купецкі сын усё сабе на вус матае. На ранку ўстае ён і кажа:

- Паеду я на паляванне.

Сабраў ён усіх жывёл і паехаў. Прыязджае і бачыць тую самую старую. Купецкі сын пытае, ці можна пераначаваць. І тая адказвае:

- Можна, кладзіся.

Купецкі сын палажыў каня, ваўка, мядзведзя, льва, а каня пільнаваў, што старая далей рабіць будзе. А старая стукнула палачкаю па каню, той каменем стаў, і воўк, і мядзведзь сталі камянямі. Тады купецкі сын кажа льву:

- Схапі яе!

Леў схапіў старую і трасе, а купецкі сын кажа ёй:

- Калі ажывіш усіх маіх жывёл, то тады пушчу цябе жывую. Старая кажа:

- Мне трэба ісці ў крынічку па жывую ваду.

Адпусціў яе па ваду.

Набрала старая вады, прынесла, капнула на кожную жывёлу і на панскага сына. І ўсе яны ажылі. Паехалі разам яны дахаты, а па дарозе ўсе каменьчыкі палівалі жывой вадой. І пачалі ўставаць жывыя людзі. Прыехалі яны да той хаткі, а жонка не ведае, каторы яе мужык. Прыйшла яна да старога і кажа:

- Дапамажы мне пазнаць, дзе мой мужык.

Ён кажа:

- Вазьмі шарык, налі туды бурачнага квасу, палажы на грудзі і скажы: "Калі не будзеце прызнавацца, то зарэжуся". І вазьмі ножыкам пракалі гэты шарык. Як пойдзе з яго гэты сок, як кроў, твой мужык сам да цябе першы кінецца. Як кінецца - трымай яго, гэта і будзе твой мужык.

Так і здарылася.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Радзівонішкі Лідскага р-на ад У.А. Багуцкага, 1924 г.н.

Чарнушка-дачушка

Быў дзед і баба. Была ў іх дзевачка, якая не мылася, не прыбіралася - таму яе называлі Чарнушкай. Дзед зрабіў у студні хатку для яе, улажыў падлогу, прарэзаў дырачку, каб можна было падаваць ёй есці, паставілі коечку і столік. Пасадзілі яе туды, сказалі, што калі яна будзе мыцца, то ёй будуць даваць есці. Баба наварыла кашы, прыйшла да дачушачкі-Чарнушачкі і кажа:

- Ці прыбралася, ці харашо зачасалася?

Яна кажа:

- Умылася, прыбралася, харашо зачасалася.

- Дай ручку, дам ложачку кашкі.

Яна руку падала - баба кашы дала. Сядзіць, есць.

Зара прыходзіць воўк і кажа:

- Чарнушка-дачушка, ці прыбралася, ці харашо зачасалася? Дай ручку - дам ложачку кашкі.

- Не ўмылася, не прыбралася, не дам табе ручкі, - адказвае тая.

Воўк пайшоў. Тут жа прыходзіць маці. Дачка дае ёй ручку.

Воўк зноў прыйшоў і кажа тоненькім галасочкам, дачка падала ручку. Воўк схапіў за яе і панёс. Прынёс дахаты і сказаў, каб яна варыла ежу:

- Я пайду ў лес, будзеш клікаць мяне, я ўчую. Прыйдзеш на парог і скажаш: "Хто ў лесе начуе, чый голас чуе, прыйдзі вячэраць". А я буду казаці: "Я ў лесе начую, твой голас чую, іду да цябе вячэраць".

Прыйшоў дахаты, Чарнушка-дачушка падала яму есці, а сама схавалася. Дала мышцы ключык, каб тая званіла. Воўк з печы палена кідае і крычыць:

- Чарнушка-дачушка, вылазь, твая маці памерла.

Яна пытае:

- Хто табе такое гаварыў?

- Варона прыляцела, гаварыла!

- Ну добра, садзіся, паедзем.

Бацькі Чарнушкі ў покуце вырылі яму, нагрэлі вады і чакаюць Чарнушку-дачушку. У гэты час прыязджаюць яны. Пачалі частаваць ваўка. Яму кажуць:

- Сунься, зяцік, бліжэй да покуці.

Ён сунуўся і паляцеў у яму. Зэдлік адсунулі, налілі туды кіпятку і засыпалі пяском.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Шпількі Лідскага р-на ад З.С. Карасцей, 1912 г.н.

Калечка

Жыла-была дзяўчына з доўгімі залатымі валасамі. Сказала, што замуж пойдзе толькі за хлопца з залатымі валасамі. Колькі да яе прыязджалі і бедныя, і багатыя, і прыгожыя, і не, а яна не згаджалася.

Знайшоўся адзін хлопец-разбойнік, які пакрасіў валасы і прыйшоў у сваты. Яна згадзілася. Дагаварыліся аб сустрэчы, на пярэгляды. Галя прыязджае да яго, а дома нікога няма. Адчыняе пакоі і разглядае. Чарга дайшла да сыпяльні, дзе стаяла два ложкі. На стале ляжала запіска, дзе гаварылася, каб іх чакалі. Жыў будучы жаніх там з двума братамі. На адных дзвярах яна прачытала:

- Хто сюды ўвайдзе, той адсюль не выйдзе.

Але дзяўчына ідзе ў той пакой і кладзецца спаць, але сон яе не бярэ. Чуе, што нехта ідзе.

Прыйшлі два браты і заўважылі, што тут быў нехта чужы. Дзяўчына залезла пад ложак і назірала. Два браты напіліся і кажуць:

- Прыедзе Галя, мы паздзекуемся і заб'ем яе.

Трэці брат прывёў нейкую дзеўку. Яны выпілі разам, знахалілі яе, адсеклі палец і знялі пярсцёнак. Завялі тую дзеўчыну ў склеп, адрубалі ёй галаву і аставілі там.

Пярсцёнак упаў пад ложак, дзе ляжала Галя. Адзін з братоў кажа:

- У нашай хаце нічога не згіне.

А Галя ўзяла калечка і ўцякла. Скрыпнулі дзверы. Браты прачнуліся, але не здагадаліся.

Чакаюць яны дзень, два, тры. І рашылі самі паехаць да Галі. Прыязджаюць і пытаюць:

- Галя, чаму ты не прыехала?

А яна кажа:

- Я прысніла страшны сон: быццам была ў вас і бачыла, што вы забілі дзяўчыну.

Браты змікіцілі, што папаліся. А брат і бацька дасталі і паказалі калечка. Братоў злавілі і пасадзілі ў цямніцу.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1999 г. у в. Мееры Лідскага р-на ад З.В. Лебядзінскай, 1915 г.н.

ЛЕГЕНДЫ, ПАДАННІ, СКАЗЫ

Пра паходжанне назвы вёскі Ганчары

Ходзіць такая быль. Даўным-даўно, у ХVІІ стагоддзі на цяперашнюю тэрыторыю Лідчыны прыехалі баяры наўгародскія. Стомленыя яны вырашылі адпачыць каля аднаго пасялення. Зацікаўленыя мясцовыя жыхары вырашылі даведацца, што за людзі іх наведалі. Для гэтага вырашылі адправіць да баяр маладых дзяўчат. Аднаму з баяр спадабалася дзяўчына. Яны панаходзілі адзін аднаго. Але бацькі дзяўчыны перш чым выдаць дачку замуж вырашылі даведацца, чым можа займацца хлопец, якой справай іх здзівіць. Задумлены ён пайшоў на бераг ракі. Сеўшы каля гліны, ён у задуменні пачаў ляпіць посуд. І ў галаву яму прыйшла думка: а што, калі распачаць рабіць вырабы з гліны. З той пары распачалася ганчарная справа. А пасяленне, дзе абаснавалася гэтая сям'я маладога баярына і дзяўчыны, пачалі называць Ганчары.

Ходзіць яшчэ такі павер, што ў 1812 годзе Напалеон праходзіў праз Ганчары, і яму вельмі спадабаліся вырабы, ён нават з сабой узяў некалькі вырабаў. У цяперашні час на тэрыторыі вёскі Ганчары вельмі шмат гліны, але па якойсьці прычыне ганчаровыя вырабы не вырабляюцца.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1997 г. у в. Ганчары Лідскага р-на ад А.А. Літвіна, 1927 г.н.

Пра паходжанне назвы горада Ліды

Прыйшоў князь на тую зямлю, дзе цяпер Ліда стаіць. У самым цэнтры пабудаваў вялікі замак прыгожы. Стаў князь думаць, як яму свой горад назваць. А была ў яго дачка Ліда. Вось і вырашыў назваць ён горад так, у гонар сваёй дачкі - Лідай.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1998 г. у в. Тарнова Лідскага р-на ад І.І. Грыцкевіча, 1915 г.н.

Шведская гара

Каля вёскі Вялікая Вольнава сёння знаходзіцца гара. Яе называюць "Шведская", таму што лічыцца, што ў шведска-рускую вайну шведы нанасілі яе каскамі.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1999 г. у в. Хадзюкі Лідскага р-на ад І.У. Банцавіч, 1960 г.н.

Адкуль зязюля ўзялася

Жылі сабе дзед з бабаю, і была ў іх унучка. У зімовы час захварэлі дзед з бабаю, і захацелі яны вады напіцца. Паклікалі ўнучку і папрасілі яе, каб прынесла вады. Пайшла ўнучка да калодзюся, а там вуж ляжыць. І да яе кажа так:

- Калі пойдзеш за мяне замуж, то дам табе вады, а як не пойдзеш, то не дам табе вады.

Яна, бедненькая, збаялася, спалохалася гэтага вужа і ўжо не ведае, што сказаці, і сказала:

- Добра, пайду за цябе замуж.

Паабяцала яму стаць яго жонкаю. Тады вуж даў ёй вады, яна зачэрпала, прынесла дадому, напаіла дзедушку і бабушку. І яны паправіліся.

А ўвечары, як ужо час спаць класціся, прыходзіць вуж і стукае ў дзверы. Дзед з бабаю не ведаюць, хто гэта прыйшоў. А ён так спявае:

Адчыні, хвілю-рылю,

Адчыні, жана мая,

У той час шлюбавала,

Як у студні ваду брала.

Дзед з бабаю пытаюцца ў унучкі:

- Хто гэта там такі?

І яна расказала дзеду і бабе:

- Гэта вуж ляжаў на калодзюсі, і ён мне вады не даваў, а сказаў, што калі пайду за яго замуж, то тады дасць вады. Ну, я пашкадавала вас і паабяцала яму, што пайду за яго замуж. Вот ён і прыйшоў.

Дзед з бабаю і кажуць:

- То ідзі ўжо адчыняй.

Яна пайшла адчыніла дзверы, улазіць вуж у хату. Напалохаліся яны, але ўжо позна. Вячэраць пара. Зварыла баба вячэру, наліла і яму. Селі яны есці, а ён як сеў вячэраць да міскі, то і кажа:

Ідзі есць, хвілю-рылю,

Ідзі есць, жана мая,

У той час шлюбавала,

Як у студні ваду брала.

Баба з дзедам і кажуць:

- Ідзі ўжо садзіся да яго і еш разам.

Яна стараніцца, не хоча, толькі лыжкаю водзіць. Ну вось павячэралі яны. Пасля вуж і кажа:

Сцялі пасцель, хвілю-рылю,

Сцялі пасцель, жана мая,

У той час шлюбавала,

Як у студні ваду брала.

Баба і гаворыць ёй:

- Ідзі пасцялі.

Дзеўчына паслала ложка, а сама ўжо думае лезці на печ спаці. А вуж, як стаў класціся спаць, кажа:

Ідзі спаць, хвілю-рылю,

Ідзі спаць, жана мая,

У той час шлюбавала,

Як у студні ваду брала.

Яна баіцца, але баба кажа:

- Ідзі ўжо кладзіся да яго спаць.

Прыйшла яна і лягла толькі на край ложка. А ўночы, у дванаццаць часоў, ён з сябе гэту смужку вужовую скінуў, і такі харошы хлопец стаў, такі прыемны. І стаў ён расказваць ёй, што з ім сталася. У даўнейшыя часы, як праклянуць бацькі дзіця, тым яно і становіцца. Яго бацькі праклялі за нейкае непаслушэнства. І вось ён стаў вужом. І шчэ не прыйшоў яго час варочацца да бацькоў. Дзеўчыне так шкада стала яго, і так яна ўжо свайго мужа ўпадабала.

А як толькі зараз уставаць, так ён ізноў гэту смужку сваю вужовую злажыў і зноў - вуж. Яна ўжо е баіцца яго, ужо і есць з ім, і гаворыць. І жывуць ужо яны добра. Стала баба ў яе распытваціся:

- Чаму ўжо ты не баішся яго?

Яна ўзяла бабе і прызналася, а баба ўначы, калі яны спалі, напаліла печ, узяла яго смужку і ўкінула ў печ. Калі ранкам ён устаў, глядзіць, а смужкі няма, то ён і кажа:

- Што-та смярдзіць, смужка мая смярдзіць, што смярдзіць, смужка мая смярдзіць.

А баба ўжо апраўдваецца:

- Гэта пастушкі агонь бралі, гэта пастушкі прыходзілі агонь бралі.

І не прызнаецца. А ён ужо зразумеў, што яго смужку спалілі, а ён шчэ без яе не можа паказваціся на людзі. Але са сваёю жонкаю жыў ён так добра, ужо было ў іх двое дзетак: хлопчык і дзяўчынка, хлопчык старэйшы, а дзяўчынка малодшая. І вось захацелася жонцы на яго радзіму паглядзець. І просіць яна, каб завёз яе на сваю радзіму. Ён не хацеў, так яму не хацелася. Але як стала яна прасіць. І ён згадзіўся.

А каб дайсці да яго радзімы, трэба было рэчку пераплываць. Ён тады і кажа жонцы:

- Бяры дзіця адно на адну руку, другое - на другую, на мяне садзіся, я цябе перавязу. Але мне не можна шчэ да бацькоў сваіх паказваціся.

Яна так і зрабіла. Села на яго, і ён перавёз яе на той бок ракі. А на развітанне сказаў ёй так:

- Як прыйдзеш мяне клікаць, то гавары так: плыві-плыві, тупеначка, плыві-плыві да берага, калі прыплыве белая, то паеду, а як чырвоная, то тут буду. Толькі помні гэтыя словы.

Развіталіся яны, і пайшла яна з дзецьмі да яго бацькоў.

Прыйшла да яго роднай хаты, расказала, хто яна такая: што яна жонка іх сына і прыйшла пазнаёміцца з імі, а яго няма з ёю. Бацькі прынялі яе, але ўсё роўна хацелі даведацца пра сына, яны шчэ на яго зэмства мелі. І вось яны сабраліся ў лес па дровы і просяць яе:

- Дай нам хлопчыка пацешыціся.

Узялі хлопчыка з сабою, білі, шчыпалі яго, уся-ляк мучылі, хацелі даведаціся, што бацька маці казаў, як матка адыходзіла. Але хлопчык не прызнаўся.

На другі дзень яны ўжо просяць:

- Дай нам дзяўчынку пацешыціся.

Пайшлі ў лес па дровы, узялі дзяўчынку, сталі яе біць, шчыпаць, выпытваць. Дзяўчынка і расказала, як бацька гаварыў маці: плыві-плыві, тупеначка, плыві-плыві да берага, калі прыплыве белая, то паеду, а як чырвоная, то тут буду. І яны адпусцілі дзяўчынку дахаты, а самі пайшлі да ракі і гэтак сталі клікаць. Сын іх і прыплыў, а бацькі ўзялі і адрэзалі яму галаву.

А жонцы нешта там хмурна, але ж яна нічога не ведае. І вось ужо збіраецца яна дадому. Прыйшла да ракі, узяла дзяўчынку на адну руку, хлопчыка на другую і кліча мужа свайго:

- Плыві-плыві, тупеначка, плыві-плыві да берага, калі прыплыве белая, то паеду, а як чырвоная, то тут буду.

А тут і прыплыла чырвоная тупеначка, гэта ўжо кроў мужава прыплыла.

Так яна ўжо і засталася. І вот яна перамяніла хлопчыка ў дубочак, а дзяўчынку ў асінку, а сама стала зязюлькаю.

І вось менавіта таму зязюля з дуба на асіну пералятае і ўсё куе, а гэта яна ўсё кліча свайго Якубку: "Якубка, Якубка".

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1999 г. у в. Парачаны Лідскага р-на ад Я.В. Баран, 1931 г.н.

Дзе чорт не мог звесці пасварыціся, то бабу паслаў

Жылі сабе дзед з бабаю. І надта ж у згодзе жылі, цэлае жыццё не тое што не пасварыліся, а нават ніколі не перагаварыліся. Вельмі спагадлівыя былі адзін аднаму. А чорт усё шукае якой прычыны, каб звесці. Ну, а іх не мог ніяк звесці пасварыціся.

Ну вось і сядзіць чорт у сваім балоце і прыдумляе прычыну, каб пасварыць дзеда з бабаю. І вось аднойчы пасля зімы ідзе па балоце адна баба па траву, босая, бо не мела ў што абуціся. Чорт у яе і пытае:

- Чаму ж ты, баба, босая ідзеш?

А яна яму адказвае:

- А ў што ж маю абуціся?

Тады чорт ёй і кажа:

- Звядзі такіх і такіх людзей пасварыціся, то дам табе лапці, а то яны ўсю жызню пражылі і ні разу не пасварыліся.

І паабяцаў той бабе лапці. Гэта баба кінула ўсё і пабегла да той сям'і. Прыбегла і пытае ў бабы:

- А дзе твой мужык?

Тая адказвае:

- У полі гарэ.

А тая баба гаворыць:

- А ты тут у хаце стараешся, працуеш, есці варыш, зараз яму панясеш?

- Так, зараз мужу есці панясу, - адказвае баба.

Тады тая жанчына і гаворыць:

- Ты яму есці панясеш, а ён цябе забіваць збіраецца, у яго на патыліцы волас расце. Калі ён вырасце вялікім, ён цябе ўсё роўна заб'е, ды і ў яго другая ўжо ёсць. А ты паслухай, як я табе параджу. Як панясеш яму есці, то калі ён паесць, то прылашчыся да яго, скажы, хай паложыць галаву табе на калені, ты гладзь яго па галаве, няхай абасне, а ты тым часам знайдзі той волас і зрэж яго брытваю, бо як ён урасце, то мужык усё роўна цябе заб'е.

Падгаварыла яна так бабу, а сама пабегла да мужыка. А мужык у полі гарэ. Яна да яго:

- Ах, ты, чалавечку, а ты стараешся, а ты робіш, а ты гарэш, а твая жонка з другім запінаецца, а я ж была ў твае жонкі цяпер. Яна зараз прыйдзе, прынясе табе есці, і ты, калі паясі, то яна скажа палажыць табе голаў на калені, уродзя яна цябе гладзіць будзе, але ж яна цябе забіць хоча брытваю. Асцерагайся ты яе!

Удала так мужыку жонку, а сама пабегла.

А жонка зварыла есці, наліла ў збанок, хлеба ўзяла і панесла дзеду есці. Прыходзіць на поле, ён гарэ. Дала яму есці, ён паеў. Яна і гаворыць:

- Палажы ты мне голаў на калені, я цябе пашчупаю.

Так ужо прыдабрылася да яго. Бачыць той мужык, што тое і палучаецца, як тая баба нагаварыла. Палажыў ён ёй голаў на калені, а яна грэбалася, грэбалася па валасах, а ён прытварыўся, што заснуў. Дастае баба брытву і шукае той валасок зрэзаць, каторы сівы. А ён як глянуў, што правільна тая баба сказала, што будзе жонка яго рэзаць, спалохаўся, схапіўся і давай жонку біці, а яна стала адбіваціся, давай яны ўжо сварыціся і біціся. Ён крычыць:

- Ты другога маеш!

А яна:

- Гэта ты мяне забіць хочаш!

А чорт за кустом сядзіць і рагоча, што сам не мог звесці пасварыціся за цэлае жыццё, а баба звяла пабіціся. І ўжо цяпер лепей чорту вер, як бабе.

І ўжо лапці перадаваў бабе цераз рэку на патыку, бо ўжо і чорт баяўся да бабы даступіцца.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1999 г. у в. Парачаны Лідскага р-на ад Я.В. Баран, 1931 г.н.

Князёўна

Жыла ў адным каралеўстве князёўна. Яна была чараўніцай. У яе закахаўся каралевіч з суседняга каралеўства. Ён пачаў ездзіць да яе, а на мяжы іх краін было дзве гары. Баючыся, каб хлопец яе не кінуў, чараўніца да нагі каня прывязала загавораны клубочак нітак. Паніч ездзіў на чорным кані, а князёўна на белым.

Аднойчы, як раз паміж дзвюх гор, клубок скончыўся і зляцеў з нагі каня. Хлопец ператварыўся ў камень, бо Бог пакараў князёўну-чараўніцу за яе вялікі страх застацца адной, за чары ў каханні, за недавер да свайго хлопца.

Кожны дзень прыходзіла дзяўчына і плакала. Аднойчы яна прысягнула на тым месцы: "Я не буду есці, піць, спаць, я праціснуся ў самую маленькую дзірачку, але нават пад зямлёю знайду сродак вярнуць свайго каханага". І яна пайшла ў свет. У аднаго ведзьмара яна дастала жывой вады. Вярнуўшыся на тое месца, яна пачала крапіць камень вадой і чытаць замовы. І ранкам камень стаў чалавекам. Так дзяўчына вярнула каханне, страчанае з-за свайго недаверу і падазронасці. Хутка яны справілі вяселле.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Белагруда Лідскага р-на ад Я.І. Гонзы, 1939 г.н.

Пра абраз святой Маці Божай

Пан меў дзве дачкі. Аднойчы пайшла адна дачка на рэчку купацца. У вадзе яна заўважыла абраз, які зараз знаходзіцца ў касцёле, у вёсцы Белагруда. Абраз плыў па рацэ, а потым спыніўся. Дачка пана падышла да абраза і хацела выняць яго з вады, але абраз ўвесь час адплываў ад яе. Тады дзяўчына пайшла дадому і ўсё расказала малодшай сястры.

Малодшая сястра вырашыла таксама пайсці на раку. Толькі яна нахілілася, каб узяць абраз, як ён апынуўся ў яе руках. Затым яна прынесла абраз дадому. Праз некаторы час яго перадалі ў касцёл.

Сам жа касцёл будавалі больш, чым сотню год.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1999 г. у в. Мохавічы Лідскага р-на ад М.А. Шымунь, 1929 г.н.

Збан слёз

У адной жанчыны памерла дачка. Маці доўга не магла ўсцешыцца і ўсё плакала і плакала. Існуе такое павер'е, што калі маці шмат плача па свайму дзіцяці, то на тым свеце надта ж яму цяжка, дзіця ходзіць усё мокрае і яшчэ з сабой носіць поўны збан слёз.

І вось нехта сказаў маці, што яна можа ўбачыць сваю памерлую дачку. Каб гэта адбылося, ёй трэба на ўсе святыя пайсці ноччу ў касцёл. Там у той позні час павінны праходзіць душы памерлых людзей. А калі будзе ісці дачка, то накрыць свечку церлам.

Пайшла маці ў касцёл. Узяла з сабой свечку, церла. Стала і глядзіць. Як мінула дванаццаць гадзін, пачалі ісці душы. Доўга яны ішлі, але дачкі ўсё не было. Глядзіць маці, чакае. Нарэшце ідзе яе дачка самая апошняя. Уся мокрая і нясе збан слёз. Убачыла яна маці і хацела кінуць у яе гэтым збаном са слязьмі. Ды маці паспела навярнуць церлам свечку. Свечка патухла, і дачка не ўбачыла, куды кідаць. Маці пайшла з касцёла і больш ужо не плакала так па сваёй дачцэ.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1998 г. у в. Тарнова Лідскага р-на ад Н.М. Грыцкевіч, 1924 г.н.

Здарэнне на могілках

Неяк раз ехаў адзін ксёндз са сваім клерыкам ад хворага. Вёска была дальняя, і застала іх ноч у дарозе. Сталася так, што шлях іх праходзіў праз могілкі.

Вось едуць яны сабе і ў вус не дуюць, гавораць, смяюцца. Раптам у клерыка ажно дух пераняло - бачыць - бягуць за іхнім вазком прывіды. Бялюткія такія, ажно свецяцца. Клерыку трохі адлягло ад сэрца - ён штурхае ксендза. І паказвае яму пальцам на тых прывідаў. Паўглядаўся ксёндз на тых істот. А потым як прыпусцілі яны каня шпарчэй. А прывіды - таксама хуткасці прыбавілі. Хацеў клерык пахрысціць іх, каб адсталі, ды ксёндз не даў. Дастаў ён з кішэні хустачку, махнуў ёю ў той, у другі бок, што ад сябе, - прывіды і пабеглі туды.

А ксёндз з клерыкам хутчэй ад таго месца, ад граху далей.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 1998 г. у в. Тарнова Лідскага р-на ад І.І. Грыцкевіча, 1915 г.н.

Нечысць

У канцы вёскі нашай вялікае кустоўе. Тут падарожных і заводзіла. Здаецца, гавечка ляжыць. Той дзядзька за ёй, у кусты. А там толькі корч. А ён думае, што авечка, нясе яе ў воз. Толькі ў хаце замест жывёлы заўважаў падмену. Бывала заводзіла і ў гразь. Так было, а пасля на тым месцы паставілі выяву святога Яна. А так гэта чорт блытаў.

А бывала во яшчэ што. Ішоў каваль ад дзеўкі. А да яго выйшла нейкая пані на казліных ножках. А аднойчы на тым месцы побач з возам, на якім ехалі людзі, ішла нейкая істота з капытамі, з конскімі нагамі і хвастом. Але цяпер такое ўжо не здараецца.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Белагруда Лідскага р-на ад Я.І. Гонзы, 1939 г.н.

Неўтаймаваная душа

Мне тады было сем гадоў. Гэта была вясна 1994 года. Мы жылі ў горадзе Лідзе. У нашым доме было чатыры пакоі. У трох жылі я, старэйшы брат, мама і тата. А ў чацвёртым - бабуля Воля і дзед Валодзя. Я вельмі любіла дзеда, і ён - мяне. Але ў гэтым годзе дзед памёр. Я вельмі баялася смерцяў і пахаванняў. У гэту ж ноч, пасля таго як дзеда пахавалі, пачалося…

Я заўсёды верыла ў жыццё памерлых і ў тое, што яны могуць з'яўляцца жывым людзям… Усе ўжо паснулі, толькі я ўсё не магла заснуць: могілкі, труна, плач людзей былі ў мяне перад вачыма. Але яксьці я заснула. І раптам мае вочы расплюшчыліся - я глядзела ў акно, сэрца забілася ў два разы хутчэй. Каля ложка пачуліся крокі, падлога рыпела ўсё часцей і часцей. Мне пачулася цяжкае дыханне нейкага мужчыны. І я разумею, што гэта дзед. Я была вельмі напужана, нават не магла крыкнуць ці паклікаць брата. Я нацягнула на сябе коўдру, схавалася з галавой, мне было цяжка дыхаць. І тут, каля маёй галавы, я пачула дыханне і тупаючыя на месцы крокі. Я больш не магла дыхаць, і раскрыла коўдру, і тут усё знікла. Я з цяжкасцю заснула, таму што баялася, што ўсё паўторыцца.

На наступны дзень я нічога не сказала бацькам, а толькі расказала брату, але ён мне не паверыў. Але мы з ім дамовіліся, што калі гэта паўторыцца, то я яго разбуджу, і мы разам будзем не спаць. Так яно і было: пачалося тое ж самае. Я паклікала брата Дзіму, ён прачнуўся і запаліў святло. Я хутка пабегла да яго ў ложак. Мы выключылі святло. Доўга нічога не было чуваць, але праз некаторы час пачалося ўсё спачатку. Дзіма быў у жаху, ён старэйшы за мяне на чатыры гады, а быў так напалоханы, як і я. Мы накрыліся коўдрай і дрыжалі, а потым запалілі святло - і ўсё знікла. Мы разам з братам спалі ў адным ложку з запаленым святлом. Раніцай мы ўсё расказалі маме, тату і бабулі. Але нам не паверылі. На трэці дзень ужо нічога не было.

Праз паўтара месяцы бабуля нам расказала, што за сорак дзён да смерці дзеда яна не спала ні адной ночы: яна чула шэпт нейкіх людзей, тупат ног, рыпенне падлогі; яна заўсёды бачыла карлікавага чалавека, які вісеў на свяцільніку ў цэнтры пакоя. Яна расказвала, як першы час яна баялася гэтага чалавека і накрывалася коўдрай, але хутка прывыкла і нават адважылася запаліць святло, але чалавек вісеў і не знікаў, тады бабуля сказала: "Вісіш тут і вісі, а мне да цябе справы няма!" Пасля гэтых слоў яна больш яго не бачыла, але шэпт і крокі чула. Адзін раз бабуля не вытрымала і пачала сварыцца, як бы адганяць ад сябе ўсю гэту нечысць, і больш такога не паўтаралася. Бабуля схуднела, дрэнна ела, гаварыла сама з сабою, мы хацелі выклікаць урача, але як прайшло сорак дзён, яна пачала прыходзіць у сябе.

Запісана студэнткай спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" С.Г. Хмялеўскай у ліпені 2005 г. у г. Ліда ад В.В. Гумбар, 1987 г.н.

Сказ пра тарноўскую графіню

У Тарнове была некалі графіня, што не мыла цэлы тыдзень твару, каб быць больш прывабнай. Яна ела шпарагус. Вось вясной, як ён маладзейшы і падобны на пачаткі кукурузы, сакавіты, яго збіралі і марынавалі. У гэтым шпарагусе шмат вітамінаў. Іх - пачаткі гэтыя - варылі ў салёнай вадзе. Пасля тапілі кароўе масла, каб яно было амаль карычневага колеру, і ім палівалі вараныя пачаткі шпарагуса. Гэта дзейнічала: графіня мела больш за сорак гадоў, а выглядала менш, як за трыццаць.

Запісана студэнтамі спецыяльнасці "Беларуская філалогія" УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" ў ліпені 2000 г. у в. Белагруда Лідскага р-на ад Я.І. Гонзы, 1939 г.н.

Апрацоўка тэкстаў Р.К. Казлоўскага.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX