Вярнуцца: Этнаграфія

Краязнаўча-этнаграфічныя экспедыцыі па Лідчыне


Аўтар: Вайцюкевіч Н.,
Дадана: 19-04-2015,
Крыніца: Лідскі Летапісец №4(68)-2014.



Экспедыцыі - гэта магчымасць узнавіць парушаную сувязь пакаленняў, атрымаць жыццёвы досвед, убачыць свой народ такім, які ён ёсць, адчуць яго характар - чаго ніколі не зразумееш у горадзе.

У Лідскім раёне на працягу некалькіх месяцаў рэалізоўваліся этнаграфічныя экспедыцыі рабочай групай праекту "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах". За больш чым паўгадавы тэрмін было зроблена вельмі шмат, дзякуючы выдатна арганізаванай працы з інфарматарамі. У лічбавым фармаце запісаны вусныя апавяданні: аб вытворчасці тканін, аб вырошчванні льну, традыцыйнай ежы старажылаў, аб беларускіх абрадах і іншае. Прадэманстраваны майстар-класы: па ганчарстве, разьбе па дрэве, маркетры, ткацтве, абрадзе "Падаванне вянка", традыцыйнай апрацоўцы льну, вырабе кужалю і г. д.

ГІСТАРЫЧНЫЯ МЕСЦЫ ЛІДЧЫНЫ

Падчас экспедыцый рабочай групай праекту "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" былі наведаны 22 населеныя пункты і апытаны прыблізна каля 70-ці мясцовых жыхароў-інфарматараў.

Этнаграфічна абследаваны былі і аграгарадкі Лідскага раёна (Дворышча, Бердаўка, Тарнова, Мажэйкава і інш.), у іх зафіксаваны помнікі гістарычна-культурнай спадчыны і прыгожыя гістарычныя месцы.

Паблізу аграгарадка Дворышча Лідскага раёна, літаральна з першых метраў сустракае гісторыя... Яе сляды ўсюды: на месцы былой капліцы, былога панскага палаца і там, дзе і сёння часткова захаваліся будынкі старадаўняга фальварка (вадзянога млына, крухмальнага завода, карчмы, бровара, кузні і інш. пабудовы). Яшчэ адной славутасцю Дворышча з'яўляецца этнаграфічны пакой "Спадчына" пры сельскай бібліятэцы. Там у выглядзе экспанатаў засяродзілася ўся гісторыя побыту Дварышчанскага краю.

Сядзібна-паркавы ансамбль магілёўскага губернатара і сенатара Аляксандра Дамбавецкага з паркам (XIX ст.) размешчаны ў аграгарадку Бердаўка. Наведалі фрагменты парку, дзе знаходзіцца эфектны неагатычны палац (1860-1870-я гг.), і ўбачылі інтэр'ер аднаго з памяшканняў, у якім размешчана бібліятэка.

Жыхарка вёскі Цвермы Я. Б. Гольмант (1929 г. н.) распавяла, што з вуснаў у вусны людзі перадаюць паданне, аб тым, што каля вёскі Цвермы каплічка з'явілася не выпадкова. Месца для яе прадказана Богам. Кажуць, што карані ўсёй гэтай гісторыі ідуць у XVIII стагоддзе. Стаяў ля дарогі крыж з фігуркай Хрыста, ды бура яго зламала. Адзін з мясцовых жыхароў прынёс святыню дахаты, аднак потым вымушаны быў зноў паставіць крыж на тым жа месцы, каб выратаваць сваю сям'ю ад атрыманай хваробы. Да крыжа пачалі прыходзіць, каб пакланіцца, вяскоўцы з усёй акругі. Затым на гэтым месцы, якое лічылася святым, была размешчана каплічка. Культавы будынак і цяпер служыць людзям, праўда, яго ім давялося адраджаць зноўку пасля таго, як у 60-тыя гады старая каплічка была знесена. Людзі па-ранейшаму вераць у цудадзейную сілу святога месца каля Цвермаў, едуць сюды, каб набрацца духоўных і фізічных сіл. Старая хвоя, што абдымае каплічку сваімі галінкамі, не трымаецца за карані, але "цвіце" рознакаляровымі стужкамі, якія завязваюць на ёй наведвальнікі, верачы ў выкананне сваіх просьбаў.

У вёсцы Дакудава перад удзельнікам экспедыцыі былі прадстаўлены: археалагічныя помнікі часоў мезаліту, неаліту і бронзавага веку; даўгачасны агнявы пункт часоў Першай сусветная вайны; этнаграфічны дом канца XIX - пач. ХХ ст.; мураваная царква, падобная на церамок ў рэтраспектыўна-рускім стылі - Дакудаўская Свята-Нараджэння-Багародзічная (1867 г.); бабровыя плаціны, рака Нёман і г.д.

Недалёка ад горада знаходзіцца батанічны помнік прыроды мясцовага значэння парк "Гарні". Асноўная закладка парку праведзена ў 1881 годзе па ініцыятыве царскай Дзяржаўнай лясной аховы. Агульная плошча помніка прыроды 8,0 га. У парку знаходзіцца адміністрацыйны будынак Лідскага лясніцтва, па суседстве з паркам - вёска Гарні.

Найстарэйшым дрэвам у Лідскім раёне лічыцца дуб у вёсцы Бабры (недалёка ад Голдава), які знаходзіцца на тэрыторыі Крыжаўзвіжанскай царквы (1810 г.). Дуб настолькі магутны і шырокі, што трэба з дзясятак рук, каб абхапіць ствол дрэва. А вось наконт таго, колькі гадоў гэтаму волату, думкі разыходзяцца: па некаторых прыкметах вопытныя палясоўшчыкі даюць яму чатырыста гадоў.

Таксама на тэрыторыі царквы знаходзіцца камень-следавік. Знакаміты валун тым, што на адным з яго бакоў выціснены след чалавека. У той жа час людзі шануюць гэты незвычайны камень і ўпэўненыя, што валун надзелены чароўнымі ўласцівасцямі.

З гісторыяй сядзібы Маўраса (у аграгарадку Тарнова), яе будаўніцтвам, рэканструкцыяй і сённяшнім станам удзельнікаў экспедыцыі азнаёміла загадчыца Тарноўскай сельскай бібліятэкі. Сядзібны дом здзіўляе сваімі памерамі і вытанчанай несіметрычнасцю. Сядзіба Маўраса гэта двухпавярховы сядзібны дом у стылі мадэрн. Дом з арачнымі вокнамі, у якіх яшчэ можна назіраць рэшткі арыгінальных асноў, стаіць на ўзвышшы.

Наступным прыпынкам экспедыцыйнай групы з'яўлялася вёска Белагруда, дзе размешчаны касцёл Святога Міхаіла Архангела (пабудаваны ў 1900-1905 гг.). Касцёл пабудаваны ў стылі "неаготыкі-неарамантызму". Яго фасад адназначна ўразіць кожнага. Таксама пры ўважлівым аглядзе мура можна знайсці ініцыялы людзей, якія будавалі касцёл альбо выпальвалі цэглу для яго. Адразу за касцёлам размешчаны могілкі, пасярод якіх стаіць драўляная капліца, пабудаваная ў канцы XIX ст.

Сядзіба Малое Мажэйкава размяшчаецца на ўсходнім баку аграгарадка Мажэйкава і была пабудавана ў ХІХ стагоддзі. У канцы XVIII-пачатку ХІХ ст. сям'я Ромераў пабудавала велізарны мураваны двор. Аляксандр Брахоцкі працягнуў будаўніцтва і скончыў яго. Канчатковы свой выгляд сядзіба набыла ўжо ў 1908 - 1910 гг.

Каля вёскі Лебяда Мажэйкаўскага сельсавета з самых даўніх часоў была крыніца. Сама яна лічылася гаючай, а вада ў ёй - жыватворнай і святой. Пазней крыніца зарасла высокай травой, але неяк раз адной веруючай жанчыне прысніўся сон: перад ёй паўстала карціна жыватворнай крыніцы ў вёсцы Лебяда, пачуўся голас з наказам: абавязкова крыніцу адшукаць вада ў ёй, маўляў, найчысцейшая і валодае гаючымі ўласцівасцямі. Вернікі разам са святаром мясцовай царквы так і зрабілі знайшлі крыніцу, з якой працякала вада. А неўзабаве пры падтрымцы кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі ЛРСУП "Мажэйкава" крыніца была адроджана.

ПЕСЕННА-ТАНЦАВАЛЬНЫ ФАЛЬКЛОР. АБРАДНАСЦЬ.

Падчас правядзення фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі ад старэйшых жыхароў вёскі Ігнаткаўцы сабраны багаты фальклорны танцавальны матэрыял. Экспедыцыйнай групай было сабрана і зафіксавана каля дзесяці побытавых танцаў: "Полька дробна", "Акуліна", "Кракавяк", "Падэспань", "На рэчаньку", "Каробачка", "Лысы", "Вальс", "Руская полька", "Факстрот". Трэба адзначыць, што жанчыны з в. Ігнаткаўцы - сапраўды спявачкі і танцоркі ўнікальныя. Гэта самародкі, якія не страцілі духоўныя каштоў насці, атрыманыя ў спадчыну ад сваіх матуль і бабуль.

У вёсцы Збляны існуе ініцыятыўная, творчая група мясцовых жыхароў, якія актыўна ўдзельнічаюць ў правядзенні мясцовых святаў, валодаюць рэдкімі тэхналогіямі апрацоўкі льну, вырабу ніткі. Яны з задавальненнем пазнаёмілі рабочую групу праекту са спосабамі апрацоўкі, адбівання льновалакна, падрыхтоўкі яго да далейшай апрацоўкі, раскрылі значэнне прадметаў, прылад працы, пры дапамозе якіх адбівалі лён.

А вось у Ганчарскім цэнтральным Доме культуры удзельнікамі экспедыцыі было зафіксавана анімацыйна-рэалістычнае дзейства па апрацоўцы льну і вырабе ніткі.

Жыхары вёскі Збляны прадэманстравалі тры мясцовыя рэгіянальныя вальсы на старадаўніх акардэонах і самаробным музычным інструменце - свістку.

Аб асаблівасцях правядзення сватаўства (сустрэчы радні жаніха і нявесты), правядзенні вечара з сябрамі ў жаніха ("Вянкі") распавядалі жыхары вёскі Панямонцы. А таксама пазнаёмілі з сімвалічным значэннем прадметаў на вяселлі: ручнікоў, качэргаў, паясоў і г. д. Атрымалі інфармацыю аб спосабах одорвання і сімвалічным значэнні вясельнага пірага. Вялікае значэнне мае на вяселлі традыцыйная кухня: вясельны пірог, прысмакі, суп - булён з пеўня.

У імправізаванай хаце (на сцэне Ганчарскага ЦДК) экспедыцыйнай групай быў зняты абрад вяселля (элементы традыцыйнага беларускага вясельнага абраду). Вясельны абрад напоўнены рознымі сімвалічнымі дзеяннямі: маладых правялі пад брамай даматканага ручніка і прапанавалі загадаць сваё самае запаветнае жаданне; нявеста кідала на печ пояс, жадаючы такім чынам задобрыць продкаў і новых сваякоў, жыць з імі у згодзе; у кішэні жаніху сыпалі жыта, прыгаворваючы: "Каб жонка была пладавіта" і г.д.

У вёсцы Навіцкія запісаны абрад "Падаванне вянка". Вясельны вянок нявесты з'яўляўся сімвалам некранутасці, бязгрэшнасці. Замужнія жанчыны вянкоў не насілі, не надзявалі на галаву вянкоў і тыя жанчыны, якія выходзілі замуж другі раз. Пасля вяселля вянок маглі схаваць у самым аддаленым кутку, у куфры, далей ад людскіх вачэй.

Фальклорны гурт Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры прайшоў па вёсцы Панямонцы з абрадам "Калядаванне". Хадзілі калядаваць з зоркаю і выконваючы розныя абрадавыя песні.

КУЛІНАРНАЯ СПАДЧЫНА

Напэўна, у нас, беларусаў, страў з бульбы можна налічыць вялікую колькасць. Аднак бабка займае ганаровае месца разам з дранікамі і калдунамі ў шэрагу папулярных і асабліва любімых страў, якія сімвалізуюць беларускую кухню.

Рыхтуюць бабку практычна аднолькава па ўсёй Беларусі. Аснова - цёртая бульба. Варта памятаць толькі самае галоўнае правіла: чым больш запечаная маса, тым смачней атрымліваецца бабка. Гаспадыні з аграгарадка Ганчары прадэманстравалі адзін з варыянтаў запякання бульбяной масы - у кішцы. Метад падрыхтоўкі інградыентаў для бабкі і бульбы, запечанай ў кішках, аднолькавы, розніца толькі ў спосабах выпякання.

Цікавым момантам у вёсцы Ігнаткаўцы было прыгатаванне каравая - зафіксаваны ўвесь працэс замесу самаго цеста і ўпрыгожвання каравая. Караваем прынята называць непачаты суцэльны хлеб, але не просты, а святочны. Заўсёды мае пэўнае прызначэнне, афармленне, абраднасць і сімволіку.

Беларусы, як і многія славяне, маюць звычай увечары перад Калядамі збірацца за сталом. Пра тое, як правільна правесці гэты вечар і якія стравы паставіць на стол, удзельнікі экспедыцыі пагутарылі з жанчынай з вёскі Навіцкія Д. Э. Жыдзіс (1953 г. н.) і яе ўнучкамі Кацярынай і Янай, якія да гэтага часу захоўваюць і шануюць нацыянальныя традыцыі, а таксама было прадэманстравана прыгатаванне піражкоў з начынкай (вушкі). Рэцэпт гэтай стравы звязаны са звычайнай падрыхтоўкай дражджавога цеста (адно адрозненне - цеста нішчымнае). Сакрэт гаспадыні - цеста абвальваецца не ў муцэ, а ў алеі (пры пячэнні піражкоў мука не перагарае). Начынка піражкоў - грыбы, павідла, мак і інш.

Мачанка - арыгінальная страва ў беларускай кулінарнай традыцыі. Рэцэпты прыгатавання смачных бульбяной, мясной і тварожнай мачанак пераняла Данута Жыдзіс ад сваёй свекрыві. Падрыхтоўка мачанкі - справа нескладаная, аднак неабходна ўсё ж улічваць прапорцыі прадуктаў, гэта значыць, мясных прадуктаў павінна быць дастаткова, а сала, мукі і вады - не занадта шмат. Добра прыгатаваная мачанка - сапраўды шэдэўр беларускай кухні. Да мачанкі падаюцца бліны.

У вёсцы Панямонцы прадэманстравана гатаванне страў нацыянальнай кухні, якія рыхтаваліся на калядны стол (багатая куцця): чырвонага, салодкага кісялю, бульбяных піражкоў з грыбамі.

ТРАДЫЦЫЙНЫЯ РАМЁСТВЫ І ПРАДМЕТЫ ПОБЫТУ БЕЛАРУСАЎ

На Лідчыне даўняя і багатая гісторыя традыцыйных мастацтваў і рамёстваў, многія з якіх існуюць і цяпер. Сярод асноўных рамёстваў - ганчарная справа, саломапляценне, ткацтва, дрэваапрацоўка.

У працэсе экспедыцыі ўдалося пазнаёміцца з цікавым майстрам Гаўрык А. І. (1963 г. н.), якая валодае ўменнем працаваць з глінай. Алена прадэманстравала працэс вырабу традыцыйнай свістулькі: спосаб падрыхтоўкі гліны да працы, метад яе нарыхтоўкі, паслядоўнасць вырабу цацкі, спосабы прароблівання адтуліны для свістка. Прадстаўлены калекцыя дробнай скульптуры, дэкаратыўныя пано.

Яшчэ адзін цікавы майстар на Лідчыне - Прышчэпа А.М. (1956 г. н.), які валодае ўменнем працаваць са шпонам каштоўных парод дрэў. Аляксандр прадэманстраваў працэс вырабу ў тэхніцы маркетры (старадаўні від замкавага мастацтва XVIII ст.). Майстрам прадэманстравана паслядоўнасць вырабу пано: спосабы стварэння эскізу, выразання дэталей, злучэння па эскізе, наклейвання і далейшай апрацоўкі пано. Прадстаўлена калекцыя дэкаратыўных пано.

Старадаўняе рамяство - ганчарства - прадставіў лідскі майстар А. Канцавы. У майстэрні ганчара было прадэманстравана, як маса гліны кладзецца на ганчарны круг і з дапамогай умелых рук майстра ператвараецца ў выраб. Але выраб яшчэ не гатовы, гэта толькі паўфабрыкат. Для таго, каб паўфабрыкат стаў гатовым вырабам, спачатку ён павінен прайсці прасушку пры сярэдніх тэмпературах. Завяршальнай стадыяй вырабу з'яўляецца яго абпал у печы пры высокіх тэмпературах і нанясенне палівы.

У Голдаве мясцовая майстрыха А. І. Гаель (1933 г. н.) паказала свае тканыя і вышытыя ручнікі, абрусы, паказала наглядна, як абвязваць ручнікі ніткай. Як высветлілася пазней муж Аляксандры Іванаўны В.А. Гаель (1929 г. н.) - з дзяцінства пляце кашы і кошыкі з розных матэрыялаў (дроту, вяроўкі, лазы, кораня хвоі).

Разьба па дрэве - найстаражытнейшы від мастацтва. Экспедыцыйная група сустрэлася з майстрам па дрэве - І.Э. Мікулкам (1965 г. н.) у яго майстэрні, якая знаходзіцца ў аграгарадку Ёдкі. Ён апрабаваў усе віды разьбы па дрэве (скульптурную разьбу, шаблоны дамавой разьбы і г. д.), выказваючы свае незвычайныя думкі праз скульптуры, пано розных памераў і нават невялікія сувенірныя фігуркі.

Ткацтва - галіна народнай творчасці ў Беларусі, і на Лідчыне таксама. Даўней ткалі ў кожнай вёсцы, у кожнай хаце. Майстар Д.І. Маташук прадэманстравала гэты від рамяства ў Лідскім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры.

У горадзе Лідзе жыве калекцыянер А. Г. Фішбайн, які сабраў унікальную калекцыю прадметаў даўніны. Андрэй Генадзевіч гатовы гадзінамі горача і захоплена распавядаць аб сваёй унікальнай калекцыі. Самавары, аказваецца, бываюць розныя: дарожныя, сямейныя, салонныя. Узрост гэтых начышчаных да бляску калекцыйных прыгажуноў вагаецца ад 60 да 150 гадоў. А ўсіх іх у Андрэя Фішбайна каля шасцідзесяці. Калекцыю ў доме і ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі прадстаўляюць: бутэлечкі, прасы, гадзіннікі, нямецкі посуд, самавары і г. д.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX