Вярнуцца: Этнаграфія

Традыцыйнае вяселле на Лідчыне


Аўтар: Вайцюкевіч Н.,
Дадана: 26-11-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 3(63) - 2013.



Запісы з фальклорна-этнагарафічных даследаванняў Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці

ДАВЯСЕЛЬНЫ ПЕРЫЯД

Сватанне

"Калі спадабалася дзяўчына, убачанная на фэсце (царкоўнае свята), да яе засылалі сватоў. Малады хлопец са сватам прыходзіў да маладой дзяўчыны сватацца. Гаспадары ўсіх запрашалі сесці за стол. За сталом вяліся размовы, усе частаваліся, дамаўляліся. Калі маладая згодна выходзіць замуж за гэтага хлопца, тады дамаўляліся аб даце вяселля. Нявеста дарыла жаніху і свату саматканы кужаль. Пасля дамовы сватоў праводзілі дадому." (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна). "Калі ж хлопец не спадабаўся дзяўчыне, то за застолле плаціла дзяўчына." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна, ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ) .

Заручыны (перагляды)

"Маладая ехала да маладога, а ён рыхтаваўся да сустрэчы. На пярэглядах дамаўляліся наконт вяселля: калі, дзе і як." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ)

Вечар напярэдадні вяселля (Вянкі)

"Вяселле пачыналася ў нядзелю. А ў суботу перад вяселлем у маладога праводзіліся вянкі. Малады збіраў дружкаў, хлопцаў, дзяўчат, яны плялі вяночкі. Затым садзіліся за стол, пілі, елі, танцавалі." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 г.н., праваслаўная, архіў БДПУ).

"Жаніх запрашаў музыкантаў. Моладзь частавалася прысмакамі. Упрыгожвалі барвінкам, рутай вянкі. Усім гэтым кіравала сястра маладога, а калі няма сястры, то была хрышчоная дачка (яго бацькоў). Рабілі вяночкі хлопцам дзяўчаты (дружкі) - колькі было хлопцаў, столькі і вяночкаў. Гэтыя вяночкі звязвалі ў хустачку, а на другі дзень іх з белым банцікамі чаплялі хлопцам. Маладой плялі гірлянду. Увечары спявалі песню:

Ой маці, маці,

Што маю сказаці,

Ўсё лета праходзіць,

А я не жанаты.

Пасею жыта -

Няма каму жаці,

Пасею пшаніцу -

Будзе зімаваці.

А я пасею пшаніцу -

Будзе зімаваці.

А, як прыйдзе ночка,

Няма з кім размаўляці.

Ой, на, табе, сынку

На, літар гарэлкі

Да едзь сабе, сынку,

Выбірай паненку."

(Запісана ў в. Збляны Лідскага раёна ад Лянцэвіч Ніны Антонаўны) .

"Музыкант іграў, і першым выходзіў танцаваць малады, браў сваячку (лічылася, што каго возьме малады, тая следам выйдзе замуж). Малады танцаваў, пасля запрашаў ўсіх астатніх, і тады яны ўжо танцавалі да відна. А сват у гэты дзень ішоў да маладой па бялізну і падарунак (каравай вясельны з добрага цеста - гэта быў асноўны падарунак). А ў маладой у гэты дзень нічога не адбывалася." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 г.н., праваслаўная, архіў БДПУ).

ВЯСЕЛЬНЫ ПЕРЫЯД

Малады збіраецца да маладой

"Пасля вянкоў, назаўтра, збіраліся ўсе ў маладога: музыкі, дружкі, сват, запрашаліся 1-ая, 2-ая, 3-я і 4-я дружкі (больш дружак не было). Сядалі за стол (малады паміж сясцёр), тры разы выпівалі. Спявалі маладому:

"Зямны фаркун па дарожцы паслаўся,

Малады Ванечка ў дарожку прыбраўся,

Выраслі лозы, чатыры бярозы, пад акном

Ці не выйдзе маладая Манечка пад вянком."

(Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

У хаце маладой перад прыездам маладога

"Маладая адзявалася (прыбіралі яе дзяўчаты) ў каморы ці на кухні. Прыбранне маладой: белая штапельная сукеначка, на галаву збіраўся вэлюм доўгі (адна вялікая фальбоначка, а паверх яшчэ большая, наверсе зялёненькі барлінчык)." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БГПУ).

"Перад тым, як адправіць маладую да шлюбу, для яе засцілалі кажух (дагары воўнаю). Маладая садзілася на кажух, каб была багата, і каб досыць усяго было ў жыцці". (Запісана ў в. Сямашкі Лідскага раёна ад Ясюкайтэс Тарэсы Юзэфаўны).

Падаванне вянка

"Яшчэ да шлюбу маладой плялі нявельчанькі вянок з руты. І калі ўжо малады прыяздажаў да маладой, ім падавалі вянок. Малады кленчыць каля свайго бацькі, а маладая каля сваёй маткі, і родна матка ўшпіляла вянок маладой. Пры падаванні вянка гаварыліся наступныя словы:

1. Да родных:

- Нех бэндзе пахвалёны Езус Хрыстус. Дзе естэсь матка родзона младой і ойцец родзоны? Ці мам я воля стомпіць в твуй дом свенцоны, ці мам я воля от радзіцоў родзоных і от радзіцоў хрэсных воспомніць в тэн дом свенцоны? Ідэ крок, ідэ другі, на тшэнцім стое, пані млодай і дружэчкам отдае. Дзе то ест гаспадыня тутэйшэго дома, жэ бы дала талеж срэбны ці злоты, то і ў нас бэндзе пенкна размова: як мы дрогон ехалі - звонкі звонілі. І да тэго домку заехалі. І такжэ наш пан млоды цалы край аб'ехаў і нігдзе собе парэчкі не обэбраў, тылька в тэм самом домэчку цо от людзі памовёна, цо от бога осандзона і на дзісь дзень отложона. Благослаў ойцец і матка і вэсэльне госць і нех вам загра музыка жалосце.

2. Да маладой:

- Выходзіш от своей коханой родзіны, атходзіш от своей коханой маткі, ктура цебе пеленговала, як тэ ружэ-квятка, ктура цебе карміла ўласнымі персамі. Хлеба до ўстав падавала, сама не ядла - для цібе ошчэгала, бо ты естэсь цурка дрога, а она матка ўкохана. А як це не жаль ойцовского лона, цо пры свеце як срэбна корона? Смутны тэн квят мелёвы, цо ма спаднуць с твоей гловы, бо юш не для цебе бэндзе граць музыка, бо юш не для цебе бэндзе звоніць поранне. І поблагославце вы колежанкі, ктуры не раз ідуць до косцёла, рвалі спульня квяткі, бо юш вам сыгнет пшэстань от духа свентэго. А в недзелю рана матка найсвенша ўшысткі агроткі абходзіла і тэ квяткі благославіла, а мы назбіралі нашэй младай тэн вянэк віялі. Прыслаў тэн вянэк наш пан млоды не пшэс брата родзонэго, а пшэс слугу вернэго, пшэс лясы шырокі, пшэс гуры высокі, пшэс жэкі глэмбокі, доміцэтамі высаджана, мільярдамі выплачона і на дзісь дзень отложона. Благослаў, ойцец і матка, і вы вэсельне госце. Нех ім загра музыка жалосце.

3. Да ўсіх:

- Свацее і дружкі пані млодай квятушкі прошэ пшымоваць не гонороваць. Я о тэм вянку могэ фшыстко вытлумачыць: тэн вянэк складысе с трох сортоф квят. Першы квят - рута, жэ бы пані млода хадзіла зафшэ обута. Другі квят - лілея, жэ бы пані млода тэн вянэк льзамі обліла. Тшэці квят - (тэн вянэк) ружа, жэ бы пані млода сподзевалася добжэй падружы. Облелее пані млода тэн вянэк - вянэчак, жэ бысь ты могла постояць на новэ жыце з добжымі мыслямі. Шчэнсце от злэго не дапушчай, а жэбысь не настал дзень сонду страшнэго і ты шкадавала відзэ Езусовы раны, ктуры церпел за гжэшнэго чловека, не бэндзеш жыць кламствам, ашуканствам, а справедлівосьцюн хшэсцьянкай. Не згаднеш, дзе спаднеш, ці на квят пенкны, ці на остры церпні. Благослаў, ойцец і матка і, вы, вэсэльно коло. Нех ім загра музыка вэсоло. Як пшыставалі, то фшысткім дзенковалі. А як отстэмпуе, то фшысткім дзенкуе. Прошэ пшыняць тэн вянэк нашэй пані млодай." (Запісана ў 1993г ў в. Сцеркава Лідскага раёна, ад Міхаловіча Яна Янавіча (70 гадоў, католік, архіў БДПУ).

Малады прыязджае да маладой

"Заўсёды малады да маладой прыязджаў ў нядзелю (на вянчанне). А маладая раніцай у нядзелю, пакуль прыедзе малады, павіннна была схадзіць у царкву да споведзі. Пры прыездзе маладога яму рабілі браму, а маладая павінна ўбачыць маладога толькі, калі ён зойдзе да яе ў пакой. Дзяўчыне нельга выглядаць у вокны, каб угледзець свайга жаніха. Вясковыя бабы і дзяўчаты прыбіралі маладую". (Запісана ў в. Сямашкі Лідскага раёна, ад Ясюкайтэс Тарэсы Юзэфаўны) .

"Калі малады прыязджаў, маладая павінна была абавязкова глянуць на маладога першай (чаму не ведаю, але такі элемент абраду існаваў)". Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

"Малады прыязджаў са сватам і дружкамі. Бацькі маладой сустракалі іх і запрашалі ўсіх за стол. Малады і сват сядалі на покуці (сват - злева ад жаніха)." (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна) .

Маладую выводзяць да маладога

"Прыбраную маладую вялі браты, музыкант ішоў спераду. Спявалі песню для маладой :

Чаго, каліна, ўдалі стаіш? - 2 р .

Мусі, каліна, сушы баіш? - 2 р .

Жэбіш я сушы не бояла, - 2р.

То я ў тым долю не стаяла. - 2 р .

Стаяла быш я на тэй гуты - 2 р .

І развівала б вянэк з руты. - 2 р .

Ой, ты, вянэчку, развівайся, - 2 р .

А ты, Манечка, намысляйся. - 2 р.

Ой, той вянэчак, з дробнай лілі, - 2 р.

Цябе, Манячка, хлопцы ўзялі. - 2 р.

Узяў цябе Ваня пода апеку - 2 р.

І не апушча аж навекі - 2 р.

Спявалі песні спецыяльныя спявачкі. А вось, калі не было бацькі або маці, то спявалі абавязкова асобную песню:

Бяла сукенка, злотны пас, - 2 р.

Прыбярайся, Манячка, бо есць час. - 2 р.

Маня ўсім ўстала, пшыбрана, - 2 р.

І на цябе, Ванечка, чэкала. - 2 р.

Як прыехаў Ваня пад врота, - 2 р.

Маня заплакала: "Ах, хто там?" - 2 р.

Ой, устань, мама, устань з гробу, - 2 р.

Паблагаслаў Манечку да шлюбу. - 2 р.

Ой, мама, не хце з гробу ўстаць - 2 р.

І благаславенства Мані даць. - 2 р.

Ва гродзе росне лілія, - 2 р.

Не хцэ благославі Марыя, - 2 р.

Ва гродзе роснуць віялкі - 2 р.

Не хцэ благославіць анёлкі - 2 р. "

(Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БГПУ).

Зборы і выпраўленне да вянца

"Маладых садзілі за стол (маладая сядзела насупраць маладога). Каля нявесты садзіліся два браты, а каля жаніха дружбанты. Дружкі садзіліся з боку каля маладой, а хлопцы з боку маладога. Калі ўсе сядалі, бацька маладой пры ўсіх абяцаў пасаг (дзве каровы і г.д.). Калі сват згаджаўся, тады выпівалі па чарцы. Бацька жадаў маладым шчасця і дабра. Выпівалі па чарцы, а тады чаплялі кветкі. Першая дружка маладой прычэплівала кветку маладому і свайму дружбанціку. А потым і ўсе астатнія дружкі праз стол прышпільвалі кветкі сваім дружбантам. Кветачкі рабілі з вазонаў." (Запісана ў в. Сямашкі Лідскага раёна, ад Ясюкайтэс Тарэсы Юзэфаўны).

"Маладая сядала з правага боку ад маладога. Жаніх выбіраў першага дружбанта, а нявеста першую дружку. Кветкі закалывалі дружкам і сяброўкам (кветкі і вэлюм былі зроблены да вяселля сяброўкамі нявесты). Сват кіраваў застоллем. Выпівалі па 3 чарачкі і абходзілі 3 разы стол па гадзіннай стрэлцы. Маладыя прасілі ў бацькоў дабраславення. Маці маладой садзіла нявесту на дзяжу, пакрытую дзяружкай, дабраслаўляла яе." (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна, ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна).

"Усе ўставалі із-за стала. Ставілі зэдаль, садзіліся бацькі, родныя, хрышчоныя бацькі. Бацькі маладой абносілі 3 разы свечкай маладую, перакрэсцяць, а потым маладая ўставала і развітвалася з усімі. Сванька брала абразік з ручніком. Маладыя ехалі вянчацца: жаніх з дружкамі, нявеста з братамі. Ехалі на вазах, зімой на санях, брычках. Сват і дружкі ехалі таксама." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

"Маладыя садзіліся ў святочна ўбраную каляску (зімой ў сані), дуга ўбрана шаластунамі, званочкамі, кветкамі ды стужкамі. Калі маладыя ехалі да вянца, то хросныя бацькі садзіліся на кажух. Заручальныя пярсцёнкі жаніх загаддзя рабіў з медных грошай (пятака), імі маладыя заручаліся ў царкве." (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна, ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна).

Сустрэча маладых ад вянца

"Пасля вянчання малады ехаў з маладой, сват з сванькай, усе па парах. Усе госці ехалі да маладой на застолле. А на месцы гатовілі браму." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

Вяселле ў маладой

"За стол сядалі малады з маладой, дружбанты з дружкамі". (Запісана ў в. Сямашкі Лідскага раёна, ад Ясюкайтэс Тарэсы Юзэфаўны).

Спявалі для сватоў:

Ой, ты сватко, ні сядзі, ні сядзі,

Ідзі да дому, паглядзі,

Кабыла каня прывяла, прывяла,

Жонка сына збавіла, збавіла,

Нашая сванька хараша, хараша,

Згубіла хустку ад носа, ад носа,

А тая хустка - сурветка, сурветка,

Сядзіць сванька як кветка.

Так спявалі і дружкам, і сватам, і г.д., а за гэта плацілі бабкам-вясельнікам цукеркамі." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

"Застолле пачыналася ў абед, а заканчвалася пад раніцу. Дружбанты сядалі па парах з дружкамі. Бацькі маладой падавалі на стол ежу, за стол не садзіліся. Бацькі маладога ў маладой не гулялі, а гатавалі сваё вяселле. Госці гулялі, спявалі ("Цвет каліны ламала, у пучочкі вязала"), выпівалі, танцавалі." (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна).

Ежа на вяселлі

"На вяселле гатавалі ежы мала: мяса, сыр, квашанне, каўбасы. Варылі і падавалі спецыяльную кашу (грэчку), смачная салодкая каша на малацэ. Пасля гэтага гэту кашу саладзілі. Пачынаў саладзіць сват, а ўсе астатнія ўдзельнікі вяселля стаялі з качалкамі і чарпакамі і сачылі, калі хто не хоча саладзіць, таго ўсяго заляпаюць кашай. Пасля кашы неслі капусту. Варылі рэдкую капусту, на яе гралі, пачынаў сват, потым малады і далей усе астатнія. Пасля падавалі беленыя макароны. Амаль нічога не выпякалі." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

Развітанне маладой з родным домам

"Пасля дарэння збіраліся да маладога. Дарылі, хто што меў: палатно; кужалі, якія ткалі і адбельвалі на росах, потым качалі; коўдры. Ужо быў сабраны куфар (клалі туды палатно, дзяружкі, ручнікі). І там жа ў дзяружцы была і пасцель, а ў яе ўкладвалі падарунак. Адбываўся выкуп пасцелі маладой. Куфар везлі да маладога, яго пільнавалі браты." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

Прыезд да маладога

"Калі малады прывозіў маладую дамоў (гэта было ўвечары), рабілі браму. Маладая засейвала падлогу жытам, каб было добрае жыццё." (Запісана ў в. Сямашкі Лідскага раёна ад Ясюкайтэс Тарэсы Юзэфаўны).

"На другі дзень вясельнікі ехалі да маладога (дружкі і дружбанты, сябры і сяброўкі, радня маладога). У хаце маладога сваха вешала на абраз ручнік. Калі маладыя падыходзілі да парога, перад парогам ляжалі дровы, якія нявеста павінна была прыбраць да печы (па тым, як яна іх зложыць, глядзелі якой яна будзе гаспадыняй). А за сталом пасядалі цыганы, мужчына пераапрануты ў нявесту, а жанчына ў жаніха. Маладая даравала цыганам падарункі і выкупляла сваё месца за сталом. Калі за сталом сядзела цыганка з дзіцяці, то маладая і ёй дарыла падарунак. Пасля выкупу пачыналася дарэнне маладой. Дружкі абвязвалі сваім палатном дружбанцікаў (з пляча на пояс)". (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна, ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна).

"Маладых сустракалі з хлебам і соллю. Усе праходзілі ў хату на застолле, але ўжо за накрытым сталом з ежай, сядзелі падстаўныя прыбраныя жаніх і нявеста. Маладыя пачыналі выкупляць сваё месца за сталом. Маладая кідала паясы, якія ткала сама. Спявалі песню:

Узяў жонку з Белай Русі,

Не хцэ робіцца, ня мусі.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р.

Скідай, пані, сваі шаты і дамоў, да курнай хаты.

Ох я, бедная, бедна глоўка то мая. - 2 р.

Скідай, пані, рукавічкі, памый стол і дайнічкі.

Ох я, бедная я, бедна глоўка то мая. - 2 р .

Скідай, пані, свэ бацінкі,

вазьмі біцік, выгань свінкі.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р .

У полі свіня выганяла, на каменні ліст пісала.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р.

На камяні ліст пісала, да матулі адпараўляла.

Ох я, бедна, я бедна глоўка то мая. - 2 р.

А матуля нэ чытала, пяць пар коней асядлала.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р .

Пяць пар каней асядлала і да зяця пшылятала.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р.

Каб ты зяньцю глову зкрэнціў,

як да моей цуркі лезці.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р.

Ціха, цешча, не журыся,

вазьмі цурку, ды ўдавіся.

Ох я, бедна я, бедна глоўка то мая. - 2 р.

Пасля выкупу сядалі маладыя і госці за стол". (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БДПУ).

"Маладую выводзілі ў танец, назначала маці (свякроўка) таго, хто гэта зробіць (каб паглядзець, якая маладая). Музыка грае - маладая танцуе. Потым маладая дорыць падарункі." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БГПУ).

Вяселле ў маладога

"Гулялі вяселле: у маладой - нядзеля, панядзелак, а ў маладога - вечар панядзелка і аўторак, але ў маладога вяселле пачыналася таксама ў нядзелю, ды гулялі без маладых, сабіраліся і гулялі з музыкамі". (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БГПУ).

"Да таго, калі нявеста сядала за стол, ужо павінны былі сесці бацькі маладога. Маладая дарыла ім падарункі і запрашала ўсіх за стол. Бацькі маладога падавалі на стол ежу і выпіўку". (Запісана 28 студзеня 2010 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна ад Крупы Марыі Аляксандраўны, 1942 г.н. Запіс вяла Моцевіч Яніна Антонаўна).

"Вяселлем кіравалі сваты. Гулянне ішло да раніцы. Раніцай маладая адорвала ўсю радню жаніха. І гэтай раніцай напойвалі водкай пеўня і затым секлі яго і гатавалі суп. Госці елі суп, выпівалі, спявалі, танцавалі, гулялі ў гульні і забавы. І позна вечарам давалі сванькін абед. Абед брала маладая (сухая закуска, каравай). Пасля гэтага маладая павінна заслаць усе сталы сваімі абрусамі, ёй дапамагала сванька, садзіліся толькі родныя маладога і ставілася водка сванькі. Як з'ядуць сванькін абед, вяселле заканчвалася. На вяселлі запрашалі музыкаў (гармонік, скрыпка, барабан) і плацілі ім грошамі і, колькі яны запросяць." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БГПУ).

ПАСЛЯВЯСЕЛЬНЫ ПЕРЫЯД

Пярэзвы ( пірагі)

"Праз тыдзень ехалі да маладой з пірагамі. Увесь тыдзень маладая жыла ў маладога і не магла ісці да роднай хаты, нават, калі бацькоўская хата побач, пакуль не пабылі з пірагамі." (Запісана ў в. Пескаўцы Лідскага раёна ад Кашко Алены Сцяпанаўны, 1935 года нараджэння, праваслаўная, архіў БГПУ).

Матэрыял падрыхтаны па выніках фальклорна-этнаграфічнага даследавання традыцыйнага вяселля на Лідчыне .

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ,метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага цэнтра народнай творчасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX