Вярнуцца: Этнаграфія

Юр"я ў Зблянах


Аўтар: Барыс Сымон,
Дадана: 28-03-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №49.



У розных вёсках нашай краіны існавалі свае адметныя звычаі святкавання Юр'я. На Лідчыне ў Юр'еў дзень 6 траўня (23 красавіка па старым стылі) замужнія жанчыны і дзяўчаты ішлі да жытніх палеткаў і абходзілі ў вёсцы двары з песнямі.

У 1971 годзе я прыехаў з г. Ліды маршрутным аўтобусам у вёску Збляны і запісаў там вясельны і Юр'еўскі абрады. Жыхары гэтай вёскі праваслаўныя. На Юр'я тут бывае яшчэ фэст. Пра асаблівасці фэсту ў Зблянах я чамусьці нічога не запісаў. А вось пра святкаванне Юр'я захавалаіся запісы таго абраду.

Увечары напярэдадні Юр'я (гэта значыць 5 траўня) збіраецца каля 20 жанчын. Яны накіроўваюцца да жытняга поля. Там нарваўшы крыху руні, браліся ўсе за рукі і так ішлі з песнямі у вёску. Спявалі юр'еўскую песню:

Да мы Юр'я страчаем,
Да мы Бога звелічаем.
Падай, Божа, ключык-замочак
Адамкнуць нам неба і зямлю.
Ды выпусціць Юр'еву расу,
Ды на ўсякую пашніцу,
Ды на жыта, на пшаніцу.
Пабі, Божа, куколь-мятліцу.
Каб з кораня караністая,
Пасярэдзіне-сцяблістая
Увярху - каласістая.
Ды ў гумно ўвазістая
А на таку ўмалацістая:
З каласочка - жыта бочка
А ў дзяжы падыходна,
А на стале сытна і спорна.

(Запісана мной у 1971 г. у Зблянах Лідскага раёна ад Кацярыны Лакцевіч, 1932 г. нар.)

Адзначым, што жанчыны пачынаюць спяваць на полі каля жыта і выконваюць толькі адну гэтую песню, надаючы ёй нейкі магічны сэнс. Напэўна, гэтую песню жанчыны выконваюць тройчы.

А ўвечары свята Юр'я жанчыны таксама праходзяць праз вёску з песнямі, гэты раз без руні, але ўжо абавязкова тройчы спяваюць тую ж самую юр'еўскую песню, што спявалі ўчора. Аднак у той песні замест першых двух радкоў спяваюць адну фразу (радок):

Ой, ваююць Юр'я, ваююць.

Пасля гэтай абрадавай выконваюць другую песню, якая відавочна ўзнікла ў Зблянах:

Ой, над сялом, сялом Зблянскім
Узышлі тры месяцы ясны.
Першы месяц - Ванюшачка,
Другі месяц - Алёшачка,
Трэці месяц - Колечка.
А над сялом, сялом Зблянскім
Узышлі тры зорочкі ясны:
Адна зорка - Кацюшачка,
Другая зорка - Манюшачка,
Трэцяя зорка - Вярушачка.

Калі ў вёсцы ёсць дзяцюк, які доўга не жэніцца, дык жанчыны ідучы праз вёску з песнямі падыходзяць пад акно яго хаты і выконваюць гумарыстычную песню:

Стары Зыдор не жанаты
Ды па нояс барадаты,
Чэрві сала патачылі,
А Зыдора не жанілі.

Ідучы праз вёску трэці раз, спявачкі падходзяць пад акно той хаты, дзе пасля мінулага Юр'я было вяселле. Спыняюцца і спяваюць:

Маладая малодачка,
Выйдзі да нас на вулачку,
Вынясі нам падарачак.
Падарачак і паясочак,
Хоць і хлеба кусочак.

Гэтую песню спяваюць тры разы. З хаты выносяць пачастунак - і гарэлку, і закуску. Забраўшы падарункі, жанчыны ідуць далей да хаты наступнай маладухі і спяваюць ёй. Такім чынам абходзяць усе хаты маладух сваёй вёскі.

Затым спявачкі запрашаюць усіх маладух у нейчую хату на пачастунак. Адбываецца нібы свое-асаблівы прыём маладух у кумпанію жонак.

Тамашняя жыхарка Кася Лакцевіч, ад якой я запісаў гэтыя песні, растлумачыла мне Юр'еўскі абход маладух. Раней, апрача жончын, моладзь хадзіла спяваць песню маладухам. Маладуха дарыла дзяўча-там хусты, а хлопцам - паясы. Але ўжо жонцы не ходзяць спяваць, а жанчыны заховаюць традыцыю.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX