Вярнуцца: Літаратура

Бітэль Пятро. Нястача. Казка


Аўтар: Бітэль Пятро,
Дадана: 08-11-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 58.



Даследчык беларускай літаратуры Міхась Скобла перадаў у рэдакцыю "Лідскага летапісца" чатыры машынапісы Пятра Бітэля з аўтарскімі праўкамі і пазнакамі. Гэта "Баруны" - вершаваны ўспамін аб мінулым (1979 г.), казкі "Нястача" (1972 г.), "Зялёная царэўна" (1976 г.), "Папараць-кветка" (1977 г.). Мы друкуем казку "Нястача", факт ранейшага друку якой намі пакуль не ўстаноўлены.



Год мо тому сто, мо дзвесце.
Цяжка ўжо сказаць, калі
На ўзбярэжжах Нёмна дзесьці
Два браты жылі - былі.
Іх усе навокал зналі,
Як выдатных кавалёў,
Шанавалі, паважалі,
Бо без лішніх, скажам, слоў,
Што ў сяле без каваля
Не расшчодрыцца зямля.
Барану ці плуг, калёсы
Ці падковы, ці атосы,
Серп, матыгу ці нарогі
Без кавальскай дапамогі
Не наладзіш сам ніяк.

Дык багаты і бядняк
Кузню знаў, і там, бывала,
То гудзела паддувала,
І то злёгку, то заядла
Дзынкаў молат аб кавадла.

Пільнай працай кавалі
Дабрабыт і на'т багацце
Праз час нейкі здабылі.
А старэнькая іх маці
Клапацілася не мала,
Каб парадак быў у хаце:
Шыла, мыла, гатавала,
Прала, ткала, як магла.
Ды вось неяк нечакана
Прылягла і памярла.

Доўга ў сэрцах хлопцаў рана
Не гаілася, ды час -
Лекар самы лепшы ў свеце,
Дык памалу боль іх згас,
І Сцяпан раз кажа брату:
"Ёсць дзяўчына на прыкмеце...
Я б хацеў прывесці ў хату
Гаспадыню-маладзіцу,
Ну... задумаў я жаніцца,
Ці не будзеш ты супроць?"
"Не. Чаму ж, браток, прыводзь
І спраўляй хутчэй вяселле, -
Адказаў яму Ямеля. -
Кажуць, дом без гаспадыні
Ў заняпад ідзе і гіне.
А як будзе ў нас падмога,
Будзе нам лягчэй намнога."
Зразу ўсё йшло добра, ціха,
Але хутка Сцепаніха
Злы свой нораў паказала.
Цэлы дзень яна, бывала,
То з суседкамі лапоча,
То ўвесь дзень ляжыць на печы,
То на сонцы грэе плечы,
То малюе шчокі, вочы,
То сукенкі прымярае.
Абрасла падлога брудам,
Учарнела печ старая,
Закапцелася пасуда.
Брудам, шчэццю абраслі
І абодва кавалі,
Ажно сорам перад людам.

Раз Ямеля кажа брату:
"Ты прывёў у нашу хату
Гаспадыню-маладзіцу,
А яна работ баіцца:
Стала хата ў нас, як хлеў,
Сам не знаю ўжо дзён колькі
Стравы цёплай я не еў.
Гэта ж, браце, смех дый толькі,
Каб не ведала Параска
Самых простых абавязкаў.
Дык ты, братка, не маўчы,
Сваю жонку, калі ласка,
Пажуры і павучы."

Мову гэту, як на ліха,
Падсачыла Сцепаніха
І так мужу Амельяна
Ачарніць змагла пагана,
Што ўзлаваўся той на брата,
Біцца лез і гнаў вон з хаты.

Не апраўдваўся Ямеля,
Выйшаў з хаты і ў журбоце
Стаў, задумаўся пры плоце.
А якраз была нядзеля,
Дык пайшоў і выпіў з гора
У карчме з паўкварты брагі.
А тут нейкія бадзягі
Абступілі хлопца скора,
Адурманілі, спаілі,
Распранулі да кашулі,
Шапку знялі і разулі,
Потым ... лыжы навастрылі.

І застаўся наш нябога
За хлявамі каля стога
Ледзь не голы начаваць.
А гадзін праспаўшы з пяць,
Ледь жывы ад халадэчы
Ўстаў з-пад стога Амяльян
З галавой пустой, як збан.
Тут задумаўся бядак,
Што рабіць далей і як?
І куды цяпер падацца,
Дзе спыніцца, чым заняцца?
Ды каб з месца на'т сысці,
Перш трэ' вопратку знайсці,
Хоць няхай абы-якую.
"Вось цяпер я пакукую, -
Думаў ён. - Каго вініць
За гісторыю такую?..
Сам ва ўсім я вінаваты..."

Бачыць: Пудзіла стаіць
У каноплях на гародзе
Ля старой суседскай хаты.
Разважаць тут доўга годзе,
Дык рашыў без часу страты.

"Хоць і ты, брат, не багаты, -
Кажа Пудзілу Ямеля,
Азірнуўшыся навокал, -
Ды пазыч ты мне адзежкі,
Бо табе тут паміж зелля
За платамі, збоку сцежкі
Ўсё ж не тое, што на воку
Аказацца ў цэлай вёскі."

"Я не супраць распрануцца,
Толькі ж, брат, мае абноскі
На табе ўраз распаўзуцца,
Бо старыя, спарахнелі", -
Кажа Пудзіла Ямелі.
"Ну, нічога, неяк будзе.
Хоць касцюм у латах, брудзе,
А ўсё ж лепшы, чым ніякі,
Можна ў ім падацца ў людзі,
Не зважаючы на бракі.
А пасля такіх здарэнняў
Не дазволіць мне сумленне
У роднай вёсцы заставацца.
Трэба мне, і чым хутчэй
Ад насмешлівых вачэй
У свет дальні падавацца,
Я ж прапіўся дагала!

Дык пайду хутчэй з сяла,
Каб ніхто ўжо і ніколі
Тут мяне не бачыў болей"
Зняў з калочкаў лахманы
Ды і ўздзеў іх, хоць яны
Ўсе былі на дзірах, латах.
Ранак. Людзі паўставалі.
Дык Ямеля, хоць і ў жалі,
У сумненнях і трывозе
Пацягнуўся па дарозе,
Сам не знаючы куды.

Вось у той час з лебяды
Раптам вылезла Нястача
І сказала: "Гэй, юнача!
Ты, я бачу, адзінокі,
Дык вазьмі мяне з сабой.
У край блізкі ці далёкі,
На гулянку, працу, ў бой
Я пайду з табой заўсёды.
Дык што скажаш, хлопча мой?"
"Што ж, цягніся, мне не шкода,
Ўсё што два, то не адзін,
Весялей мо трохі будзе", -
Ён адказ дае Нястачы.
"Вось і добра, не марудзьма,
Я іду з табой, мой сын, -
Кажа тая. - Кій жабрачы
Вось дару ў знак дагавору..."

І ад той часіны спору
Ані ў чым і ўжо ніколі
Амяльян не мог дабіцца -
Зведаў гэткія нядолі,
Што павек іх не забыцца.
Перш яго ўсе сустракалі
Не без старху ці насмешкі
З той яго гнілой адзежкі.
Дзеці ў сполаху ўцякалі
За платы і завуголлі,
Бабы пальцамі паролі,
А той-сёй на небараку
Прабаваў спусціць сабаку.

Так ці доўга мо, ці мала
Ён ішоў, як воўк, галодны,
Ды на мосце цераз рэчку
Варта хлопца затрымала:
"Ты куды брыдзеш, нягодны?"
"Я б хацеў тут у мястэчку
За работніка наняцца..."
"Пашпарт ёсць? - спыталі строга. -
А? Не маеш? Ну, нічога,
Можаш, брат, не сумнявацца,
Што цябе надзеляць працай.
Там работы вельмі шмат,
Дзе Макар пасе цялят,
Бо такіх, як ты, бадзяг
Цар ссылае ў дальні шлях."

І Ямелю засудзілі.
І пайшоў адмерваць мілі
Ён у край халодны, дзікі
У злачынцаў грамадзе.

Вось ён так ідзе-брыдзе
Пад канвойных злыя крыкі,
Між натоўпу адзінокі,
Часам стогне, часам плача,
А з ім побач ставіць крокі
Неадступная Нястача.

І юнацкіх сіл не мала
Тая высылка забрала!
Ў спёку, дождж і ў халадэчы
Хлопец гнуў ад працы плечы:
Высякаў ён лес дрымучы
За булён гнілы, смярдзючы,
За кавалак дробны хлеба,

Што сыры быў і калючы,
За начлег пад голым небам,
За абразы ды папрокі...
І ўсё быў не адзінокі:
Быццам цень у дзень гарачы,
Вечна з ім была Нястача.

Але ж самая на'т злая
Доля ўсё ж канец свой мае.
І з той высылкі паганай
Адпусцілі Амяльяна,
Далі пашпарт, сухароў
І адправілі дамоў.

Доўга хлопец дабіраўся
У свой край да роднай вёскі.
Абнасіўся, згаладаўся,
Зноў дзіравыя абноскі
Целяпаліся на целе,
І атопкі з ног ляцелі,
Бо не меў юнак удачы
З ласкі вернае Нястачы,
Што яго не пакідала
На'т на самы час кароткі.
Прабаваў Ямеля драла
Даць не раз ад гэтай цёткі,
Ды яна ўсё насцігала
Хлопца ўсюды і заўсёды.

Ноччу ў час сырой пагоды
Дацягнуўся ўсё ж Ямеля
Да старой бацькоўскай хаты
І здзівіўся: "Там вяселле,
Ці якісьці баль багаты?
Вокны свецяцца агніста,
І пад зыкі гарманіста
Чуцен тупат моцных ботаў..."
Стаў Ямеля каля плоту,
Падзівіўся, паўзіраўся
І праз двор у дом падаўся.
"Скуль там столькі тупаніны?
А! Параскі імяніны".

Адчыніла Сцепаніха:
"Хто яшчэ тут? Што за ліха?
Хто тут лазіць сярод ночы?"
І пасля за дзверы ўскочыць
(Бач, пазнала Амяльяна)
І давай шаптаць старанна
Мужыку свайму пра брата,
Што калматы ён, нямыты,
Што каптан - на лаце лата,
Што не йнакш, як у бандыты
Ён даўно ўжо запісаўся...
"Дык чаго ж ад нас ён хоча?"-
Брат старэйшы запытаўся.

І таму, што быў у хмелі,
Да развагі неахвочы,
Не пабачыўшы Ямелі,
Загадаў Парасцы ён
Гнаць з двара бяднягу вон.
Дык Параска да Ямелі
Зноў вярнуўшыся, сказала:
"Госці ўсё спілі, паелі,
А цябе ж я не чакала...
Вось тут костка засталася,
Костка добрая, пры мясе.
На, вазьмі і будзь здароў!
Адпраўляйся, скуль прыйшоў".

"Што ж, і костка значыць штосьці,
Калі мяса ёсць на косці.
А ад браціхі Параскі
Не чакаў я большай ласкі, -
Ёй адказ дае Ямеля. -
Зычу вам, каб зразумелі,
Як вас зваць за гэта трэба..."
"Пачакай, дам трохі хлеба", -
Мітусіцца баба стала.
Ды Ямеля слухаў мала
І ад роднага парога
Зноў падаўся ў шлях-дарогу.

Так ідзе ён і грызе -
Далі костку балазе.
Але бачыць, што карысці
Мала ў ёй: няма што грызці,
Мяса зрэзана ўжо з косці.
Пасмактаў і ўжо са злосці
Думаў кінуць той маслак
На спажыву для сабак
На які-дзе панадворак,
Ды згубіў з нагі апорак,
Незнарок ступіўшы ў гразь.

"Тут хоць з хаты не вылазь,
Столькі ў вуліцы балота!
І нікому неахвота
Воз-другі пяску прывезці.
Толькі знаюць піць ды есці,
Быццам тыя вепрукі,
Міраеды-кулакі,
Каб на іх прыйшла загуба!" -
Так Ямеля лаяў груба
Ўсю кампанію Сцяпана
І вакол сачыў старанна,
Ўзняўшы босую нагу.
"Вось угледзець не магу,
Дзе яго падзела ліха, -
Мармытаў сабе ўжо ціха.
Раптам чуе: нехта плача,
Дык спытаў: "Ты хто?" "Нястача, -
Быў адказ яму з - пад плоту, -

Есці вельмі мне ахвота,
Можа ты і мне дасі
Таго трошкі, што ясі?"
"А што ж даць табе? Тут косць".
"Дык мо шпік у ёй хоць ёсць?"
"Ёсць, чуваць, ды немагчыма
Ўзяць яго ніякім чынам,
Хоць я й так і сяк бяру.
Хіба ўлез бы хто ў дзюру,
Мо б тады мог пажывіцца..."
"Я б залезла." "Лезь, сястрыца,
падмацуйся, мне не шкода."
Тут Нястача проста з ходу
Стала дробнай, быццам чмель,
І палезла ў той камель.

А Ямеля дзеля смеху
Косць заткнуў пустым арэхам,
Што ў кішэні заваляўся.
"Ну, сястрыца, еж там, праўся", -
Кажа ёй. А тут Нястача
Як ускрыкне: "Ты, лайдача!
Што ты робіш? Адаткні,
Бо як вылезу, ані
Я не дам табе спакою!
Ды хутчэй, каб не марудзіў,
Бо іначай кепска будзе!"

"Ого-го! Дык вось тыя як!
Дык па-твойму, я лайдак?
Ты яшчэ мне пагражаеш?
Ну дык чорт цябе бяры,
І сядзі ж ты ў той дзіры
За сваю брахню і злосць!"
І, мацней заткнуўшы косць,
Затаптаў у гразь пад плотам.

І падаўся моўчкі потым,
Адшукаўшы свой таптак,
Вузкай сцежкай на бальшак,
Каб пусціцца ў дальні шлях,
Чым далей ад крыўд, зняваг,
Паспытаў якіх багата
З ласкі браціхі і брата.

Шмат ён так прайшоў ці мала.
А тым часам рассвітала.
Бачыць, хтось шасцярыком
Прэ што духу бальшаком.
"Пан якісьці знакаміты
Ў акружэнні збройнай світы:
Побач скачуць гайдукі,
Нібы чорныя гракі", -
Так Ямеля разважае,
Шлях спакойна прадаўжае
Ды з цікавасцю глядзіць:
Хто такі там можа быць?
Раптам - трэсь! Карэта стала,
Пахілілася, апала.

Мітусяцца гайдукі
І глядзяць ва ўсе бакі:
Дзе шукаць ім дапамогі?
Аж на ўзбочыне дарогі
Раптам згледзелі Ямелю.
Тут к яму ўраз наляцелі,
Акружылі, абступілі:
"Ты кажы нам той жа хвілі,
Дзе знайсці нам каваля!"
А Ямеля спакваля
Паглядзеў на тую зграю
І сказаў, зірнуўшы ў даль:
"Ну вось я і ёсць каваль
І бяду ўжо вашу знаю."
Не паверылі адразу,
Сталі кпіць ды сумнявацца:
"Гэта ж п'яніца адпеты!"

Ды Ямеля на абразу
Не зважаў, не стаў спрачацца.
Падышоў да той карэты,
Паглядзеў і запытаўся:
"Ёсць інструмент?" Тут дварня ўся
Пачала яму падносіць
Малаткі, шчыпцы, ключы,
Словам, што ён не папросіць.
І работа закіпела:
Абапёршы на карчы,
Ладзіў ён карэту тую
Пільна, ўдумліва і смела.

Вось гатова ўжо карэта.
І манету залатую
Пан падаў яму за гэта:
"Вось за працу". "Хоць у Піцер
Вы на ёй цяпер каціце", -
Пакланіўся Амельян.
А з карэты знатны пан
Памахаў яму рукою.

"Ну, здабычаю такою
Лёс мяне даўно не лашчыў, -
Разважаў з сабой Ямеля, -
Мо яшчэ я не прапашчы
І найду ўсё ж сваю долю?"
Чорт шапнуў: "Хмяльнога зелля
Выпі ў радасцях з паўкварты..."
"Хопіць - раз напіўся ўволю.
Не. З віном благія жарты.
Трэба мне падмацавацца,
Запасціся трэ' адзежкай -
Чалавекам трэба стацца,
Хопіць быць людской насмешкай".

І падаўся ў горад хутка,
А праз час зусім кароткі
Адмяніўся цалкам тутка:
Стаў ён чыстым і прыгожым,
І не стала той паходкі,
Што была ў час падарожжа.
"Вось не сорамна нідзе
Ў гэткім відзе паказацца", -
Сам сабе сказаў з вусмешкай.

У кірмашнай грамадзе
Пахадзіў хвілін са дваццаць
І рашыў знаёмай сцежкай
Зноў дадому скіравацца
Бо ці позна там ці рана,
А пабачыць трэ' Сцяпана,
Трэба ж неяк з ім паладзіць,
Зноў спыніцца ў роднай хаце,
Хоць Параска будзе гадзіць...

О, няма там роднай маці!

Прыкупіў харчоў, адзежы
І, звязаўшы ў вузялок,
Каля рэчкі, па ўзбярэжжы
Зноў падаўся ў родны бок.

Мала часу йшоў ці многа.
Але ў роднае сяло
Прывяла яго дарога.
Долі злой, як не было:
Час далёкі, час дзяцінны,
Як жывы, прад ім паўстаў
І прачнуліся ўспаміны...
Пад старой вярбою стаў
Ды навокал разглядаўся:
Як тут міла, як прыгожа!
Як знаёмае ўсё тут!
Ці ж на свеце дзе быць можа
Больш жаданы сэрцу кут?

Вось на градках пад гарод
Ўбачыў Пудзіла старое
І з ім зараз прывітаўся:
"Як жывеш, мой добры дружа?
Ты намёрзся, пэўне, дужа,
Мне ўсю вопратку аддаўшы?
Вось прыйшоў свой доўг калішні
Я вярнуць табе сягоння.
Бачу, ты ўсё не ў паддашшы,
Дык не будзе пэўне лішнім
На тваім старым загоне
Гэты клунак невялікі:
Тут сарочка, нагавіцы,
Світка, пояс, рукавіцы,
Капялюш і чаравікі.
Вось прымі і апраніся,
Бо пазнаў я, дружа Страх,
Як жыць цяжка ў лахманах."

"А ты значна адмяніўся, -
Кажа Пудзіла Ямелі, -
Доўга звестак мы не мелі
Пра цябе, мой хлопча ўдалы.
Не пазнаў цябе я зразу.
Дзякуй, дружа, я - трывалы:
Сцюжу, непагадзь, абразу
Стойка я перажываю,
Ды ў цябе твой дар сардэчны
Я прыняць не адракуся,
Ароч хіба чаравік,
Бо табе я прызнаюся,
Што да іх я не прывык.

Шчыры дзякуй, Амяльяне!"
"А цяпер, як трэба, ўбранне
Памагу табе надзець, -
Кажа Страху Амельян".
"Добра, брат, бо як мядзведзь,
Стаў з гадамі я. Дальпан.
Ды хачу я запытацца, -
Прадаўжаў гародні Страх, -
Ці ўжо маеш ты свой дах,
Ці намерыўся вяртацца
Да Сцяпана і Параскі?
Не, не знойдзеш ты павек
Ні спагады ў іх, ні ласкі,
Бо ты іншы чалавек,
З іншай вылеплены гліны..."

"Ну, яны ж мне нешта вінны,
Гнаць мяне няма ў іх права..."
"Гэта, брат, другая справа,
Толькі сам ты не захочаш
З імі разам заставацца -
Сталі прагнымі іх вочы.
Тутка я, табе прызнацца,
Не зусім і адзінокі,
Знаю ўсе навокал справы -
Звесткі носяць мне сарокі.
Лепш каптан насіць дзюравы,
Чым апраненым быць, сытым,
Але злым і прагавітым, -
Вось што я скажу, юнача.

Ты павінен жыць іначай."
"Жыць, ды дзе? За што ўчапіцца?
Пачынаць з чагосьці трэба".
"Не бядуй, ты не тупіца,
Хлеб дабудзеш і да хлеба...
Дзе стаю я, пада мною
Скарб ляжыць даўно зарыты,
Вось цяпер яго бяры ты,
Толькі ім, нібы сцяною,
Ад людзей, карыснай працы
Нельга, братка, засланяцца.
Скарб вазьмі сабе, як ссуду,
А калісьці, я прадбачу,
Ты здасі (чакаць я буду)
Мне з выдаткаў справаздачу".

Потым селі там на ўзмежку,
Падкрапіліся, чым мелі,
І прыйшлося зноў Ямелі
Адмяраць у людзі сцежку.

Праз час нейкі позна-рана
Ў дом Параскі і Сцяпана
Чутка ўбегла з нейкай хаты,
Што Ямеля стаў багаты,
І што, быццам, на прадмесці
Ля дарогі самай дзесьці
Ён задумаў будавацца.
І пайшлі пра гэта ўсюды
Абгаворы, перасуды.
Хоць Параска адбрахацца
Прабавала так і гэтак,
Ды што зробіш супраць сведак?
Не завяжаш языка ім.
Вось гандляр-анучнік Хаім
(Чалавек ён быў праўдзівы),
Расказаў усім на дзіва,
Што купіў зямлі Ямеля,
Што жыве і не бядуе,
Хоча справіць наваселле,
Бо дом з кузняю будуе.

"А ці вельмі ён багаты?" -
Запыталася Параска.
"Скуль мне ведаць? Два дукаты,
Як была ў мяне няўвязка,
Ён мне даў сплаціць падаткі.
Знаю, што дапамагае
Тым, суседка дарагая,
Чый жыццёвы шлях нягладкі".

Тут Параска без аглядкі
Паімчалася дадому.
Там, адсопшы трохі стому.
Так Сцяпану сакатала:
"Ты вазьмі брусочак сала
І ідзі да Амяльяна.
Вельмі выйшла ў нас пагана,
Што яго мы гналі з хаты.
Кажуць, дужа ён багаты,
Дык глядзі, не будзь дурніцай,
Пастарайся з ім змірыцца
І даведайся, скуль грошы

Ён дастаў на дом харошы
Ды галоце на падаркі.
Хай дасць сотні дзве дукатаў
На падтрымку гаспадаркі
(Не адмовіць жа ён брату),
І пранюхай, толькі ўмела,
Як узяцца нам за дзела,
Каб і ўсё яго багацце
Села тутка ў нашай хаце."

Сцяпан дамоў вярнуўся хутка.
Параска стрэла на дарозе:
"Ну, што прынёс ты?" "Нічагуткі, -
Адказ пачула сіпаваты, -
З чым выйшаў, з тым прыйшоў дахаты."
"Што, мо аграбілі ў дарозе? -
Яна са сполахам спытала. -
Ці даў табе ён гэтак мала?"
"Што ён мне дасць? Не даў нічога".
"Чаму не даў? - спытала строга, -
А ты сказаў хоць, што выдаткі
То на рамонт, то на падаткі
Ушчэнт ужо нас зруйнавалі?"
"Расказваў." "Ну што ён на гэта?"
"Пакінь, - сказаў мне, - тралі-валі,
Твая іх здумала кабета.
Дурніць мяне, браток, не трэба.
У вас хапае грошай, хлеба,
А як не будзе, не дай Божа,
Тады Ямеля дапаможа."

"Вось дзе бадзяга, вось скупеча!" -
Параска лаялася злосна,
Гаршкі варочаючы ў печы. -
А ці сказаў ён, як разжыўся?
Адкуль набраўся тых дукатаў?
Мо дзе з бандытамі здружыўся
Ды прыйдзе дом аграбіць братаў?"
"Ну вось прыдумала йшчэ казку!" -
Сцяпан прыкрыкнуў на Параску. -
Што ты вярзеш? Пабойся Бога!
Не браў ніколі ён чужога,
Заўжды жыў чэсна і праўдзіва,
Зрабіць людзям дабро ахвочы...
А вось расказваў мне ён дзіва:
За ім хадзіла ўдзень і ўночы
І крок у крок бяда-Нястача,
І ён не мог яе пазбыцца,
Згалеў і блізкі быў да смерці,
Хоць працаваў і не лайдачыў.
І вось яе аднойчы, быццам,
Яму ўдалося ў косць заперці,
І стуль усё пайшло іначай,
Цяпер жыве і не гаруе..."

"Табе заўсёды гавару я, -
Параска мужа пербіла, -
Без чараў тут не абыйшлося.
Звязаўся ён з нячыстай сілай,
Вось тут і ўсё. Яшчэ ж пад восень
Ён быў у нас, як воўк, галодны...
Чакайце... Косць! Вось ён нягодны!
Каб косць знайсці?! Не знойдзем самі...
Мо ён казаў табе часамі,
Дзе тую костку ён пакінуў?!"
"Казаў, што недзе ў нас пад плотам".
"У нас? Пад плотам? Быць не можа!
Няйнакш з цябе ён строіў кпіны".
"Казаў, прыкрыў яе балотам".
"А мо і праўда? Бог паможа,
І я знайду яго Нястачу!
Чакай, нягоднік! Зноў я ўбачу
Цябе ля нашага парога
Галодным, брудным басяком!"

І загадала мужу строга
Маўчаць - нікому анічога,
Сама ж уздоўж платоў тайком
Пайшла, ўтыкаючы лапату.
І косць знайшла, і ўраз пазнала.
Пад фартухом прынесла ў хату,
Нажом гарэх раскалупала...

І з дзіркі, быццам цень, худая
Памалу выпаўзла Нястача.
"Скажы, кабетка маладая, -
Яна зяхаючы спытала. -
Чый гэта дом ці, можа, дача?
Бо мне тут вельмі да спадобы.
О вельмі мне пашанцавала,
Бо й печ тут ёсць пагрэць вантробы.
Вось тут і трэба мне прыжыцца.
Ўссадзі на печку, маладзіца,
Бо я намерзлася ў той косці,
Дык нездаровіцца мне штосьці".

"Ідзі, - сказала ёй Параска, -
Да тога самага Ямелі,
З якім апошні час жыла ты."
"Чаго ж ісці мне з гэткай хаты?
І так мне костачкі памлелі,
Пакуль сядзела я ў дзіры той.
Вяртацца, кажаш, да Ямелі?
О не, кабетка, не, ніколі.
Табе прызнаюся адкрыта,
Што да яго я не вярнуся,
Зусім зачахла я ў няволі
І зноў папасціся баюся."

"Ідзі, пакуль я качаргою
Табе хрыбта не перабіла!"
"А ты не будзь такою строгай.
У вас тут месца неблагое,
І я цябе, мая нябога,
Адразу шчыра палюбіла
За твой учынак чалавечы,
За вызваленне з той цямніцы".
Ўзяла сыр сушаны з паліцы
І развалілася на печы.

Як ні старалася Параска
Яе прагнаць пагрозай, ласкай,
Нястача ў хаце засталася.
І вось у гэтым самым часе
Сцяпан з карчмы вярнуўся п'яны
І, зрок чужы сустрэўшы нечы,
Пачаў зганяць Нястачу з печы,
Ды гэткі быў усхваляваны,
Што перабіў збаны і місы,
Разбіў аб печ свой чэрап лысы
І неяк, пэўне ненарокам,
Падбіў Парасцы гуз пад вокам.
Так адбылося й на другі дзень,
І так пайшло праз цэлы тыдзень,
І стала справай пастаяннай...

Цяпер пад молатам Сцяпана
Кавадла рэдка ўжо званіла
Жыццё пайшло зусім іначай -
На ім лягла пячаць Нястачы.
У хаце сумнай і панылай
Сцяпан спыняўся рэдкі дзень,
Параска чахла і марнела.
І з гаспадыні бойкай, смелай
Застаўся хутка толькі цень
Худы, прыгорблены, калматы.
Бывала, ўсім і абы дзе
Ці гэта будні дзень, ці ў святы,
Яна гаворку завядзе.
Што ў іх нядолі і бядзе
Ямеля-нелюдзь вінаваты.
І кожны час, хвілінай кожнай
Яна кляла яго бязбожна:
"Каб ён прапаў, каб ён загінуў,
Як ён Нястачу нам падкінуў.
І за якія нашы віны
Мы так пакутаваць павінны?

Ды гэткіх вельмі было мала,
Якіх яна пераканала,
Што ў іх бядзе віна Ямелі.
Убачыць праўду людзі ўмелі
І зналі добра без падказкі,
Што варт быў гоман злой Параскі,
Дык ёй амаль не спачувалі.

Вось так дні, месяцы міналі,
А ў іх - Параскі і Сцяпана,
Відаць, ужо на пастаянна
Распалажылася Нястача,
Якой ні лаянкай, ні плачам
І аніякім іншым чынам
Пазбыцца стала немагчыма.

Памалу хата, плот счарнелі,
Гарод пакрылі пустазеллі,
І апуцела ў клеці й скрыні.
Сцяпан апошніх ботаў пару
І на'т сукенкі гаспадыні
Прапіў, аддаў цішком за гару.

Параска, нібы ў сетцы рыба,
Памітусілася, ды хіба
Магла цяпер бяду адвесці?
Зусім знямогшыся, нарэшце,
Хоць сорам грыз, аж ногі млелі,
Пайшла з паклонам да Ямелі
Прасіць ягонай дапамогі.

Яго сустрэла ў паўдарогі -
Да іх ён ехаў сваёй воляй.
Бо ўжо не мог змірыцца болей
З бядой Сцяпана і Параскі.
Быў слотны дзень, гасцінец гразкі,
І конь памалу воз валок.
Параску ўгледзеўшы здалёк,
Спыніў каня свайго Ямеля
І запытаўся: "Чаго дзеля,
Куды брыдзеш ты ў непагоду?"
Пайшла насустрач, ды ўміг стала -
Ямелі ж зразу не пазнала, -
Пазнаўшы, слёзна застагнала...

"Сядай, сказаў ён, на павозку,
Бо еду я да вас у вёску.
Ну кінь ужо, даволі плачу,
Прагонім мы тваю Нястачу,
Ды толькі ты змяні свой нораў.
Даволі лаянкай займацца,
Кінь перасуды, абгаворы.
Бо ўжо пара за працу ўзяцца.

Ка мне прыйшла Нястача ў горы,
А вас спасцігла за бяздзелле.
Твой вораг - хітрасць і лянота,
Да гуляў, выпіўкі ахвота,
І ні пры чым тут я, Ямеля.
Хто яму рые для другога,
Ў яе сам зваліцца. Яй Богу!".

1972 г.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX