Не так жаль
мне замак,
Як шкада ваякаў,
Што агонь паглынуў,
Палены крыжакам.
Ян Чачот
Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года
Пераклады на беларускую мову ўсіх 55 баладаў Яна Чачота.
24 балады ў перакладзе Кастуся Цвіркі надрукаваны ў серыі "Беларускі кнігазбор" (Чачот Ян, ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ / Уклад., пер. з польскага, прадм. і камент. К. Цвіркі. -- Мн.: МФ "Беларускі кнігазбор", 1996.), 16 баладаў надрукаваны ў № 5 "Ад лідскіх муроў" і 15 баладаў прапанаваны да ўвагі чытачоў у № 6 "Ад лідскіх муроў" у перакладзе Станіслава Судніка.
Ян Чачот - беларускі паэт і фалькларыст, сучаснік і сябар Адама Міцкевіча. Пісаў па-беларуску і па-польску. Напісаў шэраг баладаў, выдаў 6 фальклорных зборнікаў, каля 1000 песень, у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Аўтар шэрагу іншых твораў і сярод іх 55 баладаў на польскай мове: "Спевы пра даўніх ліцьвінаў". Гэтыя "Спевы…" вартыя ўвагі ўжо тым, што ў савецкіх энцыклапедыях яны не згадваліся, як бы і не існавалі зусім. Ну і, вядома, чытачу яны былі недаступныя.
У 1989 годзе Яніна Кажэняўскене пераклала гэтыя балады на летувіскую мову. У1994 годзе ў Летуве балады выйшлі асобнай кнігай на польскай і летувіскай мовах.
У 1996 годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор" выйшлі 24 балады "Спеваў…" у перакладзе Кастуся Цвіркі. І адразу стала зразумела, якому ж народу належаць гэтыя творы. Яшчэ сам Чачот казаў Міцкевічу, што ён вельмі хацеў бы, каб яго балады заспяваў народ. І заспявалі. Заспявалі, менавіта, беларусы. "Наша слова" пачало друкаваць ноты "Спеваў…", напісаныя рознымі беларускімі кампазітарамі. Станіслаў Суднік паводле ўзгаднення з Кастусём Цвіркам прыступіў да перакладу астатніх 31-балады.
Беларусь не мае свайго гістарычнага эпасу ў звыклым выглядзе, але нашая гісторыя мае вялікую колькасць гістарычных асобаў і герояў. Ян Чачот, грунтуючыся на "Кроніцы…" Мацея Стрыйкоўскага і "Гісторыі…" Тодара Нарбута фактычна стварыў гэты эпас у выглядзе 55 балад пра гістарычных дзеячоў старажытнай Літвы. Героі балад, як рэальныя гістарычныя дзеячы, так і міфічныя. Адлюстроўваюцца, як рэальныя падзеі, так і выдуманныя. Але ўсё разам гэта мастацкія творы, 55 гістарычна-мастацкіх мініяцюраў.
Кроніка Стыйкоўскага мае ў аснове жмудскую версію ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але ў Чачота ад яе засталося ўжо няшмат. А тыя балады жмудскай тэматыкі, што ўвайшлі ў "Спевы…" ніякай жмудскай версіі не прытрымліваюцца, а адлюстроўваюць жмудскія фрагменты нашай супольнай гісторыі.