Папярэдняя старонка: Крашэўскі Юзаф

Паперы Глінкі 


Аўтар: Крашэўскі Юзаф,
Дадана: 15-07-2011,
Крыніца: Менск, 2007.



Аповесць

Пераклад з польскай мовы, каментарыі Міхася Кенькі

Ужо шмат панапісвана, дый пэўна што многа яшчэ будзе пісацца пра нясвіжскую даўніну, час ардынацыі (1) яго княскай мосці Караля Радзівіла Пане Каханку, аж пакуль не звядуцца людзі, што помняць яго самога і ягонае жыццё, ад якога цяпер ужо і следу не засталося. А колькі сапраўды можна нарасказваць усякай усячыны - усіх успамінаў пра Радзівіла і на валовай скуры не змясціць! Было на што паглядзець і чаму падзівіцца, бо тады сіла і моц ішлі на пару з выдумкай; тады чыніліся такія рэчы і дзеі, якім цяпер проста цяжка даць веры. Свет прайдзі, а пра такое не пачуеш. I трэба расказаць, бо ўсё тое, што дзейкаюць пра тыя часы, тых людзей, тыя выпадкі, не толькі не зусім праўдзівае, але нават дужа далёкае ад праўды ў розных пераказах. Пра многія прыгоды цяпер ужо цяжка ўспамінаць, бо ім не павераць. Іншыя часы тады былі, іншыя прыгоды, цяпер мы іх не разумеем, а раней часта досыць было адной думкі, каб для вяльможнага пана немажлівае стала мажлівым.

Я помню безліч гісторый, падобных да тых, якія цяпер апісваюць, але сам і ў думках не маю ахвоты прастарэкаваць пра іх: навошта выстаўляць напаказ тое, што рабілі няпростыя людзі, чые справы цікавілі шмат разумнейшых за мяне, як бы каму ні хацелася пра іх уведаць. Двор князя Караля, як і яго маетнасць і ўладанні, яго багацці, быў велізарным. Найперш гэта - шляхта, сваякі, якіх, калі ўлічваць сем'і, было гэтулькі, што яны ўтваралі свой малы свет і своеасаблівы ўдзельны край. Уся гэтая процьма народу жыла ў Нясвіжы і ў навакольных княскіх вёс- ках і мястэчках або пры самой асобе князя ў замку. Калі прылічыць да прыдворных яшчэ і чыноўнікаў, пасэсараў (2), начальнікаў над войскам, аканомаў, старых кліентаў роду, духавенства, бедных сваякоў - дзесятую ваду на кісялі, то лік іх перасягне за тысячу. Ставала яшчэ і гэтак званых рэзідэнтаў - рознага кшталту нахлебнікаў, якія з княскай ласкі карміліся рэшткамі ад ягонага стала ды падарункамі; яны нічога не рабілі, толькі ўслаўлялі Бога і свайго дабрадзея.

Што да мяне, то я ніколі не любіў людзей, якія жылі з чужой ласкі. Хай сабе мусяць так жыць старыя і калекі, а для здаровага чалавека гэта надта няхораша - есці не зароблены ўласным гарбом хлеб. А такіх дармаедаў у Нясвіжы было шмат, бо князь ахвотна прымаў іх, трактаваў і трымаў пры сабе па завядзёнцы ў сваім родзе і дзеля пагалоскі сярод людзей пра сваю шчодрасць і дабрыню. Я ў той час служыў у рэгімэнце (3) князя, мы неадменна з усім нашым аддзелам стаялі ў Нясвіжы і, вядома, круціліся пры двары. Мы не так ужо і ўлягалі ў службу, хіба толькі час ад часу рабілі экзэрцыцыі (4) ў полі, віталі пачэсных гасцей, а больш за ўсё тыднямі, ды што там - месяцамі гулялі ў мар'яж (5) ды пазяхалі. Князь пад старасць любіў выкідваць розныя конікі, часам быў занадта вясёлы, а часцяком, наадварот, змрочны, хоць пры чужых людзях стараўся паказаць сябе гасцінным і добрым, але ж кожны з набліжаных бачыў, які ён няшчасны. Таму ягоныя прыдворныя, прыяцелі і мы ўсе, колькі нас было, стараліся неяк развесяліць яго.

Колькі народу дзень пры дні раілася ў замку! Не было таго дня, каб не прыязджаў нехта чужы: пасланец, шляхціц з просьбай, госць, кліент, квестар (6), артыст, цыркач або купец. А асабліва тыя, хто ганяўся па свеце за звонкай манетай, дык зляталіся, як матылі на агонь, бо князь нездарма славіўся сваім багаццем. Калі хто здолеў дагадзіць Радзівілавай душы, то ўзнагароджваўся па-каралеўску. Некаторыя дзеля гэтай узнагароды проста вылузваліся са скуры. Каля нашага двара аціралася нямала і набрыдзі. Ад некаторых проста немажліва было ўхіліцца, а бывала і так, што князь Караль сам прымаў іх і запрашаў застацца; ну, яны і асталёўваліся на цэлае лета - елі, пілі, адбываліся дробнымі паслугамі... а гаспадар часам не мог іх нават з твару ўспомніць.

Помню, неяк надта гарачым днём, аж парнасць стаяла ў паветры, як толькі паабедалі і ўсталі з-за стала, то ўсім гамузам пайшлі за князем у сад. Там была альтанка, дзе раслі грабы, дагледжаная, густая, цяністая, чалавек дзвесце лёгка маглі б схавацца ў ёй. Князь любіў там адпачываць, бо туды сонца не зазірала, ды каб і дождж надарыўся, то не вельмі намачыў бы, так густа спляліся галіны.

Пасярэдзіне альтанкі стаяў круглы каменны стол, вакол яго - такія ж лавы, а яшчэ былі зладаваны сядзенні з дзярніны ў некалькі радоў. Ганаровыя госці сядзелі на каменных лавах, астатнія - на дзярніне, якая хоць і была мякчэйшай, але часам убірала ў сябе вільгаць у гэтым зацененым месцы. Аднак улетку сядзець было не мокра.

У тыя часы ў Нясвіжы ўжо не пілі так, як раней, ды і сам князь страціў цікавасць да бурапенных кубкаў, а ўсё ж па абедзе не абходзілася без кілішка; і ледзь толькі, бывала, двор атабарыцца ў альтанцы, як слугі адразу прыносілі бутэлькі з пітвом. Пілі, хто што хацеў, хто што жадаў. У буднія дні рэдкіх він не падавалі, але сухое венгерскае было заўжды. Каб ставілі на стол кожны дзень усё найлепшае, то на столькі вуснаў і горлаў не стала б ніякіх прыпасаў. З Венгрыі штогод прыходзілі абозы з віном, і з ім абыходзіліся па адной завядзёнцы. Маладога віна не пілі, давалі яму выстаяцца, і толькі вытрыманае падавалі на стол. Ключар князя, у распараджэнні якога былі скляпы, поўныя самых розных гатункаў віна, дзе кожны мог бы знайсці тое, што хацеў, апрача, хіба, птушынага малака, быў важнай фігурай, меў ясную галаву, добрых памочнікаў і патрабаваў, каб за віном быў добры нагляд. Бочак тут была процьма, розных бутэлек, буслоў (7), пляшак - не злічыць. Каля іх, нібы мурашы, мітусілася нямала рознай набрыдзі - немцаў, французаў, ды і сваіх ставала. Калі князь хацеў выпіць нечага асаблівага з адмысловага склепа, дзе захоўваліся старыя мядовыя віны віленскіх ваяводаў, або віны гішпанскія, валашскія (8), бургундскія, мальвазія (9) і іншыя, то на гэта выпісваўся спецыяльны кві- ток. Для тых вінаў падаваліся спецыяльныя малыя кілішкі, адумысна зробленыя ў Венецыі - з разьбой, гербамі і вензелямі. Я такіх болей нідзе не бачыў: па празрыстым шкле ідуць нібыта ніці, малочна-белыя, па-майстэрску выразаныя. Калі такія кілішкі ставілі на стол, то гэта была пэўная адзнака: падаваць будуць не сухое венгерскае. Бывала, зойдзе князю ў галаву якая фантазія, ні з таго ні з сяго загадае падаць такога абамшэлага віна - і тады малы кілішак нікога не міне, хоць двор быў ніштаваты. А ў гэты дзень зайшла размова пра тое, чым лепей наталяць смагу. Генерал Фрычынскі, які часта ездзіў на Усход, або купляць арабскіх коней, або з якім-кольвек даручэннем, спрачаўся з усімі і даводзіў, што вадой такую смагу не натоліш, нічога не вартая і вада з лімонным сокам, а настоеная на садавіне, асабліва на фігах, можа быць на Усходзе нават атрутнай. У гарачыню, лічыў ён, няма нічога лепшага, як выпіць моцнага віна. Тут узгарэўся дыспут pro et contra - за і супраць - як піць, што і калі, але большасць дыспутантаў стаяла на тым, што Бог стварыў ваду для піцця.

- Я ўжо адчуваю, пане каханку, да чаго ваша мосці хіляць,- прамовіў князь.- Вам хочацца паспытаць старога віна з радзівілаўскага склепа... ну, то хай маршалак выцягне на свет божы бутэльчыну-другую, але, пане каханку, на сё'ння не старэйшую, чым князя Крыштафа Першага.

Патлумачу: віны ў нас называліся па імені князя, пры якім яны былі закладзены. Віно князя Крыштафа Першага славілася тым, што было вельмі салодкім... цягучым, густым і моцным. Ніводзін лікёр не мог зраўнацца з ім у сіле, а пра смак і казаць няма што. Час - лепшы майстра, чым чалавек, калі ё'н зажадае нешта зрабіць, то ніякі фармацэўт не зраўнаецца з ім.

- З ласкавага дазволу вашай княскай мосці хачу сказаць слоўца,- скарыстаўшы момант, звярнуўся Фрычынскі да князя, бо сёння ён быў у добрым гуморы.

- Асіндзею (10), пане каханку, ты ж ведаеш, што ў Рэчы Паспалітай Нясвіжскай неабмежаваная свабода слова,- адказаў князь. - Калі ўжо мы загаварылі пра віно,- пакланіўшыся, працягваў Фрычынскі,- то самы час мне нагадаць вашай княскай мосці, што ўжо цэлы тыдзень гасцюе тут, у Нясвіжы, і дамагаецца аўдыенцыі нейкі шляхціц, які хоча падараваць вам нешта незвычайнае. Але я не дапускаў яго да вас, бо ён падаўся мне баламутам...

- Мой Фрычынскі,- перабіў князь,- ты давай проста з моста, без усялякіх прадмоў, выкладвай, што маеш за душой. З цябе рытар нікудышны, а я не люблю, калі цягнуць ката за хвост.

- Але гэты шляхціц, відаць, авантурыст... Знайшоў дзесь бутэльчыну, кажа, што хоча паднесці князю віно, якое каштаваў Ной, калі ступіў на зямлю з ладдзі пасля патопу. Гэтаму цяжка паверыць,- засмяяўся Фрычынскі.

- Чаму? Чаму? - перапыніў яго князь.- Які вы, пане, недаверлівы... Я сам чуў пра такое віно. Толькі я не быў упэўнены, ці то сам Ной, ці ягоны прайдзісвет сын Хам яго каштаваў. Але чаму вы не запрасілі сюды таго шляхціца? Тут сухмень такая... знайшлі пра што гаварыць, пра што спрачацца, а шляхціца згрыпцілі сабе...

- Ды надта ж ён, шляхціц гэты, падобны да штукара, а можа, нават і да махляра...- азваўся Нямекша.

- Ну і што? А хіба махляры на свеце не патрэбныя? - спытаў князь.- Не ўмееце вы, панове, разбірацца ў людзях, дайце яго мне... я мігам ушалоплю. Ты ж, асіндзею, ведаеш, што мне, як і ўсім Радзівілам, сам Бог гэты дар даў, мы нюхам чуем круцяля... Таму мне, пане каханку, так цяжка жыць сярод людзей, што адчуваю, як усюды смярдзіць. Але годзе прастарэкаваць - клічце сюды шляхціца з віном ад Ноя!

Прыдворныя адразу ж пабеглі па яго, а князь неспакойна разглядаўся на бакі і нарэшце ўбачыў абяцанага шляхціца, якога вёў цэлы натоўп. Князь доўга ўглядваўся ў яго, і было чаго, дальбог!

Перш-наперш, ліха яго ведае, якога ён быў роду, бо з твару - цёмны, цыганісты, валасы чорныя як смоль, кучаравыя; вочы пукатыя, нібы вугольчыкі, зубы доўгія, белыя... аблічча выцягнутае, нібыта кім груба, складкамі, абчасанае... Твар увесь зрос, нібы рудымі купінамі, бародаўкамі, пакрытымі доўгімі валасамі; рукі, у якіх ён трымаў шапку, таксама абраслі шэрсцю, як у мядзведзя...

Ішоў ён, ківаючыся з боку на бок, хістаючыся так, нібыта хацеў паламаць косці, яго ногі лёталі, рукі матляліся, галава танцавала, вочы пучыліся, вусны трэсліся. Не зразумець было, ці такі ў яго стан заўжды, ці толькі ад вялікай радасці, што дапусцілі нарэшце да князя. Дый адзенне ягонае хоць і наскае, але асаблівага крою і колераў. На ім былі шырокія шаўковыя шаравары, малінавыя боты, атласны аранжавы жупан і яшчэ зялёны кунтуш. Мала таго, відаць, дзеля большага ўражання яго аздаблялі блакітны з чырвоным пас, а на кунтушы яшчэ і аранжавы, з пазалотай ці мішурой галун. На шапцы тырчэла блакітнае з шэрым пяро нейкай незвычайнай птушкі. Шабліца нагадвала турэцкую, хутчэй за ўсё ўсходняй работы. Ён яшчэ не падышоў да князя, а пачаў адбіваць паклоны, нібы падбіраў з зямлі арэхі... Пакланіўся так раз, другі, трэці, а потым выпрастаўся, як жэрдка, і застыў.

- Адкуль гэта цябе, пане каханку, Бог прыслаў? - спытаў князь.

- З самага Стамбула,- адказаў шляхціц.

- А хто ты, шляхціц, якога ты, пане каханку, роду? - зноў спытаў князь. У яго ажно вусны варушыліся хутчэй за думкі, так карцела яму распытаць.

- Шляхціц з прапрадзедаў, і вядомага роду,- запэўніў госць.- Можа, ваша мосць князь, чулі - я з роду Кшыскіх.

- Кшыскіх? - двойчы паўтарыў князь і паціснуў плячыма.

- Каля сотні год таму мы аселі на Русі...- патлумачыў Кшыскі.- Мая маці была de domo Poraitarum - з роду Паратаў - шляхцянка, Анна Ільдэфонсава. Бацька служыў харунжым у панцырнай харугве князя кароннага гетмана. Я таксама служыў у войску, вучыўся ў семінарыі, быў на гаспадарцы, вандраваў, па-рознаму спрабаваў знайсці шчасце, але мне ўсё не фарціла.

Князь пазіраў на госця з усё болылай цікаўнасцю.

- Як жа гэта, васпан, натрапіў на тое Ноява віно, пра якое я ўжо чуў, пане каханку?

- Гэта, мабыць, маё адзінае шчасце ў жыцці,- адказаў Кшыскі.- Натрапіў я на яго ў Стамбуле. - Але ж туркі не п'юць віна! - усклікнуў князь.-

Дык, можа, ты нам, пане каханку, спрабуеш?..

- Якраз таму, ваша мосць князь, што туркі не п'юць віна, бутэльчына і захавалася. У мяне ёсць нават папера, якая пацвярджае гэта.

I ён дастаў з-за пазухі паперы, абвязаныя тонкім шнурком.

- Ну то расказвай, асіндзею, пане каханку,- прабурчаў князь.

Якраз у гэтую хвіліну ў альтанку зайшоў слуга, ён нёс невялікую скрынку, усыпаную жоўтымі зоркамі. Скрынка была зробленая рукой майстра, усе з цікаўнасцю пазіралі на яе.

- Гісторыя, якую я вам раскажу, праўдзівая, і ў гэтым я магу прысягнуць, калі трэба,- паспешліва пачаў шляхціц.- У Стамбуле я апынуўся, шукаючы шчасця, вёз бурштын, быў у свіце нашага ваяводы, які нядаўна ездзіў туды з пасольствам.

- Пан там гандляваў? - удакладніў князь.

- Дальбог, не гандляваў,- запэўніў Кшыскі.- Бурштын мы везлі ў дар султану, спадзеючыся, што ё'н нам аддзячыць. Але там гэтыя Агі і Магі так хітравалі, што і бурштын сплыў, і нам нічога не перапала. Я сноўдаўся па вуліцах Стамбула, заходзіў у лаўкі да грэкаў. Завёў знаёмства з адным, які ганддяваў з Усходам. Аднаго разу ён запрасіў мяне ў лаўку і многа расказваў пра свае вандроўкі па Арменіі і Персіі, пра розныя дзівосы, якіх там нагледзеўся. Расказаў і пра тое, як ён патрапіў у склеп, дзе Ной захоўваў віно. Паказаў мне пергамін, у ім было засведчана, што Сім і ягоныя нашчадкі вельмі дбайна ахоўвалі той склеп. Але час ішоў, віно раскрадалі, пілі, і ўрэшце засталося ўсяго тры бутэлькі. Іх купіў гэты самы грэк Андропулас і за вялікія грошы прадаў адну аўстрыйскаму цэсару, другую - французскаму каралю, а трэцюю, ваша мосць, з вялікай цяжкасцю выпрасіў я і змеркаваў, што прыдасца каралю і цэсару - можна прапанаваць і вашай мосці князю, якога наш народ шануе нароўні з каралямі і царамі. Падношу яго, не разлічваючы атрымаць за гэты curiosum - дзівос - за гэты нектар нічога, апрача панскай ласкі і жадання ўславіць несмяротнасць Літвы patrem - у вяках.

Сказаў так, пакланіўся, выставіў адну нагу ўперад, рукой даў знак, каб слуга падаў тую скрынку, узяў яе і з вялікай грацыёзнасцю паклаў ля князевых ног. Радзівіл заўжды выглядаў важным, нават калі расказваў нешта смешнае, а тут ён, здавалася, выйшаў з розуму, не спускаў вачэй з госця.

- Віно самога Ноя, пане каханку! - усклікнуў ён, прымружыўшы вочы.- Яго варта пакаштаваць... але хто ведае, можа, Хам падсыпаў у яго дайвэльдрэку (11)? А можа, грэкі, армяне ці персы падмянілі яго?

- Там ёсць пячатка самога Ноя, на ёй адбітак ягонага герба, які ўсім вядомы - галубка з галінкай у дзюбе,- без ценю замяшання адказаў Кшыскі.

Ён падышоў да скрынкі, зняў з яе вечка, і ўсе цікаўныя ўбачылі на мяккай атласнай падсцілцы старадаўнага выгляду бутэльчыну. Яна была тоўстая і сапраўды закаркаваная пячаткаю з выявай галубкі.

Кшыскі асцярожна ўзяў бутэльку і аддаў яе ў рукі князю, той абгледзеў яе з усіх бакоў, паківаў галавой і... вярнуў шляхціцу.

Нейкі час стаяла маўчанне, князь нахмурыўся і пра нешта змрочна раздумваў.

- Ведаеш што, асіндзею,- загаварыў князь, звярта- ючыся да шляхціца,- я нават і не ведаю, што з ім рабіць. Самому піць - многа гонару, людзей частаваць - на ўсіх не стане... захавай ты лепей гэтае віно для каго-кольвек, хто сам з ахвотай яго вып'е... а мне яно... не патрэбна... Але раз ты ўжо так стараўся дзеля мяне, зрабіў такі падарунак, то я табе таксама пастараюся аддзячыць.

Кшыскі доўга ўпрошваў князя пакласці бутэльку ў свой склеп, нарэшце той кіўнуў галавой і загадаў захаваць яе ad perpetuam rei memoriam - на вечную памяць, а шляхціца пакінулі пры двары. Ён туляўся тыдзень, другі, дасыта еў і піў, неўзабаве асвойтаўся, пачаў усім слугаваць, мянціць языком, забаўляць князя - і здолеў так яму прыдацца і спадабацца, што князь Караль даў яму пры двары жытло, дамок, які застаўся пасля нябожчыка Барвінкоўскага. Дамок быў нішто, каля яго - невялікі садок і лужок, на якім магла пасвіцца кабыла. Для нас Кшыскі быў і своеасаблівай забавай, але ў той жа час і загадкай.

Хоць ён даводзіў, што паходзіць ад Кшыскіх і многа чаго пераказваў пра свае прыгоды... аднак, слухаючы яго, увесь час думалася, што гэта круцель, якіх мала. Ён быў майстрам да ўсяго патроху, але добра рабіць не ўмеў нічога. Пра ўсякую рэч мог гадзінамі разважаць, і, пакуль не даходзіла да справы, магло здацца, што роўнага яму тут няма і не можа быць.

Князь быў, па праўдзе кажучы, вельмі паблажлівы да людзей і чалавечых заганаў, але гэтага балабона, які так стараўся дагадзіць яму, не любіў. Дазваляў мянціць языком, смяяўся, але ніводнага разу сам не загаварыў да яго, ні пра што больш не распытваў, не паказваў, што рады яму, карацей, усяляк стараўся пазбыцца назолы. Але нішто не дапамагала. Кшыскі наважыў убіцца ў ласку да князя і бессаромна, нахабна дамагаўся гэтага. На прыёмах, пры сустрэчах ён умудраўся стаць так, каб князь яго бачыў, чапляўся, шчаміўся, прымазваўся, загаворваў, калі ж не чуў адказу, рабіў выгляд, што жартуе. Праглынаў пігулку і зноў гнуў сваё. Урэшце мы да яго прывыклі і перасталі звяртаць увагу на ягоныя выбрыкі.

Хоць Кшыскі быў баламут і лгун, якіх мала, але лгаў ён дужа складна - падман у яго выглядаў праўдзівым; ды часам з мухі ён мог зрабіць слана, і падман раскрываўся. Аднак у яго заўжды знаходзілася апраўданне, спосаб выкруціцца.

Ягоны язык быў, не раўнуючы, як мянташка, а сам ён трапло несусветнае: не запнецца, не заікнецца, не збянтэжыцца, не пачырванее. Ён ні на кога не злаваўся, а легкаверных слухачоў у яго заўжды было як рыбы ў вадзе. З усімі пачцівы, паслухмяны, паслужлівы, заўжды вясёлы, незласлівы, ён урэшце нібы зросся з нясвіжскім дваром, яго цярпелі, хоць і не любілі, забаўляліся ягонымі выдумкамі, калі ж яго не было, то здавалася, быццам нечага не стае.

Усе яго ведалі, і ён ведаў усіх, бо стараўся кожнаму дагадзіць і заслужыцца... а слугаваў ён нават па найменшых дробязях ахвотна і жвава. Ніводзін навучаны нямецкі пудзель не вытанцоўваў так на задніх лапках перад гаспадаром, як ён перад намі стараўся паказаць сваю адданасць і паслужлівасць.

Якім мы яго ўбачылі ў першы дзень, такім ён заставаўся і надалей, мала што ў ім змянілася. Хіба што кунтуш у яго з'явіўся бурачковы, жупан блакітны, шаравары памяняліся на жоўтыя, але пярэстасць у адзенні засталася такой, як была. Плюмаж на шапцы быў калі такі, калі іншы, але заўжды відаць здалёк. З яго насміхаліся, аднойчы ў тэатры нехта з актораў надзвычай трапна імітаваў яго. Гледачы аж за жываты браліся, і сам ён быў сярод іх. I вы думаеце, ён пакрыўдзіўся? Дзе там! Пайшоў шукаць актора, а той ад страху некуды зашыўся. Урэшце знайшоў. "Гэта было дужа, дужа ўдала, мілы пане Ганскі, але васпан трымаў рукі ў бокі, вось так... а я ніколі не расстаўляю рукі ў бокі, каб выпадкам не зачапіць каго локцем, гэта не ў маім характары",- зрабіў такую вось заўвагу актору, пакланіўся і выйшаў.

Ён быў не дурань, часам вельмі дасціпны... а што насамрэч было ў яго пад той пярэстай апранахай... ніхто не ведаў. Трэліў, што паходзіць з Русі, называў мясціну, дзе жыў, а потым выяўлялася, што пра яго там ніхто не чуў і не ведаў.

Князь Пане Каханку называў яго спадчыннікам Ноя, з гэтай мянушкай ён і прыжыўся пры двары. Горш за ўсё для князя было тое, што Кшыскі ў сваіх паводзінах часам як бы прыпадабняўся да яго самога. Калі князь бываў у гуморы, то любіў прыдумляць розныя неверагодныя гісторыі... I вось Кшыскі пачынаў паддакваць яму, дадаваў сваё, працягваў, выдумляў нешта ўжо зусім дзівоснае. А князь тут жа змаўкаў і надзімаўся.

Неяк аднаго разу выйшла так, што князь паводле сваёй завядзёнкі стаў апісваць, як ён нібыта трапіў на неба, што там бачыў і чуў. А неасцярожны Кшыскі пачаў дапамагаць яму сваімі каментарыямі. I зараз жа князь змоўк. Толькі скоса зірнуў на Кшыскага. Сеў, што называецца, макам. Дзеялася тое па вячэры. Усе тут жа разышліся, засталося нас няшмат - генерал Фрычынскі, я, камендант крэпасці дэ Лажак, Пузына, якога князь вельмі любіў, нейкі Мацэвіч і яшчэ Заблоцкі. Мы збіраліся назаўтра на ловы ў Налібокі і хацелі абмазгаваць, як і калі ехаць. Але замест таго князь, які перад гэтым насупіўся і маўчаў, раптам звярнуўся да Пузыны.

- А мой жа ты князю! Князюхна, пане каханку! Падкажы, хто б мог збавіць мяне ад гэтага Кшыскага? Я б таму чалавеку даў бы каня з усёй збруяй... Косткай у горле ён мне перасеў, пане каханку, моташна глядзець на яго, выліты арлекін... Даводзілася бачыць такога самага ў валахаў на сцэне. Але там, пане каханку, добра было пасмяяцца якую гадзінку - і па ўсім, а тут жа дзень у дзень з ім валаводзімся... Годзе! Пане каханку - годзе! Дайце вольна дыхнуць!

- Дык у чым рэч, ваша мосць, што можа быць прасцей? - здзівіўся Пузына.- Перадайце яму заўтра праз дворнага маршалка, што хочаце расстацца з ім, дайце на дарогу дзесяць дукатаў, і мы яго болей не ўбачым.

- О не! Так нельга,- адказваў князь.- Гэта не па-радзівілаўску. Няможна так. Трэба, каб ён сам з добрай волі паехаў з Нясвіжа.

- Яму тут добра! Яго адсюль і дымам не выкурыш! - усклікнуў Заблоцкі.

- То хай князь дасць яму дзе-колечы між лясоў пяць хатак у пажыццёвае ўладанне, ён і з'едзе, а мы пра яго забудземся,- дадаў Фрычынскі.

- Я даў бы яму дзесяць, прытым, у спадчыну,- уздыхнуў князь,- але ж ён не такі дурны, каб паміраць з голаду пры дзесяці хатах.

- Тады б ён зажыў як пан... Заснаваў бы фальварак і вярнуўся б... Хай бы ўжо сабе еў і піў тут, але толькі каб не лез пішчом у вочы, пане каханку. А то ўсюды толькі яго і бачыш...

О! - выгукнуў Заблоцкі.- Паспрабуйце, ваша княская мосць, даць яму даручэнне - адвезці ліст, вось мы яго і выкурым.

- Ага! Так ты яго і выкурыш! - запратэставаў Радзівіл.- Ды я мог бы вытурыць яго адным словам, каб толькі захацеў. Але я хачу расстацца з ім па-добраму. Пузына задумаўся, а праз хвіліну прапанаваў:

- Ведаеце што, пане ваявода? Кшыскі вельмі ж хацеў бы ажаніцца, толькі шукае сабе вартай дзяўчыны, такой, каб яму падыходзіла. Дык хіба ў Нясвіжы не знойдзецца нахлебніц, што былі б радыя пакрьшь свае дзявочыя грахі вянцом? Давайце яго ажэнім!!

- Ну, ну! - Нявесела пахітаў галавой князь.- Мне здаецца, пане каханку, што ён вырвецца і ад жонкі, абы толькі сядзець тут у мяне на карку.

На тым і скончылася ўся размова, бо ўжо наставала пара, калі князя забірала на сон. А назаўтра мы паехалі ў Налібоцкую пушчу, пасля князь яшчэ аглядаў фабрыку (12), дзе яму рабілі адмысловую ванну з блакітнага шкла. Здавалася, нібыта пра тую размову ўсе забыліся і толку ад яе не было, але ў Нясвіжы дзеялася так, што ўсе тыя, хто любіў ваяводу, кожнаму ягонаму слову не давалі ўпасці на зямлю... Не забыліся яны і пра ягоную просьбу. Калі ўжо князь нечага захацеў, тое павінна было споўніцца, на гвалт... А тым часам Кшыскі ўсё круціўся пры двары...

Як я ўжо казаў пры двары ў Нясвіжы было безліч усялякіх нахлебнікаў і нахлебніц. Жанчын быў повен двор, некаторыя засталіся яшчэ з тых часоў, калі былі жывыя маці і сёстры князя. Выхаванкі, радня, служанкі, нават добрага роду шляхцянкі, бяднейшыя, багацейшыя, маладыя, маладжавыя - выбіраць было з каго. Хто з іх не прагнуў замуства пад высокім князевым апякунствам? Моладзі ставала, старэйшыя таксама не адмаўляліся ісці замуж, а таму не было таго месяца, каб мы не танцавалі на вяселлі. А трэба сказаць, што панна, якая ішла замуж з двара, заўсёды мела ад князя нейкі падарунак: або пенсіён, або пажыццёвае ўладанне, або вёсачку ў пасаг, у найгоршым разе - аснову на гаспадарку і нешта пад падушку... Таму ўсе яны пакідалі замак задаволеныя. Князь заўжды браў на вяселлі ролю маршалка, наладжваў застолле з танцамі, баль, часам нават ставілі спектакль... бывала, што спраўляліся яшчэ і пераносіны.

Сярод нясвіжскіх панначак была Зарына Піскульская. Некалі ад яе хараства кавалеры трацілі розум, некаторыя нават страляліся. Цяжка сказаць, як тое сталася, што яна, нягледзячы на такую красу, не выйшла замуж. Можа, таму, што была залішне прыгожая. Яна надта ўжо задзірала нос, а яшчэ людзі спадцішка шапталі, што ў свой час у яе быў закаханы сам князь... Было тое ці не, хто яго ведае. Я на свае вочы бачыў, як князь цалаваў ёй руку, вось і магла пайсці пагалоска... У той час панне Зарыне было недзе гадоў сорак, можа, крыху за сорак - старэй яна не выглядала. Адным словам, выглядала яна яшчэ вельмі хораша і зграбна.

Зарына была сярэдняга росту, з цудоўнай таліяй, трымалася проста, хоць у паводзінах адчувалася нешта каралеўскае. Хадзіла яна высока ўзняўшы галаву, прымружыўшы вочы, пазірала на свет як бы зверху. Заўсёды была добра прыбраная, адмыслова прычасаная, прыпарфумленая, ад яе здалёк веяла тонкім пахам. А ножкі ў яе былі такія слаўныя, што як ступала па пяску ў сваіх чаравічках на корках, то след заставаўся, як ад дзіцячай рукі. Строяў было ў яе, не раўнуючы, як у княжны, здаецца, я і не бачыў яе двойчы ў тым самым адзенні. Былі ёй даспадобы таксама каралі, і хоць не часта яна іх насіла, але надзяваць любіла, гэта заўважалася. Што да іншых прыкмет, дык тут мала што можна дадаць, бо панна Зарына абы з кім не зналася, у размовы надта не ўступала. Некалі яна прыгожа спявала, потым, калі голас змяніўся, перастала. Грала на клавікордах, а яшчэ тыя, хто быў добра дасведчаны, казалі, што яна ведала розныя мовы, любіла чытаць і нават перакладала п'ескі для нясвіжскага тэатра.

Ніякай радні, ні далёкай, ні блізкай, у панны Піскульскай не было, апрача адзінага брата, якому князь падараваў вёску. Раз на год гэты брат прыязджаў станавіцца на вочы да князя, доўга не затрымваўся, бо ў яго было нешта з мовай, ён не мог складна гаварыць - заікаўся, кашляў, цэлы канфуз быў з ягонай гавары. Добра б яшчэ, каб ён, ведаючы гэтую сваю загану, маўчаў, дык жа не, лапатун быў - рот не закрываў. Рэдкую фразу прамаўляў, не спатыкнуўшыся, другі стараўся б меней гаварыць, а гэтага нібы хто за язык цягнуў, хоць ты плач... На яго нібы якая магнасць нападала, мог гаварыць без канца. Калі ж хто спрабаваў смяяцца, быў гатовы схапіцца за шаблю. Можа, таму панна Зарына заўжды старалася як найхутчэй адправіць балбатлівага браціка з Нясвіжа. Ёй не шчасціла на радню, адно толькі было вядома: князь выдзеліў панне Зарыне пяць тысяч злотых, з якіх яна рэгулярна атрымвала працэнты. Апрача таго, яна мела пенсіён як рэзідэнтка і прыяцелка князевых сясцёр, значныя прэзенты па святах, на Новы год, на імяніны, а на пражыццё ў яе грошы не ішлі, так што прыдворныя цанілі яе на 10 000 злотых. Ведалі і тое, што каб знайшоўся жаніх для яе, то ё'н атрымаў бы ў арэнду вялікую ўласнасць, а можа, і нешта большае.

Аднак, нягледзячы на гэтакае хараство і іншыя звабы, ніхто да яе не заляцаўся. Кожны разумеў, што трапіць пад пяту, а каму ж воля не дарагая... Пані ахмістрыня, старая Выжынская, якая ведала Зарыну з малых гадоў, дагаджала ёй, была ёй як маці, вельмі хацела выдаць панну замуж... але не за каго папала. Трэба, каб жаніх быў з імем і дастаткам, і не дурань які, бо ў яе было сяброўства і прыхільнасць нават пры каралеўскіх дварах.

Заблоцкі і Мацэвіч надта блізка ўзялі да сэрца жаданне князя пазбыцца таго няшчаснага Кшыскага. Сядзім мы аднойчы вечарам у маршалкоўскай зале, многа нас там набралася. Адны гулялі ў мар'яж, іншыя - у шашкі або ў шахматы. Быў тут і Кшыскі, але з ім ніхто не сядаўся гуляць у карты, бо ён вычвараў з імі, што хацеў Ён нам не раз паказваў такія штукі, што здавалася, быццам ягонымі рукамі сам нячысты водзіць: адкрываў, якую захоча, пстрыкаў пальцамі, і тыя пераляталі з рукі ў руку. Ён іх глытаў, даставаў з рота, з рукава,- зразумела, што сядаць з ім гуляць не мела сэнсу. Кшыскі проста хадзіў ад адной купкі прыдворных да другой, перакідваўся слоўцамдругім, пачціва кланяўся.

I тут я раптам убачыў, як да яго падышоў Заблоцкі. Я добра ведаў яго - гэты чалавек быў няпросты. Звонку суровы, змрочны, хмуры, а насамрэч ён быў шчырай душы, да таго ж хітрун, якіх мала. Ён нічога не рабіў без патрэбы. З Кшыскім дагэтуль не знаўся. Таму я загарэўся цікаўнасцю, стаў воддаль, слухаю. Пачаў Заблоцкі здалёк:

- Васпан многа пахадзіў па свеце, многа падэшваў стаптаў... а ці не прыходзіла васпану ў галаву, што пара ўжо і жаніцца?

Кшыскі зірнуў на яго, падышоў бліжэй, ягоныя шустрыя бровы імкліва падскочылі ўгору і зноў упалі... ён махнуў рукой.

- Вы ведаеце, пане краўчы (13) (так пачціва называлі Заблоцкага), якраз так і было, што я ўсё жыццё толькі і дбаў пра тое, каб ажаніцца. Па адной сохнуў, па другой уздыхаў, заляцаўся, стараўся, кахаў, біўся...

- Хіба вашай мосці даводзілася нават біцца? - здзівіўся Заблоцкі.

- А чаму ж не! - усклікнуў Кшыскі.- Які з мяне шляхціц быў бы, каб я не папсаваў нечую скуру, не падстаўляў сваю? А што да вашых слоў, то скажу як на споведзі: адзінае, што мне ў жыцці не ўдавалася,- гэта ажаніцца. Ніводная кабеціна мяне не ўпадабала...- Ён уздыхнуў: - Займелі сваё шчасце і старэйшыя, і брыдчэйшыя за мяне, дый сам я не заўсёды быў у чорным целе, як во цяпер... сватаўся і да бедных і да стараватых... дык і тыя Кшыскага выракліся...

- А я не сказаў бы, што васпан такі ўжо брыдкі ці страшны,- не згадзіўся Заблоцкі.

- Мабыць, такі ўжо мой лёс! - усклікнуў Кшыскі.- Давядзецца мне скончыць свае дні ў цэлібаце (14).

- Трэба ж, каб роду не было зводу, вельмі шкада, калі ў вас да таго ідзе,- прамовіў Заблоцкі, нібы яго ўсур'ёз усхваляваў лёс Кшыскага. Памаўчаў хвілінку, а потым зноў звярнуўся да яго: - Нічога, я вам дапамагу, вы толькі мяне слухайцеся. Мы вас тут, у Нясвіжы, ажэнім.

- Згодзен, але з адной умовай,- папярэдзіў Кшыскі.- Я ажанюся з той жанчынай, якую вы мне прапануеце, але хацеў бы, каб яна пакахала мяне і каб я закахаўся ў яе.

- Дужа вы, асіндзею, на многае прэтэндуеце,- усміхнуўся Заблоцкі.- Для шчасця годзе і паловы таго, апе чаму ж - можа, удасца дабіцца і ўсяго, чаго жадаеце. Яны хвіліну памаўчалі, потым зноў загаварыў краўчы:

- От што б пан сказаў пра панну Ізабелу Кужанец?

Тут трэба вам нагадаць, што панне Ізабеле было шаснаццаць гадоў, вельмі ладная, сірата, выхоўвалася ў Нясвіжы, праз Кішкаў раднілася з Радзівіламі. За ёй далі б дужа добры пасаг, сама яна была як ружа.

У Кшыскага аж вочы палезлі на лоб.

- Пан, няйначай, жартуе, або кепікі строіць...

- Не жартую,- звыклым сур'ёзным тонам прамовіў Заблоцкі.- Чаму б вам не паспрабаваць сягнуць вышэй? У вас слаўнае імя... сам нішто сабе... ну, і спрыту стае.

- Але ж я стараваты для яе! - запярэчыў Кшыскі.

- Ну, а як вам панна Шарчынская?

Шарчынская была васпаватай, злой, балбатлівай, звадлівай, ёй баяліся трапіць на язык. Аднак жа за многіх яна заступалася перад князем. Пане каханку асцерагаўся яе, але і любіў.

- Панна Шарчынская! Панна Шарчынская... ведаеце, пане краўчы, тут варта спачатку пра многае падумаць,- адказаў Кшыскі.- Спачатку трэба ўпэўніцца, ці падыдзе жаніх ёй да твару, потым - ці сцерпіць ейны язык, нарэшце... як яна... і ёй жа давядзецца...

- Але ж яна жанчына зграбная, энергічная...

- Я ж нічога не кажу, але трэба ж, каб было каханне...

- Да яе можна заляцацца ў змроку,- параіў Заблоцкі.

- У мяне, на жаль, вочы, як у ката,- усміхнуўся Кшыскі. Увага Заблоцкага расчуліла Кшыскага, ён паціснуў краўчаму руку, потым абняў і пацалаваў яго, дзякуючы за прыязнасць. Якраз у гэты момант краўчы шапнуў яму на вуха:

- Ну, а панна Зарына... яе ж можна нават у каралеўскія пакоі весці...

Пачуўшы гэтае імя, Кшыскі аж змяніўся з твару - ягоны выраз я і апісаць не магу. Хутчэй за ўсё ён зна- чыў: і хочацца і колецца, высокія парогі не на мае ногі, карацей - пра гэта і думаць няма што.

Тут Заблоцкі ўзяў яго пад руку, пачаў шпацыраваць з ім па зале і з паўгадзіны ўсё нешта даводзіў... нашэптваў, раіў, калі ж яны развітваліся, па твары Кшыскага можна было заўважыць, што хітры краўчы ўсё ж абрытаў яго. Шляхціц выйшаў у задуменні, засяроджаны, ні на кога не глянуўшы. Мусіць, разважаў над тым, што ўвёў яму ў вушы Заблоцкі.

Назаўтра ў тэатры быў паказ балета... Яго мосць князь сядзеў у сваёй ложы, вакол яго двор, цэлая плойма дзяўчат. З княскай сям'і нікога не было, а таму адно з першых месцаў займала Піскульская. Прыйшла яна як завычай прыгожа апранутая, важна так села, а раз у зале было горача, пачала абмахвацца веерам. Відаць, не варта напамінаць аб тым, што найлепей спазнаеш характар дзяўчыны, паглядзеўшы, як яна ўмее абходзіцца з веерам: з яго дапамогай можна ўсміхацца, злавацца, вабіць, прызнавацца ў каханні... выказаць усё, што захочаш... У руках панны Зарыны гэты просты кавалак дрэва з размаляванай паперай хадзіў як жывы. Яна ўмела гулліва прыкрыцца ім, гуляць, засланіць твар так, каб толькі вочы ранілі, адхіліць занадта пільны позірк, паказаць акторам сваю зацікаўленасць іх ігрой ці, наадварот, абыякавасць... Абыходжанне з веерам паказвала, што панна была не з простых...

У гэты дзень усе, у тым ліку і князь, цешыліся ёй, бо выглядала яна проста па-каралеўску. Раптам бачу... Насупраць панны сеў каля парога прыгожа апрануты Кшыскі і вачыма проста ўтаропіўся ў яе.

"Гэта ўжо другая камедыя, - падумаў я,- і што з таго будзе?"

Бачу, што панна Зарына адразу не згледзела новага залётніка, іх ставала яшчэ, хоць ёй і было каля сарака. Яе вочы бегалі па зале, хоць здавалася, што яны ўвесь час засяроджаныя на акторах. Зірнула яна і на Кшыскага, але не надала яму ўвагі і далей разглядалася на бакі. Праз хвіліну зноў зіркнула на яго, а той Кшыскі, як утрапёны, вачэй не зводзіць; панна павярнулася, зрабіла выгляд, што не глядзіць у той бок, але ж я бачу - яна яго разглядае. А той як сеў, як утаропіўся, так і скамянеў, узіраючыся на яе. Толькі раз-пораз, калі ўжо, мусіць, было няўсцерп узірацца, павядзе брывом, уздыхне і глядзіць, і глядзіць...

Панна засланілася веерам, але праз шчыліну ёй быў добра відаць твар Кшыскага. Зарына ці не ўпершыню так пільна прыглядалася да яго. Ды яшчэ так хітра павярнула галоўку, нібыта глядзела на сцэну і ўважліва сачыла за ігрой актораў. А Кшыскі гэтак захапіўся красою, што нават твар яго палагаднеў, папрыгажэў. Ён выглядаў нейкім меланхалічным, задуменным, нібы прасіў спагады.

На вуснах панны Зарыны спачатку з'явілася іранічная ўсмешка, потым яе нібы ветрам здзьмула: панна пасур'ёзнела, уздыхнула privatim - неўпрыкмет, і зноў пачала сачыць за Кшыскім праз веер.

А той усё не спускаў з яе вачэй.

Гэтую сцэну мала хто мог бачыць і разумець. А мяне разбірала цікавасць, я збоку мог чытаць па іх тварах, нібы па раскрытай кнізе. Бачу: веер адхіліўся, панна смела скіравала вочы прост на Кшыскага і нібы сказала яму: "Адумайся, асіндзею, ідзі сабе з Богам, адкуль прыйшоў".

Яна адвярнулася, перасмыкнула плячыма і пачала глядзець толькі на сцэну. Але Кшыскі, хоць і атрымаў такі адказ, быў упартым і зноў за сваё: глядзіць і глядзіць, нібы хоча яе праглынуць. На вуснах панны з'явілася ганарыстая пагардлівая ўсмешка, яна маланкава зіркнула на яго, потым на сцэну. Побач з ёй сядзела Шарчынская, яны пачалі шаптацца і перасміхацца. Чорныя вочкі Шарчынскай упіліся ў Кшыскага і нібы працялі яго, але ён паказаў сябе стойкім чалавекам і не паддаўся на яе чары... Панны смяяліся, а ён....

Нарэшце паказ скончыўся - гэта быў турэцкі балет, вельмі прыгожы, і там танцавала Султанку вядомая ў свой час паненка, простая прыгонная дзяўчына родам з-пад Алыкі - Жужлянка. Яна была такая гожая, што хоць ты з'еш яе, князь быў проста ў захапленні ад яе. Дзяўчына, сапраўды, уся як тая лялька, і каб не рукі сялянкі, то выглядала б грэцкай статуяй. Потым яна памерла ад прастуды: разагрэлася, танцуючы, і напілася сцюдзёнай вады. Па ёй мы ўсе тады плакалі, бо шкада было такога хараства. Чысты анёл, адно толькі - сялянскія рукі.

А ў той дзень Жужлянка вытварала на сцэне цуды; расчулены князь паслаў ёй жамчужныя пацеркі.

Дык вось балет той скончыўся, і мы ўсе падаліся вячэраць. Тут мяне яшчэ болып цікавасць забрала: ці адважыцца Кшыскі падысці да панны Піскульскай у час вячэры?

Усе яшчэ заставаліся пад уражаннем ад танцаў Жужлянкі, князь - у добрым гуморы, расказваў, як ён быў у тэатры ў Медзялане і нібыта на свае вочы бачыў, як славутая Ангеліна падскоквала і рабіла два павароты ў паветры. Уваходзім у залу для яды, усе галодныя, а там ужо сталы накрытыя, можна сядацца да місак.

Кшыскі завычай меў ахвоту добра паесці, а тут бачу, што ён падае крэсла панне Піскульскай. Яна падцяла вусны, глянула яму ў вочы, падзякавала і села. Той, забыўся пра ежу і стаіць за яе крэслам. Шарчынская локцем штурхнула панну Зарыну і падказала, маўляў, ёсць кавалер на паслугах. Але Піскульская рабіла выгляд, быццам занятая гутаркай, і не звяртала на яго ўвагі. Мабыць, яна не хацела раней часу абнадзейваць яго.

Хоць Кшыскі заставаўся на сваёй службе, мяняў талеркі, але і слова добрага не пачуў, і не паеў Трэба ведаць шлункі нахлебнікаў, каб належным парадкам ацаніць ягоныя паводзіны. Мабыць, ён задумаў нешта сур'ёзнае, раз прапусціў вячэру, паспеўшы ўхапіць толькі гусіны пуп і крыху неабгрызеных костачак. Але сваю службу споўніў да канца.

Я прыкмеціў таксама, што і Заблоцкі збоку надта ж пільна прыглядваўся да гэтай гульні.

Назаўтра па ўсім Нясвіжы пайшла пагалоска, што спадчыннік Ноя хоча ўзяць за жонку панну Зарыну, але ніхто не ўспрымаў гэта ўсур'ёз.

Усе ведалі, панна Зарына высока меціла і лічыла, што Найвышні стварыў яе не для таго, каб яна стала жонкай нейкага там Кшыскага. Нікому й да галавы не прыходзіла, быццам такое можа спраўдзіцца. Аднак князю заўсёды даносілі а хоць найменшую дзейку. Вось і на гэты раз яму ўжо надвячоркам увялі ў вушы тую чутку, ды яшчэ прыдворныя пераказалі яе па-свойму, як яны гэта ўмелі, і злажылі віну на Заблоцкага. Князь толькі паціснуў плячыма і коратка прамовіў:

- Зважай, пане каханку!

Звычайна князь уставаў рана, маліўся, піў вінную поліўку або каву і ў сваім падшываным шляфроку, які нагадваў дарагі старадаўны кунтуш, займаўся справамі, бо чыноўнікі, сакратары, радцы часта аж да паўдня не давалі яму дыхнуць. Але на гэты раз князь адразу, як толькі ўстаў і памыўся, загадаў паклікаць Заблоцкага. Краўчага знайшлі ў стайні, ён прыйшоў да князя ўвесь прапахлы конскім потам.

- А, гэта ты! - прамовіў князь, ківаючы пальцам перад ягоным носам.- Гэта ты, баламут! Ну, расказвай, што адпаліў гэтым разам?

- Што такое, князю? - здзіўлена запытаў Заблоцкі (ён мне потым пераказаў гэтую гутарку).

- Яшчэ пытаешся? Пане каханку! Што гэта табе ўспала на голаў - сватаць панну Цівуноўну гэтаму цыгану Кшыскаму?

Заблоцкі стаяў аслупянелы. Князь хадзіў па пакоі з выглядам вельмі пакрыўджанага чалавека.

- Прыраўнаў кажух да кветкі, пане каханку! Нішто сабе шлюб прыдумаў! Мабыць жа, Цівуноўна вартая некага лепшага, чым гэты прыблуда? Ну, ты мяне здзівіў!

- Я, ваша мосць, да гэтага ні сном ні духам ніякага дачынення не маю! - апраўдваўся Заблоцкі.

- Хіба ж той Кшыскі меў бы гэтулькі нахабства, каб узняць на яе вочы, калі б ты, асіндзею, не падсыпаў яму пораху? А хто цябе прасіў рабіць гэта?

- Ды прычым тут я?

- Не хлусь, пане каханку, бо тут без цябе не абышлося! - абарваў яго Радзівіл.- Ці маеш ты вочы і розум, каб сватаць гэтага жарабца да Зарыны Цівуноўны, якая нават...- Князь аж засопся.

"Мусіць,- скеміў Заблоцкі,- яшчэ не забыўся пра свае даўнейшыя амуры".

Заблоцкі не на жарт спалохаўся, ён падумаў, што князь абражаны самой думкай, быццам гэткая нікчэмнасць будзе прэтэндаваць на руку, якую ён, князь, некалі з асалодай цалаваў. А таму Заблоцкі пастанавіў выкруціцца на гвалт, але не прызнавацца. Ён паціснуў плячыма і прамовіў з суровым выразам твару, які ў яго быў заўсёды:

- Я, праўда, не ведаю, хто мог вашай мосці пераказаць такую плётку, і ніколі не займаўся сватаннем і зводніцтвам. Гэта не ў маіх звычаях, тут дзялянка Вайнаровіча, так што прашу вас дарэмна не крыўдзіць мяне!

- Можа, васпан думае, што мне добра паслужыць, калі ажэніць гэтага недарэку Кшыскага з Піскульскай і выправіць адсюль у свет? I таму заняўся сватаннем?

- Ваша княская мосць! Ні сватаннем, ні чым іншым я не займаюся,- гнуў сваё Заблоцкі.- Не трэба мяне падазраваць у гэтым.

- А хто ж тады гэта зрабіў, пане каханку? Хто, я пытаюся? - не адчапляўся Радзівіл.

- Адкуль мне ведаць?

- Кпіч сюды Вайнаровіча, пане каханку, будзем разбірацца.

Заблоцкі выйшаў, радуючыся, што ўдалося злажыць віну на Вайнаровіча.

Таму, хто не ведаў Тадэвуша Вайнаровіча, мне будзе цяжка яго апісаць, бо ён належаў да тых людзей, якіх Найвышні скульптар адліваў у форму, а потым разбіваў яе, каб не было другога такога ж арыгінала. Здавалася, што ў ім адным сядзела чалавек дзесяць і ўсе розныя. Часам на яго нібы што надходзіла, і ён цэлымі днямі адно толькі маліўся, рабіўся падобным на набожнага пілігрыма, а то раптам некалькі тыдняў прападаў на паляванні, ці сядаўся гуляць у карты і за імі забываўся есці і піць, то даваў зарок і цэлы год не браў тых картаў у рукі; калі кахаў, то да, самазабыцця, калі судзіўся, то зацята; ён паспеў за сваё жыццё паспытаць шмат рознага, а таму як ніхто быў спагадлівы да людскога гора і няшчасця. З князем ён то сябраваў, то сварыўся - пакідаў двор, уцякаў, з'язджаў на вёску, і тады князь перапрашаў яго, угаворваў вярнуцца, бо вельмі любіў яго.

У Вайнаровіча было многа дзівацтваў, але адно асаблівае: зводзіць і жаніць людзей як папала, абы злучыць.

- Ад таго і ўсё зло ідзе, маспане,- любіў гаварыць ён,- што не ўсе людзі жэняцца, як тое запавядана Богам. Думайце сабе што хочаце, але чалавек непаўнаварты, пакуль не ажэніцца і не пройдзе праз ачышчальны агонь. Ад таго ўсё зло, маспане,- паўтараў ён,- усё зло... праз гэта хутка палякаў не стане...

Апроч таго, трэба вам сказаць, што Вайнаровіч сам быў нежанаты, але насіў у сэрцы каханне, ад якога не мог знайсці збавення. Людзі правілі, што ён моцна кахаў бедную дзяўчыну, але яе радня не дала згоды на шлюб, а потым ён сам выпетраў з гора, калі яна пайшла замуж, не даў рады згасіць кахання ў сваім сэрцы. Вайнаровіч не мог забыцца яе, пакутаваў, праклінаў свой лёс. Ён быў занадта набожным католікам, каб паспрабаваць дамагчыся разводу і разлучыць маці з дзецьмі, але без яе быў няшчасны і цяжка перажываў. Вось адкуль ішло яго жаданне ўсіх перажаніць.

Да таго ж ён быў зух і адважны, якіх мала, вельмі любіў князя, нават выратаваў яму жыццё на паляванні, калі неяк раз мядзведзь ледзь не задзёр яго. Але ж нягледзячы на такую пашаноту і сяброўства, рэдкая размова між імі не канчалася сваркай.

Заблоцкі знайшоў Вайнаровіча на сваім панадворку ў мястэчку, цырульнік падстрыгаў яму валасы.

- Дзень добры!

- Што скажаце?

- Вас кліча князь, ды як найхутчэй.

- Не магу ж я пайсці, не скончыўшы справы. А што там такое?

- Не ведаю.

- Кажы, кажы, цырульнік ведае пра ўсё, што і мы, сакрэтаў тут няма.

- Ну, тады рэч у тым, што гэты цыган Кшыскі кашалі пляце каля нашай панны Піскульскай, а князю гэта прыйшлося няўсмак,- патлумачыў Заблоцкі.- Убіў сабе ў галаву, што гэта я яго падгаварыў на заляцанкі, ну а я склаў віну на васпана, нібы гэта вы, а не я, зводзіце іх.

Вайнаровіча разабраў такі смех, што цырульнік мусіў адвесці брытву, каб часам не парэзаць яму вуха.

- Нішто сабе! - усклікнуў ён.- Нішто сабе! Як што дзе здарыцца, то адразу на Вайнаровіча. Але, маспане,- ён так вымаўляў гэтае слова,- хоць я і люблю жаніць, такое мне і не снілася! Панна Піскульская ўжо ў гадах, ды і Кшыскі не маладзён, была б пара пераспелая, на ліха мне тое трэба?

- Князь таксама гневаецца.

- Ды няма чаго яму гневацца. Пачакай, зараз цырульнік скончыць сваю касавіцу, тады пойдзем разам.

Ён зірнуў на цырульніка, даў яму спакойна пагаліць шыю, потым памыўся, апрануўся, і яны разам пайшлі ў замак, а князь ужо нецярпліва выглядаў іх праз акно. Вайнаровіч жа, нібы сумысля, ішоў павольна. На парозе ён спаткаўся з князем. Вайнаровіч знарок адзеў альбенскі бутафорскі ўбор.

- Ну што скажаш, Вайнаровічу? Ці не спакусіў цябе нячысцік? - пачаў князь.- Зноў ты ўзяўся за сваё, зноў пачаў сватаць, ды яшчэ гэтак бесталкова?

- Якія сваты? Што за сваты? - пачаў апраўдвацца той.- Дальбог, нічога не ведаю.

- Я пра тое, што Кшыскі заляцаецца да панны Зарыны, пане каханку.

- А мне што да таго? - здзівіўся Вайнаровіч.

- А хто яго падбухторыў?

- Хіба я ведаю...

- Годзе, гэта застанецца між намі, пане каханку, пагаворым, і канцы ў ваду...- уздыхнуў князь.- Скажы мне, Вайнаровічу, ёсць у гэтым хоць нейкі разумны сэнс?

Панна выхаваная для свецкага абыходжання, а тут нейкі амаль што цыган-прайдзісвет.

- Ваша мосць князь, няма ніякага сэнсу,- згадзіўся Вайнаровіч,- няма, гэта так, але не заўжды шчасце бывае з сэнсам, і сэнс у шчасці. А што, калі сэрца загадала?

- Не па сабе ён сук сячэ, пане каханку! - гнуў сваё князь.- Прайдзісвет ён, ваш Кшыскі, я яго не люблю, а панну Зарыну шкадую.

- Пшапрашам, дык за чым справа стала? Чым-небудзь ён не дагадзіў? - спытаў Вайнаровіч.

- Не.

- Нашкодзіў?

- Таксама не.

- Дык пра што тады гаворка? Я даліпантачкі не разумею... Можа, князю што наснілася...

- Ён цалюткі вечар глядзеў на яе як на вясёлку, а ў час вячэры стаяў каля яе крэсла.

Вайнаровіч плюнуў.

- Ваша княская мосць,- загаварыў ён,- я штовечар гляджу на месяц, калі ён на небе, але ж ніхто не западозрыць мяне ў тым, што я хачу з ім ажаніцца. А яшчэ дазвольце спытацца: а што, калі панне Зарыне самой хочацца гэтага?

- Хіба яна вар'ятка, пане каханку? - здзівіўся князь.

- А можа і звар'яцела? - пажартаваў Вайнаровіч.

- Пане каханку, не гняві мяне, пакінь свае жартачкі! - злосна сказаў князь.

Вайнаровіч падкруціў вус, зрабіўся сур'ёзным, яшчэ больш пасуровеў тварам, бо добра ведаў, што князя можна было яшчэ больш раззлаваць знарок спакойным выглядам, і карыстаўся гэтым.

- Маю гонар, ваша княская мосць, пакінуць майго літасцівага пана, развітацца і спадзявацца на яго ласку і спагаду,- прамовіў ён.- Не магу болей заставацца тут, у Нясвіжы. Ледзь што здарыцца, ці хто што вычварыць, як адразу ўскладаюць віну на Вайнаровіча. Урэшце ж і цярпенне канчаецца... Праз нахіленае дрэва і козы скачуць...

Паеду я ад вас, княжа, а панна Піскульская Цівуноўна хай ідзе сабе замуж за каго ўгодна, хоць за камінара, мне да таго няма ніякай справы...

Князь перасмыкнуў плячыма. Відаць, яму стала ніякавата, бо ён паклаў абедзве рукі на плечы Вайнаровічу і зазірнуў яму ў вочы.

- Дружа! Стары мой дружа! Не гарачыся, пане каханку... усё добра... Проста, вы ўсе любіце строіць кепікі з нясвіжскага Радзівіла.

- А можа, князю, вы з мяне?

- Ну, годзе, годзе пра гэта. Але ўсё ж ты сам падумай, як так можна, каб гэты прайдзісвет узіраўся на панну Зарыну.

- Ваша княская мосць, я дапраўды не разумею, чаму гэта вас так абыходзіць? Пакіньце вы іх у спакоі.

- Нельга! Не дазволю! Veto - Забараняю! - усклікнуў Радзівіл.

Вайнаровіч нічога не адказаў. У кабінеце князя ваяводы было раскладзена на стодіках мноства розных рэчаў, сярод іх быў турэцкі ружанец (15) з вялікіх аметыстаў, апраўленых у золата. Пра яго пераказвалі паданне, нібыта яго прывёз са Святой зямлі князь Радзівіл Сіротка. Вайнаровіч ужо сто разоў бачыў яго, але зараз узяў у рукі і нечакана пачаў дзівавацца.

- З такім ружанцам, мусіць, вельмі соладка маліцца,- прамовіў ён.

- Якая табе справа да таго ружанца? - спытаўся князь.

Вайнаровіч паклаў пацеркі, склаў рукі і застаўся стаяць каля століка. Абодва маўчалі.

- Што сёння за дзень, пане каханку? - праз колькі хвілін спытаў князь.

- Чацвер, ваша мосць.

- Хіба васпан учора адбыў насухую?

- Не,- адказаў Вайнаровіч.

- А я ўжо, далібог, падумаў, ці не згаладаў часам ты, бо з табой жа нельга гаварыць.

- Чаму не, было б зразумела, аб чым...

- А што, хіба я па-кітайску гавару, пане каханку, ці без толку?

- Не ведаю як, але я не магу дапяць розумам,- адказаў Вайнаровіч.- А ведаеш, князю, як лепей скончыць усё гэта? - дадаў ён.- Не трэба ні ў што ўмешвацца, хай усё ідзе сваім парадкам.

Радзівіл задумаўся і змоўк.

Тут якраз зазванілі, склікаючы такім спосабам да сталоў каго да княскага, каго да маршалковага і іншых, колькі іх там было. Кшыскі быў пры княскім стале. У гэты дзень ён прыйшоў выфранчаны, як у нядзелю, ад яго здалёку так і патыхала гваздзіковаю парфумай, хоць ты не падходзь. Князь толькі зірнуў на яго і сеў на сваё звыклае месца, ніхто з ім не загаворваў.

Але шляхціц быў упарты і нязломны.

Неяк так выйшла, што каля князя засталося адно незанятае крэсла, і Кшыскі смела сеў на яго. Капелан блаславіў ежу, і ўсе заняліся абедам, было ціха, здавалася, муха праляціць - пачуеш. Князь пацягнуў носам паветра і пачуў пах гваздзікі.

- Чым гэта васпан вусы шмаруе? - спытаў князь, наставіўшы вочы на Кшыскага.

- Масцікай, прывезенай з Турцыі,- не збянтэжыўшыся, адказаў шляхціц.

- Відаць, што турэцкая, бо брыдка смярдзіць,- прамовіў князь.- Ужо ці не лепей было смалой памазаць.

Кшыскі адразу змоўк.

- Але яна дужа карысная для здароўя, дапамагае ад усялякай заразы, ахоўвае ад яду,- усё ж азваўся ён праз хвіліну.

Мы думалі, што ён адсунецца ці перасядзе, але ён застаўся там, дзе сядзеў. Князь пачаў перашэптвацца з Пузынам. За сталом сядзелі таксама жонка генерала Мараўскага, панна Зарына і яшчэ некалькі прыдворных паненак. Мы заўважылі, што Цівуноўна была дужа важная, не пазірала на Кшыскага, на яе твары, бадай што, нічога не адбівалася, не відаць было ніякай злосці, толькі як бы нейкі смутак. За сталом пачаліся размовы, князь гаварыў мала, але на людзях ён як быццам крыху супакоіўся. Пузына пачаў распытваць яго пра падарожжы, а гэта ў князя была ўлюбёная тэма для гаворкі, тут кожны мог утачыць тое, што хацеў.

- Калі я патрапіў у Венецыю, то ўчашчаў па тэатрах.

I аднойчы там ігралі п'есу, якой я ніколі не забуду,- пачаў князь.- Казалі, што яна была перакладзена з нейкай замежнай мовы, але мела дачыненне да гісторыі Венецыі. Можаце сабе ўявіць, пане каханку, там негр закахаўся ў белую дзяўчыну, калі ж ажаніўся з ёй, то з намовы задушыў яе ад рэўнасці.

Сказаў гэта і паволі глянуў на Кшыскага і панну Зарыну, якая ў гэты час ела нейкую ягадзіну і нібыта не слухала.

- Няма горай,- дадаў князь,- калі хто не дабярэ сабе пары, ад гэтага на свеце бывае шмат няшчасця... За сталом запанавала доўгае маўчанне. Толькі Кшыскі ціха кашлянуў, нібы хацеў падаць знак, што ён слухае і ўсё разумее.

- Што гэта асіндзей кашляе? - спытаў Радзівіл, павярнуўшыся да яго.

- Костачка ў горле перасела...- адказаў Кшыскі.

Тут усе пачалі ўставаць з-за сталоў і расходзіцца купкамі па пакоі, перамаўляючыся міжсобку. Да небаракі Кшыскага ніхто не падходзіў, ніхто не загаворваў. Кшыскі перахрысціўся, пакланіўся, разгледзеўся на бакі, падаўся бліжэй да дам і неўпрыкмет падышоў да панны Зарыны. Князь, які назіраў за ім, пахаладзеў. Відаць, яго больш за ўсё выводзіла з раўнавагі тое, што панна Піскульская не выказала Кшыскаму сваёй непавагі. Яна была абыякавай, халоднай, але нібыта хацела, каб ён наблізіўся, дазволіла падысці да сябе, завязаць размову.

У Кшыскага язык быў нібы маслам намазаны - гаварыць ён умеў, мог зацікавіць сваімі гамонамі каго хочаш, але ягоная няшчасная постаць і непрыгожы твар рабілі непрыемнае ўражанне. Аднак досыць было яму растуліць рот, як ён зачароўваў сваімі байкамі хоць якога слухача і ўжо не выглядаў смешным.

Пра што гаварыла з ім панна Зарына, можна было здагадацца толькі па жэстах, пэўна што, ён расказваў пра сваё падарожжа ў Стамбул, дзе ён расстараўся таго віна і масцікі для вусаў; панна Зарына слухала яго неяк рассеяна.

Князь у сваім коле распачаў нейкае доўгае казанне, але яго так зацікавіў Кшыскі, што ён мусіў спыніцца і, павярнуўшыся да Пузыны, ледзь стрымваючы злосць, папрасіў яго: "Напрамілы Бог, схадзі ты ды адцягні яго ад Цівуноўны, мне шкада дзяўчыны... ён жа атруціць яе сваёй парфумай".

Усім нам не заставалася нічога іншага, як думаць, што князь зайздросціў Кшыскаму, бо сам некалі быў закаханы ў панну Зарыну. Пузына, вядома, пабег, але калі наблізіўся да іх, то пачуў, што Цівуноўна дужа захоплена нешта пераказвае Кшыскаму з прачытанай кніжкі. Не так проста яму было перапыніць іх размову, але ён узяў Кшыскага пад локаць і адвёў убок. Мяне дзівіла, як такая гордая панна, пра якую нават нельга было падумаць, што яна можа мець нешта агульнае з гэтым прыблудам, слухала ягоныя байкі і не праганяла яго. Заблоцкі прытаіўся, схаваўся ў цень, ён ужо шкадаваў, што заварыў гэтую кашу, бо наспявалі надзвычайныя неспадзеўкі.

Усе былі ўражаны, а князь бурчаў нешта сабе пад нос, нерваваўся, сам не ведаючы чаго.

Назаўтра Пузына змеркаваў, што найлепшым выйсцем будзе ўзяць Кшыскага на паляванне, і хоць нахлебнік выкручваўся і адмаўляўся як мага, яго пераканалі, угаварылі, змусілі... і павезлі. Князь застаўся дома. Заблоцкі таксама.

Тое зламыснае паляванне было задумана так, каб замест вяртання ў Нясвіж у той жа вечар затрымацца ў лясах аж на чатыры ці пяць дзён. Якраз у той самы дзень, калі Пузына забраў з сабой засмучанага каханка, Заблоцкі стаўся міжвольным сведкам і слухачом сцэны, якая пераканала яго, што ў князя захаваўся ў сэрцы афект (16) да панны Піскульскай. Па абедзе пані Цівуноўна сядзела за вышываннем каля акна ў пакойчыку, шкляныя дзверы якога выходзілі ў сад. Заблоцкі сядзеў побач на лавачцы, дыхаў свежым паветрам. Яго нельга было згледзець, а ён мог чуць усё, што далятала з пакойчыка. Цівуноўна старанна вышывала шаўковымі ніткамі па атласе. Князь, нібыта ідучы ў свой кабінет, мімаходзь зазірнуў да яе.

- Што гэта панна Зарына так прыгожа вышывае? - спытаў ён.

- Ды так, жаночыя забавы,- адказала яна.

- Праўда, хораша, як і ўсё, што выходзіць з гэтых прыгожых ручак.

Панна Зарына засмяялася:

- Што гэта вашу княскую мосць пацягнула на кампліменты?

Князь памаўчаў, потым прамовіў:

- А што, хіба я вам непрыемны, і вы з большай ахвотай нюхалі б гваздзікі і марцыпаны Кшыскага?

- А чаму менавіта Кшыскага?

- Э, панна Зарына, я ведаю...- пачаў князь.

- А я не ведаю,- перапыніла яго Зарына.

- Хіба гэты цыган спадабаўся вам?

- I так, і не,- прамовіла панна Зарына абыякавым голасам.- А чаму гэта вашу княскую мосць цікавіць, хто можа мне спадабацца, хто не?

- А чаму нельга?

- А таму, што я для вас чужая, і...

- Але ж я некалі быў без памяці закаханы ў панну...

- Гэта вам, шаноўны князю, толькі здавалася...

- Як гэта здавалася? Як такое можна падумаць?

- Здавалася,- працягвала панна Піскульская,- таму што той, хто сапраўды кахае, раскахаць ужо не зможа. А ў князя потым і жонка была, і розных амураў ставала.- Яна крыху памаўчала, потым спыталася: - Хіба з тае прычыны, што вы, ваша княская мосць, нібыта былі ў нейкім даўным веку закаханымі ў вашу пакорную слугу, перад ёй з той пары павінен зачыніцца свет, ні на кога нельга глянуць, нікога не выбраць у пару?

- Толькі не Кшыскага! - усклікнуў князь.- Напрамілы Бог, каго хоця, толькі не гэтага цыгана!

- Адкуль у вас такая антыпатыя да яго, князю?

- А адкуль у вас сімпатыя? - спытаў Радзівіл.

- I хто вам пра яе расказаў?

- Мае ўласныя вочы.

- Гэта толькі яшчэ адзін довад, што князь, чым далей, тым болей недабачыць,- рассмяялася панна Зарына,- а чаго не ўгадае, тое прыдумае.

- Хіба цяжка здагадацца, што робіцца з паннай? - прамовіў князь. - Панна хоча выйсці замуж. Але ж можна было знайсці каго лепшага, а не гэтую абсмаленую гала- вешку...

Стала ціха.

- Мой княжа,- загаварыла панна,- марная ўся гэтая наша гутарка, нічога няма, і нічога не будзе, адно толькі князь можа і сябе і мяне выставіць на смех людзям, болей нічога.

Яна задумалася, потым загаварыла зноў:

- Прашу вас, князю, паслухайце, што я скажу. Што патрэбна ад мужа разумнай жанчыне? Імя, сякая-такая маетнасць і такі характар, каб не ўпарціўся і не меў благіх

навычак. Род Кшыскіх стары і паважаны; у яго няма з чаго жыць, але гэта лёгка паправіць, калі пастарацца; упарціцца я б яму не дала, а што да навычак...

- Панна так усё прыгожа разрахавала,- перапыніў князь,- але, як кажуць французы,- хто лічыць без гаспадара, той лічыць двойчы. Гэты Кшыскі, трасца яго ведае хто - ці Кшыскі, ці Крыскі, ці Крыньскі, ці яшчэ хто... маетнасці ў яго - як у дзіцяці ў люльцы... а ягоныя благія звычкі адразу відаць - шэльма, хлус несусветны, а нездарма кажуць - хто маніць...

- Але ж князь яго і раней бачыў, і раптам так узненавідзеў. За што? - спытала панна.

Болей Заблоцкі нічога не пачуў, бо Радзівіл змоўк, а потым зайшла жонка генерала Мараўскага, і гутарка перайшла на іншае.

Увечары Заблоцкі быў у князя, калі ён раздзяваўся, збіраючыся спаць. Радзівіл выглядаў маркотным, яго спрабавалі развесяліць, але дарма. Толькі калі прыдворныя пачалі расходзіцца, князь папрасіў краўчага на часінку затрымацца. Калі яны засталіся ўдвух, князь жэстам паказаў, каб той сеў каля ложка.

- Ты добры чалавек і мой прыяцель,- загаварыў князь.- Я ж - грэшнае стварэнне, не раз гнявіў і цяпер гняўлю Пана Бога, але, павер мне, я ў душы не злы чалавек. Нікому зла не зычу... Тут спее нешта нядобрае, пане каханку,- Цівуноўна наша, не маючы лепшых жаніхоў, намецілася на гэтага трутня... і я нюхам чую, што дабром такое не скончыцца... Шкада кабеціны, пане каханку... Гэтаму Кшыскаму, калі папраўдзе, трэба найперш думаць пра кавалак хлеба, а не пра Цівуноўну. Яму варта падабраць іншую пару, парай ты яму, дружа, якую-колечы панну па ім.

Заблоцкі ўстрывожыўся.

- Ты нешта дрэнна выглядаеш, пане каханку,- скончыў князь.- Ідзі сабе спаць. Дабранач.

Кшыскі вярнуўся з палявання вельмі стомлены. Відаць, яго добра пацягаў па лясах Пузына, што той два дні мусіў адлежвацца, націраўся мазямі, шмараваўся, але ўсё роўна нагамі ступаў яшчэ няцвёрда. Кульгавым пры двары ён паказвацца не захацеў. Панна Зарына даведалася пра тыя ловы, назаўтра паклікала Пузыну і вельмі на яго сварылася. Пузына пераказаў усё князю, і той моцна раззлаваўся. Што намеркавалі, я не ведаю, але думаю, што князь з тымсім параіўся. На трэці дзень, калі Кшыскі падлячыўся і паказаўся ў князевых пакоях, дэкарацыя памянялася, князь сам падышоў да яго і спытаў:

- Што з вамі здарылася, пане каханку? Цэлы тыдзень я вас не бачыў.

- Ваша княская мосць, мы палявалі з князем Пузынам,- нізка пакланіўшыся, адказаў Кшыскі,- і я моцна натрудзіў ногі.

- Трэба было памазаць воўчым тлушчам,- параіў князь.- А рукі не адняліся, пане каханку? Варта было яшчэ пару дзён паляжаць... А можа, пану што трэба?

- Нічога не трэба, апрача ласкі вашай княскай мосці. Я заўжды гатовы служыць вам,- запэўніў шляхціц. Князь падкруціў вус.

- Вы мой дабрадзей, пане каханку,- сказаў так і адышоўся.

У гэты дзень Кшыскі нібы сыр у масле качаўся. Як жа - князь ласкава загаварыў з ім, увесь двор навыперадкі стараўся выказаць яму сваю ўвагу, прылашчыць. Усе, што называецца, танцавалі вакол яго, займалі размовамі, проста дыхнуць не было калі. Ён не чакаў такіх перамен, быў бы рады ўцячы, але не выходзіла. Не паспее ён і кроку ступіць, як ужо нехта падходзіць, загаварвае, і атрымвалася так, што ён не змог нават наблізіцца да Цівуноўны і перакінуцца з ёй хоць бы парай слоў. Усё было нібы разыграна па нотах, ды так складна, што ён, бядак, нават пакрыўдзіцца не мог, наадварот, мусіў яшчэ і дзякаваць. Ён хмурыўся, але дарма; яго не адпускалі да самай начы, узялі ў такую апеку, што нават давялі да кватэры і пакінулі аднаго толькі тады, як ён сабраўся спаць.

Ледзь толькі ён устаў назаўтра, як да яго зайшоў Заблоцкі. Ён быў ужо рады паправіць тое, што напсаваў, але ж праўду кажуць, што ў сто разоў лягчэй учыніць зло, чым яго пазбыцца.

У хацінцы Кшыскага было цесна, краўчы сеў на ўслончык.

- Сумнеў мяне ўзяў, васпане,- пачаў ён,- ці не задаў я вам клопату, калі навёў на думку Цівуноўну? Калі разважыць як след, то відавочна, што з гэтага нічога не выйдзе.

- Пра што вы? - спытаў Кшыскі.- З чаго не выйдзе?

- Ну, з залётаў і жаніцьбы.

- А чаму не? - спытаў шляхціц.- Панна спадабалася мне, яна не выказвае непрыхільнасці, і пры некаторай цярплівасці (і Кракаў жа не адразу збудаваўся) нешта дый выйдзе.

- Нічога не выйдзе, гэта я вам кажу,- запэўніў Заблоцкі.- Дарма толькі час страціце. Але тут паненак процьма, і з добрым пасагам, я для вашэці якраз падабраў адну ўдавіцу...

- Удавіца...- скрывіўся Кшыскі.- Гэта не тое. Хоць хлеб гатовы, але не здаровы.

- Ну што вы!

- А я скажу пану краўчаму адно - або яна, або ніхто.

- Хто? Цівуноўна?

- Ну так...

- Злітуйцеся, я ўжо не буду ад вас утойваць, сам князь некалі быў закаханы ў яе, і пасія да яе засталася... яна таксама...

- Шчэ лепей, пане, шчэ лепей!..- парывіста ўсклікнуў Кшыскі.

Заблоцкі аслупянеў.

- Але ж князь не дапусціць!

Шляхціц пакруціў рукой і засмяяўся.

- Гэта ўжо мой клопат, мая справа. I ў мяне ж ёсць галава на плячах. Пане краўчы, вы падалі мне блаславёную думку, за яе вам будзе мая вечная ўдзячнасць, я вам абавязаны на векі вякоў, але далей я ўжо як-колечы спраўлюся сам.

- Васпан не ведае князя! - спрабаваў перасцерагчы Заблоцкі.

- Так, так, праўда, я згодзен, гэта святая праўда, але ж пры вялікім жаданні чалавек можа многага дамагчыся і многаму навучыцца...- сказаў Кшыскі.- Князь бывае часам грубы, але ўсё ж у яго залатое сэрца...

- Яно ж так,- згадзіўся Заблоцкі.- А раптам - стрэліць і заб'е, і што вам потым з таго, што ён справіць па вас пышную паніхіду і паставіць шыкоўны помнік.

- Не, пане краўчы, да гэтага не дойдзе.

Сказаўшы гэта, Кшыскі абняў Заблоцкага. Той, сустрэўшыся з такой упартасцю, адступіўся. Я ведаю пра ўсё гэта, бо Заблоцкі мне пазней расказваў, і не раз, ды я і на свае вочы бачыў: у краўчага стала нават спакайней на душы, ён адчуў што сустрэўся з перашкодай... і забіў трывогу. Заблоцкаму не абыходзіла, што ягоныя словы, сказаныя жартам, стануць прычынай такіх непрыемных падзей. Ён не ведаў, з чаго пачаць, але разумеў, што ад шляхціца трэба неяк пазбыцца, бо князь незалюбіў яго, больш таго, ён надоўга сапсаваў яму настрой. А ў Нясвіжы ад ягонага настрою залежала ўсё: калі князь быў вясёлы, то ўсе былі ці не на сёмым небе - двор танцаваў, весяліўся; калі ж на панскі твар набягала хмурынка, прыдворных нібы варам аблівала.

Усе адчувалі, што іх гняце гэты цяжар, і ўсе шукалі рады, як ад яго пазбыцца. На той час князь быў ужо не першай, дый не другой маладосці, даваліся ў знакі розныя хваробы, даймала падагра, пра якую стараліся яму не напамінаць, стала горай са зрокам, хоць князь не нудзіў сябе ні чытаннем, ні пісаннем; часам адмаўляліся служыць ногі, а паўната рабіла яго непаваротлівым. А ўсё ж, нягледзячы на гэта, яму, як і ў маладыя гады, калі ён быў закаханы ў княжну Тараканаву (17), у княжну Кінгстан і ў многіх, вельмі многіх іншых, так і цяпер западалі ў голаў нявінныя фантазіі і ўспаміны пра маладосць. Звычайна ўсё канчалася тым, што бедная паненка, якая ўжо не магла схаваць наступстваў княскага захаплення, выдавалася замуж з добрым пасагам, а князя зноў прывабліваў нечы гожы тварык. З князя пасмейваліся родныя, жартавалі сёстры, напамінаў ксёндз Кантэмбрынк, ягоны капелан і спавядальнік, але нішто не дапамагала.

Усе тыя пані і паненкі, у якіх князь быў закаханы хоць адзін вечар, потым заўжды былі ў яго ў вялікай ласцы; аднак жа ні разу не было такога, каб князь вярнуўся да старога кахання другі раз. Праўда, гэта, у асноўным, былі амуры маладосці, таго шчаслівага часу, які залаціць усё, яны, як казалі мне людзі, цягнуліся значна даўжэй і збліжалі каханкаў так, што сямейнікі асцерагаліся, як бы закаханы князь супраць волі радні не ўступіў у мезальянс (18). Трэба ведаць звычаі роду Радзівілаў, каб уявіць сабе, якой немажлівай праявай лічыўся шлюб магната з простай шляхцянкай.

Гэты род ставіў сябе поруч з каралямі, значыўся найважнейшым між шматлікіх княскіх родаў, ганарыўся сваімі крэўнымі сувязямі з многімі манаршымі дварамі.

Не было такой каралеўскай сям'і ў Еўропе з панавалых у тыя часы, якая не была б злучаная хоць бы нават танюсенькай нітачкай параднёнасці з сямействам Радзівілаў, а многія двары былі звязаныя нават дужа цесна. Сярод князёў Рэчы Паспалітай яны мелі мноства сваякоў, а розных дробных каралькоў не толькі раўналі з сабой, але і перасягалі бляскам і зачнасцю. Дык хіба ж нашчадак такога роду мог ажаніцца з беднай шляхцянкай, такое не магло нават у сне прысніцца. I ўсё ж князь быў нешчаслівы ў каханні, таму як мог шукаў суцяшэння, але часцей расчароўваўся, чым суцяшаўся.

Калі ўсё тое дзеялася, жонка генерала Мараўскага з купкай сваіх прыдворных дзяўчат таксама бавіла час у Нясвіжы. Сярод тых дзяўчат князь асабліва вылучаў, што пацяшала ўсіх, панну Ружу Сенявянку. Скажу я вам, што гэта было яшчэ зусім дзіця, ёй, мабыць, яшчэ не споўнілася і шаснаццаці. Яна была невысокая, жвавая, спрытная, смяшлівая, дасціпная, прыгожая з твару і не па гадах абачлівая.

Хто не ведае, што некаторыя з такіх падлеткаў, якіх Бог надарыў спрытам, могуць знайсці спосаб, каб спадабацца мужчынам, асабліва шмат старэйшым. Князь называў яе Ружачкай, увесь двор замілоўваўся ёю. Панна Ружа была дачкой простага аканома, але бацька і маці, а лепш сказаць, якраз маці добра апекавалася ёй. Спачатку яна аддала дачку ў кляштар віленскіх візітак, дзе выхоўваліся дзеці з найлепшых сем'яў. Там яна навучылася і добрым манерам, і некалькім мовам, і свецкаму абыходжанню. Потым, ужо адукаваную, маці ўвяла яе ў світу пані Мараўскай, але ўсё ж наўрад ці можна было спадзявацца, каб дачка пана аканома, нават і выхаваная як шляхцянка, увайшла ў вышэйшы свет. Аднак яна ведала сабе цану, была прыгожай, вельмі хітрай, разумнай, але бессардэчнай, і таму магла далё'ка пайсці. Мараўская не любіла панну Ружу, хоць тая і забаўляла яе. Праз гэтую сваю дзяціннасць яна многае сабе дазваляла, нават з князем часам абыходзілася так, што ў нас аж валасы паднімаліся; адным словам, была яна смелая і бойкая.

А лепей сказаць, што гэта было чарцяня ў вобразе матылька.

Якраз у тыя дні, калі Кшыскі сваімі залётамі да панны Зарыны так устрывожыў князя, бедная Ружачка засталася забытай, князь зусім не зважаў на яе. То, бывала, насіў ёй цукеркі, розныя прэзенцікі, наладжваў дзеля яе забавы, а тут нават перастаў пазіраць на яе. Дзяўчына, не хацела пазбыцца князевай ласкі, бо намецілася з яго дапамогай займець пасаг і добрую партыю, і таму нервавалася. Яе гэтая няпэўнасць вельмі непакоіла. Калі ж і яна даведалася, чаму князь ходзіць хмуры, невясёлы, чаму ён на дух не выносіць Кшыскага, то ў яе галаве зарадзілася нейкая вельмі дзіўная думка, я нават не ведаю, на што яна разлічвала. Па абедзе, карыстаючыся тым, што ёй, як гарэзлівай і смяшлівай увогуле дазвалялася куды болей такога, што каму іншаму не даравалі б, панна Ружа сама падбегла да задуменнага Кшыскага, які адзінока стаяў каля сцяны.

Падбегла, пакланілася і пачала глядзець яму ў вочы, доўга глядзела, аж Кшыскі пачаў канфузіцца. Ён паправіў на сабе пас, прыгладзіў чупрыну, падкруціў вусы, абгледзеў сябе, правяраючы, ці ўсё ў парадку з адзеннем.

А дзяўчына ўсё стаіць і стаіць як укапаная, строіць яму вочкі; урэшце Кшыскі не вытрымаў.

- Дазвольце спытацца, панна Ружа, што вы ўва мне такое асаблівае ўбачылі, чым я абавязаны такому шчасцю?

Ружачка чмыхнула, зірнула на яго і жэстам паказала, каб ішоў за ёй. Вялікая зала была запоўнена прыдворнымі, яны купкамі стаялі каля сцен, а сярэдзіна была свабодная, там можна было гаварыць так, што ніхто не здолее пачуць. Ружа і пацягнула яго ўсярэдзіну, са смехам, жартамі, а потым завяла з ім размову. Яе ніхто не чуў, затое ўсе бачылі, і кожны тлумачыў яе выхадку па-свойму. Шляхціц жа сцяўся, спатнеў, стаяў, нібы прыкуты да ганебнага слупа; дзяўчына ж падскоквала, пляскала ў ладкі, адыходзіла, вярталася, нешта шаптала яму на вуха, гаварыла, спрачалася, і толькі праз паўгадзіны Кшыскі вырваўся ад яе, нібыта пасля гарачай лазні. Вельмі збянтэжаны, ён ціхенька адышоў, зашыўся ў кут і там стаіўся.

Тым часам князь гутарыў з Пузынам, генералам Фрычынскім і некалькімі чужаземнымі гасцямі; ён бачыў усю гэтую сцэну. Я заўважыў, што ён нездаволены, яму аж рымсціла, і, як толькі Ружачка адышлася да іншых паненак, ён адразу падаўся ў той бок. Яна якраз села за кросны і трымалася з такім выглядам, нібыта толькі за імі бавіла свой час і ніякіх конікаў не выкідвала.

- Панна Ружа! - паклікаў яе князь.

- Што пан князь кажа? - спытала яна і падняла галоўку з такім выразам твару, у якім збянтэжанасць межавала з халоднасцю і важнасцю.

- Хіба і васпанна закахалася ў Кшыскага?

- Не, ваша княская мосць, яшчэ не,- адказала дзяўчынка.- Але я ведаю, што князь хоча пазбыцца яго, таму задумала прапанаваць, каб ён ажаніўся са мной, пасля б мы разам зніклі з вашых вачэй...- дадала яна ціха.- I тады б князю нішто не замінала захапляцца чарамі панны Піскульскай,- сказала гэта, апусціла голаў і занялася кроснамі.

Князь склаў рукі за спінай, закапыліў губу і застыў у глыбокім задуменні...

- Ну, калі ўжо мяне нават камары пачынаюць кусаць, пане каханку...- прамармытаў ён сабе пад нос. А панна Ружа старанна займалася кроснамі, на князя не глядзела.

- А што панне Ружы да ўсяго гэтага? - спытаў князь праз якую хвіліну.

- Нам усім даспадобы, калі князь здаровы і вясёлы,- загаварыла яна, не ўздымаючы вачэй.- Вось і я хачу зрабіць нешта дзеля супольнага дабра, паспрабую ўратаваць князя. А найперш князь павінен дзякаваць, што я не спрабую ажаніць яго на сабе. Я гатова выйсці замуж за Кшыскага.

- Ну, гэта ўжо проста нейкая эпідэмія! - усклікнуў князь і засмяяўся, яго гэта вельмі развесяліла.- Але панна, пэўна, не разумее, што гаворыць.

- А чаму не? Чаму? - пачала даводзіць Ружачка.- Я - маладая дзяўчына, князь для такога мужа дасць мне добры пасаг, азалаціць, ну, а я вазьму яго сабе...

- Панна думае толькі пра тое, як азалаціцца, і не зважае, які будзе муж...

- Потым я з яго, ваша княская мосць, зраблю ўсё, што захачу! - засмяялася дзяўчына.

- О, гэта так! - усклікнуў князь.- Вы ўсе можаце нас, як чараўніцы, ператварыць у валоў, аслоў і цялят... Але ж панна Ружачка яшчэ занадта маладая...

- Не! Я ўжо занадта старая, бо гэтулькі ўсяго нагледзелася...- запярэчыла дзяўчына.- Хай князь будзе спакойны за пані Піскульскую, я Кшыскага забрытаю...

- Дарэмна васпанна ўскідвае мне на вочы панну Зарыну,- прамовіў князь.- Я ўсяго толькі яе апякун, ды ў гадах розніца: я ж некалі яе хрысціў.

- Цікава, колькі год было тады князю? - смеючыся, спытала Ружа.

- А як васпанне здаецца, колькі год мне цяпер?

- Папраўдзе сказаць, я не надта разбіраюся, але мне здаецца, што князь не стары...

- А ці вядома вам, панна Ружа,- загаварыў князь, да якога вярнуўся яго звыклы вясёлы настрой,- што я два разы de noviter repertis - нанава народжаны? Першы раз алхімік у Венецыі ў сваім тыглі пасаліў, паперчыў і амаладзіў мяне, але потым я ад вялікіх клопатаў хутка пастарэў. Другі раз я папрасіў амаладзіць мяне графа Каліёстра (19) ў Варшаве адмысловым эліксірам, і я зноў памаладзеў... Калі б не тое...

- А хроснай дачцы пан часам таго эліксіру не даваў? - з'едліва ўсміхнулася Ружачка.

Князь спахмурнеў:

- Панна Ружачка дужа сярдзітая.

- Я проста зайздрослівая,- адказала Ружачка. Ваявода падкруціў вус, падцягнуў пас, паглядзеў у бакі, і тут якраз да яго падышла пані Мараўская, пляснула па плячы і выгукнула сваім густым мужчынскім голасам:

- Няма чаго баламуціць маладых дзяўчат! Ад зялёных ігруш толькі аскоміна...

На тым усё і скончылася, аднак Ружа, якая сапраўды нешта надумала, пачала ўсур'ёз прычароўваць Кшыскага, а той, нібы Бурыданаў асёл (20) паміж двумя меркамі аўса, не ведаў, з якой пачаць. Ен быў асцярожны, стараўся веславаць пасярэдзіне, а ўсё ж выказваў большую прыхільнасць да панны Зарыны, якая заўжды так міла абыходзілася з ім.

Так ішлі дзень за днём, і што далей, то болей князь злаваўся на Кшыскага, падпускаў яму такія шпількі, што звычайны чалавек не вытрываў бы, а таму ані гадкі. Пасярод аднаго з тыдняў князь паведаміў сваім самым адданым і давераным прыдворным, каб яны сабраліся ў яго надвячоркам нібыта для таго, каб параіцца наконт палявання. Але тыя, хто добра ведаў князя, умеў разгадаць ягоны настрой, зразумелі, што тут пахне нечым іншым. Пры дзвярах князь паставіў двух гайдукоў і загадаў, каб яны прапускалі толькі тых, каго ён сам хацеў бачыць у гэты вечар. На стале ўжо выставілі віно, кілішкі, пернікі, пячэнне, розныя салодкія прысмакі. Запрошаных было чалавек дзесяць, адны альбанцы, старая гвардыя, якая прайшла са сваім вожам не адну кампанію. Князь у задуменні мерыў крокамі пакой; калі ўсе пазбіраліся, ён абвёў вачыма гасцей, плюнуў і загаварыў:

- Да чаго ж мы дажыліся, панове? Дрэнь нашы спра- вы: нейкі труцень улез у Нясвіж, і ўжо каралюе, і хоча пад нашым носам рабіць, што яму ўздумаецца. Такога яшчэ не было, пане каханку! Улез гэты прыблуда, немаведама адкуль узяўшыся, гэты спадчыннік Ноя, і вось ужо выбірае сабе паненак, нібы грушкі ў садзе... нібыта ў нас сваіх кавалераў не стае для паннаў і быў патрэбны нейкі канкурэнт, пане каханку! Дакуль жа такое цярпець! А тфу, а сорам, а ганьба! Трэба правучыць яго, панове... дзеля таго я вас і сабраў, каб параіцца - што рабіць? Першы вылез з прапановай генерал Фрычынскі:

- Адлупцаваць яго палкамі ды і выгнаць адсюль! Князь пакруціў галавой:

- Гэта салдацкая прапанова, а нам трэба нешта іншае.

- О! Ваша мосць, князю! - усклікнуў Пузына.-

Ёсць пэўны сродак, яшчэ старапольская штука, ёю мы ўжо не аднаго ўходалі, паспрабуем на ім. Трэба яго спаіць, раззлаваць так, каб выхапіў шаблю, а потым падстроім, нібы ён некага з нас забіў. I ён, як дуж, дасць драла адсюль, баючыся кары.

- Гэта было б няблага,- прамовіў князь.- А ўсё ж ці няма ў цэлым Нясвіжы хоць каго, хто б парадзіў што новае?

Тут усе пачалі ламаць галовы, адзін прапануе тое, другі іншае, але князь на ўсе прапановы толькі круціў галавой: не падыходзіць! Ён доўга ні з чым не згаджаўся, нарэшце ўздыхнуў і прамовіў, звяртаючыся да Пузыны:

- Эх, васпане, мой ты пане каханку, княжа мой, кепскія часы насталі! Падупалі мы розумам... Вось у даўнейшыя часы было каму штось парадзіць... а цяпер нейкі Кшыскі ашуквае нас... нейкі прыблуда ездзіць на нас, а мы баімся, даем яму поўную волю... вось каб тут быў Валадковіч, Рэйтан ці яшчэ хто з маіх колішніх сяброў, яны б нешта прыдумалі...

Ён абвёў нас вачыма, а мы ўсе адчувалі сябе ніякавата пасля такіх слоў.

- Паслухайце тады хіба прапанову Радзівіла,- зноў загаварыў князь.- Адно толькі, хто з вас не пашкадуе часу і сіл для таго, каб такое зрабіць?

- Мы! Мы ўсе! Зробім! - як адзін закрычалі ўсе. - Тады слухайце,- ціха сказаў князь.- Мы выжывем трутня, але спачатку я папрашу вас verbum nobile - нікому ні слова,- каб ніводнай жывой душы не прагаварыліся, нават п'яныя.

Мы прысягнулі, падняўшы ўверх правую руку; князь адкрыў рот і хацеў патлумачыць сэнс сваіх слоў, але нечакана стрымаўся. Памаўчаў крыху, потым сказаў:

- Дзякую каханым маім паном і браццям за прыхільнасць да мяне, за імкненне паслужыць таму, каб не дапусціць страты годнасці роду Радзівілаў... але мой стары розум падказвае мне, што там, дзе дзесяцёра, таямніцы нямашака.

Князь выцягнуў з кішэні вялікую хустку і завязаў на ёй вузельчык.

- Давайце зробім так: у мяне ёсць тры хусткі, на іх дванаццаць канцоў... хто выцягне канец з вузлом, той застанецца ў спісе і будзе ведаць пра задуманае, хто не, той адразу выйдзе, але хоць ён і не ўведае пра таямніцу, аднак будзе слепа выконваць усе даручэнні і слухацца ва ўсім.

На стале ляжалі дзве белыя хусткі, князь склаў іх канцы, навязаў вузлоў, дадаў трэцюю хустку, а потым мы па чарзе пачалі выракаваць наш лёс. Помню, што я ў той чарзе быў трэцім, і мне дастаўся канец без вузла. Я ўжо згарнуўся пайсці, але князь спыніў мяне:

- Выпі на дарогу віна за тое, каб нам пашэнціла... і, пане каханку... ідзі спаць.

Так атрымалася, што вузлы выцягнулі трое: Заблоцкі, Вайнаровіч і Корсак. Астатнія запэўнілі князя, што будуць усімі сіламі дапамагаць яму, і разышліся па кватэрах; я ішоў разам з Мацевічам, і ён, як зараз помню, сказаў мне:

- Мне здаецца, ці не замнога гонару для гэтага Кшыскага,- так важдацца з ім. Князь палюе на яго як на сытага дзіка, а гэта ж усяго толькі нехлямяжы заяц. На тым мы і разышліся.

Назаўтра нас усіх разбірала цікаўнасць, што ж будзе ў нас дзеяцца, але дарма мы настаўлялі вушы і лупілі вочы - нічога новага не было. Толькі ў час абеду недалічыліся Вайнаровіча.

Князь пры ўсіх дапытваўся ў Пузыны:

- Дзе Вайнаровіч? Што з ім? Ці не захварэў?

- Не, ваша мосць. Ён нечакана атрымаў вестку з дому. Там у яго нехта занядужаў. Яшчэ ноччу выехаў.

- А калі вернецца?

- Не сказаў.

Кшыскі нібы прачуваў свой канец. Ён карыстаўся дадзенай яму свабодай і ўвішна заляцаўся да панны Зарыны, але цяпер ужо яму ніхто не чыніў перашкод, ніхто ім не цікавіўся, яго пакінулі ў спакоі. Позна ўвечары Мацевіч, смеючыся, расказваў мне:

- Павер мне, асіндзею, мы ўчора легкадумна разважалі пра таго Кшыскага, а ён чалавек спрытнейшы, чым нам тое здавалася. Перш чым мы яго пратурым, ён упалюе панну Зарыну...

- Як гэта? - спытаў я.

- Сёння я падслухаў іх размову, яны ўжо між сабой паладзілі так, што не разліць вадой.

- Хто?

- Ён і Зарына.

- А дзе гэта асіндзею падслухаў іх?

- Гэта ўжо мая справа, але я табе зараз раскажу пра ўсё, што даляцела да маіх вушэй.

I ён паведаміў мне, што па абедзе, калі ўсе пайшлі ў сад або ў парк, ён убачыў панну Зарыну, якая ў самоце гуляла па алеі, а да яе нібы на rendez-vous - спатканне - прыджгаў Кшыскі. Мацевіч стаяў за грабам і не варушыўся, яго разабрала цікавасць: аб чым яны будуць гаварыць? Кшыскі падышоў нясмела, баязліва, але панна ласкава загаварыла з ім. З чаго пачалася размова, Мацевіч не пачуў, але потым Зарына спыталася:

- Ці ёсць у васпана хто з радні?

- Я такі няшчасны, у мяне нікога не засталося,- адказаў Кшыскі.- У час чумы ўсе памерлі.

- А ці ёсць у пана які маёнтак?

Кшыскі нібыта папярхнуўся, памаўчаў, потым адказаў:

- Ёсць, але за яго мне трэба судзіцца.

- А дзе ё'н?

- На Русі...- Ён уздыхнуў і змоўк.

- А ці займаўся васпан гаспадараннем? Яна нібыта спрабавала спавядаць яго.

- Чаму не! А як жа ж! - усклікнуў Кшыскі.- Шляхціц нараджаецца гаспадаром... у нас гэта ў крыві...

- Ці бываў васпан пры двары?

Тут запанавала маўчанне. Але потым Кшыскі са скрухай адказаў:

- Мушу прызнацца, што нідзе не быў, толькі пры двары турэцкага султана.

Панна кіўнула галавой:

- А што пана прывяло сюды?

Кшыскі задумаўся, потым паклаў руку на сэрца, уздыхнуў і з запалам прамовіў:

- Прачуванне шчаслівага лёсу! Я ўсё сваё жыццё быў вельмі нешчаслівы, і мяне нібы нешта вяло ў Нясвіж у спадзеве, што мяне тут чакае ўзнагарода за мае пакуты... што тут я нарэшце ўбачу сонца...

Панна нічога не адказала, памаўчала, а потым пайшла па алеі і зноў загаварыла, а зацікаўлены размовай Мацевіч мусіў крадком перабягаць ад куста да куста.

- Хто многа пакутаваў, хто доўга цярпеў, той павінен быў многаму навучыцца...- працягвала панна.

- Я не магу пахваліцца гэтым, але спадзяюся на лепшае...

Па вуснах панны Зарыны прабегла ўсмешка.

- Васпан не ў ласцы ў князя?

- Стараюся заслужыць яе...

- Васпану трэба быць сціплым і не нахабным, і не варта спадзявацца на многае...

Пра што яны гаварылі далей, Мацевіч не змог пачуць, але бачыў здалёку, як яны доўга яшчэ хадзілі разам і гутарылі.

Па праўдзе сказаць, прызнаюся ў тым граху, хоць і не ляжала мая душа да Кшыскага, хоць ён і быў мне непрыемны, а ўсё ж чамусьці мне стала шкада гэтага прыблуду, бо я разумеў: нічога добрага з тых захадаў, што распачаліся, для яго не будзе. Калі нясвіжскі князь пачынае сплятаць супраць каго інтрыгу, то яму не пазайздросціш. Не адзін з нас за сваё' жыццё ў Нясвіжы гэта ўведаў.

Некалькі дзён Вайнаровіча не было, але неўзабаве ён вярнуўся. Якраз у той дзень за вячэрай у зале князь голасна спытаўся ў пані Мараўскай:

- А ці знаеш ты, асінжка, каштэлянаву Забжэзіньскую?

- Забжэзіньскую? Пачакайце! Але ж іх род згас. Ужо ніводнага з Забжэзіньскіх няма! Можа, Бжэзіньска?

- Я кажу - Забжэзіньская! - пацвердзіў князь.- Удава Гераніма Забжэзіньскага.

- Якога?

- Хіба ты, асінжка, не помніш яе?

Узгарэлася спрэчка; нехта ведаў аднаго Забжэзіньскага, другі чуў пра іншага, урэшце выявілася, што толькі Вайнаровіч, Заблоцкі, Корсак і сам князь нешта ведалі пра Забжэзіньскую.

- Сорамна вам, панове,- загаварыў князь,- не ведаць пра такі слынны род, пра лёс яго слаўных заступнікаў. Даўней у нас, пане каханку, усякі, нават малады хлапчына, умомант мог успомніць радаводнае дрэва кожнага з найзачнейшых родаў нашага краю, а цяпер усё змарнела... Нотабене (21), пане каханку, пані Забжэзіньская - асоба з ліку найрадавіцейшых, de domo - з роду - Турскіх, у дзявоцтве графіня Дульская... У маладосці яна была вельмі багатая і прыгожая, але страціла бацькоў, і апекуны аддалі яе на выхаванне ў манастыр у Львове; князь Вара- нецкі выкраў яе і ўзяў за жонку. Але іх высачылі, жонку адабралі, шлюб быў прызнаны незаконным, і апекуны аддалі яе за Апалінскага... Яна пражыла з ім паўтара года, потым аўдавела, дзяцей не было. Пасля таго яна ўжо сама, на згоду сэрца, аддала руку нейкаму барону Гормаеру, які праз шэсць месяцаў быў забіты на дуэлі. Па яго смерці яна ўзяла шлюб з Забжэзіньскім, але зноў аўдавела. Вось гэтак яна, калі не лічыць таго мужа, якога не прызнала кансісторыя (22), займела трох ці, можа, трох з паловай мужоў... яна і цяпер, скажу я вам, пане каханку, баба ў целе, вельмі багатая, бяздзетная і, хоць не маладая, але гатова зноў выйсці замуж...

- А чаму гэта пану-брату ўспала на розум гэтая Забжэзіньская? - спытала генераліха Мараўская.

- Ужо ж не без дай прычыны,- адказаў князь.- Яна піша мне, што хоча праведаць маёнтак пад Слуцкам, у якім ніколі не была... і па дарозе, напэўна, завітае ў Нясвіж.

- Сапраўды, цікава было б зірнуць на яе,- прамовіла пані Мараўская.

- Яна глухаватая,- дадаў князь,- ды яшчэ ад сталага смутку пасля чатырохразовага ўдаўства паддалася меланхоліі; недачувае... мала гаворыць... невялікая будзе нам ад яе ўцеха...

На тым і скончылася размова. У Нясвіжы госці бывалі часта, а таму вестка пра прыезд кашталянавай Забжэзіньскай прайшла незаўважанай.

Ледзь паспелі мы ўстаць з-за стала, як Заблоцкі з усмешкай падступіў да Кшыскага і пачаў нахвальваць будучую госцю:

- Чуў? Графіня! Як толькі гэта ўдавіца прыедзе, кідай ты, асіндзею, Зарыну ды падавайся ў жаніхі да Забжэзіньскай! Тут ты не прагапіш, гэта найлепшая пара табе.

Кшыскі толькі паціснуў плячыма, неяк па-свойму скрывіў вусны і пачаў смяяцца, а потым ціха сказаў:

- Годзе, годзе, пане, мне тых паненак! Пакінь мяне, асіндзею, у спакоі з гэтай жаніцьбай!

Заўважылі мы і такую дзіўную рэч: князь цяпер проста не мог абысціся без Кшыскага, часта гутарыў з ім, жартаваў, быў дужа ласкавы, нібыта толькі цяпер упадабаў яго, адным словам, зусім перамяніўся. Кшыскі прыпісваў гэта свайму ўмеламу абыходжанню, уменню паддабрыцца, улашчыць і ні на крок не адыходзіў ад князя. Калі той пачынаў разводзіць свае нібыта праўдзівыя гісторыі, ён дапамагаў, дадаваў нешта ад сябе, удвух яны стваралі дзівосны дуэт, загаворваліся да недарэчнасці, а мы проста клаліся ад смеху. Але часам у разгар гэтай бязмернай весялосці ў вачах князя праблісквала нешта радзівілаўскае, злавеснае. Так праляцела яшчэ колькі дзён. Кшыскі неяк стаў нават радзей завітваць да панны Зарыны, увесь час выдыгваў каля князя, які, з усяго відаць было, хацеў прылашчыць яго, што якраз яму лёгка і ўдалося.

Аднойчы раніцой у замку ўсё прыйшло ў рух. Князь загадаў падаць яму кунтуш з перламутравымі гузікамі, які ён апранаў у час прыёмаў. Мы даведаліся, што к абеду маецца быць тая даўно абяцаная кашталянава, пані Забжэзіньская.

Пасля таго, як была расказаная гісторыя пра чатырох мужоў, кожнаму з нас цікава было ўбачыць яе, нават пані Мараўскай. Перад палуднем з боку мястэчка пад'ехала старая карэта, за ёй некалькі слуг, коні выглядалі дужа зморанымі, світа - нешыкоўнай. Князь чакаў госцю ў сенцах, мы ўсе падышлі для рэпрэзентацыі. З карэты выйшла пані, убраная паводле старасвецкай моды, не сказаць, каб маладая, са зморшчаным тварам, прыгорбленая, не вельмі зграбная, а твар смешна размаляваны рознымі бяліламі і іншай парфумай. Калі прыгледзецца, то можна зразумець, што яна некалі, мабыць, і была вельмі прыгожай, але ад яе красы мала што засталося... Толькі па вачах можна было згадаць пра былы спрыт. Князь падаў ёй руку і праводзіў у пакоі, Мараўская прывіталася з ёй. Яна кланялася... але гаварыла мала. I за сталом мы мала што пачулі ад яе, бо стол быў даўгі, а гаварыла яна ціха. Толькі потым, калі яе пасадзілі ў зале на пачэсным месцы, то адзін, то другі падыходзіў, загаворваў з ёй, і яна неяк асмялела і ажывілася.

Яе вочы так і бегалі па тварах, перш-наперш, мужчынскіх, нібы яна шукала некага для флірту. Але ніхто не думаў заляцацца да старой бабы... Яна разгаварылася з Мараўскай, стала жаліцца ёй, як цяжка кіраваць вялікімі ўладаннямі, як яе абкрадваюць чыноўнікі, якія ў яе страты з тае прычыны, што не жаночая гэта справа апекавацца маёмасцю.

I тут якраз азваўся князь, які стаяў побач:

- Дык ці не самы час вам, пані Забжэзіньская, падумаць пра спадарожніка жыцця, прыяцеля, які б вам у гэтым дапамог?

Тая ўмомант адгукнулася:

- Хіба гэта так лёгка, ваша княская мосць, знайсці сабе прыяцеля? Яшчэ як была маладая ды гладкая, то іншы сказ... а цяпер...

Яна паківала галавой. А я крануў за локаць князя Вайнаровіча:

- Ты нежанаты, а чаму б табе не падумаць пра гэта? Удавіца яшчэ нішто сабе, а яе маёнткі...

- Я на такія функцыі цяпер не кандыдат...- адказаў Вайнаровіч.- У мяне ўжо стае гарохавых вянкоў.

Увечары князь запрасіў усіх да сябе на мёд. У Нясвіжы мёд цаніўся вышэй, чым найстарэйшае віно, гэта быў чысты нектар, яго рэдка падавалі да стала. Князь сам любіў яго і лічыў, што лепшага пітва не знайсці. Сапраўды, ён быў моцны і салодкі, густы, пахучы і проста сам цёк у горла. Тут пачаліся агульныя размовы. Жарты, танцы, забаўкі - аж трэсліся сцены. Вайнаровіч старанна падліваў Кшыскаму, і той добра асалавеў. Раз ён лічыў, што князь яго любіць, то ўвесь час круціўся каля княскага крэсла, забаўляў Радзівіла як толькі мог. Ён ведаў шмат старадаўных песень, бяседных, зухаватых, якіх у нас ніхто не чуў, і мы некаторыя з іх ад яго нават перанялі. Цяпер у мяне на памяці засталася толькі адна:

Гэй, падайце кілішкі!

Трэба выпіць нам крышку.

На душы стала смутна,

А ў сэрцы каламутна.

Трэба смагу наталіць...

Гэй жа, шклянкі нам, шклянкі!

Самы час для гулянкі.

I так цяжка на сэрцы,

Што нядоўга памерці.

Трэба смагу наталіць...

Гэй жа, кубкі нам, кубкі!

Будзем піць без дакукі.

Свет з вачэй прападае,

Потым памяць знікае...

Трэба смагу наталіць...

Гэй, падайце нам вёдры!

Будзем піць мы заўсёды.

Будзем піць, пакуль п'ецца.

А іначай дзе дзецца...

Трэба смагу наталіць...

Гэтую песню ён пяяў і раней, і так яна нам спадабалася, што мы таксама сталі яе пяяць, а яму дзякавалі за тое, што навучыў. Князь нешта мармытаў сабе пад нос, падкручваў вусы і гаварыў да Кшыскага:

- Не надзіўлюся я з вашэці. Пан такі зух, што я не разумею, як з гэткімі талентамі дагэтуль, пане каханку, нідзе не асталяваўся, не ажаніўся, не зрабіў кар'еры?

- Шчасця не было, вяльможны княжа! - сціпла ад- казаў Кшыскі.

- Э! Ды што там шчасце! Тлум адзін - і ўсё! - запярэчыў князь.- Ты, асіндзею, скажы лепей, што не мог адважыцца. А хіба тут, у Нясвіжы, дзе гэтулькі паненак і ўдавіц, пане каханку, харошых, багатых, з пасагам,- ты не можаш дабраць сабе пары?

- Каб жа вашэці князь ды пасватаў мяне! - імгненна знайшоўся Кшыскі.

- Я? Калі ласка! Ты, асіндзею, пэўна, таго не ведаеш, што не хто іншы як я сасватаў партугальскаму каралю галандскую князёўну, а тунетанскаму бею аддаў у жонкі персідскую прынцэсу.

- Я не ведаў пра гэта...

- А каб не перашкодзіў мне адзін нехацімец і не зблытаў мне карты, то я мог бы давесці да ладу яшчэ больш важны шлюб. Я меў намер выдаць гішпанскую каралеву за сына ангельскага караля, але мне перашкодзілі аўстрыякі.- I князь улёг у свае звычайныя фантазіі.- Я і такую штукенцыю мог выкінуць. Маркіза дэль Піро, кому было восемдзесят пяць гадоў і шэсць месяцаў, цюцелька ў цюцельку, сасватаў і ажаніў з баранесай фон Шпэк, якой ішоў шаснаццаты гадок. I што ты, асіндзею, думаеш - яны займелі шэсць душ нашчадкаў. Стары маркіз так памаладзеў, што нават танцаваў менуэт, а жонка чамусь пастарэла і нібы зраўналася з ім, гэта быў най- шчаслівейшы шлюб у свеце.

- Вось каб ваша мосць князь і мне шчасліва высватаў добрую панну...- з паклонам папрасіў Кшыскі.

- Пачакай, асіндзею, усё можа быць, а пакуль сам прыглядайся, да каго твая душа звернецца, толькі май на ўвазе, што не можа голы жаніцца з беднай. Шукай жанчыну багатую, заможную. На яе гады глядзець не трэба, на красу таксама, бо калі вочы прывыкнуць, то і сама Венера, пане каханку, здасца не самай прыгожай... А без грошай жыццё не жыццё. Што да ўсяго іншага, то я адно табе скажу: той мужчына, які перабірае жанчын, шукаючы анёла, ніколі не будзе шчаслівы, калі ажэніцца. Жонку, пане каханку, трэба браць як гліну, з якой рукі мужа павінны вылепіць такую фігуру, якую ён сам захоча... Вось так, пане каханку...

- Дапраўды, вы, ваша княская мосць, вялікі мудрэц і філосаф! - усклікнуў, склаўшы рукі, Кшыскі.

Князь зірнуў на яго і ўсміхнуўся.

- А ведаеш, асіндзею, што я табе скажу? Гэтую мудрасць я пачуў ад простага вясковага мужыка, толькі забыўся, ад якога.

Кшыскі паківаў галавой; ён больш нічога не сказаў, але з ягонага твару відаць было, што ласкавае абыходжанне князя дадало яму адвагі і імпэту. Князь быў у такім добрым гумо- ры, якога апошнім часам даўно не было, мы былі гэтым дужа ўсцешаны... і вечар праляцеў як адно імгненне.

На наступны дзень мы даведаліся, што пані Забжэзіньская, якая ўжо мелася ад'язджаць, засталася ў нас яшчэ на некалькі дзён, паддаўшыся на ўгаворы князя дый пачуваючыся не вельмі здаровай. Спачатку яна была маўклівая, але спакваля прызвычаілася і стала ахвотней уступаць у размовы, асабліва яна любіла весела пагаварыць з мужчынамі. Жанчына не манерылася, яна была надзвычай арыгінальнай у абыходжанні, бо, нягледзячы на высокае паходжанне і свецкае выхаванне, паводзіла сябе проста, не пыхліва, што было для нас дзівам. Першы раз у жыцці бачыў я такую вялікую паню, якая б піла гарэлку перад абедам, праўда, малым кілішкам. Яна з ахвотай слухала вясёлыя анекдоты, смяялася, сама смела расказвала нешта смешнае. Князь дапамагаў ёй. Я ўжо не помню, у які дзень і з якой нагоды князь сам пазнаёміў яе з Кшыскім, які стаяў воддаль і слухаў.

- Хачу пазнаёміць пані дабрадзейку з цікавым чалавекам, якога шчаслівы выпадак прывёў у Нясвіж... Гэта пан Кшыскі з Русі, шляхціц, вялікі падарожнік. Быў у Стамбуле, прывёз для нясвіжскіх вінных скляпоў бутэльку віна, вырабу, не паверыце, самога патрыярха Ноя... Я паклаў яго ў скарбніцу як дарагую рэліквію. Пан Кшыскі - чалавек бывалы, абыходлівы і мілы, ён шмат чаго бачыў і шмат чаго ўмее... Калі б пані Забжэзіньская захацела мець amanuensa - сакратара, або ўпаўнаважанага...

Кшыскі кланяўся, разгінаўся і зноў згінаўся, біў ёй паклоны некалькі разоў. Мы бачылі гэта здаля, і нам здавалася, нібыта нехта торгаў за ніткі ляльку ў батлейцы, гэтак смешна і дзіўна ён кланяўся. Забжэзіньская тут жа зацікавілася шляхціцам і завяла з ім доўгую гутарку. Князь неўпрыкмет адышоўся, а яны засталіся ў невялікай купцы прыдворных, дзе Кшыскі, як наняты, дзейкаў пра Канстанцінопаль, Усход, султана... Забжэзіньская пляскала ў далоні, паўтарала: "Дзіва! Дзіва!" З усяго было відаць, што гэты "пілігрым" захапіў яе сваімі прыпавесцямі пра Усход, пані ніяк не хацела адпускаць яго ад сябе.

А назаўтра пані зноў падазвала да сябе Кшыскага, ледзь толькі той паказаўся ў зале, і слухала ягоныя новыя байкі, цалкам адасобіўшыся ад іншых прыдворных. Мы ўсе не мелі такога шчасця. Увечары і ў наступныя дні ўсё паўтарылася. Мы не маглі ўцяміць, падабалася Кшыскаму ўсё гэта ці не, па ім не відаць было, ці рады ён такой увазе, але заляцанні да панны Зарыны перапыніліся... Аднак хітры хлопец здолеў павесці сябе так, каб нельга было падумаць, што ён здра- дзіў панне Піскульскай. Ён заўжды на хвілінку вырываўся да яе, яны шапталіся, і ён зноў дапамагаў забаўляць госцю, а панна Цівуноўна не трымала на яго злосці. Князь зводдаль пазіраў на ўсё гэта... I вось аднаго разу ён узяў Кшыскага за пятлю ад гузіка і павёў да акна, ля якога я стаяў.

- Мой ты Кшыскі, пане каханку,- загаварыў князь,- ці ты сляпы, ці ёлупень?

- Чаму так?

- Хіба ў цябе вачэй няма, і ты не бачыш, што Забжэзіньская ў цябе дужа закахалася.

Кшыскі зірнуў на князя. Ягоныя бровы ўзляцелі аж на сярэдзіну лоба, потым зноў апалі; ён скрывіўся, паціснуў плячыма.

- Не трэба так жартаваць, княжа...- выціснуў ён.

- Якія там жарты! Васпана неспадзявана шчасце напаткала! Давай, увіхайся каля яе жвавей! Дзеля дружбы з панам я затрымаю яе тут, а ты старайся як можаш. Калі ж убачыш, што ўсё гатова, скажаш мне. Бо можа стацца, не дай божа, што ты пачуеш ад гэтай кабеты і нештачка такое, што будзе неўпанараў... нічога... вып'еш, закусіш - і пройдзе. А што як удасца? Падумай... пане каханку. Кшыскі задумаўся, доўга не мог падабраць слоў, а таму спачатку толькі развёў рукамі.

- Князь дужа добры да свайго слугі,- нарэшце зноў загаварыў шляхціц,- але я не такі безразважны і неас- цярожны, як здаецца. Высокія парогі не пад мае ногі... да таго ж, княжа, у мяне няма вялікай хоці да ўдавіц...

Ваявода стаяў побач з ім і пакручваў вус.

- Ведаеш што, Кшыскі,- прамовіў ён,- я ніколі не думаў, што ты такі боўдзіла! Увесь двор бачыць, я табе прысягаю, што баба ўняхалася, а ты - як сляпы.

Кшыскі пакруціў галавой. Па ягоным твары блукала нейкая дзіўная ўсмешка, здавалася, што ён іграў у камедыі і сам то ледзь трываў ад смеху, то зноў напускаў на сябе важнасць і гаварыў з развагай:

- Ці варта спяшацца? Бо смерць і жонка гэта як нака- наванне. Калі ўжо fatum мой такі... то мне яго не мінуць. Князь пакруціў вус.

- Як сабе хочаш, пане каханку...

Прыдворныя бачылі і чулі, што тут дзеялася, і таксама нападалі на небараку, сваталі яму старую ўдаву і паджыгвалі Кшыскага, каб быў смялейшым. А Кшыскі выглядаў, нібы загнаны паляўнічымі дзік, які стаіць, на- ставіўшы іклы, збіраючыся адважна бараніцца. Ён прарываў заслону і як толькі ўдавалася падысці да Цівуноўны, загаворваў з ёй.

Князь бачыў гэта і ўсё больш змрачнеў.

- I што ён за дурань, пане каханку,- звярнуўся Радзівіл да Вайнаровіча.- Учапіўся ў яе - і ні з месца.

Хоць і салодкі кавалак, а не праглынуць яму.

- Пакіньце яго ў спакоі, князь,- адказаў Вайнаровіч,- хай усё ідзе сваім парадкам, урэшце ж на ўсё некалі ды будзе рада...

Так, у спробах ажаніць Кшыскага, прайшоў тыдзень, але нічога не выходзіла. Мы падумалі, што ён змовіўся з Зарынай, а таму і трымаўся так спакойна, з вясёлым тварам. А пані Забжэзіньская, што далей, то ўсё болей выказвала Кшыскаму знакі ўвагі, і ён штодня мусіў расказваць нешта яшчэ пра Стамбул і пра султана, але рабіў гэта ўжо так, нібы адбываў паншчыну і не паказваў сваіх пачуццяў беднай кабеце. Мы заўважылі і тое, што калі Мараўскай і прыдворных дам побач не было, а заставаліся адны мужчыны, Кшыскі пачынаў несці лухту, прыдурвацца, а аднойчы як бы незнарок абліў пані Забжэзіньскую нечым тлустым, ледзь нас усіх не перапалохаў, але яна перавяла ўсё на жарт і не злавала...

Тады князь зноў распачаў атаку на Кшыскага, пераконваў яго, што ён не разумее свайго шчасця. Для размовы ён выбраў хвіліну, калі ўсе былі ўнізе ў зале, што побач з княскай спальняй, а сам загадаў запрасіць Кшыскага ў свой пакой, потым падышоў я з Заблоцкім і Вайнаровічам. Князь паклікаў нас, відаць, для таго, каб паказаць, як ён возьмецца за шляхціца. Але ўсё пайшло наперакасяк.

Кшыскі нібы загадзя ведаў, што яго паклічуць, увайшоў спакойны, упэўнены ў сабе. Князь сеў насупроць, недалёка ад дзвярэй.

- Ну што, васпане, ці не пара мне паслужыць за свата?

Надумаўся? Забжэзіньская закахалася, дык чаго цягнуць?

Як ты думаеш...

- Я думаю, што мог бы прапасці праз яе,- перабіў князя Кшыскі.

- Чаму гэта? Як? Што такое, пане каханку?

- Гэта таямніца,- адказаў Кшыскі.

- Якая? Што табе наснілася? Кажы хутчэй, пане каханку!

- Хай толькі ваша княская мосць дасць мне слова, што не будзе злавацца.

- Кажы, кажы, пане каханку...

Кшыскі кашлянуў і стаў у такую позу, нібы збіраўся танцаваць або гаварыць казань.

- Ваша княская мосць,- пачаў ён,- нядобра гэта, калі над адным са славуцейшых у краіне двароў спрабуюць пасмяяцца... А яно да таго ідзе... Баюся я, што князю пагражае прыніжэнне, рыхтуецца чорная інтрыга, накіраваная супраць вашага спакою, а можа, і кішэні...

- Дзе? Хто адважыўся? - перапыніў яго князь і ўстаў.

- Я, ваша мосць, многа цягаўся па Літве,- працягваў Кшыскі,- бывала, што там-сям і сядзеў... пазнаё'міўся з самымі рознымі людзьмі... Ці паверыце, ваша княская мосць: у Слуцку па смерці досыць багатага шаўца засталася ўдава Забжэзіньская, вядомая авантурыстка. I вось яна мела нахабства з'явіцца ў Нясвіж у абліччы пані кашталянавай, каб жорстка пажартаваць з майго добрага пана і дабрадзея... На шчасце, яшчэ...

Ён не паспеў дагаварыць, як князь уласнай рукой закрыў яму рот і злосна закрычаў:

- Маўчы, труцень! Маўчы, або я...

Кшыскі змоўк... Ваявода павярнуўся да нас бледны, раззлаваны, яго нібы калаціла ў ліхаманцы. Ён даў знак Вайнаровічу, каб той ішоў з ім у спальню. Але Вайнаровіч згроб на бярэмя Кшыскага, які стаяў зусім спакойны, не збянтэжаны, падкручваючы вусы, і павалок яго ў кут. Іх размовы мы не чулі, хоць відаць было, як яны вінавацілі адзін аднаго, але да сваркі не дайшло. Адзін наскокваў на другога, яны махалі рукамі, гарачыліся, спрачаліся. Кшыскі выкручваўся, здавалася, што ён зноў разыгрываў нейкую камедыю. Нарэшце яны нібыта прыйшлі да згоды. Вайнаровіч прашаптаў яму нешта на вуха, яны як быццам паразумеліся і спакойненька так разышліся. Пакідаючы спальню, шляхціц прайшоў каля князя, адбіў яму глыбокі паклон і знік з вачэй. Мне пасля гэтай размовы пра шаўца і ўдаву таксама нешта цюкнула ў галаву, я схапіў Вайнаровіча за крысо і прыпёр яго ў кутку.

- Расказвай! У чым тут рэч? Усё кажы, як на споведзі!

- Што тут казаць? Проста нейкае насланнё, нешчаслівы лёс закінуў да нас гэтага Ноевага спадчынніка... Ты і сам можаш дапетрыць... князь хацеў пажартаваць з яго, а гэты валацуга нешта ўнюхаў... Вядома ж, мы сумысля прывезлі сюды гэтую ўдаву Забжэзіньскую... не можа быць, каб ты пра яе не чуў... Яна шляхцянка (іначай яе не пасадзілі б за адзін стол з князем), выйшла замуж за збяднелага шляхціца, які гандляваў ботамі на Русі. Гэта была дужа шустрая баба... растраціла ўсе грошы, што мела... Хацелі ажаніць яе з Кшыскім... ды не выйшла...

Вайнаровіч быў у роспачы, што яны ўтрох, ды яшчэ разам з князем, задумалі такі цудоўны жарт, а ён не ўдаўся. Хацелі выжыць Кшыскага, ды не выйшла.

Мы ніколі яшчэ не бачылі князя такім сумным і ўстрывожаным... Ён адно толькі бегаў і шаптаў усім, каго спатыкаў: "Пільнуйце Кшыскага, каб не збег, бо ён зняславіць Нясвіж... не выпускайце яго напрамілы Бог, хай сабе ён да труны прасядзіць пад замком". Але шляхціца зусім не трэба было пільнаваць, бо ў ягонай галаве і думкі не было ўцякаць, меў розум нікому ні слова не сказаць пра сваё адкрыццё. Наадварот, каб ніхто нічога не западозрыў, ён пайшоў да гэтай падстаўной кашталянавай і забаўляў яе не адну гадзіну. Па абедзе сядзеў з ёй яшчэ раз... Пажадаў добрага сну Цівуноўне і разам з намі падаўся да свайго панадворка. Князь загадаў прыставіць да Кшыскага сваіх ахоўнікаў, бо баяўся, каб той не ўцёк і не вынес гэтую гісторыю за сцены замка.

Радзівіл не адчуваў сораму за свой жарт, але быў незадаволены, што гэты прайдзісвет абвёў яго вакол пальца. Мне потым пераказвалі, што ё'н сядзеў з Пузынам аж да поўначы, усё ўздыхаў і наракаў на сваіх нягеглых памочнікаў, на долю, якая яго спасцігла, на тое, што яму ніколі не шанцавала, што род Радзівілаў падупаў... Зразумела, што шляхціца, які разгадаў змову, трэба было ўмасліць: прылашчыць, нечым дагадзіць... лепш за ўсё, вядома, было б ажаніць яго на Зарыне, але якраз гэтага і не хацеў ваявода.

Назаўтра ўранку, калі ў замку яшчэ ўсе спалі, Забжэзіньская знікла... Было абвешчана, што яна паздаравела і паехала па сваіх вёсках. Сакрэт ведалі ўсяго некалькі чалавек, яго можна было захаваць... Кшыскі прыйшоў на абед як і заўсёды, але стаў воддаль, трымаўся сціпла і паважна, наперад не вылазіў.

Калі князь праходзіў паўз яго, то на нізкі паклон адказаў адно тым, што кіўнуў галавой. Шляхціц, нібы незнарок, заняў месца далей ад князя. Пра знікненне Забжэзіньскай пры двары хадзілі розныя чуткі, а гэта магло даць падставу для непажаданых размоў за сталом. Князь хацеў унікнуць іх, дык адразу, як селі, пачаў адну са сваіх дзівосных гісторый, а пра што іншае нікому і аказацца не даў. Калі хто спрабаваў уставіць нешта сваё, князь адразу хіліў на звыклую тэму і гэтак шчасліва дацягнуў да той хвіліны, калі пара ўжо было ўставаць з-за стала.

Ніколі яшчэ Кшыскі не выглядаў такім сціплым і ціхім, да таго ж як бы заспакоеным. Мы са здзіўленнем глядзелі на яго і ўпэўніваліся ўсё болей, што ён быў чалавек абачлівы, умеў абараніць сябе. Мне нават падумалася, ці не ўмаслілі яго ўжо, але я памыляўся, бо з учарашняга дня ніякіх навін не было. Панна Цівуноўна таксама сядзела за сталом, вельмі вясёлая, і нібыта не звяртала ніякай увагі на свайго прыяцеля, але з усяго было відаць, што паміж імі ўсталявалася нейкае паразуменне. Я мушу прызнацца ў граху цікавасці: калі ўбачыў, як яны ідуць у другую залу, то стаў так, каб можна было падслухаць, пра што яны будуць гаварыць. Не буду ўтойваць: я тлумачыў свае паводзіны тым, што рабіў гэта дзеля інтарэсаў князя, а не ад сваёй слабасці. Яны спачатку пра нешта шапталіся, і я не мог нічога падслухаць, нарэшце пачуў, як Кшыскі сказаў:

- Не разумею.

- Пан не хоча сказаць мне ўсёй праўды,- загаварыла Цівуноўна.- Я з тых людзей, якія могуць задаволіцца нават нямногім, але цярпець не магу маны. Прашу васпана сказаць мне ўсю праўду пра сябе, бо я павінна яе ведаць.

- Пытайцеся, я даю слова шляхціца, што не зманю,- запэўніў Кшыскі.

- Дзе, васпан, нарадзіўся, і ці праўда, што паходзіш з тых самых Кшыскіх... пра якіх казаў князю?

Шляхціц памаўчаў.

- Так, я Кшыскі, магу паказаць метрыку, там запісана пра маё нараджэнне... у тым, што я не шляхціц, мяне ніхто не зможа ўпікнуць... а тое, што быў бурсаком у Львове, дык гэта ж не ганьба...

- У пана ёсць радня?

- Яна вымерла...

- Уся?

Кшыскі маўчаў.

- Кажы мне, пане, усю праўду.

- Амаль што ўсе... засталася адна сястра, яе можна не лічыць... бо я адрокся ад яе. Яна выйшла замуж за мешчаніна Тучака.

- Фэ! - вырвалася ў Цівуноўны.

- Яе цяжка было б утрымаць нават на ланцугу...- уздыхнуў Кшыскі.- ...I цяпер мы не знаемся... муж яе - вядомы купец і багаты чалавек, армянін...

- Больш нікога ў васпана няма?

- Аніводнай жывой душы...

- I дзе ж, васпан, дагэтуль бавіў час? - пацікавілася Цівуноўна.

- Э! Ды па ўсім белым свеце! З розных місак давялося паесці. Праўду сказаць, пачаў я з семінарыі, два гады пабыў паслушнікам ды адчуў, што няма ў мяне схільнасці да духоўных спраў... Давялося збегчы... I ў войску я служыў, аднак там нешта не заладзілася таксама...

Паспрабаваў гаспадарыць, але град і засуха пусцілі мяне з торбай... Быў прыдворным у князя ваяводы, з ім трапіў у Стамбул... а там мяне напаткала бяда...

Кшыскі горка ўздыхнуў.

- Панна Зарына, дабрадзейка мая, Богам прашу, павер мне: я не такі благі, як здаецца,- горача пачаў запэўніваць Кшыскі.- Я чалавек не злы, але адзін нядобры выпадак стаў прычынай таго, што я пачаў пагарджаць людзьмі, надумаў лупіць з іх скуры, гэтак жа як яны злупілі скуру з мяне. Я прыйшоў да высновы, што на свеце лягчэй пражыць хітрасцю і ашуканствам, чым праўдай і дабрачыннасцю; хоць я і не збочыў з добрай дарогі, ды ўсё ж займаўся падманам... але... але...

- Але што? - настойвала Цівуноўна.

- Калі я страціў любасць да людзей... я перастаў іх шкадаваць і падманваў іх як умеў...

Панна запытальна і неяк ганарыста зірнула на яго. - Тлумач, пане, больш зразумела.

- Ды што там - аціраўся пры дварах, прыслугоўваў... Хітрыкамі чалавек часам можа больш зарабіць, чым рупнай працай. Аднак жа,- дадаў ён,- калі б нада мной заззяла светлая зорка, я мог бы вярнуцца да ранейшых сентыментаў...

- Дык што пану замінае?

- Нядоля,- адказаў Кшыскі.

- Пачакайце, а можа, ёсць выйсце? - Яна памаўчала крыху, і, нібыта асмеліўшыся, загаварыла: - Споведзь за споведзь... я таксама вінаватая перад панам... I мой лёс не з лепшых, хоць і выдае шчаслівым. Людзі заўжды лічылі мяне шчаслівай, а я такой ніколі не была. Васпан спадзяецца выправіцца, а я, напэўна, не змянюся ніколі... у мяне гордая душа, і я не магу стаць дабрэйшай сэрцам... не магу перамагчы сябе. Тыранкай я не буду, але і служанкай не хачу быць. Калі вы, васпан, думаеце, што я закахалася ў вас, то лепш гляньце ў люстэрка. Але мне трэба выйсці замуж, не жыць жа вечна з ласкі ў чужым доме. Я магла б пасяліцца ў брата... але хачу мець уласны дом і гаспадарку... I я выбіраю васпана, а ведаеце, чаму? Таму што вы пакаштавалі гора, і я спадзяюся, што вы будзеце больш цаніць лепшы лёс, а той, якая вам падала руку, не адплаціце няўдзячнасцю... Што, васпан, скажаце на гэта?

- Я згодны на ўсё! - запэўніў Кшыскі і пакланіўся.

- З яго мосцю князем я пагавару сама,- дадала Цівуноўна і працягнула яму руку, якую ён узяў у сваю і пацалаваў.- Будзь, васпан, спакойны...

На тым яны і разышліся...

Князь у зале расказваў свае дзівосныя гісторыі, стоячы каля стала. Апошнімі днямі ён спахмурнеў, быў невясёлы. Таму нас асабліва зацікавіла, што ён зноў апавядаў усёй кампаніі вясёлую гісторыю. Пад тое ён час ад часу кідаў позіркі на Цівуноўну.

- Усе вы, панове, ужо ведаеце, што я аднойчы паплыў у Гішпанію, ды карабель разбіўся на скалах каля афрыканскіх берагоў. Нас вылавілі з мора агромністым невадам тамтэйшыя піраты і ўзялі ў палон. Якраз вельмі прыдалося тое, што я некалі служыў кухарам у пані Галецкай, таму мяне ўзялі на кухню ў сераль бея, і я не галадаваў. Там, пане каханку, раслі вялізныя арэхі, і мы з панам Валадковічам, які таксама апынуўся ў палоне і быў садоўнікам, выгрызлі мякаць, а з лупіны зрабілі сабе лодку і падаліся ў плаванне па моры.... На шчасце, дзьмуў спадарожны вецер, які вынес нас на востраў, што называўся Сільвія, недалёка ад валашскага берага... Я паслаў Валадковіча да мясцовага князя паведаміць яму, хто мы такія, адкуль прыплылі. Вяртаецца Валадковіч і кажа мне, што мясцовы князь памёр, пасля яго трон заняла князё'ўна Арола, якая якраз шукае сабе мужа... Прызнаюся вам, пане каханку, адразу падумаў: і я ж магу быць за кандыдата ў каралі. У прыбярэжным мястэчку я знайшоў шаўца, які некалі працаваў у Нясвіжы ў Лейзара, той пазычыў мне такі-сякі парадны гардэроб. I вось мы з Валадковічам з'яўляемся пры двары каралевы Аролы. Скажу я вам, пане каханку, ніколі за ўсё жыццё не бачыў я прыгажэйшай жанчыны. Ну, вядома ж, закахаўся па самыя вушы... на сваю бяду... Прынялі нас з вялікай пашанай; адвялі пакоі ў палацы, пачаліся баляванні, асамблеі (23), тэатр, музыка, найлепшыя гатункі віна, але князёўна - нібы з лёду. А я ледзь не ашалеў ад вялікага кахання. Мой твар выдаваў мяне, пане каханку, як жа інакш. I вось аднойчы, калі я пісаў вершы, падходзіць да мяне іх вялікі ахмістр, якому я вельмі спадабаўся... і кажа:

- Дарма вы, ваша княская мосць, марнуеце сваё здароўе гэтым палкім каханнем, усё гэта без толку... У князёўны ўжо ёсць палюбоўнік, яна даўно сама яго выбрала, я вам заўтра пакажу, як ён выглядае.

Мяне разабрала вялікая цікавасць: хто ж ён, гэты шчаслівы? I ведаеце, хто гэта быў? Кульгавы і сляпы на адно вока дробнапамесны шляхціц. Вось такія яны, пане каханку, гэтыя жанчыны, ніколі не ўгадаеш, што за фантазіі заступаюць ім часам у голаў...

Але ўсе гэтыя ягоныя намёкі былі марнымі... праз пару дзён па ўсім двары разнеслася чутка: пан Кшыскі абвясціў, што жэніцца з паннай Цівуноўнай. I я зразумеў, што нас чакае вяселле, не горшае, чым некалі ў паненак Выгоўскіх.

Мне давядзецца яшчэ раз паўтарыць, што той, хто не ведаў Нясвіжа, не бачыў Радзівілаўскай пышнасці, той ніколі не зможа ўявіць сабе, наколькі цудоўным магло тут быць вяселле прыдворнага, дальбог, не горшае, чым у тых, хто насіў княскія тытулы.

У абаіх маладых не было родных, а таму панне Цівуноўне служыла пасажонай маткай Мараўская, а пасажоным бацькам маладога выступаў сам князь Караль, які з усіх сілаў стараўся паказаць, што ён не шкадуе аддаць былой каханкі. Панна Зарыны мела дзесяць тысяч злотых, якія яна атрымала разам з пенсіёнам, да гэтага ў якасці пасагу яна адзержала неблагую вёску на Случчыне, якая пры гаспадарлівым кіраванні магла б штогод даваць паўтары тысячы дукатаў прыбытку. У гэтай вёсцы, якая называлася Тышова, не было іншай сядзібы, апрача фальварка аканома. Але князь Караль аддаў патаемны загад, каб за чатыры тыдні выбудавалі палац. З княскіх лясоў выдзелілі дрэва, паслалі цесляроў, і вось ужо на пагорку каля рэчкі Тышоўка вырас хорам на дзесяць пакояў, з вялікай залай, адбудаваны, абладаваны, застаўлены дыхтоўнай мэбляй. Усюды ўсяго ставала, каб і выпіць, і паесці, і з прыемнасцю адпачыць. Гэтыя клопаты ўдалося ўтрымаць у сакрэце, гаварылася толькі пра рэстаўрацыю фальварка, і маладыя даведаліся пра сваё шчасце адно тады, калі разам з гасцямі прыехалі ў свае ўладанні.

Вяселле згулялі паводле старадаўных звычаяў, з усімі належнымі цырымоніямі; аднак князь прыехаць не захацеў, сказаў, што хворы, а насамрэч яму было шкада Зарыны, а можа, проста сваіх добрых успамінаў пра яе. У дзень вяселля і яшчэ нейкі час пасля яго, Радзівіл хадзіў невясёлы, спахмурнелы, усё ўздыхаў, расказваў розныя анекдоты пра здрадлівасць жанчын і падман чыстых душ. Бадай што ў кожнага з нас па некалькі разоў ён пытаўся: "А скажы ты мне, пане каханку, як яна магла выбраць гэтага вэнджанага печкура? Я ніколі не думаў, што яна так не разбіраецца ў людзях..."

Кожны з нас адказваў яму як умеў, кожны стараўся развеяць ягоную тугу, але дарма: ён хадзіў смутны і безуважны да ўсяго. Яму не ставала яе твару за сталом, бракавала ціхай гутаркі. Я думаю, што ўспаміны пра лепшыя часы робяцца тым болып дарагімі, чым далей ідзе чалавек па дарозе жыцця...

Старалася нечым забавіць яго і Ружачка, але і ў яе нічога не выходзіла, пан Караль глядзеў на яе безуважна, панура слухаў, усміхаўся. Потым пагладзіў яе па падбародку і сказаў: "Усе вы такія, і пакіньце вы мяне ў спакоі..."

Аднойчы раніцой (толькі я сабраўся выйсці са стайні) чую галас на панадворку - шум, бягня, крыкі - і не магу датумкаць, што здарылася... Пытаюся, у чым рэч, і мне адказваюць, што князь захацеў аб'ехаць фальваркі, загадаў запрагаць коней.

У Нясвіжы так вялося заўсёды: нават калі б князь сярод ночы загадаў запрэгчы шасцёрку цугам у адзін квадранс, і то конюхі не падвялі б, бо пільнавалі цэлыя суткі; увесь час напагатове былі адзін-два выезды, калёсы падмазаныя, людзі апранутыя. Вось і цяпер - толькі князь загадаў, як ураз усё было гатова. Чую, ужо і мяне клічуць ехаць разам з князем. Ён любіў часам адпальваць такія штукі. Нібы не ведаў, як цяжка сабрацца ў дарогу так хутка. Я ледзь паспеў пераапрануцца і загадаць падаць сабе каня, а князь-ваявода ўжо стаяў на ганку і махаў хусцінкай, каб яму падавалі карэту.

Я зірнуў на князя і здзівіўся: збіраліся ездзіць па фальварках, а князь стаяў апрануты як для візітаў; дзеля аканомаў ён звычайна так пышна не ўбіраўся. Выязджаем з мястэчка за грэблю. Вазніца пытае: "Куды?" - "У Тышова"... Я скеміў: затужыў князь па Зарыне. Была ў Нясвіжы і яшчэ адна завядзёнка: калі князь збіраўся недзе быць, то заўжды, хай сабе нават сакрэтна, загадзя давалі ведамасць, каб князь не заспеў шляхціца знянацку, каб той меў час падрыхтавацца. Але гэтым разам было ўжо позна, ніякім спосабам не папярэдзіць гаспадароў; прыдворныя павінны былі знаходзіцца пры асобе князя, адлучацца крадком ім не выпадала. "Ну што ж,- думаю,- будуць яму сёння асаблівыя адведзіны, калі ён наедзе знянацку і заспее гаспадыню ў дэзабілье, а гаспадара заспанага". Бо Зарына хоць і была выхаваная ў панскіх палацах і пражыла там нямала гадоў, але ж яна займела сваю гаспадарку, то магла, як гэта звычайна і бывае, аддаваць ёй увесь свой час.

Ехаць да Кшыскіх трэба было даволі доўга. Стаяла спякота, і мы двойчы спыняліся адпачываць. Нарэшце паказаўся той новы двор, але вакол яго ўсё нібыта вымерла - нідзе ніводнай жывой душы. Князь зірнуў раз, другі, а фурман ляскае бізуном - і хоць бы хто выйшаў паглядзець, што там дзеецца. Дзіва, дый годзе!

Заязджаем на дварышча, прыдворныя выводзяць князя з каляскі, а прывітаць яго ніхто не спяшаецца. I толькі калі адчынілі дзверы ў сені, увайшла сама яе мосць гаспадыня з падносам у руцэ, а на ім хлеб-соль, нібыта яна загадзя ведала, каго ёй давядзецца вітаць.

Яна была адзетая па-вясковаму, але ўсё было гожа і да твару ёй: белая сукенка, белы чапец, аздоблены стужкамі, і болей нічога. Здавалася, яна нават памаладзела. Я не даў бы ёй і трыццаці гадоў. Відаць, вясковае паветра пайшло на карысць. Зарына пакланілася князю ледзь не да каленяў і кажа:

- Ваша княская мосць тут гаспадар і пан, будзьце ласкавы, прыміце ад слугі вашай паводле старадаўнага звычаю каля новага парогу хлеб і соль.

Князь нешта прамармытаў, пацалаваў ёй руку. Але выглядаў ён невясёлым. Я не паверыў бы, каб хто сказаў, але сам бачыў, што слёзы паказаліся ў ягоных вачах. Ён разгледзеўся на бакі, шукаючы гаспадара, яму палягчэла, калі ён яго не ўбачыў. Не спытаўся, дзе ён, Зарына таксама нічога не сказала. Зайшлі ў залу... Убранства ў ёй было не шыкоўнае, не багатае, але ўсё выглядала дагледжаным, чыстым і ўтульным. Гаспадыня спыталася ў князя, ці еў ён і ці не захоча падсілкавацца; а мы якраз усе былі галодныя... князь жа нічога не адказаў. Зарына павярнулася і выйшла...

- А што, панове, - сказаў князь, - усё ж добра, што мы не заспелі тут таго цыгана.

Толькі ён гэта вымавіў, як адчыняюцца дзверы, уваходзіць у белым касцюме, чорных юфтавых ботах, з саламяным капелюшом у руцэ сам гаспадар і падае князю ў ногі - той аж адскочыў. Усе вырачылі вочы: далібог, сам Авідый не выштукаваў бы такой метамарфозы! Бо тая смешная пачвара, круцель той, цыган той выглядаў зараз зусім прыстойным чалавекам, яго не пазнаць было. Відаць, што жонка добра яго вымуштравала, бо ён забыўся на свае колішнія выдрыганцы, выбрыкі і ламанне. Ён папаўнеў, вочы, якія некалі сядзелі глыбока, выйшлі з-пад броваў; на шчоках - чырвань, з твару нават як бы і не такі чорны. Вось што робіць з чалавекам шчасце... Князь быў у замяшанні, а шляхціц падняўся і пальнуў прывітальную казань ех abrupto - без падрыхтоўкі, ды так складна, што мы аж аслупянелі.

Пакуль князя садзілі за стол, віталі і ўгаворвалі... нам ужо гэта пачало надакучваць. Тут якраз вярнулася гаспадыня, за ёй слугі прынеслі цудоўную пачостку. Асабліва выдатная была ў іх вяндліна, проста надзіва, бо гаспадарку ж яны завялі нядаўна. Князь палагаднеў, захацеў паглядзець, як яны тут жывуць...

Кшыскія выйшлі з князем на панадворак, мы толькі зводдаль назіралі за імі, бо нас было ўсё ж многа, не хадзіць жа цэлай працэсіяй...

Ледзь толькі князь вярнуўся, адчыніліся, нібы магіч- ным спосабам, дзверы і нас запрасілі за стол. Усіх было недзе ці не дваццаць чалавек, і ніхто не застаўся галодны. Абед быў не шыкоўны, наш, шляхецкі, але смачны - хоць пальцы аблізвай! Тлустае мяса, моцныя соусы, прыправы, закускі, да таго ж выборныя віны і мёд. Было чаму падзівіцца. Гаспадыня села каля князя, а былы спадчыннік Ноя пераапрануўся ў парадны касцюм, прычапіў шаблю і сам слугаваў, нават не прысеў. Гэта быў ужо зусім іншы чалавек, так яна яго перайначыла: далікатны, паважны, ветлівы, прыстойны. Пра яе і казаць няма што: выглядала яна як свецкая дама і hic mulier - цудоўная жанчына.

Але гэтаксама як ваўка ягоная прырода цягне ў лес, так і Кшыскі не ўстрымаўся ад таго, каб не зрабіць выбрык у сваёй ранейшай манеры. Князь вельмі хваліў іх дом і гаспадарку, радаваўся, што ў маладых усё пайшло такім добрым ладам; аж тут Кшыскі пачаў цяжка ўздыхаць, нібы яму ўзвалілі на плечы камень ад жорнаў.

Князь павярнуўся да яго:

- У чым рэч?

- Ды так, ваша княская мосць,- адказвае Кшыскі,- з вашае ласкі ўсё ў нас добра, але ж як і ва ўсім свеце няма нічога дасканалага, так і ў нас, у Тышове.

Мы бачым, што жонка падміргвае яму, каб маўчаў, а той гне сваё, зноў заўздыхаў.

Тады князь спытаў:

- Дык чаго вам тут у Тышове не стае?..

- Князь яшчэ не ўсё абгледзеў у фальварку, а там ёсць адна не вельмі прыкметная загана... надта нязручная мяжа. Куры ледзь толькі выткнуцца за плот, а там ужо чужая зямля... а гусей дык я і ўвогуле выпускаць баюся... мяжа якраз за стайнямі.

- А чыя ў тым віна?

- Чыя ж, як не вашай мосці.

Князь памаўчаў

- Што там за фальварак? - спытаў ён.

- Гэта Вулка Загжэбска,- адказаў Кшыскі, зачырванеўшыся.

- Колькі там хат? - пацікавіўся князь.

- Напэўна, і трыццаці не будзе.

На тым і скончылася размова. Частаванне цягнулася доўга, ужо цямнела, калі мы паднялі апошні келіх. Ды тут князь захацеў, каб пані Зарына запяяла, і яна яшчэ даволі прыемным і мілым голасам крыху папяяла для нас. А таксама сыграла пару мелодый з такім асаблівым майстэрствам, што хацелася не столькі слухаць, колькі глядзець на гэтыя рукі, якія лёталі, нібы зачараваныя.

Была ўжо цёмная ноч, калі князь загадаў збірацца. У нас былі з сабой паходні. Калі выязджалі, то ўбачылі нешта такое, чаго мы ніяк не чакалі. Зала і пакоі, дзе мы сядзелі, вокнамі выходзілі на сад, дварышча мы бачыць не маглі. I за гэты нядоўгі час, пакуль мы сядзелі за сталом, і гаспадары ўвесь час былі з намі, нібы нейкі чараўнік ці яшчэ хто выбудаваў на мосце пры выездзе з двара высокую трыумфальную браму, асветленую ліхтарамі, а зверху мы ўбачылі надпіс па-лацінску: Ех tuis donis tibi offerimus - хай падараванае табой аддзячыцца табе... Гэтаму можна было толькі падзівіцца: з густам, з шыкам і так дарэчы... Князь павярнуўся да Пузыны і прашаптаў яму на вуха:

- Узялі мяне шэльмы за сэрца. Нічога не зробіш - давядзецца аддаць яму Вулку Загжэбску.

Вось так у наш першы прыезд князь дадаў да ўладан- няў Кшыскіх у Тышове ладны кавалак. I так яны годна ўсё зрабілі, што князь нават прасіў іх прыняць гэты падарунак.

Тут ужо патроху мы расшалопалі, што той Кшыскі, якім усе так пагарджалі, быў разумнейшы, чым хто іншы, і свае справы ён абладаваў як след. Але на гэтым яшчэ не ўсё скончылася.

Восенню гулялі вяселле панны Ружачкі, якой падфарціла выйсці замуж за дужа багатага чалавека, ужо не маладога, удаўца, да таго ж яшчэ і васпаватага - яму па твары як бы хто гарохам стрэліў. Калі мы пачалі пасмейвацца, яна адказала: "А што мне за толк з гладкага, але голага? Муж, крыху харашэйшы за чорта, ужо добры муж".

Выйшла яна замуж, князь справіў вяселле і быў надта ў гуморы, мы яго даўно такім не бачылі. Паслаў некага з прыдворных з запрашэннем да Кшыскіх, каб прыехалі на дзявочы вечар, а Зарыну прасіў, каб стала пасаджонай маткай маладой пані. Кшыскі цалкам абнавіў свой гардэроб, не было ані знаку ранейшай пярэстасці ў ягоным адзенні. Ён выглядаў дужа важна, папаўнеў... вельмі змяніўся, відаць, што як сыр у масле качаўся. I князь ужо не падаваў выгляду, як некалі быў да яго непрыхільным. Але каб сказаць, што палюбіў, таксама не скажаш...

Гэтае вяселле я буду памятаць колькі жыў буду, такое яно было пацешнае, з жартамі, смехам, болей такіх на маёй памяці не было.

Маладая, малады, дружкі, сваты - ну проста звар'яцелі. Мы таксама. Менш радасці было, бадай, толькі на твары маладога, бо ён ужо задумваўся над тым, што праз жонку ў яго будзе шмат сяброў і што яе не стрымаеш нават на ланцугу. Але тое не спраўдзілася, яны жылі вельмі шчасліва. I ўсё ж напярэдадні вяселля небарака хадзіў задуменны. Затое прыемна было глядзець у гэты дзень на твар князя, які проста выпраменьваў весялосць, і мы радаваліся. Я не ведаю, як магла гэтая малая Ружачка гэтулькі танцаваць: кожны ў той дзень хацеў патанцаваць з ёй. Што казаць, мабыць, жаночая натура крапчэйшая, хоць звонку выглядае слабой. Цалюткую ноч танцы, тосты, прамовы, салодкі пачастунак, падношанне падарункаў і провады забралі значна меней часу. Мы смяяліся і пасля ад'езду маладых - з Кшыскага, ён зноў адпаліў... але на гэты раз прыстойна і тактоўна... Недзе пад раніцу, калі былі ўжо выпіты бочкі віна, усім захацелася квасу і нечага заесці, каб набрацца сілы на наступныя дні, бо адным днём мы тое вяселле не адбылі.

Пайшлі перакусіць у малую залу пры пакоях князя... за намі пацёгся і Кшыскі.

Убачыў яго князь і кажа:

- Ну што, Кшысю? Цяпер ты ўжо не скажаш, што табе цесна ў Тышове? Далучыў Вулку, маеш цяпер і грошай больш, пане каханку.

- Усё з ласкі вашай княскай мосці! - адказаў Кшыскі і пакланіўся князю.- Дзякуй Богу, усё добра. Я для сябе ўжо больш нічога не хачу, але мая жонка... не было, мабыць, такой жанчыны, каб яшчэ па нечым не ўздыхала.

- Няўжо? I па чым жа, пане каханку? - з усмешкай запытаў здзіўлены ваявода.

- О! Не варта нават гаварыць пра гэта, трудзіць вушы вашай княскай мосці.

- А мне ўсё ж цікава ведаць, пане каханку, дужа ці- кава.

Кшыскі моўчкі пакланіўся і нічога не адказаў, а тут з князем загаварылі іншыя, і іх размова перапынілася. Аднак князь быў памятлівы: назаўтра па абедзе ён спаткаў Кшыскага і ўзяў яго за гузік ад жупана.

- Дык скажы ты мне, пане каханку, чаго там тваёй пані яшчэ не стае?

- А! Ваша мосць князю! Гэта звычайны жаночы капрыз, вечна ім нечага хочацца...- з усмешкай адказаў Кшыскі.

- А ўсё ж - чаго хочацца ёй?..

- Ох! Яна дужа любіць сваіх галандскіх кароў...

- I ў мяне яны ёсць! - усклікнуў князь.

- Але яна не можа даць ім рады ні ў Тышове, ні ў Вулцы... Нейкая ў нас паша няўдалая... Іншая рэч - побач, у Малюнічах... там добры папас, лотаць расце, сена цудоўнае, аж зайздрасць бярэ глядзець на кароў, якія там пасуцца...

- Хм... хм... і што з таго, пане каханку? - пацікавіўся князь.- А чые яны, тыя Малюнічы?

Кшыскі прамаўчаў, толькі кашлянуў

- Чые Малюнічы? - паўтарыў князь.

- Гэта малюсенькая вёсачка, хат, здаецца, пятнаццаць, толькі лугі там добрыя. Каб можна было купіць, то я з ахвотай купіў бы...

- Не хочуць прадаваць?

Кшыскі маўчаў.

- Не хочуць прадаваць, пане каханку? - паўтарыў князь.

- Дык жа гэта вёска вашай княскай мосці, яна не прадаецца... - прашаптаў Кшыскі.

- А, праўда! Малюнічы! Гэта мая вёска, праўда.

Прыпамінаю, што там былі нават бабровыя тоні.

Кшыскі памаўчаў, потым сказаў:

- Баброў там, як быццам, ужо няма, калі ёсць, то не больш ад адной-дзвюх хатак...

- Дык кажаш, што купіш? - спытаў князь.

- Па-дзеля мяне дык нічога не трэба, але муж павінен дагадзіць жонцы... калі ёй чаго захочацца...- адказаў Кшыскі і ўздыхнуў.

I зноў іх размова перапынілася... але князь адразу пайшоў да свайго заказніка Багуслаўскага і пачаў распытваць:

- Ці вялікая гэта вёска - Малюнічы, якая недзе там мяжуе з Тышовым, пане каханку?

- Яна не мяжуе з Тышовым,- адказаў Багуслаўскі,- а можа, мне здаецца.

- Ну, тады з Вулкай...

- Можа, дзе клінам і ўтыкаецца...

- I што там?

- Хат болыл за дваццаць, прыгожы лес, добрая паша, яшчэ бабровыя тоні... добрая вёска.

Увечары ваявода падсеў да пані Кшыскай, а тая як бы і не ведала. Пытаецца ў яе:

- Дачуўся я, пані, што ты не можаш даць рады сваім галандскім каровам?

- Адкуль ваша княская мосць гэта ведае? - з усмешкай спытала прыгожая Зарына.

- У мяне ўсюды ёсць свае віжы, пане каханку... Значыць, у Тышове не стае добрай смятаны?

Пані Кшыская пачала смяяцца...

- А тут, як на злосць, у Малюнічах кароўкі дужа гладкія...

- I хто гэта князю пераказвае такія дробязі? Калі пры ўсіх вашых клопатах і такое вас цікавіць, то гэта знак асаблівай ласкі да нас, і я не ведаю, як вам за яе дзякаваць,- прамовіла пані Кшыская.

- Але вас гэта сапраўды так даймае, пане кахан- ку? - спытаў ваявода.- Я быў бы рады, каб пані была шчаслівай, каб ёй не ставала хіба што птушынага малака...

Пані Кшыская з удзячнасцю глянула на князя, адказваючы толькі паглядам і ўсмешкай... Відаць, гэтыя вочы расчулілі яго, бо князь адказаў ласкава:

- Мая ты дабрадзейка, я дадам вам Малюнічы да Тышова, хай у вас будзе не толькі мяса, але і добры сыр... каб ужо ўсяго ў гаспадарцы было паддастаткам...

Расчуленая такой дабрынёй ваяводы, пані Зарына хацела пацалаваць яму руку, але Радзівіл не даў.

Яна пабегла па мужа, прывяла яго да князя.

- Ваша мосць, я быў бы не вартым тых шчадрот, якімі вы мяне асыпалі, калі б скарыстаўся з вашай дабрыні,- пачаў адмаўляцца Кшыскі.- Людзі пачнуць языкамі перакладаць, могуць сказаць, што я выпрошваю, што... Не, ваша мосць князю, як сабе хочаце, але мы гэтага дарунку прыняць не можам...

Ды калі ўжо ваявода нешта сказаў, то не было такога спосабу, каб прымусіць яго перамеркаваць па-іншаму; гэта ўсе ведалі. Таму і іх спроба, шчыра кажучы, была чыстай камедыяй... Потым былі ўкленчванні, падзякі, слёзы, выказванне вечнай удзячнасці, і Малюнічы дасталіся Кшыскім.

Пасля вяселля князь паслаў ім фармальны акт перадачы права на ўладанне, і Кшыскі паспяшаўся распачаць там гаспадаранне, ды яшчэ меў ласку атрымаць збожжа на сяўбу і розныя іншыя дробязі...

Недзе праз паўгода паехалі мы на Падляшша, у Белую, усім дваром, бо князь хацеў асталявацца там на нейкі час. З Нясвіжа рэгулярна прысылалася пошта, рапарты, лісты, князь часам пасылаў туды прыдворных, бо хоць і жыў ён у Белай як у Бога за пазухай, але Нясвіж свой любіў больш за ўсё. А тут, хоць і быў таксама дома, але пачуваўся нібыта госць. Не было таго дня, каб ён не ўздыхаў па Нясвіжы... Бывала, прывязуць пошту, пачнуць разбіраць яе, а ён ужо ідзе з палаца, у якім жыў, у канцылярыю, каб уведаць пра навіны. Гаспадар гэтулькіх зямель, замкаў, маёнткаў, ён (і я таму сведка) мог распытваць пра ўлюбё- ную кабылу, ажарабілася яна ці не, пра псярню, звярынец. I вось аднойчы прыходзіць да яго Багуслаўскі з лістамі. А пакет быў такі тоўсты, што ваявода аж спужаўся.

- Ты мне, пане каханку, не дакладвай усяго, ліха на іх, на тыя паперы... у галаве і так думак аж занадта, дзе ўжо тут усё' змясціць... пераказвай галоўнае... найлепшае... Багуслаўскі сеў, прачытаў адзін ліст, другі, дастаў трэці... але ваявода спыніў яго:

- Пачакай! Ад каго?

- Ад сям'і Кшыскіх.

- А! Там, няйначай няма нічога важнага, адны кампліменты, пасыпаныя цукрам.

- Мне здаецца, што там ёсць просьба да вашай княскай мосці.

- О! О! Гэта будзе ўжо занадта! - перапыніўкнязь.- Чаго яны там, чорт іх забяры, хочуць? Можа, каб саступіў ім Нясвіж? Даў ім Тышова, Вулку, Малюнічы, хіба не досыць?

- Ды яшчэ насення далі...

- Ну дык чаго яны хочуць, пане каханку, чаго просяць?

- Запрашаюць на хрэсьбіны! - смеючыся, паведаміў Багуслаўскі.

Ваявода ўсхапіўся з месца і пляснуў у далоні.

- Не можа быць! Гэта ж трэба, такі цуд! На хрэсьбіны! А каго ім Бог даў?

- Сына, ваша мосць,- сказаў Багуслаўскі, узяўшы ліст.- Сама пані піша, што яго пакуль проста ахрысцілі ў вадзе, а на цырымонію будуць чакаць вашу княскую мосць...

- Ану то ж доўга ім давядзецца чакаць,- адказаў ваявода.- Я не паеду. Між намі кажучы, гэты Кшыскі выглядаў арлекінам, а напраўду быў спрытным зухам, умее так хітра дапяць да кішэні, што і не згледзіш... Не паеду... Ім зноў нечага захочацца... Ды ўжо досыць.

Багуслаўскі засмяяўся.

- Але тут яшчэ пані Зарына тапu рrорrіа - сваёй рукой - піша,- дадаў ён, зірнуўшы на ліст, - што хай сабе хлопец прачакаецца хросту хоць дваццаць гадоў, але яна нікога не хоча бачыць хросным бацькам, апрача вашай княскай мосці, і просіць дазволу даць яму імя Караль. Князь любіў знакі ўвагі да сваёй асобы... Кшыскі скарыстаў і гэта. Князь расчуліўся:

- Адпішы і пашлі нараджэнцу які падарунак, а сам я не паеду. Яны там зноў абдзяруць мяне як ліпку, яна падга- ворыць мужа, а той зловіць мяне на слове. Хоць нешта, ды трэба будзе даць, а я ведаю, што ў маёй кішэні зараз і сотні злотых няма... як арандар, пане каханку, бяру напавер... Хай сабе чакаюць. Напішы, што я зарокся хрысціць дзяцей, бо яны пасля скора паміраюць... часам толькі даткнуся да каторага, глядзіш, году не прайшло, а яго ўжо і няма... Мне нават шчанят няшчаснай Непты не ўдалося выгадаваць.

Быў напісаны складны, ветлівы адказ, і на тым усё скончылася. А ўвосень мы зноў вярнуліся ў Нясвіж.

А потым было, як зараз помню, паляванне ў Налібоцкай пушчы. Выявілася, што на простай дарозе папсаваныя масты, і мы мусілі павярнуць на Тышова. Князь баяўся туды паказвацца і загадзя аддаў загад у вёску не заязджаць нават дзеля таго, каб напаіць коней. Але нехта з даўных сяброў Кшыскага ці якая сяброўка Зарыны паспелі іх папярэдзіць. Выехалі на світанні, яшчэ дацямна паказалася Тышова. Вазы паехалі па грэблі, і раптам каля млына пачуліся крыкі: "Стой! Стой!" Князь пачуў, глянуў, спытаў: "Што там?" і загадаў ехаць далей. А коні стаяць. Паслалі прыдворнага даведацца, ці не сапсавалася што. А там, каля млына, стаіць трыумфальная арка з зеляніны і засланы стол з ежай. I ўжо сама пані Кшыская ідзе да абозу...

- Ваша княская мосць, - прамовіла яна, падышоўшы да Радзівіла, - калі ўжо вы так не ласкавы да сваіх слуг, што не хочаце праведаць іх убогай хаціны, дазвольце ім хоць на дарозе вас прывітаць...

Князь вылез, пацалаваў руку пані Зарыне... крыху нахмурыўся, але ад пачосткі не змог адмовіцца, бо яго так сардэчна і міла прасілі... Кшыскі стаяў з шапкай пад пахай у такой прыніжанай і пакорлівай позе, а ягоная жонка так ласкава ўсміхалася. А за пару крокаў ад млына на спецыяльна збудаваным памосце, засланым дыванамі, на сталах стаялі пляшкі з віном і поўныя міскі... Княскія прыдворныя стаміліся пасля доўгай дарогі, апетыт разгуляўся, а тут такія прысмакі, аж слінкі цякуць... Яны вельмі ўзрадаваліся, калі князь дазволіў папасавацца. Радзівіла падвялі да параднага шырокага крэсла, якое больш нагадвала трон... Князь зірнуў на бакі, раз, другі, мабыць, баяўся, што яго запросяць на хрэсьбіны, не ўбачыў нічога, што магло б нагадаць пра іх, і сеў за стол. Здавалася, што Кшыскі зараз падасць знак частавацца, як раптам расчыніліся дзверы млына... і выйшла прыгожа апранутая мамка з прыкрытым пялюшкай дзіцем на падушцы. А за ёй выступаў і ксёндз-пробашч ва ўсіх сваіх шатах, далей - пані падстоліна Ціханавецкая, якую князь вельмі паважаў... Князь акінуў паглядам гэтую працэсію, усміхнуўся нечаканаму сюрпрызу, але (што паробіш?) мусіў стаць хросным бацькам.

Падстоліна стала побач як кума, у другой пары былі пан Рэйтан з пані Валадковічавай, якія таксама хаваліся ў млыне, не ведаючы, ці ўдасца затрымаць князя.

- Ну, пане каханку, злавілі ў сець старога мядзведзя... трапіў у нерат, што і казаць...- мармытаў князь.- Але я не дапушчу, каб дзіця мерзла, бо вецер сцюдзёны, ды і пані падстоліна можа прастудзіцца... Хто мае ахвоту ехаць на паляванне - хай едзе. А мы - у двор.

Паляўнічых і частку прыдворных пастанавілі адправіць у Налібокі, каб яны чакалі там ваяводу, а мы астатняй світай пайшлі ў двор. Кшыскія спадзяваліся, відаць з усяго, што ім удасца іхняя хітрасць, бо ўсё было падрыхтавана: і стол для князя з распяццем над галавой, са свечкамі, і розных він, і трункаў колькі душа зажадае... Пані Зарына Кшыская ўвайшла хораша ўстроеная, здавалася каралевай нават пры падстоліне, якая была свецкай дамай, ды і сам Кшыскі выглядаў, не схлушу, як маршалак пры яе двары... і, што асабліва цікава, зусім прыстойна. Ён ужо не рабіў ніякіх выбрыкаў, як наравісты конь, перастаў вычварацца і прыдурвацца. Апрануты ён быў багата, але сціпла, ва ўсё новае; стаяў цэлы час каля князя, падносіў яму талеркі, сам падаваў сподкі, словам, правіў шляхецкую прыдворную службу. Князь-ваявода адчуваў сябе няёмка, бо не мог зрабіць падарункі для хрэсніка, кумы, бацькоў і прыдворных, а ён заўсёды, калі бываў хросным бацькам, любіў надарыць усіх. Але ён паспеў яшчэ каля млына нешта шапянуць старшаму прыдворнаму, і той вярнуўся ў Нясвіж, каб прывезці падарункі. Тут сталі з'язджацца суседзі, відаць, загадзя запрошаныя. Сярод іх апынуўся і натарыус Качура.

Усе вельмі здзівіліся, калі яго тут убачылі, бо ён не мог быць сярод запрошаных, князю было вельмі непрыемна бачыць яго. Я заўважыў, як пані Кшыская расхвалявалася і падбегла да князя патлумачыць, што натарыуса ніхто не запрашаў... Кшыскі таксама скрывіўся, калі ўбачыў яго, але прывітаў як належыць. У пана Качуры была ўсім вядомая слава, а князь яго іначай не называў як той няздара. Калісь Качура выступаў у нейкім судовым працэсе як адвакат супраць Радзівіла, абхітрыў усіх ягоных упаўнаважаных і выйграў справу. Князя чапляла не так страта грошай, як абраза роду Радзівілаў, і ён не мог гэтага дараваць. Няздара быў цяпер ужо старым чалавекам, на рэдкасць балбатлівы, аднак флегматычны, стрыманы, халодны, адважны. Ён усіх бачыў наскрозь і быў дужа хітрым. Калі ён за нешта браўся, то няўхільна дамагаўся свайго - тры разы прайграе, але заўжды de noviter repertis - яшчэ раз - вернецца і хоць усіх вымучыць, давядзе да шаленства, але паставіць на сваім. Звонку ён быў непрыкметны, худы, сярэдняга росту, твар бледы, вусы рэдкія, як трава на пяску... лысы... вочкі малыя, глыбока пасаджаныя... Ён прывітаўся з гаспадарамі, потым папраставаў да князя-ваяводы, нізка, аж дакрануўшыся рукамі да зямлі, пакланіўся. Хоць князь не дужа хацеў бачыць яго, а ўсё ж змусіў кіўнуць галавой. Назолу нельга было выбавіць за дзверы, і гэта канчаткова сапсавала князю ягоны і так не дужа добры настрой.

- Які чорт яго сюды прынёс? - прабурчаў князь.

Заўважу, што Качура ніколі без дай прычыны нікуды не ездзіў, калі ўжо і даваў сабе такі клопат, то заўжды меў нейкую справу. Я быў пэўны, што і гэтым разам ён не сам прыблукаў - насамрэч натарыуса запрасіў Кшыскі дзеля нейкіх сваіх інтарэсаў. Гэты Кшыскі ўмеў ёмка дамагацца свайго, у чым мы ўсе не раз пераконваліся.

Няздару запрасілі за стол. Князю так непрыемна было бачыць яго, што ён не хацеў нават позіркам з ім сустракацца. А Качура хоць і сеў воддаль, але так, каб не выпускаць з вачэй князя. Некалькі разоў ён спрабаваў уступіць у размову, яму ніхто не адказаў, але яго гэта не збянтэжыла.

Віно было найвышэйшага гатунку, келіхі ўздымаліся часта. Качура эычэкваў, відаць, пакуль галовы разгарачацца... I праўда, пад канец абеду ўсе развесяліліся, пажвавелі. Натарыус паспеў пару разоў дасціпнымі словамі выклікаць смех, хоць сам ён ніколі не смяяўся. Неўпрыкмет ён апынуўся ў цэнтры ўвагі. Князь, каля якога шчыравала пяшчотная пані Кшыская, быў расчулены яе гасціннасцю, успамінамі пра маладыя гады, пакрысе таксама зрабіўся весялейшым, стаў раз-пораз устаўляць у размову нешта сваё', і відаць было, што ён забыўся пра колішнюю крыўду. Надвячоркам з Нясвіжа вярнуўся прыдворны і прывёз тое, за чым яго пасылалі. Акрамя тысячы чырвонцаў для дзіцяці тое-сёе дасталося кожнаму. Маці - дужа прыгожы ўбор, бацьку - дарагі гадзіннік, пані падстоліне - каштоўны пярсцёнак. Мамцы, якая была з суседняй радзівілаўскай вёскі, акрамя сумкі, рукамі робленай, якую яна атрымала ад самога князя, было дадзена на ўсё жыццё разам з усёй раднёй вызваленне ад абавязкаў і подацяў...

Калі ўсё было раздадзена і кожны па-свойму падзякаваў князю, раптам устаў натарыус і з усмешкай загаварыў:

- Добра быць у пашане ў князя, жыць з ім у дружбе і згодзе - гора не зазнаць! Усе ведаюць, якое залатое сэрца ў нашага князя-ваяводы. Але што з таго, што з таго? Што князь можа парабіць з д'яблам, які чыніць зло? Я ж ведаю, што з найлепшых учынкаў вашай мосці ніколі не выходзіла нічога добрага...

Князь запытальна глянуў на яго.

- Праўду кажаш, асіндзею,- жвава падхапіў ён,- мы аднойчы злавілі д'ябла ў Налібоцкай пушчы, потым тры дні мачылі ў свянцонай вадзе, адрэзалі яму кіпцюры, яны, можа, і дасюль не адраслі, пакінулі яго без хваста... Вось гэтай апошняй крыўды ён не можа мне дараваць. Але скажы мне, пане, адкуль ты ведаеш, што д'ябал перайначвае тое, што я раблю?

- Ды як жа не ведаць, не бачыць таго, што само лезе ў вочы? - не збянтэжыўшыся, адказаў натарыус.- Я магу пералічыць на пальцах тых, каго князь асыпаў сваімі міласцямі і каму гэта потым вылезла бокам...

Князь уздыхнуў, бо ў тым была пэўная доля праўды. - Але дзякаваць Богу, што гэта не адносіцца да маёй шаноўнай пані Кшыскай,- засмяяўся ваявода.- Яна ведае нейкі спосаб прагнаць нячыстую сілу, бо ў Тышове, як мне здаецца, усё ідзе на добры лад.

Качура паціснуў плячыма.

- Да пары, ваша мосць, да пары,- адказаў ён.- Я загадзя магу сказаць, што і тут бяда ўжо на парозе...

- Што тут можа здарыцца? Што ты, асіндзею, кажаш? - загаварылі разам і Кшыскі, і Кшыская.- Супакойцеся, пане! Навошта прарочыць нам у такі дзень нешта благое?

- Пачакайце! - запярэчыў Качура.- Я вам нічо- га благога не скажу. Проста, у мяне ўжо вялікі досвед, практыка, я многа чаго нагледзеўся, вось і навучыла жыццё варажыць...

Кшыскія спрабавалі перавесці размову на іншае, але князь зацікавіўся словамі натарыуса.

- Не, вы дайце яму сказаць, хай растлумачыць... Калі ласка, расказвайце...

- Пане Кшыскі, ці ёсць у вас карта сваіх уладанняў, ваколіц Тышова, Вулкі і Малюніч? - спытаў Качура.

- Ёсць, я папрасіў геаметра і каморніка, каб змалявалі мне ўсё на адной карце.

- Яе можна знайсці?

- Яна ў маім пакоі.

- Прынясіце,- папрасіў ваявода.

Кшыскі мусіў пайсці, праз некалькі хвілін ён разам са слугой унёс бляшаную трубку, вялікую, як бервяно, з яе дасталі нацягнутую на палатно карту ўладанняў сямейства Кшыскіх cum attinentiis, acuratissime delineatem - старанна, акуратна нарысаваную - княскім геаметрам. Яе развінулі на стале, але яна згортвалася, таму на рагі паставілі бутэлькі і паклалі боханы хлеба. Натарыус стаў у такую позу, нібыта збіраўся танцаваць, узяўшыся рукі ў бокі; князь стаяў, трымаючы рукі за спінай, нахіліўшы галаву: у яго ўжо слабеў зрок. Качура пачаў паказваць:

- Перш-наперш, хачу звярнуць вашу ўвагу на канфігурацыю ўладанняў... Незвычайная канфігурацыя. Нагадвае рака... або саламандру... Мноства паваротаў, нідзе няма дакладнай мяжы, адны дамоўленасці... а гэта кветкі, з якіх пазней будуць горкія ягады... Вось, гляньце на ваколіцы Тышова... доўгая фігура, двор у адным канцы, за вёскай, палі - у другім... хоць гэта ў нас - рэч звыклая. Далей да двара прытыкаецца Вулка... адным бокам... Так! А цяпер прашу сачыць за маім пальцам: вось, граніца пайшла ўверх, пабегла і знікла... Вулка пры Тышове - як бародаўка на носе... Але гэта яшчэ не ўсё... Малюнічы ляжаць за Вулкай і мяжуюць з імі толькі па вузенькай палосцы... Прашу паглядзець. Паміж Малюнічамі, Вулкай і Тышовам утачыліся Засыпянскія лясы... таму, каб перавезці напрасткі з Тышова ў Малюнічы хаця б воз гною, патрэбна дзерціся праз чужыя ўладанні... I гэта, ваша княская мосць, не нейкі там клінок, ражок, а трыццаць ці нават сорак валок зямлі, вокам не згледзець. Калі ўбіць каму клін у грудзі... то зараз дыхаць перастанеш... Згадзіцеся, ваша мосць князь, што ваша дабрыня да шаноўнага сямейства Кшыскіх з часам прымусіць іх мець вялікія клопаты... Я назваў бы гэтыя Засыпянскія лясы чортавым зараснікам...

Тут натарыус засмяяўся, усе астатнія маўчалі; князь нахіліўся над картай, разглядаючы яе, і не знаходзіў, што адказаць.

- Пакажы мне дакладней, асіндзею, дзе тут той клін,- папрасіў ён.- Адкуль і дакуль ідзе?.. Як? Тут жа, як быццам, адны лясы...

- I лясы, і балоты! - удакладніў натарыус.- А вось гэты клін... тут мяжа Малюнічаў... тут Тышова... А вось Вулка...

Ён правёў пальцам па белай частцы карты.

- Вось каб ад гэтак званага Белага груда правесці праз пушчу хвалістую лінію да Тышоўскага бору, там, дзе пазначана ўрочышча Банькі... то канфігурацыя стала б значна лепшай, прыгожа скругленай... гэта in futurum - у будучыні - не адгукнецца... д'ябал адступіцца.

- Так-так! - усклікнуў ваявода. - Я часам і з гэтым панам магу паладзіць... хай сямейства Кшыскіх дарэмна не хвалюецца... Сапраўды, паводле слоў натарыуса, выходзіць, што можа стацца так, як з тым мужыком, якому чорт насыпаў поўныя кішэні дукатаў а як стаў ён іх дома даставаць, то выцяг адно лісце замест золата... Магло быць так, што і мае падарункі сталіся б фалынывымі, як чортава золата?

- Магло, ваша княская мосць! - горача і ўсхвалявана пацвердзіў Кшыскі. - Але хачу сказаць, што ўсё атрыманае ад вас, з вашае ласкі, пакуль што вядзецца і спорыцца... жонка таксама можа пацвердзіць, што нам усё ўдаецца. А што да тых Засыпянскіх лясоў, то ад іх сапраўды шкода ёсць. Нам цяжка ўтрымаць сялян, бо пад бокам чужы лес, вось мужыкі з Тышова, з Малюніч, з Вулкі чыняць шкоду... мы пільнуем як можам... але іх ловяць, забіраюць худобу, судзяць... гэта праўда... клопаты ёсць... але ж ці ў мяне аднаго?..

- Сапраўды, пакуль што яшчэ так-сяк,- падтрымаў яго Качура.- Але хто можа сказаць, у чые рукі ўсё гэта патрапіць? Зярнятка ёсць, і яно можа ўзысці. Ого! Я-то гэта добра ведаю! I вы добра ведаеце, што такое мець вось такі клін...

- Пане Качура, годзе пра гэта! - спрабавала спыніць размову пані Зарына.

- Маўчу, пані дабрадзейка, маўчу! У такі шчаслівы і памятны для вашай сям'і дзень я не хачу быць Касандрай (24)... і псаваць настрой не хачу князю, якога я люблю і паважаю...

- Дык ты, пане натарыусе, мой прыхільнік? - з'едліва спытаў князь.- Гэта нешта новае! Хутчэй наадварот... але чаму ты думаеш, што псуеш мне настрой?

Дарма, васпане, зусім не...

- Я сапраўды шчыры прыхільнік вашай княскай мос- ці, заўжды ім быў і да скону не перастану быць, у тым я гатовы прысягнуць,- запярэчыў яму натарыус, жэстыкулюючы так, нібы ён выступаў у судзе.- Калі вы лічыце сваімі сябрамі толькі тых, хто гаворыць вам прыемнае, а горкай, ды здаровай праўды слухаць не хочаце, то я сапраўды не адношуся да лісліўцаў, гэтага не дазваляюць мой гонар і сумленне, калі б вы, ваша княская мосць, зараз маглі зазірнуць у маё сэрца...

- Мой ты пане каханку,- перапыніў яго князь,- я рады быў бы паглядзець на сэрца, але цяпер не варта... можа, калі-колечы пан мне яго пакажа... іншым разам... але мне здаецца... можа стацца так, што вам яго прырода не дала...

- Як жа б я жыў без яго? - спытаў натарыус.

- Ведаеш, асіндзею, калі я ездзіў у Гішпанію па табаку для князя прымаса, каб праз гэта замірыцца з Панятоўскімі, выпала мне спаткаць у Саламанцы вучонага доктара,- пачаў расказваць князь.- І ён мяне запэўніў, пане каханку, што разрэзаў трыста восемдзесят шэсць нябожчыкаў і толькі ў трыццаці чатырох знайшоў сэрца.

Вось так, пане каханку...

- А што было ў іншых на тым месцы? - усміхнуўшыся, спытаў натарыус.

- У іншых? Хто іх там ведае! Гішпанцы часта лгуць, пане каханку,- прамовіў князь.- Але ён паказваў мне свае запісы. На месцы сэрца ў некаторых было вотруб'е, а ў каго - мяшэчкі накшталт кашалькоў, нават зялёныя, у каго - каменне, цагліны і розныя іншыя інгрэдыенты, пане каханку.

На тым і скончылася гутарка пра абсягі маёнтка

Кшыскіх. Натарыус зрабіў выгляд, што паверыў выдумцы. А князь улёг у аповеды пра свае бадзянні па свеце, пачаў з Гішпаніі, а потым дабраўся аж да Месяца; але ж назаўтра трэба было ехаць у Налібоцкую пушчу, і ён, нарэшце, пайшоў у спальню. Кшыскія праводзілі яго з ліхтарамі ў руках.

Ды размова з натарыусам гэтак запала князю ў галаву, што праз колькі дзён хроснаму сыну была пасланая дарчая на Засыпянскія лясы, і такім спосабам пяцьдзесят валок пушчы з найлепшым таварным лесам дасталіся Кшыскім. Насамрэч ніякіх балотаў і багны там не было, а за выборныя мачтавыя сосны пазней гаспадары атрымалі пару тысяч дукатаў.

Пасля таго як князь так нечакана папаўся на грэблі ў Тышове і шчодра аплаціў свае ўспаміны пра цудоўную За- рыну, ён болей не ездзіў каля ўладанняў Кшыскіх і нейкі час не бачыўся з іх гаспадарамі. Пазней яны прыязджалі ў Нясвіж на розныя святы і ўрачыстасці, і князь, як і раней, быў з паняй Зарынай дужа ласкавы і ўважлівы.

Другіх хрэсьбінаў не надарылася, бо муж і жонка былі ўжо не першай маладосці; ды і князя цяжка было абдурыць яшчэ раз, ён і так даў ім надта многа. Кожны раз, калі яны прыязджалі ў Нясвіж, ён цешыўся з малога Караля, а ў Кшыскага пытаўся, ці не замінае яму там д'ябал... але заўжды чуў толькі словы ўдзячнасці...

Калі мяне памяць не падвяла, можа, гадоў праз пяць па тых хрысцінах, неяк раніцой я ўбачыў князя; задуменны і засмучаны, ён наўзлукаткі сядзеў за сталом над толькі што прачытаным лістом.

- Ведаеш, асіндзею, пане каханку,- павярнуўся ён да мяне,- пані Зарына... памерла... Далібог не ведаю, чаму... яна ніколі не скардзілася ні на што.... Усе кажуць, што Кшыскі хадзіў перад ёй на пальчыках, а мне здаецца, што гэты ашуканец яе замучыў. Яна была жанчына сціплая і разумная, утойвала свае беды, так і не пажыла шчасліва.

- Ад чаго яна памерла? - спытаў я.

- Кашляла... захварэла на сухоты...- прамовіў князь сумным голасам.- Бяда ходзіць па свеце... Кшыскі запрашае на пахаванне, але я не магу паехаць - апухлі ногі... едзь ты... памажы, калі будзе ў чым патрэба...

На загад князя мы паехалі ў Тышова і ўбачылі там Кшыскага - спалатнелага, сумнага, у слязах. Нас узяло за. сэрца, што ён вельмі гараваў, не адыходзіў ад труны, а ў касцёле горка плакаў Як тут было не пашкадаваць бедака? Памінкі ён справіў як належыць; ксяндзам, якіх прыехала многа, падзякаваў, надарыў іх, накарміў і напаіў.

Пра гэта ўсё мы расказалі князю. Кшыскі паставіў на магіле жонкі прыгожы помнік; на мармуровай пліце быў выбіты складзены прыёрам прачулы надпіс на лацінскай мове. Усім гэтым Кшыскі здабыў сабе прыхільнасць князя. Калі Кшыскі неўзабаве пасля пахавання жонкі прыязджаў, каб падзякаваць князю, Радзівіл прыняў яго вельмі прыязна, быў з ім як ніколі ласкавы. Сваё гора і жалобу па жонцы Кшыскі выказваў так красамоўна, так плакаў, што і мы ўсе вельмі шкадавалі яго.

Праз некалькі тыдняў ён прыехаў у Нясвіж і прывёз з сабой маленькага Караліка, які сваім дзівосным хараством нагадваў нябожчыцу маці; для сваіх гадоў ён быў вельмі жвавым, і пані Мараўская з прыдворнымі дамамі, якія былі ў гэты час у Нясвіжы, не маглі нагледзецца і нацешыцца з яго.

Бацька таксама шмат часу праводзіў са сваім адзіным сынам, насіў яго на руках, песціў, цалаваў; здавалася, ён хацеў замяніць яму маці.

- Але дзе ж, як бы я яго ні песціў, ніякай чуласцю я не замяню яму той, якую страціў,- сказаў ён аднойчы князю.- Клопатаў і старанняў бацькавых мала, такому хлопцу патрэбна жаночая апека... каб за ім быў сталы догляд. Мужчына то на гаспадарцы, то некуды ад'язджае, тысяча праблем... а дзіця марнуецца адно...

Час ад часу ён зазіраў у Нясвіж то з Каралікам, то адзін, яго заўжды добра прымалі... I вось неяк, толькі ён паехаў дахаты, князь кажа нам:

- Ну і жук ён, пане каханку!

- Хто? - спытаў Заблоцкі.

- Хто ж яшчэ? Наш самотны пан Кшыскі... Я здагадваўся, што нездарма ён тут круціцца. Сёння з паўгадзіны гаварыў з паннай Ядвігай Асухоўскай... А перад тым некалькі разоў зазіраў да васпаватай Шарчынскай, але, мусіць, не ўпадабаў, бо брыдкая.

Ніхто з нас не верыў што Кшыскі намеркаваў зноў ажаніцца; тым болей, каб ён намеціўся на панну Асухоўскую, якая была маладзейшая, чым нябожчыца. Праўда, і не такая прыгожая, але затое досыць багатая. Ёй было трыццаць два гады, але выглядала маладзей. Князь не быў закаханы ў яе, але яму падабалася, што яна ўмела добра гаварыць, была вясёлая.

- Ваша мосць князю, яшчэ панна Шарчынская, калі б захацела, магла б за яго пайсці, бо ёй даўно пара ўжо ісці да вянца,- сказаў Заблоцкі.- Але каб панна Асухоўская...

Усе пасмяяліся з такой, як нам здавалася, нісянеціцы; князь таксама кіўнуў галавой: "Нічога з таго не выйдзе... пане каханку..."

Тым часам Кшыскі прыехаў раз, другі, трэці і чацвёрты, і мы зразумелі, што ён захацеў ажаніцца, не чакаючы, пакуль скончыцца жалоба. А панна Асухоўская спачатку ні тое ні сёе, прымала яго толькі, каб пагаварыць, потым падабрэла, прывыкла, а можа, ён завабіў яе якімі салодкімі словамі, ці то былі ў яго нейкія свае чары, але яе згоды на шлюб дабіўся. Ваявода даведаўся пра тое і стаў змрочны.

Аднойчы сустрэў ён Кшыскага і ўзяў яго на роспыты:

- Што ты сабе думаеш, пане каханку? Будзеш па адной забіраць з Нясвіжа паненак, пакуль не застанецца ніводнай? Як табе не сорамна? Яшчэ тую не аплакаў, а ўжо думаеш жаніцца зноў...

- Ваша мосць,- узмаліўся Кшыскі,- не буду хлусіць, бо вінаваты... але на знак памяці пра нябожчыцу, маю незабыўную дабрадзейку Зарыну, я шукаю новую жонку. Бо Караль наш змарнее без жаночай апекі... а дзе ж я магу яшчэ шукаць жонкі, як не пад крылом вашай княскай мосці, майго дабрадзея...

Тут ён расплакаўся, выцягнуў хусцінку, і ўсё палка пераконваў князя, наракаў на лёс. Нарэшце той паціснуў плячыма і пакінуў яго ў спакоі.

I што ж вы, панове, думаеце? Асухоўская пайшла за яго, і ў Нясвіжы зноў спраўлялі вяселле, князь даў разам з пасагам свой addytament - дадатак... але з таго часу паводзіў сябе з Кшыскім асцярожна, унікаў яго, не загаворваў і не даў нешта яшчэ адхапіць. Не скажу, што спроб з ягонага боку не было. Прыязджала жонка і цэлымі тыднямі бавілася пры двары, прыязджаў і ён, ваявода ласкава прымаў абаіх, але на намёкі Кшыскага пра ягоныя клопаты адказваў маўчаннем, і ў Тышова, хоць яго шмат разоў запрашалі, болей не ездзіў. Здавалася, што нашаму Кшыскаму ўжо ніколі не ўдасца пакарыстацца з Радзівілавай кішэні, але выйшла іначай, і зусім неспадзявана.

Прыбыткі з уладанняў у Радзівіла былі вялізныя, а крэдыт - непамерны, дык калі на Святога Яна прыходзілі кантракты, часта не ставала сродкаў на ўсё; тады пазычалі, бралі дзе толькі можна, з розных рук. Неяк у сярэдзіне года, калі ў шляхты не было асаблівых пры- быткаў, князю спатрэбілася пяць тысяч дукатаў для нейкай справы, якая пагражала вялікімі стратамі. Грошы шукалі з асцярогай, каб не пачалі языкамі перакладаць... і хоць мала хто ведаў пра тое, але аднойчы Кшыскі прыехаў у Нясвіж і папрасіў пагаварыць з князем сам-насам. Пазней князь расказаў мне, як гэта было. Прыняў ён Кшыскага холадна, бо асцерагаўся яго, нават баяўся сустракацца. Кшыскі ўкленчыў перад князем і пачаў гаварыць пра сваю бясконцую ўдзячнасць за яго дабрадзейства.

- Хай жа будзе мне дазволена, як мізэрнаму чарвяку, хоць раз мець шчасце нечым аддзячыць вам, каб паказаць належным парадкам, як я вам удзячны,- папрасіў Кшыскі пад канец размовы.- Я ведаю, што ваша мосць шукае пяць тысяч дукатаў, я прывёз шэсць і кладу іх да вашых ног...

Спачатку князь адпіраўся, не хацеў браць... потым, бо ўсё ж была вялікая патрэба, узяў і загадаў выдаць распіску. Кшыскі адгаварыў яго ад гэтага і напрасіўся сам выгадна ўладзіць справы з заступнікам князя, але з дамовай усё цягнуў, адразу не ўклаў яе, сказаў, што прыедзе пазней... Грошы тым часам разышліся. Праз пару тыдняў, калі іх ужо не было, Кшыскі прыехаў на камісію. Яму зноў прапанавалі распіску, ён адмовіўся. Тут і выйшла шыла з мяшка. Ён папрасіў які-колечы заклад... быццам бы так, абы адбыць... Спачатку князь хацеў вярнуць яму тыя грошы. Але якраз іх у касе і не было. Дый заклад заўсёды можна было выкупіць. Ну, князь і даў яму ў заклад пару вёсачак пад Мірам; кантракт склалі Кшыскі і Качура, ды так добра, гэтулькі кручкоў там розных паўстаўлялі, што вёскі так і засталіся ў Кшыскага. Прынамсі, я не чуў пра спробы выкупіць іх, але пра тое, што Кшыскі не аддае іх і дагэтуль, добра ведаю; вось так ён яшчэ раз пашырыў свае ўладанні.

Помню, як князь пасля ўсіх гэтых прыгод неяк жартам сказаў пра яго:

- Малюся, пане каханку, каб Бог даў здароўе пані Кшыскай: калі, ненарокам, памрэ, то ён прыедзе да мяне па трэцюю жонку, а з ёй ужо забярэ і ўвесь Нясвіж...

КАМЕНТАРЫ

На беларускай мове аповесць друкуецца ўпершыню. На польскай мове ўпершыню надрукаваная ў 1872 г. Пераклад зроблены з выдання: J. I. Kraszewski. Papiery po Glince. Wilnia. 1883.

1 Ардьшацыя (лац.) - упарадкаванне - непадзельная і неадчужальная ўласнасць пэўнага магнацкага роду. Тут - уладанні Радзівілаў.

2 Пасэсар - арандатар.

3 Рэгімент (пол.) - полк.

4 Экзэрцыцыі - вайсковыя практыкаванні.

5 Мар'яж - гульня ў карты.

6 Квестар (пол.) - загадчык фінансавага аддзела ў вышэйшай навучальнай установе.

7 Бусел - старадаўная мера вадкасці. Тут - бутэлька, якая змяшчала чвэрць літра.

8 Вачашскі - італьянскі.

9 Мальвазія - гатунак белага віна.

10 Асіндзей, асінжка - старадаўны польскі ветлівы зварот.

11 Дайвэльдрэк (ням.) - лайлівае слова, тут ужыта ў значэнні - атрута.

12 Фабрыка - тут маецца на ўвазе шкляная мануфактура ў Налібоках, закладзеная ў 1712 г. Ганнай Кацярынай Радзівіл, жонкай Караля Станіслава Радзівіла.

13 Краўчы - прыдворная пасада.

14 Цэлібат - абавязковы для каталіцкага духавенства аброк не ўступаць у шлюб.

15 Ружанец - нізка пацерак, перабіраючы якія, манахі адлічвалі прамоўленыя малітвы. Самі малітвы ад гэтага звычаю атрымалі назву пацеры.

16 Афект (уст.) - пачуццё, жарсць, лацінскае слова, якое ўжывалася ў старабеларускай мове.

17 Княжна Тараканава - Лізавета Тараканава (1745-1775) авантурыстка, якая выдавала сябе за дачку рускай імператрыцы, абвясціла сябе прэтэндэнткай на рускі пасад. Была знаёмая з Радзівілам Пане Каханку, бывала ў Нясвіжы.

18 Мезачьянс - шлюб з асобай ніжэйшага сацыяльнага паходжання.

19 Граф Каліёстра - Аляксандр Каліёстра (1743-1795), сапраўднае імя - Джузепе Бальзама. Авантурыст італьянскага паходжання, алхімік, ілюзіяніст. Вандраваў па многіх краінах, у тым ліку і па Расіі, называў сябе спецыялістам па магіі.

20 Бурыданаў асёл - паводле прыпавесці - асёл, які памёр з голаду, бо так і не змог з двух аднолькавых стагоў сена выбраць адзін, каб паесці. У пераносным значэнні - чалавек, які вагаецца паміж дзвюма аднолька- вымі мажлівасцямі.

21 Нотабене - ад лац. nota bene - звярнуць асаблівую ўвагу - лацінскімі літарамі NB на палях кніг, рукапісаў традыцыйна ставіцца знак, які паказвае, што на гэтае месца трэба звярнуць увагу. У гаворцы таксама абазначае - звярніце ўвагу.

22 Кансісторыя - у каталіцызме нарада пад кіраўніцтвам Папы Рымскага.

23 Асамблея - баль у палацах вяльможаў, магнатаў.

24 Касандра - жрыца-прарочыца ў Старажытнай Грэцыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX