Папярэдняя старонка: Апошняя са слуцкіх князёў

Апошняя са слуцкіх князёў. Т. ІІ 


Аўтар: Крашэўскі Юзаф,
Дадана: 15-07-2011,
Крыніца: Менск, 2009.



Паздзел 1

ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ ВОЙТ У РЭКТАРА

Пры тых акалічнасцях, аб якіх мы пісалі, не было ўжо не толькі надзеі, а нават намёку на згоду - абодва бакі рыхтаваліся да вайны: Радзівілы да нападу, Хадкевічы да абароны; а паколькі, як мы ўжо згадвалі, тэрмін выдання князёўны замуж быў вызначаны - 6 лютага 1600 года, то якраз к гэтаму часу ў Вільні, у палацы Хадкевічаў, і павінна была пачацца тая зацятая вайна.

Але сілы былі няроўныя, бо хаця ў Хадкевічаў і была вядомасць у краіне, многа магутных прыхільнікаў, але намнога болей было ў Радзівілаў. Ваявода, крэўны родзіч князёў Астрожскіх, узначальваючы суполку пратэстантаў і праваслаўных, меў магутную падтрымку ў рускіх праваслаўных і рэфарматараў як у братоў па веры. Гэтай сіле Хадкевічы нічога не маглі супрацьпаставіць. Акрамя таго, Радзівілы добра разумелі, якой апорай ім магла быць дробная шляхта краю, таму заваблівалі яе да свайго двара, дапамагалі, чым маглі, уладкоўвалі на пасады, абаранялі, сваталі, жанілі, у выніку ў іх было шмат прыхільнікаў, нечым абавязаных ім, а яны не толькі тварылі, што хацелі на сейміках ва ўгоду сваім апекунам, але і былі гатовымі па першым закліку сесці на каня з шабляй у руцэ, нават не пытаючыся, дзеля чаго тое патрэбна. Такой шляхты, адданай роду Радзівілаў, у Літве было дужа многа; яна не цікавілася сутнасцю справы, а слепа падпарадкоўвалася загадам: наехаць, разграміць, не дапусціць да дэпутацыі на сейміках, узняць крык, адлупцаваць - усё для іх было законнай і лёгкай справай. Шляхта ўвогуле была маральна сапсаванай. Бадай што ўся яна стала абыякавай да маральнай ацэнкі сваіх учынкаў, не служыла таму, да чаго яна была заклікана, а слепа ішла за гаспадарамі, якія яе паілі, кармілі і выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах. Радзівілы называлі шляхту czapka i papka - шапка і кашка, што азначала братэрскае сяброўства і багаты стол; вось такая шляхта і пакінула прыкметны след у гісторыі іх роду. Князь Мікалай Радзівіл, празваны Сіроткам, увесь час паўтараў, што ён называе Радзівілаў не інакш як Раджывілы. Такой была палітыка, разлікі і ў іншых прадстаўнікоў гэтага роду. Дадамо, што і розніца ў веры была ім выгаднай, бо за Радзівіламі ішлі тыя, хто ненавідзеў католікаў, быў рады войнам з імі. Таму не дзіўна, што і на гэты раз яны звярнуліся да шляхты, каму напісалі, да каго адправілі пасланцоў. Сябры іх роду (так называлі іх Радзівілы) без вагання адгукнуліся на гэты заклік да бою. Пан ваявода разаслаў ва ўсе бакі позвы, з імі разнеслася і вестка пра пачатак новай грамадзянскай вайны. I ў Кароне, і ў Літве ніхто з тых, хто меў хоць нейкае дачыненне да роду Радзівілаў, не адмовіўся дапамагчы; выходзіла, што ўсе былі не супраць таго, каб распачаць у Літве грамадзянскую вайну.

Галоўнымі кіраўнікамі пратэстанцкай партыі былі перш-наперш тры князі Астрожскія: кракаўскі кашталян, кіеўскі і валынскі ваяводы. Яны былі аднымі з самых уплывовых магнатаў на Літоўскай Русі, у іх было многа народу пры дварах, і яны абяцалі моцную падмогу. Кожны з іх мог прывесці шэсцьсот вершнікаў і семдзесят гайдукоў*, а гэта налічвала, калі ўзяць усіх разам, тры тысячы дзевяцьсот чалавек. Менш значным і не такім багатым лічыўся смаленскі ваявода Абрамовіч, які быў пратэстантам і трымаўся Радзівілаў, залежаў ад іх, таму ішоў за імі па абавязку; ён меней абяцаў, але хацеў хоць нечым дапамагчы агульнай справе, якую лічыў справай барацьбы за веру, і дакляраваў прыслаць ад свайго двара пяцьдзесят вершнікаў. Ваяводаў швагра Мікалай Нарушэвіч, жмудскі кашталян, выстаўляў сто вершнікаў і сто гайдукоў. Замой- скі таксама без разважанняў быў гатовы прыслаць людзей з Падолля. Князь курляндскі адказаў на пасланне ваяводы, што прышле яму атрад сваіх рэйтараў*. Князь Юрый Радзівіл паабяцаў даць некалькі дзесяткаў конных, ды і іншыя хоць што-небудзь ды ахвяроўвалі дзеля гэтай справы. Леў Сапега, хоць быў і родзічам ваяводы і добра адносіўся да яго, але тым не менш даць людзей не абяцаў. Гэта было, як мы ўжо згадвалі, у ягоным характары - ён не любіў ні ўва што ўвязвацца, як католік і як вялікі прыхільнік караля, ён не хацеў рашуча выступіць супраць Хадкевічаў, бо яны былі ў пашане ў Жыгімонта III, стаялі на чале католікаў Літвы.

Што ж да Хадкевічаў, то іх сілы па колькасці не ішлі ні ў якае параўнанне з сіламі Радзівілаў. Хаця іх падтрымлівалі ўсе католікі, але ніхто ім не абяцаў такой дапамогі. Для таго каб выставіць хоць што-небудзь на абарону супраць Радзівілаў, яны мусілі спадзявацца ў асноўным на грошы, прычым на вялікія грошы: запісваць людзей у войска, наймаць, аплочваць, збіраць іх у Літве і за яе межамі. Дайшло да таго, што з-за інтрыг Радзівілаў ім даводзілася шукаць салдат у замежных краінах, а яны ішлі толькі тады, калі ім добра плацілі. Калі ж да гэтага дадаць, што на той час у іх не было такіх багатых і вялікіх уладанняў ды і ўвогуле багацця, то зразумела, у якое цяжкае становішча яны трапілі. Ім даводзілася закладваць і аддаваць у арэнду свае маёнткі, абы толькі раздабыць грошай на аплату сцягнутага з усіх бакоў войска. Жмудскі стараста Ян Караль, які стаяў на чале сваёй групоўкі, спадзяваўся такім спосабам сабраць тысячу шэсцьсот конных наёмнікаў і яшчэ шэсцьсот пехацінцаў. Пастараўся ён разжыцца і гарматамі для ўмацавання абароны сваёй камяніцы.

Вестка пра гэтую падрыхтоўку, з якой ніхто не рабіў таямніцы, хутка дайшла да караля. I не дзіва: уся краіна гаварыла пра гэта, была занятая падрыхтоўкай да вайны; і ўсе гэтаксама параўноўвалі сілы бакоў, прадказвалі, што прайграюць вайну Хадкевічы, а разам з імі і ўсе католікі. Яны баяліся, што ваявода, маючы такое войска, лёгка пераможа і не спыніцца перад тым, каб скарыстаць сваю перамогу для забеспячэння сабе і сваім прыхільнікам рашаючай перавагі ў Літве. Гэта непакоіла католікаў і самога караля, да якога ўсё часцей пачалі даходзіць просьбы ўмяшацца ў гэтую справу. Але кароль не дужа верыў у тое, пра што яму даносілі, лічыў становішча не такім ужо страшным, а можа, нават і адчуваў, нягледзячы на сваю недальнабачнасць, што Радзівілы не будуць надта лічыцца з ягоным пасрэдніцтвам.

Ваявода быў дужа раззлаваны зыходам свайго нядаўняга пасольства, яшчэ больш узненавідзеў Хадкевічаў і ўжо не думаў пра новыя перамовы і пра прымірэнне. Абодва бакі з нецярплівасцю і трывогай чакалі 6 лютага.

Паколькі ваявода быў мацнейшым і перакананым у сваёй перамозе, то і адчуваў сябе больш упэўнена. Прайшлі апошнія месяцы 1599 года, новы, 1600 год пачаўся ў трывозе, і вось нарэшце наступіў люты. Тым часам, устрывожаны блізкай развязкай гэтай гісторыі і чуткамі пра вялікую падрыхтоўку да грамадзянскай вайны, што даходзілі да яго, кароль Жыгімонт нарэшце паслаў чатырох сваіх сенатараў, перадаў з імі лісты да абодвух варагуючых бакоў, у якіх забараняў брацца за зброю і пачынаць вайну, і наказаў ім, каб рабілі ўсё, што ў іх сілах, для таго каб спыніць згубнае праліццё крыві. Сенатары выправіліся ў Вільню ў студзені 1600 года, але пакуль яны не прыбылі і не распачалі сваю дзейнасць, нам варта вярнуцца да апісання далейшага развіцця падзей у самой Вільні. Гараджане былі ў трывозе: яны адчувалі, што стануць першымі, хто пацерпіць у гэтай вайне, бо яна абавязкова пачнецца на рыначнай плошчы, на вуліцах. Некаторыя ўжо намерыліся ўцякаць - яны не хацелі аказацца ў шэрагах тысяч салдат абедзвюх груповак. Дарэмна з болем і жалем гаварылі яны пра тое, што будзе з горадам, на гэта ніхто не зважаў, таму яны мусілі напомніць пра сябе тым, хто збіраўся ваяваць.

Дух гарадской грамады быў больш спрыяльны для партыі католікаў, таму што большая частка горада была каталіцкай; русіны, якія ў 1599 годзе ўвайшлі ў канфедэрацыю і якімі апекаваўся ваявода, абараняючы іх ад езуітаў, ішлі за ім, але іх было нямнога. На чале магістрата ў той час стаяў віленскі войт, якога незаконна прызначыў кароль, заўзяты католік і найлепшы слуга езуітаў Мацей Барымінскі, былы сакратар караля. У самім магістраце палова засядацеляў была праваслаўнымі, палова - католікі, але сярод праваслаўных засядацеляў было ўжо больш уніятаў, чым тых, хто прытрымліваўся ранейшай веры. Тое самае дзеялася паміж бургамістрамі і радцамі - там таксама пераважалі католікі; адчуваўся і вялікі ўплыў езуітаў, хаця яго падрывалі частыя спрэчкі з магістратам. Войт Барымінскі быў членам брацтва Божага цела і міласэрнасці Ісуса, акрамя таго, яшчэ і служкай ордэна - гэта яскрава сведчыць, на чый бок ён схіляўся. У пачатку 1600 года, калі ўвесь горад поўніўся чуткамі пра блізкую вайну, халодным студзеньскім ранкам ратушная плошча пачала запаўняцца людзьмі. Адны з іх ішлі адчыняць свае магазіны, іншыя спяшаліся ў ратушу, хто меўся вяршыць суд у магістраце, каго цікавіла скарбніца, каго вагі, цырульня ці штосьці яшчэ. Бурмістры, радцы, члены магістрата, пісар - усе стоўпіліся каля вялікіх дзвярэй ратушы, калі гадзіннік на вежы адбіў дзевяць. Размова якраз і зайшла пра падзеі, якія набліжаліся; некаторыя загаварылі пра тое, якія наступствы гэта можа мець для горада. Найбольш хваляваліся багатыя, яны баяліся за сваю маёмасць, любілі спакой, трывожыліся, што ім давядзецца браць на пастой тых, хто будзе выступаць на тым ці іншым баку. Пераказвалі адзін аднаму розныя чуткі.

- Я, пане Базыль, - казаў тоўсты і чырвоны шляхціц, - чуў ад прыдворнага пана старасты, а той пачуў ад палкоўніка, а палкоўнік - ад самога ягамосці старасты, што будуць ваяваць не ў полі, а толькі на гарадскіх вуліцах; як вам, пане, гэта падабаецца?

- А навошта б яны тады ўмацоўвалі камяніцу? - пытаўся другі.

- Усе ведаюць, што там ужо ёсць восемдзесят (!) гармат, яны ляжаць па ўсіх кутках; і хто ведае, колькі іх яшчэ прывязуць. Кажуць, што гарматы паставілі нават у вокнах, якія выходзяць на вуліцу, у парадных пакоях.

- А што да ваяводы, - казаў трэці, - то мы ведаем: як толькі ён навядзе сюды войска, ерэтыкі тут жа сатруць католікаў у пыл, знішчаць касцёлы, ксяндзоў задушаць. Пра крамы і склады і думаць няма чаго. А таму трэба своечасова падумаць пра сябе. Беражонага Бог беражэ.

- Так, так! Усё можа быць. Але няўжо наш кароль дазволіць ваяваць?

- Не можа ж кароль стаць паміж імі, - прамовіў яшчэ адзін гараджанін, - хай сабе ён і хацеў бы дапамагчы Хадкевічам, усё роўна не зможа. Можа толькі забараніць брацца за зброю, іншага не прыдумаць.

- Так яго ваявода і паслухаецца, - даводзіў другі шляхціц, - ён пасмяецца над ягоным загадам, як толькі пакліча войска з Русі, Курляндыі ці мала адкуль яшчэ. Кажуць, што ён пад заклад каталіцкай маёмасці склікае нават татар і паганых туркаў.

- А таму, - гнуў сваё трэці, - кожны, хто мае розум, хай адным духам вымятаецца з Вільні напярэдадні таго тэрміну, і хай ім застануцца толькі голыя сцены, нават абіўку трэба садраць. Я дык так і зраблю.

- У мяне пастаялы двор, - сказаў маленькі гарбун, - і я не магу пакінуць яго. Наадварот, я магу пажывіцца.

- Цябе аб'ядуць і абап'юць, а потым пакажуць дулю, - усміхнуўся пан Базыль, - вось і ўся будзе твая пажыва.

- Можа, не такі страшны чорт, як яго малююць, - разважаў першы. - Ксяндзы-езуіты чамусьці ж не выязджаюць, капітул таксама, ніхто не едзе. Каб было так ужо небяспечна, то ўсе даўно б выехалі.

- Праўду кажаце, - падтрымаў яго гараджанін, які стаяў збоку, - як толькі яны пачнуць высяляцца, то і мы рушым за імі. Будзем напагатове, але пакуль што не варта кранацца з месца; а да вайны не дойдзе, можа ж стацца і такое, тады мы хоць нешта ўтаргуем, раз наедзе столькі народу. I за пастой атрымаем.

- А вы ведаеце, што з-за гэтага, даруй Божа, паганскага ваяводы, - зноў умяшаўся трэці, - у нас столькі гадоў няма біскупа. Ён ні ў грош не ставіць ксяндза Маціёўскага і настройвае супраць яго іншых, каб не зацвярджалі яго на біскупства, а ўсё таму, што той на баку караля.

- Можа, гэта і праўда, - прамовіў Базыль, - але ж ксяндза не пускаюць на біскупства яшчэ і таму, што ён не ліцвін, ёсць жа нейкі закон, які забараняе не ліцвіну займаць віленскае біскупства. Вось чаму яго не дапускаюць.

- Зусім не таму, - запярэчыў трэці, - мне братчык-кравец з ордэна езуітаў казаў, што прывілей на біскупства выдадзены ксяндзу канцылярыяй Кароны і з яе пячаццю.

- А хоць бы і так, каго гэта абыходзіць? Некалі нябожчык кароль Стэфан запячатваў прывілеі рукаяццю шаблі, і нічога, усё выконвалася, што там было запісана.

- Тое і ёсць, што наш кароль глухі і нямы, адно ведае - маліцца ды маліцца, а ў каралеўстве ўсё пайшло наперакасяк. Але трасца іх бяры, усе гэтыя справы, нам трэба падумаць пра сябе, самы час. Нам пара нешта вырашыць наконт гэтай вайны.

У гэтую хвіліну падышоў войт Мацей Барымінскі. Усе пакланіліся яму, а пан Базыль Яновіч спытаў:

- Ці праўда, што хутка пачнецца вайна паміж Хадкевічамі і ваяводам?

- Адзін Бог можа гэта ведаць, - адказаў худы і высокі мужчына, якога ўсе віталі як войта, - але probabiliter - вельмі можа быць.

- Дык, можа, калі гэта так, нам самы час падумаць пра сябе, - сказаў пан Дурнік, той самы трэці шляхціц.

- Напэўна, так, - адказаў войт, - падумайце, вашамосць, з чаго пачынаць.

- А што сам пан думае рабіць? - спытаў Більдзюкевіч.

- Буду пакуль што сядзець, - адказаў войт, - бо не магу пакінуць сваю пасаду.

- I я, - сказаў адзін з членаў магістрата, - але краму замкну, а тавары вывезу ў вясковы фальварак.

- Так трэба зрабіць і нам, - прамовіў яшчэ адзін удзельнік гутаркі, пан Дубовіч, - але ці не лепей было б адправіць дэпутацыю віленскага магістрата да іх мосцяў кашталяна і ваяводы з просьбай не рабіць шкоды гораду яго каралеўскай вялікасці?

- Супакойцеся вы з вашымі хаджэннямі! - усклікнуў Дурнік. - Хочаце, каб нас там паднялі на смех? Хіба яны паслухаюцца нас, калі там ужо ўмешваўся не адзін сенатар, і яны ўсім падцерлі насы.

- Гэта так, - засведчыў войт, - але ж нешта значым і мы, як-ніяк - brachium reqium - правая рука ўлады - у гэтым горадзе. I нашы прапановы яны не могуць праігнараваць, бо каму, як не нам, дбаць пра захаванне і securitas - бяспеку - горада? Таму парада пана Дубовіча наконт дэпутацыі ratione - слушная, я ўхваляю яе.

- I я, - далучыўся Базыль Більдзюкевіч. - Сёння ж параімся і адправім пасла з паперай.

- Навошта такія цырымоніі, - запярэчыў Дубовіч, - трэба, каб пайшоў увесь магістрат, а інакш будзе поўны афронт.

- Напэўна, так будзе лепей, - згадзіўся войт, - толькі, перш чым ісці, трэба знайсці кагосьці талковага, хто мог бы даць добрую параду, падказаць, што і як гаварыць.

- I каго б вы параілі? - спытаў Дубовіч.

- Мне здаецца, - адказаў войт, - лепш за ўсё папрасіць рэктара Акадэмічнага калегіума.

- Вашамосць кажа чыстую праўду, - пацвердзіў Дурнік. - Схадзіце вы, пане, да яго самі і распытайцеся, што ён думае пра ўсё гэта.

- А што ж, сапраўды stante pede - схадзіце самі, гэта не зашкодзіць, - дадаў Дубовіч.

- На сёння важных спраў пакуль няма і не прадбачыцца, таму вы, пане, можаце схадзіць у калегіум, а тут застануцца члены магістрата, бурмістры і наш шаноўны пан пісар.

- Добра, добра. Я і так збіраўся схадзіць у калегіум па судовых справах, - сказаў войт, - а раз вы ўжо так хочаце, то пайду зараз жа.

Войт пакланіўся і ў задуменні пайшоў па вуліцы ў бок калегіума Святога Яна.

У той час калегіум займаў вялікую плошчу, месціўся ў некалькіх дамах, купленых яшчэ біскупам Валяр'янам Пратасовічам, і ў заснаваных яшчэ раней, нават з перабудаванай колішняй Святаянскай плябаніі (у якой славуты Ройзій Маро, апошні архіпрэсвітэр, пісаў свае "Пастановы"); а таксама ў дакупленых і ахвяраваных камяніцах. У цэнтры ўсіх пабудоў стаяў касцёл Святога Яна, абноўлены некалькі гадоў таму, з высокай вежай, ганкамі. Каля варот калегіума сабраліся маладыя навучэнцы, чакаючы, калі зазвоніць падвешаны ў браме звон. Апрануты яны былі вельмі пярэста, з чарніліцамі пры поясе, кніжкамі пад пахамі, у паплямленым і часта ў дужа паношаным адзенні. Некалькі свецкіх навучэнцаў і ксяндзоў з касцёла Святога Яна ў чорным адзенні ішлі па дзядзінцы з ключамі або з кніжкамі. Пан Барымінскі ведаў некаторых з іх і вітаўся з імі. Ён мінуў дзядзінец, прайшоў па калідорах, дзе снавала яшчэ больш моладзі і ксяндзоў, нідзе асабліва не спыняўся, бо спяшаўся хутчэй трапіць у рэктарскую келлю.

Каля дзвярэй сталоўкі сабраўся цэлы натоўп - звон якраз абвясціў час снедання. А з глыбіні ўжо чуўся голас святара - ён, як тут вялося, чытаў статут ордэна перад тым, як пачаць есці. Было чуваць, як уголас каюцца некалькі браццяў - яны ў час чытання статута павінны былі адбываць пакаранне за правіну.

Войт працерабіўся праз натоўп і нарэшце аказаўся перад келляй рэктара. Яна была больш багатай, чым другая, на Правінцыяльнай вуліцы, бо ў ёй ксёндз-рэктар прымаў толькі саноўных гасцей, якія не хацелі праходзіць праз усе заведзеныя тут цырымоніі з абавязковым мыццём ног каля ўвахода. Над дзвярыма келлі вісеў абраз Святога Ксаверыя, ці не асабістага апекуна рэктара.

Войт пастукаў і адразу ж увайшоў, бо вучань-езуіт адчыніў яму. Ксёндз-рэктар стаяў у дзвярах першага пакоя і якраз заканчваў размову з братчыкам:

- Хай пасадзяць яго на тры дні на хлеб і ваду паводле статута, а пра астатняе пагаворым потым.

Братчык пакланіўся са складзенымі на грудзях рукамі і выйшаў, а войт павітаўся з рэктарам. Келля, у якой яны стаялі, была сціплая, нічым не аздобленая, апрача партрэта ксяндза Варшавіцкага. Каля дзвярэй вісела крапідла, побач - драўляны крыж, лаўкі, каля сцен шафкі. Больш урачыста выглядала другая, гэткая ж скляпеністая, як і першая, сюды рэктар і правёў Барымінскага. Гэтая келля выглядала значна большай, у ёй былі два акны. Сцены - нічым не абабітыя, на іх віселі абразы святога Ігнація Лаёлы і першых дзевяці браццяў ордэна езуітаў, а таксама выявы некаторых папярэднікаў рэктара ў віленскім калегіуме.

Тут стаяла шафа з кнігамі, побач просты цвёрды ложак, а над ім - плётка і крыж, галінка вярбы і грамнічная свечка. I больш нічога такога, што магло б служыць упрыгожаннем, воку не было за што зачапіцца.

- Важная справа прывяла мяне да вас, літасцівы ксёнжа, - прамовіў войт пасля прывітання. - У горадзе неспакойна, людзі баяцца. Я хацеў бы параіцца з вамі, што можна зрабіць.

- А чаму неспакойна? - спытаў Гарсія Алабянус, павярнуўшы да войта лысую галаву і глянуўшы на яго жывымі чорнымі вачыма.

- Ды ўсё з-за гэтай няшчаснай вайны, да якой рыхтуюцца Хадкевічы і Радзівілы, - патлумачыў войт. - Увесь горад устрывожаны, людзі непакояцца, не ведаюць, што і як рабіць. Ці ўцякаць, выбірацца з горада, ці сядзець і чакаць, спадзеючыся на Божую ласку.

- Што ж я магу вам параіць? - адказаў рэктар, не хаваючы сваёй поўнай абыякавасці. - Рабіце так, як падказвае вам розум.

- Але ж тут нашага розуму не стае, - пажаліўся войт, - і мы былі б рады пачуць параду, як нам сябе паводзіць, на што спадзявацца. Ёсць нам чаго баяцца альбо не?

- Я ведаю гэта не лепей, чым вы, - адказаў рэктар. - Так, падобна на тое, што пахне вайной, але наш кароль ужо выслаў паноў сенатараў з інгібіцыяй* да ваяводы і кашталяна.

- З інгібіцыяй! - усклікнуў войт. - Але ці прыслухаюцца яны да яе?

- Гэтага я не ведаю, - асцярожна сказаў рэктар, бо не хацеў паказаць, наколькі добра ён дасведчаны ва ўсім, што дзеялася ў горадзе.

- Мы хацелі б прапанаваць магістрату выступіць з прадстаўніцтвам ад горада да паноў кашталяна і ваяводы, каб яны не парушалі спакою і не шкодзілі sekuritatem Metropolis - бяспецы горада.

- Гэта было б не лішнім, - сказаў рэктар, - але я вашым мосцям і не раю, і не адгаворваю.

Прычыну такой асцярожнасці ксяндза-рэктара ў ягонай размове з войтам трэба было шукаць ва ўсім вядомай балбатлівасці пана Барымінскага, менавіта з-за яе рэктар баяўся сказаць лішняе слова; ён не хацеў, каб увесь горад даведаўся пра нейкі там ягоны ўдзел у тым, што наспявала. Таму ён стараўся захаваць хаця б вонкавы neutralitat - нейтралітэт - у гэтай справе; і так пратэстанты ўжо ўскідвалі на вочы езуітам усе грахі, былі яны ў іх вінаватыя ці не.

- А ці будзе які плён, калі мы гэта зробім? - дапытваўся войт. - Мы спадзяёмся на вашы розум і дасведчанасць, пане рэктар, дык парайце што-небудзь.

- Благога нічога быць не павінна, - прамовіў рэктар, - але зноў жа і вялікіх вынікаў чакаць не варта. Зрабіце так, як вы ўжо вырашылі між сабой, а я загадаю адправіць імшу за поспех вашай місіі. Трэба толькі не забыцца паслаць распараджэнне ў капліцу Божага цела.

Рэктар прамовіў гэта і ўстаў, нечым заклапочаны, а пан войт, рады ці не, павінен быў развітацца з ім. Праходзячы паўз браму калегіума, ён зірнуў на вывешаныя там аб'явы, прабег іх вачыма. Гэта былі аб'явы пра заказаныя малебны ў дзень нейкага святога, пра дыспут з нагоды атрымання вучонай ступені, а таксама пра пазбаўленне ад інтэрната трох навучэнцаў за якіясьці дрэнныя ўчынкі.

Паздзел 2

ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА

Назаўтра яшчэ гадзіннік на ратушы не прабіў дванаццаці, а з яе дзвярэй ужо выходзіла дэпутацыя магістрата. Узначальваў яе паважаны пан войт Мацей Барымінскі, за ім ішлі двое суддзяў з магістрата, двое з рады, два бурмістры і гарадскі пісар. Усе яны былі шыкоўна апрануты, нібыта збіраліся ісці ў працэсіі або на прагляд цэхавых вучэнняў: у новым яркіх колераў адзенні, новым абутку з найлепшай скуры, а яшчэ, паколькі па новым прывілеі Найяснейшага Жыгімонта Аўгуста (так яго тады называлі), магістрат быў прыраўняны да шляхты, усе чыноўнікі ў знак свайго шляхецтва папрычаплялі шаблі, якія бразджэлі на камянях.

Па шляху ім нізка кланяліся гараджане і нават купцы; гледзячы, як важна і стройна яны выступалі, збочвалі з дарогі, каб не замінаць ім, бо ўсе адчувалі, што ішлі яны не проста так, на пагулянку, а заклапочаныя нейкай важнай справай, якая мела дачыненне да ўсяго горада. Гэтак яны прайшлі ў ганаровым маўчанні па галоўнай вуліцы, а потым, каб не звяртаць на сябе лішняй увагі, збочылі ў завулак на Рыбным канцы, астатнюю частку шляху unanimitate - аднадушна - вырашылі прайсці нацянькі, прадмесцем да самага палаца віленскага кашталяна.

Тут яны спыніліся і папрасілі паведаміць пра свой прыход. Праз хвіліну іх правялі ў залу, а неўзабаве да іх выйшаў і сам кашталян. Пасля нізкіх паклонаў і прывітання пан войт адкашляўся і ўрачыста пачаў сваё слова:

- Яснавяльможны віленскі кашталян! Пане наш і дабрадзею! З пэўнага часу страх і неспакой апанавалі жыхароў Вільні, слаўнага горада яго каралеўскай вялікасці, і ўсё з нагоды нейкіх чутак і пагалосак, якія пайшлі, нібыта знарок, каб парушыць спакой гэтага горада і sekuritas - бяспеку - яго. Нейкія нядобрыя людзі садзейнічаюць парушэнню спакою жыхароў нашага сталічнага горада, разносячы падобныя плёткі і вымысел, аднак жа для гэтага маюцца некаторыя падставы. Кожны дзень народ бачыць, як вы, пане, праводзіце нейкія фартыфікацыйныя работы ў самым сэрцы горада, робіце нейкія прыгатаванні, якія могуць парушыць спакой гараджан. Абдумаўшы ўсё гэта, мы, войт і гарадская рада яго каралеўскай вялікасці горада Вільні, прыйшлі да вас сюды, аd illustrissmum - да вашай светласці - пакорліва прасіць вас, каб у тым выпадку, калі вы і сапраўды рыхтуецеся да вайны (хай вас Бог бароніць ад гэтага!), то каб хаця горад Вільня не стаў тэатрам ваенных дзеянняў. Мы маем прывілей, па якім ставіць войскі ў самім горадзе забараняецца, а гасцям, якія прыбываюць штодня, адводзяцца ў горадзе пастаялыя двары, іп visceris - пасярод - яго метраполіі, гэта запісана ў юрысдыцы ратушы, чаго ніколі раней не было. Калі ж, не дай бог, дойдзе да вайны і баёў, то гэта будзе пагібель для горада Вільні, яго гандлю і росквіту. Таму што нават зараз ужо іншаземныя купцы і госці, да якіх пачалі даходзіць гэтыя чуткі, зачыняюць крамы, пастаялыя двары і гасцініцы пусцеюць, плата за пражыванне не паступае, усе жывуць у нейкім страху і чаканні. Таму мы ўсе пакорліва просім Illustrissimum ад імя магістрата, Communitatis - таварыства - купцоў і ўсяго паспалітага віленскага люду, каб вы, калі можаце, не распачыналі гэтай вайны, якая прывядзе да зніштажэння гандлю і спакою ў горадзе, галечы і няшчасцяў яго жыхароў.

Пан Барымінскі збіраўся працягваць, але кашталян нецярпліва перапыніў ягоную казань:

- Даражэнькі пане войце! Вы дарэмна прыйшлі да мяне з гэтым пасольствам. Я тут ніякай вайны не распачынаю, я не хачу яе і не рыхтуюся да яе. Ідзіце да пана віленскага ваяводы і прасіце яго, каб ён добра падумаў і, калі што якое, каб не забываўся пра горад. Гэта ён, а не я думае пра вайну. Я ж мушу толькі бараніцца, калі нехта зачэпіць мяне, а бараніцца мае права кожны і ўсюды, ці ж не так, пане войце?

- Так, гэта кардынальнае права, - пакорліва пацвердзіў войт, - але ж...

- Але што? - спытаў кашталян.

- Але ж войска збіраецца, - прамовіў войт, - і ў ваколіцах, і ў самім горадзе яго ўжо многа, а кажуць, што прыбудзе яшчэ больш!

- Ідзіце да ваяводы! - зноў перапыніў яго кашталян. - Ідзіце! Гэта не мая справа. Я не буду страляць першы. Калі ён будзе пытацца ў вас, ці былі вы ў мяне, то можаце сказаць тое, што я гаварыў вам: я ніякай вайны не пачынаю. Усяго вам найлепшага, панове.

Дэпутацыя нізка пакланілася, потым гэткім жа няспешным крокам моўчкі пайшла да пана ваяводы, але на тварах чыноўнікаў магістрата можна было прачытаць, што гэтае другое пасольства ім зусім не па душы, таму што яны ішлі да ваяводы, якога баяліся як ерэтыка і якога ўсім ім распісвалі як жудаснага монстра. Хаця яны былі ў пэўнасці, што ён не павінен абразіць такую прадстаўнічую дэпутацыю магістрата, аднак ім было крыху ніякавата. Пан войт занепакоена пазіраў на пісара, пісар - на магістрацкіх засядацеляў, яны - на бурмістраў. Чым бліжэй яны падыходзілі да палаца, тым болей запавольвалі крок. Тут войт прапанаваў:

- Звярніцеся да яго вы, пане бурмістр.

- Хто? Я? - спалохана спытаў бурмістр. - Я? Але ж гэта будзе вялікай абразай для вас, пане войт, вы ж - галава горада і гэтай дэпутацыі! Я нізавошта так не зраблю.

- І я.

- I я, - ціха адгукнуліся іншыя. - Належыць гаварыць пану войту.

А войт сам не ведаў, як яму быць, бо ў яго язык нібы прысох. Але было ўжо занадта позна разважаць, бо яны прайшлі праз вароты і сталі ў калідоры.

Слуга абвясціў:

- Дэпутацыя магістрата!

Ваявода сядзеў у сваім пакоі з панам Абрамовічам, пачуўшы пра дэпутацыю, загадаў:

- Упусціць іх. Напэўна, прыйшлі з вечнай скаргай на падваяводу альбо пачнуць дурыць галаву пра гандаль, гандляроў ды партачоў.

Не паспеў ён скончыць, як увайшоў і схіліўся ў яшчэ болыпым, чым у кашталяна, паклоне пан войт, а за ім на дыбачках увайшлі і ўсе астатнія. Ваявода не ўстаў, змерыў іх паглядам і павярнуўся да іх, чакаючы, што яны скажуць. Такі прыём не дужа цешыў, войт ледзь не страціў прытомнасць ад страху, камячыў шапку, кланяўся, не мог вымавіць нейкага слова, з якога можна было б пачаць. Нарэшце, калі маўчанне занадта зацягнулася, ён пачаў гаварыць амаль тое самае, што казаў у кашталяна, толькі прамаўляў сваю казань на гэты раз дужа ціха і невыразна, дрыжачым голасам.

Ваявода перапыніў яго яшчэ на сярэдзіне:

- Вы што ж гэта, панове, думаеце мяне вучыць ці запалохаць? Мяне? Рабіце тое, што належыць вам, а не сенатарам і рыцарству! Сядзіце ў сваіх крамах, узважвайце тавары ў ратушы, збірайце падушныя, падымныя і іншыя падаткі, але не совайце свой нос туды, куды вас не просяць! Чуеце, ягамосці?!

Войт змоўк і пабялеў, як сцяна.

- Аднак жа, яснавяльможны князь, - заікаючыся, прамовіў ён, - securitas горада яго каралеўскай вялікасці, даверанага...

- Ахоўвайце горад ад злодзеяў і прайдзісветаў, пане войце, і не турбуйцеся аб нашых справах! - крыкнуў ваявода. - Нечуванае нахабства! Вас варта было б усіх пасадзіць за гэта на тыдзень у замкавую турму! - дадаў ён, усё болей распаляючыся злосцю.

- У магістрата яго каралеўскай вялікасці горада Вільні і ў думках не было абразіць яснавяльможнага пана, але ж zelus - клопат - пра дабро, даверанае нам...

- А я вам кажу, - загрымеў ваявода, - накіруйце ваш zelus на іншае, і вам будзе што рабіць і да чаго прыкласці яго! Не ўмешвайцеся ў тое, што вас не абыходзіць, збірайце падаткі, судзіце сваіх гараджан і гасцей, падтрымлівайце парадак і сядзіце спакойна.

Войт адступіў да дзвярэй, напалоханы напамінкам пра турму і грубасцю ваяводы. Калі князь вымавіў апошнія словы, адчыніліся дзверы і ўся дэпутацыя моўчкі пасунулася назад, а ваявода ў пакоі ўсё яшчэ бушаваў. З невясёлымі тварамі, як жаб праглынуўшы, паны радцы, бурмістры і магістрацкія засядацелі на чале са слаўным войтам пайшлі ў ратушу.

Яны здалёку ўбачылі, што каля варот ратушы іх чакала купка цікаўных гараджан і купцоў.

- Што мы ім скажам? - спытаў войт.

- Што? - перапытаў пісар. - Зусім няма патрэбы расказваць ім пра візіт да ваяводы, бо гэта прынізіла б нашу годнасць у іх вачах. Лепей скажам, што кашталян і ваявода абавязалі нас дбаць пра парадак у горадзе.

- А што, як яны даведаюцца пра ўсё?

- Лепш самі пераканаем іх, што мы кажам праўду, а ўсё іншае - гэта адны плёткі і чуткі, - настойваў пісар. - Інакш мы страцім давер нашых падуладных, ад чаго ахавай нас, Божа, бо з намі і так мала лічацца, а праз гэта і зусім даверу не будзе.

- Што добрага скажаце? - спыталі тыя, хто чакаў.

- Каб мы былі спакойнымі і цярплівымі, - адказаў войт. - Усё добра.

- Нас прынялі з належнай пашанай, - бадзёра дадаў пісар.

- Горад можа спадзявацца на памяркоўнасць ваяводы і кашталяна, - запэўніў войт.

- А вайны не будзе?

- Калі і будзе (гэтага нельга прадбачыць), то нам паабяцалі не рабіць вялікай шкоды гораду.

- Ну, вядома! - з'едліва сказаў, паківаўшы галавой, адзін з гараджан. - Абрабуюць і папросяць прабачэння, спаляць і будуць праліваць слёзы.

Паздзел 3

ТАМІЛА

Ужо цямнела, але на ратушы яшчэ не званілі, каб тушылі агні, яшчэ былі перапоўнены корчмы, харчэўні і шынкі, а не надта смелыя гараджане з ліхтарамі ў руках, узброеныя палкамі з шыпамі, пахаджвалі па вуліцах. У касцёлах званілі да малітвы Божага анёла*, самыя набожныя ў гэты час станавіліся на калені нават пасярод вуліцы. Бомканне званоў змешвалася з рыпеннем вазоў і карэт, галасамі прахожых. У акне палаца Хадкевічаў на Замкавай вуліцы сядзела князёўна Соф'я і глядзела на вуліцу невідушчымі вачыма. Яна была невясёлая, задуменная, хацела хоць неяк развеяць сябе відам вулічнага гармідару, але думкі яе былі далёка.

Аднак жа князёўна сядзела і пазірала на вуліцу не толькі дзеля гэтага - яна нібыта некага выглядала, некага чакала. А вуліца тым часам пусцела; акрамя некалькіх наведвальнікаў шынка Мальхера пад шыльдай з Бахусам - адны з іх спяшаліся туды, другія выходзілі - болей нікога не было відаць. Вароты камяніцы Хадкевічаў яшчэ былі шырока расчыненыя, каля іх стаяў толькі стары служка, ён таксама маліўся анёлам за душы памерлых - да гэтага заклікаў жывых голас званоў. Раптам побач з замкам нехта зашлэпаў па гразі, а неўзабаве паказалася старая жабрачка ў падраных лахманах, яна запавольвала крок і ўрэшце зусім спынілася пад акном князёўны. Зірнула на яго, як быццам прыкмеціла нешта незвычайнае, і замармытала. Гэта яна заўважыла бледны твар князёўны, які бялеў паміж шыбкамі.

- Падайце шэлег убогай, - папрасіла яна, - а Бог вас суцешыць.

Яна малітоўна склала рукі, працягнуўшы іх угору, сама ж пазірала на служку, а ён, заняты малітвай, не звяртаў на яе ўвагі. Яна паўтарыла:

- Падайце шэлег убогай! А Бог вас суцешыць.

У акне расчынілася фортка, з яе вылецела і ўпала на вуліцу манета, загорнутая ў паперку. Жабрачка прагна схапіла яе, узняла вочы ўгору і пачала дзякаваць:

- Бог вам заплаціць за вашу ласку, яснавяльможная панна! Бог заплаціць!

Князёўна тут жа зачыніла фортку, а жабрачка яшчэ разазірнулася і пашыбавала назад па Замкавай вуліцы, ды такхутка, нібыта яна і не была згорбленай старой. Як толькі яна адышлася далей ад камяніцы, адразу развінула паперчыну і сама сабе сказала:

- Ого! Цэлы талер! Але намнога даражэй каштуе паперка, чым гэтая манета, хай бы яна была нават партугальская!

Жабрачка прамармытала гэта, старанна склала паперку і накіравалася ў бок палаца Радзівіла. Наблізіўшыся да яго, адчыніла дзверцы, што выходзілі на вуліцу, зайшла ў іх і падалася напрасткі да галерэі, на якую вяла лесвіца. Смела і прывычна яна ўзышла па лесвіцы, пастукала ў дзверы, адчыніла іх і ўвайшла.

Яе заўважыў прыдворны, што сядзеў у пярэднім пакоі, і папярэдзіў:

- Ідзі распранацца ў каморку, бо тут зайшоў нехта чужы. Зрабіў, што трэба?

- Усё цудоўна! - адказала мужчынскім голасам фальшывая жабрачка і пайшла ў бакоўку.

Там яна зняла лахманы, памылася і апранула мужчынскае адзенне. Гэта быў Таміла Таміловіч, давераная асобакнязя, які такім спосабам здабыў ліст ад князёўны. Пераапрануўшыся, ён зноў зайшоў у пакой і спытаў:

- А хто там прыйшоў?

- Ды пан Адам прывёў нейкага прыдворнага з палаца Хадкевічаў, поіць яго, улашчвае, толькі што мух ад яго не адганяе.

Таміла выслухаў гэта і пайшоў у другі пакой, дзе некалькі ягоных сяброў шчыравалі над збанком, а пасяродсядзеў на добрым падпітку ўжо знаёмы нам пан Брожак і пра штосьці прастарэкваў.

Ён убачыў Тамілу, якога ўжо сустракаў раней, хоць і не ведаў ягонага імя, ускочыў з лаўкі і сардэчна абняў яго.

- А, і ты тут!

- I я тут, - адказаў Таміла.

- А што ты тут робіш? - запытаўся Брожак.

- Зайшоў выпіць, - адказаў Таміла і падміргнуў прыяцелям.

- Тады сядай, госцем будзеш, - сказаў адзін з іх і наліў яму кубак віна.

Яны пачалі піць па чарзе адзін да аднаго, беручы кубак з рук і кланяючыся.

Таміловіч шэптам спытаў у свайго сябра:

- Што-небудзь выцягнулі з яго?

- Яшчэ не, - адказаў той, - але яго пара ўжо выганяць, бо ён падпіў яшчэ ў Мальхера, і мы прывялі яго сюды; ён нават не здагадваецца, што сядзіць у Радзівілаў.

- П'ю да вашай мосці, пане Брожак! - усклікнуў Таміла. - Што ў вас там чуваць?

- А, што там можна пачуць, усё тое самае: ладзім крэпасць, купляем і прывозім гарматы, наймаем войска, вострым шаблі, падшываем скурай панцыры. Спляжым гэтых Радзівілаў к чортавай матары, дамо ім рады!

- Абавязкова! - згадзіўся прыяцель. - I многа там тых войскаў?

- Чорт іх злічыць! - махнуў рукой пан Брожак. - Стараста збірае іх па ўсім свеце. А цяпер яшчэ маршалак паехаў дабіраць рэшту ў Прусію.

- Хто ён такі, ваш маршалак? - запытаў Таміла.

- Ды хіба вы яго не ведаеце? Ну! Мікола Хамец. Не простага роду чалавек! Кажуць, што ўся літоўская шляхта яшчэ пасвіла скаціну і хадзіла ў скураных лапцях, а ягоныя продкі ўжо былі князямі.

- Ну, цяпер такіх князёў у кожнай кішэні па жмені, - усміхнуўся Таміла, - і шляхта ўжо не пасе скаціну. Так што яны цяпер роўныя. А якой дарогай ён паехаў?

- А бог яго ведае!

- А што, у вас хіба мала гармат, што вы іх яшчэ зво- зіце?

- Мне здаецца, што іх будзе намнога больш, чым у апошнім паходзе, бо нават калі падлічыць, колькі падрыхтавана месца для іх і ў камяніцы, і на дахах, і на сценах...

- Парабілі ўжо?

- О! Засталося толькі паставіць! - запэўніў Брожак. - Пан Барб'е працуе без стомы, ён кажа, што нам будзе зручней абараняцца, чым Радзівілам нападаць: нават калі ў ерэтыкоў будзе шмат войска, яно ўсё роўна не памесціцца ў вуліцах. Падыдзе хто на стрэл, а мы яго - ядром, аскалепкамі ў вочы!

Таміла Таміловіч кіўнуў галавой, глянуў на сваіх і пачаў зноў выпытваць пра колькасць войска:

- А ўсё ж, ці многа ў вас людзей?

- Кажу ж вам, што добра не ведаю, але я кожны дзень чую, як яго тысячамі лічаць пан Барберы з панам старастам і панам Аляксандрам.

- Адкуль вы яго бераце?

- Па ўсім свеце збіраем, як тыя грыбы, адзін тут, другі там, - балбатаў пан Брожак. - Нямала такіх, каго вабяць добрыя грошы! Не шкадуем сіл, шукаем дзе толькі можна. Рух вялікі, стараста ездзіць і ездзіць.

- Мабыць, яго і зараз няма ў Вільні?

- Няма, вернецца да паўналецця княжны з гарматамі і з войскам, так, не іначай як за месяц перад тым.

- I хто ж будзе імі кіраваць?

- Як хто? Сам стараста, - сказаў Брожак. - I Мікалай Хамец. Таксама, кажуць, хвацкі ваяка. Ну, а кожны атрад будзе мець свайго ротмістра.

Яны доўга яшчэ пілі віно, смяяліся, жартавалі, але Таміла неўзабаве знік. Ён пабег да маладога князя. Непрыкметна ўвайшоў да яго і стаў у дзвярах. У пакоі гарэла некалькі жоўтых свечак. Князь Януш выпрабоўваў зброю, згінаў шаблі, разглядаў і адбіраў лепшае, кладучы на вялікі стол.

- Таміла? - спытаў ён, падняўшы галаву. - З чым прыйшоў?

- Прынёс ліст! - адказаў прыдворны.

Князь паклаў шаблю і схапіў паперчыну, падбег да святла, прачытаў яе, наморшчыў лоб і кіўнуў галавой.

- Што яшчэ?

- Толькі што мы адправілі аднаго лайдака з Хадкевічавай псярні, папіст многае расказаў.

- А што? - пацікавіўся князь Януш.

- Што стараста сабраў шмат гармат, што выпісвае войска аж з-за граніцы.

- Гэта не сакрэт, - зазначыў князь.

- I што сам стараста будзе кіраваць...

- I гэта не навіна, - раздражнёна адказаў Януш.

- Што ў камяніцы ўсё гатова, падрыхтаваны месцы для ўстаноўкі гармат.

- Адкуль яны іх узялі?

- Гэтага я не ведаю. Але ён сказаў, што іхні Барб'е, нейкі там француз, запэўніў, што ім будзе ў сто разоў лацвей абараняцца ў камяніцы, чым нам нападаць і браць яе штурмам, бо наша войска не змесціцца ўсё ў вуліцах, а па чарзе яго будзе лёгка перабіць з гармат.

- Хіба гэтаму нельга даць рады? - запярэчыў князь. - Пакуль яны зноў зарадзяць тыя гарматы, мы выламаем вароты.

Ён пагардліва перасмыкнуў плячыма і спытаў:

- А ці ведаеш ты, Таміла, колькі Хадкевічы расстараліся ў купцоў пораху, свінцу і грошай?

- Колькі пораху і свінцу, я дакладна не ведаю, а грошай ім нядаўна даставілі пяцьсот коп. I ўсе пайшлі на войска.

- Усё роўна яны не перамогуць, - усклікнуў Януш, - хай ім нават усе дапамагаюць! Нават калі будзе патаемна дапамагаць кароль ці спадцішка - палякі езуіты. Мы зруйнуем усе іх палацы і касцёлы і пераможам. Там, дзе іх дзесятак, нас - тысячы!

- На, - сказаў ён Тамілу, - вазьмі гэту шаблю і загадай збройніку моцна і трывала насадзіць рукаяць. Хай таксама падрамантуе лёгкія даспехі, можа, яны і не спатрэбяцца, але хай будуць у спраўнасці, а то і рамяні абарваныя, і не хапае некалькіх пласцін на грудзях.

Таміла Таміловіч забраў усё, Януш у задуменні маўчаў.

- Бачыў князёўну? - спытаў ён.

- Бачыў. Яна, як заўжды, сядзела ля акна.

- Цябе ніхто не заўважыў?

- Я думаю, што не, хаця каля варот стаяў слуга.

- Заўтра я сам пайду замест цябе, - сказаў князь пасля хвіліннага роздуму.

- Вы, князь? - здзівіўся Таміла.

- А што тут такога? Пайду сам. Змог жа некалі князь Сямён слуцкі прыйсці ў Львоў да сваёй каханкі Гальшкі ў жабрачай вопратцы, паспрабую і я выкінуць гэткі ж фокус.

- А што, як вас зловяць?

- Ну, не павесяць жа...

- Але могуць зняважыць.

- У мяне будзе пад лахманамі кінжал. Значыць, старасты няма, кашталян у сябе, а ў камяніцы адны бабы?

- Але там процьма прыдворных, шмат вачэй, вы ж гэта добра ведаеце, - папярэдзіў Таміла. - Навошта вы туды пойдзеце?

- Ваявода нічога не павінен ведаць, - усхвалявана загаварыў Януш, - а ты, Таміла, маўчы, нікому ні слова, а то вырву язык! Як ты думаеш, можна патрапіць унутр?

- Слугі могуць выгнаць ды яшчэ ў каршэнь на- даюць.

- Няўжо не пусцяць жабрачку?

- Гэтага я не ведаю, - сказаў Таміла, - сам я ніколі ўнутр не заходзіў.

- Бо ты баязлівец.

- Я, князь? Я? Калі я паказаў сябе баязліўцам? - Ды вось зараз, калі ты адгаворваў мяне ад адзінага спосабу ўбачыцца з князёўнай, а мне гэта дужа трэба.

- Дык я ж не за сябе баюся, а за вас.

- Ці за мяне, ці за сябе, хопіць таго, што ты баішся, - упікнуў князь. - Ідзі да збройніка. А раніцой прынясі мне жабрачыя лахманы!

Паздзел 4

КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ

Назаўтра позна ўвечары дзверы ў пакой князя Януша былі зачынены з сярэдзіны на засаўку, а сам ён у жабрачым адзенні сабраўся пранікнуць да князёўны. Смелы хлопец з агідай пазіраў на рызманы, якія дапамагаў яму надзяваць Таміла, і падсмейваўся над сабой.

- Вось бы смяяліся, напэўна, мае ворагі, - мармытаў ён, - калі б убачылі мяне ў гэтай апранасе, злавіўшы мяне. Але можна смела ісці ў заклад, што ім будзе вельмі цяжка здагадацца!

Князь надзеў бруднае плацце, на свае чорныя валасы накінуў хустку, чорную бародку таксама прыкрыў кавалкам нейкай палапленай тканіны. Потым Таміла падаў яму кій і навучыў, як трэба ісці, як горбіцца, якім голасам гаварыць. Яшчэ раз паўтарыў свае парады, як лепей пракрасціся да князёўны:

- Такой парой яна заўсёды адна ў сваім пакоі, таму што пані ахмістрыня якраз моліцца з жанчынамі. А Соф'я моліцца асобна і ў іншы час, таму што яна іншай веры. Вы ведаеце, дзе дзверы пакоя князёўны, але набярыцеся цярпення і памаліцеся перад ім і не ідзіце, пакуль не пераканаецеся, што ў калідоры нікога няма. Пакой ахмістрыні тут жа збоку, таму не раю гучна гаварыць. Стораж каля варот не любіць пускаць жабракоў у палац, мяне ён заўжды без літасці праганяў. Вам трэба ўлучыць момант і праціснуцца праз дзверцы тады, калі ён загледзіцца і не будзе бачыць. I не баўцеся там доўга, а як пойдзеце назад, папрасіце князёўну, каб яна загадала слузе адвесці вас да варот, інакш там могуць абшукаць, баючыся, што жабрачка што-небудзь украла. I ўсё тут жа раскрыецца.

Калі Таміла скончыў, князь ужо ўсё апрануў, надзеў торбу, прычапіў да пояса гаршчочак і пайшоў да дзвярэй.

- Пачакайце, пане, - крыкнуў Таміла, - спачатку трэба паглядзець, ці няма там каго на падворку, а то яшчэ трапіцца хто-небудзь на вочы дый пазнае вас у гэтых лахманах.

Ён выбег, паглядзеў, вярнуўся.

- Ідзіце, пане, з Богам, і дай вам Бог шчасце! Князь выслізнуў з пакоя і шпарка збег па лесвіцы. Таміла глянуў яму ўслед, падбег і даў яшчэ адну параду:

- Дзеля ўсяго святога, пане, не ідзіце так хутка і выпрастаўшыся! Так усе пазнаюць, што вы не той, за каго выдаеце сябе. Ісці трэба павольна, згорбіўшыся, апусціўшы долу вочы і галаву.

Князь Януш так і зрабіў. Ён выйшаў на вуліцу. Але тут жа забыўся пра ўсё, падняў галаву і пайшоў хутчэй. Калі яго зачапіў нехта з прахожых, ён ледзь не выдаў сябе, заўважыўшы асуджальны позірк, але ўрэшце ён пачаў адчуваць, што інакш апрануты, своечасова схамянуўся і пасунуўся далей, да камяніцы Хадкевічаў, больш павольна, пакорліва.

На дварэ ўжо змяркалася, стораж зноў прамаўляў малітву "Анёл Божы", у акне бледна свяціўся твар князёўны. Прытворная жабрачка ўзняла вочы ўгору і падалася да варот. Вартаўнік быў заняты малітвай і не заўважыў, як скрыпнула брамка і князь праслізнуў у камяніцу. Там было ціха. Усе ў доме маліліся або паразыходзіліся па пакоях, пуста было і на лесвіцы. Князь азірнуўся і пайшоў да добра знаёмага яму пакоя. Але яго міжволі ахоплівала трывога, кожны гук, кожны рып дзвярэй, кожны трэск адгукаліся ў ім. Сэрца забілася мацней, калі ён падышоў да дзвярэй, тут ён спыніўся і пачаў мармытаць нешта пад нос, нібы молячыся.

Хвілінку пастаяў, але яму ніхто не адчыняў. Ён пачаў маліцца гучней, зазірнуў у пакой. Князёўна ўсё яшчэ стаяла каля акна. Каб звярнуць на сябе ўвагу, Януш прамовіў:

- Дзеля Бога літасцівага, падайце шэлег няшчаснай. Соф'я шпарка павярнулася, глянула ў пакой і пайшла да дзвярэй.

- Навошта ты зайшоў? - сказала яна, думаючы, што гэта быў Таміла Таміловіч. - Ідзі! Ідзі назад, бо цябе зловяць і пазнаюць! Ідзі!

Тут Януш адхінуў з твару сваю хустку, якой закрываўся, і паказаўся ёй. Хаця ў пакоі быў паўзмрок, князёўна пазнала, а хутчэй адчула, хто ён, закрыла твар рукамі і ступіла колькі крокаў назад.

- Дык вы гэтак мяне вітаеце? - ціха прамовіў князь Януш.

- Навошта ты зайшоў? - загаварыла Соф'я. - Ідзі! Ідзі! За мной сочаць, віжуюць, убачаць цябе, і ты наробіш шкоды і сабе, і мне. Ідзі, князь, ідзі!

- Я так проста не пайду, - сказаў князь, - і не затым я прыйшоў, каб ні з чым пайсці. Я хачу пагаварыць з табой, князёўна, таму што твае лісты ўсё болей трывожаць мяне. Няўжо нашы ворагі так напалохалі і настроілі цябе, што ты выракаешся мяне?

- Тут не час і не месца гаварыць, - адказала Соф'я, - і няма калі тлумачыць. Я дала слова кашталяну, што не буду бачыцца з табой. Ідзі, князь, заклінаю цябе, ідзі хутчэй! Ідзі адсюль!

- Я не пайду, - адказаў Януш, - а застануся тут, хай сабе Хадкевічы і загадаюць выкінуць мяне за вароты. Мне трэба з табой пагаварыць, Соф'я. Я так даўно не бачыў цябе, хачу ўпэўніцца, што ты на мяне яшчэ не забылася, не забылася пра свае ранейшыя абяцанні.

- О, я ўсё памятаю, - усклікнула князёўна ўстрывожаным голасам, - але дзеля Бога літасцівага, дзеля Святой Тройцы, дзеля ўсяго святога заклінаю цябе, ідзі адсюль, ідзі! Пазнаюць цябе, і тады, ты толькі падумай, князь, што будуць гаварыць пра цябе, пра мяне, як толькі ўбачаць цябе тут. Тады быць мне самай разняшчаснай, бо мяне запруць у манастыры, мяне акружаць вартай, я стану нявольніцай! Злітуйся нада мной, ідзі, ідзі!

Князь не адступаўся.

- Адно толькі слова, і я пайду, - сказаў ён. - Будзеш ты маёй, як была, Соф'я, ці не?

- Душой я заўжды твая, - адказала князёўна, - але тваёй ніколі не буду.

- Як гэта? Што гэта значыць?

- Я дала клятву і буду трымаць слова, дадзенае майму дзядзьку, кашталяну, што не буду думаць і спадзявацца.

Не віні мяне, князь, не лай мяне, бо гэта не мая віна. Гэта зрабілі іншыя, і не ты, князь, а твой бацька.

- Мой бацька? Цябе, князёўна, ужо навучылі глядзець на нас як на ворагаў, але чым жа, дзеля ўсяго святога, вінаваты мой бацька? Тым, што напомніў Хадкевічам пра дадзенае імі слова, што паклікаў іх у суд, калі не захацелі стрымаць яго? Ці ёсць большая правіннасць, чым нежаданне трымаць слова, парушэнне абяцанняў? Яны ж ганебна разарвалі дамову.

- Нічога не кажы пра іх, князь, - упрошвала Соф'я, - я не буду гэтага слухаць, бо я павінна ім аддзячыць. Ідзі, ідзі! Можа, Бог усё пераменіць. Калі ўсё перайначыцца, калі ўсе прыйдуць да згоды, ты знойдзеш мяне такой, як была тады, калі мы ў дзяцінстве гулялі з табой у Брэсце!

Пры гэтых словах князёўну апанавалі ўспаміны пра даўнія дзіцячыя гады, яна міжволі задумалася і змоўкла, так жыва яны паўсталі перад яе вачыма.

- I гэта ўсё, што ты можаш сказаць мне, Соф'я?

- Толькі гэта я і магу сказаць, бо я не належу сабе, не магу зрабіць тое, што хачу сама, я нічога не магу, толькі плакаць і цярпець.

Князь Януш тупнуў нагой і горда выпрастаўся пад сваімі жабрацкімі лахманамі, паглядзеў на прыгожы бледны твар князёўны і ўзгарэўся гневам, успомніўшы свой цяперашні стан і тыя надзеі, якія ў яго яшчэ зусім нядаўна былі.

- Вось што яны зрабілі! - усклікнуў ён.

- Не яны, - старалася пераканаць князя Соф'я, - не яны зрабілі няшчаснымі нас абодвух. Навошта было злаваць іх, навошта было даводзіць да апошняй мяжы цярпення?

- Не маглі ж мы ўніжацца перад імі. Мы! Мы! - кіпяціўся Януш.

- Хіба нельга было зрабіць гэтага дзеля мяне?

- Ні для кога, нізавошта і ніколі! - горда прамовіў Януш.

Князёўна адступіла на колькі крокаў.

- Ідзі, - хвалявалася яна, - і так ужо ты тут стаіш надта доўга; зараз скончыцца малебен, людзі пойдуць па калідорах, могуць напаткаць цябе. Ідзі, ідзі, Богам прашу!

- Яшчэ адно слова, толькі слова, - прамовіў Януш, - мне так непрывычна гаварыць з табой крадком, рэдка бачыцца. О, даўней бывала не так! Соф'я, я вымушаны дабівацца цябе зброяй, вайной, ведай пра гэта! Калі табе будзе можна адным словам вырашыць гэтую справу, успомні пра наша дзяцінства, пра ўсё ранейшае. Дык ты зробіш гэта дзеля мяне? Калі цябе спытаюць, ці хочаш ты выйсці замуж за мяне, ты не прамаўчыш, не адштурхнеш мяне? Я магу спадзявацца на гэта? Соф'я!

Князь чакаў адказу. Соф'я моўчкі глядзела на яго.

- Некалькі месяцаў таму пра гэта ў мяне пытаўся кашталян, такія самыя пытанні задаваў, і я адказала яму, што я твая, што ніколі не адракуся ад цябе, але і паабяцала яму, што ніколі не буду тваёй без яго дазволу. Ён ведае мяне, ён не дапусціць, каб я стала паміж вамі, бо ўпэўнены, што, калі б не гэтая сварка, я не адраклася б ад цябе.

- Не адраклася б ад мяне! - усклікнуў Януш. - Дзякуй табе за гэтыя словы! Ты дала мне новыя сілы для барацьбы за цябе! Калі так, то я мушу настойваць на сваім, я даб'юся таго, што ты вырашыш усё сама, ты будзеш маёй! Так, так, - дадаў ён, - будзь спакойнай, дарэмна Хадкевічы ўпіраюцца, яны ўступяць нам, нідзе не дзенуцца, бо ім не па сіле раўняцца з намі. Калі б давялося разбурыць увесь горад і здабыць цябе, то мы яго разбурылі б, зруйнавалі, разнеслі па цаглінцы! Нічога не бойся, Соф'я, не губляй надзеі, калі ты за мяне, то мы даможамся свайго. Ты будзеш маёй!

Калі князь дагаварыў, Соф'я нецярпліва павярнулася і дала яму знак ісці, але тут нечакана пачулася рыпенне дзвярэй, і ледзь паспеў князь захінуць твар, як паказалася ахмістрыня ва ўсім сваім пярэстым уборы. Яна здзіўлена стала на парозе.

- Што такое? Хто гэта? Хто пасмеў увайсці сюды? Князёўна хуценька падбегла да яе:

- Даражэнькая пані Влодская, не крычыце і не сварыцеся на мяне. Я хацела падаць гэтай беднай жанчыне міласціну і паклікала яе сюды з вуліцы. Што ў гэтым дрэннага?

- Што дрэннага? - усхапілася ахмістрыня. - Ды гэта ж чорт ведае што! Ці ж гэта добра, што вы водзіцеся з рознымі жабрачкамі? Што сказаў бы на гэта пан кашталян, калі б убачыў? Усе ведаюць, якія зладзейкі гэтыя жабрачкі.

- Але ж яна заўжды моліцца ў нашай царкве, я некалькі разоў бачыла яе, - адказала князёўна.

- Яна толькі разносіць па горадзе заразу і хваробы, - рэзка запярэчыла ахмістрыня, - яшчэ, крый божа, і табе паддасць якой трасцы! Прэч! Прэч! Я яе правучу, другі раз не асмеліцца цягацца па палацах!

- Дзеля ўсяго святога, пані Влодская, не рабіце гэтага, не рабіце! - закрычала князёўна.

- Гэта нядобра, мне будзе сорамна, бо я сама запрасіла яе зайсці, і вы пакрыўдзіце яе, гэта падзейнічае на маё сумленне, дарагая пані. Не чапайце яе!

Потым яна павярнулася да князя:

- Ідзі сабе, ідзі, пачцівая жанчына. Ідзі, бог з табой, ідзі, чаго стаіш.

Князь пайшоў да дзвярэй, а Соф'я схапіла за руку ахмістрыню і зноў пачала ўгаворваць яе. Тая спрабавала вырвацца, хацела паклікаць слуг, каб яны скінулі жабрачку з лесвіцы. Тым часам князь збег з прыступак і паспяшаўся да варот, але неспадзявана яму насустрач трапіліся некалькі прыдворных, якія размаўлялі з вартаўніком. Яны заступілі яму шлях. Князь хацеў праціснуцца між імі, але пабаяўся рызыкаваць, таму ён скурчыўся як мог і затаіўся ў цёмным кутку. Цемра ўсё болей ахутвала камяніцу, прыдворныя пагаварылі і пачалі разыходзіцца. Князь Януш падаўся да варот, але тут вартаўнік падсцярог яго і затрымаў.

- Чаму ты тут адна? Чаго прыходзіла? Зладзейка! - крыкнуў ён. - Гэй! Ёсць там хто? Цябе трэба абшукаць і добра адхвастаць! Як ты сюды трапіла? Як? - на ўсё горла крычаў вартаўнік, а на ягоны крык ужо беглі з другога боку людзі. Князь Януш адчуў, што можа папасціся, вырваўся ад вартаўніка і пабег да другіх варот, спадзеючыся, што іх яшчэ не зачынілі. Але яны былі ўжо замкнутыя і на засаўцы. Адтуль ён пабег уздоўж сцяны да стайняў, убачыў там нейкае сена, зашыўся ў яго і зноў стаіўся.

А вартаўнік усё крычаў: "Злодзей! Злодзей!"

На ягоны крык збегліся людзі.

- Дзе? Што? - пыталіся яны.

- Вось тут, тут быў, я трымаў яго за каршэнь, - крычаў вартаўнік, - але ён вырваўся і пабег вунь у той бок! Ліхтары нясіце! Ліхтары!

Пабеглі па ліхтары. Усё гэта князь Януш чуў і не ведаў, што яму рабіць. Ён намацаў кінжал пад лахманамі і ў трывозе чакаў, што будзе далей. У палацы пачалася мітусня, яго шукалі. Зазіралі ва ўсе куткі, шукалі на дварышчы і ў палацы, адчынялі дзверы. Галасы наблізіліся да стайні, але чамусьці тут шукаць злодзея ніхто не падумаў... Так прайшла доўгая гадзіна, урэшце вартаўнік замкнуў вароты і сказаў:

- Хай наступіць дзень, тады мы яго і знойдзем. Праз сцены ён не пераскочыць, калі ж дзе схаваўся, то я яго падпільную, калі адчыню вароты.

Пакуль усе разышліся, князь Януш чакаў у сене на стайні. Нарэшце ўсё сцішылася. Па часе, па крыках начных вартаўнікоў можна было меркаваць, што набліжалася поўнач. Князь не задумваўся над тым, як выйсці, бо ў яго, на шчасце, быў з сабой той самы ключ з адбітку на воску, які ён загадаў зрабіць Тамілу. Вось толькі ён забыўся, ад якіх ён дзверцаў. Але ён смела выйшаў са стайні і ў цемры пайшоў уздоўж сцяны да дзверцаў на вуліцу Савіч, выцягнуў засаўку, уставіў ключ, але ён не падыходзіў.

Князю трэба было прабрацца праз усё дварышча, каб знайсці другія дзверы. На шчасце, двор ён прайшоў незаўважаным. Але як толькі ён наблізіўся да патрэбных яму маленькіх дзверцаў, намацваючы іх у цемры, пачуў, што нехта ідзе за ім. Ён спыніўся. Так, нехта таксама ішоў да дзверцаў. А князь тым часам ужо адамкнуў іх і збіраўся выйсці.

- Хто там? - пачулася з цемры.

Князь Януш успомніў, якім спосабам Таміла Таміловіч расстараўся гэты ключ, і адказаў:

- Свой, іду па віно для пана Барб'е.

- Што? - усклікнуў той, хто падышоў. - I вы? А хто вам даў ключ?

- Хто? А вам якая справа?

- Вось такая, - сказаў, наблізіўшыся, пан Брожак, а гэта быў ён, - бо і ў мяне ёсць ключ ад гэтых дзверцаў, мне яго даў пан Бурчак, і я таксама іду па віно для пана Барб'е. Пакуль Брожак гаварыў гэта, князь ужо знік у цемры і пашыбаваў па вуліцы да свайго палаца. Там князя ўжо чакаў каля варот Таміла Таміловіч, устрывожаны, што яго доўга няма. Ён не ведаў, што рабіць, баяўся гневу ваяводы, непакоіўся, як бы той не даведаўся пра ўсё.

- Гэта вы! - закрычаў ён. - Дзякуй Богу! Я тут ужо некалькі гадзін трасуся ад страху.

- Я ж казаў, што ты баязлівец, Таміла Таміловіч, - адгукнуўся князь. - Каб ты пабыў на маім месцы і ў маёй скуры, калі мяне схапілі, як злодзея, то нябось памёр бы ад страху.

- Як злодзея! - усклікнуў Таміла. - I каго - вас!

- Гэта шчасце, што ў мяне быў з сабой твой ключ, Таміла, а іначай мне далі б добрую прачуханку! - расказваў Януш, заходзячы ў палац. - А так я выслізнуў з іх рук.

I са смехам дадаў:

- А твой прыдворны зноў пайшоў па віно, я якраз спаткаў яго каля дзверцаў са збанком. Калі ён спытаўся ў мяне, хто я такі, я адказаў, што іду па віно для пана Барб'е. Там будуць з гэтага дужа дзівіцца.

- Гэта нічога, - супакоіўся Таміла, - абы толькі вас ніхто не пазнаў, а што яны там будуць думаць, ліха з імі! Ён адчыніў дзверы кардыналіі і правёў князя Януша да ягонага пакоя па другой лесвіцы.

Паздзел 5

ВОСТРАЯ БРАМА

Недалёка ад манастыра і царквы Святога Духа з аднаго боку, а з другога - ад гасціннага двара рускіх купцоў на Вострым канцы высіцца адна з пяці гарадскіх брам, змураваных за сто гадоў таму, калі страх перад татарамі прымусіў задумацца караля, ваяводу і біскупа Войцаха пра ўмацаванне і абарону горада ад нападу дзікіх паганцаў. Гэтая брама была надточана зубцамі і дзвюма вежамі, у якіх, калі прыгледзецца, можна заўважыць пустыя чорныя байніцы; мінулі гады страху, і гарматы зноў ляжалі і ржавелі ў гарадскім цэйхсгаузе. Цяжкія, дубовыя, абабітыя жалезнымі цвікамі вароты трымаліся на магутных завесах, зверху апускаліся густыя жалезныя краты, каб засланіць уваход. Навокал не было ніякіх жылых будынкаў, толькі з боку горада ў неглыбокай нішы можна было ўбачыць абраз Вастрабрамскай Маці Божай*, ахаваны пафарбаванымі аканіцамі, перад ім гарэла кволым агеньчыкам лампада. Абапал нішы ішла невялікая жалезная галерэя, да якой вернікі маглі падымацца па вузкай лесвіцы, што прымыкала да ўнутранай сцяны. Ужо ў тыя часы абраз Вастрабрамскай Божай Маці быў у вялікай пашане ў людзей, якія штодня маліліся тут, ішлі сюды са сваімі бедамі і горам. Але перад іконай не было алтара, і ў нішы гарэла толькі адна лампада, запаленая стараннямі вернікаў, а вузкая галерэйка, што вяла да іконы, магла змясціць толькі некалькі чалавек. Калі не хапала ахвяраванняў, магістрат паліў лампаду перад іконай за свой кошт, так ён стаў апекуном і ахоўнікам Вастрабрамскай Маці Божай, лагоднае аблічча якой са скрыжаванымі на грудзях рукамі ўзвышалася над галовамі гараджан і, здавалася, туліла да сябе пакрыўджаных і плакала над імі. Праходзячы пад брамай, гараджане і прыезджыя ў знак ушанавання здымалі перад іконай шапкі і капюшоны, а рускія купцы, стоячы ў дзвярах свайго гасціннага двара, ганялі габрэяў, якія праходілі пад Вострай Брамай і не здымалі шапак, а таму габрэі рэдка, хіба што ноччу, адважваліся хадзіць там.

У браме сядзелі вартаўнік і гарадскі стражнік - яны бралі ў сялян, што прыязджалі на рынак, грошы з кожнага воза, а таксама камяні, якія напачатку таксама давалі права на ўезд у горад.

Крыху воддаль ад брамы сядзелі некалькі гандлярак - адны прадавалі тое, што купляюць набожныя людзі: крыжыкі, абразкі, пярсцёнкі, ладанкі, а другія гандлявалі пернікамі. Яны часам яшчэ разносілі ласункі і гародніну ў кошыках па горадзе. Першыя з іх былі пераважна ўбогія жанчыны, якія саромеліся жабраваць, і такім спосабам зараблялі сабе на хлеб надзённы. Тыя, хто прадаваў ласункі і гародніну, былі найчасцей жыхаркамі прадмесця, яны хадзілі са сваім таварам па горадзе або сядзелі на зэдлях за драўлянымі сталамі, на якіх раскладваліся па місках і талерках ласункі, пернікі, макоўнікі і гародніну.

У гэты вечар яны ўжо збіраліся разыходзіцца, складвалі свой тавар, ужо і гарадскі стражнік тупаў у варотах, чакаючы хвіліны, калі можна будзе з чыстым сумленнем замкнуць іх і пайсці грэцца ў свой цёплы кут. Але раптам з боку горада здалёку на вуліцы пачуліся шпаркія крокі па бруку - гэта малады высокі мужчына з пустым збанком у руцэ подбегам кіраваўся да брамы. Ён быў нібы не ў сабе, нейкі дужа расхваляваны, і ўсе са здзіўленнем глядзелі на яго. Ён узабраўся па лесвіцы, што вяла да іконы, і ўпаў перад ёй на калені. Паставіў збан і, ні на кога не зважаючы, пачаў горача маліцца, нават плакаў, аж захліпаўся. Лампада мігцела перад іконай, а ён плакаў і маліўся.

- Гляньце, - звярнулася гандлярка Марыся да брамнага вартаўніка, - нейкі бедны маладзён моліцца перад нашай Маці Божай і плача! Відаць, нешта яго добра дапякло!

Стражнік выйшаў з варот, глянуў угору, паківаў галавой і сказаў:

- Горача ж ён моліцца, ці не чэрці за ім гналіся.

Старая гандлярка Іванова з Лукішак таксама павярнулася, важна выцерла без дапамогі фартуха свой нос, потым прамовіла:

- Нейкі небарака, відаць, прыдворны, бо добра апрануты. Можа, баіцца кары за нейкую правіннасць і просіць

Маці Божую заступіцца.

А на галерэі, укленчыўшы, з плачам маліўся пан Брожак (гэта зноў быў ён).

- Цудатворная Маці Божая! - прамаўляў ён, узняўшы ўгору вочы і рукі. - Што ж я такога нарабіў, што мне трэба паміраць? Ды хіба мне пара паміраць?

- Гаворыць пра смерць! - ціха сказала Іванова Марысі. - Мусіць, нешта натварыў!

- Пра смерць? - пытаў зацікаўлены стражнік. - Значыць, трэба паведаміць у ратушу, можа, гэта нейкі разбойнік, яшчэ, чаго добрага, наложыць на сябе рукі. Узяць бы яго ды пасадзіць у турму, дапытаць, каб выдаў усё.

- Як бы ён сапраўды чаго не нарабіў! - дадала Іванова.

А пан Брожак усё маліўся:

- Цудатворная Маці Божая, абарані мяне ад смерці! Злітуйся над маёй маладосцю, я пачну жыць іначай, уступлю ў манастыр!

Стражнік прыслухаўся да малітвы Брожака.

- Гэта няйначай нейкі збеглы злачынца, - прашаптаў ён, - яго трэба злавіць, ён, відаць, вырваўся з турмы і цяпер хоча ўступіць у манастыр, каб яго не адшукалі.

Пакуль пан Брожак маліўся, а стражнік выдумляў тое, чаго не было, з другога боку ад Вострага прадмесця па Медніцкім гасцінцы да брамы пад'ехалі некалькі вершнікаў. Стражнік павярнуўся да іх, зацікаўлены. Было іх чалавек пятнаццаць, яны ехалі рыссю на дужых стаенніках і вельмі спяшаліся, бо баяліся, каб перад імі не зачынілі вароты. Як толькі яны ўбачылі стражніка, пачалі крычаць:

- Гэй! Стражнік! Не замыкай варот!

- А што такое? - спытаў стражнік, падносячы руку да шапкі, бо ўгадваў у вершніках прыдворных нейкага важнага пана.

- Зараз услед за намі прыедуць паслы яго каралеўскай вялікасці! Сенатары з Варшавы!

Стражнік пакланіўся, яны праехалі пад брамай, паздымалі шапкі перад іконай, а потым спыніліся на вуліцы, пазіраючы па баках.

Стражнік быў цікаўны, ён зняў шапку і з лагоднай мінай падышоў да вершнікаў:

- А ці нельга даведацца, што гэта за паны сенатары?

- А што табе з таго, калі ты нават даведаешся? - спытаў адзін з конных.

- Трэба ж разнесці навіну па горадзе, - усміхнуўся Другі.

- А што ж, простаму чалавеку нельга ўжо нічым пацікавіцца і нічога ведаць нельга? - спытаў стражнік з ліслівай усмешкай. - Кожнаму хочацца ведаць крышку больш, чым іншыя. А каб я прынёс навіну ў ратушу, то нешта атрымаў бы ад паноў-радцаў.

Коннікі на гэта нічога не адказалі, яны ўсё пазіралі на вароты, а тым часам да іх падышла гандлярка Марыся са сваім кошыкам і пачала частаваць іх ласункамі, да якіх яны аказаліся дужа ахвочымі, бо ўзяліся таргавацца адзін перад адным.

Удзячная гараджанка, усміхаючыся сенатарскім прыдворным, пачала пакрысе распытваць іх. Калі пытаецца мужчына - адно, калі жанчына - зусім іншае. Ды яшчэ калі жанчына маладая і прыгожая, як тут прыдворным не развязаць языкі. Так яно і здарылася.

Гандлярка, паправіўшы сваю чорную грыўку і зірнуўшы на іх блакітнымі вачыма, спыталася:

- I многа іх, гэтых паслоў? Куды яны едуць?

- Сюды едуць, - адказаў прыгожай паненцы бліжэйшы коннік, хаваючы пернікі ў кішэню кафтана. - Едуць у Вільню, адмыслова да вас, да пана ваяводы і пана кашталяна, каб памірыць іх і не дапусціць вайны паміж імі.

- А! Дзякуй богу! - усклікнула гараджанка. - Значыць, вайны не будзе?

- Напэўна, не будзе, - супакоіў яе другі.

- I ў горадзе будзе спакойна! Хвала табе, Божа! - узрадаваўся стражнік.

- А хто яны, гэтыя сенатары? - працягвала выпытваць гандлярка.

- Ксёндз, біскуп жмудскі, - сказаў адзін з коннікаў, - мой пан.

- Віцебскі ваявода, - азваўся другі.

- Літоўскі маршалак, - дадаў трэці.

- I пан падскарбій, - завяршыў першы. - Але ціха!

Прэч з дарогі! Яны ўжо едуць!

Толькі ён сказаў гэта, як на вуліцы прадмесця паказаўся доўгі картэж і пачаў набліжацца да брамы. Калі ён уехаў у браму, усе саступілі набок і моўчкі глядзелі. Паўз іх праехалі шыкоўныя каляскі, вершнікі, сярод іх прыдворныя і слугі, а ззаду ехалі вялікія вазы, накрытыя шкурамі, - на іх везлі паклажу і харч. Два сенатары ехалі конна, іх можна было пазнаць па багатым убранні і важных тварах; двое ехалі ў калясках. Картэж мінуў браму і паўз ратушу рушыў да замка.

Пакуль усё гэта адбывалася, пан Брожак маліўся на галерэі, калі ж памаліўся, падабраў збан і ў глыбокім задуменні паволі падаўся назад. Ён бачыў, як праехалі сенатары, таму спяшаўся дадому з важнай навіной. Малітва крыху супакоіла хлопца, таму ён спачатку напоўніў збан у Мальхера, а потым, схаваўшы яго пад крысо, падаўся ў палац Хадкевіча. Прайшоў па дварышчы, узбег па лесвіцы, а там яго ўжо даўно чакалі Барб'е, Станіслаў, Бурчак і яшчэ некалькі паноў.

- Дзе ты столькі часу бадзяўся, пане Брожак? - спытаўся француз, забіраючы з ягоных рук збан. - Мы ж цябе не так далёка пасылалі. Цябе, як тут кажуць, толькі па смерць пасылаць, а не па віно.

- Якраз смерць я сабе і выхадзіў, - сказаў Брожак невясёлым голасам.

- Што? - аж спалохаўся Барб'е. - Што ты сказаў? Якая смерць? Ты з учарашняга дня нейкі як у ваду апушчаны.

- Гэта ўчора і сталася, - пацвердзіў Брожак.

- I што ж учора сталася? - пачалі распытваць у яго.

- Навошта гаварыць?

- Ну, ты ўсё ж раскажы нам, у чым справа, - настойваў француз, - а то я заўважыў яшчэ ўчора, што ты вярнуўся нібы з крыжа зняты і нічога нікому не сказаў. Што з табой здарылася? Можа, гэта ўсё ж не таямніца? Што ты ўсё заладзіў пра нейкую смерць?

- Мне пара паміраць! - бубнеў сваё Брожак.

- Чаму гэта? Што з табой, расказвай хутчэй! - пачалі пытацца ў яго ўсе астатнія. - Што здарылася? Табе нехта пагражаў ці што яшчэ?

- Каб жа толькі пагражаў! Тут іншае...

- Дык што?

- Было ўсё так, - неахвотна пачаў нарэшце Брожак. - Учора вы паслалі мяне па віно, было позна, думаю, што ўжо добра за поўнач, а гэта самая пара для духаў і прывідаў.

- I што табе здалося? - спытаў француз. - Дзе ты ўбачыў нейкі прывід?

- Я падышоў да дзверцаў у камяніцы, каб адчыніць іх, як раптам убачыў...

- Што ўбачыў?

- Другога такога ж пасланца, як я, з ключом і збанком. Ён ішоў перада мной. Я спытаў: "Хто там?" А ён мне моцным такім голасам адказвае: "Іду па віно для пана Барб'е". Я не спужаўся яшчэ і кажу: "Гэта я іду па віно". "I я", - адказаў дух і адчыніў дзверцы.

- Дзверцы! Адчыніў! - крыкнуў пан Бурчак. - Чым жа ён іх адчыніў, калі ключ быў у вашай мосці?

- Гэта быў дух, - адказаў Брожак. - Я ж сам бачыў: адчыніў, выйшаў перада мной і знік.

Усе, хто слухаў, аслупянелі.

- Можа, табе гэта саснілася? - усумніўся Барб'е.

- Каб жа саснілася! - ледзь не плачучы, адказаў Брожак. - Але гэта святая праўда, магу прысягнуць! Я яшчэ ўчора дзеля гэтага хадзіў распытваць разумных людзей і старых жанчын, яны і сказалі мне, што гэта быў дух, які прадракае маю смерць, прычым яе не пазбегнуць, хіба толькі ўступіць у манастыр.

- Лухта! - адрэзаў Барб'е. - Усё гэта табе здалося. Такога не можа быць!

- Калі кажу, значыць, было, - не адступаўся ад свайго Брожак. - Я ж не сляпы, там было адчынена, потым я сам замкнуў, хоць і не адмыкаў. Хоць і цёмна было, але я згледзеў, што гэта быў акурат alter ego - другі я - ну проста выліты!

- Яму ўдарыла ў голаў віно, - запэўніў Барб'е. - Да- вайце вып'ем!

Ён напоўніў кубкі, а потым зноў звярнуўся да Брожака:

- Скажы мне, хіба ты ў той час ужо не быў п'яны?

- Клянуся Святой Тройцай, што нават і не нюхаў! - запэўніў Брожак, малітоўна склаўшы рукі. - Быў я такі цвярозы, як і зараз, бачыў усё на свае вочы.

- Дзіўная рэч, - перапыніў яго пан Бурчак. - Але самае дзіўнае, як ён адчыніў дзверцы без ключа. Ключ жа быў толькі ў вашай мосці.

- Як на споведзі кажу, так і было: адчыніў і на маіх вачах выйшаў.

Усе змоўклі.

- А дзе ты сёння так доўга цягаўся? - спытаў Барб'е. - Гэта ж было ўчора.

- Хадзіў маліцца, - сумна адказаў Брожак, - маліўся Маці Божай у Вострай Браме, прасіў, каб абараніла мяне.

I якраз убачыў там, як прыехалі сенатары.

- Якія сенатары?

- Ад караля, пасланыя да кашталяна і ваяводы, каб памірыць іх.

- Прыехалі?! - здзіўлена ўсклікнуў Барб'е.

- Толькі што.

- Чаму ж ты маўчаў? Трэба бегчы сказаць кашталяну, - вырашыў Барб'е. Ён паставіў збан, схапіў плашч і шпагу. - Дайце мне ключ, - папрасіў ён Бурчака, - я хутка вярнуся.

I подбегам рушыў у кашталянію.

Паздзел 6

АЙЦЫ ЕЗУІТЫ

Сенатары, пасланыя каралём, прыехалі ў Вільню 30 студзеня 1600 года. А перад гэтым увесь час толькі і гаворкі было пра чуткі, што войска Радзівілаў вялікімі атрадамі падцягваецца да Вільні, ідзе з усіх бакоў, збіраецца разам. Прыхільнікі ваяводы не ўтойвалі ні яго колькасці, ні таго, хто яго прыслаў. Ды і католікі расказвалі цікаўным, што Ян Караль, жмудскі стараста, ідзе з некалькімі тысячамі войска і з дзесяткам гармат у Вільню, дні праз чатыры ўжо будзе ў горадзе. Абодва бакі ў маўчанні і знешне абыякава рыхтаваліся сустрэцца і вырашыць справу зброяй, абодва бакі паўтаралі: "Мы яшчэ пабачым!"

Тым часам па горадзе разнеслася ўжо іншая вестка - пра прыезд сенатараў. Усе лічылі, што гэта важная падзея, ад якой будзе многае залежаць. Кожны па-свойму тлумачыў іх пасольства, дадзеныя ім даручэнні; некаторыя лічылі, што па загаду караля вайна будзе ўвогуле забаронена, а ворагаў прымусяць памірыцца. Іншыя ж, хто глядзеў далей, бачылі ў сенатарах толькі дарадцаў, якія нічога не даб'юцца, не маюць такой сілы, каб скончыць гэтую справу. Усе з нецярплівасцю чакалі, што будзе далей, на сенатараў спадзяваліся, пра іх думалі ва ўсёй дзяржаве. Што б ні здарылася, а заўсёды цікава паглядзець, як будзе ўспрынята пасрэдніцтва караля, да якіх вынікаў яно прывядзе. Шапталі адзін аднаму на вуха: "Сенатары прыехалі!" Адзін аднаму пераказвалі, як прынялі пасланцоў, самыя смелыя рабілі высновы, астатнія бачылі ў гэтым знак згоды, вестку аб прымірэнні.

Ледзь толькі сенатары мінулі Вострую Браму і раз'ехаліся ў горадзе па дамах і палацах сваіх родных ці сяброў, а таксама па гасцінных дварах, а ўжо ўсе ў горадзе ведалі пра іх. Пан Барб'е пабег паведаміць навіну кашталяну, Таміла Таміловіч - ваяводу, езуіцкі братчык асцярожна ўвайшоў з паведамленнем у келлю рэктара, дзе айцец Гарсія Алабянус ціха размаўляў з Янам Брандтам.

Айцы змоўклі, калі пачулі ягоныя крокі, і павярнуліся да яго. Братчык малітоўна склаў рукі на грудзях, апусціў галаву і вочы, тройчы пакланіўся, пацалаваў руку рэктару і толькі тады ціха прамовіў:

- Прыбылі сенатары ад караля.

- Калі? - удакладніў рэктар.

- Толькі што.

- Добра, - адгукнуўся айцец Гарсія і знакам загадаў братчыку выйсці.

Той зноў тройчы пакланіўся, адступіў на колькі крокаў, павярнуўся і выйшаў. Айцы засталіся сам-насам. Ледзь толькі зачыніліся дзверы, Гарсія ўстаў і, пазіраючы на сцены келлі, звярнуўся да Яна Брандта:

- А цяпер да справы, ойча. Я ўжо гаварыў вам, паўтараць не патрэбна, што мір ерэтыкоў з нашымі - гэта смерць для нас. Лепш было б выбраць вайну, у ёй мы, па нашых разліках, можам спадзявацца на згубу нававерцаў. Трэба зважаць і на тое, што вайна распаліць злосць, прымусіць ненавідзець тых, каго збліжаюць фамільнае радство, еднасць становішча, сяброўскія сувязі. Калі ж яны памірацца, калі Хадкевічы пададуць руку Радзівілам і ерэтыкам, то яны падпарадкуюць сабе і нас, а значыць, стане цяжка нам самім. Тут трэба рабіць усё, прычым з усіх сіл - праз рэлігію, праз ордэн, каб сенатары іх не памірылі. Нам выгадней, каб доўжыліся і пашыраліся толькі сваркі і звады.

- У гэтым няма ніякага сумнення, - згадзіўся Брандт. - Я магу засведчыць, што Хадкевічы далёкія ад таго, каб мірыцца.

- Далёкія! Вы так думаеце, ойча? - спытаў рэктар. - А вось я думаю іначай. Я апасаюся лістоў караля, яго загаду, баюся, што Хадкевічы, зважаючы на ўсе намаганні ерэтыкоў, іх моц, пабаяцца ваяваць, пойдуць на прымірэнне.

- Нікога яны не баяцца, я гэта ведаю. Асабліва Ян Караль, - даводзіў Брандт, - ён разлічвае толькі на адпор і не згодны на іншае.

- Наша задача цяпер, - развіваў сваю думку рэктар, - падтрымліваць іх нязгоду, раздзьмухваць агонь, бо мір паміж імі, я гэта казаў ужо і зноў кажу вам, нашле вайну на нас саміх, забярэ ў нас моцных прыхільнікаў, мір прынясе спакой у іхнія помыслы, для іх спакой небяспечны, таму трэба трымаць іх у пастаяннай нянавісці да ерэтыкоў. Нам трэба не дапусціць ні сутыкнення, ні міру, бо нам непажаданая і сутычка. Хто ведае, на чыім баку акажацца перамога і ці не прывядзе яна пераможцу да адчування сваёй сілы, і ўвогуле могуць быць самыя непрадказальныя наступствы. Таму трэба рабіць так, каб не даць ім памірыцца і не дапусціць да сутычкі. Вы згодны са мной, ойча?

- Цалкам, - адказаў Брандт. - Я думаю гэтак жа, як і вы.

- Пастарайцеся спачатку дамагчыся першага, - раіў рэктар, - а дзеля гэтага паспрабуйце падрыхтаваць паноў Хадкевічаў да таго, каб не прымалі ніякай згоды, лічылі яе абразлівай. Скажыце ім, што кароль не мае права ўмешвацца ў прыватныя спрэчкі, што Радзівілы прагнуць міру, яны пакажуць сваю слабасць, калі пададуць руку. Хай смела стаяць на сваім і будуць упэўненыя, што мы дапаможам ім, бо ўсе католікі з імі і з намі.

- Я ўсё гэта скажу ім, - запэўніў Брандт, - а яшчэ дадам вось што. Я ведаю Хадкевічаў, ім непрыемна, што Радзівілы мацнейшыя, яны недаацэньваюць іх. Я паспрабую падагрэць гэтыя думкі, паспрабую даказаць ім, што прымірэнне прынізіць іх, што вайны няма чаго баяцца. Вось якраз князь-ваявода нядаўна пасылаў да іх канцлера Сапегу і іншых паноў з пасольствам. А гэта значыць, скажу я ім, што іх баяцца. Яшчэ я разлічваю на вялікую абразу кашталяна за той дэкрэт, які закрануў яго за жывое.

- Было б нядрэнна, - сказаў рэктар, - неяк дастацца перш за ўсё да сенатараў, якія прыехалі. Я неаднойчы заўважаў, што той, хто не спадзяецда дасягнуць нейкага выніку, не так стараецца, не мае надзеі на поспех. Было б добра, каб сенатары адразу адчулі, што ў іх таксама мала надзеі што-небудзь змяніць у гэтай прыкрай сітуацыі. Яны менш стараліся б, не бралі б усёй гэтай гісторыі дужа да сэрца.

- Трэба перш за ўсё праведаць жмудскага біскупа, мне здаецца, ён самы слабы з іх, і да яго будзе лягчэй падступіцца. А потым было б няблага праз каго-небудзь пазнаёміцца і з панамі Завішамі, - прапанаваў Брандт.

- Знойдзем, праз каго, і паспеем у час, а ты, ойча, думай перш за ўсё пра Хадкевічаў, не дай ім прыйсці да згоды, - перапыніў яго рэктар. - Я вазьму на сябе жмудскага біскупа і іншых, паспрабую знайсці да іх сцежку. А вы займіцеся Хадкевічамі.

- З ахвотай, - адказаў Брандт.

- У мяне ёсць чалавек, - павольна працягваў рэктар, - які загадзя яшчэ і гордасць Радзівілаў падагрэе, каб і яны не адступаліся ад свайго намеру. Бо, паўтараю, мір для нас страшней, ён згубны для нашай веры. Пара ўжо ваяваць, вайной мы крыху прыціснем ерэтыкоў, вайной і даб'ём іх. Нас стане больш, мы будзем мець вялікі ўплыў. Яны могуць крычаць, утвараць канфедэрацыі, але што ім дапаможа, калі кожны з іх, як exul - нарыў - у краіне, чужы ёй.

- Адно палохае мяне, - ціха азваўся Брандт, - становішча кашталяна, які ва ўсім залежыць ад Радзівіла з-за гэтага несправядлівага суда...

Рэктар не даў закончыць, перапыніў яго:

- А навошта ж тады Ян Караль і Аляксандр? Яны не дадуць яму памірыцца. Вы толькі старайцеся ўвесці яму ў вушы, нібыта ім будуць пагарджаць, калі ён надумае памірыцца, і што згода з ерэтыкамі - рэч немагчымая і шкодная, што нават жаніцьба князя Януша паводле законаў, не толькі дзяржаўных, але і рэлігійных, немагчымая...

- Пра ўсё гэта кашталян ведае, я ўжо яму вушы прадудзеў, на прымірэнне ён не пойдзе. Але ж бывае, што ў любога чалавека можа стацца нейкі паварот у думках...

- Калі вы адчуеце, што такі паварот блізка, што ён схіляецца да яго, будзе самы час нагадаць яму пра ўсё, што ён перанёс і выцерпеў ад Радзівілаў, і нарэшце...

- Нарэшце?

- У самым канцы, - ціха сказаў езуіт, нахіліўшыся да Брандта, - можна яму намякнуць на тое, што ён знойдзе сяброў, якія дапамогуць яму так выйсці са становішча, што ягоны гонар не будзе абражаны.

- А што мне сказаць? - спытаў Брандт. - Патрэбны вялікія грошы.

- Зразумейце мяне, - ціха шаптаў рэктар, - раз і назаўжды: калі ордэн будзе ўпэўнены ў згодзе і канчатковым поспеху і спатрэбіцца нейкае ахвяраванне, то кашталян можа indirecte - патаемна - узяць грошы і даць распіску. Апрача таго, такі крок можа зрабіць уражанне і на іншых.

- Разумею, - прамовіў Брандт.

- Гэта такая справа, пра якую не трэба было б ведаць усім, ойча. На завяршэнне, ды і то здалёку, асцярожна, бо не трэба апераджаць час, гаварыць, ад каго гэта зыходзіць, а рабіць усё праз другія рукі - можна паспрабаваць. Брандт устаў з крэсла і кіўнуў галавой.

- Хопіць, хопіць, - сказаў ён, - я так думаю, што ў гэтым не будзе патрэбы.

- I я хачу таго самага і спадзяюся, што абыдзецца без вялікіх ахвяраванняў.

- Зараз жа іду да кашталяна, - дадаў Брандт.

- Хай Бог дапаможа вам, - прамовіў айцец Гарсія, ведучы яго да дзвярэй. - Як праведаеце яго, зайдзіце да мяне і раскажыце, што вам удалося.

З тым і падаўся айцец Ян Брандт з рэктарскай келлі, прайшоў па калідоры і пакрочыў па вуліцы каля касцёла Святога Яна.

Пачынаў насоўвацца змрок, калі слугі Радзівілаў, што стаялі каля варот кардыналіі, насупраць архіпрэсвітэрыянскага касцёла, заўважылі чорную езуіцкую сутану, якая рухалася ўздоўж белай касцельнай сцяны. Слугі пачалі кідаць жарты, вострыя слоўцы, пацвельвацца. Езуіт нават не павярнуў галавы, упэўнена ішоў далей, аж пакуль не павярнуў на Замкавую вуліцу, дзе да яго ўжо не даляталі іхнія галасы, і ён спакойна дайшоў да жытла кашталяна.

Але Ян Брандт завітаў да кашталяна не ў пару. Якраз быў час вячэрняй малітвы. Набожны стары маліўся, ходзячы па вялікім пакоі з ружанцам і кнігай, апраўленай у скуру, з вялікімі сярэбранымі зашчапкамі. Езуіт доўга стукаўся, пакуль яго ўпусцілі. Кашталян перастаў маліцца, перажагнаўся, паклаў ружанец і кнігу, загадаў падаць ксяндзу крэсла і сам сеў насупраць яго.

- Ну што чуваць, ойча? - спытаў ён. - Напэўна, нічога новага?

- Не зусім так, - адказаў Брандт. - Ёсць навіна, і дужа важная.

- Што такое? I каго датычыць асабіста?

- Вас, пане кашталян, больш, чым каго іншага, - ціха прамовіў езуіт.

- Чаму? Што такое? - Прыехалі сенатары, пасланыя каралём, для таго каб устанавіць тут мір.

- Прыехалі... - з відавочнай занепакоенасцю прамовіў кашталян.

- Толькі што. Гадзіну таму. Вы, напэўна, ужо чулі пра гэта.

- Так, я ведаю пра іхні прыезд і, можа, нават пра тое, аб чым просіць нас у сваіх лістах яго вялікасць кароль, - адказаў кашталян.

- Дзякуй Богу, можа, іх візіт прынясе доўгачаканае прымірэнне.

Кашталян падазрона паглядзеў у вочы езуіту і нічога не адказаў.

- Згода - заўжды рэч жаданая, - дадаў айцец Ян, - а тым болей паміж жыхарамі адной краіны, славутымі людзьмі, непаразуменні паміж якімі могуць быць дужа шкоднымі для ўсіх.

- Напэўна, так, - адказаў кашталян, - але я вам шчыра скажу, ойча, што не дужа я веру ў гэтае прымірэнне.

- А чаму? - з добра разыграным здзіўленнем усклікнуў езуіт. - Вы не верыце, што яно адбудзецца?

- Я вельмі сумняваюся ў гэтым.

- Вось яно што! - Езуіт зноў разыграў, нібы на сцэне, здзіўленне.

- Пра гэта можна было б доўга гаварыць, - працягваў кашталян, - але навошта, вы ўсё ведаеце і так, ведаеце, што нас абразілі, што...

- Пра абразу я ведаю, - перапыніў яго езуіт. - Яны і цяпер яшчэ штодня памнажаюць яе і словамі, і пагрозамі.

- А потым, - дадаў кашталян, - нават калі Радзівіл згодзіцца з нашымі ўмовамі, мы ад свайго не адступімся. Езуіт з цікаўнасцю глянуў у вочы кашталяну, нібы пра нешта хацеў спытаць, але знайшоў у іх толькі пацвярджэнне сказанаму і супакоіўся.

- Мусібыць, так, - згадзіўся ён. - Я сам не вельмі спадзяваўся, што з гэтага будзе толк. З ерэтыкамі згода можа быць нават небяспечнай.

- Сапраўды, - адгукнуўся кашталян, - я мог бы дзеля згоды ўспомніць пра сяброўскія сувязі, але як католік я іх баюся, бо хворы на заразу небяспечны, ён сам можа заразіць іншых.

- Святая праўда, - пацвердзіў езуіт і набожна ўзняў вочы ўгору. - Аднак жа павага да караля, угаворы сенатараў таксама могуць нешта значыць, - дадаў ён, яшчэ раз спрабуючы пераканацца ў цвёрдых намерах кашталяна.

- Нічога ў іх не выйдзе, - жвава адказаў кашталян, - з намі ў іх нічога не выйдзе. Мы паважаем яго каралеўскую вялікасць, але тое, што датычыць гонару і сямейных адносін, нельга вырашыць загадам. Гэта ж не сварка паміж дзецьмі, якім бацькі загадваюць пацалавацца і памірыцца. У нас гэтая недаравальная абраза глыбока застрэмілася ў сэрцах.

- Сапраўды, цяжка слухаць пра такое і жыць у такі час! - сказаў езуіт. - I да гэтага дайшло з-за адной вялікай памылкі Жыгімонта Аўгуста, які даў волю людзям розных веравызнанняў і розным верам. Яны ўгнездзіліся ў нашай краіне. Ён быў павінен, як некалі Ягайла, трымаць іх у страху. Вось ён, вынік адной хвіліны папушчэння...

- Праўду кажаце, ойча, - у задуменні прамовіў кашталян, - усё пайшло ад таго, што мы не адной веры. Паны Радзівілы не асмеліліся б пайсці на гэты шлюб, не маглі б учыніць таго, што ўчынілі, каб нас яднала адзінства веры. I згода была б, і лепшае паразуменне з іх боку. А цяпер уся краіна падзялілася, і шляхта, і панства, а ці ж гэта добра? Ці можна радавацца дзвюм партыям у краіне і варожасці паміж братамі?

- Што тут скажаш, - падтрымаў яго езуіт, - хіба з ерэтыкамі можна жыць мірна і дружна? Ды ніколі, аж пакуль яны не пяройдуць у нашу веру. Браты-то яны браты, гэта так, але ж у цемры жывуць і да цемры цягнуцца. Ці ж можна чакаць ад іх добрых спраў?

- Пашлю я да паноў сенатараў майго прыдворнага з паклонам ад мяне, - падумаўшы хвіліну, сказаў кашталян. Ён пазваніў. Увайшоў старшы слуга, атрымаў загад, і тут жа адзін з прыдворных паехаў у горад да сенатараў.

- Толькі не падумайце, - звярнуўся ён да езуіта, - што гэта азначае падрыхтоўку да прымірэння. Так патрабуе ветлівасць, а чаго патрабуюць сумленне і гонар, тое яшчэ ўбачыце.

Яны гутарылі яшчэ з паўгадзіны, і толькі позні час прымусіў айца Брандта развітацца, да таго ж і касцельныя вароты павінны былі вось-вось замкнуць.

Вярнуўшыся ў манастыр, ён падаўся наўпрост да келлі рэктара.

- Пахвалёны Ісус Хрыстос!

- На векі вякоў! Што чуваць?

- Кашталян не хоча ніякага міру.

- Цудоўна! А я раніцой сустракаюся са жмудскім біскупам! Дабранач, ойча! Зайдзіце да мяне заўтра раніцой - нам патрэбна параіцца.

Паздзел 7

ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ

А цяпер вернемся да каралеўскіх паслоў і пазнаёмімся з імі бліжэй: хто яны такія, чаму яны мелі самы значны ўплыў у тыя змрочныя часы.

Узначальваў пасольства ксёндз Мельхіор Гедройц, жмудскі біскуп, дасведчаны чалавек, лагоднага характару, спакойны, ён гэтак жа, як і Леў Сапега, найлепш падыходзіў на ролю пасрэдніка. Ён ужо неаднойчы прымаў удзел у падобных падзеях, заўжды выходзіў пераможцам у складаных спрэчках. Цяпер, пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1574 годзе, ён быў яшчэ і віленскім кафедральным кусташам (захавальнікам), ездзіў у складзе пасольства ў Францыю, да Генрыха*. Генрых параіў ягоную кандыдатуру Папе на жмудскае біскупства, і Гедройц быў прызначаны біскупам, прыязна прыняты дзякуючы ўстаноўчаму лісту Папы. У яго быў сапернік, нейкі ваяводскі пробашч Гераноўскі, які таксама заручаўся падтрымкай і хацеў заняць гэтую пасаду, але ён быў нетутэйшым, абапіраўся толькі на здабытае хітрасцю заступніцтва каралеўскага пасла. Аднак ён страціў надзею на біскупства, а ксёндз Гедройц, наадварот, сцвердзіўся на гэтай пасадзе. Потым біскуп неаднаразова выконваў розныя даручэнні, у 1580 годзе прымаў удзел у віленскім фіскальным трыбунале, а ў 1600-м пасланы пасрэднікам у справе Радзівілаў і Хадкевічаў. Ён быў набожны, вельмі сімпатызаваў ордэну езуітаў, быў пад іх уплывам. Лёгка зразумець, якую ролю ён быў прызначаны сыграць тут і каму спрыяў.

Вялікі літоўскі маршалак Дарагастайскі*, нашчадак Манівідаў, зноў жа, стольнік, надворны маршалак, ваўкавыскі, мсцібоўскі, шарашоўскі стараста, мужны ваяр, фехтавальшчык і славуты знаўца конегадоўлі; быў у сваяцтве з Радзівіламі і Хадкевічамі, відаць, таму і выбраны каралём для пасрэдніцтва між імі. Дарагастайскі быў жанаты на Соф'і, дачцэ наваградскага ваяводы Мікалая Радзівіла, удаве жмудскага старасты Юрыя Хадкевіча. Гэта давала яму магчымасць як родзічу бываць у абодвух дамах. Але, папраўдзе, роля пасрэдніка - не ягоная роля, бо па натуры ён быў хутчэй салдат. Адкрыты, задзірысты, захоплены ваеннай справай і коньмі, кнігамі і паляваннем, ён адчуваў сябе вальней там, дзе патрабаваліся адвага і мужнасць, чым там, дзе аддавалася перавага разважлівасці і хітрасці. А ў ролі пасрэдніка ён аказаўся, як мы ўжо згадвалі, дзякуючы сваім сямейным сувязям, якія лучылі яго з абодвума бакамі. У рэлігійных і філасофскіх матэрыях ён зусім не разбіраўся, у душы быў прыхільнікам рэфарматараў.

Ян Завіша раней быў мсціслаўскім, потым стаў віцебскім ваяводам. Заўзяты католік, спрытны і вопытны чалавек, усё жыццё ён выконваў розныя даручэнні: то вызначаў памежжа Курляндыі і Брачыслаўскай зямлі, то выбіраў зручныя месцы для памежных крэпасцей, то быў у ролі пасла, то яшчэ нешта рабіў.

Ён выдатна ведаў людзей і жыццё, мог вырашыць, дзе і як трэба было дзейнічаць, умеў скарыстоўваць людскія слабасці, спагадаў ім, калі было патрэбна.

Ягоны брат, літоўскі падскарбій Андрэй, таксама быў заўзяты католік і таксама спрытны і вопытны. На іх абодвух і ўскладалася асаблівая надзея, менавіта яны павінны былі дамагчыся паспяховага выніку пасольства; Дарагастайскі быў дадзены ім толькі для суправаджэння, Гедройц - для вагі. Тым больш што ні першы з іх, ні другі не маглі як след дапамагчы ў гэтай справе, проста не здолелі б. Усё залежала ад Завішаў, а біскуп і маршалак хоць і прыехалі, але карысці з іх было мала.

Жмудскі біскуп у Вільні спыніўся ў сваім палацы каля замка, Дарагастайскі заняў памяшканне ў кардыналіі - яно было загадзя падрыхтавана для яго, а Завішы пасяліліся ў сваіх камяніцах на Бакшце.

Назаўтра з самага рання ад паслоў і да паслоў пачалі ўчашчаць пешыя і конныя наведвальнікі, па вуліцах туды- сюды снавалі экіпажы і пешыя працэсіі. Ішлі прывітаць, павіншаваць, параіцца, але пра галоўную справу пакуль яшчэ ніхто не загаворваў. Перш за ўсіх пастараўся трапіць да біскупа айцец Гарсія Алабянус, ён спяшаўся апярэдзіць усіх іншых. Рэктар хацеў, каб яго ніхто не ўбачыў, хаця цікаўнаму ён мог бы лёгка растлумачыць свой візіт вядомай усім прыхільнасцю біскупа да іх ордэна ды справамі, якія хацелі вырашыць з ім езуіты.

Але рэктар ужо не застаў біскупа дома - набожны старац падаўся на імшу ў кафедральны касцёл, які быў зусім недалёка. Пайшоў туды і рэктар, каб першаму прывітаць яго, калі будзе выходзіць, але сустрэў яго ўжо на парозе.

Біскуп быў зусім сівым старым, гадоў пад восемдзесят, але яшчэ даволі рухавы і чырванатвары - здаровы румянец толькі ярчэй выдзяляўся ў абрамленні сівых валасоў. Гады не гнялі яго, праўда, твар быў зморшчаны ды постаць трохі сутулаватая. Шэрыя вочы з-пад навіслых броваў яшчэ палалі агнём нерастрачанай маладосці, румяныя вусны лагодна ўсміхаліся; на твары чыталіся толькі зычлівасць і дабрыня душы. Яго вялі пад рукі два жмудскія канонікі, ззаду вікарый нёс трэбнік і службоўнік. Рэктар павітаўся з ім і са святарамі, потым моўчкі праводзіў яго дадому.

Толькі тут, калі ксёндз сеў у сваё крэсла, а святары выйшлі, завязалася шчырая размова.

- Святы айцец, - пачаў рэктар, - вы прыбылі сюды на чале хрысціянскай місіі, з пасрэдніцкім пасольствам, з аліўкавай галінкай. О, як яна патрэбна нам, спакутаваным прадчуваннем вайны, як горача мы яе вітаем!

- Хто ж не жадае міру і згоды, - адказаў біскуп, - абы толькі мы да іх прыйшлі!

Ён зірнуў на рэктара; айцец Гарсія кіўнуў галавой і апусціў вочы долу.

- Як вы думаеце, ойча, удасца нам нешта зрабіць?

- Да каралеўскіх лістоў ва ўсіх вялікая павага, на выбраных пасрэдніках адбіваецца святло асобы яго каралеўскай вялікасці. Хіба можна было выбраць лепшага правадыра місіі, чым ваша святая мосць? Але...

- Ёсць нейкае "але"?

- Як і ва ўсіх чалавечых справах.

- Цяжкасці? Мала надзеі?

- Цяжкасці вялікія, калі шчыра сказаць вам, а надзея заўжды ў руках Бога!

- Як вы думаеце, чый бок найбольш схільны да прымірэння?

- Яны ўсе дужа раззлаваныя, і тыя і другія палаюць нянавісцю. Калі хто і не хоча мірыцца, то гэта Хадкевічы! Віленскі кашталян закрануты за жывое, абражаны. Ян Караль, жмудскі стараста, дужа горды, ён не даруе ніколі і нікому, акрамя таго, вельмі набожны, ён вельмі паважае хрысціянскую веру і не схільны да міру.

- Ну а Радзівілы? - спытаў біскуп.

- Ваяводу ўсе ведаюць: нязломная душа, надзвычайная гордасць; не вельмі шануе караля і каралеўскую ўладу. Адчувае сябе моцным, мала зважае на вышэйшую ўладу, але знешне дзеля прыстойнасці падтрымлівае караля. Самы вялікі вораг католікаў, запальчывы, незгаворлівы. Ці можна такога чалавека схіліць да паразумення, ці можна паверыць, што ён пабратаецца з Хадкевічамі, калі ён нядаўна насуперак ім і ўсяму каталіцтву ў краіне запісаўся ў канфедэраты?

- Гэта праўда, - сказаў біскуп, - але невясёлая праўда! I ўсё ж, бог з імі, не будзем мы дагаджаць ім; выходзіць, сапраўды мала надзеі на добры вынік, у нас ёсць толькі добрыя пажаданні і каралеўскі загад - забарона заганнай вайны паміж сваімі, ганебнага праліцця крыві, горшага, чым паміж братамі! Хай бы лепей гэтую справу разглядалі сейм і кароль!

- А вы, ваша пастырская мосць, ведаеце пра падрыхтоўку да вайны?

- Чуў і вельмі баюся гэтага, - адказаў біскуп. - Horrenda - жах! Ледзь не шэсць тысяч войска сабралі толькі дзеля таго, каб вырашыць спрэчку, у той час як для абароны краіны і палову гэтага было б цяжка выпрасіць з дапамогай універсалаў*!

- Ды і ў Хадкевічаў даволі многа добрага войска. Яны змогуць абараняцца.

- Лепей бы гэтага не спатрэбілася. Я ўсё ж спадзяюся, што, нягледзячы на грозныя падрыхтаванні абодвух бакоў, да сутычкі не дойдзе. Радзівіл зразумее ўсё мярзоцце нападу, мярзоцце, якога яшчэ не было, і задумаецца над тым, наколькі непрыхільна ўспрынялі бы ва ўсёй краіне вестку пра вайну!

- Але ж з усіх бакоў прыбываюць войскі!

- Гэта яшчэ нічога не значыць, ойча, - разважаў біскуп. - За некалькі дзён усё можа перамяніцца. Будзем спадзявацца на Бога, на тое, што ў нас такога яшчэ не было, што не пойдзе брат на брата, нешта здрыганецца ў ягоным сэрцы, як у таго Каіна. Перад самым пачаткам, можа, размякчыцца сэрца і хопіць рашучасці спыніцца; трэба спадзявацца да апошняга.

- Спадзявацца на мір? - перапытаў Гарсія. - На мір з ерэтыкамі?

- Паразуменне ў гэтай справе і прыпыненне яе ad decisionem Regiam - вырашыцца ўладай, - адказаў біскуп. - А што да згоды з ерэтыкамі, то гэта зусім іншая справа.

- Тут усе справы так перамяшаліся, што цяжка разабраць, - зазначыў рэктар. - На баку ваяводы ўся канфедэрацыя, Хадкевічаў падтрымліваюць католікі. Справа зусім не ў Соф'і Слуцкай, а ў свабодзе сумлення.

- Гэтага, ойча, не змог бы разблытаць і прывесці да ладу нават сам кароль, калі б ён сюды прыехаў. На жаль, дрэннае насенне дужа глыбока ўрасло, пусціла глыбокія карані, яго нельга так хутка прапалоць. Даверымся ў гэтай справе Богу! Прадстаўнікі розных вер яшчэ доўга будуць ваяваць за свабоду сумлення, як яны яе называюць, ці за справу паляпшэння людскіх нораваў. Наша задача - не даць перарасці спрэчкам у крывавую бойню.

- Вырашыць бы хаця б гэтую спрэчку, - уздыхнуў рэктар. - Калі вы думаеце распачаць сваю місію?

- Пастараемся як мага хутчэй. Нам самім не церпіцца, на нас ляжыць святы абавязак. Але мне здаецца, пакуль не прыедзе жмудскі стараста Ян Караль, мы не зможам зрабіць ніводнага кроку наперад. Ён - правая рука кашталяна, таму ўсё тое, што будзе зроблена без яго, можа потым пайсці прахам. Я нават сумняваюся, ці распачаў бы кашталян перамовы, звязаны дагаворам з родзічамі, калі б гэта рабілася без іх. А мы тым часам разгледзімся, прыслухаемся, падумаем.

Айцец Гарсія зірнуў у акно, убачыў, што сонца ўжо высока паднялося, і развітаўся з біскупам, а той зноў узяў у рукі ружанец і пачаў маліцца.

Усё гэта дзеялася ў палацы жмудскага біскупа ў замку, а ў гэты час літоўскі маршалак Дарагастайскі снедаў у кардыналіі сам-насам з ваяводам.

Перад імі стаяў сярэбраны збан з падагрэтым віном і пазалочаныя кубкі. Сядзелі яны ў крэслах, адзін насупраць другога; ваявода ў задуменні моршчыў лоб, маршалак трымаўся, як заўжды ў жыцці, - вольна, весела, зухавата. Сама ягоная пастава выдавала ў ім ваяра, які іначай не разумее і не ўяўляе жыццё як толькі пастаянны рух, дзеянне, нястомная дзейнасць. Высокі, каржакаваты, лысаваты, румяны, з блакітнымі вачыма, рымскім носам, шыракаватымі вусамі, высокім ілбом, Дарагастайскі меў усе звычкі салдата, з ягонага твару не сыходзіў выраз нязломнай адвагі.

- Вы прыехалі, каб памірыць нас пад прымусам? - спытаў Радзівіл пасля таго, як ужо аб многім было перагаворана.

- Пад прымусам ці не, але памірыць абавязкова, - адказаў Дарагастайскі, прыгладжваючы чуб на макаўцы, - бо на якога чорта трэба праліваць хрысціянскую кроў братам, сынам адной маці, калі трэба даць добрую прачуханку няверным, ды і суседзям нашым! Гэта ж увесь свет будзе паказваць на нас пальцамі, як на дурняў, прабачце, ды і нашых ворагаў можа настрапаліць бойка паміж сваімі. Яны не сталі б чакаць канца ўнутранай вайны, пакуль вы тут змагаліся б за князёўну, яны захапілі б нашы княствы. Калі б яны на нас наваліліся, то забралі б і ваш Слуцк, і Капыль, і Біржай, а там далей і сам Копысь, з-за якога ўсё заварылася. Не давайце чужым жартаваць над сабой, вы толькі плясніце ў далоні, і ўсё само сабой утрасецца. Хай сабе вы - евангелісты, яны - католікі, у вас свая дарога, у іх - свая, калі ж давядзецца ваяваць з сапраўдным ворагам, то будзем рабіць гэта разам, у згодзе.

- Складна кажаш, - азваўся ваявода, - адно шкада, што ўсё гэта - нязбытныя мары. I як укласці ўсё гэта ў іхныя галовы, каб папісты былі папістамі, а мы змаглі жыць па-свойму! Дык не, ім хочацца выглядаць вар'ятамі! I да таго даходзіць, што не бачаць уласнай слепаты. Я не такі ўжо незгаворлівы і ўпарты, якім мяне лічаць мае ня- добразычліўцы. Хадкевічы зрабілі мне нямала зла, аднак жа, калі будуць слушныя прапановы міру з іх боку, я па- дам ім руку, хай толькі зробяць тое, што я хачу!

- Гэта штука простая! На такія ўмовы, пан ваявода, кожны згодзіцца! Хто не захоча ні ў чым не саступіць і прыйсці да згоды!

Маршалак зарагатаў на ўсё горла.

- Я не магу ні ў чым адступіцца ад свайго! - уставіў Радзівіл.

- Так, княжа, нічога зрабіць не ўдасца. Крыху з аднаго боку, крыху з другога, тут адняць, там адняць, толькі так і трэба шукаць згоды! Патрабаваць жа, каб нехта паступіўся ўсім, а вы, ваявода, нічым, - гэта занадта. Хадкевічы прынялі б такое выйсце хіба што тады, калі вы прыставілі б ім нож да горла. Але давайце пагаворым пра гэта другім разам. Цяпер жа я ў вас не як пасол ад караля, а як ваш добры сябра і госць, дык ліха з імі, з тымі сваркамі! Вам трэба памірыцца! Сварыцца добра толькі з ворагам, а са сваім - хоць косці поўныя злосці, а скончыць найлепей па-добраму. I патрэбна, вельмі патрэбна. I так яно станецца.

- Вы, барон, добры прарок.

- А вы, князь, не верыце ў дабро. Верце толькі ў добрае, яно і будзе ўсё добра. Хіба вы хочаце займець табун коней? Га? Вам патрэбна князёўна Соф'я ці яе княства? Напэўна, з добрага табуна тая князёўна, калі вы тузаеце адзін другога за чубы, рыхтуецеся схапіцца за шаблі, склікаеце войскі, нібыта збіраецеся заваяваць цэлую правінцыю! Выбачайце! Але я, далібог, не разумею, ці варта не за новае княства, не за старажытную карону, а за кавалак зямлі і яшчэ адну белавалосую, якіх, даруйце, па белым свеце тысячы, ліць столькі крыві, рабіць такі гармідар? Не, не варта!

- Як жа ты, пане маршалак, нізка нас ставіш!

- Прабач, вашамосць, старому ваяку, да вашай палітыкі не здатнаму. У мяне што ў галаве, тое і на языку, чыстая праўда! Як я падстаўляю грудзі ворагу на вайне, гэтак жа я ўсю душу адкрываю сябру. А навошта ж нам прыхарошваць тое, што і так прыгожае? Вы толькі, пане, на мяне не крыўдуйце.

- У мяне няма крыўды ні ў галаве, ні ў сэрцы, - за- пэўніў ваявода, - але мне ўсё ж прыкра, што вы, ваша мосць, так лёгка вырашаеце нашу спрэчку. Ды воля ваша - кожнаму бачыцца па-свойму.

- I вам самому, княжа, - дадаў маршалак, - убачыцца іначай, калі вы ўзважыце ўсё халодным розумам. Дальбог жа, вам стане ясна, што біцца няма за што! Ваявода змоўк, а маршалак падышоў да акна. Нейкую хвіліну ён пазіраў на вуліцу, а потым здзіўлена ўсклікнуў:

- Чыстай турэцкай крыві! Сапраўдны турак!

- Што такое? Хто? - спытаў ваявода і ўстаў.

- Я тут угледзеў турка, сіўку, ён тут каля вашых варот, хачу даведацца, чый ён.

Ваявода таксама глянуў у акно.

- Дык гэта ж ваш, уласны, - спакойна прамовіў ён.

- Можа, ваш, ваявода?

- Не, ваш, пане маршалак!

- Мой? У мяне такога няма! Паверце мне, такога няма ні тут, ні ў маёй дарагастайскай стайні, ні ў табуне! Ён іншай масці і іншай крыві.

- Але гэта ваш конь, - стаяў на сваім ваявода.

- Даруйце мне, я лепей ведаю, што гэта не мой, - упіраўся маршалак.

- Выбачайце, але ён ваш, уласны!

- Жарцікі з мяне строіце, пан ваявода! - Сапраўды, ваш, бо я дару яго вам. Хіба не прымеце? Маршалак задумаўся.

- Калі настануць мір і згода, а я болей не буду паслом караля да вас, то прыму такі цудоўны падарунак. А цяпер - дурні будуць звягаць, што вы мяне падкупілі.

- Адным канём! - засмяяўся ваявода. - Загадайце адвесці яго ў вашу стайню. Такая дробязь нікому не кінецца ў вочы! А мне прыемна падараваць такому знаўцу коней сапраўднага турка.

Дарагастайскі ўзяў шапку і падаўся да дзвярэй.

- Сардэчна дзякую! Дазвольце мне зараз жа абма- цаць яго, мяне аж сверб бярэ паглядзець на гэтага сіўку, не магу болей трываць.

Ваявода паклікаў канюшага, і маршалак разам з ім пайшоў да лесвіцы, забыўшыся ў гэтыя хвіліны пра ўсё: пра каралеўскія лісты, сваё пасольства і сварку Хадкевічаў з Радзівіламі.

А мы зірнём яшчэ, што робіцца ў паноў Завішаў у іх палацы на Бакшце.

Іх дом быў мураваны, невялікі, стаяў упрытык да высокай гары, з двух бакоў яго абступалі дамы гараджан, выглядаў ён нібы пастаялы двор. Перад ім стаялі вазы, адны яшчэ гружаныя, другія пустыя, каля іх завіхалася прыслуга, якой было цесна на панадворку. Усе коні не змясціліся ў стайні, стаялі, накрытыя папонамі, каля ясляў і каля плота, за вазамі. Воддаль ад сцяны на панадворку было нават раскладзена вогнішча, каля яго сядзелі і ляжалі фурманы і слугі.

Чатыры самыя лепшыя пакоі зверху займалі браты, Ян і Андрэй Завішы. Жылі яны тут сціпла, хаця па шляхецкай завядзёнцы вазілі ўсё з сабой, таму ў іх было чым і падлогу заслаць, і сцены абвешаць.

Дываны з залатым і сярэбраным узорамі развесілі па яшчэ вільготных сценах, на падлогу, выкладзеную толькі цэглай, таксама ляглі цвёрдыя турэцкія і персідскія дываны. Невялікія рознакаляровыя дываны пакрывалі і простыя, зробленыя мясцовымі цеслярамі лавы, сасновыя сталы заслалі вышытымі настольнікамі, што спадалі да самага долу. Цяпер пакоі, яшчэ нядаўна голыя, выглядалі даволі ўтульна, і толькі столь нагадвала, якімі яны былі яшчэ ўчора. У двух кутніх пакоях кожнаму з братоў падрыхтавалі пасцелі. З правага боку - старэйшаму, Яну, з левага - Андрэю, абодва спалі на пазалочаных ложках, якія былі ўсланы сенам і накрыты мядзведжымі шкурамі. Пад галавой - падушкі, таксама са шкур, а зверху - футравае пакрывала.

У камінах і печах палаў агонь, саграваў настылыя сцены. Два сярэднія пакоі прызначаліся для абедаў і прыёму гасцей. Апошні быў больш старанна ўпрыгожаны.

Калі ўзышло сонца, засвяціла ў вокны дома на Бакшце, ваявода з падскарбіем ужо былі на нагах. Яны засяроджана маліліся, па даўнейшай звычцы пачынаючы дзень з ранішніх малітваў і псалмоў. Некаторыя са старшых слуг у ніжніх пакоях таксама з ружанцам у руках прысвячалі Богу першыя хвіліны новага дня. Толькі слугі і прыслуга ўжо раней хуценька памаліліся і шчыравалі ў доме і на падворку. Калі час малітвы скончыўся, падскарбій зайшоў да брата, потым абодва адправіліся снедаць, а затым яны збіраліся схадзіць у касцёл бернардзінцаў на імшу. За снеданнем яны крыху пагаварылі пра справы.

- Дарагі браце, як думаеш, выйдзе ў нас што ці не?

- Можа, і не, хоць нас паслаў сам кароль. Што ж, будзем рабіць усё, што можам, астатняе ў волі Божай, - сказаў старэйшы брат, віцебскі ваявода Андрэй. - Да нас учора забягаў наш агульны знаёмы - езуіт, айцец Брызій. Ты ўжо спаў або замкнуў дзверы і маліўся. Было позна, і я прыняў яго сам.

- Што ён расказаў?

- Многа страшнага, а галоўнае - калі яму верыць, то няма ніякай надзеі на тое, што мы тут нечым паможам. Ва ўсіх столькі злосці, што вось-вось выбухне вайна. Ян пахітаў галавой. Тут увайшоў прыдворны і паведаміў, што прыйшоў брэсцкі ваявода Крыштаф Зяновіч*.

- Так рана! - усклікнуў Андрэй і выйшаў сустрэць госця.

Неўзабаве ўваліўся ў пакой і сам госць, тоўсты, румяны, засопшыся, абапіраючыся на кій з пазалочанай макаўкай. Зяновіч - чалавек гаваркі, рухавы, дзейны, але сёння на ягоным твары адбівалася няўпэўненасць, і гэта псавала яго звыклы выраз. Ён і сапраўды звычайна бываў такім, аднак раннія адведзіны і думка пра тое, як яго прымуць і сустрэнуць (а яго ведалі як вялікага прыхільніка Радзівілаў), азмрочвалі яго, таму на гэты раз ваявода быў у такім нязвыклым для яго замяшанні.

Аднак ледзь толькі Зяновіч паказаўся ў дзвярах і вы- мавіў першыя словы, як па сваёй прыроднай даверлівасці забыўся на трывогі і загаварыў весела, вольна і нязмушана. - Вітаю паслоў міру і згоды! Вітаю жаданых гасцей у нашай сталіцы! Сэрцам і душой прымаем вас, мы чакалі вашага прыезду, як птушка каня дажджу! Вітаю вас, пан ваявода віцебскі, і вас, пан падскарбій! Як даехалі, як спалася? - салаўём рассыпаўся Зяновіч.

- Цудоўна! - адказалі браты.

- Мне дужа трэба было прывітаць вашых мосцяў, таму я, хоць на гадзінніку яшчэ, мабыць, толькі восем і не наступіў яшчэ час для адведзін, паспяшаўся ўбачыць дарагіх гасцей.

- Мы вельмі рады вам. Сядайце, пан ваявода!

- Сеў бы, нават калі б не запрасілі, бо захакаўся, пакуль узбягаў па прыступках. Што там новага ў Варшаве, як кароль?

- Дзякуй богу, здаровы.

- Пан Маціёўскі іn partibus - у будучым - віленскі біскуп?

- Ён ужо адрокся ад біскупства.

- У спадзяванні на кракаўскае?

- Магчыма.

- Добрая замена! Ну, а ці будзе ў нас мір?

- Спадзяёмся, - адказаў Андрэй Завіша. - Каралеўскія лісты...

- Усе іх паважаюць, але мала хто іх слухаецца! - перабіў яго Зяновіч. - Вось у чым уся бяда! Больш надзей на вашы ўгаворы, на сяброўскае пасрэдніцтва. Хадкевічы зусім з глузду з'ехалі! Як яны толькі адважваюцца, як пнуцца барукацца з Радзівіламі! Не тыя сілы, не тое ў іх багацце! Зруйнуюць іх, зруйнуюць краіну, а ўсё гэта падасць прыклад фатальны, няшчасны, жахлівы!

- Але ж не яны ўсю гэтую кашу заварылі?

- А навошта было парушаць дагавор?

- Дык, можа, той дагавор несправядлівы?

- Справядлівасць можна разумець па-рознаму. Такое часта бывае. Навошта тады было абяцаць, калі яны ведалі, што дагавор несправядлівы?

- Яны вінаватыя ў гэтым, але і Радзівілы таксама: навошта раззлавалі іх той судовай справай, давялі да крайнасці?

- Цяпер ужо няма іншага выйсця апрача добрага канца, бо вайны дапусціць нельга. Вайна канчаткова загубіць краіну! - усклікнуў Зяновіч. - Памірацца яны ці не, абы толькі не ваявалі!

- Мне здаецца, што да гэтага не дойдзе, - сказаў віцебскі ваявода. - Дзеля гэтага мы і прыехалі, каб не дапусціць горшага. I мы спадзяёмся, што хаця яны і далёка зайшлі ў сваіх спрэчках, але ўрэшце адумаюцца, зразумеюць, што яны давядуць да ўнутранай вайны. Можа, іх ахалодзяць лісты ад караля і ўгаворы сяброў.

- Дай жа Божа! - прамовіў Зяновіч і ўздыхнуў, але гэта можна было вытлумачыць і пачуццямі, і высокай лесвіцай у доме на Бакшце.

Паздзел 8

ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА

Першага лютага Вільня і яе ваколіцы нагадвалі ваенны лагер. Калі б нехта прыехаў здалёку, не ведаючы, у чым справа, то мог бы падумаць, што столькі войска сабралі, каб адбіць напад няверных язычнікаў або суседзяў з Русі. У прадмесце натоўпамі сцякаліся ўсё новыя атрады, развяваліся сцягі, гарцавалі гарачыя коні, прыходзілі салдаты з Курляндыі, Падолля, Літвы, Русі, Польшчы - усе яны былі па-рознаму апранутыя і гаварылі на розных мовах.

У самім горадзе бадай што ўсе пастаялыя двары займалі кіроўцы: ротмістры, палкоўнікі, іх акружэнне. Бразгалі шаблі, бухалі барабаны, чуліся ваенныя песні, якія павінны былі ўзняць баявы дух. Аднак на гэты раз спевакі павінны былі тварыць цуды, каб падладзіцца да акалічнасцей, таму што ў песнях тых часоў або пракліналі туркаў, або лаялі маскавітаў, але не было напагатове ніводнай, якая клікала б на бой за Хадкевічаў або, наадварот, за іх ворагаў. Дух войскаў з іншых краёў падтрымлівалі двухрадковыя абразлівыя прыпеўкі пра жмудзінаў, ліцвінаў, мазураў, рускіх і іншых. I сам выгляд гэтых войскаў, якія месціліся пераважна на Лукішках, а таксама па ваколіцах і прадмесцях, быў дзівосны! Народ - як на падбор, але ўсе былі з розных месцаў, кожны апрануты па-свойму, у кожнага свая зброя, нават свой дух. Узяць хаця б тое, што ў войску Радзівілаў было нямала католікаў. Яны ішлі ціха, апусціўшы галовы, самі не ведаючы, як спалучыць сумленне з уласнымі інтарэсамі, калі таварышы па вайсковай выправе бралі іх з сабой, і яны абавязаны былі падпарадкавацца, але яны лічылі гэтую вайну выгаднай канфедэрацыі і ўспрымалі яе як помсту католікам за іх прыцясненне разнаверцаў.

Войска Радзівілаў складалася з разнастайных атрадаў, галоўная частка іх была з Русі, каля чатырох тысяч ваяроў прыслалі Астрожскія; яны размяшчаліся па ваколіцах, прадмесці, сцякаліся пад Вільню не ўсе разам, а па частках і ў розны час: ад апошніх дзён студзеня да першых лютаўскіх. Горад напоўніўся пярэстымі натоўпамі людзей, ажыў, але толькі самыя смелыя гараджане адважваліся паказвацца на вуліцах і на шумных рынках, астатнія ў трывозе і страху пахаваліся ў дамах. Магістрат і рада пасля няўдалага пасольства да ваяводы не спрабавалі выступіць другі раз. Яны дазволілі войску займаць пастаялыя двары і больш не азваліся ні словам. Аднак трэба зазначыць, што, акрамя выпадковых здарэнняў, ніякіх непрыемнасцей гараджане не мелі; ваявода добра карміў усю плойму войска і наказаў салдатам абыходзіцца з жыхарамі прыстойна і ветліва. Але мала хто з іх верыў ягоным абяцанням пра недатыкальнасць іх жытла, уласнасці: купцы, пераважна католікі, ад вялікага страху пазамыкалі склады і крамы, пахавалі тавары, заклалі дзверы цяжкімі засаўкамі і спадзяваліся на прыхільнікаў Хадкевіча як на збавіцеляў. Ды іх яшчэ не было, чакалі з дня на дзень. Для іх былі ўжо загадзя падрыхтаваны, заказаны месцы пастою ў самім горадзе паблізу ад камяніцы жмудскага старасты, іх ахвотней саступалі, бо салдаты-католікі здаваліся ім надзейнай абаронай супраць страшных для многіх гараджан ерэтыкоў.

У камяніцы Хадкевічаў падрыхтоўка да вайны была ўжо скончана: байніцы прароблены, вароты ўмацаваны, слабыя сцены падвоены, вокны забіты, месцы, вызначаныя для гармат, падрыхтаваны, ачышчаны пляцоўкі для салдат, якіх збіраліся размясціць пераважна ў крэпасці. Падумалі нават і пра тое, каб закупіць запасы жыўнасці, пра ваду на выпадак аблогі, бо на штурм з-за вузкіх вуліц не спадзяваліся. Пан Барб'е ўсё гэта агледзеў, прыкінуў, ці надоўга хопіць запасаў і зброі падчас аблогі Радзівілаў, і з усмешкай сказаў, што са сцен камяніцы ён гарматамі ўмомант змяце ўсіх пратэстантаў, хай толькі сунуцца.

Але ўся гэтая падрыхтоўка ў вачах нават тых, хто ёю займаўся, хто звыкся з думкай пра непазбежнасць вайны, выглядала дзіўнай, а разважлівым людзям яна ўвогуле нагадвала кашмарны сон. Гэта было не проста здарэнне, а вялікае дзіва, многія проста не верылі ў рэальнасць вайны. Нават для віленскага простанароддзя, якое ўжо не адзін раз бачыла сутычкі, малую вайну ў горадзе, такі вялікі наплыў войска быў незвычайным, яму не было прыкладаў у мінулым, да таго ж не было і важкай прычыны. А таму, нягледзячы на такую вялікую падрыхтоўку, на відавочную пагрозу зацятай вайны двух лагераў, многія яшчэ не верылі і не хацелі верыць у грамадзянскую вайну.

- Можна сварыцца, ад веку і да канца свету звады не скончацца, хто ведае, ці не пачаліся яны з даліны Іёсафацкай*, там таксама спрачаліся, але, каб ваяваць, такога не можа быць! - казалі недаверлівыя.

З лютага віленскаму кашталяну стала вядома, што Ян Караль з гарматамі і войскам праз дзень будзе ў Вільні. Гэтую вестку прынёс маршалак двара Мікалай Хамец, які прыехаў разам з любімым прыдворным Яна Караля Тамашом з Дамбровы. Кашталян аддаў свой дом пад пастой салдатам, якія вось-вось прыбудуць, а сам перабраўся ў камяніцу Хадкевічаў на Замкавай вуліцы. Тут цяпер жыў і брат Караля Аляксандр, у той час ён быў барысаўскім старастам (пазней - троцкім ваяводам). Самае лепшае памяшканне аддалі сандамірскаму ваяводу Іосіфу Мнішку, яго запрасілі Хадкевічы, і ён не адмовіўся, прыехаў, праўда, амаль без світы, у суправаджэнні некалькіх прыдворных.

Князёўну Соф'ю дзеля бяспекі перавялі ў пакоі ў глыбіні дома, адтуль яна ўжо нічога не магла бачыць, толькі чула вялікі рух у доме. Ведала яна пра падрыхтоўку да вайны і вельмі непакоілася. Лёгка зразумець, што адчувала князёўна: яна не ведала як след, што робіцца, што за падзеі адбываюцца, была поўная змрочных думак і здагадак. Пры ёй і каля яе ўсё маўчала, усе пабойваліся яе, на яе глядзелі як на прычыну ўсіх непрыемнасцей, нават самі Хадкевічы ў душы міжволі адчувалі насцярожанасць да сіраты, апека над якой аказалася такой цяжкай. Самай блізкай для князёўны была ахмістрыня, пані Влодская, жанчына цвёрдая, халодная, непадступная, яна часцей за ўсё толькі загадвала; ад яе нельга было пачуць ласкавага слова. Яна паслухмяна выконвала тое, чаму служыла, была суровай і строгай, баялася на валасок адступіць ад сваіх паўнамоцтваў, вельмі даражыла сваім месцам, баялася страціць яго. Служанкі панны былі маладыя, баязлівыя, аддаленыя ад яе сваім становішчам, яны нават не спрабавалі стаць сяброўкамі. Напаўдзіця, яна заставалася сам-насам са сваімі думкамі, страхамі, цярплівасцю, без радасцей, без сяброў, без навін пра падзеі за сценамі камяніцы, жыла замкнутым жыццём, якое пры іншых акалічнасцях магло быць шчаслівым, на самай справе аказалася пакутлівым.

Ад рання - малітвы, потым невясёлы шпацыр па пакоі, кароткія размовы з пані Влодскай, абед, праца за кроснамі, зноў малітва - і доўгі вечар, і доўгая бяссонная ноч.

А над усім гэтым прывід вайны, забойстваў - яны не давалі спакою сірочаму сэрцу, бо вайна магла пачацца з-за яе, яна штодня набліжалася, і пачаткам яе меўся стаць дзень нараджэння князёўны! Соф'і здавалася, што кожны стук варот, кожны шоргат бруска па шаблі, кожнае бразгатанне зброі, гучны гук набліжаюць гэтую жахлівую вайну. Калі яна бачыла на замкавым двары салдат, іх клопаты пра абарону, умацаванне камяніцы, адразу ж перапаўнялася страхам, гневам і трывогай, а з вокнаў свайго новага пакоя больш нічога ёй не было відаць. Часта дзяўчына прачыналася сярод ночы, разбуджаная тупатам салдат, галасамі варты, яе сэрца пачынала біцца часцей, яна прыціскала да грудзей крыж сваёй маці і цэлымі гадзінамі чакала, што вось-вось прагучыць стрэл - ёй, беднай, здавалася, што ён абавязкова павінен прагучаць.

У такой вось няпэўнасці і страху жыла князёўна; калі ж ці падарункам, ці ласкавым словам яна ўпрошвала ахмістрыню расказаць ёй, што робіцца за сценамі камяніцы, то часцей за ўсё чула пра розныя жахі, якія злавалі яе, яна не магла ім верыць, бо, несумненна, яны былі выдуманымі і разлічанымі на тое, каб загасіць у яе сэрцы вядомую ўсім прыязнасць да князя Януша.

Віленскі кашталян рэдка паказваўся ў князёўны; пасля апошняй размовы завітваў, мабыць, пару разоў, ды і то ненадоўга. Але 3 лютага ён паабяцаў увечары праведаць яе.

Князёўна чакала яго ў трывозе, малілася ў душы і гадала, што ён скажа. Прайшло паўгадзіны ў доўгім нецярплівым чаканні, нарэшце кашталян зайшоў. У яго быў лагодны твар, ніякага напружання, быццам назаўтра чакалася свята, а не пачатак вайны. Ён ласкава прывітаў яе, з трывогай папытаўся, як здароўе, бо выгляд у яе быў хваравіты.

Соф'я трымалася смела і мужна.

- Дзядзечка, не пытайцеся ў мяне пра здароўе, лепш скажыце, ці варта мне жыць?

- Як гэта? Што ты гаворыш? Ты яшчэ так мала пажыла!

- Але ж цяжка, дужа цяжка мне! Падумайце, як гэта штодня, штогадзінна быць пад наглядам, калі чужое вока пранікае, здаецца, нават у думкі. Кругом вайна, зброя, страх! Куды ні глянь - салдаты, войска, гарматы, даносяцца жахлівыя чуткі! Скажыце мне, дзядзька, як жа я магу быць шчаслівай, спакойнай, якое тут можа быць здароўе? А яшчэ як падумаю, што гэта я - прычына ўсёй гэтай калатнечы! Ох, дзядзька, перажыць гэта, далібог, няма сіл!

- Князёўна, не трэба так палохацца. Вам нічога не пагражае.

- Ды хіба я за сябе трывожуся? - адказала Соф'я. - Але ж гэта вайна, гэта вайна!

- Яна яшчэ не пачалася, і мы не будзем пачынаць яе.

- Навошта ж тады вы так узброіліся?

- На ўсякі выпадак, - адказаў кашталян, - дзеля абароны. Мы бачым, што Вільню акружаюць войскі Радзівілаў, як нам у такім разе не падумаць пра сябе?

Князёўна змоўкла, правяла рукой па лбе і апусціла вочы.

- Вы памятаеце нашу апошнюю размову? - спытаў кашталян.

- Так. Калі вы хочаце, то працягнем яе, - адказала князёўна.

- Мне болей няма пра што пытацца ў вас, няма аб чым прасіць, няма патрэбы прымушаць нешта рабіць, я хачу толькі ў вашых жа інтарэсах яшчэ раз растлумачыць тое-сёе, а вы рабіце так, як вам падкажа ваша сумленне. Я ўжо не цікаўлюся, што вы адкажаце, калі да вас прыйдуць спытаць, якое будзе ваша слова. На тое ваша воля, князёўна, вы ўжо не дзіця, вось-вось будзеце паўналетняй, у вас ёсць свой розум. Рабіце тое, што вам даспадобы. І ўсё ж пакуль што я - ваш апякун, а першы клопат апекуна - сумленне, першая думка - засцерагчы ад граху. Таму хачу вас папярэдзіць. Дамоўлены шлюб ваш з князем Янушам без спецыяльнага дазволу главы каталіцкага касцёла*, Папы, які ён дае, а таксама без яго благаславення (слухайце мяне ўважліва), будзе грахоўным, ён забаронены рэлігійнымі законамі, а нашым літоўскім правам прызнаецца як несапраўдны. Вы, напэўна, чулі пра гэта, мой абавязак яшчэ раз напомніць. Я нічога не загадваю, ні пра што не пытаюся, але ці захочаш ты сама, без дазволу Папы, згадзіцца на такі шлюб, калі дойдзе да размоў пра яго, да неабходнасці вырашаць? Князёўна не прымусіла чакаць з адказам.

- Без дазволу - ніколі! Аднак жа, - дадала яна, - дазвол можна атрымаць.

Кашталян міжволі перасмыкнуў плячыма.

- Дазвол, але не благаславенне.

Князёўна апусціла галаву. Нехта пастукаў у дзверы.

- Гэта наш святы айцец, архімандрыт манастыра Святой Тройцы Вельямін Руцкі*, ён вам усё падрабязна растлумачыць і пацвердзіць тое, што казаў я.

Князёўна зірнула ў бок прыадчыненых дзвярэй. Праз іх увайшоў бледнатвары мніх у сутане ордэна Святога Базыля*. Гэта і быў дастаслаўны Вельямін Руцкі.

Князёўна падышла і пацалавала яму руку, ён моўчкі благаславіў яе, потым сеў.

- Я паклікаў вас, ойча, - прамовіў кашталян, - каб вы пацвердзілі перад князёўнай мае словы. Я патлумачыў ёй, што яе шлюб з князем Янушам будзе незаконным згодна з касцельным і дзяржаўным правам, якое не прызнае шлюбаў паміж родзічамі.

- Сапраўды, так, - адказаў святар. - А той, хто заключае такі шлюб, пападае пад суровае асуджэнне касцёла, нават калі вянчаць вас будзе асоба самага высокага духоўнага звання.

- Але... - пачала князёўна, не асмельваючыся пярэчыць.

- Але ў пэўных выпадках, - адгадаўшы яе думкі, прадоўжыў за яе Вельямін Руцкі, - Папа Рымскі дазваляе такія шлюбы, хаця і не благаслаўляе іх.

- Не благаслаўляе! - паўтарыла за ім князёўна і апусціла вочы долу.

Кашталян і святар тлумачылі ёй нешта яшчэ, але Соф'я вачэй больш не ўзнімала, не глядзела на іх, не прамовіла ні слова, яна была ўся ў сваіх невясёлых думках; моўчкі пацалавала руку кашталяну, пакланілася Руцкаму і развіталася з імі.

Ледзь толькі за імі зачыніліся дзверы, яна ўпала на крэсла і залілася слязамі.

- Ніколі нам не быць разам, не мець Божага благаславення, не быць шчаслівымі! Нават калі б нас і звёў лёс, злучыў, наша каханне Богу не будзе ўгодным, кожная хвіліна нашага жыцця будзе атручана гэтым! Вось так: засталася сіроткай, мне дазволілі пакахаць таго, каго паабяцалі з дзяцінства зрабіць мужам, а цяпер кажуць, што гэтае каханне - грэшнае, шлюб - святатацтва.

Яна ўпала на калені і пачала горача маліцца. Потым устала з сухімі вачыма, спакойным тварам і ціха прамовіла:

- Так хацеў Бог, хай будзе благаслаўлёна Імя Яго. Нядоўга мне засталося цярпець, пайду да цябе, мамачка, хоць я цябе не ведала, і да цябе, татуля, якога я не бачыла, пайду да вас!

Паздзел 9

ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

4 лютага новы ганец прыехаў у Вільню і паведаміў, што войска пад кіраўніцтвам Яна Караля спынілася на начлег на адлегласці адной мілі ад горада і павінна заўтра ўвайсці ў горад. Вестка імгненна разнеслася паміж жыхарамі, і натоўпы цікаўных сабраліся на Медніцкім тракце, па якім меўся ўступіць у горад Ян Караль. Былі сярод іх і людзі Радзівіла. Яны ўліліся ў натоўп, каб прасачыць, што за войска ідзе на падмогу Хадкевічам, колькі яго будзе, ці многа яно мае гармат і марцір, а потым дакладна паведаміць пра ўсё князю-ваяводу. Ад самага паўдня ў горадзе быў незвычайны рух: самыя цікаўныя ўскараскаліся на дахі камяніц, на сцены і вежы, абы толькі лепш разгледзець войска. На ўсіх галерэях ратушы было поўна народу, нават на званіцах касцёлаў тырчалі галовы, павернутыя ў бок Медніцкага тракту. Вострае прадмесце таксама было ўсеяна людзьмі, яны таўкліся там ад самага рання. Стаяў прыгожы зімовы дзень, быў лёгкі марозік, сонца свяціла на чыстым небе, іскрылася ў снягах, у паветры разлягалася ціша.

Пасля паўдня на гасцінцы ўдалечыні нешта зачарнелася. Так, па ім рухалася войска - гэта яно і чарнела на снезе. Натоўп замітусіўся: адны праціскаліся ўперад, каб лепей разгледзець, другія лезлі вышэй, трэція яшчэ толькі падбягалі. I ўсе паўтаралі: "Ідуць! Ужо ідуць!"

Тым часам раць падышла да горада. Над ёй развяваліся харугвы, бухалі бубны, тонкімі галаскамі гучалі пішчалкі. Усё бліжэй, усё бліжэй падступала войска, нарэшце першы атрад увайшоў у горад, і ўвесь люд аціх, узіраючыся, поўны цікаўнасці. Уперадзе павольна, спакойна рухалася конніца. На чале яе з некалькімі начальнікамі ехаў сам Ян Караль, жмудскі стараста, на вараным кані ў прыгожай збруі, асядланым па-турэцку, сам ён быў у аксамітным кармазынавым футры, падбітым сабалямі, з залацістымі петлямі; на галаве - сабаліная шапка, упрыгожаная пяром чаплі. З-пад футра выглядала апраўленая ў серабро выгнутая шабля ў похвах з шчыгрынавай скуры. На твары Яна Караля не было нават следу заклапочанасці, толькі зухаваты выгляд першага на чале вялікага атрада, толькі горда сціснутыя вусны і натапыраныя вусы. Адной рукой ён злёгку кіраваў жвавым канём, другой падпёр бок. Ззаду ехалі некалькі ротмістраў, а далей усе астатнія вершнікі, усе, як на падбор, - чалавек у чалавека, на дужых невысокіх конях. Над галовамі ў іх развіналіся прапары і блішчалі наканечнікі дзідаў. Ехалі яны вольна, па пяць чалавек у рад, спакойна, моўчкі. Адразу ж за вершнікамі везлі гарматы і марціры, досыць многа. Цікаўныя налічылі аж дваццаць чатыры. За гарматамі зноў ехалі вершнікі, па-рознаму апранутыя і ўзброеныя, але зноў усе - як на падбор.

Тут не было відаць такіх ваяроў, як у войску Радзівілаў, карліка побач з волатам, грузнага немца побач з танклявым салдацікам-ліцвінам, усе - нібыта адной крыві, аднаго роду, сілы і гадоў. Гэта адразу кінулася ў вочы тым, хто назіраў, як праходзіла войска.

Здавалася, нават самым цікаўным не пад сілу злічыць, колькі ж войска прыбыло, - яно ўсё ішло і ішло, а на гасцінцы аж да самых гор усё яшчэ не канчаўся, віўся доўгі ланцуг. Ужо цямнела, калі ўся кавалерыя ўвайшла ў горад, а потым пачала рухацца пяхота. Яна ішла аж да цёмнай начы.

Стомленыя і ўражаныя разыходзіліся па дамах гараджане. Многім цікаўным не хапіла цярпення, да таго ж ноччу цяжка было нешта разгледзець. У пераказах сілы Хадкевічаў перабольшваліся па сама менш - утрая і выглядалі незлічонымі.

Войска ўсё яшчэ ішло, а Ян Караль ужо даўно быў у сваёй камяніцы, падрыхтаванай да ягонага вяртання, пачалі размяшчацца і новапрыбыўшыя атрады. Адны, не злазячы з коней, завозілі ўнутр гарматы, другія спыніліся пад сценамі палаца. Частка атрадаў так і засталася на вуліцах пад сценамі як варта, іншых жа размяшчаў за сценамі пан Барб'е, які са сваёй нязменнай шпагай, пры капелюшы голасна распараджаўся, дзе каму ўладкавацца на пастой. Большыя і меншыя гарматы і марціры занялі прызначаныя ім месцы і ваяўніча разяўлялі ў байніцах свае чорныя пашчы з усіх чатырох бакоў палаца.

Тут жа, каля іх, ужо ляжалі ядры і іншае патрэбнае начынне.

Ян Караль не злез з каня, аж пакуль не размясціў усіх сваіх салдат, пакуль усім не распарадзіўся. Абоз ён паставіў на дзядзінцы, яго запаланілі салдаты, запалалі вогнішчы, уздоўж сцен да загадзя падрыхтаваных конавязяў з яслямі паставілі коней. Гоман, смех, брэх сабак, іржанне коней, шум і галас, крыкі разносіліся па ўсёй камяніцы бесперастанна. Адны ішлі, каб паглядзець на вызначанае ім для бою месца на сцяне, другія дапамагалі ўсцягваць гарматы, трэція здымалі і расстаўлялі зброю там, дзе ім было сказана. Военачальнік стараўся паспець усюды: там паглядзець, тут нешта загадаць, а дзе і проста моўчкі праехаць. Ён распарадзіўся пра ахову, даручыў яе маршалку двара Мікалаю Хамцу, а сам злез з каня і пайшоў да кашталяна.

Тут яго ўжо даўно чакалі. Ваявода Мнішак, барысаўскі стараста, кашталян і яшчэ некалькі чалавек з ліку прыхільнікаў католікаў сабраліся ў пакоі, вокны якога выходзілі на дзядзінец. У каміне шугаў агонь, на стале стыла некранутая вячэра.

Усе ўсталі і прывіталі жмудскага старасту.

- Вітаем нашага героя! - усклікнуў Мнішак. - Вітаем вас! Нарэшце вы скончылі свае справы, аддалі ўсе загады, адпачніце цяпер з намі!

- Пасля цяжкага дня нарэшце хоць хвілінку адпачну, - сказаў Ян Караль, здымаючы з сябе цяжкае футра. - Нялёгка кіраваць гэтым нашым неўтаймаваным і пярэстым войскам, ох нялёгка! Можа, дасць Бог, некалі мы завядзём і сваё. А то ці не падумаюць паны Радзівілы, што супраць іх безлічы ваяроў мы не можам выставіць і дзесятка салдат. Але хоць нашых і мала, гэтыя нямногія варты тысяч іхніх. Я добра ведаю сваіх салдат, яны не падвядуць мяне, калі тут што распачнецца.

Кажучы гэта, Ян Караль абыходзіў прысутных і вітаўся з усімі за руку.

Ці ўсё ў нас гатова? - спытаў кашталян.

- Усё, - адказаў жмудскі стараста. - Князёўна тут, дагавор на стале, войскі і гарматы стаяць з усіх бакоў, тэрмін набліжаецца. Засталося чакаць паноў Радзівілаў.

- А вы ведаеце, што прыехалі паслы ад яго вялікасці караля? - спытаў Аляксандр Хадкевіч.

- Яшчэ ўчора я прачытаў вашу паперчыну. Але ж, панове, паслы прыехалі да Радзівілаў, а не да нас, мы ж першымі вайну не пачнём.

- Гэта так, - адказаў кашталян. - Аднак, калі нас зачэпяць, мы мусім бараніцца.

- Колькі войска ў Радзівілаў? - спытаў Ян Караль. - Ці многа яны іх там назбіралі? I што думаюць рабіць?

- Хто што гаворыць, - адказаў Аляксандр. - Самыя пэўныя звесткі нам паведамілі людзі з ліку прыдворных князя-ваяводы: у іх каля шасці тысяч войска. Гэта калі не лічыць дробных груп шляхты і асобных людзей, а таксама прыдворных салдат ваяводы. Тры князі Астрожскія далі па шэсцьсот конных і семсот гайдукоў, пяцьдзесят конных прывёў Абрамовіч, Нарушэвіч - сто вершнікаў, а яшчэ сто гайдукоў, Замойскі з Падолля - дзвесце коннікаў пад апекай ротмістра Пятра Збарымскага, дзвесце рэйтараў даў князь курляндскі, яны для застрашэння стаяць на дзядзінцы кардыналіі, а яшчэ дзве сотні мазырскага старасты. Вось і ўсё. З такой сілай можна было б заваяваць цэлае княства.

- I што ж яны будуць рабіць з такім войскам? - сказаў Ян Караль і ўсміхнуўся. - Дастаткова зірнуць па баках, каб зразумець, што нават трэцяя частка іх войска будзе ціснуцца, як селядцы ў бочцы, калі ўздумае пачаць аблогу маёй камяніцы, ды і то не змесціцца, а то яшчэ патрапіць пад агонь гармат, які змяце іх, нібы мух! У поле яны нас не выманяць, на штурм не адважацца, хіба што пачнуць разбураць навакольныя дамы, але ў гэта цяжка паверыць. Дык навошта гэта ўсё ім, дзеля чаго? Каб паказаць, на што здольныя Радзівілы?

- Вашамосць, пане стараста, вы так упэўнены ў сваёй камяніцы? - спытаў Мнішак.

- Тут не трэба нават дужа разбірацца ў вайсковай справе і многа думаць, - адказаў Ян Караль, - каб умацаваць наш дом, які і так вельмі выгадна размешчаны. Подступы да яго з усіх бакоў загароджаны другімі дамамі, прылеглыя вуліцы цесныя. Самая шырокая з іх, тая, што перад Замкавай, ужо напалову занятая нашымі атрадамі і вартай. З якога боку ім падступіцца? Дзе яны паставяць войскі і па кім будуць страляць? Нашы схаваюцца за сценамі, адмыслова ўмацаванымі, зверху яны могуць бесперапынна страляць з ручной зброі, гакаўніц і марцір, будуць спакойна сядзець сабе і нічога не баяцца. Як у бога за пазухай, калі гаварыць коратка. А што, каралеўскія лісты перадалі ўжо? - спытаў ён, хвіліну памаўчаўшы.

- Яшчэ не, - адказаў кашталян. - Напэўна, чакалі вас, каб уручыць усім адразу.

- Сенатарам далі строгі наказ ад яго вялікасці караля нс дапусціць вайны і сутыкнення.

- Я сумняваюся, што загады могуць неяк падзейнічаць на канфедэратаў, - адказаў Ян Караль. - Але пажывём - убачым. А што робіць князёўна?

- Учора я праведаў яе, - прамовіў кашталян. - Яна баіцца, трывожыцца, вядома - жанчына.

- Вы даведаліся, пра што яна думае?

- Усё пра тое ж!

- Яна хацела б, - запальчыва ўсклікнуў Ян Караль, - стаць на іх бок, быць таго не можа!

- Пасля нядаўняй гутаркі з ёй я думаю іначай, - спакойна адказаў кашталян. - Я прыходзіў да яе з айцом Руцкім, і ён пераканаўча растлумачыў ёй, якім грэшным і незаконным будзе іх шлюб.

- А яна згадзілася?

- Я не сумняваюся ў гэтым. Яна па-ранейшаму кахае князя Януша, але набожнасць будзе ўтаймоўваць яе пачуцці. Сапраўды, нават каб яе і аддалі замуж за князя, усё роўна давялося б прасіць дазволу ў Рыме.

Ян Караль задумаўся, нешта насцярожыла яго. У гэтую хвіліну прыдворны абвясціў, што прыйшлі князь Мельхіор Гедройц, маршалак Дарагастайскі і абодва Завішы.

Ян Караль пайшоў сустракаць іх да лесвіцы, кашталян стаў каля дзвярэй пакоя. Першы ўвайшоў біскуп, на ягоным лагодным твары свяцілася ўсмешка, за ім ішлі астатнія паслы. Пасля звычайных прывітанняў і агульных слоў яны падалі лісты ад караля. Жмудскі біскуп, уручаючы лісты Хадкевічам, ад імя караля і дзяржавы прасіў і ўгаворваў іх не пачынаць вайны.

- Гэта быў бы першы і страшэнна жахлівы выпадак у нас, і хто можа прадказаць яго вынікі? Цяжкі груз ляжа на сумленне таго, хто дзеля дробнай спрэчкі ўздыме зброю на брата.

- З гэтым, вашамосць, вам трэба звяртацца не да нас, - нецярпліва перапыніў біскупа Ян Караль. - Мы не пачынаем вайны, смуткуем з прычыны прыкрага непаразумення, але што ж нам - здацца, не абараняючыся?

- А вы першыя падайце прыклад падпарадкавання яго каралеўскай вялікасці, згаджайцеся на мір!

- На мір! - усклікнуў жмудскі стараста. - Гэта было б для нас найбольшай ганьбай - першым падаць ім руку!

- Гэта было б прыкладам сапраўды высакароднага хрысціянскага ўчынку! - запярэчыў Ян Завіша.

- Ну, ну! Цяжэй за ўсё спадзявацца на анёльскую дабрачыннасць людзей з плоці і косці, - прамовіў Дарагастайскі, які з самага пачатку не верыў, што жмудскі стараста паддасца на ўгаворы.

- Можам мы хаця б выкласці вам нашы ўмовы? - спытаў Гедройц.

- Мы з пашанай прымем іх, калі яны зыходзяць ад караля, з удзячнасцю - ад вас, але падумайце спачатку, ці не прынізяць яны нас. Гэта была б вялікая ганьба, калі б нас западозрылі ў тым, што мы вагаемся ці надта ўжо спяшаемся мірыцца.

- Чаго ж вы, пане кашталян, і вы, пане стараста, жадаеце?

- Вядома ж, справядлівасці, што тут доўга тлумачыць, - адказаў Ян Караль. - Што да ўмовы наконт выдання князёўны, то хай яна сама вырашае, хоча яна выйсці замуж за князя Януша ці не. Мы ні прымушаць, ні ўгаворваць яе не будзем. Яна ўжо дарослая, яе воля рашаць.

Але ж калі яна і згадзіцца выйсці замуж, іх шлюб усё роўна будзе незаконным і не можа адбыцца без спецыяльнага дазволу. Што да нас, то вы самі бачыце, да чаго нас давялі паны Радзівілы. Да даўгоў і закладу бацькоўскіх маёнткаў, да найму вялікага войска, незлічоных выдаткаў, да гэтай вайны. Усе суды і сам Трыбунал у руках ваяводы, усюды нас судзяць як хочуць - не дзеля справядлівасці, а дзеля сваёй патрэбы, спаганяюць з нас нейкія даўгі, велізарныя сумы, хочуць адабраць нашы маёнткі, пагражаюць баніцыяй. Які ж тут можа быць мір пасля ўсяго гэтага? Ці можам мы ва ўсім саступіць ім і нават слова не сказаць?

- Праўда ваша, - прамовіў Ян Завіша, - ніхто і не патрабуе ад вас, каб вы занядбалі свае інтарэсы, але ж хіба нельга паставіць праз пасрэдніцтва ўмовы, якія Радзівілы маглі б прыняць і якія задаволілі б вас?

- Спачатку мы паглядзім, чаго хочуць ад нас князьваявода з сынам.

- А вы падайце прыклад, - перапыніў біскуп, - пакажыце ім, што вы найперш думаеце пра спакой для краіны, а потым пра ўласныя інтарэсы. А якія ў вас умовы?

- Нашы ўмовы не могуць быць нічым іншым, як толькі адказам на іх патрабаванні, - зазначыў Ян Караль. - Мы ім неаднойчы паўтаралі тое, што толькі што сказалі вам. Пра лёс князёўны: яна павінна вырашыць яго сваёй воляй. А з намі хай скасуюць і спыняць усе судовыя справы, знімуць прэтэнзіі, адменяць праследаванне, заплацяць за панесеныя страты, спрэчку ж мы вырашым палюбоўна.

- Я так думаю, - прамовіў Дарагастайскі, - паны Радзівілы перш за ўсё захочуць упэўніцца, што вы аддасцё князёўну Соф'ю за князя Януша, а тады ўжо, мабыць, згодзяцца і на вашы ўмовы. Вось у чым павінна быць поўная яснасць.

- Калі князёўна захоча сама, а Папа дазволіць, то калі ласка! - сказаў кашталян і зірнуў на Яна Караля.

- Вось тады яе можна будзе выдаць замуж, - дадаў жмудскі стараста.

- Князь-ваявода тым не менш хацеў бы споўніць шлюбны абрад у тэрмін, вызначаны вашай дамовай, - зноў азваўся Дарагастайскі. - Рэлігійныя пастановы яго не цікавяць.

- А законы дзяржавы?

- Яго каралеўская вялікасць зробіць выключэнне для паноў Радзівілаў і дасць спецыяльны дазвол.

- Але ж яго яшчэ няма?

Дарагастайскі нічога не адказаў.

- А пакуль давядзецца чакаць дазволу з Рыма, вы дазволіце князю Янушу бываць у князёўны Соф'і? - асцярожна спытаў біскуп.

- Наконт гэтага яны ўжо прысылалі цэлае пасольства, - паведаміў кашталян. - Мы сказалі тады і паўтараем цяпер: адкладзём да паўналецця і да канца гэтай справы. Пабачым: дойдзе да шлюбу, дык дойдзе, а цяпер - навошта гэта? Больш шкоды, чым толку.

- Ваявода вельмі сумняваецца, як бы нейкі выпадак не стаў прычынай адкладу таго шлюбу, але ён, як і раней, будзе абавязкова патрабаваць дазволу для Януша праведваць Соф'ю, я з ім нядаўна гутарыў пра гэта, - перапыніў кашталяна Дарагастайскі.

Хадкевічы маўчалі, пазіраючы адзін на аднаго.

Сандамірскі ваявода падышоў да кашталяна і зашаптаў яму на вуха:

- Што вам перашкаджае дазволіць, калі яны будуць сустракацца ў прысутнасці каго-небудзь з вас? Калі вы не згаджаецеся нават на гэта, то будзьце ўпэўнены, што яны не прымуць і іншых умоў. Дазвольце. З вашага боку гэта не будзе прыніжэннем, а для міру гэта добрая падстава.

- Я не баюся і вайны, - адгукнуўся кашталян.

- А яна вам патрэбна? - спытаў Мнішак. - Пэўна, што не. Зрабіце тое, што вам дазваляе ваша годнасць, і ніхто вас за тое не папракне.

Пакуль сандамірскі ваявода ўгаворваў кашталяна, падобнымі словамі і аргументамі стараліся пераканаць Яна Караля сівы біскуп разам з Янам Завішам.

Потым паслы раіліся між сабой, а кашталян пашаптаўся з Янам Каралем.

Праз якую хвіліну яны прынялі ўмову.

- Мы згодны, - сказаў жмудскі стараста. - Мы пагаджаемся на тое, каб князь Януш праведваў князёўну ў нашай прысутнасці і з нашага ведама. Спадзяёмся, што большай уступкі вы ад нас не запатрабуеце. А нашы ўмовы такія. Ваявода верне нам усе распіскі і заклады, скасуе іх па закону і адмовіцца ад іх, не будзе судзіцца, не запатрабуе ад нас ніякіх выплат, спыніць цяжбу за Копысь, заплаціць нам за нанесеную ім шкоду. Князь Януш можа наведваць князёўну ў нашай прысутнасці, калі ж будзе атрыманы дазвол ад Папы Рымскага і князёўна сама згадзіцца на шлюб, тады мы аддамо яе за князя Януша.

Пакуль Ян Караль пералічваў умовы, Завіша старанна запісваў. Паслы болей ні пра што не загаворвалі і праз хвіліну пайшлі. Стаяў позні вечар, калі за імі зачыніліся вароты камяніцы Хадкевічаў.

Канец 2-га тома

КАМЕНТАРЫ

АПОШНЯЯ СА СЛУЦКІХ КНЯЗЁЎ

На беларускай мове аповесць друкуецца ўпершыню. На польскай упершыню была надрукавана ў 1848 г.

ТОМ 2

* Гайдукі - тут: пехацінцы ў войску.

* Рэйтары - від цяжкай кавалерыі ў еўрапейскіх арміях у XVI- XVII стст.

* Інгібіцыя - судовае спыненне справы, забарона чаго-небудзь.

* Малітва Божага анёла - малітва, якая чытаецца раніцой і ўвечары.

* Абраз Вастрабрамскай Маці Божай - ікона Віленскай Маці Божай Вастрабрамскай. Прывезена ў Вільню з Крыма вялікім князем літоўскім Альгердам. У 1431 г. была змешчана ў часоўні над Вострай Брамай. Свята коны - 14 красавіка. Вастрабрамская ікона карыстаецца асаблівай пашанай у хрысціян-беларусаў, як праваслаўных, так і каталікоў.

* "...да Генрыха". - Маецца на ўвазе Генрых IV, кароль Францыі ў 1562-1610 гг.

* Дарагастайскі - Крыштаф Мікалай Дарагастайскі (1562-1615) - дзяржаўны дзеяч, аўтар першага ў Рэчы Паспалітай дапаможніка па ко- негадоўлі "Гіпіка". Кальвініст. Заснаваў у маёнтку Ашмяна Мураваная друкарню.

* "...з дапамогай універсалаў..." - У тагачаснай Польшчы універсаламі называліся дакументы, якія мелі характар маніфеста.

* Зяновіч - Крыштаф Зяновіч (каля 1540-1614) - брэсцкі ваявода, паходзіў са шляхсцкага роду Вялікага Княства Літоўскага. Апісаў сварку паміж Радзівіламі і Хадкевічамі ў рукапісным творы на польскай мовс "Траедыя, або Пачатак значнага ўпадку ў доме княства Літоўскага".

* Даліна Іёсафацкая - месца, дзе, па Бібліі, будзе адбывацца Божы суд. "Хай паўстануць народы і сыдуць у даліну Іёсафата; бо там Я сяду, каб судзіць усе народы адусюль" (кніга прарока Іёіля, р. 3, в. 12).

* "...без спецыяльнага дазволу главы каталіцкага касцёла..." - Соф'я Алелькавіч была перакананай прыхільніцай праваслаўя, хацела вянчацца толькі па праваслаўнаму абраду.

* Руцкі Іосіф Вельямін - вядомы беларускі царкоўны дзеяч, пісьменнік. Першапачаткова быў хрышчоны ў праваслаўі, пазней перайшоў ва уніяцтва. Быў арганізатарам ордэна базыльян на Беларусі, але гэта адбылося пазней 1600 г. У манахі ён быў пастрыжаны ў 1608 г., архімандрытам Віленскага Троіцкага манастыра стаў у 1608 г. Тут, відаць, аўтар твора арыентаваўся на няправільныя звесткі.

* "...мніх у сутане ордэна Святога Базыля..." - У часы, апісваемыя Крашэўскім, уніяцкі ордэн базыльян яшчэ не распачынаў сваю дзейнасць на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

* "Гармат і смігловіц..." - Смігловіца - вялікая крапасная гармата з доўгім ствалом.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX