Папярэдняя старонка: Літаратура

Мацулевіч Алесь. Леў і ключы 


Аўтар: Мацулевіч Алесь,
Дадана: 01-08-2016,
Крыніца: Ліда, 2015.

Спампаваць




Алесь Мацулевіч

ЛЕЎ І КЛЮЧЫ

Ліда
2015

УДК
ББК

Алесь Мацулевіч. Леў і ключы. Ліда., 2015. 92 с.
Першая кніга паэта. Увабрала ў сябе паэтычнае імкненне аўтара сказаць слова пашаны, павагі і захаплення свайму роднаму гораду, яго гісторыі і сучаснасці.

Рэдактар С. Суднік.

® М Мацулевіч, 2015


Ад аўтара

Паважаны чытач!

У тваіх руках - кніга паэзіі "Леў і ключы", прысвечаная гораду Лідзе, яго людзям, яго мінуўшчыне і сучаснасці. Ніводная кніга не ахопіць цалкам гісторыю Ліды і яе дзень сённяшні, не ставіў перад сабой такой задачы і я. Вершы, якія склалі першы раздзел, адлюстроўваюць толькі асобныя эпізоды гісторыі горада. Вершы, якія склалі раздзел другі, - толькі асобныя эпізоды яго цяперашняга жыцця. На першы раздзел паўплывала маё захапленне гісторыяй роднага краю, на другі - досвед журналісцкай працы.

Здзейсніўшы з чытачом падарожжа па мінулым, я імкнуўся правесці яго па сённяшняй Лідзе, паказаць некаторыя яе помнікі, яе маляўнічыя месцы, яе людзей, прыроду навакольных мясцін. Я імкнуўся, каб, падарожнічаючы па старонках маёй кнігі, чытач яшчэ раз напоўніўся гонарам за свой горад з багатай гісторыяй, горад, які харашэе год ад года і ўпэўнена глядзіць у будучыню. Як леў, змагаўся горад у розныя часы з захопнікамі. Ключы ад светлай будучыні - у руках яго сённяшніх жыхароў. Шануй свой горад, з годнасцю называй яго мілагучнае імя, не лічы яго "шэрай, адсталай правінцыяй". Да гэтага заклікае мая кніга.

Акрамя двух раздзелаў, аб'яднаных назвай "Леў і ключы", у кнігу ўвайшлі цыкл вершаваных эцюдаў аб воднай пярліне Ліды - Лідскім возеры, некалькі гістарычных паэм, у якіх адлюстраваны падзеі з жыцця Ліды XIV стагоддзя, і гістарычная драма "Чырвоная ружа" - аб жыцці і смерці, аб любові і нянавісці, аб перамозе і паразе.

"…Часу пралятае замець - памяць застаецца вам" - такімі словамі заканчваюцца драма і ўся кніга. Час ляціць - памяць застаецца. Помні багатую гісторыю свайго горада, паважаны чытач, і я буду вельмі рады, калі гэты зборнік падштурхне цябе да больш глыбокага яе вывучэння.


ЛЕЎ І КЛЮЧЫ


Замест пралога


Роднаму гораду да 690-годдзя


Прывід Гедыміна за плячыма

з барадою, белай, як зіма.

Ці то высечка, ці то дзяўчына

некалі далі табе імя.


Позірк горды, выпрастала плечы,

за якія ганарыцца князь.

Днём - у гуле працы чалавечай,

вечарам - у пацерках-агнях.


Прыпеў


Над табою, Ліда, сонца свеціць.

Над табой, прыгожай, птушак спеў.

Наша кветка ў гарадоў суквецці -

ты, чый герб - ключы і мужны леў.



Днём працуеш - выпускаеш фарбы,

піва, малако, камбайны, хлеб…

Ты ад свету не хаваеш скарбаў,

славіш імі свой адвечны герб!


Ты праслаўлена людзьмі тваімі,

ведаюць ключы твае з ільвом,

ведаюць заводы і - між імі -

Лідскі замак у семсот гадоў.


Прыпеў


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ


Гісторыя


Паданне аб арліным гняздзе


Пралог


У будынкаў вокнах - сонца ззянне.

Між будынкамі - хада, язда.

У жыццёвым віры мы, лідзяне -

жыхары "арлінага гнязда".


Частка 1


Вяртанне Гедыміна з палявання


Для пасеваў велічы ўзарана

княства Гедымінавай рукой,

княжання яго прайшоў заранак

у паходах супраць крыжакоў.


Не было за Нёманам ніякіх

замкаў - толькі багна ды лясы,

Гедымін, забыўшы аб крыжаках,

бавіў паляваннем там часы.


Раз, вяртаючыся з палявання,

Гедымін пачуў дзіцячы плач.

Вось на дубе разгалінаваным

плача хлопчык у гняздзе арла.


Плача немаўля і крывіць губы,

што яшчэ не ўмеюць гаварыць.

Хлопца князь загадвае зняць з дуба,

пасяліць у княжацкім двары.


А назвалі хлопчыка Ліздзейкам,

бо дасталі з ліздаса - гнязда…

Сны тлумачыў ён… Прайшоў час нейкі -

і хлапец жрацом вярхоўным стаў.


Частка 2


Вяртанне Гедыміна з паходу


Раз вяртаўся Гедымін з паходу

і заснуў над Віліяй-ракой.

Бачыць сон: жалезны воўк на ўзгорку

вые голасна, як сто ваўкоў.


Сон пазней Ліздзейка растлумачыў:

"Воўк жалезны - тут сталіцы быць.

А што моцна вые - не іначай

як аб славе можна гэтак выць".


Князь пазней прывёў палонных мноства,

загадаў - і будаваць пайшлі

замак, як падзяку за прароцтва,

там, дзе хлапчука ў гняздзе знайшлі.


Вырас замак - паратунку якар

ад нашэсця… Бачаць і цяпер:

узвышаецца жрацу падзяка

ў Лідзе, і Лідзейка тут цячэ.


Да нябёс шматпавярхоўкі ўзняты.

Між будынкамі - хада, язда.

У жыццёвым віры арляняты

горада - "арлінага гнязда".



Паданне аб пакінутай варце


Што шэпчаш, вецер з глыбіні вякоў,

што крыламі ўздымаў плашчы з крыжамі?..

На замак рушыць процьма крыжакоў.

У замку - войска, князь ды гараджане.


Спужаўся князь - і з войскам уначы

паспешна ўцёк праз патайную брамку.

Пакінуў перад тым, як уцячы,

ён жменьку вартавых на сценах замка.


На гібель пэўную пакінуў князь

няшчасных, крыжакам на разарванне:

нічога не каштуе жменьку зняць

у чырванню афарбаваным ранні.


А раніцай да брамкі вораг лез,

ад радасці ў шчыты ўдараў мячамі -

ды вартавых сустрэў мячоў тых лес,

што кроў сваю з варожаю змяшалі.


У тым баі ўся варта палягла,

ды ў замак вораг так і не прабраўся…

Паданне ходзіць: прывід ваяра

на замка сценах з тых часоў застаўся.


Калі ізноў ля замка звон мячоў,

цень да байніц ляціць па галярэі -

падставіць бесцялеснае плячо

таму, хто ў бітве ворага агрэе.


Спяшаюцца сваім дапамагчы

загінуўшых вартаўнікоў фігуры…

Што шэпчаш, вецер, і аб чым маўчыш,

пануры замак - вартаўнік пануры?..



Востраўскае пагадненне

(у памяць аб падзеях 1392 года)


За хмары перастаў хавацца

твар сонца міру залаты,

таму што ў Востраўскім палацы

мір заключылі два браты.


Браты два - Вітаўт і Ягайла,

учора ворагі яшчэ,

што сёлы, гарады нядаўна

знішчалі ў пыл, грамілі ўшчэнт,


зжывалі сваякоў са свету

атрутай і чужой рукой,

Жмудзь, як разменную манету,

давалі ў рукі крыжакоў…


Абодва парушалі клятвы…

Абодва прагнулі крыві…

Палітыя крывёю латы,

брат, перад братам скінь, сарві!


Два ворагі ад дзён яшчэ ўчарашніх

пад Лідай падпісалі мір -

аб заканчэнні войнаў, шашняў

па княстве, навіна, грымі!


Каваль, махай байчэй кувалдай!

Жняя, рэж колас залаты!

Быць перамозе пад Грунвальдам!

Быць росквіту зямель Літвы!


Спазнаецца са светлым часам

Літва, убачыць светлы год!..

Адсюль, над Востраўскім палацам,

пачаўся сонца міру ўсход…



Мары палоннай княгіні смаленскай

(у памяць аб падзеях 1405 года)


У Лідзе, у замку, княгіня

сядзіць са смаленскай зямлі

ды марыць: "Мне б замак пакінуць,

каб крыламі Бог надзяліў.


Я б з гэтых муроў паляцела,

я б пырхнула ў родны Смаленск,

ля мужа ў палатах бы села

ды склала бы крылы свае.


Ды воінаў Вітаўта зграя

мой горад узяла ў баі -

намеснікі Вітаўта правяць

у княстве Смаленскім маім.


Каб толькі магла пратараніць

я гэтыя злыя муры…

Дзе, Юрый, ты, мой Святаславіч?!

Прыйдзі ды мяне забяры!


Ні моцным таранам, ні птушкай

мне, беднай княгіні, не стаць.

Прыйдзі ў Ліду з войскам і з пушкай,

каб жонку з сабою забраць!


На белым кані мы пашпарым

пад стрэлы і крыкі: "Ура!"

Такім аддавалася марам

княгіня ў панурых мурах…



Грунвальдская бітва

(у памяць аб падзеях 1410 года)


Сярэдзіна ліпеня… Парыць…

Такой вось спякотнай парой

палякі, ліцвіны, татары

сышліся з тэўтонскай ардой.


Было войскам горача, цесна

на полі тым ліпеньскім днём.

Пот ліўся па скронях, па чрэслах

пад сонца пякельным агнём.


Ад поту ільсніліся коней

бакі… Вось кранаецца строй -

і стала намнога спякотней,

калі павялі войскі ў бой.


Ураз косы смерці навіслі

над полем, як цемрадзь злых хмар.

Прыйшоўся па войсках ліцвінскіх

асноўны тэўтонцаў удар.

Настаў час у ворага цэліць,

свістаць смертаноснай касе.

Князі, і баяры, і чэлядзь -

з тэўтонцамі біліся ўсе.


Ніводнай не знойдзеш паляны

ты ў лесе з людзей і сцягоў.

І білі тэўтонца смаляне,

і гродзенцы білі яго.


Дзяржанне мяча моцна пальцы

сціскалі, меч сёк крыжакоў.

І білі тэўтонца тракайцы,

і віленцы білі яго…


То тут, то там грузна валіўся

крыжак, як падрэзаны грыб.

Ягайла ў асноўным маліўся,

а Вітаўт ад крыку ахрып.


У пекла гарачае бітвы

татар пасылаў Джаладзін…

Крывёй былі травы абліты,

ды трупы - куды ні глядзі.


Ды воіна трупы не страшаць!

Тэўтонец, разгромлены будзь!

Апошнія сілы сабраўшы,

харугвы па ордэне б'юць.


Каб з ордэнам моцным пакончыць,

махалі яшчэ і яшчэ

мячамі… Да захаду сонца

быў ордэн разгромлены ўшчэнт.


Разбіты крыжак! За Літвою

на полі лаўровы вянок!..

І лідскай харугвы крывёю

паліта таксама яно…



Лідскі стараста Ач-Гірэй


Лідскай воласцю ў Літве валодаў

Ач-Гірэй, татарын-чынгізід.

Хана перакопскага карону

суджана было яму насіць.


Ач-Гірэя перакопскім ханам

абвяшчаў у Вільна Казімір.

Крымскі хан, у мантыю прыбраны,

ад'язджаў з ліцвінскае зямлі.


Пакідаў хан край млыноў рукастых,

залатых вусатых каласоў…

Правілі Гірэі Крымскім ханствам

аж да кацярынінскіх часоў.

* * *

Шчыра над гісторыяй карпею.

Як яе цікава пазнаваць!

Ханскую дынастыю Гірэеў

уладальнік Ліды заснаваў!



Думы хворага караля Аляксандра на шляху з Ліды ў Вільню

(у памяць аб падзеях 1506 года)


Апалчэнне ўзначаліць прызваны,

апалчэнцаў кароль не павёў.

Вось ляжыць ён, паралізаваны,

у калысцы паміж двух канёў.


"Люд ліцвінскі! Час смерці мой блізка!

Без мяне перамогу здабудзь!

Павядуць войска Кішка і Глінскі

і ля Клецка татараў паб'юць.

Афарбуюць крывёю татарскай

апалчэнцы Літвы Лань-раку.

Вунь за гэта ўздымаецца чаркай

сонца справа, ва ўсходнім баку!


Уздымаецца за перамогу

сонца-чарка з крывавым віном.

Асвятляе мне ў Вільню дарогу,

цела слабае лашчыць яно.


Вунь як неба на ўсходзе зардзела!

Ды крылом засланяючы дзень,

над разбітым паралічам целам

нехта лётае, кідае цень.


Смерць-крумкач нада мною кружыцца.

Толькі веру: дзён колькі міне -

навіна аб разгроме чужынца

перад смерцю суцешыць мяне.


І пакажацца ў яркай прасторы

не крумкач, а пасланец-анёл…"

Думаў так Аляксандр, цяжка хворы,

у калысцы паміж двух канёў…



Леў і ключы

(у памяць аб падзеях 1590 года)


Ганарыся, нос уверх

задзяры, лідзянін:

атрымала Ліда герб -

шчыт са львом, з ключамі!


Поле ў ворагаў крыві.

Леў на ім адважны.

Хто з мячом прыйшоў - раві,

на кіпцюр насаджаны!


Поле як нябёс блакіт.

Два ключы ад раю.

Толькі мужнага рукі

ключ такі чакае.


Барані, каб уцалеў,

горад свой у войны!

Мужны, храбры будзь, як леў!

Раю будзь ты годны!


Адбівай, каб не насеў,

ворага, лідзянін!

Запавет такі нясе

герб са львом, з ключамі.



Бадзяга

(у памяць аб падзеях 1659 года)


Я бадзяга са спаленай Ліды.

Я бяздомны жабрак-сірата.

Сваё гора, свой боль, сваю крыўду

ў гэтых словах хачу перадаць.


Змей на Ліду напаў агнядышны.

Меў той змей трыццаць тысяч галоў.

З абаронай яе, як кот з мышшу,

ён расправіўся, змёўшы далоў.


Змей - Івана Хаванскага войска,

нацкаванае рускім царом.

І згарэў, як свяча тая з воску,

родны горад пад ядравы гром.


Зубы ў арміі-змея як жорны.

Заглынае мястэчкі глыток.

Быць ад попелу Беліцы чорнай.

Быць ад попелу брудным Мыто.


Вось пачвара ў салдацкім абліччы

пажырае дамы і хлявы.

Робіць з Дворышча змей папялішча,

робіць Ваверцы хвост агнявы.


Рабаўнік па павеце пашарыў,

перабіў, папаліў, абабраў.

Я ад войска ўцякаў, ад пажараў,

і цяпер я бадзяга-жабрак.


І скрозь зубы свае, як умею,

ад душы, дзе бурліць гнеў агнём,

наўздагон агнядышнаму змею

пасылаю гарачы праклён!



Подых Паўночнай вайны


Гандляры дрыжаць у крамах:

швед у горад уступіў,

дзвюх "галоў" пазбавіў замак.

Добра, каб сваю згубіў!

* * *

Нібы шведы, вараннё

ў страсе разляцелася:

конь цара Пятра пранёс

у Маскву праз Беліцу.

* * *

Шведы, хоць не цыганы,

а каня пазбавяць.

Не пакажаш хлеб - яны

самі ўсё дастануць.

* * *

Галаву панурыў дзед,

плача, небарака:

белага каня ўзяў швед,

чорнага - казакі.


І плакаў дзед, і вецер дзьмухаў

і дрэвы моцныя гайдаў…

Па каралеўстве завірухай

прайшла Паўночная вайна.



Песня вучняў Лідскага піярскага калегіума


Зноў на лекцыі-заняткі

кліча нас званок з абеду.

Наш калегіум піярскі -

школа розуму, храм ведаў.


Тут экзамены штомесяц,

кожнай раніцай малітва,

галава за дзень умесціць

ведаў цэлую палітру.


Гордзіеў задачак вузел

на занятках рассякаем.

Ходзім з клірыкам па лузе,

каб сабраць з раслін гербарый.


Хай прыедзе Кацярына

ў Ліду ў пышным экіпажы -

ёй аб змове Каціліны

мы трагедыю пакажам.


Да навукі не астынем.

Каб прэфект нас не сароміў,

шпарыць будзем на латыні

мы не горш за Цыцэронаў.


Ведаць будзем дасканала,

каб манахі не каралі,

глобус, Біблію, аналы

і граматыку з мараллю.


Хай паходняй ззяе яркай

досвед продкаў, мудрасць дзедаў.

Наш калегіум піярскі -

школа розуму, храм ведаў.



Фарны касцёл

(у памяць аб падзеях 1770 года)


Ідзе натоўп братоў, сясцёр,

душа Ўсявышняму адкрыта.

У Лідзе ўзнесены касцёл

Узвіжання Святога Крыжа.


Належаў Глаўбіцу праект

познебарочнага тварэння,

біскуп Віленскі манет

ахвяраваў шмат на ўзвядзенне,


каб творцам богаўгодных спраў

у сродках не было нястачы…

Ды заснавальніку свой храм

не суджана было пабачыць.


Шчаслівы ў пабудовы лёс:

ні разу храм не зачыніўся,

хаця пабачыў войн і слёз,

абрыс амаль што не змяніўся.


Будынак гэты час не сцёр.

І сёння верай сэрцы дышаць,

і сёння ходзім мы ў касцёл

Узвіжання Святога Крыжа.


Запіскі паручніка Розена

У 1821-1822 гг. пад Лідай, у Беліцы, жыў паручнік Фінляндскага гвардзейскага палка Розен, будучы дзекабрыст.


Эх, прастор мяцеліцы!

Нам - кватэрка цесная.

На пастоі ў Беліцы

наша часць гвардзейская.


Святамі, нядзелямі

ў Лідзе балі ладзяцца,

ну а тут дні цэлыя

сонца не пакажацца.


Сум накаціць хвалямі,

іншае пакажа мне -

не развеяць балямі

збрыдзелыя ўражанні.


Панства пухлагубае

мною так апішацца:

перад бедным - грубае,

да багатых - ліжацца.


Да сялян - цынічныя,

строгія, як вожыкі.

Панства - паляўнічыя,

п'яныя карцёжнікі.


Селянін - у беднасці.

Селянін - у невуцтве.

І за півам пеністым

хочацца мне гневацца.


Гнеў бярэ да костачак,

як гляджу на гумны я.

Статкі, пашы, вёсачкі -

краявіды сумныя.


Эх, сяляне! Цёмныя,

бедныя занадта вы.

Правяць бессаромныя

вамі арандатары.


Эх, сялянства шэрае!

Уздыхаю часта я.

Эх, Літва мізэрная,

сапраўды няшчасная!



Запольскі абшарнік

Памяці Ігната Дамейкі прысвячаецца


Кіруе маёнткам Заполле

абшарнік Дамейка Ігнат.

Як пану, Дамейку ў запале

тут першую скрыпку іграць.


Аддаўся Ігнат гаспадарцы,

часопісам, кнігам па ёй.

Вучоны - чаму б не аддацца,

здзяйсняючы думак палёт?


Разводзіць пародзістых коней

і дбае аб долі сялян.

Іх дзеці, што вучацца ў школе,

Ігнату душу весяляць.


Паўзе ў адзіноце час-змейка.

Жыве ў адзіноце Ігнат.

Жыве ў адзіноце Дамейка.

За ім - паліцэйскі нагляд.

* * *

Калі над тваёю верандай

праносяць каметы хвасты,

ці сняцца далёкія Анды,

што будзеш даследаваць ты?


Як зорачкі россыпам ягад

пачнуць над верандай мігцець,

ці сняцца далёкі Сант'яга

і тамашні ўніверсітэт?


Ці сняцца чылійскія шахты

і тамашнія руднікі?

Ці бачыш, Дамейка, у снах ты,

як горбяцца там гарнякі?


Ці сніш акіянскую пену

і над акіянам вятры?


Табе і не сніцца, напэўна,

што ў Чылі праславішся ты?


Як ноч россып зорак запаліць,

як сон немагчыма прагнаць,

што сніш у маёнтку Заполле,

вучоны Дамейка Ігнат?



Смерць Нарбута

Да 150-годдзя паўстання 1863 г.
Карціна мастака Эльвіра Андрыёлі "Смерць Нарбута" прысвечана памяці Людвіка Нарбута - вайсковага начальніка Лідскага павета ў час паўстання 1863 г.


На палатно я пазіраю -

шукаю словы для радкоў.

На палатне ён памірае

ад кулі карнікаў-стралкоў…


Ля возера Пелясы Нарбут

прымае свой апошні бой.

Б'юць карнікі паўстанцаў карту.

Страшэнны паражэння боль!


Камусьці карнік рукі круціць.

Каму свінец у цела ўлез.

Паранены ў нагу і грудзі

сам Нарбут - несці трэба ў лес.


Секунды над зямлёю ў травах

ягонай зорцы зіхацець.

У шыю галаве атрада

трапляе куля - і канец.


Свістала з Людвікавай шыі

кроў на траву ды на сяброў.

"Сканаў наш Людвік", - гаварылі

сябры, і кожны хмурыў броў.

І мастака ў баі параняць,

што з Нарбутам быў заадно…

Перанясе мастак-паўстанец

смерць Нарбута на палатно…


Ды з памяці не забірае

ні смерць, ні час, які плыве.

На палатне ён памірае,

а ў нашай памяці - жыве.



Панна Даравінская ў Шаўрах

У аснову адной з першых публікацый беларускага і польскага этнографа XIX стагоддзя Амеліі Даравінскай (Біруты) пакладзены абрад дажынак у вёсцы Шаўры Лідскага павета.


Занатоўвае дажынкі

Даравінская ў Шаўрах.

Жней, касцоў вядзе сцяжынка

з ёй да панскага двара.


Бачыць: жнейка апранае

залаты вянок, пяе.

Песня жніўная кранае,

зачароўвае яе.


Занатоўваць песню стане,

што пяецца дапазна:

"Мы дажалі жыта, пане.

Нас па голасе пазнай…"


Бачыць: выйшаў пан на ганак,

шмат пачуўшы галасоў.

Вось вянком віншуюць пана.

Грошы наўзамен, хлеб-соль.


Танцы бачыць, пачастункі.

Бачыць шчодрыя сталы.

Сэрца з радасці - у стукі:

нарыс будзе немалы!


Этнас у нататкі-скрынкі

панне хочацца сабраць…

У часопісе дажынкі,

што пабачыла ў Шаўрах!



"Мурамцы" над Мохавічамі

1915 год


Ліпень. Косамі махаюць

мохавіцкія сяляне…

Над зямлёй страшыдлаў зграю

ўбачыў нехта - крыкнуў: "Гляньце!"


Глянулі сяляне ў неба -

тры крылатыя пачвары

ў ім плылі, страшней за хлеба

неўраджаі і пажары.


Тры пачвары грукаталі -

кінулі сяляне косы,

хутка, жвавымі катамі

ў лес, спалоханыя досыць.


Гул уціх. Няма гігантаў.

Непакоіцца ўся вёска.

"Мо, эскадра ад германцаў

тут асмелілася лётаць?!"


"Мо, Германія ўжо цэліць

кіпцюрастыя ў нас лапы?!"

"Гэта "Мурамцы" ляцелі -

рускія аэрапланы.


Іх з-пад Беластока ў Ліду

перакінулі. Грамілы!

Бомбу гэтакія скінуць -

немцу стане свет нямілы.

Іх канструяваў Сікорскі.

Наймагутнейшыя ў свеце!

Ні ў капусту, ні ў махорку,

немцы, іх не разнясеце!


Вось дык галава Сікорскі!

Ганарыцеся! Хваліце!"

Супакоілася вёска:

"Ілья Мурамец" у Лідзе…



Нашыя дні


Сёння ні адзін вясковец

самалётаў не баіцца -

і касца не непакоіць

гул іх над зямлёю лідскай.


Наш народ прывык да міру,

да машын, да самалётаў.

Век амаль што, як у Ліду

"Мурамец" расійскі лётаў.


Даўняя падзея тая.

Не ваюем мы з германцам.

У гісторыі застаўся

гул ваеннага гіганта.



Госці паэта

Да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая
Аўтару верша ў 2003 годзе давялося сустрэцца з Марыяй Маркаўнай Расухінай і Леанардай Браніславаўнай Пуйдак, якія былі частымі гасцямі паэта, супрацоўніка газеты "Уперад" Валянціна Таўлая, калі той жыў у Лідзе (1939-1941 гг.).


"Уперад!" - часу трубы клічуць.

Ідзе жыццё хадою новай.

Марыя з Леанардай пішуць

артыкулы аб абутковай.


Нясуць у домік побач з замкам

іх - на рэдагаванне Валю.

Гарыць да ночы позняй лямпа,

што Валя вечарам запаліць.


Ён рэдагуе (досвед большы).

Дымяцца ў кубках чай ці кава.

Аповеды - пад чай - аб Польшчы.

Расказвае Таўлай цікава!


І ноч становіцца бяссоннай,

імгненнем яркім пралятае…

У доміку яго і сёння

з паэтамі сядзім за чаем.


У тыя ночы кіну мосцік -

карціна бачыцца такая:

Марыя з Леанардай - госці

паэта-змагара Таўлая.



"Донарскі матэрыял"

Памяці малагадовых ахвяр фашызму прысвячаецца


Пыл узнялі санмашыны колы.

Гул матора цішыню ўзрываў.

А ў будынку Споркаўшчынскай школы

дзеці - "донарскі матэрыял".


Афіцэры-медыкі з машыны

выйшлі - і выстройваюць дзяцей.

Позірк іх драпежніцка-птушыны

ўважліва "матэрыял" глядзеў.


Адабралі некалькіх. Павезлі.

Фрыцам раненым патрэбна кроў.

Хто застаўся - мокры нос павесіў,

калаціўся ўвесь, усхліпваў, роў.


Дзецям ноччу жудаснай не спіцца -

уяўляе беднае дзіцё,

як павук са свастыкай на спінцы

з сініх вен высмоктвае жыццё,


як ахвярам тыкаюць у грудзі,

як вядуць дзяцей да санмашын…

З сініх вен-рачулак Беларусі,

крыважэрны, піў жыццё фашызм…



Інжынер Іяхім


Рэжым фашысцкі пакрываў

карычневай смугою Ліду.

Піўным заводам кіраваў

Іяхім, інжынер з Берліна.


Яўрэі многія пры ім

знайшлі работу на заводзе.

Ды ў ботах колеру крыві

тэрор-фашыст па Лідзе ходзіць.


Ля завадскіх варот тэрор

і ботам грукае ў вароты.

Ды не пусціў Іяхім морд

і гутарка была кароткай.


З завода кінулі на фронт

яго, заступніка яўрэяў.

У Ханвега* ва ўхмылцы рот:

"На фронце, можа, азвярэеш.


Ваюй, звярэй"… Праз тры гады,

у пераможным сорак пятым,

арыштаваны як фашыст

амерыканцамі Іяхім.


Амерыканцам шлюць пісьмо

яўрэі - эмігранты з Ліды:

"Іяхім не з эсэса морд.

Ён не такі, як тыя злыдні…"


Пісьмо ваенны прачытаў.

На волі інжынер Іяхім.

Злачынцам, зверам ён не стаў,

як Ханвег і яго сабакі.


*Ханвег - гебітскамісар Ліды.



Зямля Кургана Бяссмерця


Бяссмерця Курган - ён з зямлі,

палітай крывёю герояў:

крывавыя жменькі ўзялі,

насыпалі - сталі гарою.


Махнуў фрыц рукою-багром -

і пырснула чырвань каліны…

Кургана зямля чула гром

расстрэлу падпольшчыкаў Ліды.


На рэек падрыў і мастоў

ішлі Васілі і Марусі…

Кургана зямля чула стогн

захопленае Беларусі.


Зямля - супрацьтанкавы роў.

Зямля, што ўздымалі гранатай…

Кургана зямля ўзяла кроў

загінуўшых пад Сталінградам.


Бяссмерця Курган - ён з зямлі,

палітай крывёю герояў.

Спыніся, мінак, і замры:

ты - перад Курганам-гарою.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ


Сучаснасць


У свеце рыцараў


Стаў нядаўна я, паверце,

членам рыцарскага клуба.


Стаў - і апынуўся ў свеце

рыцараў ды дам-галубак.


Тут даспехі, зброю носім мы.

Тут васальныя адносіны.


Для турніру, для пацехі

зброю робім і даспехі.


Праліваю пот ракой:

меч узважваю рукой.


Рыцарскі ідзе турнір.

Мы на рыцарскай гульні.


Па наплечніку б'е меч.

Дакрануцца бы да плеч!


Крыжакоў сяку сякірай.

Гляньце, меткі ўдар які мой!


Дзідаю трапляю ў цэль -

у плашча тэўтонца бель.


Звон мячоў, тарана гром -

крэпасць штурмам мы бяром.


Сходзімся грудзьмі на грудзі.

Схопліваемся ў бугурце.


Тут, у дзейнасці кіпучай,

рыцары не толькі б'юцца.


Рыцар - кавалер галантны.

Ветлівасці не схавалі латы.


Ён у шахматы гуляе,

мала ў іх фігур губляе.


Рыцар - майстар танцаваць,

можа ў танцах падкаваць.


Майстар у складанні вершаў -

можа дамам од "навешаць".


Майстар паіграць на флейце.

Дамам, гукі, сны навейце!


Майстар верхавой язды -

наравісты конь, застынь!


Моц мацуем у руках мы,

ды жывём не толькі гэтым -


мы танцоры, музыканты,

шахматысты і паэты.



Рыцарскае брацтва


Павярнуўшы час хадою

на шэсць соцень годзікаў,

тут спаткаліся ў двубоі

лідскі рыцар з гродзенскім.


Ролю ворагаў іграюць,

гнеў узняўшы бураю,

аб шчыты мячы ўдараюць,

аб даспехі бухаюць.


У абодвух спрыт і вопыт -

не сагнуць іх латамі!

Біцца і з чарцямі хопіць

моцы ў іх з рагатымі!

Латы моцныя і ў ззянні -

мятымі не зробяцца!..

Аказаўся, мой лідзянін,

ты мацней за гродзенца!


Між сабою па-сяброўску

абняліся "ворагі":

"Між сабой сябры - не воўкі -

у любым мы горадзе.


Браццяў - рыцараў плашчамі

ўся зямля засцелена.

Памахалі мы мячамі,

а цяпер - за келіхі!"



Сярэднявечны танец


"Што за людзі скачуць?" - маму

дзеці здзіўлена пытаюць.

"Праз шэсцьсот гадоў у замку

зноў сярэднявечны танец.


Дамы скачуць, кавалеры

дружна, весела, нястомна.

Здольны, можаце паверыць,

так, пакуль не стане цёмна.


Воплескі ды: "Ойра, ойра!" -

замак ажывілі ціхі -

і нясе, здаецца, горад

у сярэднявечча віхар".


Сын з дачушкай кажуць маме:

"Хоць узрост наш і маленькі,

хочам танцаваць як дамы,

танцаваць як кавалеры".


"Станеш рыцарам, мой хлопчык.

Станеш дамаю, дачушка.

Рэканструктары-гурткоўцы

гэтым танцам вас навучаць.


У гурток - і сябрам блізкім

вам сярэднявечча стане,

і ажывіць замак Лідскі

ваш сярэднявечны танец".



Натхненне ў замку


У замку зноў - Ягайла, Соф'я,

вяселле, здравіцы і танцы…

Нямала чую галасоў я,

з людзьмі збіраюся вітацца.


Вітаю ўдзельнікаў банкету

і келіх з імі падымаю.

Натхнення хочацца паэту -

натхненне ў замку атрымаю.


Натхняюць стол сярэднявечны,

сярэднявечнае застолле,

Ягайлы голас, твар нявесты…

Што трэба для натхнення болей?


Што трэба, каб Ягайла, Соф'я,

як за сталом, паўсталі ў вершы?..

І кубак заздароўных строф я

ўздымаю на вяселлі першы.



Замкавае возера


Люстэрка замку, радасць рыбаку,

маленькае, ды шчодрае на рыбку:

і плотка, і шчупак тут, і акунь

вядзецца і бярэцца на нажыўку.


Палююць тут, як грыбнікі ў грыбах,

як модніцы на піск апошні ў крамах.

Азерца Замкавым назваў рыбак:

глядзіцца ў сіняе люстэрка замак.

Глядзіць на замак і на паплавок

лідзянін, што сюды прыйшоў рыбачыць, -

і Гедыміна прывід па той бок

ля возера і ў возеры ён бачыць.


Князь Гедымін вітае рыбака,

гаворыць з-за азерца ды з азерца:

"Злавіць табе жадаю шчупака

я ў возеры, што Замкавым завецца!"



У доміку Таўлая


Нібы ля дзеда ўнук-паэт,

ля замка - дом-музей Таўлая.

Яго пакой, яго партрэт

і лямпа на стале старая.


Здаецца, у пакоі тым

яго і сёння чутны крокі.

Пачуй, як дыхаюць лісты,

дыханне дакументаў копій.


Пераступі цяпер парог

пад гэтым позіркам нязгасным -

зрабі з яго пакоя крок

у свет паэзіі сучаснай.


А на другім паверсе ты

майстроў паэзіі пабачыш.

"Суквецце" тут - заходзь сюды!

Глянь, колькі сэрцаў тут гарачых!


Смялей! Не цісніся ў кутку!

А мо, і ты таленавіты?!

Табе падораць кніжку тут

з аўтографам паэта Ліды!


Адчуй паэзіі цяпло,

снег лістапада, зелень мая:

нязгаснае яе святло

гарыць у доміку Таўлая.



Помнік першадрукару


На гранітным пастаменце -

помнік першадрукару,

што зрабіў крок у бяссмерце…

Вечны рух рукі ўгару…


Дзякуем яму бязмежна,

і пашана ў голасе,

і не зарастае сцежка

да Скарыны ў горадзе.


Ён стаіць, адліты ў бронзе.

Ён увекавечаны.

Помні аб яго дарозе,

кнігу ўзяўшы ўвечары.


Кнігі друкаваў, шырокі

меў вучоны кругагляд -

помні, кнігу ўзяўшы ў рукі,

пра яго жыццёвы шлях.



Каток


На стадыёнаўскі каток

ідуць са школы дзеці.

Не спыняць радасны паток

мароз і злосны вецер.


Ты прыклад з радасных дзяцей

вазьмі - і сам паверыш,

як лёгка на каньках ляцець

на свежым на паветры.


Стань, стому скінуўшы з пляча,

на адпачынку рэйкі.

Тут лаўкі, музыка і чай -

адпачывай і грэйся.

Ляцяць, канькамі рэжуць лёд

дарослыя і дзеці.

Не спыняць радасны палёт

мароз і злосны вецер.



"Лідская лыжня"


Ад бегу ўзімку цеплыня

і шчок гарэнне -

сабрала "Лідская лыжня"

тры пакаленні.


На палкі лыжныя налёг

(старання колькі!),

спяшаецца, нібы на ўрок,

на фініш школьнік.


Аддаўся бегу з галавой,

бяжыць, увішны,

на фініш, нібы на завод,

рабочы-лыжнік.


"Лыжня - яна і для мяне!

Я лыжнік палкі!" -

замест адной пенсіянер

узяў дзве палкі.


Дарослых спорт запаланіў,

старых, маленькіх -

праходзяць шпарка па лыжні

тры пакаленні.



Дыханне вясны


Да Сонца ў планет карагодзе

наш край зямны шар павярнуў -

у парку зіму мы праводзім

і дружна гукаем вясну.


"Вясна з галавой кучаравай,

прыйдзі, страх на снег нагані!"

Распальваем вогнішча жвава

і палім зіму на агні.


Палез па слупу ледзяному

за прызам учэпісты хлопец.

Балеем, глядзім. Невядома,

ці ўніз саслізне, ці прыхопіць.


Захоплена кідае снежкі

ў мішэнь на фанеры дзяўчына.

Ад нас усіх просьбу вясне кінь,

каб сонейка не прытушыла!


Вясны адчуваем дыханне

і пах шашлыкоў ды бліноў.

Мароз безнадзейна ўздыхае

і ўкладвае ў ножны клінок.


"Завеі мяне вінавацяць

у слабасці. Годзе! Маўчыце!

Канчаю з вясной ваяваць я:

вясну ўжо не перамагчы мне".



Свята працы


Да парку бы дабрацца!

"Васьмёрку" бы якую!

У парку Свята працы

працоўныя святкуюць.


Спяе народ працоўны -

спеў л'ецца пад аблокі.

Танцуюць мукамолы.

Танцуюць хлебапёкі.


Цір, тэніс, каруселі

ды палкі з абручамі.

"Вам дзякуй, - скажуць дзеці, -

што ў парк нас запрашалі!"


Вясной спявайце яркай,

танцуйце ды іграйце!

Працоўным скажам дзякуй

у Дзень вясны і працы!



Гарадок дзіцячых мар


Здарова, лета! Парк, здароў!

Здарова, каруселі!

Дзіцячых госці гарадоў

прыйшлі, на мару селі.


Вітай "Арбіту", "касманаўт"!

Вітай "Чыгунку", "дачнік"!

Тут весялосць такая нам!

Нас весяляць катанні!


Катаннем вабіць парк дзяцей.

Сеў на каня Рыгорка.

Хто - на ланцужнай паляцеў.

Хто - на "Вясёлых горках".


Ярчэй за новенькі цягнік

пафарбаваны конік!

Алень з прастораў ледзяных

цягнік яшчэ нагоніць!


Тут і тарзанка, і батут,

і электрамабілі!

Дзіцячая краіна тут!

Яе для нас зрабілі!


У гарадок дзіцячых мар

аўтацягнік закінуў.

Для нас зрабілі дзядзі парк -

дзіцячую краіну!



Той, хто прыносіць навіны


Машына прывозіць газеты.

Газеты нясе паштальён.

У той дом прыносіць, у гэты…

Маршрут добра ведае ён!


Газету прасуне ці ўкіне.

Сабака забрэша - няхай!

Таму, хто прыносіць навіны,

навіны раскажа жыхар.


Сабакі няма ля пад'езда -

пад'езд сцеражэ дамафон.

Пускайце яе, каб прынесла

газеты і вам паштальён!


Няхай брэхі стоража злога!

Няхай з дамафонам пад'езд!

Зачынена? Брэша? Нічога!

Не быць жыхарам без газет!



Вочы і вушы СПА

Вайскоўцам 99-га асобнага радыёлакацыйнага вузла прысвячаецца


Наш вузел - вочы СПА.

Наш вузел - яе вушы.

Мы на экране распазнаць

умеем нават птушак.


Перад дзяжурнымі ляжыць

высь на экрана крузе.

Паветраныя рубяжы

ахоўвае наш вузел.


Ці разгараецца зара,

ці ноч, ці дзень, ці вечар,

задача наша - назіраць,

палёты забяспечваць.

Памочнікі старанныя,

памочнікі карысныя,

напагатове станцыі

радыёлакацыйныя.


У высі чыстай, быццам лёд,

у высі аблакастай

аблокі, птушку, самалёт

улоўлівай, лакатар!


Ці снедаеце, ці абед,

ці гарызонт зардзее -

пракантралюецца аб'ект,

што рухаецца ў небе.


Там, дзе аблокі камячыць,

бы прасціну, стаў вецер,

мы парушальніка мяжы

паветранай прыкмецім.


І раніцаю раненька,

бы спрытныя касаткі,

пілоты парушальніка

прымусяць да пасадкі.


Наш вузел - вушы СПА.

Наш вузел - яе вочы.

У небе можам распазнаць

аб'ект і ўдзень, і ўночы.



Тыдзень лесу


Дзе птушка ўдзень не шчабятала

ні разу песню,

засадзім тысячы гектараў

за Тыдзень лесу.


Вясна ўсміхнулася, здаецца,

і падабрэла.

Ідзём з кашолкамі да месца,

дзе будуць дрэвы.


Нібыта ў плеценых кашульках

слабыя цельцы,

прыносім саджанцы ў кашолках

сасны і елкі.


Лясныя пашырайце плошчы,

Варвара з Соняй!

Абдорвай саджанцы цяплом ты,

вясна-красуня!


Лясныя плошчы пашырайце,

Адам з Мікітам!

У лес агульны нашы дрэўцы

радкамі ўпішам.


Дзе садзяць дрэўцы Лена з Кацяй,

зал'юцца птушкі.

Расці яліначцы, смактаць ёй

зямлі смактушкі!


Дзе садзяць дрэўцы Ян з Мацеем,

шумець лес будзе.

Расціце, дрэўцы, і мацнейце

на радасць людзям!


Дзе бор сасновы не шапоча

пад вецер песню,

пашырана лясная плошча

за Тыдзень лесу.



Тыдзень лесу

Дапаможам лясгасам!


На ўчастках дзяцей набярэцца,

што саджанцаў вёдры ўзялі.

Пашыраць мільёнамі дрэўцаў

лясы беларускай зямлі.


Засадзяць участкаў гектары

бярозкай, ялінкай, сасной.

Праменьчыкі - стрункі гітары -

пасадкі аблашчаць вясной…


Лясы зашумяць праз паўвеку,

надораць шмат ягад, грыбоў

і свежым абдораць паветрам,

як дораць матулі любоў…


Час прыйдзе - старая яліна

пачуе піл гукі, сякер.

Час прыйдзе - абдораць драўнінай

лясы, што пасадзім цяпер…


Лясгасам садзіць дапаможам

шмат сосен, бяроз ды ялін!

Багацце зялёнае множым -

лясы беларускай зямлі!



На ваўка


Воўк да фермы не палезе:

на ваўка, ружжо ў ружжо,

крок у крок, ідзе па лесе

паляўнічых ланцужок.


Воўк цялушкай не наесца:

на ваўка наш патранташ.

Ланцужок прыйшоў на месца.

Пераклічка. Інструктаж.


Тэлефонаў перазвоны.

"Па "трубе" ваўкам не выць!

Адключыце тэлефоны!

Гутарцы з ваўком не быць!


Затушыце цыгарэты!

Станьце ўсе па нумарах!

Стрэльну - значыць выстрал гэты:

сустракаць ваўка пара!"


Хто на лініі стралковай,

хто загоншчыкам пайшоў -

і мінут праз пяць з паловай

сустракаем мы ваўкоў.


Крок шырокі ў іх. Буйныя,

небяспечныя яны.

Ад трывогі сэрца ные.

Перад імі як не ныць!


Рэха выстралаў па лесе…

Шэры, ты трафей цяпер

і да фермы не палезеш,

бо застрэлілі цябе.



Нястомны Вайгач


Ёсць у Паддубна помнік

сабаку - Вайгачу.

Пра Вайгача напомніць

у вершы вам хачу.


На ўвесь раён праславіўся,

хоць два гады пажыў…

Зямля, здаецца, злая ўся,

як на дзіка бяжыць.


Аббрэхвае, ды "кружыць",

ды хваткамі бярэ.

Пакуль прыбудуць ружжы,

затрымлівай, звярэй!


Разумны, дужы, жвавы.

Ён на дзіка - адзін!

У арэоле славы

без постраху хадзіў.


Уменне ёсць кусацца -

спатрэбіцца яно…

Загінуў ён у схватцы

са сталым вепруком.


Загінуў ён, нястомны,

на радасць секачу -

і паляўнічы помнік

паставіў Вайгачу.



Бабровыя слёзы


Глядзіць двума стваламі стрэльба

ў бабра спалоханыя вочы -

і просьба ў тых вачах: "Не трэба!",

і звера морду… нешта мочыць.


Сядзіць ён перад паляўнічым

і вастраносую трэ морду.

Блішчаць расінкі слёзак-знічак.

"Узяў, зубаты, плакаць моду".


Упершыню наш паляўнічы

бабровыя пабачыў слёзы.

"Бабёр расплакаўся! Глядзі ты!

Раве і не мяняе позы!


Не плач. Цябе не буду крыўдзіць.

Ідзі, зубаты, да бабрыхі.

Ідзі ў нару. Ідзі ва ўкрыцце.

Сядзі з бабрыхаю ва ўкрыцці".


Глядзіць ён гузікамі вочак

на чалавека і сабаку -

і чалавек страляць не хоча,

убачыўшы, як ён заплакаў.


І кажа чалавек: "Не трэба".

Сляза бабра яго змякчыла.

І апускае вочы стрэльба

перад бабровымі вачыма.



Пашкадуйце лебедзяў!


Лебедзяў, напэўна, сотня

плавае на трэцім Лідскім.

Дожджык дробны. Людзі кормяць

іх пад дожджыкам імглістым.


Не карміце, людзі, вы іх,

адлятаць не замінайце,

бо зіма ляціць і вые

ў ледзяны ілюмінатар.


Птушка перад пералётам

на вадзе адпачывае,

што ў мароз скавана лёдам,

толькі ўвесну ажывае.


Іх распесціце кармленнем -

застануцца і… замерзнуць,

і не прыйдзе пакаленне

мёртвым новае на змену.


Над азёрнаю вадою

грацыёзна птушкі кружаць:

чуе зімнія маторы

заспакоеная птушка.


Руль пілот зімовы круціць -

самалёт зімовы блізка.

Не карміце - пашкадуйце

лебедзяў на трэцім Лідскім!



Птушкі з казкі


Сыйдзе лёд - на возеры "аблокі":

лебедзі, прыгожыя, бы ў казцы,

што з краёў вярнуліся далёкіх,

што знудзіліся па нашай ласцы.

Побач плаваюць з катамаранам.

Птушак не палохае сабака.

Рыбакі на бераг прыйдуць рана -

да кампаніі плывуць рыбацкай.


Хлеб даюць - на сушу могуць выйсці.

З птушкамі фатаграфуюць пары.

Лебядзіны свет, бацькі, адкрыйце

дзіцяняці, што іх бачыць марыць.


Дзень пагодны - дома не сядзіце.

Лебедзі чакаюць вашай ласкі.

Дзіцянё на возера вядзіце -

хай яно пабачыць птушак з казкі.



ЭЦЮДЫ АБ ЛІДСКІМ ВОЗЕРЫ


Пралог


О, возера! Начэрпаць можна

з цябе зімой і летам вершаў!

Ствараў - і на старонцы кожнай

эцюды, як карціны, вешаў.


Зноў у твае я краявіды

ўтаропліваюся вачамі.

Блакітнаму люстэрку Ліды

эцюдаў тузін прысвячаю.



Летнія эцюды


Плённых канікул!

Выхаванцам Лідскай СДЮШАР "Лакафарба" прысвячаецца


Па азёрнай па прасторы

"двойкі", "адзіночкі" ходзяць -

весляры спартыўнай школы

тут канікулы праводзяць.


Разам з хлопцамі дзяўчаты

наляглі на вёслы з сілай.

Трэніруюцца заўзята

аж да захаду свяціла.


Юным веслярам, вясляркам

па душы старыя лодкі.

Як яны вяслуюць шпарка!

Па вадзе - нібы па нотках!


Весляроў-дзяцей вітаю.

Можа, нехта з іх, дзяцей тых,

давяслуе да медаля

алімпійскага ў далейшым!

Не адну праводзяць змену

ў лагеры спартыўным дзеці.

Ціснуць вёсламі спартсмены.

Ім дапамагае вецер.


Разам з летнім, разам з вольным

ветрам хочацца мне сёння

веслярам спартыўнай школы

пажадаць канікул плённых!



Катэр-вецер

Лідскім спартсменам-караблемадэлістам прысвячаецца


Мы на возера глядзелі -

не расчараваныя:

кружаць катэраў мадэлі

радыёкіраваныя.

* * *

Караблі імчаць як вецер:

быць як вецер - іх дэвіз.

І дарослыя, і дзеці

любяць караблемадэлізм.

* * *

Змайстраваў нам тата катэр.

Мы - пускаем па вадзе.

Пераможца наша з татам

хуткаходная мадэль!

* * *

Нашы караблемадэлісты

прадэманстравалі клас.

Катэр лідскі - самы хуткі!

Месца першае - у нас!


Па волі радыё і нашай

за кругам катэр робіць круг.

Мы пераможам! Мы пакажам

высокі клас, высокі дух!



Каму не раяць быць на пляжы


Увесь, здаецца, горад

на пляжы загарае:

мы гарадское "мора"

ў спякоту лічым раем.


Дзяўчына загарае

ў купальніку ружовым

і смагу праганяе

кавалкам кавуновым.


Прыкрыўся дзед панамай

ад сонечнага ўдару.

Вось дзеці разам з мамай.

Вось маладая пара.

* * *

А гэтым не хапае

бацькоўскага кантролю.

Старэйшая купае

малодшанькую - Олю.


Бабуся п'яных крыла,

дзед лаяў пад арэхі.

Міліцыя накрыла

аматараў гарэлкі.


Па-рознаму лідзяне

на пляжы загараюць.

Дарослым тут быць п'яным,

малым адным - не раяць!



Вадалаз


Над берагам песня лятала:

"Вада-а-а не пало-о-охае на-а-ас!.."

З паддатага хлопца з гітарай

не зводзіць вачэй вадалаз.


Ён бачыць: у смерці абдымкі

нырае паддаты хлапец,

які на гітары пабрынкаў,

які спрабаваў, п'яны, пець.


Нырэц не спяе, не іграе -

яго паглынае вада!

І вось вадалаз наш нырае

туды, дзе наспела бяда.


Без маскі, без ласт вырывае

з лап смерці ён гора-нырца.

Ваду захад сонца крывавіць -

прыблізіўся дзень да канца.


Ды ў хлопца жыцці маладога

апошнім не стане той дзень!

Хвілінка масажу прамога -

і хлопец з гітарай сядзеў!


Прыдумае пра вадалаза

ён песню - і будзе спяваць!

А перад купаннем ні разу

не стане хлапец выпіваць!



Прагулка на выратавальным катэры


Адчаліўшы ва ўсёй красе,

пакінуў ззаду пляж стракаты,

па гладзі возера нясе

мяне выратавальны катэр.


А возера - глядзіць яно

на п'яных позіркам халодным.

І бачу ласты я ля ног,

і кіслародныя балоны,


і рацыю каля руля -

у поўнай баявой мой катэр

па гладзі возера гуляў,

гуляка і ваяка ў латах.


У возеры няма акул.

Тут вораг для нырцоў - кілішак.

Спакойна на вадзе пакуль -

і рацыя маўчыць, не кліча.


"Спакойна - значыць, пагуляць

магу!" - раве матор і будзіць.

Гляджу - і з лодкі бачу я

выратавальніцкія будні.


Ух, пагуляў! Цяпер шыбуй

назад - туды, дзе пляж стракаты.

Прагулачным часцей ты будзь,

а не выратавальным, катэр!



Людзі ў цяльняшках

Лідскім маракам прысвячаецца


На "палубе" мічман чакае ўсіх "нашых".

Традыцыя - без перамен.

На беразе возера людзі ў цяльняшках

збіраюцца ў Дзень ВМФ.


Для іх сёння іншыя час і прастора.

Камандуе зноў капітан.

Для іх сёння возера - Чорнае мора,

а можа - і сам акіян.


Зноў кожны з іх ходзіць па палубе чыстай -

марак ад вушэй да наскоў.

Ваенна-марскі сцяг узняты ўрачыста

над гладдзю азёрна-марской.

"За тых, хто ў марах", па тры чаркі асушаць

і флоцкія ўспомняць дзянькі

матросы душою і мічманы ў душах,

жывуць успаміны ў якіх.


Успомняць аб днях рамантычных і цяжкіх.

Трывалы марскі іх саюз!

На беразе возера людзі ў цяльняшках

прыгадваюць службу сваю.



Зімовыя эцюды


Новы год у палонцы


Горда крочаць гусакамі

да вады. Настрой - мажор!

У палонцы сустракае

Новы год сям'я маржоў.


Смела крочаць чарадою

да вады. Да пят "зарос"

белай ватнай барадою

тата-морж, як Дзед Мароз.


Дзве сасновыя галінкі -

"ёлку" - мама-морж нясе.

Два ліхтарыкі маленькіх

у руках маржоў-дзяцей.


Развітаўся год мінулы -

і за ледзяную гладзь.

"Новы год праз паўмінуты -

значыць, нам пара ныраць!"


Мары светлыя затояць

дзеці, маці, "Дзед Мароз",

п'юць шампанскае за тое,

каб увесь год - без хвароб.


Маладым, звонкагалосым

Новы год да нас прыйшоў.

Новы год нырае хлопцам

у палонку да маржоў.



Свята "Белага мядзведзя"

"Белы мядзведзь" - клуб лідскіх маржоў


"Куды, куды вы, гараджане,

ідзеце і дзяцей вядзеце?"

"На возера нас запрашае

каманда "Белага мядзведзя".


Спаборніцтвы там сілавыя,

аздараўленчае купанне.

Маржы - старыя, маладыя -

там у палонцы, як у ванне!


Яны не хлюпаюць насамі!

Не страшыць іх мароз сабачы!"

"На возера пайду таксама -

асілкаў і маржоў пабачыць".


На беразе, як у Кітаі,

людзей! Яшчэ народу прыйдзе!

Мядзведзя белага віталі

не ў Арктыцы, а тут - у Лідзе!


Прыветліва махае лапай

усім мядзведзь з бутэлькай піва.

Хто ў ледзяной палонцы плаваў,

хто гіру падымаў раціва,


хто на канат налёг заўзята…

Дарослым весела і дзецям:

лідзянам падарыла свята

каманда "Белага мядзведзя"!



Вадохрышчанская купель

Адчуванні нырца


Да цуда-возера імкнуся:

святая ў ім вада цяпер.

Чаргі чакаю акунуцца

ў вадохрышчанскую купель.


На беразе народу мноства.

Бліжэй, бліжэй мая чарга.

"Не прабярэ мароз да костак!

Нырай - і вокам не маргай!"


Ныраю я ў ваду святую.

Не холадна і лёгка мне!

Хваробу не ўпушчу ў ваду я -

хваробу праганю ў каўнер!


Не месца ў возеры хваробам,

калі ў душы пяюць званы!

З усмешкаю і са здароўем

я падымаюся з вады.


З усмешкаю я апрануўся.

І доўга звон царкоўны пеў…

Мне радасна, што акунуўся

ў вадохрышчанскую купель!



Зімовая рыбалка


Мароз куе, мароз злуе

і панцыр возеру шле новы.

Як толькі лёд яго скуе -

на лёд выходзяць рыбаловы.


Свідруе дзіркі-лункі бур,

і пачынаецца рыбалка.

Сядзі, ад сонца вочы жмур,

чакай, чакай удачы ўпарта.


Не спі, народ, не пазяхай,

як лёскі калаціцца будуць!

Бярэцца плотка на сухар,

клюе на прыгажуню вуду.


Замерзнуць не дадуць нагам

валёнкі. Моцныя ў нас нервы.

Здабытай плоткі кілаграм

у хаце пойдзе на кансервы.


"Бярэцца! Падсякай! Давай!" -

шапталі радасныя словы.

Злуе няхай мароз-каваль -

ва ўдачу вераць рыбаловы!



Спаборніцтвы па падлёднай лоўлі


На возеры ў падлёднай лоўлі

спаборнічаюць прадпрыемствы.

Імкнецца кожнае напоўніць

вядро на прызавое месца.


Пра ўдачу напявалі песні,

насаджвалі прынаду дбайна,

на паўтара кіло* прынеслі

вядро будаўнікі камбайнаў.


Рыбалка - звычка і падзея.

Аб прызавым улове мары.

Прыйшла з вясёлкавай надзеяй

сюды каманда "Лакафарбы".


І для цябе рыбалка - звычка.

Над лункаю схіліў свой лоб ты.

На паплавок аптымістычна

глядзіць рыбак завода "Оптык".


Не хопіць у каманды вёдзер

для вылаўленых акунькоў тых!

Не сядуць у галёш на лёдзе

і рыбаловы-абуткоўцы.

На возеры ў падлёднай лоўлі

спаборнічаюць прадпрыемствы.

Жадаю кожнаму напоўніць

вядро на прызавое месца!


*Паўтара кіло (1500 г) - намёк на камбайн "Ліда-1600".



Рыбачка з Набярэжнай


Над возерам духоў плыў водар,

як кветак водар над лужком.

Яна рыбачыць трошкі воддаль

ад рыбаловаў-мужыкоў.


Яе тут за сваю прымаюць.

Яе тут ведаюць даўно.

Рыбачка вудачку трымае

і напявае заадно.


Бярэцца мужыкам на зайздрасць

карась, шчупак, акунь ды ёрш.

Улоў яе багаты зараз -

насы мужчынам ён уцёр!


У ззянні радасці бязмежнай

твар адлюстроўвае вада.

Яна жыве па Набярэжнай -

да возера рукой падаць.


Зімой ёй дома не сядзіцца -

рыбачыць ходзіць кожны дзень.

Няхай скавана льдом вадзіца -

ды рыба водзіцца ў вадзе!


Сюды не трэба ехаць вёрсты!

Ізноў вядзерца пад рукой.

Ізноў над возерам замёрзлым

плыве вясенні пах духоў.


ПАЭМЫ


ЛІДА

Да 690-годдзя горада


Пралог


На цябе глядзяць уночы

цені са стагоддзяў тых.

Горад з іменем жаночым,

кім быў заснаваны ты?


Частка 1


Правадыр


Ноч. Праз твані людзі лезуць.

Свеціць месяц-галава.

Вось спынілася ля лесу

балтаў племя - дайнава.


Дайнаве сказаў спыніцца

правадыр іх з барадой:

месяц высвеціў крыніцу

з чыстаю, як сам, вадой.


Да крыніцы барадаты

падыходзіць правадыр.

На крыніцу паказаўшы,

ён прамову гаварыў:


"Быць тут, браткі, пасяленню -

высякайце, браткі, лес.

Жыць тут нам да пасівення,

жыць астатні час увесь.


Побач з чыстаю крыніцай

усім племем зажывём.

Проста высечкаю - Лідай -

пасяленне назавём".


Лес дрымучы абуджае

раніцою стук сякер.

Птушак гэты стук пужае.

Людзі ходзяць тут цяпер.


Правадыр прыгладзіў жменяй

барады ільнянай пук.

Ліды першыя імгненні

абвясціў сякерны стук.



Частка 2


Нёман


Мора трох вякоў схавала

кроплі першых тых гадоў.

У глушы жыцця кавалак.

Рэкі поўныя вадой.


І кругом маленькай Ліды

рэчкі водзяць карагод -

спеў з гаркотаю каліны

л'ецца, л'ецца з года ў год.


"Як згубілася, дзяўчынка,

ты сярод балот, лясоў!

Як убогая пясчынка,

што пакінула пясок.


Як мізэрная сняжынка,

што пакінуў снегапад.

Не вядзе сюды сцяжынка -

некаму сюды ступаць.


За лясамі, як за сценкай.

Сценкаю кругом дрыгва".

Пелі Каменка з Лідзейкай,

Жыжма, Крупка ды Дзітва.


У сцяне лясоў ды багны

хто акенца прасячэ?

Русічы, ліцвіны, балты -

хто да Ліды прыцячэ?


Дзе такую ўзяць сякеру,

каб пракласці ў Ліду шлях?

Нёман кажа: "Прыйдзе, веру,

русіч, ці ліцвін, ці лях".



Частка 3


Гедымін


З крыжакамі перамір'е

заключыў князь Гедымін.

"Многа ордэн мы грамілі.

Ордэн многа нас граміў.


Нам патрэбна перадышка,

каб ствараць, каб будаваць,

каб Альдоначку-малышку

за паляка выдаваць,


каб магла мая Альдона

стаць нявесткай караля.

Латнік, што граміў тэўтона,

молат возьме каваля.


Вільню мне зрабіць сталіцай.

З Ноўгарадам - сябраваць.

Страпянецца край арліцай!

Колькі краю сумаваць?!


Колькі біцца з крыжакамі?!

Колькі зіхацець нажу?!

Будаваць умацаванні

загадаю, накажу!


Накажу паставіць варту!" -

Гедымінаў бас грыміць -

і ў сваёй дзяржавы карту

тыкнуў пальцам Гедымін.

Паміж Каменкай з Лідзейкай

тыкнуў Гедыміна перст.

Сеў. У галаве ідэйка

хутка пачынае спець.



Частка 4


Замак


Вецер-конь з далін балотных

нёс людскія галасы -

русічаў вялі палонных

праз балоты, праз лясы.


Птах-ганец вярхом на ветры

Лідзе навіну нясе:

"Нёман недарэмна верыць!

Глянь! Ідуць ва ўсёй красе!


Глянь, якую цягнуць цэглу!

Глянь, якія камяні!

Іх паток нахлынуў цэлы!

Сценку, Ліда, памяні!


Цэглаю прабілі сценку!

Камянямі - па дрыгве!

Назірай, дзяўчынка, сцэнку!

Будаванню ў нас грымець!"


Назірае за работай

Ліда, прыадкрыўшы рот.

"Праз лясы і праз балоты

вы прыйшлі з якіх шырот?"


"Мы палонныя з Валыні.

Захапіў нас Гедымін.

Ты далонямі малымі

замак ад гасцей прымі.


Нібы баявая мама,

ад нашэсця і ад бед

гэты мураваны замак

будзе бараніць цябе".



Частка 5


Варта


Пільна замак аглядае

Ліда з чатырох бакоў.

Над дзяўчынкай птах лятае.

Нахіліўся вецер-конь.


Нахіляюцца дзве рэчкі,

на муры - вачэй блакіт.

"Глянь: у сценах - чалавечкі, -

птах звярнуўся да ракі. -


Гэта замка вартавыя.

Бачыш лукі ды мячы?

Варта і ваўка, што вые,

прэч прымусіць уцячы.


Не баяцца і мядзведзя.

Не баяцца і дзіка".

"А людзей?" - пытае вецер.

"Не". "І нават крыжака?"


"Крыжакоў яны грамілі.

Будуць і далей граміць.

Трэба ім, каб іх кармілі, -

будзе Ліда іх карміць".


Кажа Ліда: "Вартавых я

накармлю ды напаю:

у людзей галодны выгляд,

не смяюцца, не пяюць,


валяцца, худыя, з ножак.

Сеў за ваяром ваяр.

Толькі сыты воін зможа

перад злыднем устаяць".



Частка 6


Горад


Не да жартаў, каб смяяцца.

Не да песеняк-журбот.

Вартавым патрэбна мяса.

Ім патрэбны хлеб і мёд.


Ваяру патрэбны дровы,

каб узімку не дубець.

Луг патрэбны ды каровы,

пастушок, што ўзяў дубец,


і каваль, што возьме молат,

і жняя, што возьме серп…

Вартавым патрэбны горад -

гораду тут быць цяпер!


Так жадаюць вартавыя!

Так жадае Гедымін!

Ты адзенні гарадскія,

Ліда, ад людзей прымі!


Ліда мерае абноўкі.

Ліда ў Каменку глядзіць.

Паша, і на ёй - кароўкі,

і над лугам птах ляціць.


"Ліда - гор-р-рад! Ліда - гор-р-рад! -

каркае вясёлы птах. -

І даведаюцца скора

ўсе аб ёй - і скажуць "Ах!"


Кавалі на адпачынку

песню звонкую "куюць".

Пра карміцельку-дзяўчынку

ў замку воіны пяюць.



Частка 7


Сёння


Песні тыя мора часу

паглынула - не чутно…

Горам горад засмучаўся…

Шчасцем асвятляўся зноў…


Сёння ты - пад сонцам шчасця!

І далей пад ім квітней!

Хай нішто яго не засціць

над зямлёй тваіх дзяцей!


Над заводамі, дамамі -

неба мірнага блакіт.

Сонца замка гладзіць камень,

дакранецца да ракі,


дакранецца да будынкаў,

да асфальтавых дарог,

да палацаў, міні-рынкаў,

да дагледжаных двароў.


У дварах гуляюць дзеткі.

У палацы сёння матч.

І працуюць цепласеткі.

І працуе "Лідсельмаш"…


Прадпрыемствы ўсе працуюць -

праца ў горадзе кіпіць.

Ліда, сталая красуня,

на сваіх дзяцей глядзіць.


А ўначы, як зор мігценне,

вочы скрозь вякі гараць -

з ёй глядзяць на горад цені

князя і правадыра.



ВАЙДЫЛА

Гістарычная паэма


Пралог


Варта мне пра тое ўспомніць,

варта мне з таго пачаць,

што пад Лідай, у Дуброўні,

быў калісь яго палац.



Частка 1


Узлёт


Пекара свайго - Вайдылу -

князь Альгерд упадабаў.

Так да пазалоты з пылу

распачаўся ўзлёт раба.


Князю верны, верны гербу,

наш герой мінут за пяць

засцілаў пасцель Альгерду,

як Альгерд збіраўся спаць.


Князю верны, верны гербу,

наш герой бяжыць, сапіць,

падае ваду Альгерду,

як Альгерд жадае піць.


Ход ад чэлядзі да верху

рые з хуткасцю крата.

Быў падчашы - стаў Альгерда

асабісты сакратар!


Весткі вухкаюць грымамі,

вухкае ў дупле сава:

воласць Лідскую трымае

той, хто кубкі падаваў!


Вестка па палях хадзіла,

вестка па рацэ плыве:

стаў баярынам Вайдыла

найбагатшым у Літве!


Саграваў Вайдыла жылы -

дарагія віны піў.

З пекара свайго - Вайдылы -

князь баярына зляпіў!



Частка 2


Вяселле


З весткай княства абягалі

пасланцы дні паўтара:

"Сын Альгерда - князь Ягайла -

ажаніў сакратара!"


"Слухайце, бацькі, малыя! -

шпарыць вестка праз лугі. -

Князева сястра - Марыя -

стала жонкаю слугі!"


Горлы пасланцы змарылі -

шпарыць вестка праз смугу:

"Альгерда дачка - Марыя -

замуж выйшла за слугу!"


За сталом сядзяць вясельным

і князёўна, і халоп.

Госці пілі, госці елі,

госці спалі пад сталом.


Мірна спаў вясёлы горад,

і музыка не іграў.

Ліў віно Вайдыла ў горла

і на жонку пазіраў.


Радасць, што ён муж князёўны,

перапоўніла яго.

Хтосьці п'яны, хтосьці сонны

варушыўся пад нагой.

З-за стала халоп падняўся,

зубы скаліць, бы ў каня:

ён ужо дарадчык князя,

і ягоны швагер - князь!



Частка 3


Гнеў


Абураецца баярства

ва ўсім княстве: "Вось дык шлюб!

Што Ягайла робіць з княства?!

Хіба бразнуўся аб слуп?!"


Князь Кейстут, Ягайлаў дзядзька,

абурыўся, звар'яцеў:

"Нейкі пекар з голай пяткай -

першы ў княстве багацей?!"


Папракае, гневу поўны:

"Ты, Альгердава ўдава!

Як не сорамна князёўну

хлебапеку аддаваць!


Ты, Ягайла, сын Альгердаў!

Гедымін цябе б забіў,

каб жывы быў і каб ведаў,

кім Вайдылу ты зрабіў!


Ты, пасцельнічага жонка!

Поплеч з пекарам сядзець?!

Я "пачаставаў" бы звонкай

аплявухаю цябе!


Ну а ты, Вайдыла-пекар!

Думаеш, слуга, раз жыць

стаў пад князевай апекай -

можаш ледзь не князем быць?!"


Князь Кейстут размову крута

вёў з дарадцам і слугой!

Зненавідзеў той Кейстута,

а Кейстут стары - яго.



Частка 4


Кум


За забрала хмар хавацца

сонца грозны твар пачаў.

Восень за акном палаца

ды ў Кейстутавых вачах.


У вачах Кейстута смутак,

на душы ў яго мінор.

Гутарку вядзе з Кейстутам

кум - нямецкі камандор:


"Гедымінавіч няшчасны!

Ты не ведаеш таго,

што да нас Ягайла часта

шле дарадчыка свайго.


Мір патрэбны з крыжакамі

княжацкаму пестуну -

і да вечнай дружбы з намі

ён Ягайлу падштурхнуў.


Толькі на цябе Ягайла,

падпісаўшы мір, пляваў.

Шэльме вечна земляў мала.

Адбярэ ўсё, да хлява.


Запісаўся з крыжакамі,

каб цябе, стары, прагнаць:

марыць дзядзькавы ўладанні

ён да лап сваіх прыбраць".


Вухкала ў дупле сава ўсё,

мокла ў восені Літва.

За забрала хмар схаваўся

сонца ваяўнічы твар.



Частка 5


Прысяга


Думаў, думаў - і рашыўся

дзядзька на пераварот.

Грымнуў гром, калі лажыўся

снег ля гарадскіх варот.


З першым снегам нечакана

войска ў Вільню ўвёў Кейстут.

"Княжанне тваё, Ягайла,

скончылася! Я ўжо тут!


Пекар, ведай! Ведай, мельнік!

Я пляменніка ў палон!

Княжанне тваё, пляменнік,

скончылася! З трона - вон!


І патрабаваць я буду,

каб гара прапала з плеч:

прысягай, шчаня, Кейстуту,

што не ўздымеш болей меч,


што не выйдзеш ты з-пад волі

дзядзькі роднага свайго!"

І ў пляменніка паволі

згаснуў у вачах агонь.


Прысягаў Ягайла дзядзьку,

нахіліўшы галаву.

І адкладваў ён, як цацку,

меч убок ды булаву.


Галаву падняў памалу.

Верным позіркам глядзеў.

І адправілі Ягайлу

ў Віцебск - на бацькоўскі ўдзел.



Частка 6


Смерць


У Дуброўні, што пад Лідай,

узвышаецца палац.

У палацы тым Вайдыла,

золатам блішчыць пала.


У палацы тым Марыя.

Золатам блішчыць чапец.

І не ведае, што прыйдзе

скора гэтаму канец.


Летняй раніцай напалі

на Дуброўню ваяры.

Коні іхнія ў запале

мітусяцца па двары.


Перад пекара палацам

узвышаецца Кейстут.

Пекар наш зубамі клацаў:

"Смерць мая прыйшла! Смерць - тут!"


Звязанага, да Кейстута

воіны слугу вядуць.

І глядзіць баярын смутна,

бы апушчаны ў ваду.


Развяваецца ў Кейстута,

быццам сцяг, на ветры плашч.

"Бачыце, якое пуза

адпусціў дарадца наш?!


Бачыце, якое рыла

княжацкі наеў пястун?!"

Быў павешаны Вайдыла -

гэтак загадаў Кейстут.



Частка 7


Ягайла


Што вятры гавораць сцягу?

Пра Ягайлу шэпт вятроў:

як парушыў ён прысягу,

як адваяваў ён трон,


як адпомсціў за Вайдылу

дзядзьку роднаму свайму…

Месца ў летапісе пыльным

факты гэтыя займуць.


Ды пра тую помсту трэба

нам занатаваць і тут:

залатым шнурком у Крэве

быў задушаны Кейстут.


У даліне Свінтарога

спалены вялікі князь.

Над парэшткамі старога

дым кастра паволі згас.


Вецер прах яго развеяў

На тры тысячы сцяжын.

Вёрткім, хутканогім зверам,

вестка, праз Літву бяжы:


"Я, вялікі князь Ягайла,

толькі пачынаю ўздым.

Мне вышыні адкрывае

па старым Кейстуце дым.


Адчуваю на паўвеку

сіл да ўлады я ў сабе!

Пра Ягайлу на паўсвету

вухкаць грому і саве!"



ТАХТАМЫШ

Гістарычная паэма


Пралог


За гасцініцаю "Ліда"

шмат набралася машын.

На стаянку трэба гіда -

хай раскажа, хто тут жыў.


Частка 1


На вяршыні ханскай славы


Тахтамыш Ардою правіць

(Тамерлан на трон садзіў).

Чэлядзь хану боты драіць,

вось надраены адзін.


Чынгісхана кроў у жылах

Тахтамышавых бурліць -

хан ускочыў, быццам шыла

ў троне: "Рабаваць!!! Паліць!!!"


Аслабелую, наскокам

раць Мамаеву разбіў.

Князя Дзмітрыя Данскога

даннікам сваім зрабіў.


У ардынскія абдымкі

ён Масковію вярнуў -

і цякуць з данінай скрынкі

ў рот разяўлены яму.


Камаром татарын смокча

кроў з Маскоўскае Русі.

Хто яго прыляпнуць зможа?!

У каго хапае сіл?!


Ханскі трон пад ім - не лава!

Моцна ўлады біч узяў!

На вяршыні ханскай славы

Тахтамыш сядзеў і ззяў.


Сонцам з юрты ззяў прасторнай,

з клумбай жонак маладой,

хан Арды нябесна-зорнай -

Белай, Сіняй, Залатой.



Частка 2


Выгнаны са стэпаў родных


Круглатварым сонцам-ханам

так і ззяў бы ён гады…

Ды пагрызся з Тамерланам

хан Вялікае Арды.


"На каго, шчанюк, палез ты?!"

Тамерлан вам не Мамай -

хану ля варот Жалезных

мігам зубы абламаў!


Тахтамыша ўжо малая

раць: парэзалі! Як быць?!

Гарады Арды палаюць -

і пад ім зямля гарыць!


Ён за горад абгарэлы

скакуна свайго пагнаў.

Наўздагон ляцелі стрэлы -

вось у шапцы ўжо адна!


Тахтамыш у ханскай шапцы

прадзіраўленай скакаў.

Шрам на скуле. Мае шанцы

ўспухнуць правая шчака.


Ад расправы, ад пагоні,

быццам спрытная блыха,

задаваў са Стэпу сёння

драпака ўчарашні хан.


Выгнаны са стэпаў родных

ён паганаю мятлой.

А на ханскі трон свабодны

плюхнуўся Цемір-Кутлуй.



Частка 3


Ціхімі начамі ў Лідзе


Хлёбае ваду з рачулак

потны конь - і зноў наўскач…

У Літве знайшоў прытулак

наш татарын-уцякач.


Перад Вітаўтам ён войкаў -

князем гэтае зямлі.

Чынгізіда разам з войскам

князь у Лідзе пасяліў.


Вось каля Лідзейкі юрта

Тахтамышава стаіць.

Воінаў і коней гурты

бачаць з замкавых байніц.


Губы мочаць у Лідзейцы

Тахтамыша скакуны.

На татараў вочы дзеці

пучаць, быццам акуні.


Не ідзе вайна-грымота

з чынгізідавых мазгоў!

Ад бяздзейнасці дрымота

цела хутае яго.


Галаву нагнуў, як цурку.

Сон зліпае дзіркі воч.

На зямлю, на край, на юрту

апускае крылы ноч.


Маладзік з-за хмаркі выйдзе -

і пасерабрыць кастэль.

Ціхімі начамі ў Лідзе

Тахтамышу сніцца Стэп.



Частка 4


"Тахтамыша я не выдам"


А Кутлую так не спіцца:

быццам прывіда дзіцё,

Тахтамыша хан баіцца,

хоць далёка той уцёк!


Ад Арды па снезе хрусткім

госць у Вільню прыскакаў.

Вітаўта пасол кутлуйскі

просіць выдаць бегляка:


"Сонца ў агнявой кароне

з цемрай дасягне мяжы.

Сёння львом сядзіш на троне -

заўтра зайцам пабяжыш.


Час адны пакіне рэбры -

і працягнецца рука.

Сёння плюхаешся ў срэбры -

заўтра з торбай жабрака.


Пройдзе час - і войскі ў браму

ўдараць, як паток вады.

Сёння двор кішыць сябрамі -

заўтра ворагі адны.


Сёння радасць - заўтра гора

спусціць голавы сцягоў.

Тахтамыш - наш злосны вораг!

Вітаўт, выдай нам яго!"


"Тахтамыша я не выдам", -

цвёрда Вітаўт адказаў.

Госць на князя глянуў выдрай,

выйшаў, паскакаў назад.



Частка 5


Злосны беглы чалавек


Грандыёзны выспявае

план у князя ў галаве:

"Кажуць мне, на Стэп ківае

злосны беглы чалавек.


Што ж, яго ў Ардзе пасадзім,

можа быць, за ходкі дзве -

а мяне вялікім князем

ён пасадзіць у Маскве!


Трэба кацялок адсекчы

Кутлуёвай галавы!"

Пад Азоў паход - крок першы -

быў удалы для Літвы.


Людзі ў шлемах варанёных

з перамогаю ідуць

і татараў паланёных

тысяч некалькі вядуць.


З-пад дзіравай шапкі гарнай,

як лянівы кот на мыш,

на татараў тых з пагардай

паглядае Тахтамыш:


"Я Кутлуя пакудлую

і зарэжу, як цялё!

Хутка, хутка я Кутлую

прадзіраўлю кацялок!"


Вітаўт рассяліў татараў

паланёных па Літве.

"Хутка, хутка стане ханам

злосны беглы чалавек!"



Частка 6


Шапку ў бітве ён згубіў


Князь з вялікім міжпляменным

войскам зноў прыйшоў у Стэп.

"Ядрамі мукі намелем

мы з татаравых касцей!


Пагавораць нашы пушкі

і пішчалі з татарвой!

Перамога наша птушкай

залунае над Ардой!"


Ды на Ворскле князь вялікі

паражэнне пацярпеў -

рвуцца воінаў шматлікіх

жыцці ў смерці на сярпе.


Шчодрая, як з бочкі віннай,

кроў муціць ракі блакіт:

целы рускіх, і ліцвінаў,

і палякаў ля ракі.


З поля бітвы, з поля смерці

першы Тахтамыш пабег -

прэтэндэнт на ўлады лейцы,

злосны беглы чалавек.


Тахтамыш бяжыць без шапкі:

шапку ў бітве ён згубіў.

Хутка, хутка, каб на лапкі

хан Кутлуй не наступіў!


Каб на беразе бяздоннай

Ворсклы не злажыць касцей,

Вітаўт з братам Жыгімонтам

пакідалі злосны Стэп.



Частка 7


Прагне быць царом Арды


Тужыць князь: "Не перапала

ўзяць лаўровы мне вянец.

Лепшых віцязяў забрала

бітва жорсткая ў мяне.


Лепшых зжалі смерці жнеі -

трэба пачакаць гадоў

сем, пакуль не памужнее

новых пакаленне львоў".


Тахтамыш жа прагне войнаў,

прагне быць царом Арды!

Невядома, дзе герой наш

жыў апошнія гады.


Ды вядома: птушкай злою

ў бітве-віхры ён кружыў

з пераемнікам Кутлуя -

галаву ў ёй і злажыў.


Воінаў татарскіх строіў

ды на крыжакоў вадзіў,

пад Грунвальдам стаў героем

сын ягоны - Джаладзін.


Джаладзін сябе праславіў

у Еўропе з тых падзей.

Сем гадоў у Лідзе правіў

сын другі - Керым-Бярдзей.


Ну а месца юрты ў Лідзе -

месца ўцекача "харом" -

доўга называлі людзі

"Тахтамышавым дваром".



ЧЫРВОНАЯ РУЖА

Гістарычная драма ў пяці дзеях


Дзейнічаюць:

1. Кароль Аляксандр.

2. Жонка караля Алена.

3. Біскуп.

4. Канцлер.

5. Медык.

6. Кухар.

7. Ганец у цёмнай вопратцы.

8. Ганец у светлай вопратцы.

9. Воін з кайстрай.

10. Воін з дзвюмя акрываўленымі стрэламі.

11. 1-ы апалчэнец.

12. 2-і апалчэнец.

13. Апалчэнцы.


Дзея першая

Лета 1506 года. Вільня. Каралеўскі пакой. Кароль Аляксандр, цяжка хворы, ляжыць на ложку. Каля яго сядзіць жонка Алена. Уваходзіць медык.


Медык:

Лекі каралю давалі?


Алена сцвярджальна ківае галавой.


Медык (паглядзеўшы на Аляксандра, затым на сцены пакоя):

Сцены бледныя, як сам!


(Аляксандру, таксама сеўшы каля яго)


Аб душы выратаванні

патурбуйся, Аляксандр.

Спавядайся, прычашчайся.


Алена:

Вельмі кепска каралю.


Медык (Аляксандру):

У зямным нядоўга часе

жыць табе праз паралюш.

Будзеш скора ў замагільным.

Не дапамагу табе.


За акном чуецца шум натоўпу. Алена ўстае і падбягае да акна, углядаецца.


Алена (усхвалявана):

Вуліцы ў трывозе Вільні!


Медык таксама падыходзіць да акна і ўглядаецца.


Медык (спакойна):

Бо на вуліцы - ганец.

(Праз пару хвілін, Аляксандру):

Да цябе ганец імкнецца.


За дзвярыма чуецца тупат ног па сходнях.


Чуеш тупат?


Чуецца ўсхваляваны стук у дзверы.


Чуеш стук?


У пакой улятае запыханы і ўстрывожаны ганец у цёмнай вопратцы.


Аляксандр:

Што такое? Быццам немца

цэліць у дзяржаву лук.


Ганец (цяжка дыхаючы):

Цэліць лук у нас татарскі,

стрэлы ўжо ляцяць з яго -

і таму пад Вільні аркі,

да цябе, ляцеў бягом.

(Перавёўшы дух):

Уварвалася ў дзяржаву

Перакопская Арда.

З ёй Біці-Гірэй, сцвярджаюць,

і яшчэ - Бурнаш-Салтан.

Слуцк, Мазыр разрабавалі.

Каля Клецка лагер іх.


Медык (Аляксандру):

Аб душы выратаванні

патурбуйся…


Аляксандр (медыку, нецярпліва):

Ты бы сціх.

Дай ганца даслухаць, медык.


Медык:

Я маўклівы, як сцяна.


Ганец (працягвае):

Шпарка, з хуткасцю каметы,

па Літве ляціць бяда.

Каля Нёмана татары -

на ягоных берагах.

Уступіць у Вільню марыць

хан іх, конская нага.


Алена (злосна):

Не патрэбна запрашэнне

"госцю" з рабаўніцкіх орд.


Аляксандр (прыпадымае галаву, слабым, але цвёрдым і рашучым голасам):

Паспалітае рушэнне

аб'яўлю. У Лідзе - збор.


Заслона.


Дзея другая

Ліда. Месца збору рушэння. На заднім плане - некалькі шарэнг з апалчэнцаў. Усе чакаюць прыезду Аляксандра. На пярэднім плане - два апалчэнцы.


1-ы апалчэнец (паляпваючы па калчане са стрэламі):

"Госцю" з поўдня "падарунак"

наш - у галаву страла.


2-і апалчэнец (паглядаючы то ў адзін, то ў другі бок):

Штосьці збор ідзе марудна.


1-ы апалчэнец:

Патрабуюць караля.

Кажуць, едзе ў Ліду, хворы.

Ці даедзе, ці памрэ.

Крымскую Арду, гаворыць,

разаб'еце пад арэх.

Кажуць, што суправаджае

жонка на шляху яго.


2-і апалчэнец (з пачуццём вялікай павагі):

Аляксандра паважаю.

Колькі на яго нягод!

І хвароба, і навала!

А ён - выехаў-такі

і гаворыць, што татарам

наламаем мы бакі,

надаём па шапках лісіх

так, што скурчацца ў клубок!


Усе ўзбуджана глядзяць у бок. Іх прыкладу паддаюцца абодва апалчэнцы на пярэднім плане.


1-ы апалчэнец (2-му):

Ціха! Ён да нас з'явіўся!


2-і апалчэнец (1-му):

Ціха! Гутарку - убок!


На сцэне ўсталёўваецца цішыня. З боку сцэны марудна выходзіць Аляксандр, якога падтрымлівае, неадступна ідучы побач, Алена. Кожны крок даецца Аляксандру з цяжкасцю, ён, здаецца, вось-вось упадзе. Але кароль з апошніх сіл стараецца выглядаць бадзёрым і зарадзіць сваёй бадзёрасцю ўсё апалчэнне.


Аляксандр ( гучна, як толькі можа пры сваім стане):

Вас вітаю, паны шляхта!


Апалчэнцы адзываюцца гучным і бадзёрым трохкратным: "Віват".


Алена (Аляксандру, занепакоена):

Асцярожна, не ўпадзі.


Аляксандр:

Абавязак у вас слаўны -

супраць ворагаў хадзіць!

Ваш пачэсны абавязак -

ворагаў прагнаць з Літвы!

Вам спаможанне святое -

веру: пераможцы вы!

Перамога - за Літвою!

Быць разбітым крымчаку!


Раптам галава Аляксандра бязвольна апускаецца, ён ледзь не падае.


Алена ( устрывожана, усё гучней і гучней):

Панікае галавою!

Паглядзіце на шчаку!

Шчокі ў караля бляднеюць!

Войска ён не павядзе!

Хай татары вар'яцеюць!

(Нахіляецца да напалову ўпаўшага Аляксандра, Аляксандру, ласкава і сумна):

Твой апошні скора дзень.


Аляксандр (з апошніх сіл, ціха, але цвёрда):


Жыццям ворагаў таксама

пад мячамі дагараць…

(Падае канчаткова.)


Алена (ў роспачы, аглядаючыся па баках):

Аднясіце мужа ў замак!

Прывядзіце святара!


Два апалчэнцы, што стаяць наперадзе ўсіх, падбягаюць да ляжачага маўклівага Аляксандра, бяруць яго і нясуць са сцэны. За імі - Алена. Усё апалчэнне ўсхвалявана, глядзіць у той бок, куды панеслі караля.


Заслона.



Дзея трэцяя


Пакой у Лідскім замку. Аляксандр ляжыць. Каля яго сядзяць Алена, біскуп, канцлер.


Аляксандр (слабым голасам):

Спавядаўся, прычасціўся,

і тастамант падпісаў -

можна мне з жыцця пайсці ўжо,

можна ўжо мне паміраць.


Алена:

Дажыві да перамогі

над ардою крымчакоў,

як пашпарыць ва ўсе ногі

хан з падбітаю шчакой.


Канцлер:

Як пашпараць прэч за ханам

недабітыя ваўкі.


Біскуп:

Як запал вайны заганным

адаб'ем мы на вякі.

Канцлер:

Нехта з крымчакоў пашпарыць.


Біскуп:

Нехта ляжа ля ракі.


Уваходзяць два стомленыя воіны. У аднаго кайстра, у другога - дзве акрываўленыя стралы. Абодва месцамі запырсканы крывёю. Усе ўстрывожана глядзяць на ўвайшоўшых, чакаючы дрэнных вестак.


Воін са стрэламі (Аляксандру):

Слухай, Аляксандр: татары

цераз Нёман перайшлі,

за Дакудава ўзяліся,

Збляны пачалі паліць.


Канцлер (біскупу):

За насельніцтва маліся,

за лугі і за палі.


Біскуп пачынае шаптаць малітву.


Воін з кайстрай:

Мы рабаўніка пабілі -

вось злачынца галава.

(Дастае з кайстры за валасы акрываў-леную галаву татарына).


Алена ціха ўскрыквае і адсоўваецца далей. Біскуп жагнаецца. Воін засоўвае галаву татарына назад у кайстру.


Канцлер (Аляксандру, занепакоена):

Мабыць, прыйдзецца да Вільні

нам вяртацца, Аляксандр.


Аляксандр:

Трэба ў Вільню нам вяртацца:

вельмі блізка рабаўнік.


Алена (пярэчыць):

Як яму туды дабрацца?

Галавою ён панік.

Аляксандр зусім знясілеў.


Канцлер (цвёрда):

У калысцы павязем.

(Крычыць кудысьці ў бок)

Гэй! Калыску прынясіце!


З боку сцэны высоўваецца калыска. Воіны бяруць яе і падносяць да ляжачага Аляксандра.


Біскуп (устае):

Едзем! Некалі сядзець!


Алена і канцлер таксама ўстаюць.


Канцлер (воінам):

Асцярожненька паклалі.


Воіны асцярожна кладуць Аляксандра ў калыску.


Біскуп (воінам):

Асцярожненька нясем.


Воіны асцярожна і марудна нясуць Аляксандра. Усе пайшлі са сцэны, засталіся толькі воіны са стрэламі і кайстрай. Воіны на пару хвілін прыпыняюцца.


Воін са стрэламі (напарніку):

Збляны полымем палалі.

Стрэлы ў дзеўчыны касе.

(Паказвае дзве акрываўленыя стралы.)

У крыві каса, у гары.

(З негадаваннем, трасучы рукой са стрэламі ў паветры.)

У каго страляюць, га!


Воін з кайстрай (спакойна):

У крыві ляжаць татары

на дакудаўскіх лугах.

(Паляпвае па кайстры.)


Воіны нясуць Аляксандра са сцэны і хава-юцца самі.

Заслона.


Дзея чацвёртая


Сцэна другой дзеі. На заднім плане - павялічаныя ў колькасці шарэнгі апалчэнцаў. Усе чакаюць выхаду з Ліды. На пярэднім плане - два апалчэнцы.


2-і апалчэнец (1-му):

Кажуць, целамі пабітых

поўны лугавы кілім.


1-ы апалчэнец (пасля некаторай паўзы):

Караля павезлі з Ліды.

Біскуп і княгіня з ім.

Канцлер і пачот ваенны

едуць побач з каралём.


2-і апалчэнец:

Кажа правільна Алена:

ён бы войска не павёў.


1-ы апалчэнец (працягвае):

У калысцы ён, знямоглы.

Паміж сёдламі яна.

І гавораць, твар ягоны

вельмі бледны, як сцяна.

Толькі бы кароль даехаў,

толькі б на зямлю не ўпаў.


2-і апалчэнец:

Кажа правільна Алена:

шчокі - быццам ён не спаў.


1-ы апалчэнец (сумна):

Скора вечным сном засне ён,

супакоіцца навек.

Не пры ім ужо засее

поле сейбіт-чалавек.


2-і апалчэнец (цвёрда):

Поле целамі татараў

войску "засяваць" пры ім.

Ён аб перамозе марыць.

Перамогі дзень, прыйдзі!

Гэты дзень кароль сустрэне.

Ён суцешыць караля.

Стане радасна Алене -

пасвятлее спакваля.

І ад навіны прыемнай

пасвятлее Аляксандр:

"Кажаш правільна, Алена:

шпарыць ва ўсе ногі хан".


Абодва апалчэнцы самі пасвятлелі ад гэтых слоў.


1-ы апалчэнец (пасля некаторай паўзы, цвёрда):

Павядуць нас Кішка з Глінскім.

Павядуць туды - пад Клецк.

У паходзе нам, ліцвінам,

пад спякотаю пацець.

Спеў ліцвінскі сакавіты

будзе ліцца і кранаць.

У спякоце жорсткай бітвы

разграміць чужынца нам.


Чуецца мелодыя паходнага маршу. Усе апалчэнцы вось-вось крануцца з месца.


Заслона.


Дзея пятая

Сцэна першай дзеі. Аляксандр, яшчэ слабейшы, сядзіць на ложку. Яго падтрымлівае Алена. Побач сядзіць медык. На стале ля ложка - збан з ярка-чырвонай ружай. Уваходзіць кухар.


Алена (кухару):

З ложка мужа падняла я.


Кухар (Аляксандру):

Што на снеданне варыць?


Алена (кухару):

Мова ў мужа аднялася -

ён не можа гаварыць.

Тое зварыце, што любіць,

аб чым медык гаварыў.


Кухар з разуменнем ківае галавой і хаваецца са сцэны. За акном чуецца шум натоўпу. Медык устае і падыходзіць да акна, углядаецца.


Алена (не адыходзячы ад Аляксандра, які без яе не зможа сядзець):

Чуеце трывогу вуліц?

Бачыце ганца ў двары?


Медык (пасля некаторай паўзы):

Гэта не трывога - радасць.

Радасны імчаў ганец.


За дзвярыма - шпаркі тупат ног па сходнях. Стук у дзверы. У пакой улятае запыханы і радасны ганец у светлай вопратцы.


Ганец (цяжка дыхаючы, але з радасцю):

Гэтаю парой гарачай

ворагу прыйшоў канец!


(Перавёўшы дух.)

Лагер знішчаны на Лані.

Тысяч каля дваццаці.

Леглі збітымі валамі.


Уваходзіць кухар са снеданнем і лекамі.


Алена (кухару, шэптам):

Есці потым падасі.


Кухар застывае на месцы.


Ганец (узбуджана працягвае):

Бы з валоў, крыві з татараў -

стаў, зафарбаваны ўвесь,

назавуць Чырвоным ставам.

Цел татараў - цэлы лес.

Груганнё над "лесам" кружыць,

вочы трупавы дзяўбе.


Алена (повару і медыку, паказваючы на снеданне, шэптам):

Размясціце каля ружы.


Медык дапамагае кухару паставіць сне-данне на стале каля збана з ружай.


Алена (таксама шэптам):

І лякарствы - ля яе.


Лекі таксама займаюць месца на стале.


Ганец (звярнуўшы ўвагу на ружу ў збане, зачаравана):

Кроў чырвоная, як ружа.


Алена:

Гэта колер перамог.


Маўклівы Аляксандр, як толькі можа, праяўляе радасць, але яму робіцца яшчэ горш.


Медык (Алене):

Палажы на ложак мужа:

трэба, каб кароль прылёг.


Радасны Аляксандр дае зразумець, што не хоча класціся, і адмоўна ківае галавой на сне-данне.


Алена (кухару):

Есці Аляксандр не будзе.


Кухар забірае снеданне і хаваецца са сцэны.


Алена (медыку):

Прыме лекі Аляксандр.


(Дае Аляксандру лекі, кароль прымае іх.)


Медык (Алене):

Хай ніхто яго не будзіць.

Палажы яго.


Алена збіраецца дапамагчы Аляксандру легчы.


Аляксандр (раптам гаворыць слабым голасам):

Я сам.

(Кладзецца, з твару не знікае радасць.)

Перамога…


Аляксандр цягнецца слабай рукой да стала.


Медык (зразумеўшы, што патрэбна Аляксандру):

Кветку дайце!


Алена дастае са збана кветку і асцярожна ўкладвае яе ў руку мужа. Аляксандр прытуляе кветку да сваіх грудзей.


Аляксандр:

Перамога… Кветка… Кроў…

(Раптам голас караля мацнее, ён звяртаецца да гледачоў):

Помніце аб гэтай даце.

Помніць наказаў кароль.

Не памрэ людская памяць.

Не памрэ мая Літва.

Часу пралятае замець -

памяць застаецца вам.


Алена, медык і ганец ціха ідуць са сцэны. Застаецца адзін Аляксандр з ружай у ложку. Ён усё гэтак жа прыціскае ружу да сваіх грудзей. Кароль заплюшчвае вочы. На сцэне паступова цямнее, чуецца выццё завеі. Цёмна, толькі ружа на грудзях Аляксандра свеціцца ярка-чырвоным святлом.


Заслона.


Кароткая біяграфічная даведка

Алесь (Аляксандр Іосіфавіч) Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Пасля школы вучыўся ў Лідскім педагагічным вучылішчы (зараз - Лідскі каледж), на аддзяленні "Пачатковыя класы". У 2000-2005 гг. вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, на філалагічным факультэце (руская мова і літаратура). Працуе ў рэдакцыі "Лідскай газеты".

Вершы Алеся Мацулевіча перыядычна друкуюцца на старонках "Лідскай газеты", публікаваліся яны і ў літаратурна-мастацкім часопісе "Верасень". На адзін з іх кампазітарам Аляксандрам Якіменка (г. Астравец) напісана песня "Роднаму гораду". Яна і пачынае зборнік "Леў і ключы" - першую паэтычную кнігу Алеся Мацулевіча.


ЗМЕСТ

Ад аўтара


Леў і ключы

Замест пралога


Раздзел першы

Паданне аб арліным гняздзе

Паданне аб пакінутай варце

Востраўскае пагадненне

Мары палоннай княгіні Смаленскай

Грунвальдская бітва

Лідскі стараста Ач-Гірэй

Думы хворага караля Аляксандра на

шляху з Ліды ў Вільню

Леў і ключы

Бадзяга

Подых Паўночнай вайны

Песня вучняў Лідскага піярскага калегіума

Фарны касцёл

Запіскі паручніка Розена

Запольскі абшарнік

Смерць Нарбута

Панна Даравінская ў Шаўрах

"Мурамцы" над Мохавічамі

Госці паэта

"Донарскі матэрыял"

Інжынер Іяхім

Зямля Кургана Бяссмерця


Раздзел другі

У свеце рыцараў

Рыцарскае брацтва

Сярэднявечны танец

Натхненне ў замку

Замкавае возера

У доміку Таўлая

Помнік першадрукару

Каток

"Лідская лыжня"

Дыханне вясны

Свята працы

Гарадок дзіцячых мар

Той, хто прыносіць навіны

Вочы і вушы СПА

Тыдзень лесу

Тыдзень лесу (Дапаможам лясгасам!)

На ваўка

Нястомны Вайгач

Бабровыя слёзы

Пашкадуйце лебедзяў!

Птушкі з казкі


Эцюды аб Лідскім возеры

Пралог

Летнія эцюды

Плённых канікул!

Катэр-вецер

Каму не раяць быць на пляжы

Вадалаз

Прагулка на выратавальным катэры

Людзі ў цяльняшках

Зімовыя эцюды

Новы год у палонцы

Свята "Белага мядзведзя"

Вадохрышчанская купель

Зімовая рыбалка

Спаборніцтвы па падлёднай лоўлі

Рыбачка з Набярэжнай


Паэмы

Ліда

Вайдыла

Тахтамыш


П'еса

Чырвоная ружа


Кароткая біяграфічная даведка



Алесь Мацулевіч. Леў і ключы.

На беларускай мове. Ліда., 2015. 92 с.

Папера афсетная. Фармат А-5.

Гарнітура "Таймс".

Наклад 100 асобнікаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX