Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 4

Пётр Калбыка. Спадчына 


Аўтар: Калбыка Пётр,
Дадана: 17-12-2001,



 Пётр Калбыка

Шукайце праўды,

яснай, як праменні,

Шукайце тых

Нязведаных

шляхоў,

Каб даць прастор ўсім

новым пакаленням

Айчызны нашай

будучых сыноў.


Абарваная песня

У маіх руках стары агульны сшытак. Цудам захаваўся ён з вогнена-крывавых ваенных часоў. Як самы бяс-цэнны дар берагла гэтую памятку пра сына лідчанка Наталля Калбыка. Разам з яго адзіным лістом з фронту і малітоўнікам. А ў сшытку тым вершаваныя радкі яе першынца Пеці, прагнага да ведаў юнака, паэта. Вершы напісаны ў 1942 - 1944 гг., першая частка лацінкай, другая - кірыліцай.

Родам Пётр Калбыка з Шынкаўцоў, што пад Астрына. У дні фашысцкай акупацыі вучыўся ў Шчучыне ў бела-рускай настаўніцкай семінарыі. Ды закончыць яе, як і іншым сябрам-таварышам, з-за складаных абставін не ўдалося. У вучэльні юнак напісаў ня-мала вершаў. У іх выразна бачыцца захапленне роднай старонкай, туга па любай Айчыне, вера ў яе лепшую будучыню. Аптымізм і надзея , напрыклад, гучаць у вершы "Гэй, сябры!"

Нямала ў Пятра Калбыкі шчымлівых і трывожных радкоў. У вершы "Загінуў наш цвет" (у прысвячэнне загінуў-шаму сябру) аўтар асуджае нелюдзяў, прагных да крыві:

За шчырую працу,

За родную справу,

Вы, злыдні-бандыты,

Зрабілі расправу.

Боль за мукі людскія гучыць і ў іншых творах.Летам 1944 года Пётр Калбыка ў 18 - ці гадовым узросце прызываецца ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях пад Варшавай і ў Цэнтральнай Польшчы, затым - ва Ўсходняй Прусіі. 6 лютага 1945 года малады салдат быў цяжка паранены і ў шпіталі пад Эльбцантам закончыў свой зямны шлях. У кішэні яго гімнасцёркі разам з дакумантамі знайшлі чарнавыя накіды вершаў. Вядома, на беларускай мове. А яшчэ ёсць сведчанні, што прыйшоўшы ў прытомнасць перад самай смерцю Пеця шаптаў адрывістыя фразы. Гэта былі яго вершы.

Ніжэй прапануюцца некалькі твораў Пятра Калбыкі з яго паэтычнага сшытка 1942-1944 гг. Сшытак, нажаль, застаўся недапісаны, а песня маладога аўтара - абарванай.

Алесь Жалкоўскі .


Песня звонам разальецца

Хоць песнь мая яшчэ няўдала,

Хоць ў ёй няма таго агню,

Каб сэрца й душу хвалявала,

Муціла звонам цішыню,

А, хутка прыйдзе, прыйдзе час,

І песня звонам разальецца,

А звон яе ўсхвалюе вас

І ў вашых сэрцах адклікнецца.

Бо чую я агонь ў душы,

Пачатак творчай хвалі.

Адным адзін паміж цішы

Пачну будзіці далі.

Табе, табе аддам труды,

О, край мой наймілейшы!

Свае пакіну тут сляды

На памяць дням яснейшым.

12.02.42г.


Прадбачу я

Прадбачу я той страшны час,

Што ў нашы годы маладыя

Зямелька-маці прыме нас

І ад людзей ліхіх укрые.

Нам стуліць вочы наўсягды.

Ня збудзіць, не!..

нас песьняў звон.

..........

Цяпер, пакуль дык сэрца б`е...*)

*) Верш застаўся не скончаным (рэд.)


* * *

Пакляпаўшы добра косу,

Косаньку стальную,

Выйду з ёю я на росы

Ў траваньку густую.

Размахнуся на прыволлі,

Накладу пракосаў.

Ідзе работа, як ніколі,

Ў лоне буйных росаў.

Мілы ветлы халадок

Прыдае ахвоты,

Недалёкі ручаёк

Звоніць тыя ж ноты.

Свішча косанька стальная,

Звоніць срэбным звонам,

Траўка клоніцца густая*)

…………………………

*) Апошні радок не дапісаны (рэд.)


Ларысе Геніюш

Хоць жывеш далёка

Ад сваёй краіны,

Ды адтуль ты бачыш

Родныя даліны.

Бачыш сенажаці

І палёў разлогі

Як на іх працуе

Беларус убогі.

Бачыш лес магутны,

Чуеш яго гоман,

Як плыве, бурліцца

Срэбналіцы Нёман.

Бачыш, як рунее

Траўка маладая…

Як шуміць даспеўша

Ніва залатая…

Чуеш, як шчабечуць

Птушкі навакола,

Як іграюць краскі

Ветліва, вясёла.

Стуль прыемным звонам,

Звонам срэбналітым

Славіш край свой родны

Сонейкам заліты.

Пэўна, што пяснярку

Ўсцешыла навіна,

Што ўжо вольнай стала

Родная краіна.

Дык віншуй радзімку

Песняю шчаслівай,

Што закрасавала

Васільком над нівай.

Сябрам

Шукайце праўды, яснай,

як праменні,

Шукайце тых нязведаных

шляхоў,

Каб даць прастор ўсім

новым пакаленням

Айчызны нашай

будучых сыноў.

Туды, дзе мгла,

дзе цемень векавечна,

Вы пракладайце сонечны

свой шлях,

Каб сын ўжо твой

ішоў туды бяспечна

І ня блуждаўся там

у пацьмах!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX