Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 4

Сяргей Астравец. Багадзельня


Аўтар: Астравец Сяргей ,
Дадана: 17.12.2001,



Скіфы...

Сардэчна віншуем Нашага Шаноўнага

Аўтара з нядаўнім выданнем яго кнігі

"Цэнзарскія нажніцы" (Мн., 2000г. 548 стар.)

і зычым Яму новых поспехаў на Ніве

Беларускага Прыгожага Пісменства! (рэд.)


Мы ведаем пра іх дужа мала, бо яны не ўмелі пісаць. А калі ўзяць этрускаў, люд куды меншы, ды здолеў ён апавесці нам пра сябе. Пісьмёны этрускаў забяспечылі ім неўміручасць.

Кнігі. Значыцца, патрэбны кнігі. Гэткія, якія не дадуць памерці памяці пра таленавіты народ, што стварыў іх.


Багадзельня

З жыцяпісу брамніка

Стары прыйшоў сам, пешкі, сціпла пагрукаў у браму і з усмешкаю працягнуў Бальтазару паперчыну з пячаткаю. З тае пары навічок не прамовіў ані слова. Ягоную адрознасць у паводзінах, параўноўваючы з іншымі жыхарамі, Бальтазар вызначыў літаральна з першага дня. То былі надзвычайная далікатнасць і памяркоўнасць у стасунках з іншымі. Зрэшты, асобы тут усе збольшага ў даўнасці былі паважаныя і пашанотныя. У тутэйшы Дом спакойнае старасці трапіць было няпроста.

Публіка сабралася самая разнастайная. Быў адзін генерал. Ён заўжды шпацыраваў у мундзіры і штодня мяняў на ім белы каўнерык. Дарэчы, рабіў гэта ён не сам. Падшыўку, прасаванне, як і шараванне ботаў да бляску, выконваў за яго ардынарац - дзядзька немалога ўжо веку, які таксама нібыта ваяваў у тым самым міфічным войску. Іхняя армія даўно не існавала, ды ці існавала яна наогул… Хаця скуль жа тады гэты мундзір, генеральскі, як мае быць?

Жыхарстваваў сярод іншых і літаратар. Ён, гэты паэта, дужа падабаў дэкламаваць вершы ў часе вячорных гарбатак. Складана было іншы раз даўмецца, ці ягоныя яны, настолькі ўражвалі паасобныя з іх. Хто ведае! Хоць ён цяпер нічога не вершаваў, дык жа мог рабіць тое дагэтуль, даўней. Але Бельтазару здавалася, што вершы, магчыма, належалі тым паэтам, якіх ужо не было, як і саміх іхніх імёнаў.

Была і іншая досыць цікавая публіка. А хоць бы сівы мастак, які грамадскім пачынам фарбаваў сцены падчас рамонтаў, той жа актор, што дапамагаў санітарам выносіць, прабачце, спражненні. Карацей, цэлы букет багемы. Сам жа старэчы дом зваўся проста - " Наша будучыня".

Стары трымаўся асобна. Часам можна было бачыць, як ён браў місу

са сваёй кашай-груцай і сунуўся да стаўка, сядаў на беражку і, пазіраючы на ваду, спажываў страву. Заўсёднае маўчанне, задуменны твар, адлучанасць надавалі яму выгляд святога, якому прасвятлілася нейкая вышэйшая ісціна, зведаўшы якую, ён ужо быў не дужы пераказаць яе іншым, бо зацяўся, уражаны. Казалі, што ён напісаў кнігу, але бадай ніхто не даваў гэтаму веры. Кніга, нібыта, была напісана па дзесяці гадах працы і пакутаў. Выдаў яе стары ўласным коштам і зусім, можна сказаць, згалеў. Ці ж гэта жарты, гады не выходзіць з архіваў! І чаго яму собіла прыдбаць сабе хваробу страўніка?

Аднаго разу на тыдзень Бальтазар меў звальненне ад працы. Зазвычай гэты дзень ён выкарыстоўваў на вандроўкі ў наваколлі, а ў сапсутае надвор'е праседжваў у прыдарожным шынку, п'ючы, залежна ад гумору, піва або каву - свае ўпадабаныя напоі. Наведвацца ў мястэчка ён не любіў, бо яго там усякі ведаў. Бальтазар дагэтуль рабіў у газеце "Шчырая шчырасць" рэпарцёрам, ды прымушаны быў пакінуць свой занятак.

Але яго ўсё ж вабіла туды, дзе было пражыта ўсё папярэдняе жыццё. І ён нарэшце, пасля ваганняў з бутафорскімі вусамі, апынуўся тамака, дзе смярдзяць спаленай газаю аўтамабілі і на кожным рагу гандлююць газетамі. Ён крочыў, адчуваючы няўтулак з прычыны свайго блазенскага выгляду. Яшчэ Бальтазар усё ж страшыўся, што яго могуць пазнаць, таму ішоў найгустою прысадаю, якою можна было патрапіць у дзелавую частку мястэчка - асяродак устаноў і крам.

Крадучыся гэтак, ён натрапіў на ззелянелы ад цвілі помнік абцятаму па клубы Куміру, які грукаў кулаком сабе ў грудзі. Бальтазар з прыкрасцю пасміхнуўся, бо ведаў, што на пляцы цяпер іншы помнік, іншаму чалавеку, куды як большых памераў, на цэлы рост і з рукамі ў кішэнях. Яшчэ яму падалося, быццам гэтага, што ў прысадзе, бачыў некалі на аўтамабільных могілках. Іржа паступова ператварала тое ламачча ў рудую парахню. Адзін толькі Кумір, зялёны ці то са скрухі, ці ад шалёнай злосці, трываў. І, бач ты, зноў прычакаў свайго часу. Людзям, напэўна, зрабілася сорамна свае няшчырасці, і яны рэанімавалі помнік, патрапіўшы пры гэтым застацца палавінчатымі і непаслядоўнымі: цалкам верагодна, што Бальтазар быў першы, хто яго з таго дня ўбачыў.

На вуліцах грувасціліся безліч разоў пераробленыя будынкі, таму немагчыма было вызначыць, у якім стылі яны былі збудаваныя першапачаткова. Шыбы вітрынаў запоўнены парафіннай садавінай, кардоннымі цаглінамі сыру ды нізкамі каўбасы з пап'е-машэ. Проста на бруку мясціліся яткі гандляроў. Бальтазар на хвіліну спыніўся, загледзеўшыся, як на просьбу пакупніка мажны дзядзька з маршчыністым асмужаным тварам і дужымі рукамі спрытна выхоплівае з агню печаныя каштаны. Побач можна было выбраць якуюсьці, паводле ўласнага густу, рэгалію. У мястэчку ўважалася за добры тон уладаць якою-кольвечы ўзнагародаю.

Над магістратам матляўся сцяг няіснага гаспадарства, няіснага, бо яно не мела ўласнага войска і не біла манету. Але самы від штандара абудзіў у сэрцы Бальтазара настальгію па вайсковай службе. Чамусьці першым, што прыгадалася, было тое, як іх узнялі загадам на досвідку а чацьвертай гадзіне і табуном, не ў нагу, абы хутчэй, пагналі ў палац Правасуддзя. Таго дня мусілі адбыцца выбары. Сваяк іхняга палкоўніка балатаваўся на якуюсьці пасаду ў магістраце. Таму яны і былі ўспораты з ложкаў ані ўдзень, ані ўноч і, прыспаныя, апатычныя і разам дужа зазлаваныя, рушылі. Здавалася: у месце па-над усім панаваў моцны, зніштажальны сон. Аднак , не зважаючы на гэткі дурны час, у дарозе надарыўся ім залатар з бочкай і, крыху спагадзя, нейкая надзвычай ранішняя "птушка", дзяўчына, мінаючы якую шыхт сяк-так пажвавеў, хоць і пад злосную лаянку капрала.

Віднела. Старэчы - вартавы ў палацы Правасуддзя - напачатку злякаўся. Ну вядома, яму магло падацца, што гэта прынамсі змова палкоўнікаў і будынак будзе захоплены прымусамі! Але калі дайшло да паразумення, ён згадзіўся адамкнуць. Яшчэ запомнілася, як яны, адзін за адным, атрымаўшы папярэдне з рук маёра нейкія аркушы, укінулі іх у шчыліну скрынкі кшталту паштовай.

Дый ці замала ўзгадак можа абудзіць векавечны мур або нават і месцінка, дзе ён калісьці стаяў, гэткі, здавалася, непарушны, але быў зруйнаваны, як гэты стары тэатар, што нібыта дужа замінаў праезнай дарозе!

Тэатар… Тады як быццам ішла п'еса кагосьці з элінаў. Імя аўтара

памяць не ўтрымала. Дык затое назва адбілася ў ёй выразна: "Ядначэ, або Трацейскі суд". Бальтазар пазніўся з друкарні, дзе быў затрымаўся з метранпажам. Па-за дзвярыма ложы ён рассунуў машастовыя заслоны і прыстаў. У асветленай паходнямі пляцоўцы людзі рухаліся нейк спаважна, урачыста. Кожны быў апрануты ў тогу.

Калі нарэшце вочы прызвычаіліся, ён убачыў, што ўсе месцы былі занятыя. Намацаўшы ў кішэні запальнічку, Бальтазар выняў яе і, схіліўшыся, крутнуў большым пальцам насечанае колца. Кволы агеньчык асвятліў лічбу "7", і тады Бальтазар праказаў да седака:

- Проша пана, пан не на сваім мейсцы.

- То на чыім жа?! - злосна з гатоўнасцю сыкнуў той, нібы рыхтаваўся да пытання і нячутна прагаворваў адказ увесь гэты час.

- Я маю квіток на гэтае крэсла…

- А я на суседняе, якога тут, нажаль, няма!

- Як, гэта я нічога не разумею.

- То я пану растлумачу, - раздражнёна пачаў пан, які гвалтам заняў не сваё месца. - адразу па пятым знумаравана сёмае. Таму я тут і сяджу. Бо ведаю: па пятым мусіць быць шостае, гэта значыць маё. Пан не згодны?"

- Згода, згода, - не стаў спрачацца Бальтазар, абы было ціха.

Тады маё тое, што таксама занята, ёсць маім?" - падумаў ён.

Чалавек, што займаў наступнае месца, таксама быццам толькі і чакаў тае хвілі, калі ў яго запытаюцца аб нумары крэсла. Пачаўшы няўпэўнена, ён, згледзеўшы памяркоўна-інтэлігентнага супраціўніка, пасмялеў:

- Гэта непаразуменне! Я паклічу паліцыю!Вы што, лічыць не здатныя?! Якое наступнае ад гэтага крэсла? Дзевятае. Значыцца, папярэдняе ёсць маім, восьмым. А калі хто там з нумарацыяй наблытаў, мне гэта не да рэчы.

Што заставалася рабіць яму, Бальтазару, чалавеку, з квітком на месца, якога, атрымлівалася, не было? Насланнё. Але, калі ён стаяў каторую ўжо ўтомную хвіліну, пераступаючы з нагі на нагу, ягоных суседаў пачало, відаць, турбаваць сумленне. Яны сталі раптам узахапы прапаноўваць яму сесці, кожны на сваё занятае крэсла, хоць бы на самым ускрайку яго. Бальтазар як мог адмаўляўся праз свае сціпласць і няёмкасць, ажно пакуль на іх не засыкалі іншыя гледачы. Каб не замінаць болей нікому, Бальтазар мусіў быў згадзіцца і цяпер сядзеў на двух крэслах адразу. Да сканчэння дзеі было яшчэ багата часу, а ён адчуваў, што наўрад ці ўбачыць канчатак, бо разумеў хісткасць свайго становішча…

Гэх, войска, войска! Каму-каму, а Бальтазару было вядома: яно існавала даўней, скасаванае потым на Бітве народаў. Ён памятаў, як яны выпраўляліся ў збройны паход, не ведаючы , ці ўбачаць зноў вочы каханых. Наперадзе шыхту - сцяг, на якім зіхацелі літары, штосьці сентыментальнае, накшталт "Вы ідзеце паміраць, каб жыла Бацькаўшчына". Ды простыя гэтыя словы звычайна мацавалі баявы дух як мае быць.

Потым паплыла па-над шыхтам сумная песня: нешта аб жаўнеру ды дзяўчыне. А тады іх пагрузілі на чыгунцы ў вагоны цягніка. Калі паравік загуў удубальт і нервовы штурхель дрыжыкамі пракаціўся ад вагона да вагона скрозь цягнік, дзецюкі, што выхіліліся з вокнаў, зухава грымнулі: "Свішча куля!.."

Іх тады, сорамна ўзгадваць, павялі ў бой, каб задушыць паўстанне, празвнае афіцыйным друкам "мяцяжом". Два словы-сінонімы, але сэнсавая розніца паміж імі істотная: плюс і мінус ёсць знакі супрацьлеглыя. Наогул час ішоў, улада змяняла ўладу. Але кожная з дзіўнай нязменнасцю ўсялякага, хто спрабаваў выступіць супраць яе, менавала "мяцежнікам ". Так што адзін чалавек, дзякуючы розным друкам, быў адначасна і героем і лотрам.

Кабета загарнула яму крэветкі ў газетны аркуш. Ён сядзеў у скверы і, спажываючы іх, чытаў старыя навіны. Прыёмы, абеды, паляванні. Біржавыя курсы. І ўсё той жа подпіс у самым канцы, на апошняй балонцы. Ах, як жа яны з ім тады пагаманілі! Сівы Бальтазар нагадваў хлопчыка. Што ж ён меўся давесці таму, у чорным скураным крэсле? Тое, што ён можа і мае? Тое, што нічога не змянілася, не з'іначылася? Спачатку, руйнуючы турмы, будавалі храмы. А потым? І які тады гэта закон, калі з дня яго абвешчання амаль не засталося помнікаў? А калісьці ж, сотню гадоў таму, адразу па вызваленчай вайне, іх было безліч.

Патрон быў барвовы ад раз'юшанасці, але Бальтазар на гэта ўжо не зважаў .

- Усе мы не без граху. Ды чым большая ў чыноўніка пасада, тым вялікшы грэх, ім учынены. Найвялікшы - у тыранаў, уладальнікаў кароны і жазла. Хіба магчыма параўнаць грэх таго няшчаснага гладыятара, які перамог на арэне, і імператара, што пазіраў на крывавую бойку з вышіні амфітэатра?

- Прызнаюся вам, мне часам прагнецца ўвярцецца ў свой куколь, увабрацца ў шкарлупінне ды пакінуць дзірачку, каб дыхаць. Яшчэ мяне ад даўнага турбуе праблема. Месяца. Хіба мы ведаем яго, калі не бачылі ніколі ягонага адваротнага боку? І што ні кажыце, ваша экселенцыя, магчымасць не казаць яшчэ не свабода слова!

- Прэч адсюль, лайдак. - Узняўся, абапёршыся на стол, той. - Вынасіся зараз жа! Ты тут болей не працуеш.

Гнюсная звычка клеіць ярлыкі ўсталявалася з наіву старажытных. Бальтазар даўно ўжо з прыкрасцю ўсвядоміў іхнюю памылку, упершыню вынесшы гэтае разуменне з наведання тэатра. Маскі, маскі, маскі. Апушчаныя долу вочы, вінаватая ўсмешка. О, пазнаю, гэта, зразумела, Цнатлівасць. А поруч - яе сяброўка Дабрачыннасць. Вось яшчэ, тая, што з вялікімі вачмі, то Хараство. Ну, а гэта Правасуддзе: гняўліва ссунутыя бровы, у вачах - маланкі абурэння. Незамала і заган - ворагаў чалавецтва, іх цэлы хаўрус. Брыдкія твары, здрадлівыя вочы. Як усё проста! Беручы скрутак пергамену, ён, старажытны песняр-трагік, рыхтаваў для сваіх твораў толькі дзве фарбы: белую і чорную. Наіўны продак! Калі ў мастацтве, а пагатоў у тэатры гэты прыём стагоддзі меў рацыю, прынамсі, не рабіў вялікай шкоды людзям , дык у жыцці, па-за дзвярыма глядзельнай залы, усё здаралася наадварот.

Гэта быў шынок, дзе раней збіраўся літаратурны гурток, які, дарэчы, чаго б там ні казалі, ніхто не разганяў, бо не было ў тым патрэбы: ён распаўся сам сабою. Хоць і ўсе яны, "верхнікі" Пегаса, і дагэтуль не пакінулі сваіх утульных гарадскіх кватэр, бо век іхні не даваў падставы меркаваць, што нехта ўжо не жыў.

Выпіўшы куфель моцнага піва, Бальтазар выйшаў і накіраваўся ў кнігарню - апошні пункт сваёй вандроўкі.

Тамака, у кнігарні, яго чакала неспадзяванка. Бальтазар даўно ўжо меў якую-кольвечы цікавасць хіба толькі да дэтэктываў. Ды й што яшчэ, скажыце вы мне, схоча чытаць чалавек, які сам уласнаручна напісаў і прачытаў ад шыльды да подпісу рэдактара сотні, калі не тысячы паасобнікаў газет? З прычыны даўнасці свайго апошняга візіту ў кнігарню ён затрымаўся ў ёй. Але, прабавіўшы з гадзіну часу, нічога не нагледзеў. Ужо перад адыходам яго пагляд запыніўся на ўцэненых кнігах. Цэлую паліцу між іх займаў аднастайны шэраг сціплае кніжкі ў шэрай вокладцы. Бальтазар вылузаў адну і ледзь не заенчыў: на тытуле было імя таго маўклівага старога.

Кніга была невялікая. І гэта здавалася спачатку дзіўным. Усё жыццё ахвяраваць дзеля твора, які іншы можа выдаваць штомесяц і мець з таго ладную гатоўку. Але з цягам таго, як Бальтазар паглыбляўся ў змест, яму пачынала штосьці расчыняцца дагэтуль невядомае, замкнутае на сем завал. Бальтазар захапіўся чытаннем і таму, баючыся, што яно неўзабаве скончыцца, жорстка абмежаваў сябе адною старонкаю ў дзень. Гэтае забароны ён няўхільна пільнаваўся. Ды нельга сказаць, каб яму гэта лёгка давалася. Па сканчэнні трох хвілін задавальнення наставалі утомныя гадзіны пакутаў і свербу разгарнуць кніжку на наступнай старонцы. Але нават калі ён зноў браў яе ў рукі, ды праглядаў толькі папярэдні аповяд і пры канцы чытання ведаў кніжачку напамяць, як "Ойча наш".

І дагэтуль меў Бальтазар не дужа добры сон, а цяпер і зусім яго страціў. Подаўгу ляжаў, не здольны заснуць, і ўзгадваў паасобныя кавалкі з тэксту, часам прагаворваючы іх уголас. Былыя пацеры пакрысе забыліся, сцерліся з памяці. Мо таму, што былі чужыя і не краналі сэрца? Хто ведае…

Здаўна штось падспудна расло, спелілася ў ягонай душы. Ён счакаўся стравы свайму розуму. І гэтая кніжка сталася залевай на выпетраную спарахнелую зямліцу, глытком вады ў зясмяглыя парэпаныя вусны. Бальтазар пачаў напружана думаць, разважаць, меркаваць аб прачытаным. Ад высновы да высновы, далей, вышэй ад штодзённага клопату. Аднойчы ён заўважыў, што сам нібы зацяўся, зрабіўся сугнеем. Ён стаў мала надаваць увагі сваёй працы, што было адразу заўважана. Бальтазар і сам разумеў недарэчнасць уласных паводзін, але ўжо быў не здатны спыніцца. Нейкая вабная, разам гіпнатычная ды неадольная сіла цягнула, кіравала яго за сабой кудысьці далёка. Але куды, ніхто не мог ведаць сярод гэтых старэчаў, для якіх зыход, а значыцца, і кірунак, рух быў цяпер толькі адзін-адзіны. Таму кожны з іх марна спрабаваў пазбавіцца думак аб ім, якія вярэдзілі кволыя розумы і сярэдначы і бясоннымі світанкамі, ды нават і ў часе рэдкіх і кароткіх радасцяў чорныя думкі пра скон праціналі свядомасць, як самы нясцерпны боль. Вось чаму кожны насельнік імкнуўся зноў набыць той нірванна-абыякавы спакой, у якім былі прабаўлены дагэтуль доўгія ціхамірныя гады жыцця.

Стары ўжо ўяўлаўся яму святым пакутнікам: басанож, у адной сподняй кашулі, з мудрым, спярэшчыным зморшчынамі тварам, з зіхоткім колцам па-над гладкім лысым чэрапам і кніжачкай, якую прыціскаў кволаю рукою да грудзей. Усе жыхары мястэчка і навакольных вёсак ды сяліб складалі насельніцтва лапікавай дзяржаўкі, самая высокая гара якой не перавышала 323 метры над узроўнем акіяна. Абшар гэты тэрытарыяльна-адміністрацыйна зваўся Блаславёнай Зямлёй Літаніяй. "Няхай нас толькі тысяча, - пісаў стары. - Ці шмат гэта? Ці, можа, замала? Адкажу дваіста. Магло быць шмат… Дык, можа, праца мая дапаможа ім усім? Дай жа Божа? "

Тут Бальтазар не ўтрымаўся, памкнуўся, перакуліўшы крэсла, хапатліва соўгнуў ногі ў чаравікі і, незашпілены, без капялюша, на ровары, напрасткі, калдобістым шляхам паехаў у шынок. Узрушэнне, што апанавала яго, было вялікім, таму ён не адразу адшукаў у тэлефонным даведніку патрэбныя лічбы. У шынку, як заўсёдніку, яму дазвалялі карыстацца тэлефонам на дурніцу, за нішто. З цяжкасцю, але дазваніўся ён да кнігарні. "Тры экзэмпляры прададзены", - адказалі яму і Бальтазар з палёгкай паклаў слухаўку на месца, на вагар.

- Чаму ў нас такая абцятая, непаўнавартасная гісторыя? - не адзін дзень разважаў Бальтазар. - Ды таму, што не маем свайго гаспадарства. А яго, зразумела, таму і няма, што сваёй гісторыі не існуе, не напісана як след. Заганнае кола. Не, сам падручнік як і хартыя непадлегласці, быў парадна выдадзены. У ім было ўсё: і тое, якімі бочкамі мералі некалі жыта, і колькі ворыва вакол меў селянін, а таксама колькасць курэй і качак у ягонай гаспадарцы. Ды й шмат чаго іншага, усяго і не прыгадаць. Не ставала толькі, здавалася б, дробязі - асаблівага духу, што цамянкай намёртва змацоўвае ўсе гэтыя бочкі ды собскае быдла ў адзіны мур, які завецца ва ўсіх народаў Гісторыя.

Бальтазар зноў і зноў пачынаў пакутаваць ад сумніву. Як няма гісторыі, то ці ёсць яны наогул народ? Бо што такое народ? Пэўная колькасць людзей, што жыве ў адной мясціне, працуе на адным бровары ці цагельні, чытае адную газету, нарэшце, ходзіць штонядзелю ў адну бажніцу і спажывае хлеб з аднае пякарні? Не, бадай што народ ёсць субстанцыя не матэрыяльная, бо дух, што яго стварае, - не ўлоўны пачатак, які не памацаць рукамі і не ўбачыць на свае вочы, каб пераканацца ў яго існаванні. Але без гэтага пачатку няма рады: жыхары застануцца ўсяго жыхарамі, хоць пуды хлеба ды солі з'ядуць з агульнага стала. Камяк гліны не станецца зачаткам, высахне і скамянее, а з цягам часу рассыплецца ў парахніну…

Усё ў прыродзе мае свой пачатак і свой канец. Гэтак і ў жыцці чалавека. Маленства, сталасць, старасць і, урэшце, скон, смерць. Ды існуе разам з тым і працяг. Памірае бацька, дык застаецца жыць сын. У гэтым вялікі сэнс жыцця. Але што, калі сыны пачынаюць мерці, не зачаўшы яшчэ сваіх дзяцей?

Сыны Зямлі - народы, тыя тры тысячы моў, што яе насяляюць. Паміралі і яны. Ды смерць тая была розная. Смерць сучасная, у лабараторнай прабірцы, - страшная… То чаму ж мой народ - першы?! Не крыўдна загінуць у баі. Толькі навошта бяззбройнаму шэрагу загадваць палічыцца на першы-другі? Завошта такая страта, людцы?!

Але ж калі такі лёс, дык трэба хаця дзеля найвышэйшай справядлівасці пакінуць па сабе памяць, добрую, каб хоць нашчадкі людства пашкадавалі аб загінутым народзе. Якою можа быць тая памятка ў пантэоне народаў? Можа, пабудаваць з камення дзіўнага хараства палац ці горад? Але ж, як і народы, гарады з часам без знаку гінуць на раздарожжах гісторыі, засыпаныя пяскамі, запарушаныя вулканічным прыскам або схаваныя ў воднай нетры. І - ані знаку. На месцы найстаражытных цывілізацый - пустэльня або суцэльны аблог з узгадаваным у процьме куколлем. Скіфы, як вядома, даказалі словы. Ды мы ведаем пра іх дужа мала, бо яны не ўмелі пісаць. А калі ўзяць этрускаў, люд куды меншы, ды здолеў ён апавесці нам пра сябе. Пісьмёны этрускаў забяспечылі ім неўміручасць.

Кнігі. Значыцца, патрэбны кнігі. Гэткія, якія не дадуць памерці памяці пра таленавіты народ, што стварыў іх. Толькі хто напіша тыя кнігі?

Бальтазар зноў зірнуў на прачытаную кніжачку. Была яна невялікая памерам, у таннай вокладцы, але зручная ў фармаце, такую добра было насіць у кішэні і кожнага разу разгортваць. Гэтак маюць пры сабе кантычку.

Але што кантычка? Ці ўратавала яна калі чалавека, ці дапамагла? Ды і што тая кантычка… Слёзы замілавання над ёй праліваць? Ці прыйсці на пляц і заклікаць раззявак шанаваць яе, сарамаціць люд за яго паталагічную абыякавасць?

Ад нямоцы Бальтазару захацелася напіцца, як даўней. Калісьці ён часцяком піў гарэлку сам-насам, а п'яны часам пляскаў па-бабску сябе па твары, штораз распаляючыся самадакорамі:

- Я - свіння. Я пра-да-юся! Я прадаюся за брыдкія грошы…

А назаўтра ён ішоў у офіс, сядаў за свой стол, і зноў браў у руку самапіску, адкрываў бутэлечку з атрамантам і клаў перад сабою чысты аркуш.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX