Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 4

Уладзімір Васько. Паэзія 


Аўтар: Васько Уладзімір,
Дадана: 17-12-2001,



Уладзімір Васько

Ачышчайся

Ад смецця чужога

Вадою радзімай,

Да духоўнай крыніцы

Народа свайго прыпадай.

Хай жа будзе табе

І падмогай,

І ўцехай адзінай

Наш хваёва-пралескавы,

Свіцязанска-наднёманскі

Край!


Зямля Беларусі.

Я жыву ў самым цэнтры

сусвету, Еўропы і часу.

Думкі гэтай ніхто і нідзе

не аспрэчыць бадай.

Тут дабро і спагада

навекі злучыліся разам,

Людзі кажуць: "Вазьмі"

і саромяцца вымавіць:"Дай!"

Ад духоўных нядугаў

тут лечаць і Нёман і Свіцязь.

Забяры хто адгэтуль мяне -

я - адразу ж памру.

О,Зямля Беларусі,

Я праведнік твой непахісны і

віцязь.

Ты сумленна жывеш -

і ад сораму я не згару.

Не шпурляй мяне, бура,

У злосці пад неба, бо дарма:

Я ўсёроўна вярнуся сюды -

На свой родны абсяг,

Дзе мяне нарадзіла

Мая незабыўная мама,

Дзе зялёная пушча -

Мой вымпел, мой Гімн

і мой Сцяг!..

Поясам Нёмана

Шукаю для вершаў

сваіх вітаміны

Ў старым Наднямонні,

у пушчы глухой.

Аглядваю поймы, крутыя

страмніны,

Ці раюся проста

з прыгожай ракой.

Я ім нараджэннем

сваім абавязан,

Што сёння паэт,

а не подлы крэцін.

Я поясам Нёмна навечна

прывязан

Да роднага краю,

да гэтых мясцін.

Усё так спакойна мне ў кроў

пранікае -

І выспы, і плёсы, і сведкі-буслы, -

Бы штосьці святое наўкола вітае

І радуе дух мой,

і цешыць мой слых.

Доля журналіста

Ліпічанская пушча -

пачатак дарог і трывог,

Два агеньчыкі воўчых

вачэй у начы,

На прасторах жыцця

я не тое, што раптам знямог,-

Я стаміўся крыху,

дай на ўлонні тваім адпачыць.

Па шляхах журналісцкіх

я нямала праехаў, прайшоў,

Перамераў сцяжынак

да фермаў, майстэрняў.

І прапах сырадоем

і сіласам мой кажушок,

І растрэсла мяне

на няроўных жыццёвых

карэннях.

Толькі ў лёсы людскія

заўсёды ўрываўся з дабром,

Калі хто іх наводмаш

хацеў перакрэсліць.

Нібы цяжкія рэйкі,

радкі я варочаў пяром,

Каб найлепш іх пакласці

на шлях

Да пакрыўджаных сэрцаў.


* * *


Рана мне

складваць крылы,

Думаць пра вечны спакой.

Лебедзі стол накрылі

Над казачнаю ракой.

Пайду! З імі

кроў узрушу,

Развею службовы чад, -

І пераўтворацца птушкі

Ў наднямонскіх дзяўчат.

У Кучынскага.

Пайду да старога Кучынскага,

Ён любіць як я гаманю

І вершы, здаецца,

Вярцінскага, -

Пайду ўдакладню.

Ён дачу прыдбаў адмысловую,

Жыве тут адзін,

нібы воўк,

І водзіцца часта са словамі,

Каб скласці лірычны радок.

Зацягне ён песню народную -

Аж рэха расчуліць лясы,

І стане часіна лагоднаю

Для нас, для ласёў,

і ласіх.

І зробіцца лёгка і хораша,

Растане, бы снежка, нуда.

- Браток. Не было б

толькі горшага.

А вершаў пісаць не кідай…

У спёку

А палі сумлення

трымаюцца моцна,

І мост, што на іх

не павінен упасці.

Як дух свой па свеце

рассейвае Моцарт,

Так вецер развейвае

спёкі напасці.

І ўсё-такі спёка,

і ўсё-такі млоснасць.

О! Хвалі, разгойдайце

дух мой і плоць

І хоць на поўдня

падарыце мілоснасць,

Каб я змог нуду,

як змяю, закалоць.

Як лашчацца хвалі!

як пырскі шугаюць!

І спёку, як быццам

рукою, зняло.

Каго гэта чаплі

на плёсах чакаюць?

Каго зачакалася

ў лодцы вясло?

Ні дзён, ні гадоў

не злічыць тваіх, Нёман.

Куды ты імкнеш

і па што ты імкнеш?

Дазволь мне ў цябе

быць паэтам наёмным,

А зараз прымі

гэты просценькі верш.

У пушчы паэзіі

Я згубіўшыся у Пушчы

паэзіі нашай,

На бяросце друкую

я вершы свае.

Прымірыцеся, людзі,

з такою прапажай.

Дзякуй Богу, што Пушча

натхнёна жыве.

Не пачуеце вы,

дык пачуюць казулі,

Хто тут голас

з глухога кутка

падае.

Мае рыфмы - зязюлі

яшчэ не паснулі,

Дзяцел рытму

ўсякіх нячысцікаў б`е.

Тут мяне абмінае

ўсялякае ліха,

Дух бадзёры

ў дугу аніхто не сагне.

І бабёр малады

з маладою бабрыхай

З надазёрнай вярбы

помнік выгрызуць мне.

Байка пра калючку

Абступілі лідскія азёры

У гумовых ботах рыбакі,

Але ўцёк кудысь карась мацёры,

Зніклі краснапёркі, шчупакі.

Гойдаюцца паплаўкі на хвалях,

Не ідуць раптоўна пад ваду.

Беднымі і мы, і вадаёмы сталі,

Ловім і ў жыцці сваім нуду.

Замахнуўся дзядзька зноў вудзілам:

Хочацца хоць што з вады дастаць.

Бо пустуе ў хаце халадзільнік

І мінтай няма за што купляць.

І, глядзі, нібы пашанцавала:

Паплавок штось пацягнула ўбок -

І ў паветры ўжо затрапятала

Рыбка мо з гарохавы стручок.

І ўзмалілася калючка:"Слаўны!

Адпусці! Што хочаш, я зраблю,

Я табе і пенсію прыбаўлю,

І ватоўку новую куплю".

Толькі дзядзька верыць не збіраўся,

Быў ён хітры і не з раззявак.

Нешта ў галаве "пакалупаўся"

І прамовіў, апантаны, так:

"Развяла свае тут тралі-валі!

Хоць была б пародзістай, як лешч…

Нам ужо ўсяго наабяцалі,

Толькі жыць ад гэтага не лепш…"

Нашчадку

Вечны сімвал жыцця -

Гэта сімвал

Празрыстай крыніцы,

Узаранага поля

ўзрушаны грай.

Немагчыма зусім нам

У гэты абсяг не ўлюбіцца.

А ўлюбіўся -

Душой родны край падпірай.

Ні яму, ні сабе

Не давай у адхон ліхалецця

зваліцца.

У смугу даляглядаў

Свой агонь пачуцця пасылай.

Б'ецца ў грудзі гадоў,

Нібы сэрца,

Святая крыніца.

Не давай замуціць яе

Чужаку не давай, не давай!

І ніколі нідзе

Не адчуй сам сябе сіратою.

Калі лёс выпадкова

Цябе занясе за мяжу,

Хай у снах і ўяўленні

Наш кут ды прабудзе з табою,

Хай заўжды развярэдзіць

Да болю душу.

Ачышчайся

Ад смецця чужога

Вадою радзімай,

Да духоўнай крыніцы

Народа свайго прыпадай.

Хай жа будзе табе

І падмогай,

І ўцехай адзінай

Наш хваёва-пралескавы,

Свіцязанска-наднёманскі

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX