Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 4

Станіслаў Суднік. Эцюды


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 17.12.2001,



Станіслаў Суднік

Белых вятроў

белагрывыя коні

Беляць сувоі

бясконцых прастораў,

Белая Русь

у палёце Пагоні

Белым мячом

дакранаецца зораў.


Эцюды

Ноч глыбокай

восенню

Ніца сцелюцца гнуткія лозы,

Крэхча сцяты марозам

дзірван,

Стогнуць белай тугою

бярозы.

Вецер рве спарахнелы

рызман.

Вые воўк за сцяной

буралому,

Крыж пахілы ля грэблі

скрыпіць,

Зоркі сеюць адвечную стому,

Месяц гнутай бляшанкай

блішчыць.

Ападаюць гадзінаў

сняжынкі,

Ноч сцякае слязой па шчацэ,

Адплывае дадому сцяжынка

Па яшчэ не закутай рацэ.

Ніца сцелюцца гнуткія лозы,

Спавіваюць пустэльны аблог,

І шапоча пад цупкім марозам

Душ скалелых памяты

трыснёг.

Бель

Белыя хмары на белых нябёсах,

Белае голле пад снежным

убраннем,

Белыя стужкі ў разбэрсаных

косах

Белых, марозам прымораных

зданяў.

Белых суметаў бязважкія цені,

Белая зайздрасць да белай

віхуры,

Белыя далі маўчаць у здзіўленні

Белым задумам бялюткае буры.

Белых вятроў белагрывыя коні

Беляць сувоі бясконцых

прастораў,

Белая Русь у палёце Пагоні

Белым мячом дакранаецца

зораў.

Белай тугой у бяздонні вачэй -

Белая памяць прайшоўшых

начэй.

Палотны

Дзе русалачка заўзята

Бліскаціць хвастом,

Паднямонскія дзяўчаты

Беляць палатно,

Сцелюць белыя тканіны

Усцяж на паплавах,

Прагінаецца пад імі

Свежая трава.

Ногі босыя нямеюць

Ад густой расы,

А ў лугах паўсюль бялеюць

Беллі паясы.

Што напралі, што наткалі

Мусяць даставаць,

Сцелюць полатны дзяўчаты

Ўмельства паказаць.

Ліпень

У ліпені цёплыя росы,

І ліпаю пахне зямля,

І млее высокая просінь

У сотах рудога галля.

У ліпені мяккія травы,

І птушкі ўстаюць на крыло,

І дзеці ў скляпеннях дубравы

Шукаюць заранкі святло.

У ліпені светлыя далі,

І час даравання грахоў,

І душы людзей на скрыжалях

Далёкіх і вольных шляхоў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX