Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 4

Алесь Стадуб. Мільянерка


Аўтар: Стадуб Алесь,
Дадана: 17.12.2001,



Апавяданне

Ён не любіў успамінаць тое, чым не раз яны адно другога папракалі. Яна і сёння ледзь не сказала, каб ты розум меў, каб ведаў не на тройкі ў школе тое, што трэба было ведаць нашмат лепш, то дапяў бы вышэй, чым на кіроўцу грузавіка. Але і ён мог бы таксама замахнуцца другім канцом, што каб і яна галаву мела, то не марнела б швачкай - матарысткай на сваёй фабрыцы за адчэпнанькія грошыкі.

Маўклівую апошніх дзён вераснёўскую ноч абудзілі сваім без дай прычыны брэхам гарадскія гарлапаністыя сабакі. Напэўна, і сёння першы пачаў Алесь Стадубспаніэль старога Кузьміча. Яго лапавушнік начуе звычайна на балконе трэцяга паверху гаспадаровай кватэры. Спаніэлю і тут сабачы інстынкт падказвае, калі яму і паглядзець туды, уніз, дзе, бегучы да дзіцячага садка, які поруч, праз дарогу, вынюхваюць усё чатырохногія валацугі. Ім тут звычайна падкідае нечага старажыха, павольная і баязлівая, але яшчэ ў сіле пенсіянерка, каб прынаджваць гэтых сабак, каб яны, калі трэба, і пабрахалі на прахожага, які, поблізу ідучы недзе познім часам, падазрона паварочвае галаву, паглядаючы паверх агароджы на корпус садка.

Калі ж дзяжурыць муж старажыхі, поўны, з моцным голасам, некалі ваейсковы чалавек, то сярдзіта адганяе дармаедаў, або не звяртае на іх увагі: пакруцяцца, паляжаць каля агароджы і разбягуцца.

І сёння, напэўна, так было. І сёння, напэўна, першы завёў на перабрэх лапавушнік старога Кузьміча. Бо калі Аня прачнулася, сабакі на ўсю перабрэхваліся. Не толькі брахаў на балконе Кузьмічоў, але брахалі рознапародзістыя і іншых сабакароў.

Аня, лёгшы не позна спаць, звычайна прачыналася праз гадзіну, а часам, добра нарабіўшыся за дзень, то і пазней. І, калі цішыню ніхто не чапаў, Аня, як бы праз сон, паварушыўшыся, зноў засынала і ўжо моцна спала аж да ранняй раніцы.

На гэты раз здавалася, што сон уцёк ад яе. Аня глянула на перакошаны цень аконнай рамы, які, як намаляваны, ляжаў на падлозе. Па гэтай раме, ведаючы, што скора поўня, па бляску яркага святла ў акно, яна, гаспадыня, здагадалася, што стрэлкі гадзінніка блізяцца да поўначы.

Глянуўшы на скупую і цьмяную бялявасць столі, ні аб чым не думаючы, яна раптам пачула, як на сваім ложку глыбока і глуха ўздыхнуў, нібы застагнаў, Пятро, яе муж.

Счакаўшы некалькі хвіль, Аня раптам ціха запытала:

- Ты не спіш?

Не адразу, кароткім словам ён адказаў:

- Не.

Каб распытаць, што непакоіць яго, чаму не бярэ сон, Аня зноў выразным шэптам дадала да свайго пытання, але ўжо пра нешта сваё:

- Мяне дык злосць разбірае, - і не закончыўшы інтанацыйна фразу, нічога не патлумачыўшы, напэўна, каб не пабудзіць дачку - пяцікласніцу, павярнулася са спіны на бок, як Пятру падалося, нават шумнавата, аж ложак зарыпеў.

Зачэплены гэтай, не да канца вымаўленай фразай "злосць разбірае", Пятро, адчуваючы, што жонка тут цяпер больш нічога не скажа, спакойна ўстаў і, пераступіўшы двума кароткімі крокамі перакошаны цень аконнай рамы, дадаў да вымаўленага ім кароткага "не":

- На балкон выйду.

Ён наконт жончынай да сябе злосці не хваляваўся. Нутро заспакойвала: на яго, Пятра, не павінна злавацца. Прычын не было і няма. Грошы, за якія распісваўся на рабоце, звычайна, аддаваў ёй усё чыста. Да жанчын не заляцаўся, бо да прыгожага і спакуслівага рыцара ні сам сябе, ні іншыя яго не маглі аднесці. А што тычылася левых, якія перападалі Пятру ад выпадковых пасажыраў, якіх падвозіў, едучы ў камандзіроўку ці з камандзіроўкі на сваёй бартавой, то Аня на іх не прэтэндавала. Муж за гэтае сваё купляў курыва, купляў піва, а то і запчасткі дэфіцытныя часам. Аня, калі ён, паставіўшы машыну, вяртаўся дамоў, паглядала на левую мурзатую кішэню з загнёным уверх ражком, але ніколі не камандвала выварочваць адтуль на стол. Ды і з дачкой у іх усё было спакойна. І сёння вечарам яна паказала яму, бацьку, свой школьны дзённік: адна чацвёрка, дзве пяцёркі. Дык чаго ж яе злосць разбірае?

На балкон Пятро не пайшоў. Ён сеў каля стала на кухні і, наліўшы з графіна гатаванай вады ў белы з адбітым вушкам кубак, чакаючы жонку, збіраўся зрабіць пару глыткоў, тых глыткоў, калі казаць па- праўдзе, яму не хацелася рабіць. Наліў, проста спадзеючыся на размову, каб выглядала на тое, што ён слухае не проста склаўшы рукі, а слухае, заняты гэтым адчэпным пітвом, як бы пераеў нечага салёнага. А калі Аня выйшла следам, пачаў сваё. Ведаў, яна ўсё роўна не адразу завершыць тую сваю недагаворку пра злосць.

- Чуць рэйс не сарваўся ў мяне сёння, - паскардзіўся ён. - Кран зламаўся. Якраз як мяне трэба было загружаць. Але ўпрасіў хлопцаў, угаварыў. Другі падагналі. - І амаль без паўзы, чуць памяняўшы інтанацыю на даверлівую, запытаў, як між іншым, у жонкі: - А што ў цябе? На рабоце там, што аж?..

- Ат, так сабе. - І, памаўчаўшы, здалося, неахвотна дадала: - Каб не сабакі, не прачнулася б. Кузьмічоў гэта заводзіць іх на брэх. - Аня перавяла вочы на Пятра. - Сам чаму не спіш?

- Сам чаму… Ды з-за нашай Тані. - Праз маленькую паўзу ўнехаць вымавіў: - Даканае мяне.

Аня павярнула галаву ад свайго плечука і ўжо востра глянула на Пятра. Ён зразумеў: жонка чакае таго, што трэба было сказаць пра дачку, пра тое "даканае", і патлумачыў:

- Ты ж ведаеш пра нашу з ёю дамову пасля Новага года.

- Ну і што? - супакойваючы яго адказала жонка. - Падумаеш, было б чаго ўздыхаць. Насмяшыў.

- А мне не да смеху, хаця і рады за яе.

- Ціха ты, - папярэдзіла Аня, - ато разбудзіш.

Пятро прыслухаўся. У кватэры ціха было. Ноч жа ж. І сабакі, набрахаўшыся, супакоіліся.

Пра дамову з дачкой Пятро не стаў паўтараць. Жонка і так усё ведала. Цяпер успомніў той вечар, калі прыйшоўшы з работы, прысеў ён поруч з Таняй, і, як ёй падалося, ні з сяго ні з таго запытаў "А ты магла б вучыцца без троек?". Дачка, перапыніўшы нешта пісаць, глянула на бацьку. Ён, водзячы падушачкай вялікага пальца па левай ноздры, зрабіў сур'ёзную міну, даючы зразумець, што не дарма падсеў, і каб у дачкі не скончылася кароткае цярпенне, адразу пачаў раскрываць дужкі таго, чым хацеў заінтрыгаваць. Паправіўшы пяцярнёй густую чарнявую шавялюру, бацька сказаў:

- На рабоце чуў сёння, што адзін наш чалавек, казалі, заспрачаўся з сынам наконт вучобы. Сэнс такі. - Ён падняў указальны палец, гэтым самым патрабуючы асаблівай увагі, і патлумачыў: - Бацька дае сыну на сёняшнія грошы па сто за кожную атрыманую пяцёрку, значыць, за выдатную адзнаку, за "добра" - семдзесят пяць рублёў. Калі ж у дзённіку будзе "двойка", вучань вяртае сто.

У Тані адразу загарэліся вочы. І ён, узрадваўшыся, да свайго дамовіў заканчэнне:

- Сын таго багацее…

Цяпер і дачка іх багацела, і бацька амаль кожны дзень мусіў даставаць левыя заробкі, апускаючы непаслухмяныя пальцы ў мурзатую кішэню з тым адтапыраным ражком.

- Разумееш, - сказаў Пятро цвярдзейшым голасам. - яна і сёння мне дзённік падносіла. Нічога на сказала, але носам пакруціла: бацька, за табою доўг, бачыш, чацвёрка і пяцёркі.

- Ну і што? Вялікай мільянеркай будзе пакуль школу скончыць, - павесялела маці. - Не перажывай, мы ж з табой бацькі мільянеркі будзем.

- А ці не можа ўсё павярнуцца наадварот, - насцярожана засумняваўся Пятро, падпёршы рукой бараду. - Добра калі добра. А калі з рэйкаў з'едзе, прывыкне, не дай Бог, ці да салодкага, ці курыць уцягнецца, або за модамі, не думаючы, пачне ганяцца. Грошы ж вечна на спакусы падбіваюць.

- Для цябе заўсёды ў страху вочы вялікія. Тройкі дадому валакла - дрэнна, на пяцёркі перайшла - грошай шкада. Каб сам ты некалі, як яна цяпер..,- і змоўкла, баючыся наступіць мужу на сухі мазоль.

Ён не любіў успамінаць тое, чым не раз яны адно другога папракалі. Яна і сёння ледзь не сказала, каб ты розум меў, каб ведаў не на тройкі ў школе тое, што трэба было ведаць нашмат лепш, то дапяў бы вышэй, чым на кіроўцу грузавіка. Але і ён мог бы таксама замахнуцца другім канцом, што каб і яна галаву мела, то не марнела б швачкай-матарысткай на сваёй фабрыцы за адчэпненькія грошыкі.

Аня ўбачыла, што муж коса глянуў на яе, здагадалася, што зараз успомніць тое, не раз перагаворанае і яны, як ні сорамна, пасварацца сярод ночы. То каб гэтага не было, раптам павярнула размову ў непрадбачанае мужам.

- Ты яшчэ не ведаеш усяго, як нашай цяжка рабіцца мільянеркай. І мяне злосць разбірае не толькі на Кузьмічовага сабаку, але і на Кузьмічовага ўнука. Гэта ж ён даў ёй пад вока. А Таня падманула, што ад мячыка сіняк. Ні ад якога мячыка. Настаўніца мне паскардзілася, што ў класе завяліся такія прыдуркі, як Кузьмічок, і смяюцца з выдатнікаў. А наша агрызнулася. Вось і заляпіў.

Пятро адняў рэзка ад рукі бараду, павёў грудзямі да стала, сярдзіта звёў бровы. "Яшчэ чаго не хапала" : хацеў ён сказаць, і тут жа сціснуў у кулак пальцы той рукі, на якую толькі што абапіраўся барадой. І ледзь не стукнуў па стале. Ён адчуў гарачую непрыязнь не толькі да таго, хто заляпіў сіняк, але і да яго бацькоў - да Кузьмічовага зяця і Кузьмічовай дачкі. Яны абое, кінуўшы на заводзе работу, вось ужо каторы год то купляюць нешта, то прадаюць недзе тое нешта, а сын расце дый думае, што можна і без вучобы кішэні набіваць. Цяпер ужо не толькі Аню, але і Пятра злосць разбірала. Ён і ўспомніў бы тое, што хацеў сказаць, але адчыніліся на кухню дзверы. Дачка, мружачыся ад святла, глянула соннымі вачыма на бацькоў.

- А я думала, можа хто лямпачку не выключыў. - Сказала яна заспаным голасам. - Так сабакі брахалі, аж разбудзілі.

- Ідзі, дачушка, ідзі, перасталі ўжо. З галоўкай не накрывайся. І так заснеш.

Аня тут жа кіўнула на кубак з адбітым вушкам:

- Ну то дапівай, чаго пакідаеш? - і паспагадала: - Ой, заўтра табе, Пятро, зноў рана ўставаць. А мы тут, бачыш, бацькі мільянеркі, нашлі пра што гаварыць, двое разумных і дурных. Хаця й добра, што пагаварылі.

Пятро неўзнарок заўважыў як у куточках жончыных вуснаў уздрыгнула цёплая ўсмешка.

Верасень, 1999г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX