Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 5

Юры Карэйва. Паэзія


Аўтар: Карэйва Юры,
Дадана: 03.02.2002,



Чую згукі
роднай мовы
ў звоне весняга лісця,
светлы спеў ёй жаўруковы
зычыць вечнага жыцця.
Піць той спеў --
не наталіцца,
каб аж слёзы на вачох
І, як мне,
з тае крыніцы
ўсім жывіцца,
дай вам Бог!

* * *

Святла гаючага выток -

глыток

жывільнай ласкі

сонечнай...

Ёсць міг жыцця -

І ёсць радок,

адчайна просты,

сённяшні!

Ёсць гэты дзень -

мой дзень зямны!..

Мне лёсам ён

адведзены,

мне з ім -

ад звадаў

і маны

ісці

ў жыцця адведзіны!..


Родная мова

Наплыла пяшчотай словаў

Ласка Божая ў душу, -

І святою

роднай мовай,

як ручай пасля дажджу,

адгукнулася й гамоне

ўсё ўва мне,

і стала зноў хвалямі ў імклівым Нёмне,

лёгкім ветрыкам з палёў.

Чую згукі

роднай мовы

ў звоне весняга лісця,

светлы спеў ёй жаўруковы

зычыць вечнага жыцця.

Піць той спеў --

не наталіцца,

каб аж слёзы на вачох

І, як мне,

з тае крыніцы

ўсім жывіцца,

дай вам Бог!

Белая кніга

Белая кніга...

Няма ні радка

у гэтае

белага колеру

кніжцы.

Старонкі бяз словаў

гартае рука,

старонкі,

якія нікім не напішуцца...

Белая кніга...

Тут,

нібы ў сне -

белыя ўявы,

з-пад вокладкі белай

сцелецца белі

пялёсткавай снег

на позірк твой

стомаю белай

збалелы.

І заглыбляешся

ў белы абшар

мроіскаў белых:

за крэйду бялейшы

стаўся твой

беллю прасветлены

твар,

з вуснаў збялелых

зрываюцца вершы.

Толькі

тых вершаў

нібыта й няма:

ні белага свету,

ні белага квету,

толькі -

знямелае белі

зіма,

белай,

як здань

беляў гэтых

паэты...

Гэтакі белы

спакой

на душы!.. -

Белы таму,

што ён чысты

і вечны.

Белая кніга... -

ніколі не жыў

твой або нечы

ў ёй

боль чалавечы...

9.07.99 г.


* * *


Вярнуўся вецер у даліну,

цалуе выспелыя гронкі

у прыгажуні арабіны,

і вераб'іны гоман звонкі

ірвецца ў вырай, атуліла

пяшчота ўсё, што бачна воку:

і плынь заток - палон аблокаў,

і вербаў косы, што пахіла

спадаюць долу, дзе чароты

сум вечаровае самоты

на волкіх голавах гайдаюць,

дзе хвалі ціхенька спяваюць

зараніцы-зорцы калыханку,

калышучы яе да ранку,

хаця ж даўно заранка тая

спіць, спаць ёй -

покуль не растае

ў праменнях дня,

як засвітае.

Чаму сюды, я й сам не знаю,

як да якойсьці таямніцы,

усёй душой імкну заўсёды,

бы ў сне чароўным асалодным,

спыняюся ля гэтых ніцых

мясцінак дзіўных,

дзе - крыніца,

дзе плыняў ціхіх галашэнне...

Радзіма - сон, з якога быццам

няма ніколі абуджэння..

То ж трэба гэткаму прысніцца...


* * *


Нібы прачнуўся ты , ды зноў

былымі снамі агартае:

на вечныя кругі тых сноў

цябе бязлітасна вяртае.

Ды зварухне душу ўспамін -

і выблісне праз попел прысак:

там час - з імгненняў і хвілін,

знаёмых да драбніц і рысак.

І раптам маміна рука

твае сляпыя сненні зніме:

кране руку - рука застыне

На дрогкіх літарах радка...


Малітва да мамы

Маме маёй -

вітанне!..

Мама, мая

святая,

з Богам

і Матанькай Божай

поўная

ласкі гожай,

я да Цябе,

блаславёнай,

зноў дасылаю сёння

у неба начное

малітву.

Божай слязінкай

пралітаю -

знічкай

з Нябеснага Раю

ты на зямлю спазіраеш,

дзе, наскрозь болем пракуты

за гэты Край пакутны,

голас

мой

з горла

сцякае,

крывёю сцякае...

Святая

Мама мая,

памаліся,

Каб Усявышні

злітваўся:

смяротнай

самоты

часінаю

згінуць

не даў

Твайму сыну.

А калі згінуць мне,

Мама -

хай да Цябе прыйме.

Амэн.

31.12.98 г.


Да мамы

Няспацьмеш вечным сном ты,

мама:

заўсёды ты - каля мяне,

й табе быць там, дзе я, таксама,

пакуль мой час зямны міне.

Пакуль не час - хаця б даць

шанец

мне, мама, Госпада ўпрасі

душы сваёй насмерць не зраніць,

калі трываць не стане сіл.

Як многа я зграшыў прад Богам...

Прасі, каб Ён мне дараваў

за тое, што не той дарогай

свой шлях пракляты скіраваў.

Я веру, Госпад не пакінуў

цябе, як твой аблудны сын,

што ў свеце злым без Бога гінуў

між апантаных духам злым.

... Вось бачыш, я вярнуўся, мама,

й заўсёды - ты каля мяне.

Табе быць там, дзе й я, таксама,

пакуль мой час зямны міне...

Восень, 1996 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX