Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 5

Віктар Бачароў. Фотаздымак, што застаўся толькі ў памяці 


Аўтар: Бачароў Віктар,
Дадана: 03-02-2002,



Наталіцца прахалодай
І мацней зямлю любіць,
І лічыць за ўзнагароду -
Сынам тут
да скону жыць.

Апавяданне


Як часта, святкуючы сваё знаходжанне на матулі-зямлі, альбо, інакш, жывучы на ёй, мы не ўсведамляем, што ўсё, з чым мы сутыкаемся, праз зусім кароткі час зыходзіць у гісторыю, і мы, нават не задумваючыся, можам быць сведкамі таго, як блізкае і звычайнае становіцца далёкім і вялікім.

Напярэдадні 70-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча я перакапаў увесь свой літаратурны архіў з надзеяй знайсці менскі хатні адрас пісьменніка, напісаны яго рукою, але марна. Гэта быў адзіны доказ нашай сустрэчы. Хаця павінны быў быць яшчэ адзін...

80-я гады. Семінар маладых паэтаў і празаікаў у Горадні прайходзіў у абкаме камсамолу, размешчаным у будынку новага замка. Цудоўнае надвор'е. Нападалёк гістарычная Каложа. Унізе пад замкам бяжыць Нёман.

За сваё жыццё я пабываў на дзесятках такіх збораў. Шмат якія эпізоды сцерліся з памяці. Шмат якія зліліся ў адно цэлае. Так, напэўна, было б і з гэтым семінарам маладых пісьменнікаў, калі б "Хрыстос не прызямліўся ў Гародні", так, жартуючы, мы гаварылі пра прыезд да нас вельмі папулярнага і любімага ўсімі Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Яго любілі, ім захапляліся, як паэты так і празаікі. Таму, што Уладзімір Сямёнавіч спалучаў у сабе абодва гэтыя таленты. Хаця, як я лічу, і ў прозе яго прасочваўся паэт. Паэт яркі і таленавіты, яскравая творчасць якога выдзяляецца шчымлівай рамантычнасцю і высокай грамадзянскай жарсцю, вобразнасцю і глыбокім сэнсам, кранальным лірызмам, філасофска-жыццёвымі развагамі, патрыятычнай і гуманістычнай скіраванасцю.

На той час я ўжо чытаў яго бліскучыя вершы: "Матчына душа", "Беларуская песня", "Гусі-лебедзі ў лугах зялёных" і шмат іншых. Быў знаёмы з усхваляванымі радкамі прозы "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". І вось такі вядомы і, як аказалася, такі просты чалавек з намі ў зале. І разам з яго прыходам зала напаўняецца жыццярадасным смехам, бадзёрымі жартамі. Яго ўсмешка дорыцца адразу ўсім прысутным. Ён абуджае да сябе ўсеагульную прыхільнасць. Гіпнатызуе сваёй энергіяй, прыцягвае ўвагу. Ён не ўнутры нашага кола, ён вакол нас. Пасля выступу Караткевіч запрашае ўсіх, хто будзе ў Менску, заходзіць у госці. Я карыстаюся момантам і прашу адрас пісьменніка. І ён размашыста чыркае яго ў мой нататнік, адначасова зачытвае яго ўслых і яшчэ раз запрашае ўсіх маладых пісьменнікаў, не сказаўшых яшчэ ніякага важкага слова ў літаратуры, да сябе ў хатнюю лабараторыю. Такі ён увесь, пісьменнік Уладзімір Караткевіч, які бязмежна любіў жыццё і ўсіх, хто жыве гэтым жыццём.

Пасля быў і той другі няўдалы доказ сустрэчы з ім. Уладзімір Сямёнавіч раскінуў свае рукі і, як нешта дарагое, што сімвалізуе жыццё, абняў нашых дзяўчат, пазіруючы фатографу "Гродзенскай праўды". Побач з дзяўчатамі стаў і я, радуючыся, што засвяціўся з самім Караткевічам...

Праз некалькі дзён я адкрыў "Гродзенскую праўду" і ўгледзеўся ў фатаграфію, што ілюстравала аповед пра наш семінар. На здымку быў Караткевіч, былі дзяўчаты. Не было толькі мяне...

Тады я моцна не расстроіўся ад "жарту" фатографа, але зараз, пасля добрага кавалку часу, калі паводле слоў С.Ясеніна "вялікае бачыцца здалёк", я вельмі шкадую пра той здымак, што застаўся толькі ў памяці...


Сусед

Учора ж ён газету браў

З святочнаю паштоўкай,

Ў сваёй кватэры напяваў Матыў вясёлы, звонкі.

Учора ж новую вясну

Вітаў каля альтанкі,

Дымок цыгаркі ў быль-вайну

Пускаўшы абаранкам.

Учора ж крочыў на парад

У гонар перамогі,

І ордэнскі бліскучы рад

Дзятву браў да знямогі.

І раптам сёння ў наш пад'езд,

Дзе яго крокі пелі,

Прыйшоў на развітанне лес

Сцяжынкай з лапак елак...

27-28 лістапада 2000 года.


* * *


Калі ласка, выкінь тло

І не дзьміся марна.

Й неба чыстае, як шкло.

Што ж табе так хмарна?

І ў душы ўсё неўпапад,

Ні-ку-ды не варта.

Я душы такой не рад,

Ды і ты не рада..

Які ж дожджык начапляў

Кропелек на вейкі?..

На калені я бы ўпаў,

Каб стаў лад хоць нейкі.

Пераклад-- 29.11.2000 г.


У полі

Вабіць даль з ускрайку поля,

А блакітны парасон

Лье на роднае прыволле

Жаўруковы перазвон.

Светла ім, а мне свабодна.

Ім лунаць, а мне хадзіць.

Так і хочацца любоўна

Ўсе расінкі захапіць,

Наталіцца прахалодай

І мацней зямлю любіць,

І лічыць за ўзнагароду -

Сынам тут да скону жыць.

Пераклад-- 30.11.2000 г.


* * *


Лістапад. Лісталёт. Лістабой...

Можа, сталася нешта з табой?

Нечакана, нябачна, крадком

Гаркатой восень рынула ў дом.

Медным россыпам лісце звініць,

Па-асенняму сумна гарыць.

Вядзе з ветрам зноў

вечны свой бой

Лістапад. Лісталёт. Лістабой...

Тэлефонная трубка моўчыць.

У ёй гудкі, як машыны ўначы.

І сваім адзінокім гудком

Клічаш ты, бы хусцінкай-рукой...

Мабыць, лёс задыхаецца мой...

Лістапад. Лісталёт. Лістабой...

Ды бяду я дагнаць не паспеў,

Быццам гнаўся за тысячай стрэл.

І цяпер ля шпітальных палат

Абдымаю я белы халат...

Значыць, быць,

як раней, нам з табой...

Лістапад... Лісталёт... Лістабой...

Пераклад-- 01.12.2000 г.


* * *


За поўнач зімой я

Ацэньваў былое.

Яно вось такое

Пушкое й цяжкое.

Пакінуты снамі,

Ўсё зважыў і змераў

Сваімі рукамі

Няўмольным бязменам.

Трывожна ў адчаі

Навіслі, як хмары,

І ў сэрца крычалі

Няўцехамі мары.

І ўстаў я, разбіты

Высновай трывалай:

Як многа пражыта,

Як зроблена мала.

Пераклад- 02.12.2000 г.


* * *


(Леаніду Вінніку)

Назалелае ўсё і прыкрае,

Хоць ты ў стрэмя --

й на ўцёкі наўскач…

Як акраец часу мне выкраіць?

Не хапае яго, хоць плач!

Дзе той час - нагадаць мінулае

Ды па будучыні пахадзіць.

І цябе мне, харошая, чулая,

Няма часу падсаладзіць.

Сівізны не бачу матулінай,

Каб сагрэць цеплынёй рукі.

І чаму стаў такі не чуйны я?

І ў каго я ўдаўся такі?

Дзе знайсці мне час,

каб ачысціцца -

З пакаяннем з'явіцца ў храм

І душой да нябёс узвысіцца…

Бляха-муха, няма часу нам!

Назалела ў крутні спружыніцца…

Горка збрыдзеў я сабе сам.

Нават часу няма каб спыніцца.

Ды такі шанц Бог дасць і нам…

Пераклаў 04.12.2000 г.


Пераклад з рускай мовы

Пятра Макарэвіча.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX