Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 5

Алесь Стадуб. Паэзія


Аўтар: Стадуб Алесь,
Дадана: 03.02.2002,



Паэзія ў палёце вечным
За думкай, словам і
радком.
Яна на Шлях завабіць
Млечны,
На Маладзік дапне
пяшком.
І сфантазёрыць
Шлях да мэты,
І падбадзёрыць да пары.
Прад ёю моляцца паэты
На права вечнае
Тварыць.

Даруй

Як перад Маці і сумленнем,

Мая святая Беларусь,

Я прад табою на каленях

Назад грахі свае бяру.

Бяру, каб на кастры цярпення

Перагнаіць у забыццё

І недаспелае сумленне,

І ціхіх думак пачуццё.

Грашыў маўчаннем сарамлівым,

Калі за гонар твой у бой

Ісці я мусіў між руплівых

Сыноў, асвечаных табой.

Ты вечнасцю сваёй чаруеш

І перспектывай светлых мар.

Не ўсё я сам сабе дарую.

Што можаш - мне даруй сама.


На аўтапрыпынку

Як у час Іісуса ці Майсея,

Сонца бралася з-за ўзгорка

Колам.

Кнігаўка крычала над аселіцай,

Жаваранак свой апробваў голас.

Як у час Скарыны ці Агінскага,

Пяткі стылі, стоячы на месцы.

Іншамаркі несліся ў бок Мінска,

Па афёры маючы на мэце.

Як у час гадоў юнацкіх Танка,

Вецер хмарай небакрай

зашорыў...

Падышла без грошай,

але скокну ў горад.


Крыж

Не проста не лёгка

Паставіць крыж

На мэце сваёй і на слабасці.

... Ураз загарышся,

адчуўшы парыў

Радкоў рыфмаваных суладнасці.

Дарэмна чакаць,

што ўпарта ў сабе

Закрэсліць спакусу захочацца.

Намуляў ён мне

на мазольным гарбе

Мой крыж вершаванай творчасці.

Упрогся, хоць змогся,

радкуй і радкуй

З сляпою надзеяй напару.

Бывае, рэдактар "пагрэе" руку

Акрайцам скупым ганарару.

Зусім не да часу

ці нейкай пары

Стыхіяй сваёй

я пакораны...

Не лёгка, не проста

паставіць крыж

На ўпартым хаценні і гонары.


Вечнасць

Мудрыя сведчаць:

Бог стварыў Вечнасць.

Вечнасць старая

Вечна стварае

Ў нас чалавечнасць.

Вечная Вечнасць

Дбае і дбала:

Шмат збудавала,

Шмат даравала.

У Вечнасці праўда,

Крыўда і згода.

Мы, як прапрадзеды,

З Вечнасці родам.

Вечнасць хрысціла

Жыць дзеля Вечнасці.

Дзе ж запазніўся ты,

Век чалавечнасці?


Эпохі

Эпоха эпоху не любіць.

Эпоха эпосе не верыць.

Любая з эпох не марудзіць

Па-свойму кроіць і мерыць.

У кожнай свае прэтэндэнты

На вечнасць, на славу, на гонар.

У кожнай свае дэвідэнты,

Без іх мо было б яшчэ горай.

Не ўсе зарастаюць мохам

Мінулага часу

Адценні.

Ад тых,

Ад дзядоўскіх эпохаў,

Да нас пранікаюць гены.

І мы прывыкаем патроху

Да веры:

Часова гаруем.

А новая ў вочы эпоха

Смяецца...

І ціха кіруе.


Нязгода

Нязгода ён

І ён засада.

Ён - палец злосны на курку.

Ва ўсім ён бачыць

Антыпраўду:

У думцы, слове і радку.

Паэзія ў палёце вечным

За думкай, словам і радком.

Яна на Шлях завабіць

Млечны,

На Маладзік дапне пяшком.

І сфантазёрыць

Шлях да мэты,

І падбадзёрыць да пары.

Прад ёю моляцца паэты

На права вечнае

Тварыць.

Яна крыўдуе на парады.

Яна ўхваляе сэнс пакут...

А ён шукае нейкай здрады

У думцы,

Слове

І радку.


Нейтраліст

Я пра таго, што як не ўсе,

Хто на нейтральнай паласе.

Ён думае, ад бед уцёк.

Ён - ад людзей сябе адсёк.

Не, на нейтральную сляды

Не павядуць пар маладых.

Там не разгледзіце слядоў

Турботных, нескупых удоў.

Не ценявік, не камерсант

Не наслядзіць ніколі там.

Вар'ят-палітык? Ні адзін

Ад злосці ў бок той не глядзіць.

Туды й мяне свет не запрэ.

Я б там ад сораму згарэў.

Ну а старэйшы, а дзіця?

У іх да той - нуль пачуцця.

Але ж мы ведаем усе:

Ёсць нехта ўсё ж на паласе.

Яму і наш, і вось той бок

Чужы,

Як наш, і іхні Бог.

Дык хто ж, скажыце, там хаця

Ў баку ад тлумнага жыцця?


Спакусы

М.Ф.

Пакутую на рубяжы

Дабра і зла, святла і ценяў.

Мяне хоць ты пасцеражы

Ад памылковых летуценняў.

Раздумваю, каб мець і ўмець,

Каб мары на рэальнасць

перайначыць,

Але што аддамо ўзамен

Каб акрылялі нас удачы?

Спакусліва-- разбег набраць,

Зайсці на новую арбіту.

На рубяжы

Дабра і зла Дарога ў неба не закрыта.


* * *


Напісанага

Я - не папялю,

Хоць і не горы стосаў.

Мой

Для ўраджаю вершаў

Плуг

Арэ, ды не нябёсы.

Плугуе

Ён

Праблемы дзён.

Але ці што ўродзіць.

Запустазелены ты дзёрн -

Народзе мой, народзе.


Спрэчка

Рыгор Барадулін успамінае, як Пімен Панчанка

дакараў яго забыцца за прысвоенае

"акупацыя-акацыя"

Старэйшага ўключыўся

Злосці ток -

Траха не ўспыхнула

Канфлікту акцыя.

- Ты рыфму ў мяне крадзеш,

Браток.

- Якую?

- "Акупацыя-акацыя".

Пайшоў адзін

На вечны свой спакой,

Другога памяці працуе

Рацыя.

Нам блізкі гэты,

Блізкі нам і той,

Як радасць веснавой акацыі.


* * *


Запрог мяне і сёння

ранак сіні

вялічыць

новых думак арсенал,

каб беларускасць мускуліла

сілы,

каб род славянскі

вечны

не сканаў.


* * *


Перад намі бясконцая даль,

Па-за намі - дыханне вякоў.

Беларусь мая - чулы радар

Да спакуснікаў і сваякоў.


Не наракай

Не наракай на соль, на раны.

Нас выпадкі падводзяць часта.

Не,

Лёсам мы не пакараны.

Мы -

Пакараны часам.

Не частка хвалі варухлівай -

Мы нейкі бераг мора.

Жыццё - прылівы і адлівы,

Жыццё - і штыль, і штормы.

Мо невядома і нябёсам,

Дзе дабрыні запасы.

З табой - не пакараны лёсам.

Пакрыўджаны мы часам.


Пасмы

Айчыны між далоняў,

Як пасмы даўніны.

Я хто ж сягоння коні?

Хто ж сёння фурманы?


Пацалунак

Ён - немінучая адданасць.

Ён - асалоды неспазнанасць.

Ён - супярэчлівасць і згода.

Ён - і давер, і наша годнасць.

Ён - нечаканасць і чаканне.

Ён - добрае бярэмя цудаў.

Ён - ключ

да будучых спатканняў.

Ён - дотык здрадніцкі іюдаў.


* * *


Ах, святая твая прастата!

Што нам выдумкі голыя

доўжыць?

Успаміны мо лепш пагартаць

Пад грыбны і дрымотны

дожджык.

Ад рукі было цёпла руцэ,

Весялей ад усмешкі ўсмешцы,

Жартаўліва вірлівай рацэ

І задумліва сцішанай сцежцы.

Нам зязюля лічыла сваё,

Мы ж усё пералічвалі самі.

Зараз верай, цярпеннем, грахамі

Мы ўзаемна даўгі аддаём.


* * *


З табой фармальна не чужыя,

Але, як ты, і я гатоў,

Пра што зязюля варажыла,

Змахнуць з лічыльніка гадоў.

Старонкі паўсумеснай кнігі

Іначыць браліся не раз.

Вясна надзей плытуе крыгі,

Каб паўтарыць у іншых нас.


Горад

Ты - неспазнанае мора.

Ты - мой міраж і крыж.

Ты - маё заўтра і ўчора.

Ты - мой узлёт і абрыў.

Ты і спакуса на шчасце.

Вырай мой, страх мой і рай.

Думаць цяпер па часе,

Хто з нас каго выбіраў.

Тут па дабро - мо ад ліха -

Чый не прычальваў паром.

Тут спазнаваўся з кілішкам

За развітанне з сялом.

Тут у людскіх гушчэрнях

Здолей і тлець, і гарэць.

У традыцыйных чэргах

Я пастарэў на чвэрць.

Горад, ты - вір няспынны

Радасці, смутку, надзей...

У горад адзінага сына

Сумная маці вядзе.


Прэм'ера

Жыццё -

Бясконцая прэм'ера.

Мы гледачы І рэцэнзенты.

А хто больш мусіць

Сцэне верыць:

Акцёры ці апладысменты?

Дзе праўды больш,

Дзе крыўды меней:

У вас

Ці --у раздумнай зале?

Скажыце,

Хто ж упартай жменяй,

Што гаркаціць,

Панасявалі?

У нас і ў вас

Свае кулісы

І выхады і мезансцэны.

Адным

Нядаўна

Мы кляліся.

Сягоння іншых

Ціха цэнім.

Жыццё -

Бясконцая прэм'ера.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX