Папярэдняя старонка: Ад Лiдскiх муроў 5

Нашы аўтары 


Дадана: 03-02-2002,



Пётр Калбыка. Нарадзіўся ў в.Шынкоўцы, што пад Астрына, былога Лідскага павету (зараз Шчучынскі раён) у 1926 г. Вучыўся ў Шчучынскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Загінуў 6 лютага 1945 г. ва Ўсходняй Прусіі. Вершы друкуюцца ўпершыню.

Данута Бічэль. Нарадзілася ў в.Біскупцы пад Лідай у 1937 годзе.Скончыла Гарадзенскі педагагічны інстытут. Настаўнічала. З 1982 года працуе ў Гарадзенскім педагагічна-археалагічным музеі, з 1995 года - дырэктар музея Максіма Багдановіча ў Горадні. У 1999 г. звольнена. Старшыня Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдала зборнікі вершаў "Дзявочае сэрца" (1961), "Перапёлкі" (1968),"Нёман ідзе" (1964), "Дагані на кані" (1973), "Габрынка і Габрусь" (1985), "Гараднічанка" (1993), "Снапок" (1999), "Нядзелька" (1999) . А зборнік "Ты - гэта ты" (1976), гэта працяг літаратурных дыялогаў з Васілём Быкавым і Ларысай Геніюш. За зборнік "Дзе ходзяць басанож" (1983) - атрымала дзяржаўную прэмію Беларусі. Жыве ў Горадні.

Вера Ляцецкая. Нарадзілася ў вёсцы Язвіны Уздзенскага раёна, Менскай вобласці. Скончыла Менскі польскі педтэхнікум. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Жыве ў Лідзе. На пенсіі.

Юры Карэйва. Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Лідзе. Скончыў філфак Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы. Настаўнічаў. Друкаваўся ў рэспубліканскім перыядычным друку, зборніках паэзіі "Шлях" і "Кола".

Дзяніс Летуноўскі. Нарадзіўся 21 красавіка 1981 года ў Лідзе. Піша на рускай мове. Першыя вершы створаны ў 9 год. Друкаваўся ў рэспубліканскай і мясцовых пераёдыках. Аўтар кніг вершаў "Вечнасць" (1996 г.), "Працяг" (1997 г.), "Я застаюся з табою" (1999 г.). Аўтар дзесяткаў песень. Студэнт Літаратурнага інстытуту імя М. Горкага (Масква). Падрыхтавана да выдання кніга вершаў "Рубеж тысячагоддзяў".

Віктар Бачароў. Нарадзіўся ў 1950 годзе ў горадзе Краснаярску. Скончыў філалагічны факультэт педагагічнага інстытута імя Я.Купалы. Працуе дырэктарам сярэдней школы ў г.Ліда. Аўтар пяці зборнікаў паэзіі і прозы.

Аркадзь Мігдал. Нарадзіўся ў Лідзе 11 сакавіка 1911 года. З 1943 года па 1945 год працаваў ў Інстытуце фізічных праблем АН ССР, у 1945-71 гг. у Інстытуце атамнай энэргіі, з 1971 года у Інстытуце тэарэтычнай фізікі АН СССР. З 1944 года - прафесар Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута. Член-карэспандэнт АН СССР (1953), акадэмік АН СССР (1966). Памёр у Маскве 9 лютага 1991 года.

Іван Гушчынскі. Родам з вёскі Парэчча Лідскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Жыве і працуе ў Лідзе. Друкуецца з 1974 года.

Юля Гушчынская. Нарадзілася 15 лютага 1988 годзе. Вучаніца 7 класа Мінойтаўскай сярэдней школы.Друкуецца ўпершыню.

Мікола Лазоўскі. Нарадзіўся 20 лютага 1926 года ў в.Лазяны Лідскага раёна. Самадзейны мастак. Друкуецца ў перыядычных выданнях.

Міхась Мельнік. Нарадзіўся 7 лістапада 1949 года ў вёсцы Майсевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў філалагічны факкультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы. працуе выкладчыкам беларуская мовы і літаратуры ў Лідскім дзяржаўным педагагічным каледжы. Выданік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вершы, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы друкаваў у розных перыядычных выданнях, выступаў на радыё і тэлебачанні.Аўтар паэтычнага зборніка"Скрыжаванне"(Мінск, МФ "Беларускі кнігазбор", 1996 г.)

Ян Чачот (1796-1847 гг.) Нарадзіўся ў маёнтку Рэпіхава каля в.Крывошын Ляхавіцкага раёна. Вучыўся разам з А.Міцкевічам у Наваградскай дамініканскай гімназіі, затым - у Віленскім універсітэце. Адзін з заснавальнікаў таварыства Філаматаў. Займаўся зборам беларускага фальклору. Аўтар шасці тамоў "Вясковых песень з-над Нёмна і Дзвіны" (Вільна 1844-1846 гг.), у якіх змясціў каля 40 арыгінальных твораў на беларускай мове.

Алесь Стадуб. Родам з Меншчыны. Дзевяць год кіраваў мастацкімі харавымі калектывамі. Працаваў у сродках масавай інфармацыі. Зараз - у сістэме адукацыі. Жыве ў Лідзе. Даўно выступае ў абласным і рэспубліканскім друку.

Зміцер Шах. Нарадзіўся 25.11.81 году ў Менску. Бацькі: маці - дзіцячы ўрач, бацька - інжынер тэлеграфу. Амаль усё жыццё пражыў у Лідзе. Скончыў школу № 11. Паэзіяй займаецца з 8-га класу. Зараз - студэнт Гарадзенскага Дзяржаўнага Ўніверсітэту імя Я.Купалы (матэматычны факультэт). Друкаваўся ў "Лідскай газеце" і часопісе "Онікс" . З'яўляецца галоўным рэдактарам газеты "Lida Exit".

Уладзімір Васько. Нарадзіўся ў в.Ліпчанка Шчучынскага раёна. скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Я.Купалы. Працаваў дырэктарам сярэдней школы на Дзятлаўшчыне, у рэдакцыі Дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", намеснікам рэдактара "Лідскай газеты". Аўтар кніг паэзіі "Прасветленнасць" і " На небасхілах берагоў". Друкаваўся з рэспубліканскім перыядычным друку.

Валянцін Таўлай. Творчая біяграфія - з"ява многіх адносінах незвычайная. Паэт прайшоў кароткі, змястоўны, яркі, але не лёгкі жаццёвы шлях. Як паэт ён сфармаваўся на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі.Ён напісаў не так многа. Калі яму было дзевятнаццаць год выйшаў першы верш (1928 г.). Каля сямі год ён прасядзеў у польскіх астрогах і некалька год быў на падпольнай рабоце на часова акупіраванай тэрыторыі. В.Таўлай характарам свайго даравання - лірык. У сваёй працы не цураўся і такіх жанраў як нарыс, літаратурна-крытычны артыкул: "Катоўцы", "Ворагу не ўцячы ад расплаты", "Людзі вольнай Беларусі" В.Таўлай прайшоў свой творчы шлях, як мужны паэт-рэвалюцыянер, як адданы патрыёт.

Людміла Шот. Нарадзілася 01.07.1951 годзе ў в.Копанькі Гарадзенскай вобласці. Закончыла Гарадзенскі Дзяржаўны Ўніверсітэт імя Я. Купалы. па спецыяльнасці матэматык. Працуе выхавацелем у дзіцячым садку № 25 станцыі Ліда

Ганна Рэлікоўская. Нарадзілася 8 ліпеня 1964 года ў вёсцы Кянці Лідскага раёна. Пасля васьмігадовай школы скончыла Ваўкавыскую педагагічную навучальню, а затым, завочна, гістарычны факультэт Беларусккага дзяржаўнага універсітэта. Працавала настаўніцай пачатковых класаў. Зараз - настаўніца гісторыі.Жыве ў Лідзе. Друкавалася ў перыядычных выданнях.

Ігар Воран. Нарадзіўся ў 1963 годзе. Працуе ў Лідскім Гарадскім палацы культуры. Таленавіты кампазітар. Аўтар шэрагу музычных тэкстаў, у тым ліку - на ўласныя паэтычныя творы. Дыпламант і лаўрэат некалькіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Адзін з вядучых выканаўцаў папулярных кампазіцый, саліст тэатра "Ліда-Мюзікл".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX