Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 6

Ірына Багдановіч. Сармацкі Альбом


Аўтар: Багдановіч Ірына,
Дадана: 11.08.2003,











Камусьці ў хаце
сядзець сцішмя
І сніць
савецкую паншчыну,
А мы ідзём
"па сваё імя",
На Высокі Сход,
па Бацькаўшчыну!


Вершы з кнігі"Сармацкі Альбом"


Дзяды, 1996

Дзяды. Суцішлівая восень. Дождж імжыць.

На ўсе нябёсы Крыж у Курапатах.

І сосны параслі тут, як крыжы,

Над кожнаю душой невінаватай.

Увесь бунтоўны сціх тут "Маладняк",

Пайшлі нацыянальныя героі

Адсюль у несмяротны свой працяг

Ахвярамі духоўнай новай Троі.

Стакрот Айчыны здраджаны пасад,

Блазнюк каранаваны быў басотай,

Ізноў наперад вылез брудны кат

З сваёй бязроднай янычарскай ротай

Без Бога, без Айчыны ў галаве.

Але ёсць дух адроджаных сарматаў!

Забілі ўсіх - а нацыя жыве!

Жыве з-пад Крыжа ўзросшы ў Курапатах.

Таму Нябёсаў не запхнуць пад столь,

Якія б новыя тут ні пляліся міты,

Што блазан вечна будзе тут кароль...

О не! Вяртаюцца і Рагвалод, і Вітаўт.

Яны вяртаюцца - пад восень, на Дзяды.

Ідуць! Бо з намі іхнія харугвы.

Няхай вішчаць шакалы і краты -

Ён прыйдзе - наш непераможны Грунвальд!


Беларусі на Дзень Незалежнасці 27 ліпеня 1996 года

Камусьці ў хаце сядзець сцішмя

І сніць савецкую паншчыну,

А мы ідзем "па сваё імя",

На Высокі Сход, па Бацькаўшчыну!

Купалы дзеці, нам выпаў шлях

З лёхаў гадоў скамянелых

Узняць паходняй наш горды сцяг

Бела-чырвона-белы.

І толькі дзівішся, колькі разоў

Тут рэй вадзілі прыблуды:

Дзялілі межы, мянялі назоў,

Цвялілі пысы раз'юшаных псоў,

А ўрэшце канчалі, як Юды.

І толькі ты, Беларусь, была

Адвечнаю, чыстаю Княжнай.

Харугвы ў бітвы святыя вяла

Да вольнасці несярмяжнай.

І сёння, нашчадкі рыцараў тых,

Вось мы стаім прад табою -

Такім нам не проста ўжо даць пад дых,

І ўзяць наш крывёй гартаваны шыхт

Падступнасцю, быццам Трою!

Няхай вішчаць і свінні, і псы,

Злуюцца ў страху гіены,

Мы самі нашы збярэм каласы

І гмахаў збудуем сцены.

А гэты Дзень, Богам дадзены нам,

Як вольны ў палёце бусел.

Вястуе светлы і вечны Храм,

Які не разбурыць ні кат, ні хам, -

Адроджанай Беларусі.


* * *


На вуліцы змяркання змрок,

Жаданы госць мой не прыходзіць.

І блізкі снежань жаль наводзіць,

Што быў да волі толькі крок.

Але дзяржаўныя мужы

Дарма тапталіся на месцы,

Замест таго, каб годна змесці

З дзяржавы хлуд, але скажы,

Скажы, мой найсвятлейшы князь,

Калі пашле нам Бог спатканне?

Няўжо ў бясконцасці параз

У гэтым "дзікім паляванні"

За славу нацыі змаганне

Каханнем не ўратуе нас

І не ўмацуе нас каханнем,

Скажы, мой найсвятлейшы князь?...

На вуліцы змяркання змрок,

Жаданы госць мой не прыходзіць.

І блізкі снежань жаль наводзіць,

Што быў да волі толькі крок.


* * *


Сёння таксама нам не сустрэцца, мой князю!

Кліча ізноў здратаваная наша Айчына.

Вечавы звон у душы заглушае паразу,

Дзіды шыхтуе і коні сядлае дружына.

Колькі ўжо часу світанак змалёваны вуглем.

Чэрнь захапіла пасад і кіруе краінай,

Коні Ўсяслава іржуць і закусваюць цуглі.

Прагны сусед ад здабычы п'янее ільвінай.

Сойм разваліўся, дзяржава ў паўкроку ад страты,

Здрадніцтва ў рангу вышэйшых дзяржаўных паводзін.

Дзе вы забылі свой гонар і славу, сарматы?

Стаць з вас героем Айчыны не варты ніводзін.

Не, не з такімі Айчыну вяртаюць з нябыту!

Выгляд сармацкі пасланцам дрыгвы не пасуе.

Коні гарцуюць, і порахам стрэльбы набіты.

Плошча, як поле, сцягамі ізноў каласуе.

Гэта вітанне ад нас Усяслава дружыне.

Вернем сармацкі пасад, хоць, відаць, не адразу.

Наша каханне - ў здабытай змаганнем Айчыне...

Сёння, на жаль, нам ізноў не сустрэцца, мой князю!


Млын

Драўляны шэры млын з крылатымі рукамі,

Як рыцар велічны, адзін у чыстым полі

Стаіць дазорцаю, кіруючы вятрамі,

Спыняючы іх бег імклівы ў наваколлі.

Спыніліся і мы прад таямнічым зеўрам.

Як зернейкі, туды з цікаўнасцю ўпадаем.

А лесвіца наверх рыпіць кажнюткім нервам,

Штоярус нас цясней злучае з небакраем.

А навакол прастор, аж сцісквае дыханне.

І ўсё гаворыць аб прыязнасці Гасподняй,

Як быццам хтосьці вам прызнаецца ў каханні

Не словамі зусім, а ўсмешкаю лагоднай.

І вам падасць руку на таямнічых сходах,

Калі здаецца ўніз дарога небяспечнай.

Раскутая душа ў сабе Гасподні подых

Адчуе і на міг даткнецца высі вечнай.

Такі дзівосны млын. Ён меле жыта думак.

І цудадзейна так усё перарабляе:

Сустрэчу - на пагляд, пагляд - на пацалунак...

Дазорцаю стаіць сам-насам з небакраем.


Alda Patria


В. А. Чамярыцкаму

Там, дзе Свіцязь чароўна схавана ў вячыстай дуброве,

Дзе муры Наваградскія неба трымаюць яшчэ,

Дзе свой лёс Беларусь прамаўляла ў Адамавым слове,

І дзе дух наш ліцьвінскі з паветрам у душы цячэ.

Там, куды мы ў надзеі вандруем за страчаным раем,

Беларушчыны нашай шукальнікі ў вечнай журбе.

Летуценнай душой да сваіх каранёў прыпадаем

І табе аддаём свае сэрцы, наш Краю, табе!

Там, дзе мы ад трывог, ад сваёй мітусні паўсядзённай

Адыходзім далёка і чыстую ўяву снуём,

Што з нас кожны цяпер ці то вершнік са слаўнай Пагоні,

Ці яго пан Тадэвуш вось выйдзе й пакліча ў свой дом;

Там, у гэтым краі, ад якога дрыжэлі крыжакі,

Дзе вялікай дзяржавы навек гартаваліся ў бітвах муры,

Нараджаюцца там і цяпер не гіены, не псы-небаракі,

Толькі волаты, так! Беларускага духу зубры!

І таму нас, зубрыных, ніколі ніхто не прымусіць

Свой назоў памяняць у шаленстве чарговых віхур.

Летуценныя мы, дый нязломныя мы, беларусы,

Бо калыска нам Свіцязь, хросны бацька Наваградскі мур.


* * *


Вялікаму духам пасце вялікі лёс

Залатая шляхецкая вольнасць -

Дар нябёсаў над нашым краем!

Два стагоддзі, як згублена стольнасць,

Як блукаем за страчаным раем.

Пакаленнямі гінулі продкі,

Каб здзяйсняўся зарок няўмольна:

Каб нам марыўся "дым салодкі" -

Бэз Айчыны святой і вольнай,

Каб нам сніліся тыя ўцехі,

Што народы спрадвеку маюць.

Як мы сцерплі, што Край пасеклі,

Залілі атрутаю памяць?

Залатая шляхецкая вольнасць!

Што ж вы думалі, "паны-рада",

Зноў талдычачы нам пра "супольнасць",

Там, дзе назва дакладная - здрада?

Так Айчыну прыўлашчылі іншыя.

І сталіцу, й назовы суседзям

Раздалі і памяць панішчылі,

Цудам вось не сканалі ледзьве,

Забыўшыся ўсіх сваіх мітаў,

Апрача, што мы ад сярмягі, -

Атожылкі Рэч Паспалітай,

Сармацкай крыві і адвагі!

Тут не гнулі шляхецкія спіны,

Кожны рыцарам быў ад роду.

Мы - нашчадкі вялікай краіны,

Дзе заўсёды любілі свабоду.

І Айчына адбудуецца ў душах!

А там яе сцяць немагчыма

Ззяе на нашых кунтушах:

"Нацыя! Вольнасць! Айчына!

І Гісторыя зменіць ракурс,

Не па суседскім рэцэпце:

Magnam fortunam magmus

Etiam animus decet!


* * *


Адкуль такая ўладная журба,

Што пераможна стукаецца ў дзверы?

Кароль разбіты, кажа варажба,

І разышліся ўсе яго жаўнеры.

І каралеўства, кінутае ў вір

Дзяльбы, натоўпу і блазенства ўлады,

Пакінуў нават колішні кумір,

Што справу так і не давёў да ладу.

Але дарэмна марш па каралю

Хаўтурны гралі змучаныя сурмы.

Кароль жывы! І я яго люблю,

Хоць каралёў любіць занятак сумны.

Як на далоні ў іх дзяржавы лёс

Ляжыць прывабнай і адзінай цацкай,

І толькі зрэдку воляю нябёс

Заўжды чаканы і заўжды знянацку

К табе ці з явы, ці з магічных кроўз

Ён завітае постаццю сармацкай.

Але адкуль усё ж настрой такі?...

Не выпадае плакаць, лепш маліцца.

Кароль збірае зноў свае палкі!

І дай нам Бог цяпер не памыліцца.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX