Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 6

Міхась Мельнік. Радасць. Апавяданне-быль


Аўтар: Мельнік Міхась,
Дадана: 11.08.2003,



- Ведаеш, што мне бацька расказваў, - нарэшце парушыў ён цішыню. - Іншы раз гэтыя жывёліны, прадчуваючы канец, ідуць на самазабойства, каб не быць цяжарам самому сабе, калі настануць халады і давядзецца цераз сілу здабываць корм.




Ён з'явіўся нечакана. Выплыў з лесу, падобны на прывід, ахутаны празрыстым воблакам. Спыніўся, шумна ўцягнуў паветра і накіраваўся далей.
Нават Русаковіч, які ўсё жыццё правёў у гэтых мясцінах, рот раззявіў ад здзіўлення:
- Лось? На палігоне? Ды яшчэ ў час вайсковых вучэнняў, калі ўсюды людзей кішма кішыць?!
А я позірку не мог адвесці ад гэтага ляснога дзіва. Лось! Жывы лось! Ён быў стары і трухлявы, з палінялай скурай і злёгку прыпадаў на правую нагу. Бачыў я лася ўпершыню ў сваім жыцці, і ён здаваўся мне сапраўдным прыгажуном.
- Мусіць, яго прымусіў пакінуць лес наш дым, - меркаваў я. - А чорт яго ведае, - адклікнуўся Русаковіч. - Добра, пайшлі; нам доўга трэба дабірацца.
Закінуўшы цяжкі мяшок на плечы, ён, крэкчучы, рушыў наперад.
Я з захапленнем назіраў за ласём. Русаковічу, пэўна, спакою не давала яго спакуслівая, цёплая пасцель і, павяр-нуўшыся, ён зласліва прабурчаў: "Ну, што там, прафесар? Лася ўбачыў? Ды за два гады ты на гэтага звера во як наглядзішся!- ён секануў сябе далонню па горле. - Абрыдне аж..."
Тым часам лось, абагнуўшы балоцістае возера, наблі-жаўся да абгарэлых пуняў. Я адчуў, як павольна на маёй галаве прыпадымаецца пілотка.
- Алесь, - прашаптаў я, - ён жа ідзе на міннае поле...
Здаецца, Русаковіч здагадаўся пра гэта без маёй дапамогі. Ён апусціў сваю ношу і, цярэбячы ў зубах травінку, з цікаўнасцю паглядваў услед ласю, які спакойна аддаляўся.
- Ведаеш, што мне бацька расказваў, - нарэшце парушыў ён цішыню. - Іншы раз гэтыя жывёліны, прадчуваючы канец, ідуць на самазабойства, каб не быць цяжарам самому сабе, калі настануць халады і давядзецца цераз сілу здабываць корм. Я думаю, гэта адзін з тых. Разумны, морда... Інстынкт яму падказвае, дзе трэба шукаць смерць.
- Няўжо нельга яго выратаваць? - спыніў я, уражаны Алесевымі словамі.
- Ужо не, - крыва ўсміхнуўся Русаковіч.
- Але хіба няма іншых прычын?! - ледзьве не плачучы, закрычаў я. - Можа быць, ён заблудзіўся. Можа, у іншае месца перабіраецца, а звер не ведае, што там міны?!
- Не ведае, то не ведае, - перадражніў Алесь. - Дык ідзі пакажы яму, дзе яны ляжаць.
Але калі я з рашучасцю зняў шынель і схапіўся рукамі за жэрдку, намерваючыся выскачыць з траншэі, Русаковіч сціснуў каўнер маёй гімнасцёркі і прыцягнуў да сябе так, што я адчуў на твары яго гарачае перарывістае дыханне. - Слухай, ты, - прашыпеў ён. - Гэты валацуга мо апошні тыдзень дажывае, а ты куды рыпаешся? Здарэнняў захацеў на сваю і маю галаву!
Мне падумалася, што Алесь проста- напроста баіцца. Ён старшы, і, калі што, усе шышкі пасыплюцца на яго. Аднак я разгарэўся не на жарты, і ніякая сіла не змагла б мяне ўтрымаць. Груба адпіхнуўшы Русаковіча, я ўзляцеў на бруствер і, не чуючы пад сабою ног, паімчаўся па прасецы наперарэз ласю.
Можа чалавек хоць раз у жыцці парушыць закон... Я яшчэ не ведаў, як зраблю тое, што задумаў. Ясна было адно: я выратую яго хоць бы па той прычыне, што гэта быў першы ўбачаны мною не ва ўяўленні; а наяву жывы лось. Таму што так сумна страчваць мару, якую займеў усяго толькі пяць хвілін назад...
Выбегшы з лесу, я зразумеў, што спазніўся: стары лось здранцвеў у адным кроку ад вяровачкі, якая адмяжоўвала небяспечную зону. Што для такога гіганта вяровачка? Зробіць крок - і не заўважыць...
Стараючыся не напалохаць яго, я асцярожна прысеў і падпоўз да яго метраў на дзесяць. Дарэчы, гэта было залішне: лось не звяртаў на мяне ніякай увагі.
Побач ляжалі міны. Я выразна адрозніваў у траве бліскучыя правадкі. Дастаткова было пацягнуць адзін з іх - і тут пачаўся б такі феерверк, які і на свята рэдка ўбачыш. Лось стаяў па-ранейшаму нерухома, бы статуя, нахіліўшы лабастую галаву з шырокімі, амаль у далонь, рагамі, і, здавалася, пра штосьці разважаў. Ён дыхаў цяжка, і ноздры яго ўздуваліся шарамі:
- Лось, дурненькі, - паклікаў я яго. - Лось, ідзі сюды...
Ён нават не зварухнуўся з месца і толькі глянуў на мяне вялікімі разумнымі вачыма.
- Лосік. Ласёчак, ласёк, мілы мой, хадзем, - маліў я. - Ты ж вельмі харошы лось, ты самы лепшы з усіх ласёў. Плюнь на недарэчныя забабоны. Пайшлі, я правяду цябе.
Ды мае словы, відаць, ляцелі ў пустэчу. Праслухаўшы мой маналог, жывёла яшчэ раз упарта кіўнула галавой, быццам гаворачы: "Ішоў бы ты адсюль, чалавек, як раіў табе Алесь Русаковіч. І не перашкаджаў бы рабіць тое, што датычыць іншых. Кожнаму сваё..."
І я не вытрымаў. У рэшце рэшт не такое ўжо вялікае задавальненне - ляжаць на мінным полі. Міны, хоць і не баявыя, але застацца без рукі ці нагі - перспектыва таксама не з прыемных. Я падняўся, абабіў з каленяў пыл і пакрочыў у адваротным кірунку, уважліва абыходзячы агароджаныя вяроўкамі квадраты. Я хутчэй адчуў, чым улавіў вухам ззаду сябе крокі... Азірнуўся - так і ёсць! Лось плёўся за мной, дакладна паўта-раючы мой звілісты шлях.
Я спыніўся - лось таксама замёр, я пайшоў - і зноў пачуў за спіной нягучнае цоканне.
Так мы абмінулі страшны ўчастак, а затым лось накі-раваўся да лесу.
Не ведаю, магчыма, у той дзень я сапраўды перашкодзіў здзейсніцца маленькай трагедыі, а можа нічога і не здарылася б. Але ў глыбіні душы я быў рады.

... Калі я вярнуўся ў палатку, усе спалі, як пшаніцу прадаўшы. У печцы пішчалі сырыя дровы. Адзін Іван Кучынскі, які не ўдзельнічаў у сённяшняй імітацыі на палігоне, пазяхаючы, чытаў кніжку. Заўважыўшы мяне, ён ажывіўся:
- Чуў, прафесар? Сёння на палігон лось наведаўся! Табе, гарадскому, не пашкодзіла б убачыць. Ты нават не ўяўляеш, што гэта за волат. Сапраўдны лясны цар, звер-асілак. Кажуць, адзін дзівак пагнаўся за ім на міннае поле. Ты не ведаеш, хто гэта быў?
Я паглядзеў на Алеся. Ён хроп, і твар яго быў вельмі сур'ёзны.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX