Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 6

Ян Чачот. Спевы пра даўніх ліцьвінаў


Аўтар: Чачот Ян,
Дадана: 11.08.2003,




Не так жаль
мне замак,
Як шкада ваякаў,
Што агонь паглынуў,
Палены крыжакам.

XXV. СТАРЫЯ ТРОКІ (1)

Пад вячэрнім ясным небам

Цень сівога мніха

На валах задзірванелых

Моліць Бога ціха.

Не так колісь тут бывала

Пры князь - Гедзіміну, (2)

Як па ловах балявала

Княжая дружына.

Трубы трубяць, тураў рогі

Там пяюць і граюць,

Сарнаў смажаць і мядзведзяў,

Мёдам запіваюць.

Спадабалася надзвычай

Князю ў той мясціне,

Абнясе яе ён валам

І муры падыме.

А што звера поўна ў трокі (3)

Тут панабівалі,

Новы замак на тым месцы

Трокамі назвалі.

Нават з Кернава сталіцу

Перанеслі ў Трокі,

Вяллі бераг Гедзіміну

Добра ўпаў у вока.

Князь Кейстут

там княжыў потым,

Між азёрных водаў

Збудаваў ён новы замак (4)

На даўгія годы.

Сёння ордэн Бенедыкта (5)

Тут снуе аснову,

Мо за княжацкія душы

Хто замовіць слова.


1. Старыя Трокі (каля 5 км ад Трокаў) вядомыя ад пачатку ХІVст. Ужо князь Гедзімін выбудаваў там драўляную цвердзь і паводле літоўскіх гісторыкаў перанёс сюды сталіцу з Кернава. Пазней на гэтым месцы паўстаў замак мураваны. Рэальна і Кер-наў, і Трокі ва ўся часы былі не больш, як баявыя, часовыя сталіцы ВКЛ у найбольш напружаныя перыяды барацьбы з крыжакамі. Сталая сталіца да пераезду ў Вільню знаходзілася ў Наваградку.

2. Гедзімін (каля 1275-1341) - Вялікі князь Літоўскі (1316-1341), заступіў на пасад пасля смерці свайго бацькі Вялікага князя Віценя. Заснавальнік Вільні - новай сталіцы ВКЛ, знакаміты правадыр вайны з крыжакамі, вызваліў ад мангола-татарскага ярма Украіну і Северскую Беларусь. Таленавіты палітык і дыпламат. Паводле Нарбута меў 7 дачок і 7 сыноў, з якіх найбольш слыннымі сталі Альгерд і Кейстут.

3. Слова "трокі", як і многія назвы гэтай зямлі, не мае дакладнага тлумачэння. Літоўцы спрабуюць тлумачыць гэтае слова ад літоўскага слова "trakas", якое абазначае парубку - месца, на якім часта будаваліся цвердзі і здамкі. Аўтар, выводзіць назву Трокі ад "трок" - торбаў пры сёдлах, што служылі для прыта-рочвання паляўнічых трафеяў: звяроў і птушак. Стрыйкоўскі гэтак жа тлумачыць гэтае слова.

Разам з тым уся праблема заключаецца ў тым, што гэтую і многія іншыя назвы трэба тлумачыць з дайнаўскай (яцвяжскай) мовы, якая, на жаль, практычна невядомая.

4. Гаворка тут пра мураваны замак, пабудаваны Кейстутам на выспе пасярод возера Гальвэ.

5. На пачатку ХУ ст. Ві-таўт Вялікі пабудаваў у Старых Троках касцёл і кляштар для манахаў - бенедэктынцаў. Яны знаходзіліся ў Старых Троках да паловы ХІХ ст. ( У часы Я. Чачота да ордэна належала таксама тэрыторыя былога замка, ужо тады зруйнаванага).


XXXIV. БІРУТА(1) - ЖОНКА КЕЙСТУТА

Што за гара так высока (2)

Цэлых паўнеба закрыла,

Ах, то ж па жонцы Кейстута,

Нашай Біруце магіла.

Добрай пякноты дзяўчына,

З дзіўным задумным

абліччам,

Людзям зямная багіня

І вейдалотка пры Зьнічы.

У панадморнай Паланзе

Кветкі ў лугах субірала,

Свежа звітыя вяночкі

Ў Зьніч на ахвяру кідала.

Мела для беднага люду

Сэрца паўнюткім спагады,

Чыстай Біруты малітве

Кожны нямоглы быў рады.

Князь укахаўся ў дзяўчыну,

Што люд уздымаў

пад аблокі,

Клятвы парваў вейдалоткі,

Вывез гвалтоўна на Трокі.

Склікаў братоў і баяраў,

Гучнае зладзіў вяселле,

І з паўбагіняй каханай

Птушкай гады паляцелі.

Моцна яе ўсе любілі,

Славілі ўсюды, што сілы,

Берасце штурму пазбегла, (3)

Бо ў ім Бірута гасціла.

Годы ж калі дагарэлі,

Люд ёй насыпаў магілу

На тым пагорку, дзе колісь

Зьніч ахвяровы паліла.

Кожны і сёння на Жмудзі

Знае святую Біруту,

Знае, як маці Вітаўта,

Знае, як жонку Кейстута.


1. Бірута (каля 1333-перад 1384) - дачка Жмудскага ўладара Відзіманта. Старыя кронікі апавядаюць, што яна была вейдалоткай у Паланзе. Каля 1349 г. вышла замуж за Кейстута. З усіх дачок і сыноў, што нарадзіліся ад гэтага шлюбу, найвыбітнейшым быў Вітаўт Вялікі.

2. Гэта гара Біруты ў Паланзе, дзе паводле легендаў, апісаных у кроніках пахавана Бірута.

3. Не давяраючы Ягайлу і прадчуваючы небяспеку, у 1382 г. Кейстут выслаў сваю жонку Біруту ў Берасце Куяўскае, горад у Польшчы, у якім уладарыў яго зяць Генрык, князь Куяў і Мазоўша, муж дачкі Кейстута Рынгайлы.


XXXV. НОВЫЯ ТРОКІ (1)

Ноч пакрыла свет хусцінкай

Шэрай і зярністай,

Па азерцы плыў чавенчык

Па вадзіцы чыстай.

У чавёнку тры ліцьвіны (2)

Мірна размаўляюць,

Паглядаюць, як руіны

Воды адбіваюць.

Тыя замкі паўздымала

Доланя Кейстута,

Тут калісьці красавала

Кветкаю Бірута.

Матылькоў Вітаўт маленькі

Тут лавіў вясною,

Лук з тугою цецівенькай

Рыхтаваў да бою.

Тут Кейстут меў адпачынак,

Як з вайны прыходзіў,

Тут да новых мужных чынаў

Думкамі даходзіў.

Як жа шмат тут успамінаў

Крыюць сном глыбокім

Занядбаныя руіны

Велічавых Трокаў.

Аплывай жа ты, азерца,

Ціхі той закутак,

Захавай у людскіх сэрцах

Памяць пра Кейстута.


1. Новыя Трокі, ін. Трокі - горад заснаваны ў другой палове ХІV ст. Кейстут пабудаваў там замак і перанёс туды сталіцу са Старых Трокаў.

2. Паводле высноваў, якія можна зрабіць з карэспандэнцыі філаматаў, гэты верш мае пэўныя аўтабіяграфічныя рысы. Вечарам 10 ліпеня 1823 г. А. Міцкевіч і Я. Чачот прыйшлі з Вільні пехатою ў Трокі, каб адведаць прэзідэнта філаматаў Я. Яжоўскага, які жыў у клештары трокскіх бенедэктынцаў. Утраіх ("тры ліцьвіны") плавалі на лодцы па трокскім возеры. Гэта былі апошнія шчаслівыя хвіліны, праведзеныя ў гурце блізкіх сяброў перад арыштамі.


XXXVII. ГАШТОЛЬД (1) ПЁТР І БУЧАЧКА, 1332 г., У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА (2)

На Літве, што не здалела

Крыжацкая сіла,

Тое Бучачка сумела

З усмешкаю мілай.

Мужа-суджанца Гаштольда

Каханнем -- не мусам

З верай святою з'яднала

І Збаўцам Хрыстусам.

Ён францішканцаў да Вільні (3)

З Мазоўша паклікаў,

Там, дзе кляштар той на сёння,

Паставіў капліцу. (4)

Толькі, як з Вільні ад'ехаў,

Народ збунтавалі,

Волхвы распятых манахаў

У Віллю скідалі.

А на той горцы высокай,

Вілейка што ліжа,

Памяткай смертнай мукі

Паўсталі тры крыжы. (5)

Зноўку Гаштольд вёз манахаў

У косцел Пяскоўскі, (6)

Дзе і да сёння благаюць

Аб ласках нам Боскіх.

Покуль ад смертнай сляпоты

Люд вочы расшорыць,

Колькі ж сваіх дабрадзеяў

Няўдзячны заморыць.

Слепні і тыя, што праўду

Праз гвалт пашыралі,

Веру ліцьвіны не з гвалтам --

З каханнем прымалі.


1. Гаштольд - стараста Камянца Падольскага, пазней ваявода віленскі. Жыў у часы княжання Альгерда. Паходзіў з роду вяльможаў ВКЛ, быць можа, быў нашкадкам Гаштольда, апісанага ў вершы ХХІІ. Высокага паходжання панна Бучачка, з польскага княжацкага роду, магла ўзяць шлюб толькі з хрысціянінам. Пры хрышчэнні Гаштольд атрымаў імя Пётр.

2. Гэта былі яшчэ часы Гедзіміна.

3. Каталіцкія манахі - францішканцы прыбылі на Літву ў канцы ХІІІ ст. з Польшчы. З імем Гаштольда прынята звязваць першыя спробы хрысціянізацыі Літвы. Як сцвярджае кроніка Быхаўца, ён запрасіў з Польшчы 14 францішканцаў.

4. У першай палове ХІУ ст. у Вільні пабудаваны ў гатычным стылі пабудовы кляштара Францішканцаў. Пазней яны былі зні-шчаны пажарам і рэканструяваныя. У ХІХ ст. там размяш-калася вязніца, у якой сядзеў і аўтар гэтых баладаў, за сваю дзейнасць у Таварыстве філаматаў.

5. У Вільні на гары, якая называлася Лысай або Крывой, як апавядаюць старыя кронікі, сем манахаў-францішканцаў прынялі пакутніцкую смерць ад рук ліцьві-наў, якіх яны прыбылі хрысціць. Уамяць пра мукі манахаў там была пабудаваная каплічка, а пазней пастаўлены тры крыжы. Ад тога часу тую гару называюць Трохкрыжовай гарой.

6. Гаворка тут пра касцёл Найсвяцейшай дзевы Марыі, пабу-даваны побач з кляштарам францішканцаў у першай палове 14 ст. Мейсца тое называлася "Пескі" ("Пяскі").


XXXVIII. ПРА ЗАЛОГУ Ў ПУЛЕНЕ (1) Ў ЧАСЫ АЛЬГЕРДА (2) , 1336 г.

Смерць ад сораму знаснейша,

І за ганьбу мука мільша...

Гэтых правілаў найпершых

Для Пулена больш не пішуць.

Пры Альгердзе крыжаносцы

Замак Пулен аблягалі,

Маткі, дзеткі з наваколіц

У фартэцу пазбягалі.

Тысяч некалькі з залогай (3)

Адбіваюць штурм бясконцы,

Ды адбіцца ўсё ж не могуць,

Так крыжак іх сціснуў моцна.

Сцены, вежы ападаюць,

Пачынаюць рассыпацца,

Ад таранаў і гарматаў

І ад гвалту дзе схавацца?

Скарб літва да куч скідае

І распальвае кастрышчы,

Жонак, дзетак забівае,

І сябе ліцьвіны нішчаць.

Немцы рынулі ў праломы,

Дзе жывых не шмат засталі,

Паляглі і тыя ўмомант,

А багацці дагаралі.

Цвердзь пустою захапілі,

Зваявалі край пустэльны,

Бо ліцьвіны век лічылі

Лёс раба за грэх смяртэльны.


1. Пры зліцці Нёмана і рэчкі Пунелы ёсць замкавая гара Пуня, якая тутэйшымі жыхарамі называецца Маргіра (Моргара), а ў літаратурных творах - Пулена. Стрыйкоўскі і Нарбут дасканала апісваюць цвердзь Пулену (Pullen, Pilonnen), абкружаную глыбокім ровам і тоўстай сцяною. Залогаю цвердзі кіраваў вельмі адважны князь Маргір. Ліцьвіны біліся з крыжакамі ў абарону свайго жыцця, сваіх жонак і дзяцей, у абарону сваіх багоў і ўсяго, што ім было дарагім і святым. Аднак, калі страцілі надзею на ацаленне, распалілі велізарнае вогішча і паўкідалі туды ўсё сваё дабро, а пазней самі сябе ўзаемна пазабівалі і спалілі. Нарбут лічыць, што гэты нязвыклы, смелы, геройскі чын варты пяра Гамера ці Тацыта.

2. Гэта былі яшчэ часы Гедзіміна.

3. Нарбут піша пра 4 тысячы абаронцаў замка, але агулам святы агонь узяў каля 12 тысяч ліцьвінаў.


XL. ПРА РАЗБУРЭННЕ КОЎНІ (1) МАГІСТРАМ ФОН КНІПРОДАМ У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1362 г.

Не так жаль мне замак,

Як шкада ваякаў,

Што агонь паглынуў,

Палены крыжакам.

Там, дзе Нёман Віллю

Туліць, абдымае,

Стала ў Коўні цвердзя

Грозная такая.

Быў там мужны Гурда,

Вейдад - князь малоды,

Як напаў на горад

Вінрых фон Кніпрода.

З сілай незлічонай

Войскаў і таранаў

Здабываў ён горад,

Сцены тоўк і брамы.

Толькі Войдат (2) з Гурдам (3)

Прыступ адбівалі,

Як крыжакаў новых

Гуфы падступалі.

Хоць Альгерд з Кейстутам

Падышлі ў падмогу

Супраць тое сілы

Не змаглі нічога.

Полымем крыжакі

Паляць праз праломы, Паляць горад , замак,

Паляць людства ўдома.

Што ўцякаць хацела,

Меч крыжацкі пляжыць

Акрамя Вайдада

Ды з пачотам княжым.

Тысяч тры ліцьвінаў

Згінула ў пажары,

Князь Кейстут заплакаў,

А крыжак алтары (4)

Ўзнёс на папялішчы

І імшу адправіў,

Кроўю тых, што знішчыў,

Бога ў небе славіў.

Не так жаль мне замка,

Як шкада ваякаў,

Што агонь паглынуў,

Палены крыжакам.


1. Стары замак у Коўні стаяў каля месца зліцця Нёмана і Віллі. Быў абкружаны вадою. Ад адной рэчкі да другой пракапаны глыбокі роў. Абаронныя муры былі збудаваныя з каменю. У 1362 г. крыжакі зруйнавалі замак з зямлёю.

2. Гурда - сын Гінвіла, князя гедройцкага, ваеначальнік, жыў у часы Альгерда. Стрыйкоўскі піша, што моцна перажываў ён страту рыцараў, якія ўмела баронячы замак згінулі ў полымі: "Не столькі замка шкада, як рыцараў, якіх паглынуў агонь..." Гэтая аповесць абапіраецца на адну з найстарэйшых беларускіх вайсковых песень. Яе словы: "Не так жаль мне замка..." аўтар скарыстаў, як эпіграф свайго верша.

3. Войдад - сын Кейстута. Падчас абароны замка Ковенскага разам з 36-цю баярамі трапіў у нямецкую няволю. Там быў ахрышчаны, атрымаў імя Андрэй і служыў пры двары Карла ІV. Пазней кіраваў Полацкім княствам. Паводле Нарбута загінуў у бітве над Воркслай.

4. Нарбут апавядае, што замак Ковенскі быў разбураны ў Вялікую суботу, таму наступным ранкам на крушнях крыжакі пабудавалі алтар, пры якім біскуп адправіў імшу, і ўсе спявалі песні вялікодныя. Песні пачынаюцца словамі: "Хрыстос уваскрос!", а заканчваюцца звычайна страфой: "Можам жа ся весяліці. Kyrie eleison!"


XLІ. ПАТЫРГ (1) КЕЙСТУТАВІЧ, 1363 г.

Крыжак Літву

два разы штогоду

Нападам грозным змардоўваў,

Усіх, хто рыцарам

стацца прагнуў,

На крушнях тут жа ўпасоўваў.

Калі ж прыйшоў сам

граф фон Ганаву (2),

Яго ўпасоваць схацелі

ў Гародні

Пад збітых стогн,

на трупах паганскіх,

Каб замак быў ім паходняй.

Шатландцы едуць,

з імі ангельцы

І немцы велькай грамадай,

Не з апостальскай ласкаю

ў сэрцы,

А перш-наперш

з хціваю здрадай.

Ды толькі здаля вежы Гародні

Прабліснулі, здань іх зводзіць...

Там з хлебам - соллю,

з крыжам збавення

Пасольства з брамы выходзіць.

Па тварах сорам лёг,

па крыжацкіх,

А гневам госці ўскіпелі:

Навошта клікаць,

бы на паганцаў,

Як хрысціян біць хацелі.

Няслі ад Горадні нехта сорам,

А нехта гнеў і пагарду,

Так Патырг мудры,

замку староста

Збіў з немцаў пыху без гвалту.

І хоць жа Кейстут,

бацька Патырга

Меў з тога гумор

не найлепшы,

Ды Патырг тым

шмат болей дамогся,

Чым нават немцаў пасекшы.


1. У апісваным акрэсе часу Горадня падлягала ўладзе Трокскага княства Кейстута, які кашталянам тамашняга замка прызначыў свайго сына Патырга, але пазней адабраў у яго права кіравання Горадняй. Нарбут выказвае здагадку, што за манёўр, апісаны ў гэтым творы.

2. Нарбут, спасылаючыся на Фохта, піша, што гэта меў быць граф фон Ганаў (Ганаў месца над Майнам) - Ульрых ІV.


XLІІ. БІТВА ПАД РУДАВАЙ (1) У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА , 1370 г.

Князь Кейстут намарна слова

Не казаў ніколі:

"Буду ў вас у Прусах госцем

Па зімовым полі."

Зімка поле пабяліла,

Рэкі лёдам сцяла,

І Кейстут з Альгердам рушыў

З сілаю нямалай.

Моўчкі ўпаў пад Каралевец -

І ўжо пад Рудавай.

Там сцяліся з крыжакамі

Бітваю крывавай.

Не пашчасціла ліцьвінам,

Бітву ж бо прайгралі, (2)

Толькі тое суцяшае,

Слова што стрымалі.

Так бывае, што прыплаціць

Рыцар за размову,

Галавой наложыць -- толькі

Датрымае слова.


1. Рудава - гістарычная воласць у Самбіі, 18 км на поўнач ад Каралеўца, цэнтр - Рудаўскі замак. Нарбут апавядае, што Кейстут з Альгердам пры падтрымцы Ягайлы і Вітаўта, рушылі з войскам у бок Рудавы. Бітва з крыжакамі разыгралася 18 лютага 1370 г. Абодва бакі панеслі вялікія страты.

2. Гістарычныя сродкі вельмі па-рознаму ацэньваўць вынікі гэтай бітвы. Нарбут сцвярджае, што ліцьвіны, калі не перамогу, то немалую карысць вынеслі з бітвы пад Рудавай, дзе выбілі шмат крыжацкіх ваеначальнікаў і ўзялі немалую здабычу.


XLІІІ. ВАЙШВІЛА (1) Ў ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1370 г.

Віся, песня, над магілай,

Дзе бясстрашны лёг Вайшвіла.

На Літве што памяць мае,

Цень яго хай суцяшае.

Згінуў недзе над Тарнавай, (2)

З крыжакамі біўся жвава.

Як Кейстут адходзіў

з войскам,

Шындэкопфа (3) збіў геройскі.

Звёў са свету вераломцу,

Што крыві папіў бясконца

Ў Баярбургу і Пастове,

Там зляцелі ўсе галовы.

Меўся знішчыць шчэ Літавы,

Як вяртаўся з-пад Рудавы,

Ды страла з рукі Вайшвілы

Навылёт яго прабіла,

Каб грашыць ён больш не мог.

А злы дух каб хто сцярог,

Дух Вайшвілы будзе там жа,

Дзе нямчына ў землю ляжа.

Віся песня над магілай,

Дзе бясстрашны

лёг Вайшвіла.

На Літве што памяць мае,

Цень яго хай суцяшае.


1. Вайшвіла - паводле Нарбута, таленавіты ліцьвінскі баяр, княжацкай крыві. Падчас вяртання войскаў Кейстута з-пад Рудавы над рэчкай Тарнавай Вайшвіла забіў крыжацкага ваеначальніка, але сам таксама загінуў смерцю мужных.

2. Тарнава - вёска і рэчка з той самай назвай, непадалёк ад Рудавы.

3. Фон Схіндэкопф - вялікі маршалак прускі, ваеначальнік войскаў крыжацкіх, загінуў у бітве пад Рудавай.


XLVІІІ. ДАВОЙНА (1) Ў ЧАСЫ ЯГАЙЛЫ, 1384 г.

На Яснай горцы, (2)

дзе ўвесь люд з пакорай

Прад Маці Божай

чола хіліць ніжай,

Забраў Давойна

па-за ўсім заборам

Акуты золатам

драўляны крыжык.

Вязе да Вільні з дарагім палонам,

Ідзе пры ім і прыгажуня бранка,

З слязьмі замешваючы

пот салёны,

Была адной дачушкаю

Габданка.(3)

Ды дзіва вось,

як хто кранаўся воза,

Яму адразу мову адымала,

Жахнула ўсіх нязнаная пагроза,

Аж задзівіўся тому сам Ягайла.

Габданка-панна

мовіла да князя:

"У сне мне аб'явіўся ангел Божы,

Бог будзе помсціць

за крыжа знявагу,

Пакуль назад яго

хто не паложыць."

Давойна крыж адвёз той

разам з бранкай,

І князя волю

выканаў ён тонка;

Хрысціўся там

і мілую Габданку

Назад ужо прывёз,

як жонку.


1. Стрыйкоўскі піша, што ў 1384 г. Ягайла са сваім войскам дасягнуў аж да Вісліцы (9 міль ад Кракава). Адзін з удзельнікаў набегу ліцьвін Давойна забраў з тамтэйшага касцёла на Лысай гары рэліквію Св. Крыжа, апраўленую ў золата і схаваў яе сярод іншай сваёй здабычы. На возе вёз таксама прыгожую паланянку Габданку.

2. Аўтар называе тую гару Яснай, а не Лысай.

3. Дачка слынных польскіх вяльможаў Габданкаў. Гістарычныя крыніцы не падаюць яе імя. Стрыйкоўскі таксама ўспамінае толькі яе шляхецкае (княжацкі род) прозвішча.


LІ. ХРЫШЧЭННЕ (1) ЛІТВЫ ЯГАЙЛАМ, 1387 г.

Не шкадуйце

ў грознай помсце

Звычай свой, ліцьвіны,

Вера тая справядліва,

Што братамі чыніць,

Што любіць гаворыць Бога

З сэрца паўнатою,

Як сябе, так і чужога,

Мераць меркай тою.

Не глядзіце на крыжакаў,

Што хрысцілі мечам,

Воўчу пашчу мы не крыем

Шкураю авечай.

Ёсць любоў цяжкой навукай,

Кожны знае гэта,

Можа сёння пыха, хцівасць

Вынішчыць паўсвету.

Ды шчаслівы век той будзе,

Бо Хрыстуса вера

Шле любоў у сэрцы людзям,

Ёй учынкі мераць.

-- Так, ліцьвіны,

пушчаў дзеці,

Будзьце хрысціяне!

-- Будзем! Бо сказаў Ягайла,

Богам ён абраны.

Хрысцяць іх, а сам Ягайла

Веры навучае.

Глянь, Ядвіся, як каханне

Бог тваё прымае.


1. Як піша Стрыйкоўскі, у 1387 г. Ягайла з маладзенькай каралевай Ядвігай, а таксама з польскімі ксяндзамі і біскупамі пачалі хрысціць ліцьвінаў у Вільні і на іншых землях ВКЛ. Ягайла асабіста на роднай (беларускай) мове навучаў праўдам веры. З Польшчы прывезлі велізарныя сувоі белага сукна і давалі па кавалкукожнаму, хто прыняў хрышчэнне. Не адзін, не так для хрышчэння, як для сукна таго, ішоў да Ягайлы, які хрысціў усіх грамадамі, надаючы адной грамадзе імя Ваўжынца, другой - Пятруля, трэцяй - Януля. Грамады жанчын былі ахрышчаны імёнамі: Кацярыны, Ядвігі або Ганны. Хрышчэнне прыняло адначасова каля 30000 ліцьвінаў.


LІІ. ДАЎМОНТ ГУРДАВІЧ (1) , КНЯЗЬ ГЕДРОЙЦКІ, 1392 г.

Ой, Даўмонце, ты, Даўмонце,

Валадар гедройцкі (2),

Мы твае згадаем беды

І твае геройствы.

Ты крыжакаў спраўна нішчыў

Пад Кейстута волей,

І загоны з-над Сасаркі (3)

Часта бралі поле.

А калі крыжак наехаў

Раз на Відзінішкі (4),

То палеглі штабялямі

Ордэнскія мнішкі (5).

Поле бітвы "Касцянева" (6)

Стала называцца,

Дзе пыхлівыя крыжакі

Муселі застацца.

Толькі вось перад Вітаўтам

Не схацеў схіляцца,

З Завілейскаю Літвою

Вырашыў яднацца.

"Што ж Даўмонт

нас пазбягае?"--

Дворню князь пытае.

"Мае мёду з рускіх весяў (7),

Нас не запрашае."

Князь Вітаўт цябе прынізіў

Воласці забраўшы,

А ты, кажуць, кол схапіў быў

Ганьбы не стрываўшы.

Бег адзін на Касцянева

І забіў на грудзе:

"Покуль, кол, табе тут гнісці,

Край мой краем будзе!"

Меў сказаць, што нават Вітаўт

Стаў тут не на векі,

Ды з-за цяжкіх гэтых стратаў

Смерць звяла павекі.

О, Даўмонце, ты, Даўмонце,

Валадар гедройцкі,

Мы твае згадаем беды

І твае геройствы.


1. Даўмонт - сын Гурды, унук Гінвіла, выбітны ваеначальнік у бітвах з крыжакамі. У часы Вітаўта валадарыў у Гедройцях. Памёр маладым, пакінуўшы двух сыноў Войцэха і Пятра.

2. Гедройты, Гедройцы ляжаць на заходнім беразе возера Кемант пры дарозе Вільня-Утэна. Згадкі пра іх - ад 1375 г. Іх назва паходзіць ад імя заснавальніка горада - Гедра. Былы цэнтр гістарычнага ўдзельнага княства.

3. Сасарка - цвердзь над ракой Сасарка (левы прыток Святой). Адтуль Даўмонт час-тымі нападамі турбаваў крыжакоў, што плылі па Святой.

4. Відзінішкі - мяйсцовасць на захад ад Малеты, першая згад-ка пра яе ў 1373 г. Належала да Гедройц.

5. У іншым варыянце рукапісу аўтар называе крыжакоў паўмніхамі, г.зн. несапраўднымі манахамі.

6. Касцянева - па-літоўску Kaulai, у Стрыйкоўскага і аўтара - Kaulis - (pole). Ад літоўскага слова KAULAS - костка - мясцовасць непадалёк ад Відзінішак. Названа так з-за мноства касцей, якія знайходзілі людзі на гэтым полі.

7. Паводле словаў Стрыйкоўскага прыхлябаі, якіх ніколі не бракавала на княжацкіх дварах, увялі ў вушы Вітаўту, што Даўмонт мае шмат мёду з рускіх (беларускіх) воласцяў, частуе ім усю Літву Завілейскую і вядзе сепаратныя гутаркі супраць Вітаўта. З гэтай нагоды Вітаўт адабраў Даўмонтавыя воласці.


LІІІ. ПРА ГЕТМАНА АЛЬГЕРДА (1) Ў ЧАСЫ ВІТАЎТА, 1396 г.

-- Дзе ж вы, ліцьвіны, хадзілі?

-- Дык жа ў Смаленску (2)

з Вітаўтам,

Глеб (3) не спяшаўся з падаткам,

З княства яго мы злажылі.

З гетманам потым Альгердам

Мелі патанчыць над Донам

Танец з ардою шалёны

Ў полі шырокім нязведным.

Тры там царэвічы леглі:

Крыму, Кіркелу, Майкопу(4) .

З гетманам спраўна дадому

Ў горад Смаленск мы прыбеглі.

З гонарам Вітаўт вітае,

Цэніць здабычу і бранцаў,

Так па-над Донам мы танцы

Танчылі ў гонар для краю.


1. Альгерд - ліцьвінскі вяльможа, ваеначальнік у часы княжання Вітаўта.

2. Смаленск - сталіца княства наддняпроўскіх крывічоў. Першы ўспамін пра яго ў 863 г. Ліцьвінскія князі спрабавалі ўмацавацца на гэтых землях ад пачатку ХІІІ ст. У 1395 г. Вітаўт Вялікі абвясціў Смаленскае княства правінцыяй Літвы. Ад таго часу да 1667 г. з пэўнымі перапынкамі Смаленшчына палежала да ВКЛ.

3. Г. зн. Вітаўт Вялікі. Глеб - сын смаленскага князя Святаслава. Узбунтаваўся супраць Вітаўта, за што быў пазбаўлены ўлады ў Смаленскім княстве. Вітаўт аддаў яму толькі Палону і некалькі невялікіх воласцяў.

5. Кіркел, Крым і Майкоп - тры ханствы, якімі кіравалі тры браты. Усе яны загінулі над Донам у бітве з вайскам ВКЛ у 1396 г.


LІV. БІТВА НАД ВОРКСЛАЙ (1) , 1399 г.

Вунь стары ліцьвін ля хаты

Думку думае зацята.

Ля яго ягнятка скача,

А ён, бедны, ледзь не плача.

Узгадаў, як над ракою

Воркслай, мутнаю, чужою

Пацярпеў Вітаўт паразу,

Дзе і ён тады быў разам.

О, Вітаўце, слава наша,

Хто цябе калі настрашыць?

Пра карону ты шчэ дбаеш,

Волас хоць зсівелы маеш.

Што ж казаць, як ты меў сілы,

Звон мячоў быў сэрцу мілы,

Ды вось моцна пацярпелі,

Як Эдыгу (2) біць хацелі.

Варажбы не слухаў дзіўнай,

Што тлумачыў

Ян з Пакрыўнай (3),

Не паслухаў Спыткі (4) слова,

Гнеўны быў на хана мову.

Хан Эдыга ж так адмовіў,

Як Кутлуку ты прамовіў:

"Мне паддайся,

я старэйшы" (5),

Што ж тут гневацца, мілейшы.

Ды хапіла гневу, пыхі,

Лезлі ў бітву, як у ліха,

І за справу Тахтамыша (6)

Прападалі, быццам мышы.

Цяжка, цяжка нам прышлося,

Тысяч сто там засталося,

Што былі жывымі ўчора,

Кроў струменем, трупаў горы (7).

Ледзьве ўцёк за ласку Бога,

Смеласць Спыткі, Астрарога... (8)

... Ой маліся, дзед, маліся,

Не давай улады пысе...


1. Бітва над Воркслай (левы прыток Дняпра) адбылася 12 жніўня 1399 г. паміж войскамі ВКЛ і Залатой Арды. З аднаго боку войскам кіраваў Вітаўт Вялікі, з другога - хан Цімур Кутлук. Вітаўт прайграў тую бітву, аднак жа сваёй адвагай узбудзіў павагу нават у супраціўнікаў.

2. Эдыга - крымскі хан, разам з Цімурам Кутлукам кіраваў войскамі Залатой Арды.

3. Нарбут, абапіраючыся на лацінскія рукапісы, апавядае пра дзівака - пелігрыма, манаха Яна з Пакрыўнай, дасканалага паліглота, які перад бітвай над Воркслай з'явіўся ў лагеры Вітаў-та ў Кіеве. Гаварыў ён Вітаўту так: "Мушу збочыць аднак жа з дарогі, схіліцца ўправа, занадта ўлева не зайці каб не заплакаць, не страціць жыцця, не змяшаць парэшткаў маіх, я вялікі грэшнік, з парэшткамі выдатных баяроў тваіх. Суду Божаму незразумелая, будучыня жалобай пагражае" (Т.V.S 614).

4. Спытка з Мэльштыка - польскі вяльможа, кракаўскі вая-вода, паплечнік Вітаўта. Угаворваў Вітаўта ўхіліцца ад бітвы, радзячы яму мірныя перамовы з татарамі, калі Эдыга і Цімур схіліліся былі ісці на згоду. Ні яго, ні Яна з Пакрыўнай Вітаўт не паслухаў.

5. Стары Эдыга пераказаў Вітаўту: "Ты... маладзейшы за мяне, таму скарыся, будзь даннікам маім і на літоўскіх грашах выбівай імя маё" Вітаўт прыняў тыя словы за велізарную абразу і разпачаў бітву, хаця некалькі раней сам гаварыў падобнае да маладзейшага за сябе Кутлука: "Будзь маім сынам і даннікам, або выбірай стаць палоннікам"

6. Татарскі хан Тахтамыш быў выгнаны са свайго краю Тамерланам. Прыхіліўся да Вітаўта і разам са сваім войскам біўся супраць татараў, якіх тапіў, як, "рудых мышэй" Загінуў у 1408 г. у бітве з пераемнікам Кутлука Абусаідам.

7. Паводле словаў Нарбута, абодва берагі Воркслы былі пакрыты трупамі, а руслам плыла людская кроў.

8. Астрарог - польскі вяльможа, паплечнік Вітаўта. Разам са Спыткам (глядзі LІV) дапамагаў Вітаўту пад заслонай ночы ўцячы з поля бітвы. Сам Спытка загінуў. За яго смерць доўга перажываў кароль Уладзіслаў.


LV. СМЕРЦЬ ЯГАЙЛЫ, 31 траўня 1434 г.

У ляску пад Гарадком (1)

старэнькі

Спевы Ягайла ўчуў салавейкі.

Доўга, ах доўга

песню ён слухаў,

Ветрык халодны

на скроні дзьмухаў.

Дзьмухаў на скроні,

дрыжыкі ўзялі,

Да Гарадка яшчэ ногі трымалі,

А сеў за стол,

абнямог вяльможны,

І Бог гукнуў яго ў шлях апошні.

Хто салавейкі так любіць песні,

Што разліваюцца

вечарам вешнім,

Слухай, ды помні лёс каралеўскі,

Звязаны з песняю

той чарадзейскай.

Згадвай, дзе шлях свой

Ягайла скончыў,

Што дзве краіны

свае з'ядночыў...

... Меў ён чуллівасць,

дабротаў сілу,

І быў яму салавейка мілы.


1. Паводле словаў Стрыйкоўскага, 83-гадовы Ягайла паехаў у Гарадок, што ляжаў за 4 мілі ад Львова. Там, слухаючы любімыя спевы салаўёў, прастудзіўся і неўзабаве памёр. А таму смерць Ягайлы звязваюць з гэтым горадам львоўскай акругі, які называюць таксама Гарадком Ягелонскім, над рэчкай Вярэшчыцай.


Пераклад і каментары Станіслава Судніка

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX