Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў 6

Ганна Камінская. Паэзія


Аўтар: Камінская Ганна,
Дадана: 11.08.2003,



Хай кажа хтось
агіднае аб мове,
Аб тым, што лёс ёй -
ціха адміраць.
Пакуль стаяць
на першпачатку ў школе
Такія сейбіты,
нам будзе што пажаць.
Дзядулеў дом


Самотны, ціхі, кінуты,
Пакорны лёсу
Ў забыцці стаіць.
Старога ясеня
Над ім галлё раскінута,
Хавае позірк
Белых акяніц.

*
Жыцця былога
Адгалоскі-промні
Ля гэтых сцен,
Ля плоту, між кустоў.
Бабуля, дзед -
Яны са мной гамоняць
Лістотай бэзу,
Песняю вятроў.

*
Да гэтых сцен
Вяртае рэха памяці...
Праз сэрца, пэўна,
Сцежка пралягла...
Не змые дождж,
Не замуруюць замяці
Жывы агеньчык
Роднага цяпла.




Клюкавічы


Няма ў Сусвеце
даражэй аблічча,
Чым сціплае і светлае тваё,
Як твар матулі мілай,
Клюкавічы.
Тут лёс пачаўся.
Сэрца тут маё!
ут Маргамі лугі
колісь продкі празвалі,
А Цімошачкамі-
ускрай балот лес густы.
Стуль з адвечнай тугой
журавы адлятаюць,
Мае мроі на крылах
праносяць буслы.

Тут агеньчык блакітны
пралесачкі першай
У Масееўцы я
сустракала, як цуд.
Голас роднай зямлі
тут пачуўся мне вершам,
Вершам я гаварыць
навучылася тут.

Навучылася слухаць
я родную мову
Ў шапаценні лістоты
магутных дубоў,
Размаўляць са сняжынкамі,
кветкамі, голлем -
І навука мне гэта
за ўсё даражэй!


Матулі

Не знайсці мне ніколі
Ні слова, ні песні,
Каб святую маю
Ўсхваліць і ўзнесці.

Дзе цана тым рукам,
Без якіх - не ўзляцела б,
Тым гаючым слязам,
Без якіх зачарсцвела б.

Тым малітвам і думкам,
Што ў цяжкіх дарогах
Захінаюць мяне
Ад ліхога і злога.

Самым чыстым вачам,
Без якіх свет змрачнее,
Што адны мне вяртаюць
І моц, і надзею.

Не знайсці мне і слоў,
Каб аддзякаваць лёсу
За цудоўны куток,
Дзе жыццё пачалося.

Там цяніцца над хатаю
Вольха з буслянкай,
Там мая залатая
Спускаецца з ганка.



Настаўніцы роднае мовы

Прысвячаецца
Уладзіславе Іванаўне Санюк


Старой драўлянай школы
жоўты човен
Тануў у квецень
майскую садоў.
Там бегла я
на ўрок па роднай мове,
А побач час няўлоўны
шпарка йшоў.
Праз плынь гадоў
Мне свеціць
сціплы вобраз,
Адкрыты, светлы,
шчыры бачу твар.
Настаўніцы
я кланяюся ў пояс,
Што нам нясла
натхнення дзіўны дар.


... Зноў бачу клас,
увагі ціхай поўны,
Распавядаеш ты
пра Бандароўну,
Пра прыгажосць
і годнасць чалавечую,
Пра лёс народа
і пра пакуту вечную...


Бягуць у сэрца
родных ніў палосы -
Чытаеш ты
пра жнеечку ў вянку.
Аж зіхаціць
дрыготкім срэбрам голас,
Нібы крынічка
ў Коласа "кутку"...


Хай кажа хтось
агіднае аб мове,
Аб тым, што лёс ёй -
ціха адміраць.
Пакуль стаяць
на першпачатку ў школе
Такія сейбіты,
нам будзе што пажаць.


Бусел

Шукаў прытулку
Бусел па вясне:
На лес зірнуў
У ранішняй імгле,

Над срэбрам крыг
Праплыў над ручаём,
Над сажалкай застыў,
Як рыбалоў.

Узляцеў высока
І знайшоў маяк:
Магутны дуб
Яму махаў, нібы сваяк,

У свае абдымкі
Шчодра запрашаў.
На ім гняздо
Наш бусел збудаваў.


Шчасце

Людское шчасце,
Пэўна, ты ў світаннях,
У птушыным гомане
І ў азёрным плёсе,
У растаннях доўгіх,
У радасці спатканняў,
У чалавечым,
У звычайным лёсе.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX