Папярэдняя старонка: Паэзія

Станіслаў Суднік 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік нарадзіўся ў в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на, з 1994 года жыве ў Лідзе. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, друкаваўся ў "Полымі" і "Маладосці", "Лідскім летапісцы", выдаў кнігі паэзіі "Пагоня за мову", "Мой Грунвальд", "Лідскія скрыжалі", "Літва".

ПІЛІГРЫМКА ДАДОМУ

(Паэма, часткі 1 і 2)

Ясь і Кацярына

Наўскрай сейлаўскіх валокаў,

вольных і багатых,

На грудочку, з-за гаёчку

выглядала хата.


А ля тое ля хаціны -

вішанькі ды кветкі,

А ў хаціне - Кацярына

ды малыя дзеткі.


А навокал той хаціны -

ўсё палі, абшары,

Ды не сеяны, не жаты,

а адны папары.


А ў хлявах стаіць жывёла,

з голаду рыкае,

А чаму ніхто на пашу

бедну не ганяе?


Дзе вы пане-гаспадару,

пані-гаспадыня,

Што так раптам пацямнела

светлая хаціна?


Ой раслі тут, расцвіталі

вішанькі ды кветкі,

А ля вішаняк гулялі

васілёчкі-дзеткі.


І палі тут заараны

як штогод бывалі,

І каровы-галяндэркі

ў стойлах не рыкалі.


Ясь тут добра гаспадарыў

на сваіх валоках,

Сэрца з радасці спявала,

і святлела вока.


Жонка ў Яся Кацярына,

ружа-маладзіца,

Стан танюткі, твар вясёлы

радасцю іскрыцца.


Жыць бы ім ды разжывацца,

завіхацца спора,

Каб жа толькі не спаткацца

ды з бядою - горам.


А бяда яна цікуе лісам з-пад калоды,

Шле ганца да пана Яся

сам пан - ваявода.


- Прыбірайся, пане Ясю,

ў барвы палкавыя,

Клічуць-клічуць цябе, Ясю,

трубы баявыя.


Сабіраўся хутка Ясю,

на каня сядаўся,

Сваёй мілай Кацярыне

шчыра абяцаўся:


- Я вярнуся, Кацярына,

з той вайны праклятай,

Даглядай жа, Кацярына,

дзетачак і хату.


Кацярына даглядала, сеяла, касіла,

Што далей, вазіла возам,

што бліжэй, насіла.


У саху валы ўпрагала

ды сама арала,

І кароў сама даіла,

і пшаніцу жала.


І касіла, не прасіла

нечай дапамогі,

І расой халоднай мыла

маладыя ногі.


Цэпам цяжкім малаціла

жыта на гуменцы

І чакала, выглядала

Яся ля акенца.


Як чакала Кацярына

светлае часіны,

Прычакала Кацярына

чорнае гадзіны.


Настудзіла босы ногі

ў вешняе вадзіцы,

І ў гарачцы раптам злегла

наша маладзіца.


Захварэла Кацярына

хворасцю цяжкою,

Цяжка беднай Кацярыне

варухнуць рукою.


Плачуць дзетачкі малыя

каля хворай маткі,

Клічуць дзетачкі малыя

дарагога татку.


Толькі татка іх з далечы

ды ніяк не едзе,

Толькі мамка іх да печы

падыходзіць ледзьве.


Шэпчуць бабкі-варажбіткі

розныя замовы,

Лечаць бабкі-варажбіткі

зёлкамі і словам.


Аж нішто не памагае

ад ліхой напасці,

Нікне, чэзне, знемагае

ад хваробы Каця.


І вясна бярэцца ў сілу,

ззяе ярка сонца

Аж нічога ўжо не міла

за сляпым аконцам.


Тужыць конічак на стайні

з нечасачай грывай,

Зарастае быльнягамі

неарана ніва.


Божа, Божа! Хто ўратуе

бедную сямейку?

Божа, Божа! Хто пачуе

хворай маці енкі?


Хоча ўстаці Кацярына,

але сіл не мае,

Хоча плакаць Кацярына,

слёзаў не хапае.


Каб заснуць як Кацярыне,

сон жа не прыходзіць,

Мусіць, мусіць, Кацярына

ўжо зусім даходзіць.


Раптам бачыць Кацярына

сон ці то на яву -

Дзед з сівою барадою

сеў у кут на лаву.


Дзед сядзіць, маўчыць, не кажа

ні аднога слова,

Толькі чуе Кацярына,

чуе яго мову:


- Падымайся, Кацярына,

ды ідзі да вёскі,

Там стаіць за крайняй хатай

гонкая бярозка.


Ты да тое да бярозкі

цесна прыхіліся

І за ўсе свае ты беды

шчыра памаліся.


І пачула раптам сілу

Каця ў сваім целе,

І ўзнялася з той нямілай,

хворае пасцелі.


І пайшла паціху Каця,

ледзь ступаюць ногі,

І пад вечар адалела

цяжкую дарогу.


Цяжка ўпала на калені

перад той бярозай,

А малітву не пускаюць

енкі, плачы, слёзы.


Малітва Кацярыны

Не табе малюся, белая бяроза,

А табе малюся, Усемагутны Божа!


Не прашу нічога для сябе балеснай,

А прашу я долі для дзяцей бязгрэшных!


Як зямля сырая мне накрые грудзі,

Забяруць іх з хаты ды чужыя людзі.


Ой жа ж ці як будуць іх там гадаваці,

Але, пэўна ж, будуць з іх там збыткаваці.


Будуць да работы іх стаўляць маленькіх,

Будуць да бядоты прывучаць слабенькіх.


Не прашу я, Божа, каб іх там любілі,

А прашу я, Божа, каб хаця не білі!


Не пра тое дбаю, што падымуць рана,

Не пашлі ж ім, Божа, ды ліхога пана!


Не прашу, каб цяжка дзеці не рабілі,

А прашу, каб трошкі іх хаця кармілі!


Як грахі я маю, Божа, адпусці,

Дай жа маім дзеткам, дай жа падрасці!


Перш, чым здамся ў рукі лёсу свайму злому,

Можа павярнуў бы Яся ты дадому.


Хай бы ён вярнуўся ды да роднай хаткі,

Хай бы быў у дзетак ды радзімы татка.


А як будзе ў Яся жонка маладая,

Хай яна не будзе ды да дзетак злая.


Ты даруй мне, Божа, што прашу замнога,

Бо яшчэ на свеце не бывала тога,


Каб было ў чужыне ды сіроткам міла,

І каб мачыха дзіцяці матку замяніла.


Хоць прасіць баюся, ды надзею маю,

Плачу і малюся, літасці чакаю


Не шкадуй мяне ты, белая бяроза,

Пашкадуй мяне ты, Ўсемагутны Божа!


І без сіл упала долу

наша Кацярына,

Ноч там праляжала

нежывой жанчына.


А як зрання ўпалі

промні залатыя

На гукі-галіны,

на лісты малыя,


Каця ачуняла

і на ногі ўстала,

Ледзь што памятала,

ледзьве што пазнала.


Толькі чуе Каця -

сілы прыбывае,

Толькі знае Каця -

зноў яна жывая.


Каця да бярозы

хоча прытуліцца,

Каця сваім цудам

хоча падзяліцца.


Толькі бачыць Каця -

на галіне ніжняй

Нешта незвычайнае,

падыходзіць бліжай.


Там фігурка з дрэва

на гуку стаіць,

Там Хрыстос з дарогі

сеў быў адпачыць.


Мусіць, мераў доўга

сцежкі і дарожкі,

Покуль не дабраўся

ды да той бярозкі.


І пачула Каця,

бы гавораць ёй:

- Шчырая ты, Каця, вераю сваёй,


Ты не бойся, Каця, памаліцца дрэву,

Каменю і сонцу, ветрыку павеву.


Вечару маліся і пачатку дня,

Бо дзе ёсць малітва, там заўсёды Я!


І не важна, просіш ты жыцця ці хлеба,

Тое атрымаеш, што папраўдзе трэба.


Не за просьбы вашыя вам даецца ўсё,

А за дзеі вашыя, вашае жыццё!


І заціх той голас,

быццам не было,

Над фігуркай згасла

яснае святло.


Ды сама фігурка

на гуку стаіць,

Кінулася Каця

ўсё сяло будзіць.


Да бярозы збегліся

з усёй вёскі людзі,

Каця ім гаворыць

аб вялікім цудзе.


Вераць ёй - не вераць,

што тут гаварыць,

Ды аднак фігурка

на гуку стаіць,


Ды здарова Каця,

што ўжо памірала,

І дайшло да вёскі -

шчасце іх спаткала,


Што Хрыстос, напэўна,

сам наведаў вёску,

А фігурка тая -

светлы вобраз боскі -


Для ўсіх Сейлавіч да веку

абярэгам будзе...

Да аднога чалавека

парашылі людзі.


А фігуркі з дрэва

прыбіраць не сталі,

Па-над ёю ўмела

стрэшку змайстравалі.


Да яе маліцца

хадзіць вёска стала,

Так маленькая капліца

з цуда тут паўстала.


І пайшла зноў Кацярына

з сошкай і касою,

Больш не ўмыецца жанчына

горкаю слязою.


Зноў падоены каровы,

і зямля ўзарана,

Русы косы, чорны бровы,

і сама як панна.


Закурылася дарога

пылам з-пад падводаў,

Едзе Ясю з перамогай

з дальняга паходу.


Біўся Ясю ў многіх бітвах

па-геройску, мужна,

Быў наш Ясю просты шляхціц,

а цяпер харунжы.


Мякка цокаюць падковы

па зямлі-пясочку,

Едзе Ясю з грозных бітваў

не з пустым мяшочкам.


Мякка рэжацца дарога

колаў абадамі,

Едзе Ясю з перамогай

ды з дабра вазамі.


Вязе Ясю Кацярыне

сукні і каралі,

Вязе футры, і тканіны,

паясы і шалі.


Рада, рада Кацярына

сукні прымяраці,

Ды паціху зачынае

ў бок іх адкладаці:


- Не казаў бы мне ты, Ясю, сукні адзяваці,

Не вялеў бы мне ты, Ясю, футры апранаці,

Не дарыў бы мне ты, Ясю, перлы, дыяменты,

Не лічыў бы ты, мой Ясю, звонкія манеты.

Не было б табе, мой Ясю, перад кім лічыці,

Не было б табе, мой Ясю, ды каму дарыці,

Каб не тое велька цуда, што са мною стала,

Без якога б я, напэўна, ў доле ўжо ляжала.


Расказала Кацярына

пра сваё здарэнне,

Пра сваю хваробу злую

і пра ацаленне.


На каня сядае Ясю,

едзе да бярозы,

Дзе нядаўна Кацярына

пралівала слёзы.


Злез з каня, перажагнаўся

і сказаў малітву

І злажыў падзяку Богу

за вяртанне з бітваў.


А другі раз памаліўся

за сваю ён Кацю,

За яе здароўе, сілы

над усім багаццем.


Памаліўся і раз трэці

за дачку і сына,

Каб даў Бог здароўя дзецям

і даў мір краіне.


І стаяў перад фігуркай

грозны ў бітвах пан,

Аж упаў лісточак з дрэва

Ясю на жупан.


- Вось лісток упаў, як жа час ідзе,

Хутка, не аглядзімся - снег тут упадзе

І пад снегам будзе тут Хрыстос сядзець,

Каб у вочы людзям з цеплынём глядзець,

Каб з-пад гэтай стрэшкі, сціснуты марозам,

Бараніць нас грэшных з гэтае бярозы.


І паехаў Яська

ды да сваёй Каці,

І казаў ёй Яська

на вазы складаці


Сукні і спадніцы,

Лісы і куніцы,

Перлы і каралі,

Паясы і шалі,

Боты і жупаны,

Шаблі, ятаганы...

Не паехаў Ясю

ды за свет няблізкі,

А паехаў Ясю

на кірмаш нясвіжскі.


А як быў у Яся

ды тавар харошы,

Атрымаў наш Ясю

неблагія грошы.


Ехаў Ясь да князя,

князя Радзівіла,

Да таго, з кім разам

у паход хадзілі.


І расказваў Ясю

пра здарэнне з Кацяй,

І прысіў дазволу

цэркву збудаваці.


І зямлі кавалак

каля той бярозкі

Ясь прасіў прадаці

на патрэбу вёскі.


І сказаў князь Ясю:

- Землю не прадам,

Той кавалак сейлаўцам

я бясплатна дам.


Ці ж яны спрадвеку

краю не служылі,

Ці на той кавалак

мо не зарабілі?


І як выйшаў, збыўся

ў вас там гэткі цуд,

То хай мае цэркву

сейлавіцкі люд.


А як будзе з біскупам

цяжка што рашыць,

Скажаш, што прыедзе

Радзівіл прасіць.


Ехаў Ясь у Вільню

біскупа благаць,

Каб дазвол на цэркву

хутка атрымаць.


А тады, як дойдзе

да таго пара,

Каб даў біскуп сейлаўцам

шчэ і святара.


Атрымаў ад біскупа

Ясь даброе слова

І імя айца, і сына,

і духа святога.


Дрэва Ясь купляў,

цесляроў наймаў,

Шрубы, краты і завесы

ў кузнях замаўляў.


І застукалі сякеры,

зазвінелі пілы,

Памажы нам, Божа,

памажы нам мілы!


Ля гасцінца на Магільна

цэркву будавалі,

Цесля справу ведаў пільна,

людзі шчыравалі.


І вазамі ўжо з-пад лесу

дрэва пацягнулі,

І ўжо сохнуць пад навесам

чэсаныя шулы.


Не сышлі даўгія годы

ды за справай тою,

Бо рабілася народам

шмат што талакою.


А таму праз год не болей

цэрква ўжо стаяла,

Пахла лесам, пахла полем,

з небам размаўляла.


І прыехаў біскуп з Вільні

храм той асвячаці,

І пачаў той біскуп пільна

ды ў людзей пытаці,


Што за віхры праляцелі

ды па гэтым свеце,

Што так раптам захацелі

цэркву сваю меці?


Паказалі яму чынна

тонкую бярозу,

Пад якою Кацярына

пралівала слёзы,


Паказалі яму месца

той жыццёвай буры

І прасілі яго ўнесці

ў цэркаўку фігуру.


І не ведаў біскуп хмуры,

як яму тут быці,

І рашыў ён, што фігуру

трэба асвяціці.


Ды як толькі па травіцы

ён ступіў з дарогі,

Сэрца стала калаціцца,

задрыжалі ногі,


І над дрэвам тым узняўся

сноп жывых праменняў,

І раптоўна аказаўся

біскуп на каленях.


Стала ясна, што нічога

тут свяціць не трэба,

Што ў той міг яго самога

асвяціла неба.


І маліўся біскуп з жарсцю

ды да той святыні,

Верыў сам, што доля - шчасце

край той не абміне.


А пасля малітвы ў рукі

ўзяў фігурку з дрэва

І ў царкву панёс пад гукі

незямнога спеву.


Так было, і гэтак стала,

з тых часоў далёкіх

У царкве яна стаяла

ў алтары пры боку.


Верыў цвёрда люд наўкольны

цудадзейнай сіле,

Каб бяду ці грэх адолець

моцы тут прасілі.


Быў Хрыстос іх чуць дабрэйшы,

чым за светам недзе,

Быў Хрыстос тут свой, тутэйшы,

кожны гэта ведаў.


Можа грэх казаць такое,

толькі ж людзі - людзі

Так было парой старою,

так і далей будзе.


Як прасілі ласкі Божай,

так не перасталі

А ці варты ты, ці гожы,

моцна не зважалі.


Да фігуркі з найпільнейшай

просьбай прыступалі,

Бо Хрыстос быў свой, тутэйшы,

ён паможа, зналі.

Бацюшка Мікола

Слаба, слаба Ясю біўся з маскалямі,

Бо ўжо ж валадараць ды яны пад намі,

Бо ўжо ж нашы нівы ды пазабіраны,

Бо ўжо ж нашы коні ды пазаязджаны,

Бо ўжо ж наша воля ды пазацугляна,

Бо ўжо ж наша мова ды падратавана,

Бо ўжо ж нашы хлопцы ды Маскву будуюць,

Бо ўжо ж нашы дзеўкі маскалят гадуюць.


Адгрымела другое паўстанне,

Не вярнулі спрадвечную волю,

Шляхта дзеліць капцы і кайданы,

А мужык дзеліць рабскую долю.


Засталася адна яшчэ вера,

Што змагала і беды, і жаль,

Ды захопнік не ведае меры,

І да веры дабраўся маскаль.


Уніяцкія цэрквы, капліцы

Пад маскоўскую руку бяруць

І маскоўскім папам - чужаніцам

Нашы храмы і люд аддаюць.


Як чынілася такое

ды паўсюль наўкола,

Быў у сейлавіцкай цэркве

бацюшка Мікола.


Богу ён служыў і людзям

праз гады даўгія

Не баяўся земскіх суддзяў

у часы ліхія.


Як паклікалі Міколу

ў Вільню да Сямашкі

І сказалі, што ўжо болей

уніі нямашка,

Што ў маскоўскім праваслаўі

будзе люд тутэйшы,

Будзе шлях яго яскравы,

будзе лёс лягчэйшы.


Ды адказваў ім Мікола,

бацюшка вясковы:

- Чуў ад вашых я і болей ласкавыя словы,

Толькі лёгкай не пральсціўся б

Вашай я дарогай,

Ў якой веры я хрысціўся,

З той пайду да Бога.


З-пад Магільна пыл, грукота,

войска наступае,

Прэцца конніца, пяхота

па дрымотным краі.


Войска сілай мо капа,

ды надзвычай злое,

Везла сейлаўцам папа

ды з Масквы самое.


Едзе бацюшка Мікола

ў кайданы закутым,

Сталі людзі грозным колам

у адчаі лютым.


Бараніць рашылі цэркву

ад чужой чужыны,

А салдаты ўжо да бою

ўзялі карабіны.


- Што за бунт? - ідзе наперад

малады паручнік, -

Паважаць мы нашу веру тут усіх навучым,

Будзе ў шчырым праваслаўі

жыць народ тутэйшы,

Будзе шчыра Бога славіць моваю найлепшай.


Войт Пятровіч цяжкім крокам

выйшаў перад людам:

- Ці не вылезе вам бокам гэтая аблуда,

Тут няма законаў вашых і павек не будзе,

Ты нас зброяй не настрашыш, не баяцца людзі.

Бунт дык бунт, не першым разам

нам тут бунтаваці

Зноў касцямі ўсе паляжам за Радзіму-маці.

Наша цэрква, наша вера, і Хрыстос тут свой.

Хто парушыць першым меру і пачне тут бой?


Ды падняўся тут на возе

бацюшка Мікола,

Ледзь трымаецца ў знямозе,

глянуў навакола.


Рукі выцяг у кайданах

да самога неба:

- Не патрэбна смерцяў, ранаў і вайны не трэба.

Я стары пайду да Бога, а вам трэба жыці,

З гэтай сілаю нічога нам не парабіці.

Іхня ўлада, іхня сіла, ну а наша што ж?

Наша ж тут зямелька міла, і наш тут Хрыстос.

Хай тут будзе што ўжо будзе год і два, да ста,

А вы верце, верце, людзі, веруйце ў Хрыста.

Я малю вас саступіці і не ліць тут кроў,

Буду я за вас маліцца між чужых муроў.

Апусціце карабіны, - мовіў ён вайсковым,

Мы той вэрхал беспрычынны,

зменім Божым словам.


І народ спыніўся глуха,

бабы не галосяць,

А салдаты ж ужо з цэрквы

іхня ўсё выносяць.


Лаўкі вынеслі, званочкі,

абразы выносяць.

І маўчаць людскія вочы

і аднога просяць:


- Як вам моцна не патрэбна тут пасеяць буру,

Не чапайце, не чапайце вы Хрыста фігуру.

Поп маскоўскі глянуў крыва

на фігурку тую

І пачуў, якое дзіва,

моц з яе святую.


І сама рука ўзнялася

ў крыжавым знаменні,

І поп раптам апусціўся

тут жа на калені.


І стаіць паручнік моўчкі,

і стаяць салдаты,

І чакаюць усе нейкай,

нейкае расплаты.


І з каленяў поп падняўся

і сказаў: "Хай будзе,

Каб тут вэрхал не пачаўся, каб сцярпелі людзі".


Так фігурка засталася

ў цэркве той стаяці,

Сілай боскаю, святою вёску ахіляці.


Пазабылася паціху,

як той дзень хістаўся,

Збегла шчасце, збегла ліха,

а Хрыстос застаўся.


Памяць уніі далёкай,

памяць нашай веры,

Памяць тых часоў нялёгкіх

і чужой халеры.


І так восемсят гадочкаў

адцяклі вадою,

Покуль новыя нягоды

не прыйшлі з вайною...

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX