Папярэдняя старонка: Паэзія

Кірыл Сыцько 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Кірыл Сыцько нарадзіўся ў Лідзе. Скончыў Лідскі каледж, вучыцца ў БДУ. Друкаваўся ў "Нашым слове, "Маладосці", у зборніку "Шануйце роднае слова".


* * *

З Зінаіды Гіпіюс

А можа сэрца мне ўспора сталь,

І цела будзе грэшнае ў тумане,

Мне б прад табою

На калені ўстаць

Хвілінаю,

Калі мяне не стане,

Хвілінаю,

Калі мяне не стане...


І лёгкі вецер

Мой развее прах,

Ды толькі смерць

Яшчэ не ёсць

Расстанне.

Тады стрымай

Ты

Слёзы на вачах

Хвілінаю,

Калі мяне не стане.

Хвілінаю,

Калі мяне не стане...


Я да цябе

Святлом з'яўлюся ў снах

І ахіну

Цяплом свайго кахання,

Тады растане

Самы цёмны жах...

...Кахай мяне,

Калі мяне не стане...

Кахай мяне,

Калі мяне не стане…

ПАМЯЦІ АНАТОЛЯ СЫСА

Беларусь

На прагніўшым крыжы

Над магіламі

Безыменнымі.

Зноў падточваюць

Час вужы,

Мы па небе

Мільгаем ценямі...


Гэта стогны

Ста тысяч званоў

Над абмытай

Віном Каложаю,

І ў храмах

Бруіцца кроў.

Не твая кроў,

Таму прыгожая.


І забіты паэт

У парчы

Ўвесь ссінелы

Ляжыць ў

Дамавіне.

Паглядзі на

Яго, памаўчы...

Ты згубіла

Апошняга сына.

* * *

Трэба здрадзіць, і пахмяліцца,

І прыбіцца

На родны крыж.

Шапаценне шаўковых спадніцаў

Патанула

Ў балотнай жыжы.


А кавалкі чырвонай цэглы

Прадвяшчаюць

Ізноў сцяну.

Ты, як заўсёды, збегла,

Каб на вайне

Заснуць.

* * *

У другасортных кансервах

Псіхадэлічнай эпохі

Капошацца чэрві

Ў надзеі абмыць

Сваё сэрца дажджом.

Толькі іх дождж -

Гэта дожджык, што ў душы

Кіслотнага Нёману,

У якім ахрысцілі

Вадой і распяццем

Дзвесце трыццаць шосты

Уран

Антычныя богі

Падземнага свету,

Што не маюць

Адлюстраванняў

У люстэрках лужынаў,

Бо няма больш лужынаў,

Бо капошацца чэрві,

Закрытыя ў каробку

З банальных шпалераў...

А неба

Такое ж, якім яно б было,

Калі б ты не прадаўся...

* * *

Калісьці зрэзаў цноты ружу,

Ты быў шчаслівы, як дзіцё…

Карункі ў вокнах,

звонку - сцюжа,

А тут - віно і забыццё…


І ты яе кахаў бязмерна

І мроіў: будзе так да скону,

І так аддана, шчыра верыў

Крывіцкай вернасці іконе.


Мінула два тысячагоддзі,

Сядзіш, углядваешся ў бель,

А сэрца думкай карагодзіць,

Што ружа зрэзала цябе.

* * *

Цяжка ўставаць на дасвецці.

Ў лужынах талай вады

Хай ненароджаны вецер

Цалуе твае сляды.


Можа, паставіш мне помнік

Там, дзе пастаўлены крыж?

Бачыш, змяшалася поўня

З пылам закінутых ніш.


Топяцца зоры з дасвеццем

Ў лужыне талай вады.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX