Вярнуцца: Паэзія

Валера Мацулевіч


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Валера Мацулевіч нарадзіўся 4 жніўня 1983 году ў горадзе Лідзе. Закончыў Наваградскі гандлёва-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці "бухгалтарскі ўлік і аўдыт". Друкаваўся ў "Лідскай газеце", "Прынёманскіх вестках" і часопісе "Нёман". Выдаў кнігу вершаў "Струны душы".


ПРЫГАЖОСЦЬ

У віхуры цемрадзі і злосці,

У будзённай шэрай чарадзе

Нам ёсць патрэба ў Прыгажосці

Не меней, чым у хлебе і вадзе.


Жывём, працуем, ходзім ў госці,

А ўсё ж чагосьці не стае.

А менавіта - Прыгажосці -

Не датыкаемся яе…


У людскім натоўпе альбо ў справах

Мы раствараемся падчас,

І ўжо не бачым сноў яскравых,

У якіх Яна пакліча нас.


У магілу лягуць нашы косці,

Як цела ў ложак спачываць,

І кветкі - кроплі Прыгажосці

Над намі будуць сумаваць…


Каб не чынілі, што хацелі,

Цьмяная цемрадзь, злая злосць,

Каб будні шэрыя квітнелі,

Стварайце, людзі, Прыгажосць…

НЯБЕСНЫЯ ХОВАНКІ

(з народнага)


У нябёсах летні гром

Голасна гукае -

Там Ярыла з Перуном

У хованкі гуляюць.


Каб шукаць цяжэй было,

Каб хапала працы,

Пагасілі ўраз святло

Па сваім палацы.


Вось Ярыла, як мярцвяк,

Затаіўся ціха,

Не варушыцца, бядак,

Не чуваць, каб дыхаў.


Перуна таго трасе

Прага перамогі,

Ён шукае пакрысе -

Ў кроў збівае ногі.


Бачыць вочы каб маглі,

Дастае запалкі -

Кажуць людзі на зямлі:

"Бліскаюць маланкі".


"Вось схаваўся, вось хітрун!

Не знайду, магчыма!"

І раз'юшаны Пярун

Ляпае дзвярыма.


Ляп ды ляп, ажно ідзе

Трэск па ўсёй акрузе,

Усе ў пакоі па чарзе.

"Гром", - гвораць людзі.


Сеў, стаміўшыся як след,

Вось дык небарака,

Злуючы на цэлы свет,

Роспачна заплакаў.


Тыя слёзы па лугах

Наталілі кветкі,

На жыцця вярнулі шлях

Сумныя палеткі.


А Ярыла з хмар гары

Вылез, усміхнуўся:

"Ну, ты што? Не плач, стары!

Што ты так надзьмуўся?"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX