Вярнуцца: Паэзія

Юзэфа Данілевіч


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Юзэфа Данілевіч нарадзілася ў былым Лідскім павеце ў сям'і селяніна-серадняка. У 1962 годзе закончыла Магілёўскі педінстытут, фізіка-матэматычны факультэт па спецыяльнасці "фізіка і матэматыка". Працавала ў Шчучынскім раёне спачатку выкладчыкам матэматыкі, а потым дырэктарам школы. З 1986 г. працавала выкладчыкам матэматыкі ў Лідскім педвучылішчы.


АДНО ІМГНЕННЕ

Жыццё - гэта толькі адно імгненне,

Не спыніш яго, не павернеш назад,

Яно то сагрэе, як сонца праменнем,

То астудзіць цябе, як зімой снегапад.


То абдыме цябе, як каханага рукі,

І сагрэе пяшчоты цяплом,

То прынясе невыносныя мукі

І сэрца абпаліць агнём.


То насыпле соль на балючыя раны,

А потым раптам загоіць іх,

І прынясе табе шчасце кахання

І раздзеліць яго на дваіх..


То падыме высока ў нябёсы,

Каб зведаў ты радасць жыцця,

А потым зноў кіне на грэшную землю,

І цяжка ўсплываць з небыцця.


Нам заўсёды ўсё нечага мала,

І яшчэ хочацца штосьці набыць.

Жыццё! Як бы ты нас ні кідала -

Усё роўна нам хочацца жыць.

СЯБРАМ ДАЛЁКАГА ЮНАЦТВА

Сябры далёкага юнацтва!

Я так хачу сустрэцца з вамі!

Акрайцам хлеба падзяліцца,

Як тымі даўнімі часамі.


Прайсці сцяжынкамі ляснымі

І прасторнымі палямі,

Нарваць кветак васілька

І прыціснуцца да іх губамі.


Адчуць водар ціхага Дняпра,

Ля якога парамі гулялі.

Набраць жменю жоўтага пяску,

Па якім нагамі босымі ступалі.


Аддацца сонца ласкам,

Прылёгшы на зялёную траву.

І каб добра здаць экзамен -

Палажыць канспект пад галаву.

ДАРУЙ МНЕ, МАМА!

Калі мне невыносна цяжка бывала,

"Не плач, так Бог даў", - ты мне казала

І прытуляла да сваіх балючых грудзей,

Як прытуляе матуля сваіх маленькіх дзяцей.


Калі праязджаю ля дому - усё гляджу наўскасок

І шукаю вачыма той белы, дарожны слупок,

Ля якога мяне ты заўжды цалавала,

І колькі бачна было - усё рукою махала.

І апошнія словы твае засталіся:

"Ідзі, дачушка. Глядзі не спазніся!"

Даруй мне, мама, што так позна я зразумела,

Як часта па мне тваё сэрца моўчкі балела.


Цяпер прыязджаю да каменнай пліты я тае,

З якой глядзяць на мяне добрыя, сумныя вочы твае.

І колькі ні плачу, ні клічу цябе,

Толькі рэха глухое адклікаецца мне.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX