Папярэдняя старонка: Проза

Юльян Місюкевіч 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Юльян Місюкевіч нарадзіўся ў кастрычніку 1989. У Лідзе вучыўся ў сярэдняй школе №10, скончыў музычную школу па класе кларнета і гімназію №1, займаўся веславаннем, каратэ. Цяпер студэнт фізфака БДУ.


ХВОРЫ КАЛЕКТЫЎ ЗАВОДА НАШАГА

Як хвароба спакушае алкаголіка да бутэлькі, так і калектыў нашага "Гіганта" спакушаецца да замежнае мовы. Я гэта ведаю. Калі народ хворы на алкаголь, як наркаман на дозу, яго трэба спярша вылекаваць, а потым даваць рабіць выбар.

Ёлкі-палкі! Людзі завадскія, няўжо вы гэтага не разумееце?

Калі алкаголіку прапануюць выбар паміж гарэлкай і мінералкай - што ён выбера? Гарэлку.

Калі пытаюць у наркамана, што ён хоча: дозу ці кілаграм яблыкаў - які адказ ён дасць? Дозу.

Калі нашым завадскім, чыю мову беспадстаўна зневажалі сто тысячаў гадоў, ласкава даюць выбар - на якой мове размаўляць і пісаць, маўляў, кожны "челавек свабоден делаць выбар" - што нашы алкашы выбяруць? Гы-ы-ы…

Маразм у нашым аб'яднанні "Гігант" дайшоў да таго, што нават падумаць нам, рабацягам, не даюць. Затое прапануюць - сходу рабі выбар.

Афіцыйна ў нас чатырохмоўе, але мы амаль не можам выбіраць, на якой мове глядзець тэлебачанне, на якой чытаць шыльды, газеты, кнігі… Начальнікі ўсё ведаюць, за нас рашаюць.

Нават умовы бланкаў інструкцый у нас на ангельскай ды польскай. Зрэдзь толькі прадугледжваюць тутэйшую, аўтахтонную, палескую мову. Але якія б мы не былі алкашы (і першы сярод іх я), мазгі поўнасцю не страцілі, мову - дарагую нам, свойскую, беларускую любім. Мы не даем сходу адказу. Мы - думаем.

А для прыезджанцаў і выраджэнцаў, для тых, хто не здатны вылеквацца, хто не любіць мацярынскую мову, думаю, ёсць выйсце. Адкуль прыехалі, туды і нясіцеся. Няма чаго нас лаяць і быць сярод нас. У Прыбалтыцы палякі і расейцы, беларусы і ўкраінцы папішчалі, але нікуды не з'язджаюць. Прыціхлі. Дык і ў нашай Гіпербарэі час вам прыціхнуць, бо можна параіць псіхалагічна-ўзрушальную гульню - знайсці сябе сярод сцен і лясоў.

… Не, п'яны зусім я сёння. Зноў нецікавае лезе ў кумпал.

Дай, Божухна, напаўалкашнаму дарагому мне "Гіганту" хутка акрыяць і выздаравіцца, ацаніць сябе і мову сваю.

АЖ ГЛЯДЗЕЦЬ БРЫДКА...

Раніца. У суботу для Васіля яна пачалася а дванаццатай. Гэта для яго нармальна. Увогуле ў жыцці Васіля не было распарадку. У тры гадзіны ночы ён мог сядзець у інтэрнэце, бо не хацелася спаць. Наступным днём тая ж сітуацыя, ён ужо прачнуўся і робіць ранішнюю размінку.

Такое жыццё хлопца вельмі не падабалася бабулькам у ягоным пад'ездзе. Дакладней, ім усё ў Васілі не падабалася, што б ні рабіў.

Яны штодня паміж сабой абмяркоўвалі не толькі яго - усіх суседзяў. Сядзелі ў цэнтры двара на лавачцы, адтуль кідалі на ўсіх рэплікі:

- Вунь, пайшоў. Неку страшну адзёжу начапіў.

- Не, Маня, ты не разумееш, такая зараз мода.

- Ды што вы! Я вам скажу, тамака ў цэнтры секта ёсць, вось ён адтуль. Бачыце - які тоўсты ланцуг на штаніне.

- Хіба модна, калі джынсы яго не рваныя? Не-не, мабуць, сапраўды з секты.

- Бацькі, пэўна, шпекулянты. Панакуплялі джынсаў аме-рыканскіх, а бесталач гэтая шастае па сектах, ірве.

- А памятаеце, свята нейка было, і ён сваю сектанцку музыку на поўну катушку паставіў.

- Ну-ну. І яшчэ сябрукі папрыходзілі, на маторах па-прыязджалі, шуму нарабілі і з'ехалі.

Дзень за днём размова бабулькаў заходзіла глыбей, кранала ўсё болей важныя рэчы. Праз тыдзень яны высветлілі, што Васіль па загаду секты павесіў свайго траюраднага брата ў лесе, непадалёк ад дому. Затым здагадаліся, што дзяўчына Васіля - мярцвячка, якую секта вярнула да жыцця, і таму ў яе такія белыя валасы і белы твар з праколатым брывом.

- Бачыце, зноў нейкая кроў на майцы, - заўважыла адна з бабулькаў назаўтра, калі Васіль праходзіў побач.

- Ой, аж глядзець брыдка!

- А ён, мабуць, пачуў. Глядзіце якога сабаку на нас напусціў! Жах!

Да бабульчынай лавачкі падыходзіў вялікі чорны сабака. Прынюхаўся да пакета з мясам, і паволі падняў галаву ўверх. Дзве бабулькі залямантавалі, адна пачала крыкма адганяць звера. Сабака загырчэў і раптам кінуўся на пакет, парваў яго і выхапіў кавалак мяса.

Да лаўкі падляцеў Васіль з дручком. Пачаў адганяць сабаку. Гэта спачатку не атрымалася, хаця ён пару разоў заехаў жывёліне па бакавіне, сабака ж ірвануў яго за калашыну.

Невядома як бы закончылася змаганне, калі б не крык з дальняга дваровага кутка:

- Тайсан! Ка мне!

Тайсан абмінуў Васіля, паімклівіў да гаспадара.

- Навошта ты адагнаў яго ад нас? - падазрона пацікавіліся бабулькі.

- Было б лепей, каб ён пакусаў вас?

Васіль паклаў дручок і прывёў сябе ў парадак.

- Чым тамака займаецца твая секта? - нечакана паціка-вілася байчэйшая пенсіянерка.

- Цішэй ты! - шыкнула на яе суседка.

- Якая секта? - хлопец з недаўменнем зіркнуў на бабулек.

Ад яснага чыстага позірку абаронцы яны запачуваліся валь-ней, даліся з пытаннямі. Яны доўга не маглі ўцяміць, што яго джынсы прадаваліся рванымі, а майка з надпісам "Slipknot" не азначала прыналежнасць да якой-небудзь секты.

- Пайду я, трэба штаніну зашыць, - заканчвае Васіль.

- Дзякуем, унучак, яшчэ раз.

Хлапец схаваўся ў пад'ездзе.

Не паспелі за ім зачыніцца дзверы, як на бабульчынай лавачцы гундосіцца згодны шэпат:

- І ўсё-ткі, яго дзяўчына - круцелька і мярцвячка… На яе ажно глядзець брыдка.

І бабулі зацягнулі ранейшую гаворку. Ганілі не сабаку і гаспадара, а хлопца з ягонымі штанамі.

ВЫПАДКОВАСЦЯЎ НЯМА, УСЁ ЗАКАНАМЕРНА

Беларусамі нараджаюцца. Не пры з'яўленні ад маці.

Трэба проста абудзіць у сабе глыбока схаваныя пачуцці, разуменне ўласнай ідэнтычнасці. У кагосьці яны прачынаюцца амаль пры нараджэнні, большасць абуджаецца дзякуючы штуршкам лёсу. Пачуюць беларускую музыку, убачаць гераічны ўчынак, прачытаюць цікавую навіну - людзі раптам разумеюць каштоўнасць нацыі, належнасць да адзінага народа з вялікай гісторыяй. Гэта, на жаль, праходзіць. Некалькі такіх штуршкоў даюць плён. Зрух адбываецца, і пачынаецца сапраўдны вір пачуццяў. Лучнасць з продкамі, крывёю, нацыяй, гонар за гераізм продкаў, шкадаванне і часам сорам за іхнія памылкі. Адчуваецца значны ўнёсак свайго народа ў сусветную культуру, узнікае жаданне павялічваць гэты скарб. Расце захапленне гісторыяй, моваю, і, як ланцуговая рэакцыя, яно пашыраецца на ўсе сферы жыцця.

У маім жыцці шмат падобных штуршкоў. Мноства рэчаў, асобаў, без якіх мне было б цяжэй убачыць шчырых беларусаў у сабе і ў іншых. З цягам часу ўсё больш упэўніваюся: каб не было пэўнай падзеі, якая прымусіла мяне задумацца над беларускасцю, дык праз месяц, год ці пяць мяне б напаткала іншая, падобная. Збег выпадковасцяў складаецца ў заканамернасць.

З гадамі паэтапна прыходзіла да дзіцяняці, хлапчаняткі, школьніка, студэнта разуменне асобнасці, уласнай адметнасці і каштоўнасці. Адчуванне вышыні і зорнасці беларускасці прыйшло ў душу, мусіць, не раней за асэнсаванне нацыі ў сям'і. Потым дадалося значэнне каштоўнасці горада Ліды, Гарадзеншчыны, Беларусі.

З чаго ўсё расло і развівалася, цяжка сказаць.

Па сутнасці, штосьці беларускае суправаджала мяне з нараджэння. Некаторыя кніжкі, рэдкія словы дарослых фармавалі ў маёй галаве суіснаванне некалькіх моваў на нашай зямлі. Гэта ўспрымалася як належнае. У дзяцінстве, чуючы, як людзі ўжываюць беларускія словы "цікава", "трэба", "грошы", уяўляў беларускую мову старэнькай бабуляй з мілым тварам, якая прыемна ўсміхаецца пры кожным ужытку яе слова, "вось вы проста так кажаце, не задумваючыся, а мне прыемна".

Бабуліны словы "цікаўна", "падшпарак", "падшыванец", "грашоўнасць" гучалі ў душы спевам скрыпкі для музыкі. У кожным дыялектным слове гучала свая нота, штодня іншая, адрозная ад астатніх.

Звязваў слоўнае багацце беларускай мовы са старэнькімі мілатварымі дзядулямі і бабулямі, лаканічнымі дзядамі і цёткамі, якія прыемна ўсміхаюцца пры кожным ужытку іх слова маленькім унукам.

"Як прыемна вы кажаце", - найвышэйшая пахвала продкаў нам, беларускамоўным жыхарам нашай краіны.

Я сам не заўважыў, як прага атрымаць удзячнае слова і лагодную ўсмешку ад продкаў пералілося ў прагу і моц усведам-ляць сябе беларусам. То бок падобным быць да іх, кондавых ліцвінаў, крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Не змешвацца ні з кім, тым болей з прыблуднымі і наезджымі. Умець адстаяць уласную адрознасць і адметнасць.

У дзіцячым садку даведаўся пра існаванне на нашай планеце розных культураў, народаў, усур'ёз пацікавіўся ў дарослых, чаму мы жывем у Беларусі, а па-беларуску не размаўляем. У адказ пачуў нешта добрае і не вельмі пра ўладу. Пасля гэтае пытанне вылецела з галавы - павярхоўна пазнаёміўся з моўнай сітуацыяй у такіх краінах, як Ірландыя, Аўстралія, Канада.

Такім чынам, уласнае нацыянальнае вызначэнне цвёрда ўцяміў змалку.

Бадай, першае ўсведамленне для сябе важнасці беларускасці прыйшло ў чацвёртым класе на занятку "Мая Радзіма - Беларусь". Па шчырасці, да восьмага году навучання ў школе не любіў гісторыі. Аднак у той момант аповед пра Рагнеду моцна закрануў. Простая гісторыя пра палачанку, што мела тры імені, да якой адначасова пасваталіся два князі, дужа ўразіла. Раптоўна адчуў гаротнасць беднай дзяўчыны, намагаўся ўявіць яе моцныя перажыванні, цяжар становішча, у якім яна апынулася, мімаволі параўноўваючы гэта з лёсам краіны.

Беларусам я нарадзіўся, як большасць грамадзянаў нашай краіны. Можна вылучыць момант, калі я перайшоў на беларускую мову. Гэта пачатак 2008 году. Менавіта з перашага студзеня я перастаў ужываць расійскую мову ў бытавым паўсядзённым жыцці. Пасля Новага году, а дванаццатай раніцы (пасля НГ гэта яшчэ раніца) мне патэлефанавала маці. Абудзіўшыся, узгадаў пра намер абудзіцца свядома, перайсці на родную мову. Паўсонным голасам нешта прамармытаў маці, нібыта не заўважаючы здзіўлення, - "я ж казаў, што буду пераходзіць на беларускую". Так усё пачалося.

Прачынацца пасля сну не вельмі прыемна: цягне ў ложак, хочацца яшчэ хоць трохі паспаць, узнікае непрыязнасць да таго, хто спрабуе патурбаваць сон. Гэта нармальныя сімптомы. Абудзіцца альбо разварушыць іншага не так проста. Аднак абуджэнне раней ці пазней адбываецца. І мы прачынаемся, вітаючы новы дзень. Веру, што ў нашай краіне яно ўжо пачалося.

Цяжка акрэсліць, хто стаў беларусам. Колькі людзей насамрэч з гонарам заяўляе: "Я - Беларус! Но разговариваю по-русски, потому что это удобно". Яны ўсведамляюць прыналежнасць да свайго народа. Не дзіўна, што падчас перапісу 1999 году 80% насельніцтва назвалі роднай моваю беларускую.

Для большага разумення сваёй беларускасці патрэбныя сябры, нейкае атачэнне, што падзяляе тваю пазіцыю. Яго варта стварыць ці адшукаць сярод знаёмых. Дзякуй Богу, мне тут пашэнціла. Насамрэч шчыра ўдзячны бацькам, якія заўсёды мне дапамагаюць, хоць не ва ўсім разумеюць; сябрам, без якіх жыццё губляе цікавасць; настаўнікам, якія дагэтуль суправаджаюць мяне ў жыццёвым шляху.

Кожная нацыя, кожны народ, як дрэва, мае свае карані. У нас, беларусаў, яны глыбока сягаюць, яны моцныя. Усведамленне беларускасці ёсць разуменнем адзінства ўсяе структуры дрэва, гэта той сок, што падымаецца ад каранёў і сілкуе лісце.

СТЫХІЮ ВЫТРЫМАЕ МОЦНЫ

Цемра. Удалечыні бушуе агонь. Зрэдку б'юць вохкія маланкі.

Раптам усё змяняецца. Чорна-сіняе неба прымае цёмна-чырвоны колер. Па зямлі цячэ чырвоная кроў... Выцякае скрозь дзіркі ў панадрэчных берагах, залівае дрэвы.

Ян прачынаецца, хлопец разумее, гэта толькі сон, але яму ўсё яшчэ страшна. Такія сны захоўваюцца ў памяці надоўга.

Дваццацігадовы юнак паволі ідзе на двор. Сонца толькі ўзышло, значыць цяпер недзе шэсць гадзін раніцы. Сёння будзе цяжкі дзень, трэба на ферме шмат зрабіць. Ноччу ішоў дождж, дзіўны дождж: пакінуў пасля сябе на чорнай зямлі белыя плямы, зусім нічога не збіў, не зламаў нават кветкі ў палісадніку.

Пасля абеду Ян заўважыў, што дажджавая вада не знікае, наадварот - з'яўляюцца новыя лужыны, большаюць. Вада стаяла і каля дома ў канаве, яна прасочвалася сюды з боку мора.

Жудасная думка з'явілася ў Яна. Малады фермер паспешна пабег да сцяны, якая агароджвала іх раўнінную краіну, Нідэрландыю, ад мора, падняўся на яе. Спужаўся. Мора падышло да саменькага краю сцяны, вада калі-нікалі пералівалася цераз край. Белыя плямы на агародзе - лішкі солі - засталіся пасля высахлай вады.

Праз дзве гадзіны будзе прыліў... Што стане з фермаю, гарадком, калі вада ўжо пераплёхваецца праз адна-, нават дзе-нідзе двухмятровую сцяну. Тоўстая шырокая загарода запраста можа не вытрываць напору мяккага ласкавага мора.

Усё затопіць. У гісторыі чалавецтва з'явіцца новая "Атлантыда".

Суседзі паверылі адукаванаму Яну. Многія з сем'ямі хутка пайшлі падалей ад мора.

Паліцыя, як і некаторыя сябры, не ўспрымала Янавы словы ўсур'ёз. Упэўнены, як і многія афіцэры-маладзёны, капітан па тэлефоне параіў хлопцу прыехаць у аддзяленне.

Прыехаў, расказаў. Засталося меней гадзіны. Трэба спя-шацца.

- Нашы людзі прыйдуць зараз да вас і паглядзяць, ці ўсё так сур'ёзна. Радыё перадавала, нябёсы абрынуцца праз дзень. Няма чаго зарана панікаваць.

Самаўпэўненасць пыхлівага маладога афіцэрства ўсюды аднолькавая. Дарэмна Ян ехаў сюды за сорак кіламетраў. Трэба хутчэй ісці, з'язджаць, уцякаць з іншымі людзьмі ў бок блізкай Германіі, а ён нерухома стаяў.

Вярнуўся на ферму. Чаго - сам не ведаў.

Азіраў старэнькі, дасталы ад дзеда, як і ферма, легкавічок. Ні пра што не думалася. Глядзеў на цёмныя хвалі, якія ў хуткім часе зальюць яго дом, ферму. Калі б у яго была сям'я, ён даўно паехаў бы ў Гамбург ці Берлін. Але адзінотніку не было каго ратаваць, а сам ён заўжды выратуецца. Хлопец хацеў яшчэ раз паглядзець на магутныя хвалі магутнай стыхіі.

Да прыліву засталася гадзіна. Трэба спяшацца, аднак паволіў.

Дома ў Яна пакалень стаяла вада. Ён, стоячы з сумкай на ўзвышшы, сумна глядзеў на бязлюдзелыя дамкі, якія першымі апынуцца ў вадзе. Такая стыхія лёгка не сыходзіць.

Ён мог адыходзіць з землякамі. Месцічы яго клікалі з сабою. Прага барацьбы распарадзілася моцным упэўненым маладзёнам іначай. Вычэкваў. Дражніў стыхію.

Нарэшце хлопец адыходзіць, але зноў вырашыў пасамастой-нічаць, дабрацца да Германіі водным шляхам - на сваёй старой яхце. Ён паселіцца ў Боне. Цяпер, калі мора рве вал-сцяну, вада вось-вось хлыне на краіну, плыць па рацэ супраць цячэння будзе не вельмі цяжка. Вывяслуе. Даплыве. Не маленькі.

Ян быў ужо далёка ад мора. Кіламетры тры ён праплыў на яхце з прымацаваным старым маторам ад разбітага кацера. Сонейка прыветліва свяціла на алюмініевыя бакі карабля. Пранізліва-сумны лес. Маркотныя вулічкі апусцелага гарадка паволі самотна аддаля-ліся. Стаяла жудасная цішыня, быццам усе птушкі і жывёлы вымерлі.

Хлопец мала ведаў нораў вадзяной і нябеснай стыхіяў, не зразумеў, што апраметная сціхасць заўжды перад шквалам.

Неўзабаве моцны вецер паваліў юнака на дно яхты. Вецер дзьмуў з боку мора... Дзьмуў супраць рачной плыні. За ветрам ішла шэрая цяжкая вада. Нізкая, страшная, моцная. Вецер зашкваліў.

Ясна і тупому пню: дамбу паваліла поўнасцю. Не верх сарвала - усё вывернула. Прыліў і шторм цяпер наробяць шкоды.

Рака змяніла кірунак цячэння, вада цякла не ў мора, а з мора. Ян устаў на ногі, уключыў матор на ўсю магутнасць, нават здолеў падняць старэнькі ветразь. Ён ведаў, з паднятым ветразем яго каравела можа перавярнуцца, але без ветразя вада хутчэй насцігне яго, выб'е з русла, узнясе на дрэва, уваткне ў сцяну якой будыніны.

Вада ішла адной напорнай плынню, зносіла ўсё могнае. Цягнік, які спешна ішоў побач з ракой, апынуўся ў надыходным моры. Дрэвы, масты пачалі ламацца.

Яшчэ трошкі і чарговая моцная хваля змывае Яна з яхты ў ваду.

Халодны агонь агарнуў Яна. Салёная вада раз'ядае вочы, мокрае адзенне цягне на дно.

Ён плыў, штосілы могся выплысці. Не адчуваючы рук і ног, з цяжкасцю вынырнуў з-пад чарговай перашкоды - ці то вадзяной, ці то сушавай. Ледзь уздыхнуў, як новая хваля накрыла яго. Нейкім чынам ў руках апынуўся абломак драўлянай апалубкі ад яго былой яхты. Гэты абломак не даў Яну назаўжды схавацца пад ваду, не даваў хлопцу патануць.

Моцны вытрымае ўсё. Але ж Ян ніколі не быў моцны, адважны, ён быў ніхто - пакінуты бацькамі працавіты фермер. Які ўсюды не паспяваў, які мала каму падобаў.

Дзіўная з'яўнасць прыроды - яна знішчае, ломіць жалез-ныя караблі, цягнікі, а знішчаны з імі чалавек усё яшчэ жыве. Прырода трымае яго. Для чаго?..

Некалькі разоў ногі аднаго з такіх разбітых датыкаліся да дна; новы прыток вады зноў і зноў падымаў яго вышэй, апускаў.

Тайфун не думаў слабець.

Божа, выбаві нашу краіну ад гэтай дурной бабы! Разумніца прафесарка лезла ў прэзідэнты, абяцала ўсім усё. Найперш кіне грошы на рамонт і падвышку дамбаў; нельга цудоўнай Нідэрландыі залежаць ад марской стыхіі. Адгародзім дамбамі яшчэ болей марской урадлівай зямлі, крычала баба ў тэледэбатах. Абяцала навесці загароды ангельшчыне; чужая мова топіць у нас усё, выраджаемся. Забыла прэзідэнтка абяцанні, забыла. Можа, разумная цяпер схопіц-ца за аднову дамбаў. Як бы ні было, Ян за яе галасаваць болей не будзе. Пра што, дурань, думаеш! Ці выплывеш?

Хлопец баяўся, што ветравыя ўздыхі супадуць з вадзянымі і яго высока падніме і кіне вобзем. Крый Бог, на які штыр, бервяно, жалязяку плота.

Наперадзе чыгуначны мост. "Можа ўдасца зачапіцца за яго і перачакаць націск вады?" Змочаны, вымучаны ведаў: на хуткасці, няхай і слабай, ён не зможа гэтага зрабіць, - але жаданне выратавацца, інстынкт самазахавання былі ў маладзёна занадта моцнымі. Учапіцца за мост - апошні шанец у ахаладнелага рызыканта. Хоць бы не было сутаргі ад перанапругі і холаду.

...Ян адчуў моцны ўдар драўляшкаю па нагах. Запераступаўся. Упаў. Перад вачыма ішла вада. Цемрань таўшчэе. Бушуюць іскры - у галаве ці наяве? Важка-сівое неба цёмна чырванее.

Узгадаўся ранішні сон... Выплыве, ён выплыве. Лёс яго папярэдзіў. Не здавацца!

Усё раптоўна з'явілася і раптоўна знікла...

Чалавек павінны пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць сыноў. Ян не пакіне пасля сябе нічога. Яго дом, агарод, пасевы і дрэвы змыла вада тайфуна, а дзяцей у яго яшчэ не было. Можа ён дарма жыў?

Як дарма? Грэх не прадоўжыць бацькавую радаслоўную! Той адрокся ад сына, паехаў на заробкі ў Аргентыну, і там фермер ужо другое дзесяцігоддзе, піша мала, грошы рэдка шле, драбязу, але сын бацьку нягоднікам не абзывацьме. Вучыць хоць у пісьмах. Абяцаецца вярнуцца. З тамашнімі дзецьмі. Хоць бы…

Божа, дапамажы мне не грашыць, сумленна жыць! Памажы мне самааддана і доўга-доўга працаваць! Я не прашу грошай, задаволяў, паездак - прашу працы.

Абмяклае, закарчанелае ад холаду цела нечакана пругка адпіхнулася ад зямлі, выпрасталася.

Хлопца вынесла з шырокага русла ракі да купкі прыгожых дамкоў. Людзі адтуль зрэдзь зазыўна махалі рукамі. Адна лодка кранула насустрач мужчынскай галаве.

Ян ужо не бачыў чырвонага і чорнага колеру, не чуў холаду вады. Мужна церабіўся насустрач ратаванцам. Ён ніколі не быў моцным, ён станавіўся ім. Ян вытрымае напор стыхіі. Ён будзе моцны.

ПРАЗ ШЭСЦЬДЗЕСЯТ ГАДОЎ З ГАКАМ

Ён зноў рана прачнуўся. Ад жудаснага сну. Гарэтны жаночы твар. Побач дзявочы, слёзы на яе падбародку. Дзесяткі падобных твараў. Мужчынскіх няма.

Баец цягне карову.

"Што ж вы робіце?!" - на маладога лейтэнанта Мяснікяна кінулася старая ў паношаным каптане, пачала біць афіцэра ў грудзі. Ад стрэсу і адчаю бабуля штомоцы кусанула старшага над байцамі за руку. У яе малыя галодныя дзеці. Яны не аддадуць карову.

Савецкая армія фактычна на самазабеспячэнні. У лейтэнанта Мяснікяна загад. Яны бяруць сельгасхарч не для сябе асабіста. Яны вызваляюць вас, беларусаў, ад немчуры.

На дзіва, моцны боль. Рука сама рванулася да лапаты на поясе.

Крык. Слёзы ўдаранай.

Мяснікян хмурна паправіў пілотку з чырвонай зоркай. Ударыў старую тронкам, але выйшла трохі замоцна.

Прысуд дывізійнага трыбуналу падправіў армейскі тры-бунал. Камандзіру нарыхтоўчага звязу лейтэнанту Мяснікяну расстрэл замянілі штрафротаю.

…Стары поўнасцю прачнуўся, заўважыў коўдру на падлозе. Холаду ветэран не адчуваў. Было горача. Памыў спатнелы твар і зноў бухнуўся ў ложак.

Атака. Раненне, на шчасце, не было страшным, нагу не адрэзалі. Раненне, на жаль, не змусіла доўга качацца ў тылавым шпіталі. Зноў акопы перадавой.

Узнагародны медаль сяржант Мяснікян ганарова насіў на гімнасцёрцы. Недарэчную нарыхтоўку прадуктаў не ўзгадваў.

...Вясна. Сонечна. Нямецкі гарадок. Зноў жаночы твар. Але другі. Прыгажэйшы, не спалоханы. Просіць маладайка хлеба. Савецкае войска ў горадзе. Паліцыі няма - вайна скончылася, а ўлады яшчэ ніякай..

Гвалціць замежніц прасцей. Яны не біліся, не кусаліся. Лаяліся. Прасілі яды. Ні халеры не зразумела радавому савецкаму вызваліцелю сяржанту Адаму Мяснікяну. Ён мог толькі здагадвацца.

Неўзабаве быў загад. За любы нестатутны ўчынак савецкіх байцоў трыбуналіла савецкае камандаванне. Сяржанту Мяснікяну пашанцавала. Яго ні разу болей не разглядалі пракурорскія.

Другі сон нечакана скончыўся ўспамінам пра гузак і пранцы, якія савецкаму вызваліцелю пакінула адна дабраахвотніца, прыгажуня з Дрэздана.

Сон Мяснікяна прыпыніў будзільнік. Восьмая гадзіна. Сёння свята. Цяпер, праз шэсцьдзесят гадоў з гакам жыхару Ліды Мяснікяну трэба вешаць на пінжак свае медалі і дыбаць на святочны парад.

СКРОЗЬ ТУМАННАСЦЬ

Прыгожае вільготнае змярканне. Ласкавыя чырвоныя промні на збялелым небе падвысветліваюць прыемны туман над травамі і хістаннем вады ціхага возера. Вокны вёскі праглядваюцца з туманнага вэлюму нібы зпаднябесныя зоры нядаўняй ночы. Дзьмухне вецер, туман абрываецца: ён ёсць, і яго ўжо няма.

Туман застаецца ззаду, халодны, чужы, ахінае імжэлай дымнасцю дарогі, новыя хаты, дрэвы абапал шашы.

Шлях скрозь туманы - быццам шлях праз аблокі, што сышлі на зямлю, ці зямля паднялася ў ранішнія аблокі.

Туманная прывіднасць ахоплівае ўсё мацней пешаходаў, аўто, дрэвы. Топіць усё, як вясновая паводка ўсё на лугавіне ўскрай лесу, нізкія агароды вёскі. Лесу не відно, птушак не чутно.

Яшчэ нейкую гадзіну таму чырвоны месяц сярпом весяліў неба. А вось тонкіх рагоў не відаць. Сціхота, ціша. Паўсюль ватны, як дотыкны туман.

Гэта не туман - мора, толькі яно не знізу, збоку, яно з усіх канцоў, зверху таксама. Холадна, ледзь не зімна.

Хочацца барджэй памінаваць пульхную прывідную бяс-формнасць туманоўя. Пачуць светаноснасць святла, гукі прыроды, голас Бога. У Яго трэба не адно прасіць - дзякаваць таксама.

Што прасіць, за што дзякаваць... Туманнасць у ваколлі і ў галаве хлопца не разыходзіцца. Гусцее...

НЕАБАЧЛІВАЯ ВЕТЛІВАСЦЬ

У аўтобусе Ян Радзюкевіч прабіў талон, агледзеўся. Ехаць далёка, ён адразу плюхнуўся на вольнае крэсла. Праз два прыпынкі ўзняўся, каб саступіць месца прыгожай інтэлігентнай жанчынцы гадоў пад пяцьдзесят:

- Сядайцеся, калі ласка.

У танклявіцы, да якой звяртаўся хлопец, змяніўся позірк, твар выцягнуўся. Замест падзякі яна абуральна выдыхнула:

- Няўжо я падобна на старую?

Адзінаццацікласнік спачатку не зразумеў, што ёй не спадабалася.

- Не, вы глядзіце! Ён "сядайцеся" кажа! Можа, мяне цяпер ужо на пенсію адправіш? Ты ведаеш колькі мне гадоў?

- Не ведаю, канешне…

- Дык чаго мяне за бабку прымаеш? Табе падабаецца здзеквацца з дарослых?

Хлопец моўчкі пашыўся ў другі канец аўтобуса, здзіўлена буркнуў: "Прабачце", - жанчына яго не чула. Не супынялася. Да яе далучыліся суседкі. Пылка абмяркоўвалі сучасную моладзь. Нават прыстойны жэст маладыя ўхітрацца ператварыць у здзек.

Для большасці людзей аўтобуса здарэнне ператварылася ў вясёлае відовішча сярод паўсядзённай шэрасці, для Яна Радзюкевіча - у чарговае расчараванне пакаленнем, якое так імкнецца вучыць і выхоўваць. Тупыя дарослыя тупа далдонілі абы-што.

НЕ НАРАКАЙЦЕ НА НАРОД БЕЛАРУСКІ

(Зацемкі беларускамоўнага перапісчыка)

У 1898 годзе ў Смаленскай вобласці беларусамі запісалася болей за 80% насельніцтва. Пры сёлетнім перапісе на Беларусі я ведаў дадзеныя папярэдніх перапісаў у незалежнай Беларусі. Калі мусіў быць перапісчыкам, вельмі хваляваўся. Турбавала, не давала спакойна спаць адна думка - як мае беларусы перапішуцца сёлета.

Напрыканцы перапісной кампаніі з гонарам, на ўвесь свет заяўляю: я ганаруся табою, люд беларускі.

…Перапіс для нас, студэнтаў БДУ, пачаўся з інструктажоў у аўдыторыях, і з папярэдніх абыходаў. Да 14 кастрычніка перапісчыкі мусілі абысці адведзеныя кватэры, запытаць у людзей зручны для іх дзень перапісу, даведацца пра колькасць чалавек у кватэрах, на якой мове лепей іх перапісваць.

Асабліва вялікага сэнсу папярэдняга абыходу я не бачыў, як і шматлікія мае калегі. Тым не меней разумелі, дзяржаве патрэбна дакладнасць і масавасць. Абыходы не зашкодзілі.

Людзі ахвоціліся адказваць на нашы пытанні, не адразу разумелі навошта прыпёрся перапісчык да іх, калі не збіраецца перапісваць. Усіх людзей падчас папярэдняга абыходу не абышлі, гэта і не патрэбна было. Галоўнае, наведаць па магчымасці кожную кватэру ў перыяд з чатырнаццатага да дваццаць чацвёртага.

Перапісам была занята ўся плынь нашага трэцяга курса. Мы атрымалі цэлы кастрычнік без вучобы, але з праязным на ўсе віды транспарту. Асобныя прадметы будзем здаваць пазней, гэта нас засмуціла. Заробак - чатыры базавыя велічыні (150 тысяч).

Асабіста мне было цікава атрымаць падобны досвед, правесці ўласныя падлікі, пагутарыць з людзьмі. Новай працы радаваўся. Хаця засмучалі некаторыя моманты.

Не хапала беларускіх бланкаў. На нашым інструктарскім участку працавала некалькі беларускамоўных перапісчыкаў. Нам цяжка было запытваць людзей па-расейску. Прыблізна чатыры працэнты людзей прасілі мяне звяртацца да іх па-руску. Згаджаўся. Мне цікава гутарыць з людзьмі, што жывуць на беларускай зямлі, а мову гэтай зямлі не прымаюць, нібы не ведаюць, што ў любой дзяржаве ў любую эпоху мова не толькі сродак зносінаў.

Нам паведамілі, бланкаў на беларускай мове надрукавалі няшмат, мяне прасілі іх эканоміць, пакідаць на выпадкі, калі людзі самі папросяць. На выбар бланкі не прапаноўваць.

У сувязі з гэтым ўзгадваецца выпадак па вуліцы Мележа. Чалавек прыйшоў на перапіс 14 кастрычніка ў перапісны пункт. Адказаў на некалькі пытанняў, тады толькі выявіў, што пытанні даюць на рускай мове. Спытаў, чаму не прапанавалі бланкі на выбар. Усе чатыры перапісчыцы ў голас заявілі, што беларускамоўныя бланкі пакуль не прынеслі. Чалавек закрычаў. Пойдзе пісаць скаргу ў гарвыканкам. Беларускамоўныя бланкі адразу знайшліся. Перапісчыца і астатнія пачалі гаварыць па-беларуску. Развіталіся людзі мілымі сябрамі.

Заўважу пры гэтым, так званыя "Кантрольныя фішкі" (патрэбныя, каб чалавека двойчы не перапісалі ў двух кватэрах), "Кантрольна-перапісны ліст" (пры адсутнасці рэспандэнта) і шэраг іншых папераў былі толькі на рускай.

У першы дзень перапісу мы фактычна знаёміліся з працай, вучыліся без памылак запаўняць аркушы. Справа рухалася паволі. Абышоў усяго пяць кватэраў - працоўныя людзі, пенсіянеры.

Значную частку кватэраў наведаў у суботу і нядзелю. За выхадныя пацвердзілася тое ж, марудна ідзе праца. За дзевяць гадзін толькі 25 кватэраў. У першыя дні на кватэру прыходзілася 25 хвілін, у апошнія - 21. Канешне, выдаткоўваўся час на дарогу да наступнай кватэры, перапіснога ўчастка, перамовы па дамафонах, званкі ў кватэры. У асобныя прыходзілася хадзіць па тры-чатыры разы, каб застаць жыльцоў.

Адчуваўся патрыятызм насельніцтва. Людзі смела, з гонарам называюць сябе беларусамі. Ніколі раней не чуў столькі адказаў "шчыры беларус", "чысты беларус", "у нас уся сям'я беларуская", пакуль не пачаў працаваць перапісчыкам. Гэтыя ціхія паўсюдныя прызнанні - адно з вялікіх маіх адкрыццяў.

Большасць сталых не саромеліся адказваць, што размаўляюць на трасянцы. Сучасная моладзь наадварот, выступае за чысціню мовы - беларускай ці рускай.

Многія наракалі на тлумнасць дробных літараў бліз пытання Родная мова (што гэта такое - мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве? А чаму б не папытаць, якая мова ў чалавека была ў пятым класе, дзесятым? Такое пытанне, сцвярджалі, нідзе ў свеце не практыкуецца.)

Раней у перапісных лістах было пытанне пра веравызнанне, зараз яго няма. Не ведалі, што пра гэта думаць.

Людзі не разумеюць навошта адказваць на пытанні "Ці маеце кампутар?", "Ці падключаны ён да інтэрнэта?". Адзін юнак з Маскоўскага раёна скардзіўся, у яго рускамоўныя паненкі зусім не папыталі пра родную мову, можа запісалі руская. Знаёмы распавядаў пра дзяўчыну, якая не мела ні аднаго беларускамоўнага бланка, ён адмовіўся перапісвацца, "дзяўчына сімпотная, хай яшчэ раз зойдзе".

З кожным днём перапісу ўсё больш адчуваў гонар за беларускую нацыю. Затурканыя, знешне абыякавыя людзі, нягледзечы на шматгадовыя пакуты ўласнае мовы, ведаюць сваю адметнасць, беларушчыну. Некаторыя на пытанне пра хатнюю мову давалі адказ, кшталту «Запишите беларуский. Может, хоть больше людей по-беларуски разговаривать будет». Асобныя разам з мною пераходзілі на беларускую. Сустрэлася і выродства: адказваючы на чысцюткай беларускай мове, хлапец гадоў дваццаці назваў роднай моваю сваёй і сям'і рускую.

Мноства людзей успрымалі беларускае маўленне як абавязак перапісчыка. «Если трудно, можете говорить по-русски», - вымавіла прыемная салідная жанчына, думала, відаць, што мы абавязаны зносіцца па-беларуску. "Не надо чурацца роднай мовы, добра, не выракаецеся яе", - бабулька не заўважае, што сама ўжывае рускае слова, пачаставала яблыкамі.

Людзі любяць пагутарыць, могуцца абгрунтаваць адказ на пытанне, падзяліцца болем, гонарам, ведамі. Апавядалі пра вёску, дзе за год сорак чалавек памерла, адзін нарадзіўся. Пачуў жахлівы аповяд пра жанчыну, якая пайшла ў запой на пяць тыдняў і яе на ўзлеску з'елі чарвякі.

Увогуле, гарэлка - асобная тэма ў народзе. Чалавек кінуў піць, забаранілі дактары, другі, не звяртаючы ўвагі на парады медыкаў, піў па бутэльцы ў дзень (працаваў шафёрам), як вынік, неўзабаве загнуўся.

Напаткаў розных людзей. Некаторыя, валодаюць ангельскай мовай… і не ведаюць дзень народзінаў маці.

- Я сваю мову не ведаю, дзе ўжо мне замежнымі валодаць, - зазначыў слесар ЖРЭА.

Размаўляючы пра крыніцы існання, жанчына-настаўніца ўспомніла выслоўе "Як маеш грошы, то і сам харошы".

Хоць у гэтым дзевяціпавярховіку за год абрабавалі трыццаць пяць кватэраў, людзі дужа ветлівыя, рэдкія з асцярогаю запытваюць пасведчанне. За ўвесь час на мяне толькі адна старая накрычала (абяцаў прыйсці вечарам, прысунуўся ўдзень), аднак пасля цукеркамі пачаставала, сказала, баялася перапісвацца, калі мужа не было ў хаце.

Асноўны ўпор у сваёй працы я рабіў на 15 -18 кастрычніка. У абед васемнаццатага ў мяне было 61,7% апытаных кватэраў. Дадам, на маім участку 120 кватэраў, у сярэднім па тры-чатыры чалавекі.

…У васемнаццатым стагоддзі княгіня Радзівіл увяла беларускую мову за паўмесяца. У 1953 годзе па распараджэнні Савета Міністраў СССР усе раённыя, абласныя, краявыя і рэспубліканскія, партыйныя і савецкія ўстановы павінны былі перайсці на мясцовую мову цягам месяца. У Беларусі было вялікае перавыкананне. Магілёўскі абкам партыі, напрыклад, перайшоў за тры тыдні.

У 90-ых гадах таго стагоддзя за нейкія год-два 80-90% нашых школаў зрабіліся беларускамоўнымі. У райвыканкамах з'явіліся перакладчыкі на беларускую мову, і неўзабаве сталі яны непатрэбныя. Павялічвалі заробкі беларускамоўным выкладчыкам і настаўнікам. Насельніцтва дзяржавы сходу загаварыла па-беларуску.

Сёлетні перапіс мне яскрава высвятліў веліч і дабрыню майго беларускага народу. Яны любяць беларускасць, хочуць вучыць такой любові дзяцей. Трэба іх не асаджваць, а дапамагаць ім у гэтым. Чакаюць зрухаў на дзяржаўным узроўні.

Не наракайце на народ беларускі, ён працуе як можа, жыве як атрымліваецца, спрабуе рабіць усё для лепшай будучыні сям'і, нацыі, дзяржавы.

Народ у нас інэртны, яго цяжка разагнаць, затое, калі разгоніцца - ужо не спыніш.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX