Вярнуцца: Проза

Уладзімір Васько


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Уладзімір Васько нарадзіўся ў 1937 годзе ў в. Ліпічанка Шчучынскага р-на. Працаваў ў рэдакцыі "Лідскай газеты" з 1972 па 2000 г. Жыве ў Лідзе. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 г.
Друкаваўся ў газетах, часопісах, калектыўных зборніках паэзіі Аўтар паэтычных кніг "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругаварот жыцця" (2011).


С В А Т

Адос з Ваўковіч перажаніў у акрузе амаль усіх халасцякоў. Казалі, што ў яго лёгкая рука, і што ён валодае моцным ачмурэннем ці, як па-сучаснаму сказалі б, гіпнозам. Ён угаворыць і найпры-гажэйшую дзяўчыну выйсці замуж за нехуцавага хлопца. З гэтай нагоды да яго найчасцей і звярталіся кавалеры, няпэўныя ў сваіх здольнасцях паўздзейнічаць словам на маладуху.

Міхалка з Курасёўшчыны як раз быў такім. Нізкарослы, адно плячо трымаў вышэй за другое, постаццю малапрыкметны і не кідкі, ён найбольш пабойваўся, што дзяўчына, якую ён прыглядзеў далекавата ад сваёй вёскі, імгненна адмяце яго ад свайго парога, як толькі ён заікнецца пра жаніцьбу. Міхалку параілі звярнуцца да Адоса. А Ваўковічы як раз былі па дарозе ў вёску Біслюкі, куды Міхалка намыліўся ехаць у сваты.

Ён запрог у суботу вымытага дажджом каня, сам выцугліўся, як мае быць, кінуў у воз некалькі ахапкаў сена, заслаў яго прыгожай дзяругай - і ў дарогу. Адос не адмовіў Міхалку. Ён увогуле нікому не адмаўляў, бо любіў выпіць, павесяліцца, паспяваць, пагаманіць. Мянушка Сват замацавалася за ім трывала і на ўсё жыццё.

- Ты толькі многа не гавары, - казаў Адос Міхалку, калі яны выехалі ў поле. - От паддаквай мне, ківай галавой у знак згоды. Калі ж адчуеш, што і табе трэба ўставіць дзе якое слова, тактоўна ўстаў яго. А так на ражон не лезь, не спяшайся адразу заікацца пра жа-ніцьбу. Пра гэта скажу я.

Было якраз бабіна лета. Шаўкавістае павуцінне густа слалася на пожні. Дубовым залатым вянком лес акаймоўваў круглае, як Сві-цязь, возера. Сонца ласкава і пяшчотна заглядвала ў вочы і свату, і кавалеру. І яны дваіх былі ўпэўнены, што ўсё-такі ўдача сёння напат-кае іх. І як толькі заехалі на падворак, дык адразу і адчулі, з якой ра-дасцю сустрэлі іх бацькі маладой, як цёпла прывіталі, як шчыра запрасілі ў хату.

І напачатку за сталом усё нават добра клеілася. Адос спакваля напускаў ачмурэнне на бацькоў дзяўчыны і яе самую, Міхалка так-тоўна ківаў галавой у знак згоды са сватам, і сам тады-сяды ўстаўляў трапнае слова, чым выклікаў натуральную цікавасць у дзяўчыны. Падобна было на тое, што яна яго прызнала, і што ўсё пойдзе здатна. Бацькі таксама не крывіліся ад міхалкіных высноў наконт розных там гаспадарчых спраў.

Пасля чацвёртага кілішка Міхалка больш распусціў язык, растрыножыў свае думкі:

- Мы, - казаў ён, - калі ідзем на танцы ў чужую вёску, дык быццам сунецца цёмная хмара. За гэта нас і празвалі цёмнікамі. Мы любую вёску можам разагнаць. Нас больш за сто чалавек. Нас усе баяцца.

Бацька маладой, адчуўшы, што Міхалка адхіляецца ад тэмы, не на тыя рэйкі пераводзіць размову, яшчэ наліў гасцям па кілішку… Адос пасля гэтага тонка і зважна намякнуў, чаго яны сюды прыехалі (хоць і так было зразумела).

- У вас тавар, - спакойна і важна прамовіў ён і наступіў Міхалку на нагу, каб той маўчаў, - а ў нас грошы.

Гэта абазначала, што ён прывёз хлопца ў сваты.

- Можа як домовімся? - паставіў пытанне рубам Адос.

- Ну што ж, - таксама спакойна і важна адказаў бацька дзяўчыны, - будзем гандлявацца.

А ў яе самой дык і вочкі загарэліся.

- Мы ўсіх вас разгонім! - дапіўшы свій кілішак, зноў выкрык-нуў Міхалка. - Усіх! Як мышы будзеце разбягацца!

- Каго ты нам прывёз? - вылупіў вочы бацька маладой на Адоса.

- Ах, каго прывёз?! - разгарачыўся Міхалка. - Зараз убачыш. Я адзін вас усіў разганю.

- О-го-го!

- О-го-го!

Міхалка кінуўся ў запечак, схапіў зубчаты пранік, якім качалі на качалцы кужэльныя кашулі, каб яны былі больш мяккімі, прыбег назад і як грукнуў ім па стале, дык усе бутэлькі так і пападалі.

- Забірай адсюль свайго цёмніка! - на ўсю моц голаса вы-крыкнуў бацька дзяўчыны. - І вязі туды, адкуль ты яго прывёз.

Адос схапіўся з месца, вырваў з рук пранік у Міхалкі, і пасадзіў самога на лаву.

- Ну перапіў чалавек. Што зробіш? - казаў ён бацькам дзяўчыны. - З усімі такое бывае. Пацверазее - паразумнее.

- Забірай, забірай! Нам такія цёмнікі не патрэбныя.

Адос адчуў, што ачмурэнне яго развеялася, як дым, што ўсё правальваецца. А Міхалка тым часам неяк выкруціўся з Адосавых рук і засандаліў пад вока самому свату.

З-за стала выскачылі маладая і яе маці. Збянтэжаныя, яны прыпыніліся каля печкі і пазіралі на Міхалку, чакалі, што ён будзе рабіць далей.

- Пута ёсць? - спытаў Адос у гаспадара.

- Ёсць.

- Прынясі. Звяжам гэтага нягодніка.

Бацька дзяўчыны выйшаў з хаты і неўзабаве вярнуўся з падворка. Дваіх яны рашуча заламалі рукі Міхалку назад і моцна звязалі іх путам. Адос папрасіў прабачэння ў сям'і маладой, схапіў Міхалку пад паху дужай правай рукой, вынес на двор і, як ката, укінуў у воз. Там ён усё яшчэ брыкаўся на сене, пагражаў, што прыдуць у Біслюкі ўсёю вёскаю і як належыць правучаць біслю-коўцаў. Але неўзабаве моцна заснуў.

Канём усю дарогу аж да Ваўковіч кіраваў Адос. Спыніўшыся каля сваёй хаты, ён расштурхаў Міхалку, пасадзіў яго і спытаў:

- Даедзеш адзін дамоў?

- Даеду. А што я нарабіў?

- Нарабіў ты, то нарабіў. Такую дзяўчыну страцілі. Цяпер ты да яе болей і не рыпайся. Не пойдзе замуж. Зганьбіў ты і мяне, і сябе. Хоць вочы завязвай ад сораму. Свалата!!! Ты што ў сваты ездзіў ці Біслюкі разганяць?!

- Перапіў. Што я зраблю… Няхай не наліваў бы па поўнай.

- Сволач! Ён адзін усіх разгоніць… Было б хоць каму разга-няць… Дохлае кацяня! Едзь дамоў і нікому нічога не кажы, цёмнік ты няшчасны!

Адос саскочыў з воза і пакіраваў у сваю хату.

* * *

"Хто круціцца, той мае" - кажуць людзі. Адос жа, хоць і круціўся спаўна, нічога не меў, апрача старой дубальтоўкі, худога каня і брыкушчай каровы, якую, каб падаіць, патрэбна было за заднюю нагу прывязваць вяроўкай да плоту.

А яшчэ язык у Адоса круціўся больш, чым ён сам. Ён абганяў часам нават яго думкі, бывала, не паспее Адос пра што-небудзь добра падумаць, як язык яго тут жа ўсё выдасць на-гара. Прымаўкай "Слова не верабей, выскачыць - не зловіш" ён грэбаваў.

… І гэты во, бурліла вяселле ў вёсцы Прудцы, згубленай у бярозавых пералесках, далекавата ад шашы. Вясельнікі, добра пад-пітыя, выйшлі з душнай хаты на падворак, каб расслабіцца, адпачыць ад яды і гарэлкі. Музыкі ўселіся каля яловага тыну, абвітага дзе-нідзе чахлаю крапівою, на слончыку, дружна і зладжана зайгралі. Чор-ненькі, з кучаравым чубком, рэзаў на гармоніку, а другі, русявы, з пільным позіркам вачэй - на скрыпцы.

Младыя хлопцы і дзяўчаты, па-святочнаму прыбраныя, расчырванеліся, дружна кінуліся ў танцы, а старэйшыя, мужчыны і жанчыны, падаліся на вуліцу: хто сеў на лаўку, іншыя пазбіраліся ў асобныя групкі, загаманілі.

Адос на гэтым вяселлі быў сватам. Ён спыніўся каля мужчын, якія стаялі на бруку, насупраць варот, тварамі да падворка. У спрэчках яны і не заўважылі, што на якіх паўтара крокі ад іх, на пяску, ляжаў нядаўна "спечаны" суседавай каровай "каравай". І Адос якраз і трапіў нагамі ў гэты самы "каравай". У новых туфлях, у папрасава-ных штанах, даўгаватых і шырокіх, ён усё мясіўся і мясіўся ў ім і казаў:

- Учора я так напіўся, так напіўся, што аж хацеў памерці.

- От, каб хацеў, то памёр бы, - высалапіў язык Васіль Ясюкоў.

Будучы сумленным па натуры, Сцяпан Шундрык убачыў, што Адос месіцца ў "караваі", памкнуўся было сказаць яму пра гэта. Але Ясюкоў непрыкметна наступіў яму на нагу і мовіў:

- От, не перашкаджай чалавеку, няхай выкажацца.

Трэба ж з чагосьці пасмяяцца: як-ніяк ідзе вяселле, а тут пад носам такое дзеецца…

- Усе ўжо разышліся, - задзіраючы бараду ўгору, працягваў Адос, - а ваш гэты самы Жэнік Кажукла падсеў да мяне за крайні стол (я яшчэ не паспеў выйсці) і ўсё налівае мне і налівае. Не дасць слова вымавіць і зноў налівае. Маўляў, даўно не бачыліся. І так спаіў мяне, так спаіў, што я хацеў аж памерці.

- От, каб хацеў, то памёр бы, - зноў выскаліў зубы Васіль Ясюкоў і непрыкмет глянуў уніз.

Ад "каравая" ўжо мала што і засталося на зямлі, усё пера-бралася на туфлі і штаны Адоса.

А Ясюкоў і яшчэ падпіхвае яго да размовы, каб той не агледзеўся, у што ўлез:

- Адос, ты ж такі ўдалы паляўнічы, а які сват! Цябе ж ведаюць ва ўсіх вёсках. Раскажы што-небудь забаўнае.

- Забаўных гісторый я ведаю многа. Да раніцы мог бы іх расказваць.

- Ну хоць адну з іх.

- Аднойчы я пайшоў са сваім малодшым сынам Юстынам на паляванне. Ён у мяне такі хітры і жвавы, як вуж. Я агледзеў у лесе нару, дзе ваўчыца вывела ваўчанят, і хацеў забраць іх дамоў. Узялі мы з сабой торбу, прыйшлі да нары, я і кажу Юстыну: "Лезь. Ты танчэйшы за мяне". - "Ага, лезь, а як ваўчыца там - загрызе. Папары галінай." Я папароў - ваўчыцы не было. Юстын узяў торбу і палез. Я прыхаваўся за куст і, трымаючы ружжо напагатове, пачаў назі-раць. А тут якраз вавёрка заскакала па галлі над самай маёй галавой. Я і перавёў на яе позірк і не прыкмеціў, калі ваўчыца юркнула ў нару. Убачыў толькі, як яна пружынай выскачыла адтуль, калі падскочыла ў гору і замертва ўпала на зямлю.

- Ну, а з сынам што? Што з сынам? - захваляваўся Ясюкоў.

- А Юстын мне расказваў пасля: "Я сабраў у торбу ваўчанят. Бачу: нехта лезе. Я і кажу: "Баця, не лезь, я ўжо сабраў. І тут нешта чорнае імгненна развярнулася і маланкай выскачыла з нары. Гэта аказваецца, была ваўчыца…" - "Яна цябе спалохалася, сынок, - ка-жу я, - яна не чакала, што ў нары акажацца чалавек, і, напалохаўшыся, сканала ад разрыву сэрца." Вось якое было ў мяне здарэнне на паляванні.

- А яшчэ што-небудзь, яшчэ. Так цікава ты баеш!..

- Неяк пасучы каровы, - працягваў Адос, - я сеў на кучу галля ў лесе. Не паспеў закурыць, як адчуў, што гэтая куча заварушылася і падымае мяне ўгору. Я імгненна саскочыў з яе. А з-пад галля выскачыла дзікая свіння і з ёю вывадак парасят. Я так уцякаў, так уцякаў, што аж хацеў ногі паламаць.

- От, каб хацеў, то паламаў бы, - зноў злавіў на слове Адоса Васіль Ясюкоў.

Мужыкі усё хіхікалі і хіхікалі, кідаючы беглыя позіркі на Адосавы ногі, а ён думаў, што яны хіхікаюць з яго аповядаў.

- Ну, а яшчэ што-небудзь смешнае, - падбухторваў Адоса ўсё той жа Ясюкоў.

Але ў гэты час на падворку сціхла музыка, гасцей пачалі запрашаць за сталы. Заварушыліся на вуліцы і мужчыны. Пады-ходзячы да дзвярэй, ужо ціхім і спачувальным голасам, зноў прамовіў Ясюкоў:

- Адос, але ж ты і наваксаваў свае туфлі, так наваксаваў, што аж блішчаць.

Адос глянуў уніз і сканфузіўся:

- Ё-маё! Дзе ж гэта я так улез.

- От, праходзіла карова, наляпала табе на ногі, а ты і не заўважыў.

- Ну добра, нікому толькі не кажы пра гэта. Я пайшоў на рэчку адмывацца.

Вясельнікі дружна рассядаліся за сталы. Нехта апомніўся:

- А дзе ж сват? Сват дзе?

- Дакурвае цыгарэтку. Зараз прыйдзе, - заспакоіў усіх Ясюкоў.

На другім перапынку старэйшыя зноў пакіравалі на вуліцу, а моладзь закруцілася ў віхурным танцы на ўтаптанай траве. Да мужчын, сярод якіх стаяў і нейкі незнаёмы худаваты чалавек з райцэнтра, далучыўся і Адос.

На розныя тэмы, стыхійна пераключаючыся з адной на дру-гую, гаманілі вясельнікі. Нехта пахіліў размову ў бок палітыкі. Рай-цэнтраўскі чалавек зважна даводзіў думкі пра моц і непарушнасць Саюза, пра дружбу паміж народамі. А Адос вазьмі і баўтані:

- От, Беларусь магла пражыць і адна, без Саюза.

Незнаёмец, мабыць, зафіксаваў у памяці гэтыя словы ці што…бо праз некалькі дзён Адоса выклікалі ў райцэнтр на допыт. Ён упарта выкручваўся, адмаўляўся ад сваіх слоў, казаў, што нічога падобнага ён не гаварыў і не збіраўся гаварыць. Тады следчы рэзка павысіў голас:

- Ты ведаеш, Гініш, якую падаеш ідэю?! Ты падаеш ідэю аб развале Саюза! А гэта страшней, чым сусветная катастрофа! (Каб у нашы дні ён, напэўна, сказаў бы: "Гэта страшней, чым атамная бомба!" Але атамнай бомбы тады яшчэ не было: вядома ж, ішоў толькі 1937 год).

І следчы яшчэ раз паўтарыў:

- Гэта страшней, чым сусветная катастрофа! Разумееш?

- Разумею…

- Ну дык што. Ці можа табе паціскаць крыху пальцы ў дзвярах, каб трошкі памякчэў?

- Не…не трэба…

- Дык чаго маўчыш?

- А чорт яго ведае, можа, па п'янцы што-небудзь і баўтануў на вяселлі, - скрывіўся Адос. - Не помню.

Гэтыя словы следчы расцаніў, як чыстасардэчнае прызнанне і падсунуў яму густа спісаны ліст паперы, паказаў, дзе патрэбна распісацца. Адос нізка нахіліўся над сталом і, цяжка ўздыхаючы, незграбна мазолістай рукой вывеў некалькі крывых каракулін.

- А зараз можаш ісці дадому, - дазволіў яму следчы. - Сва-бодны.

Дужа апанураны, устрывожаны, Адос марудна мераў кіла-метры да сваёй вёскі і ўсё думаў, што з ім будзе.

Наступіла восень. Лісце яшчэ не паспела схапіцца пазалотай, але ўжо крыху прывяла, страціла сваю яркую летнюю свежасць. Едучы ў лес па дровы па той самай дарозе, што вяла ў Біслюкі, Міхалка сустрэўся з Адосам, якога вязлі на возе ў райцэнтр два міліцыянеры, каб адправіць яго ў Сібір. Размінаючыся і параў-няўшыся з імі, Міхалка моцна выгукнуў:

- Ну што?! Дакруціўся?! І на цябе гарэлка падзейнічала?! А на мяне так крыча-а-аў…

ПАЛКОЎНІК

Мінуў амаль месяц, як у Прыдыбайлах пачалі выганяць ка-ровы на пашу. Па вуліцы-брукаванцы з доўгім кіем у руцэ, у гумовых ботах, у старой бабулінай ватоўцы, караткаватай і абношанай, ідзе за статкам Ванька Тайсман. З ім, трымаючыся бліжэй да плоту, каб не ўбіцца ў статак на даволі вузкай вуліцы, сустрэўся дзядзька Кузьма з аддалёнага хутара. З пляча ў яго звісаў шырокі жаўтаваты кубінскі мех з-пад цукру. Кузьма ад нечаканасці як быццам бы крыху су-меўся, калі ўбачыў перад сабой чорнага хлопца. Ды Ванька сваёй адкрытай, белазубай усмешкай асвяціў усю вуліцу ў гэтую хмурную веснавую раніцу і гэтым супакоіў дзядзьку. Чорныя вочы пастуха з пачырванелым адлівам бялкоў на момант ўпіліся ў Кузьму, і той захваляваўся: "Пытацца ці не ў яго"?

Пасля асмеліўся:

- Дзе тут у вас можна было б купіць парасят?

- Ды вунь там, за мосцікам налева. Дзядзька Сымон прадае. У яго дзве свінні апарасіліся, - адказаў Ванька.

Кузьма, бы спрасонку, залыпаў вачыма: "Глянь ты, і шпарыць па-беларуску, па-вясковаму. Цікава…"

- Куды, Пярэстая?! Каб цябе гром забіў з яснага неба! - вы-крыкнуў Ванька і зашлёпаў мокрымі ад расы ботамі па бруку.

Кузьма азірнуўся і недаўменна паварушыў плячыма. Ён, не спяшаючыся апусціўся ў далінку, перайшоў цераз мосцік. З хаты па правай руцэ высунуўся на вуліцу сівы, амаль струхнелы дзед Осіп, і Кузьма не паленаваўся і ў яго запытаць пра парасят.

- Кіруй налева, - адказаў той, - на гэты падворак. У Сымона ёсць. І нямала.

- А што гэта ў вас за пастух? Увесь чорны, бы з коміна вылез.

- А-а-а, гэта негрыцёнак. Дочка Антолькі знюхалася ў Мінску з неграм. Прыдбала хлопчыка. А ён увесь у бацьку пайшоў. Пры-везла бабулі на выхаванне, калі ён яшчэ і гаворыць добра не ўмеў. Стаў тут сваім чалавекам.

- Я гляджу, што і на кароў крычыць па-нашаму. Як закрычаў: "Куды, Пярэстая?! Каб цябе гром забіў з яснага неба!" - дык я і вушам сваім не паверыў, што ён так умее.

- Сапраўдны беларус! Мы ўсе яго любім. Добры такі…

- Ну а маці яго дзе?

- Паехала з неграм у Афрыку. Лісты прысылае, а сама нешта не аб'яўляецца.

Мужчыны разышліся.

Як толькі каровы выйшлі за вёску, Пярэстая першай пакіра-вала да лазні, што месціцца пры лузе, прыпала шыяю да вугла і ўпарта пачала чухацца. Старая зімовая ў перамежку з пылам поўсць, густа пасыпалася на зямлю. Каровы на пашы разыйшліся шырэй, прагна прыпалі да маладой, сакавітай травы.

Ванька прысеў на вышчарбленным зверху валуне, прыпадняў каўнер ватоўкі, каб лепш захінуцца ад ветру. Пярэстая, спатоліўшы сверб, памукала каля лазні і неахвотна далучылася да статку, раз-другі скубанула траву, а ўсё больш пазірала на той бок рачулкі, дзе ярка зелянела ярына. Нарэшце, асмелілася і пакіравала туды. Ванька зноў часта зашлёпаў гумовымі ботамі па мокрай траве і, не дабегшы да Пярэстай, здаля шпурлянуў на яе доўгі ядлоўцавы кій, які трапіў ёй якраз па рагах. Тая ад болю нервова закруціла галавой і незада-волена вярнулася да астатніх кароў.

- Я табе пакажу, як у шкоду лезці!

* * *

Ванька вырас у Прыдыбайлах. У тутэйшай школьнай бібліятэцы ён перачытаў амаль усе кнігі беларускіх пісьменнікаў, выхаваў у сабе такога патрыёта, якога і ва ўсёй акрузе не проста знайсці. Дзед Мікола, які, на жаль, ужо пайшоў у лепшы свет, навучыў яго вязаць венікі, плясці кошыкі, хадзіць за плугам, пілаваць і калоць дровы, касіць. Ваньку ўжо стукнула васемнаццаць. Яго варта было б вывесці ў людзі. Але за што і як? Да таго ж і Антолька без яго прапала б. Ён у доме сапраўдны гаспадар: і соткі пасадзіць, і агарод, дроў на зіму назапасіць, кармоў на кароўку.

А тут у калгас якраз навезлі авечак - больш за тысячу. Брыгадзір Місюта, раячыся з жывёлаводамі, і кажа:

- А што калі мы прапануем быць пастухом Ваньку Тайсману? Ён спраўны хлопец. Два пастухі ўжо ёсць. Ён будзе трэцім.

- Ты што?! - устала на дыбкі загадчыца фермы Кузюта. - Ён паб'е ўсіх авечак. Ведаеш, як ён кій далёка кідае? За сто метраў. І б'е без промаху.

- Ну скажам, каб ён па авечках не цаляў, а кідаў кій збоку. Каб толькі палохаў іх.

А ці чуў ты, што Пярэстай усе рогі пазбіваў?

- Як быццам у яе было многа рагоў? Два і было ўсяго. Пярэстай так і трэба, бо яна ўжо залішне шкодная.

- Як хочаш!.. - сціснула вусны Казюта.

Ванька пагадзіўся быць пастухом. З двума другімі напарнікамі выганяць яны, бывала, авечак на пашу і пільна назіраюць за імі, каб чаго благога з імі не здарылася, каб, калі якая акоціцца, ягняткі паднясці, не даць малым трапіць пад ногі статку.

Сядзяць пастухі паасобку, і кожны думае пра сваё. А Ванька разважае: "От недзе мае тата і мама месяць там пясок у Афрыцы, у пустыні, а я тут сяджу сабе спакойна на камені і любуюся прыродай. Нёман цячэ прывольна ўнізе, лес адлюстроўваецца ў ім каля таго берага, а тут кусты ядлоўцу на ўзвышэнні, алешнік расце па далінках, бор непадалёку. Што яшчэ патрэбна для душы".

Напачатку на пашы ўсё ішло добра. Але неўзабаве да авечак панадзіліся ваўкі, і так яны нябачнападкрадуцца да іх лагчынкамі, па-за кустамі, што ні пастухі, ні авечкі не прыкмецяць драпежнікаў. І амаль не было такога дня, каб хоць адну авечку ды не разарвалі.

Начамі не спаў Ванька, усё думаў, як аднадзіць ваўкоў ад авечага статку. І аднойчы пад раніцу, калі абуваўся, акрыліла яго светлая думка, якой ён тут жа падзяліўся з бабуляй:

- Бабуля, ці ёсць у нас які-небудзь званочак?

- Ёсць. І не адзін, а цэлы раменны вянок. Некалі, калі маладыя ездзілі ў царкву вянчацца, такія вянкі надзявалі коням на шыю. Здалёк было чуваць іх звон. Іх у нас называюць шалестунамі.

- Прынясі, бабуля, мне іх сюды.

- А навошта?

- Начаплю на сабачку Драбка, буду ваўкоў імі палохаць.

- От, яны разарвуць твайго Драбка разам з шалестунамі.

- Не думаю.

Антолька прынясла вянок званочкаў, і Ванька перарабіў яго, прыстасаваўшы да сабачай шыі.

Пагнаў Тайсман авечак у поле, сеў на камень і пазірае то на статак, то на кустоўе. А Драбок, крыху большы за ката, ляжыць по-руч, грэецца на сонцы, вочкі жмурыць. Раптам ён нешта насцяро-жыўся, прыўзняў вушы, ускочыў на ногі. Мабыць пачуў воўчы дух?

- Кусі іх! - выкрыкнуў Ванька і кінуўся ў бок да авечак.

Драбок сарваўся з месца і клубочкам пакаціўся да кустоў, звону і цахату нарабіў на ўвесь абшар. Ванька ўбачыў, як два мацёрыя ваўкі аж зямлю дзяруць пад сабою - так з перапуду ўця-каюць у лес.

- Хіба я вас правучу! - задаволена ўсміхнуўся Ванька.

З таго дня ён кожны дзень браў Драбка ў поле, і кожны раз ваўкі аж ногі ламалі пад сабою, уцякаючы прэч ад статку, пачуўшы звон шалестуноў.

Высокага росту, у доўгім, прагумаваным, зялёным плашчы, з важкім кіем у руцэ, Ванька штораніцы важна крочыў на ферму, і за такі яго ўнушальны выгляд, стройную постаць у вёсцы яго празвалі палкоўнікам. Праз вокны з прытоенай цікаўнасцю глядзелі на яго людзі і казалі:

- Глядзі ты, палкоўнік ужо на ферму пайшоў. Ранні.

На дваццатым годзе Ванькавага жыцця з Афрыкі прыехалі яго бацькі. Маці з разбегу ад самых веснічкаў кінулася да сына, які стаяў у гэты час каля ганку, і, абняўшы яго за шыю, ціха заплакала:

- Ванька, сынок мой, я так даўно цябе не бачыла! Які ты велькі вырас!

- Не плач, мама. У мяне ўсё добра.

Бацька таксама моцна абняў сына і пацалаваў яго ў шчаку.

Увайшлі ў хату. Антолька не аднімала хусцінкі ад вачэй. Супа-коіліся толькі тады, калі дочка і зяць пачалі выцягваць падарункі з сумкаў, паклалі на стол стос грошай.

Усе неяк спакойна паабедалі і вылезлі з-за стала, расселіся хто дзе. Антолька спытала:

- А што ж будзе з нашым Ванькам? Так ён і будзе ўсё жыццё авечак пасвіць?

- Няхай паступае ў Мінскую ваенную акадэмію, - прамовіла дочка.

- А мне як быць?

- Мы цябе, мама, возьмем да сябе. Купім у Мінску кватэру - і ты будзеш жыць разам з намі.

Антолька прасвятлела ў твары.

Ваньку ўдалося паступіць у акадэмію, скончыць яе і атрымаць званне лейтэнанта. Пазней на яго пагонах заблішчэлі тры зорачкі. Старэйшы лейтэнант Іван Тайсман служыў непадалёку ад роднай вёскі, у лесе, дзе размяшчалася іх часць ракетна-зенітных комплексаў супрацьпаветранай абароны. Размаўляў Тайсман з воінамі толькі па-беларуску.

- На першы-другі разлічыся! - гучна камандаваў ён. - Правае плячо наперад, крокам руш!

Салдаты стараліся спраўна выконваць усе яго каманды, бо ад іх веяла родным духам.

У вольны ж ад дзяжурства і службы час Іван Тайсман, як і падчас вучобы ў акадэміі, працягваў наведвацца ў Прыдыбайлы да свае дарагой бабулькі, якая выхавала яго і паставіла на ногі, ды ўсё яшчэ адзінока жыла ў вёсцы. А Антолька, седзячы з краю стала, гля-дзела на яго залатыя пагоны, на яго мажную постаць і ціха, шчымліва радавалася ў душы: "Які ж у мяне ўсё ж прыгожы ўнучак! Які добры!" А старэнькім бабулям, такім самым, як і сама, дзе-небудзь пры сустрэчы ці на лаўцы каля плоту ганарліва казала:

- Во, усе абзывалі нашага Ваньку палкоўнікам, а ён стаў сапраўдным палкоўнікам!

І Кузьму пашчасціла яшчэ раз сустрэцца з Тайсманам на той жа вуліцы і амаль на тым жа месцы. Ён здалёк пазнаў высокага, чар-нявага хлопца ў вайсковай форме і крыху неяк распростаўся, пад-цягнуўся. А параўняўшыся, міжвольна прыклаў руку да кепкі і першым прывітаўся:

- Дзень добры!

- Добры дзень! Што зноў, мусіць, дзядзька па парасяты ідзе?

- Не. Цукру хачу купіць у магазіне.

- Во, ён якраз зараз адчынены, - падбадзёрыў Кузьму Тайсман. - Не спяшайся, не разбяруць. Няма каму яго і разбіраць.

- А ты добра шпарыш па-беларуску, - не паскупіўся на па-хвалу Кузьма.

- А як жа. Я вырас тут! - павышаным тонам мовіў Тайсман. - І каб не ўмець размаўляць па-беларуску? Смех.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX