Папярэдняя старонка: Крытыка

Алесь Хітрун. 'Лодка жыцця' Міхася Мельніка 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Алесь Хітрун нарадзіўся ў в. Крупава Лідскага р-на. Скончыў Лідскае ПТВ № 196, працуе на будоўлі, завочна вучыцца на філалагічным факультэце Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Пастаянна друкуецца ў розных выданнях, у т.л. "ЛіМ", "Настаўніцкая газета". Пераможца конкурсу часопіса "Маладосць" у намінацыі "Проза"за 2007 год.


"ЛОДКА ЖЫЦЦЯ" МІХАСЯ МЕЛЬНІКА

Лідская зямля багата на таленты, дзякуючы якім культурны асяродак папаўняецца новымі вобразамі. Разам з гэтым узрастаюць творчыя постаці, якія моцна трымаюцца на духоўнай глебе паэтычнымі каранямі. Адна такая асоба выдзяляецца ў пісьменніцкай групоўцы, дасягнуўшы высокіх вяршынь лідскага Парнаса. Гэта выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, ранейшы старшыня Лідскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, арганізатар пабудовы ў Лідзе помніка гэтаму генію беларускай нацыі, былы выкладчык вышэйшай катэгорыі беларускай мовы і літаратуры Лідскага каледжа, кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", паэт Міхась Мельнік.

Зусім нядаўна выйшаў у друк яго зборнік вершаў "Лодка жыцця" [1]. I ўжо з самага пачатку надзвычай цёпла аўтар прапаноўвае чытацкай аўдыторыі "праплысці" ў ёй і наталіцца ягонай творчасцю:

Каб не быць ніколі мне ў даўгу,

Каб маглі заўжды ў мяне паверыць,

Добрым людзям шчыра, як магу,

Адчыняю ў сэрца насцеж дзверы.

Трэба сказаць, што "Лодка жыцця" падзелена на чатыры раздзелы: "Прызнанне", "На ўлонні прыроды", "У згодзе быць хачу са светам", "Споведзь". А сам зборнік напоўнены мудрымі паэтычнымі словамі і тлумачыць, што ча-лавек павінен любіць сваю Радзіму, быць патрыётам свайго краю, шанаваць прыроду, і, канешне ж, паважаць родную мову. I ўсе гэтыя рысы павагі, спагады, дабрыні ўласцівы самаму аўтару.

У вершы "Прызнанне" ён сапраўды прызнаецца чы-тачу і кажа што:

Я - хлопец вясковы ,

I - родам з Прыпцічча,

Дзе родная хата і маці,

Дзе першыя словы -

Няхітрыя словы -

Калісьці пачаў вымаўляці...

Міхась Мельнік паэтычна ўслаўляе і Радзіму, што ён даказвае ў вершы "Мая Беларусь":

Многа розных краін на вялікай планеце,

Пад нябёсамі месца дасталася ўсім,

Сярод іх Беларусь яснай зоркаю свеціць,

Услаўляе народ свой з глыбокіх даўнін.

Успаміны - спатканні Міхася Іванавіча пранікнуты любоўю да роднай зямлі, да Пцічы, да свайго роднага краю, пра што кажуць яго вершы "Спатканне", "Дзітва", "Крыніца".

Я спаткаўся з роднаю зямлёй,

Са сваім лясным прыпціцкім краем,

3 рэчкай, апавітаю вярбой,

Што заўжды мяне дамоў чакае.

3 замілаваннем гучаць радкі прысвечаныя прыродзе, з ёй ён размаўляе па-сяброўску, па-роднаму. Нават у лесе ён падбірае такія словы, "каб спагаднейшым усё навокал стала". Тут ён адчувае сябе нібыта ў "храме Госпада на споведзі". Яго радасна сустракаюць рэчкі, лугі, ён абдымаецца з "клёнам дарагім", "пад якім спаткаў сваё каханне". Раку Дзітву параўноўвае з вясковай дзяўчынай, якая хаваецца ў вербах і травах. Па-свойму бачыць прыкметы восені, якая выстаўляе свае адметнасці:

Чырвань рабіны,

Бяроз пазалоту,

Крык жураўліны,

Шорхат чароту...

Аўтар знаходзіць у прыродзе нешта сваё, адметнае. Ён нават задае пытанні будучаму пакаленню:

"Дзе той конь, на якім у дзяцінстве

я шпарка гойсаў па шырокім прыпціцкім лузе?

Дзе той сад, што мой продак калісь пасадзіў,

каб нашчадкам не жыць у скрусе?..."

Паэт адмаўляецца ад лекаў, ад камфортаў, а замест іх ён выбірае "чыстае неба" і "каліва роснае мяты". А лекарам ён лічыць вёску, якая для яго "нязменная доктарша, душу маю выпроствае", у ёй бачыць вобраз матулі, якая "гаючай пяшчотаю лашчыць" яго.

Неабыякавы Міхась Мельнік і да грамадзянскіх праблемаў. Пра гэта яго вершы "Пераможны дзень", "Рэквіем", "Мой боль", "Праблема". Ён нагадвае чытачу пра тыя суровыя ваенныя ліхалецці:

Зямля мая стагнала і палала,

Лілася кроў людская днём і ўночы,

Смяротная варожая навала

Блакітныя яе сляпіла вочы.

3 болем у сэрцы ён бачыць "нямыя курганы, над Бугам крэпасць, помнікі пад Мінскам", прызнаецца што "мой боль і вечны смутак - абеліскі", адчувае і становіцца сведкам тых жудасных падзей.

Тэму паэта і паэзіі таксама не пакідае Міхась Мельнік у баку. Аб гэтым яскрава ўзгадваюць яго вершы "Паэзіі", "Песняру", "Сяргею Ясеніну". Паэзію ён называе "вечным святлом", "ластаўкай". Ёй прызнаецца, што "напісаў так мала добрых вершаў, лепшыя, напэўна, напішу", толькі, каб яна завітала да яго жытла.

Як і ў кожнага паэта, заўсёды маюцца хоць два - тры вершы, прысвечаныя інтымнай лірыцы. Знайсці іх можна і ў Міхася Іванавіча ("...I ты зразумееш усё", "Споведзь", "Назаву я цябе каханаю", "Каханне" і іншыя). Першыя вясновыя моманты ўзнікаюць у гэтым у радках:

Вось толькі снягі каб расталі,

I ты зразумееш усё.

Запеняцца воды ў крыніцах,

Наверх усплыве пачуццё...

Дзеля высокага пачуцця - кахання ён гатовы нават занесці каханую за востравы, за горы, "у тыя далі, дзе папараць - кветка", сцерпіць і тады, калі "будуць ліўні нас біць балюча, як дубцамі па голым целе". Ён на высокай лірычнай ноце прамаўляе:

О вечная прага кахання,

Ты сілу чароўную тоіш!

То ядам сваім туманіш,

То сокам світальным поіш...

3 гумарыстычным нахілам паэт прызнаецца, што

3 табою не каханне - гора:

Вачэй тваіх я так баюся.

Яны ў цябе, нібыта мора,

Я ж плаваць толькі што вучуся...

Ёсць у зборніку і вершы-песні ("Люблю прынёманскія сцежкі", "Лодка жыцця", "Каханая мая". Трэба нагадаць, што многія з іх былі напісаны кампазітарамі Я. Петрашэвічам, В. Пыпецем, Дз. Мазітавай, В. Пазнуховай і іншымі.

Да ўсяго сказанага хочацца дабавіць, што зборнік Міхася Мельніка ўдаўся на славу. У праўдзівым адлюстраванні, быццам праз прызму, аўтар звяртаецца да чытача з подыхам сапраўднага нацыянальнага беларуса -паэта, што і даказваюць самі яго вершы, якія прачытваюцца на адным дыханні, характэрнай асаблівасцю якіх з'яўляецца ўменне паэта бачыць у звычайным незвычайнае і данесці гэта ўсё да чытацкай аўдыторыі з дапамогаю мастацкіх сродкаў са смакавітым густам. Слушна зазначыў у прадмове адзін са старэйшых журналістаў Лідчыны Алесь Жалкоўскі: "За дваццаць гадоў Міхась Мельнік з добрага педагога, якіх шмат на Лідчыне, ускаласіўся ў нязломнага змагара за беларускую мову, у выбітнага нацыянальнага дзеяча. I вершы яго, як зярняты са спелага коласа. Адны смакуюць адразу, як гарачы блінец, а іншыя падаюць недзе глыбока-глыбока, каб узысці ў душах чытачоў парасткамі нацыянальнай свядомасці".

Дык, нездарма першы беларускамоўны верш Міхася Мельніка "Задуменная ноч" з дабраславення вялікага Васіля Быкава атрымаў высокую ацэнку ў газеце "Гродзенская праўда" (25 лютага 1967 года).




[1] Міхась Мельнік. "Лодка жыцця". Вершы. 2009. Ліда.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX