Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Данута Бічэль


Аўтар: Бічэль Данута,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Біскупцы пад Лідай, у сялянскай сям'і. Скончыла Наваградскае педагагічнае вучылішча (1957), аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1962). З 1962 выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гародні. З 1982 года пра-цавала ў Гародзенскім гістарычна-археалагічным музеі. Некаторы час была загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гародні.

У друку выступае з 1958 (газета "Літаратура і мастацтва"). У вершах, арганічна звязаных з народна-паэтычнай традыцыяй, апявае Радзіму, жыццё працаўнікоў вёскі, прыгажосць роднай зямлі.

Аўтар зборнікаў паэзіі "Дзявочае сэрца" (1961), "Нёман ідзе" (1964), "Запалянкі" (1967), "Доля" (1972), "Ты - гэта ты" (1976), "Браткі" (1979), "Дзе ходзяць басанож" (1983, Дзяржаў-ная прэмія Беларусі), "Загасцінец" (1985), "Даўняе сонца" (1987), "А на Палессі" (1990), "Божа, мой Божа" (1992), "Снапок" (1999), "На белых аблоках сноў" (2002), "Стакроткі ў вяночак Божай Маці" (2004), "Ойча наш..." (2008) і інш. Напісала паэмы і кнігі вершаў для дзяцей "Перапёлка" (1968), "Грыб-парасон" (1969), "Дзічка" (1971), "Рыжая палянка" (1971), "Дагані на кані" (1973), "Лузанцы" (1982), "Габрынька і Габрусь" (1985). Аўтар кнігі нарысаў, мему-араў і эсэ "Хадзі на мой голас" (Вроцлаў, 2008), выдала кнігу прозы "Мост святога Францішка" (2010).

Жыве ў Гародні.


  
  
  
  ЗАГАСЦІНЕЦ

Будавалі хаты ўсе разам, 
не было ні платоў, ні лазаў.
Не ва ўсіх былі свае студні…
Быў Загасцінец шматлюдны…

Вясёлы, спеўны, стракаты…
Хадзілі ў касцёл на рараты.
Хадзілі пад крыж на ружанец. 
Непатрэбных, нас нараджалі.

Пасылалі каровак пасвіць.
Не вучылі абманваць і красці.
Як бульбу пад весну канчалі, 
адны ў другіх пазычалі.     

Кадрэлю танчылі, 
цялят малых няньчылі, 
кветкі на комінах малявалі, 
і сварыліся, і спявалі
свае сапраўдныя песні, 
што з хатамі перанеслі. 

Такі быў рай на зямлі.
Ды стаміліся ўсе і пайшлі -- 
паасобку і без чаргі, 
адзін, а пасля другі… 

Ігнась за Ганнай, іх хата з краю, 
адной душой ляцелі да Раю…  
з раю зямнога 
                 да светлых светлаў…
Нарэшце ўсе ўцяклі ад саветаў. 

А ў цётчынай студні 
                  вада жывая - 
гаючую таямніцу трымае… 
Сонейка чэрпае 
                  цётчыну студню 
ды палівае 
                ўсю гэту бязлюдню…
17.05.2013 г. 


НАСТАЛЬГІЯ ПА ДЗЯВОЧАЙ КРАІНЕ

Сэрца сціснецца - 
                  поўначкі выйду, 
пайду праз жывое балота - 
наіўная наіўнота - 
ва ўрачыстую, з замкамі, Ліду.

Цуд адбудзецца - 
                   стану дарослай. 
Але малады зялёны мой розум: 
ад навукі мутнеў, нібы п'яны, 
галаву вадзіла ў бакі,
як ішла праз мосцік драўляны, 
то ляталі ў вачах матылькі.
Дом там рос - стары і прыгожы.
У ім жыла святая сям'я. 
З імі Франя, Марыся і я - 
у вузкай шчылінцы грэліся, 
адгароджанай 
                старым крэдансам.

Дабрыня панавала без межаў…
Магдалена замольвала ежу.
Нашу пані наведваў ксёндз
і нас дабраслаўляў перад сном.
Кніжкі мудрыя пані чытала, 
усё жывое ў хляўку сакатала.

Мы -- не мудрыя і не хітрыя, 
геаграфію блыталі з хіміяй.
А Ліда, як добрая мама, 
выпраўляла нас на экзамены.
А на поплаве каля Лідзейкі 
калыхалі нас салавейкі.

Гаспадыня святая наша
на мяне пагляне ды скажа:
- Ты ўмееш вершы складаць, 
ці навучышся жыць прыгожа,
так, каб таленты не марнаваць 
на зямныя справы і грошы?

Каб не дрэнчыў 
               свет гэты хворы, 
на Каляды і на Вялікдзень 
нас праводзіла тайна на хоры,  
каб на хорах ніхто не выдаў.

Ліда - дом 
                 прасторны, драўляны.
Ці застаўся, ці зруйнаваны?
Як жывы, то памятаць будзе:
у Лідзе нас выводзілі ў людзі!
21.05.2013 г.


ЛІДСКІ ЗАМАК

У балотнай Лідзейцы апырскваюць скроні 
жаўрукі, што ўпалі з-пад хмар.
Абмялілі прадонне 
рачулкі коні 
крыжакоў і беглых татар.

Што тварылася ў Лідскім замку, 
як чужынец грукаўся ў брамку?
Навакол разносячы беды, 
вежы замка ўзарвалі шведы…

Пералётны хан Тахтамыш 
начаваў пад мурамі, як мыш.
Тут хапала ўсяго яго войску, 
але Вітаўт павёў іх 
                  на Ворсклу…

Сцены замка - 
       паўстанцаў верныя служкі, 
не лічылі смяротных страт,
як паставілі воі Касцюшкі 
баявых васямнаццаць гармат.

Ад забытых дзён Гедыміна 
да тых дзён, як нямецкая міна 
аб муры пакрышыла зубы, -
камяні не баяліся згубы…

Ад знадворку і да скляпення
непарушна ў звёны ляглі -
упрытык сотні тысяч камення, 
паўтара мільёна цаглін…

Не цураліся продкі працы, 
будавалі замкі, палацы, 
кармілі чужынцаў хлебам, 
галадалі пад родным небам.
Не гублялі продкі надзеі,
а вучылі плаваць дзятву - 
скідаючы з моста ў Лідзейку, 
якая ўцякала ў Дзітву.

А Дзітву прытуляў 
                бацька Нёман…
А плыты плылі за паромам…

ВЕРШ, ЗАБРАКАВАНЫ Ў ВЫДАВЕЦТВЕ
Людзі простыя, 
край свой любім…
А куды ад яго пабяжыш?
Можна знікнуць у Гвадалупе 
ці аддаць жыццё за чужых…

А на Нёмане пад калінаю 
разальецца туга па вадзе…
Ты баішся, дзяўчо наіўнае, -
Беларусь без цябе прападзе?
Дык навошта вандроўкі далёкія?
Можна ў думках павандраваць…
Над зямлёю воблачкі лёгкія -
проста воблачкам лёгкім стаць…

У нябёсах паплаваць і згінуць  
кропляй з хмаркі - 
                   усё роўна дзе…
Ты баішся, дзяўчо наіўнае, - 
Беларусь без цябе прападзе?!


ДОЖДЖЫК

Дожджык стаіць на парозе і плача - 
мокры да ніткі, такая няўдача:
з неба вяртаўся, стаміўся і змок.
А тут на дзвярах - вялізны замок.

Некалі нехта дражніў:
- Сікані!
Маму і тату дамоў прагані!
Грому з маланкай дай падрасці!
Смелых дзяцей на кані пракаці!

Дзе гаспадар, гаспадыня, іх конь?
Хлеб - на стале, у печы - агонь?
Дождж да людзей прыходзіць з дабром - 
а іх тут няма, і ледзь дыхае дом...

Дожджык стаіць на каменнай прыступцы, 
топчацца, нібы таўкачык у ступцы.
Можа, якая жывая душа 
ў коміне ў сажы прытулак знайшла?

Дожджык разгублена ходзіць па крэйцы.
Ключ ад замка шукае ў паветцы.
Сплакаўся дожджык, стаміўся і сціх…
Ідзі пад бярозкі, там знойдзеш усіх.

 
  
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX