Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Алесь Стадуб 


Аўтар: Стадуб Алесь,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Стадуб Алесь (Аляксандр Дзям'янавіч) нарадзіўся 24.04. 1938 г. у в. Юшавічы Нясвіжскага раёна Менскай вобл. Скончыў 10 класаў у Нясвіжы. Пасля службы ў войску закончыў Усесаюзны інстытут імя Крупскай (музыка, клас гармоніі). Узначальваў маладзёжны хор у Яраслаўлі. Там закончыў філфак педінстытута. Выкладаў у школе, працаваў у мясцовых газетах. У 1972 г. пераехаў у Ліду, дзе быў намеснікам старшыні таварыства «Веды». Друкаваўся ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Аўтар кніг: "Твае вочы", "Вузел (трыялеты)", "Споведзь натхненнем", "Летапіс пачуццяў", "Калінавыя гроны", "Сюжэт на фоне адвячорку", "Водгук ісціны", "Скрыжалі", "Мільянерка" і інш. Сябра СБП з 2007 года.


  ЛЕТА

Дарогай трактар з сенам
Мне прэ на перарэз,
Пара - травы кашэнне,
Пуцёвак шмат у рэйс.

Яшчэ ўся ліпа ў бобках,
Сюды пчала не мкне,
Шмат цікавостак крохкіх
Да белых мух засне.

Дзень чэрвеньскі, бяссонны
Патамі ўвесь прапах,
Спаткнецца вечар сонны
На сініх лапухах.


ЧЫТАЙЦЕ

Чытайце ноты, як літанні,
Майго настрою спарышы.
І сум, і спеў, і спадзяванні
Лірычнай стомленай душы.

Я не лаўлю вавёрак-рыфмаў,
Крутых сюжэтаў віражы,
Я абыходжу плыткасць рыфаў,
Каб сэнс глыбіняў перажыць.

Я часта думаю пра потым,
Пра хор, які заменіць нас,
Мне хоць бы 
                  паўбемольнай нотай
Застацца на ўспамін між вас.


СЯБРУ

Бясшумна воблакі задумныя
Аднекуль з-за мяжы без віз.
Твой першы верш, 
                       табой прыдуманы
Бяжыць ка мне радкамі ўніз.

Пасля іх будзе шмат. Дажджамі
Адшэпчуць. Сну мо не пачуць.
Сваё - я воблака ў піжаме -
Табе малітвай прашапчу.


ЧАЛАВЕК

Кожны - магутны, нятленны.
Кожны - падання працяг.
Кожны - народныя гены.
Кожны - кавалак жыцця.

Кожны каханню скарыўся.
Кожны - бацькоўскі працяг.
Кожны героем стварыўся.
Кожны - краіны прасцяг.


МАДЭРАТА

На фоне ранку дня, і ночы,
І музыкі, і цішыні
Маю надзею не азмрочвай
І незнарок не падмані.

Насуперак усім жаданням
Няхай упіша ў верш рука
І неспазнанасць спадзяванняў,
І нечаканасці радка.

Мо толькі мы пасля захочам
Былога сэнс перамяніць
На фоне ранку дня, і ночы,
І музыкі, і цішыні.


ДУЭТ

Шматкроп’і змочванняў 
                     закрэслім,
І вочы ў вочы будуць зноў.
Па пахі сядзеш мякка ў крэсле,
Прыжмурам хвалячы віно.

Злагодзім прозу на паэзію,
Дуэт наш - у мажорны тон.
Забудзем праўду, што вярэдзіла,
Як не было, не ўспомнім той.

Ружовых мараў сэнс спакусны
Душа спазнала не адна,
Як на тваіх салодкіх вуснах
Смак нечаканага віна. 


З “НАРОДНЫМ”

Ён усміхнуўся: “Я народны”,
І кніжкай ладнаю патрос.
Няўжо да творцаў 
                          самых годных
Вось гэты самахвал дарос?

Адчэпна дымячы цыгаркай,
Не губы грэючы - руку,
Падумаў, ідучы з ім паркам,
Няўжо я ў жарту на кручку?

А часам тым, не часам познім,
Мо на паэта меўшы нюх,
Усе мужчыны ўзростаў розных
Бліжэлі, як не ўпершыню

Паарфаваўшы думак смецце,
Змахнуўшы слоў гаркавых пыл,
Знянацку неяк гурт прыкмеціў:
Антракт размове наступіў.

Дзень нерабочы змежваў вейкі,
Адсюль падацца воліў я,
Ды раптам басам 
                        дзядзька нейкі:
- Ну што, Кастусь, чарга твая!

І мой “народны”, кашлянуўшы,
Пераключыўшы дум рычаг
І руль гаворкі павярнуўшы,
На дзіва для мяне пачаў.

Ён як артыст у час абедзенны,
Запрошаны даўней у цэх,
Усім даводзіў, як заведзены
Пра шылы вострыя і мех,

Пра грошай грэшныя абліччы,
Пра тупасць і прыродны дар.
Ён да святых тых не залічваў,
Каму паехаў з месца дах.

Наслуханае смела неслі,
Каб расказаць, пакуль не спяць.
А ён пісаў і смела крэсліў,
Каб заўтра выступіць на “пяць”.
 

ДОЖДЖ

Дарога бясконцая ўсё ж
Вядзе мяне ў цёмную даль,
Сярдзіты здаецца мне дождж
Навошта слаўцо дома даў?

А ён з намаганнем скубе,
Кранае нярвовую злосць.
Што думае восень сабе?
Насустрач мне - чорнае штось.

Не, гэта - не конь і не страх,
А нешта ў плашчы, як і я.
А, можа, які-небудзь птах?
А, можа, хто-небудзь з звяр’я?

А дождж... 
                 Нават ноччу не спіць,
Ты можаш паверыць? Павер!
Гарачага зараз папіць...
О мне не да вершаў цяпер.

Хоць рыфмы музычныя склаў
І цёплыя словы табе.
А дождж скора кінуўся, ўпаў,
А дождж злыбядою дзяўбе.


ЮШАВІЧЫ

Раслі ў бяссмерце Юшавічы,
Але ўсё ж век свой аджылі.
Раслі тут Коласы, да Вінчы,
Свае гісторыі былі.

Няма ў паміне сельсавета
І школы, крылаў ветракоў.
Няўмольны час закрэсліў гэта
І крумкачоў-бальшавікоў.

Спакусы ў сад чужы вадзілі,
Спакусны сад, хоць і не рай.
А дзе ж сяброў цяпер магілы?
Яны даўней лілі праз край.

Дамашнія малых не лічаць,
А што лічыць, калі адно.
Бацькі мяне нястомна клічуць:
“Прыедзь. Наведваў нас даўно”.


ДУБ

Ля акна я студжу кіпень-чай,
Хай астыне мой чай нетаропкі,
Паглядаю на дуб неўзначай,
Жалуды ля свала, нібы кропкі.

У юнацтве яго вецер гнуў,
Ды і бура жаўжды нахіляла,
Ён маланкі прыцэл абмінуў,
Калі тая ад хмары страляла.

На дварэ ўсё дажджыць 
                       і дажджыць,
Лістапад гоніць мокрыя хмары,
Гэты дуб можа нас перажыць:
Мае вершы і вашыя мары.


ЖАРТ

Нядаўна сон згубіўся ў лесе,
А мо сярод людзей?
І не знайсці сябе, Алеся, 
І не знайсці нідзе.

Душа там з целам засталіся,
Нібыта ў мутным сне.
Радкі вычурныя ліліся,
Што не патрэбны мне.

Усё ж спаткаў сябе ў кнігарні
Сярод цікаўных мас.
Безвыніковы дзень свой ганіў
І рассмяшыў я вас.

Калі ж заглянеце, я з краю,
Ля самай крайняй з хат,
Радкі сякерай выкрасаю,
Каб атрымаўся жарт.


НЕМАГЧЫМА

Падлетак шукаў ідэал:
Краіну? Паехаць? Біць лынды?
Пытанняў нахлынуўся вал,
І ён да мужчыны з-пад Ліды:

- Парайце вы мне, чалавек!
І той адказаў:
                 - Эй, хлапчына,
Без нас Беларусь пражыве,
Ды нам без яе немагчыма!

*   *   *

Казаў адзін: “А мне б сасной!”
Калега: “Каб валошкаю!”
Ды ці жаданне ўспомніць той,
Каму так часта божкалі.

Мінуў ахвотнікаў дасціп,
Што рваліся быць першымі,
А мне лірычна прарасці б
У здольным хлопцы вершамі.

*   *   *

Я колькі сам сябе не ўспомню,
Любіў спакусны ўзлёт надзей,
Хацеў быць хлебам, 
                      светлым промнем,
Каб добрых радаваць людзей.


  
   
 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX