Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Ганна Шаўчэнка


Аўтар: Шаўчэнка Ганна,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Ганна Шаўчэнка (Серэхан) - літаратуразнаўца, перакладчыца, паэтка. Нарадзілася ў 1984 г. ў мястэчку Астрына на Гарадзеншчыне. Дзяцінства і юнацтва правяла ў вёсцы Ганчары Лідскага раёна, дзе атрымала сярэднюю адукацыю.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2007), магістратуру (2008) і аспірантуру (2012) пры ім. Аўтар кніг вершаў "Запаветная жменька" (2007), "Пане, будзь заўжды са мной: Вершаваныя малітвы для дзяцей" (2010), шматлікіх публікацый, прысвечаных даследаванню польскамоўнай літаратуры Беларусі ХІХ ст., перакладаў з польскай мовы на беларускую паэтычных твораў Антона Гарэцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Францішка Карпінскага, Міхала Дудзінскага, а таксама кнігі апавяданняў для дзяцей кс. Яна Твардоўскага "Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць" (Мінск, "Pro Christo", 2014).

Працуе ў выдавецтве Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі "Pro Christo", з'яўляецца супрацоўнікам рэдакцыі часопісаў "Наша вера" і "Ave Maria". Жыве ў Менску.


  
  AVE MARIA

Ave Maria… 
Бяздонне пяшчоты.
Звонку скрыгоча вар'яцкі матыў.
Ну і няхай... 
Тут мелодыя цноты...
Хтосьці бязмежжа 
                    абдоймаў раскрыў...

Хтосьці суцешна, 
                          няголасна кліча
Не зашчапляцца 
                           ў кайданы нуды,
Скінуць з душы 
                  недавер, ваяўнічасць,
Шчыра прызнацца: 
                   "Люблю. Сапраўды"

* * *

Букет сустрэчы ў руках трымаю -
Букет пачуццяў, усмешак, слоў,
Але не тая духмень, не тая
Плыве з пялёсткаў, сухіх лісткоў.

Даўно мы гэтыя любім кветкі,
І ўсцяж я мару іх Вам дарыць.
Чаму ж ссыхае букет наш рэдкі?
Чаму ўжо барвамі не гарыць?

Не восень стала віной звядання,
Не прахалодны яе спакой.
Напэўна, проста не ў час спатканне,
І проста наш звечарэў настрой.

Але я цешуся ў момант гэткі,
Знайшоўшы ў ім і красу, і пах,
Што сёння любыя нашы кветкі
Мы песцім зноў у сваіх руках.

* * *

Заблытаўшыся ў павуціне
Штодзённых спраў,
Так лёгка
   не напісаць верш...
         не стварыць нізку вершаў...
              не падарыць свету кнігу...
                     не пражыць жыццё...


ВЕЧНЫ  ЎСПАМІН

Неяк вечарам сяджу я ля каміна
І гартаю свой стары фотаальбом,
І плывуць мае, вяртаюцца ўспаміны
Да дзяцінства хутка пройдзеных гадоў.
Вось з забытага, старога фотаздымка
Вочкі сінія зірнулі на мяне.
І ўсміхаецца шчаслівая дзяўчынка,
І ласкавы позірк ціха дорыць мне.

Засталася яна там, у дзіўнай казцы,
Бесклапотная, ля веснічак стаіць,
У яе малым жыццёвым ранцы - 
Мары, вера ў цуды, казак перавіць.

Аксамітна расцвіла яе краіна,
Але далей, за квяцістаю мяжой,
Застаюцца ў сэрцы светлыя ўспаміны,
Іх усё жыццё праносіш за сабой.


РАПТОЎНЫ  ЎСПАМІН

Калі скрабецца ў сэрцы едкі смутак,
Варушачы ўспаміны кіпцюром,
Разгортваецца ў памяці той скрутак,
Дзе я дзіцячым грэйзала пяром.

Выскокваюць там смелыя развагі
Аб светлых "хутка пройдзеных гадах";
І строга задзіраюць нос заўвагі,
Што час мне на шырэйшы крочыць шлях.

"Дзіця, - кажу сабе я, - як магло ты
Так зверху аглядаць маленства свет,
Калі ён уздымаўся пазалотай,
Гадамі над табой, як мяккі плед!

А дзе мяжа скубецца, ты пазнаеш
Не розумам, а сэрцам і слязой,
Калі загад ад Бога атрымаеш
Адчуць сябе ў жыцці зусім малой".


ЧЫТАЮЧЫ  КНІГУ  ІРЫНЫ  БАГДАНОВІЧ

Я пальцамі пяшчотна абдымаю
Паэтаву вясновую душу,
Агорнутую ў кнігу...
       Прадчуваю,
Што зноў чыёсь цяпло разварушу.

Старонкі мякка-кволыя, як злыдзень,
Паціху прыадгортваю рукой,
І дыхаю табою я, "Вялікдзень",
І спешна лаўлю пах самотны твой.

ДЗЕ  ПАСЯЛЯЮЦЦА  КВЕТКІ
Маім бісерным букетам

Сінія кветкі ў Нямеччыну едуць
Згадкаю бісернай аб Беларусі.
І па драцяна-вузельнаму следу
Кожная піша: "Я больш не вярнуся..."
Нават калі іх сустрэнуць з пашанай,
Не супакояцца перад спакусай,
Каб расчароўваць самім сабе ранак
Думкай, што спалі яны ў Беларусі.

Кветкі ліловыя ў Мінску пакіну
Несамавітым дарункам камусьці.
Тут жа для сталага, мабыць, супыну
Шмат яшчэ рукі мае іх адпусцяць.
Можа, і ў гэтых затужаць пялёсткі,
Па-немаўлячы згадаўшы даткненне
Пальцаў маіх, то лагодных, то шорсткіх...
Што ж...
Яны сталі душы прысвячэннем.

Белыя ж кветкі адзіна расквечу
І ажыўлю ў свеце ціхім, сакральным -
Дзе для мяне ажывалі ўсе рэчы
І абяцалі быць сном незвядальным;
Дзе і мяне ўсё расквечвала мама
Ў недатыкальнай цяплічнай прасторы.
За свае белыя кветкі таксама
Тут буду пэўнай без ценю дакору.


ТАТАВЫ  РУКІ

Зноў стаім, мілы тата, з табой на пероне,
Вецер туліць мяне ўсё бліжэй да цябе.
Не хвалюйся, што мерзнуць мае ўжо далоні,
Не прастыну ў халоднай і едкай журбе.

Вось чуваць, як цярэбяць чыгунку калёсы.
Вечарэе... Цямнеюць упарта нябёсы.

У цягнік я заходжу і з гэтай хвіліны
Мушу сумку цяжкую падцягваць сама.
Ты стаіш прад акенцам з усмешкай нявіннай.
Штосьці кажаш?.. Не чую... Вагон мой - турма.

Неразбітнае шкло раздзяляе нас, тата,
Цябе бачу - абняць не даюць злыя краты.

Раптам пальцам на мутным акне хутка пішаш
"22", пасылаеш пытальны пагляд.
А!.. Ці месца сваё я знайшла?.. Нібы крышыш
Толькі дотыкам, пальцам адным шкляны рад.

І павёз мяне надпіс пытальны, празрысты
На акне пацямнелым, туманным, нячыстым...


  
   
 
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX