Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Іосіф Масян


Аўтар: Масян Іосіф,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Іосіф Масян скончыў Ліпнішскую СШ Іўеўскага раёна, Лідскі індустрыяльны тэхнікум, журфак БДУ (1994 г.). Друкаваўся ў газетах "Звязда", "Чырвоная змена", "Знамя юности", "Ніва", у часопісах "Родная прырода", "Дом і сям'я" і іншых выданнях. Жыве ў Лідзе.


  
  КРАСАЧКІ

Расцвіце ўсход ружавашчокі
І светлы, як дзіцячы сон…
Ды маленькіх ножак крокі
Абудзяць радасна ваш дом.

Іх, родных ясачак, матулі
Напояць ласкі малаком;
Але ж знаходзяцца "зязюлі",
Што немаўля 
                 падкінуць у дзетдом.

Дзяржава іх адзене ды абуе
І ўсё зробіць, 
                  каб быў шчасны лёс.
Толькі хто ж, як мама, 
                                   пашкадуе?!
Сірот не трэба, 
                        як і не трэба слёз.

Ах, красачкі мае вы дарагія!
У падушку выплача боль…
Няхай зязюлі: шэрыя, лясныя -
Вам накуваюць радасці 
                                    пад столь!


ВЯНОК

Душа адкрылася для болю,
Адкрылася сэрца для слёз:
Зноў сніцца мне хутар і поле
У абдымках знаёмых бяроз.

Там, дзе хата, - асот і макрыца;
Ды хтосьці ж бярозкі пасёк…
Адно ноччу завірушнай сніцца
Дзяцінства блакітны вянок!...


НЕМАЎЛЯТКІ

Малюткі мае, немаўляткі -
Сінявокая радасць Зямлі!
Хай жывыя, матулі ды таткі,
Паліваюць пяшчотай душы

Гэта зерне свайго існавання;
Хай блакітныя бачацца сны…
Заслані іх жыццё і каханне
Ад смяротнага вока вайны.

Хай квітнеючы, светлы пачатак
Мае будучы дзень і заўжды:
Беражыце сваіх немаўлятак,
Як, калісьці ж, і нас бераглі.


ТРЫЯЛЕТ

Сэрца маці, як чуйны радар,
Ловіць нашых пакут 
                     адгалоскі…
Хоць далёка ад роднае вёскі -
Сэрца маці, як чуйны радар!
Ды ўзіраецца свет на Ваш боскі
У пяшчотнай адданасці твар.
Сэрца маці, як чуйны радар,
Ловіць нашых пакут адгалоскі.


ТРЫЯЛЕТ

Як вартавы славянскай мовы,
Стаіць Скарына ля касцёла
Ды аглядае свет наўкола -
Як вартавы славянскай мовы.
А побач - ад музычнай школы
Нясуцца ўвысь 
                   рамансаў словы…
Як вартавы славянскай мовы,
Стаіць Скарына ля касцёла.


ТРЫЯЛЕТ

Інтуітыўна, шчыра ды ўсур'ёз
Свет гэты ўспрымаюць дзеці;
Ды, як зоркі, 
                  усміхаюцца планеце:
Інтуітыўна, шчыра ды ўсур'ёз!
Адкіньце жа, дарослыя, 
                    на вецер
Свой жыццёвы вопыт слёз…
Інтуітыўна, шчыра ды ўсур'ёз
Свет гэты ўспрымаюць дзеці.

***

Той жанчынаў дрэнна знае,
Хто хваліць іх 
                    заўжды ва ўсім…
Але ж хто вечна асуджае -
Той іх не ведае зусім.

***

"Адна супраць злыдняў
бярозкай стаю…"
Ларыса Геніюш.

Быў вар'яцкі час тады,
Ды й цяпер хтось ім распяты…
І вось у Зэльве, праз гады,
Стаю ля Геніюшаў хаты.
Спаўна Вам, родная, хапіла
Здзекаў, лагернага жаху.
Якую ж мець патрэбна сілу,
Каб пад прыцэламі, без страху,
Глядзець у вочы сваім катам.
Ды словаў "Споведзі" святой
Не ўтаймавалі партакраты
І не загналі ў статак свой.
Час справядліва рассудзіў,
Хоць вышэйшы суд ёсць - 
                     Божы.
Ён на вякі дабраславіў
Радок бясспрэчны і прыгожы.

***

Матуля! І сэрца цяплом
Сагрэла, як сонейка ўвесну,
Што імкнецца да нашых вакон.
Стала радасна, светла і цесна
Ў чатырох, 
              хоць і ўтульных кутках.
Рвуцца вершы, 
                  як птушкі ў неба…
Гэта ты асвяціла мой шлях -
Ну а большага мне ж і не трэба.

***

Поўныя светлага смутку
І залацістых кастроў,
Асеннія дні так хутка
Згараюць ад ласкі вятроў. 
А тыя скуголяць і свішчуць
У мутнай ад слёз вышыні…
Ды, як буслы над іржышчам,
Асеннія кружацца дні.


ПАЭЗІЯ

Свет не можа сканаць у журбе,
Бо паэзія сэрца жывая!
І, абняўшы рыфмамі цябе,
Да загадкавых зор уздымае.
Мо там, ва ўладанні Пегаса,
З Авэнам пасецца Казярог.
Той карціне пазайздройсціў бы Пікаса,
Каб апынуцца ў тым сузор'і мог.
Ды дзякуй Лідчыны "Суквеццю",
Што пад дахам сваім нас збірае.
І пакуль паэты ёсць на свеце,
Паэзія сэрца - жывая!


Уладзіміру Караткевічу

Хвалі на бераг накоцяцца з плачам,
І возера Свіцязь ахутаў туман…
Тут вы калісьці ўзіраліся ў далеч:
А што бачылі там? 
Можа, скіфаў курган,
Насыпаны імі ў далёкім мінулым;
Ці вояў крыжацкіх убачылі цень?..
Цяпер разумею, як па-мудраму чулым
Сэрцам глядзелі ў будучы дзень
з высі стагоддзяў і, дарэчы,
нам ад гісторыі перадалі ключы.
А хвалі з небам шэпчуцца аб нечым:
Мо, разгадаць іх таямніцу навучы…


Памяці Уладзіміра Высоцкага

Людское мора… Слёзы на вачах…
Ля труны збялелая Марына.
Рыдай, Расія! У апошні шлях
На руках нясеш ты свайго сына.
А ў газетах адно некалькі радкоў
Петытам непрыкметным, бы для смеху.
Нібыта паляванне на ваўкоў
Хтосьці ж перанёс на чалавека.

Ды не звязаць парваную струну
На скрыпцы чалавечага жыцця.
Дарэмна б'ецца Марына аб труну,
Як хвалі ў бераг небыцця…

Над сусветам, над роднай калыскай
Песня праўды гаючай ляціць;
Са шматлікіх касетаў і дыскаў
Непаўторны твой голас гучыць.


"ВАЛЯНЦІНКІ"

То дождж, то мокрыя сняжынкі
Снуюць у коле ліхтароў…
Ды ляцяць па свеце 
                     "валянцінкі":
Іх адрасат адзін - Любоў!
Яна ўвайшла стралой у грудзі
І паланіла сэрцы ўраз…
Праз стагоддзі помняць людзі
Легенды сумнай пераказ
Пра святога Валянціна,
Што дачку каменданта пакахаў
Насуперак законам Рыма -
Які ж яго і пакараў.
Кахання свет яднае пакаленні
І ўлюбёным дае свой прыют.
А што смерць? Адно імгненне,
Як апошні ў жыцці салют.


"ВЯНОК" МАКСІМА

Свет помніць 
                 Багдановіча Максіма
І твой, сэрцам вытканы, 
                     "Вянок".
Ды б не стаў паэтам я, магчыма,
Каб не тваёй паэзіі урок:
Нам пакінуты ў наследдзе
Не на час, а на вякі…
І пакуль паэты ёсць на свеце -
Будуць сэрца радаваць радкі,
Вытканыя ўзорам на абрусе,
Пяром паэзіі высокай.
А васількі на нівах Беларусі
Паэта выглядаюць у аблоках…



    

	
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX