Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Вольга Сідарака


Аўтар: Сідарака Вольга,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Сідарака Вольга Аляксееўна. Нарадзілася 14 студзеня 1987 года ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці. У 1997 годзе з сям'ёй пераехала ў Ліду. Вучылася ў СШ №6 і №14. У 2006 годзе скончыла Лідскі педагагічны каледж. Студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, факультэта псіхалогіі. Жыве ў горадзе Лідзе, выхоўвае маленькага сына.


   
   ПЯШЧОТНАЯ  ЗІМА 

Круціць год-калейдаскоп
Снежаньскія шкельцы.
Ахалоджу шыбай лоб,
Ды сагрэю сэрца:
Там, на вуліцы, мароз,
Лепяць бабу дзеткі…
Ты як з казкі мне прынёс
Веснавыя кветкі.
Кветкам дзівіцца зіма,
Іх красе вільготнай.
І становіцца сама
Ціхай ды пяшчотнай.


ПАЛЁТ

Жыццё падобна на палёт.
Ці згодны вы са мною?
Вясной на дахах тае лёд,
Становіцца вадою.
Сарвецца кропля і ляціць -
Такая трапяткая!
Жыве імгненне, зіхаціць
І на зямлі знікае.
Паветраны ж улетку змей
Танцуе - ў неба рвецца.
Пацягнеш нітачку мацней -
Ён да зямлі прыб'ецца.
А вось кранае лістапад
Галінкі ў пазалоце.
І сочыць задуменны сад
За лісцем у палёце.
І снег амаль спыняе ход
Над самаю зямлёю…
Жыццё падобна на палёт.
Ці згодны вы са мною?


СУСТРЭЧА

Бывае, што кінеш свой позірк няўмысна
На дрэва, якое расце каля дома.
А клён той стаіць, як ваяр - непахісны,
Прыгожы і моцны… Такі незнаёмы!

Ты міма яго яшчэ хлопчыкам бегаў,
Пазней - на спатканні хадзіў каля клёна.
І ён быў то белы ў даспехах са снегу,
То летне-зялёны. Чырвоны шалёна…

І толькі цяпер ты як быццам прачнешся.
Здзіўленне і радасць у гэтай сустрэчы!
З пяшчотай да цёплай кары дакранешся -
І клён адгукнецца, зашэпча аб нечым.


БАЧЫЦЬ  МУЗЫКУ

Акорд - і паветра пачне калыхацца.
Малюнкі праступяць, прастору запоўняць сабой,
Пачнуць у загадкавы, лёгкі арнамент злівацца,
Лунаць, вальсаваць і трымцець над тваёй галавой.
Акорд - і з мелодыі крылаў празрыстых
У сэрца, у душу пылок зіхатлівы ляціць.
І музыкі гукаў - такіх далікатных і чыстых -
Снапок у паветры, як лісце асінак, дрыжыць.


 
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX