Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Алесь Хітрун


Аўтар: Хітрун Алесь,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Алесь Хітрун нарадзіўся 17 жніўня 1982 года ў вёсцы Крупава Лідскага раёна. Скончыў Крупаўскую сярэднюю школу (9 класаў), скончыў Лідскае ПТВ-196 (майстар сельгаспрадпрыемства), музычную школу (клас баяна), завочна - філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяр-жаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (выкладчык беларускай мовы і літаратуры). Працаваў у прыватных фірмах на дрэваапрацоўцы, на будоўлі. Цяпер працуе ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі навуковым супрацоўнікам літаратурнага аддзела. З'яўляецца кіраўніком літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Друкаваўся ў часопісах "Маладосць", "Вожык", "Вясёлка", "Лідскі летапісец", у што-годніку "Галасы", у газетах "ЛіМ", "15 суток", "Гродненская правда", "Маладзёжны кур'ер", "Звязда", "Настаўніцкая газета", "Принеманские вести", "Лідская газета", "Наша слова", у альманасе "Ад Лідскіх муроў". Піша вершы, апавяданні, гумарыстычныя творы, займаецца краязнаўствам, даследуе фальклор.


  
  Я - АЛЕСЬ, Я - ХІТРУН

Я з любімага, роднага поля, 
Дзе жыта ласкава пяе,
Дзе вецер гуляе на волі,
Дзе сонца з-за лесу ўстае.

Я не буду ніколі Купалам,
І Пушкіным мне не быць,
Бо вершы пісаць так удала
Не сумею, 
                мне б колькі ні жыць.

Я, аднак, жыву творча і з Лірай
Дружыць буду як бард, як баюн.
Я жыву недалёка, за Лідай,
Невядомы пакуль вам - 
                          Алесь я, Хітрун.        

						  
БЕЛАРУСІ

Ты - мая зямелька, 
Я - твой каранёк,
У цябе - стагоддзі,
А ў мяне - дзянёк. 

Ты - мая сцяжынка, 
А я - твой слядок.
Ты - агню іскрынка,
А я - як дымок.
  
Ты - мая матуля,
А я - твой сынок,
Да сябе прытуліш - 
Я  твой слых і зрок.
 
Я табой ганаруся,
Бо ты - Беларусь.

МАЁ КРЭДА

І куды б я ні паехаў,
Куды б лёс мяне ні кінуў,
Крыкну - і паўторыць рэха:
"Беларусь я не пакіну!"


У АБАРОНУ МОВЫ

Крыкнуць хочацца: "Даволі
Мову родную таптаць!
Ды няўжо ніхто ніколі 
Не сумее вам сказаць:  
- А навошта так балюча
Зневажаць яе і ганьбіць?
Мова ж песняю гаючай
Ашчаслівіць, не падмане.
Мова - бы вада з крыніцы,
Паспрабуйце прыгубіць,
Ёю можна наталіцца 
І навечна палюбіць".


МАЁЙ МОВЕ

З табою навек заручоны, 
І разам мы церпім нягоды.
Пакуль што я не вучоны,
А ў творчасці - першыя  ўсходы.

Ды веру, што нас не раздымуць
Ні бура, ні гром, ні маланка.
А ўсходы мае ўсё ж уздыме
Твая моц і мая спадзяванка.


КРЫНІЦА ЖЫЦЦЯ
                                        
Маме

Ты не шкадуй, што яшчэ год
Прайшоў, застаўся за плячыма,
Заўжды ты, як з гаючых вод,
Выходзіш кветкаю-жанчынай.

Ты не сумуй, што злёгку скроні
Пафарбаваны сівізной,
Жыццё тваё як на далоні - 
Ў люстэрку памяці жывой.

Нягоды сустракаеш смела,
Адважна крочыш па жыцці,
Рукамі творыш цуды ўмела,
Нам да цябе яшчэ расці.

Як знічка-зорка, сёння дорыш
Сынам цудоўны, добры свет.
Няхай жа сонейка аздобіць
Твой на зямлі нязмыўны след.


СЯБРАМ - ПАЭТАМ

З'явілася на свет былінка,
Кволай нарадзілася,
Злодзей-вецер яе спінку
Гнуў - яна схілілася.
Не хацела жыць малеча,
Чакала ўжо канчыны:
"Каму патрэбная калека?
Прайшлі жыцця хвіліны…"
Раптоўна неяк з-пад зямлі
Былінку штось прыгрэла,
Сябры падтрымку ёй далі,
Яна ж і пакрапчэла.
Набралась моцы - і далоў
Яе той вецер злосны,
І пацякла па жылах кроў,
Сцябельчык стаў той просты.   
Былінка - гэта аўтар верша, 
А вецер злы - няўдача,
А той, 
        хто дапамог мне першым, -
Сябры мае, няйначай.


НАРОДНЫ ДЭПУТАТ 1940 ГОДА

Па вуліцы Ліды,
Раённым абшары
Вясёла, бадзёра
Крочыў сам Купала.

Сакавік. Адліга…
Ступіць немагчыма,
Слыннаму паэту 
Ногі намачыла.

Ад імя рабочых
Сам Таўлай пагэтаму
Паднёс падарунак - 
Галёшы паэту.

Перад людзьмі Ліды, 
Што прыйшлі на стрэчу,
Прамову ў чытальні
Трымаў сам Купала.
І народ адзначыў:
- Няма яму роўных!
Ён абраў Купалу
У Савет Вярхоўны.	


У КОЖНАГА СВАЯ МЭТА

Жыццё не ведае мяжы,
Яно адведзена нам Богам,
Камусьці мёд, каму - ражны,
У кожнага свая дарога.

Пакінуць кожны хоча сам
Пасля сябе сцяжынку,
Піша хтосьці лёсу план,
У іншых усё - малінкай.

Але дарэмна ж усё гэта,
Трэба спадзявацца...
Патрэбна толькі адна мэта: 
Са злыбядой змагацца.


БЯЗДУМЦЫ

Знікаюць звычаі, абрады,
У нябыт адходзяць святы.
Яны іншаму так рады:
Не патрэбны ім парады,
Не трэба ім вясны гуканне,
Песенных вяснянак.
Цягне іх да мацюкання,
Да цыгарэт і п'янак.

****

Хачу я птушкай быць,
Каб узляцець высока,
Вас буду любіць,
Бо дрэнна адзінокаму.


МАЯ МАЛІТВА

Ты прабач мяне, Божа, калі я
Дзесьці дрэннае што і ўчыніў,
Бо гады мае шчэ маладыя,
Ды іх хтосьці на ключ зачыніў.

Дай мне ключ адчыніць тыя дзверы,
Што так моцна трымаюць душу,
Не пашлі мне пакутаў без меры,
Сілы, волю дай, вельмі прашу.

Працягні сваю руку, памілуй,
Не дазволь душы ў бездань ступіць…
Дай магчымасць да самай магілы
Людзям, роднай краіне служыць.

Дай мне, Божа, і сілы, і волю…


БАЦЬКАЎШЧЫНА

Нарадзіўся я ў Беларусі,
Са мной разам - і мова мая,
Я Радзімай сваёй ганаруся,
Бо тут хата мая і сям'я.

Чуцен з поля мне спеў жаўруковы,
Па-над хатаю - клёкат буслоў,
Золкім ранкам - рыканне каровы,
А за вёскаю - гул трактароў.

Наталяўся спаўна сырадоем
І купаўся ў рачулцы Крупкі,
Ды касу кляпаў летняй парою
І п'янеў ад самой асакі.

Сваю маці-Радзіму не кіну,
Бо яна ўзрасціла мяне…
І да самай апошняй хвіліны
Не дам ганьбіць ніколі яе.


ПАРАДА

Той, хто змалку зямлі не любіў,
Каму родная мова абрыдла
І з крыніцы вады не папіў,
Быў нікчэмным, бясклопатным з віду.

Хто ніколі людзей не цаніў, 
Лёгкі хлеб палюбіў ён з укусу,
Шкадаваў свайго поту і сіл - 
Не завецца між нас беларусам.

Трэба быць змагаром за Айчыну,
Палюбіць ўсё жывое вакол,
Не хаваць мазалёў і маршчынаў
І заслужана сесці за стол,

Быць заўжды чулым сэрцам і духам,
Паспрыяць, памагчы без прымусу,
Да зямлі прыкіпець сярпом, плугам - 
Толькі той варты быць беларусам!
       
	   
ПРЫСУШКА

Ты, месячык ясны, на небе нязгасны,
Вы, зоркі-свяцілы, па ўсім небасхіле,
Высокае сонца, у нябёсах аконца - 
Усе сведкі прызнання: маё хай каханне
Пранікне праз дзверцы да твайго сэрца,
Да вуснаў салодкіх, вачэй дрыготкіх,
Пачуццё, як лекі, жыве хай навекі,
Тваё - да мяне, а маё - да цябе.

Хмаркі ў небе, рассцяліцеся,
Зоркі ў высі, запаліцеся,
Месяц ясны, засвяціся,
Хлопец з дзеўкай, ажаніся!

 
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX