Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Ларыса Канчэўская


Аўтар: Канчэўская Ларыса,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Канчэўская Ларыса Георгіеўна. Нарадзілася на в. Сахалін 9 кастрычніка 1946 г. Жыла ў Расіі, у Латвіі. З 1956 г. жыве ў Лідзе. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Была рабочай, лабарантам на заводзе электравырабаў, мастаком-афарміцелем, касірам у банку, малодшым навуковым супрацоўнікам у гарадскім архіве, інструктарам гарвыканкама, інжынерам па эстэтыцы, выкладчыкам у педвучылішчы. Пенсіянерка. Зрэдку друкавалася ў "Лідскай газеце" і газеце "Чистый мир".


  
  ПЕСНІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Ты ясная, уся росная, празрыстая,
Ля хуткіх пераблытаных рачулак
Гайдаеш ціха травы серабрыстыя,
Якім даеш гасцінны свой прытулак.

На золку, расхінуўшы вочы светлыя
Азёраў у пахкай зарасці альховай,
Духмянымі лугамі вабіш ветліва,
Гукаеш прахалодаю баровай.

Ахінутая гонямі, палямі
І паскамі спавіта сінярэчнымі,
Ты шчодрымі пагоркамі-грудзямі
Палеткі поіш сокамі адвечнымі.

Прыгожая мая! Вяснова-юная
І мудрая ў сівізне зімовай -
Спяваеш і вясёлыя, і сумныя
Ты песні на сваёй крынічнай мове.


ЮРАСЬ

Пеўню рана шчэ спяваць…
Цёплы дух з авіна…
Каля студні пастаяць
Выйшаў сын Скарынаў.

Варухнецца сонны птах -
Храп трасе ўсю хату.
Распляскаўся Млечны Шлях
У зорах-заранятах.

Чуе хлопец нібы звон,
Добрыя панове,
Божа Слова бачыць ён
Ды на роднай мове!

І ад тых сівых дымоў
У Полацку зімовым
Да краін чужых дайшоў
У сэрцы з гэтым словам.

З хлопца сціплага таго
Навуковец стане.
І дзівіліся з яго
Ведаў італьяне.

Не пашаны ён збіраў
У тым краі далёкім,
А раменьчык завязаў
На чале высокім,

І пачаў перш друкаваць
Не свае трактаты -
Закон Божы, каб чытаць
У беларускай хаце.

Справу, што для нас зрабіў,
Толькі Богу змерыць!
Усім лёсам ён злучыў
Нашу мову з верай.

***

Хадземце ноччу ў лес
Да казачных здарэнняў,
Нябёсных зорных крэс,
Юнацкіх летуценняў!

Спяшайцеся! Хутчэй!!
Да досвітку нам трэба
Пералічыць яшчэ
Ўсе дыяменты неба.

Альховы водар нас
Ахутае бы воблак
У пачувальны час,
Калі палае золак.

А птушкі, даўшы ўступ
Спачатку нерашуча,
Ужо потым запяюць
Празрыста і гаюча.

І раптам - як штодзень -
Павольна, урачыста
Свяціла ўзыдзе
Над ранкам гэтым чыстым!

І родная зямля,
І гэты свет чароўны
Ствараюць спакваля
Суладдзе ў нас цудоўна.

Хадземце ў лес!! Хутчэй!!!


СПАТКАННЕ

І 
Яна здалёк яго самоту адчувала…
Абодва зведаўшы душэўнае пустэчы,
Імчаць дзве знічкі ад касмічнае навалы.
Падзяка лёсу за імгненную сустрэчу!

ІІ 
І даўшы знакі моўленнем адвечным
(Яшчэ ляцець у Сусвет да розных берагоў),
У абліччы надзвычайна чалавечым
Ледзь затрымаліся сярод зямных снягоў.

ІІІ 
Яна пацалавала яго ў радзіму, у скронь.
З пяшчотай подыхам ён грэў яе далонь.


БЕЛАСЛУПКІ

І
Віхура хістае самотную чарацінку
На тле снегавой прасторы й барвянага неба…
Адбываецца злучэнне беларускай імшарыны
З мінімалісцкай выразнасццю японскага мастацтва.

ІІ
Рукі дрэваў такія моцныя,
Што яны намагаюцца дзеля людзей
Утрымаць цяжкі восеньскі небасхіл
І ўпрыгожыць вясновы свет.

ІІІ
З маленства любіла я
Маю знаёмую блакітную зорку,
Нават калі і не чула
Ні пра мову, ні пра чалавека,
Якія апелі яе.

ІV
Яна да зморы скардзілася Богу
На сваё жыццё
І абражалася, што Ён не чуе яе,
Не будучы ўдзячнай за тое, што
Скончыўся няспынны дождж,
Завітала суседка з пачастункамі,
Што ласкава завіхаецца котачка каля спадніцы
І, наогул, яна сама бачыць, чуе, гаворыць, ходзіць
І робіць розную працу.

V
Пад цяністым палогам
Старога дрымотнага дуба на строме Нёмана
Мы з сястрой пячом у цяпельцы рыбу.
Сонейка зіхаціць на роўнядзі ракі,
І чуецца мармытанне струменьчыкаў…
Шчасце…

VI
Усё чакаю і чакаю цябе,
Не ведаю, колькі год…
Мусіць, ужо не адно жыццё.
Прыходзілі… Але гэта ўсё не ты.
Напэўна, таксама недзе сумуеш.
Пачакайма.
 
   
   
 
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX